У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Полная версия

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Язык: Русский
Год издания: 2026
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
5 из 9

Дом пані шамбелянавай Сулістроўскай меў два моцныя магніты, першым была дваццацігадовая дачка Цэліна, старанна выхаваная настаўніцай-англічанкай, сама нешматслоўная і халодная, быццам радавітая англічанка. Другім магнітам, бадай яшчэ больш прывабным, была вельмі гаваркая, вясёлая і ўсё яшчэ прыгожая маладая маці, з белымі рукамі, ружовымі далонямі і задраным носікам. Яна так песціла свайго маленькага сынка, што ён пачынаў дрэнна сябе паводзіць, і тады яго хітрыкамі адводзілі да пана дэ Нэве.

Людзі, якія наведвалі дамініканскі касцёл, на першай лаве справа, бачылі даму сталага веку з суворым рымскім профілем, ганарлівую нават перад алтаром. Яна трохі нагадвала чалавека з Евангелля, які маліўся адначасова з пакорлівым мытнікам — гэта была Ганна Любаньская з князёў Радзівілаў. Пакінуўшы мужа, пасялілася ў Вільні, але грамадскім жыццём не жыла. Вельмі начытаная і нават вучоная (казалі, што ведала лаціну і грэцкую мову), занурылася ў кнігі, і яе бачылі толькі ў касцёле. Аднак была яна больш дзявоткай, чым па-сапраўднаму пабожным чалавекам і заўсёды трошкі дзівачкай. Неяк, калі яе малітва не дала плёну, выправіла святыя абразы на пакуты з пакояў у сені, што нагадвае мне, як адна з цётак майго бацькі, маці Раймунда Корсака, калі безвынікова прасіла аб надвор'і, а дождж не спыняўся, вынесла ўсе абразы на ганак, са словамі: «Мокніце, рыбанькі, паглядзіце, як гэта міла».

Вернемся да пані Любаньскай ці княгіні, як яна дазваляла, а не загадвала называць сябе сваім слугам, быццам разам з замуствам не страціла свайго родавага тытулу. Яна заўсёды па-чарзе на каго-небудзь мусіла злавацца, без дай прычыны адварочвалася пры сустрэчы, каб пазней таксама без прычыны мілаваць. І адно, і другое доўжылася цэлы год. Але калі хацела, магла быць прыемнай, запрашала да сябе, раскладвала тэчкі з прыгожымі гравюрамі, і размовы яе былі заўсёды карыснымі для моладзі, для дзяцей, бо апавядала яна пра свае падарожжы.

Дом маршалка Міхала Ромера спалучаў у сабе два элементы: салонны і ўніверсітэцкі, а месца, дзе ён стаяў, нагадвала вясковае асяроддзе — знаходзілася далёка ад галоўных вуліц у глыбіні вялікага двара з садам, які спускаўся да Віленкі, з відам на самую маляўнічую частку горада — Саф'янікі. За брамай сядзібы ўсё нагадвала жытло сямейнага чалавека. Узімку — снежныя траншэі дзе бавіліся студэнты, летам — гульня ў мяч і бег навыперадкі, на ўваходзе вас заўсёды шумна сустракалі Севярын і Міхась, малодшыя сыны Ромераў з сябрамі і сваякамі Эйтмінам, Сянкевічам, Тадзем Пузыням, а часам і з кузынкамі. Апранутыя ў курткі, яны скакалі вакол госця, а стары слуга дакладваў пра яго гаспадарам. У старасвецкіх шыкоўных пакоях заўсёды можна было ўбачыць гаспадыню, якая грала ў мар'яж з сяброўкай дома паннай Ратафт, ці адну сам-насам з кнігай. Пані Ромерава з роду Рахель дэ Рэс, мела сур'ёзны твар, а высока сабраныя ў грэбень валасы рабілі яе падобную да іспанскай матроны. Згодна са старасвецкім звычаем, яна выпрастаная сядзела на крэсле, пакінуўшы маладым канапу з падушкамі. Рашучасць, бачная на яе непрыгожым, але высакародным твары, без слоў адбівала ахвоту ад марнай ветлівасці. Разам з упэўненым і змрочным позіркам у гэтай жанчыне ўсё нібыта казала: «Я шмат цярпела, шмат даравала, але ўсё памятаю і чакаю суцяшэння не ад людзей, а ад Бога». З першага позірку пазнаеш у ёй анёла-ахоўніка сям'і, жрыцу дамашняга агменю, матрону, пра якіх пішуць у кнігах, але якіх ужо не сустрэнеш у жыцці, жонку і маці, якіх не стае сёння, адным словам — сапраўдную хрысціянку, якіх мала.

Пан маршалак быў, нібы з іншага свету, галант і нават у свой час баламут, меў ключы ад усіх сэрцаў, але ў мой час ператварыўся ўжо ў старога са слыхавой трубой (зусім ужо страціў слых), рысамі нагадваў Аляксандра І, і з яго лагоднага твару не сыходзіла гулліва-дасціпная ўсмешка. Ён быў даўнім сябрам майго бацькі. Яны выбухалі пустым смехам, калі расказвалі вясёлыя гісторыя з маладосці, а часам (калі не было чужых), на заклад нават дэманстравалі танцы сваёй маладосці… гледзячы на гэта, новае пакаленне казала, што старэйшыя людзі былі больш шчаслівыя, чым мы. І ўсё ж моладзь майго часу была вельмі вясёлая, і завадатарам весялосці заўсёды быў адзін з сыноў маршалка Ромера, тварам падобны да маці, а весялосцю да бацькі, ростам ён перасягнуў і бацькоў, і сваякоў, і ўсіх калег. І калі яго старэйшы брат Генрык, прыгожы як бацька і павольны як маці, прысвячаў любімай віяланчэлі гадзіны вольныя ад навукі, дык малодшы Эдвард і добра вучыўся, і прыгожа маляваў, але і неверагодна сваволіў, для чаго яму добра прыдаваўся высокі рост. Не аднойчы, захутаўшыся ў плашч, ён у прыцемках выходзіў у горад і з карліка паступова рос, рос, рос… і калі нарэшце падымаўся на дыбачкі і пры гэтым яшчэ кіем прыўздымаў капялюш, то і жаўнеры на варце, і яўрэі ў варотах, і вулічныя мінакі, усе камянелі ад жаху. Штодзень ён вырабляў усё новыя штукі, якія толькі можа выдумаць малады розум, а маладыя рукі выканаць. І да сённяшняга дня ў Вільні гавораць пра славутую прыгоду генерала Бушуева, над галавой якога (калі ішоў згорблены па бульварах) толькі крануўшыся эпалетаў, праляцеў нехта і як метэор знік у натоўпе, так, што ніхто не здолеў яго не толькі злавіць, але і ўбачыць.

Пры чатырох братах была і адна сястра Анетка, у якой сканцэнтраваліся ўся весялосць і досціп бацькі, музыкальнасць Генрыка, фіглярнаць Эдварда, сямейныя цноты маці. Побач з гэтай разумнай галавой, свяціліся і некалькі галоў прыгожых кузынак Белазаровіч, чые цёмна-блакітныя вочы з аксамітнымі брывамі і прыгожымі вейкамі, распальвалі немалое вогнішча ў сэрцах тагачасных маладзёнаў. Цягам некалькіх гадоў штукар Эдвард выдаў замуж дзвюх з гэтага гнязда.

Свавольствы Эдварда бывалі вельмі артыстычнымі, напрыклад ён маляваў карыкатуры на прафесараў універсітэта з подпісамі:

Гэта пан Малеўскі, які з жалем вымае кашалёк. Гэта пан Франк, які любіць кранк, кранк (krank. ням., хвароба Л. Л.). Гэта пан Гродэк, стварэнне прыроды. Пан прафесар Рэшка жыве ўнізе без спешкі Гэта пан Снядэцкі, непрыяцель нямецкі. Гэта пан Рустэм, які малюе з густам.

Адмыслова пакідаю на заканчэнне дом Юзафа і Дароты Лапацінскіх, самы адкрыты з усіх дамоў, узімку і ўлетку, у горадзе і на вёсцы, за Дзвіной і пад Вільняй. Яны былі пабожнай, гарманічнай і закаханай парай, хоць мелі розны рост і характар. Ён вельмі прыгожы, худы, лысы, з вялікім носам і з вострай, крыху загнутай барадой, сур'ёзны і далікатны. Яна непрыгожая, каржакаватая, у воспінах, але настолькі вясёлая, што зрабіла сваё жыццё вечным карнавалам! І жыла так, як ніхто ў тагачаснай Вільні больш не жыў. Гэта быў самаходны часопіс мод, які выходзіў не штотыдзень, а штодня, бо яе ніколі не бачылі двойчы ў адным і тым жа капелюшы ці сукенцы. А паколькі яна любіла яркія колеры і незвычайныя фасоны, то адзін раз надзетая сукенка, калі яе бачылі на гэтай тоўстай фігуры, хутка збывалася праз слуг і фактараў. Яе маланошаныя і прыгожыя рэчы куплялі адразу. І таму нам выпадкова даводзілася бачыць пэўныя рэчы пані Лапацінскай на іншых дамах. Напрыклад, мы бачылі сапфіравую сукенку, вышытую на гусарскі ўзор жоўтымі шнурамі, спачатку на пані Лапацінскай, а праз тыдзень на жонцы губернатара Горн. Гэта схільнасць пані Лапацінскай, напэўна, была ў крыві, бо перажыла яна не толькі ўласныя няшчасці — сіроцтва, удаўства і самоту пасля смерці любімых дачок, але і нягоды краю. І ўзяла гэта не ад сваёй маці, якая была з дома Шадурскіх (з сям'і ціхіх і скрытных жанчын), а ад бацькі, генерала Марыконі, які ўжо, быўшы на ложку смерці, загадаў вышыць сабе новы каўнер для мундзіра на шлюб дачкі і цешыўся яго элегантнасцю.

Прыёмы, якія ладзілі Лапацінскія, адрозніваліся ад іншых, яны поўніліся хараством і пышнасцю: эфектныя для вока стравы, мельшпейсы (дэсерт з мукі, малака, жаўтка, цукру і розных дадаткаў, нагадвае французскае суфле — Л. Л.), марозіва ў выглядзе кавуноў, супы ў срэбных місах, асобных для кожнага госця і г. д., але стол быў звычайным і заставаўся такім да 1840 г., покуль аўдавелая ўжо пані не наведала Францыю, дзе, пакаштаваўшы французскія далікатэсы, прывезла з сабой французскага кухара, некалькі севрскіх сервізаў і ўзняла свой дом да ўзроўню тамтэйшай элегантнасці і пыхі, але з 1823 г. па 1840 г. прыёмы заканчваліся цукеркамі з вершамі яе мужа і білетамі ў рыфмаваным стылі, якія запрашалі на баль.

Самым пышным быў баль, дадзены ў 1823 г. у дзень св. Канстанцыі ў гонар генералавай Марыконі, якая стала на ногі пасля цяжкай хваробы. Гэта быў касцюміраваны баль, ад якога нямногім удалося адкруціцца. Бо павінны былі прысутнічаць нават самыя старыя мужчыны ў шырокіх чорных шаўковых даміно з тарчамі на левым плячы з напісанымі на іх словамі: «Пашана маці — пашана гасцям». Сам гаспадар з братам яго цешчы, Янам Шадурскім, сустракалі гасцей на парозе залы, якая з кожнай хвілінай напаўнялася прадстаўнікамі розных народаў, у маляўнічых строях яны раіліся як бразільскія матылі ў прамянях сонца. У глыбіні пакоя, сярод сур'ёзных жанчын у строях XVI ст., сядзела бледная і расчуленая віноўніца свята, асветленая водбліскамі агульнай весялосці, і калі ўсе ўжо сабраліся, натоўп паўколам разышоўся, і ўдалечыні з'явіўся сплецены з яшчэ свежых кветак сімвал віноўніцы свята, які трымалі дзве ўнучкі васьмі і шасці гадоў разам з іх кузынкай Масяй Шадурскай. Гэты сімвал рушыў у такт танца да ног бабулі, пасля чаго яна пацалавала і дабраславіла ўкленчаных унучак. Потым ад хору спевакоў, якія выгуквалі строфы ў гонар віноўніцы свята, напісаныя яе зяцем, праз усе пакоі доўгай змяёй распачаўся паланез, з маці на чале, вёўся ён з поўным усведамленнем старога танца, пра які сённяшняе пакаленне ўжо і не ведае.


Лета ў Дабраўлянах запомнілася знаходжаннем тут дзядзькі Рудольфа з жонкай. Другая падзея — закладка і асвячэнне вуглавога каменя ў палацы, які пачалі аднаўляць. Каб зрабіць навамодны плоскі гмах, частку старога мура пазбівалі. Зранку нас выклікалі да таты ў канцылярыю і загадалі ўнізе падпісаць дакумент, падрыхтаваны ў памяць аб пачатку працы, і гэтую паперу, укладзеную ў бутэльку і залітую смалой, закапалі каля закладнога каменя. Кожны з нас паклаў вапну на асвечаны камень, і кельма была цяжкай для васьмігадовай рукі. У намётах падалі абед для будаўнікоў мурмайстра Барэці.

З дня закладкі вуглавога каменя самым прыемным месцам для прагулак стала будоўля палаца.

Увосень адбылося вяселле адной з дачок пана Казіміра Сулістроўскага, якая жыла ў Варнянах у свайго дзядзькі Абрамовіча, але вяселле ладзілі ў Чурлёне, пад вокам іх бабулі, пані літоўскай пісаравай. З дзвюх сясцёр, Антаніны і Канстанцыі, малодшая першай стала да алтара з панам Аляксандрам Скірмунтам58 з Пінскага павета, пазнейшым заснавальнікам шматлікіх і карысных для краю фабрык. У той час яшчэ вельмі малады, ён і ў выбары падарункаў для нарачонай праявіў свой практычны склад розуму, бо падараваў ёй гадзіннік і дадаў да яго ўпрыгожванні ў выглядзе сельскагаспадарчых і рамесных прылад. З ад'ездам разам са старэйшай сястрой прыгожай Кастусі59, у Варнянах на нейкі час сціхла весялосць, але гэты маёнтак умела абыходзіўся без забаў, спалучаючы практычнасць з аздобай, і як новыя сады адначасова маюць гатунковыя і звычайныя дрэвы, так і прыклад Варнян выхоўваў добры густ у суседзяў і паляпшаў суседнія вёскі. Шчодра адораны Богам дзедзіч Варнянаў Мікалай Абрамовіч зарана пачаў жыць самастойна, бо вельмі рана ажаніўся з добра старэйшай за яго жанчынай, і ў тым узросце, калі іншыя думаюць толькі пра забавы, ён стаў ужо сталым чалавекам. Усе яго думкі ўсцяж былі пра справы. Яго добры густ і практычнасць, непадзельныя паміж сабой, заўсёды стваралі прыгожыя і карысныя рэчы: з балот паўставалі чыстыя ставы, у якіх адлюстроўваліся дрэвы і кветкі парку, вада круціла колы млыноў і тартакоў, у ставах вялася рыба, а на паверхні плавалі лебедзі, на востраве буялі элегантныя зарасці з сярэднявечнай вежай і жалезным мастком да яе. Мураваны касцёл глядзеў у вокны двухпавярховага драўлянага палаца, а дамы рамеснікаў з садамі, стваралі рэгулярную вуліцу, якая злучала сядзібу з касцёлам. У абодвух канцах мястэчка стаялі мураваныя корчмы, а роўна высаджаныя алеі мелі круглыя пляцы з крыжамі і каменнымі лавамі ў месцах, дзе ад іх адыходзілі дарогі.

Дзень св. Эміліі, імяніны, заўсёды акружанай ласкай жонкі, штогод пышна адзначалі, збіраліся ўсе навакольныя суседзі, віленскія музыкі, і заўсёды меўся сюрпрыз, які злучаў двор з вёскай — адбывалася сялянскае вяселле, і гаспадыня надавала шчодры пасаг самай беднай і сумленнай пары, альбо святкавалі дажынкі на ілюмінаваным востраве з танцамі сялян і гасцей. Свята ў Варнянах звычайна доўжылася некалькі дзён, пачыналася ад св. Пятра і працягвалася за два дні да св. Эміліі. Нікога не адпускалі на наступны дзень пасля імянін, бо святкавалі яшчэ і імяніны сяброўкі гаспадыні, графіні Мастоўскай з Царклішак, апошняй з Сякержыцкіх, якая з лепшых часоў, з маладосці, была знаёмая з гаспадыняй дома. Яны вельмі любілі адна адну, прынамсі гучна і публічна дэманстравалі гэта праз абдымкі, пяшчоту і мілыя словы, што было адной з характэрных рыс іх эпохі. Аднак ні адна з іх не хацела лічыцца старэйшай і пры тым не жадала пакрыўдзіць сяброўку. З вуснаў абедзвюх па чарзе ліліся ласкавыя словы: «Ma fille, ma mere, mon enfant, mon amie» (фр. «Мая дачушка, мая маці, маё дзіця, мой сябар». — Л. Л.) і не толькі пры прывітанні, разам з «Добры дзень», ці на развітанне, разам з «Дабранач», але і штогадзінна, штохвілінна, пры кожнай акалічнасці і дробязі. Абедзве ў свой час былі красунямі, і абедзве адмовіліся ад сучаснасці, але не ад успамінаў пра мінулае і рабілі ласку адна адной, згадваючы тыя «шчаслівыя часы», як у вядомай песні «De madame et monsieur Denes», бясконца паўтараючы: «C’etat en 1700. Sounenez vous en» (фр. «Пані і пан Дзяніс», «Гэта было ў 1700, ці памятаеце?» — Л. Л.). А трэба ведаць, што пані Эмілія неяк спявала песню, якую для яе склаў сам князь Юзаф Панятоўскі, пачыналася яна словамі: «Lise, entendstu l’orage?» (фр. «Ліза, ці бачыш навальніцу?». — Л. Л.)

Пані Мастоўская калісьці слаўна танчыла le pas turc (фр. Турэцкі танец, папулярны ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. — Л.Л.), і аніводныя імяніны на св. Эмілію ці імправізаваныя святы на св. Даніцэлю не абыходзіліся без канцэрта і балета. Бо сяброўкі, аднойчы патрапіўшы на сцежку ўспамінаў, угаворвалі адна адну танцаваць і спяваць — гэта і адбывалася пасля доўгіх карагодаў і працяглых літаній «Ma fille, ma mеre, mon enfant, mon amie» і г. д. Пані Мастоўская, седзячы на ножцы ў глыбокай канапе і мружачы вочы, слухала спевы сяброўкі, а калі надыходзіла яе чарга саліраваць, другая глядзела на яе ў залатую ларнетку, што вісела на залатым ланцужку.

Худы і не надта прыгожы пан Абрамовіч, меў амаль што жаночы твар з дробнымі рысамі і саркастычным выразам. Ён быў настолькі чынны, што нават прыкаваны да ложка хваробай, каб не лайдачыць, вышываў канву пантофляў сваёй жонкі ці як сапраўдны рымар шыў карабы. Прыгожымі былі і яго кошыкі, якія плёў з тонкай ляшчыны. Таму спалучаў у сабе як жаночыя, так і мужчынскія якасці і заганы.

Да вобразаў той эпохі таксама належаць мядзведзі са Смаргоні і браты-квестары — бернардыны з авечкамі. Два даўно зніклыя тыпы, бо хоць мядзведзі яшчэ ходзяць і танчаць па сядзібах, але ўжо не нашы, не з літоўскіх лясоў, не смаргонскія выхаванцы, а прыблуды, прыхадні з далёкай Расіі. Смаргонская мядзведжая акадэмія60 была закрыта раней за Віленскі ўніверсітэт з-за нейкага няшчасця, калі, вырваўшыся ад «прафесараў», «студэнт» у нейкім маёнтку ўчыніў свавольства. Але ў часы майго дзяцінства, яны былі жаданымі гасцямі дзяцей і прыслугі, на дзядзінцах збіралі натоўпы цікаўных і тых, хто падглядваў з-за рога. Убачыўшы гэта, пан Караль Чапскі некалі параіў выкарыстоўваць такія прадстаўленні для перапісу дваровай чэлядзі, бо аніяк па-іншаму зрабіць гэта было немагчыма.

Браты-квестары, як найменей раз на год, з'яўляліся ў кожнай сядзібе з вялікім статкам авечак, цалкам як апісаў іх Ходзька у сваіх «Успамінах квестара»61. Некаторыя з іх адрозніваліся дасціпнасцю і сваволяй. Адзін з іх, памятаю, пакорліва прасіў бацьку напоўніць яго дарожную біклажку гарэлкай, і калі яго паслалі да пісара, той, напалоханы прыбег з пытаннем: «Няўжо пан сапраўды такі шчодры?», бо біклажка выявілася бутэлькай на некалькі гарнцаў ці медным збанам (гарнец роўны 3,28 літра — Л. Л.).

Касацыя кляштараў у 1844 г. спыніла вандроўкі бернардынаў, аднак пасля гэтага яны з'явіліся пры дварах у Львове, але пасля 1851 г. зніклі і там.

1824 год

Калі на зіму мы пераехалі ў Вільню, сцены дома Самсона абудзілі ў маёй маці ўспаміны з часоў, калі яна была паннай, і разам з бацькамі, братамі і сястрой жыла ў гэтым самым доме. Тады ўсю зіму яна грала ў аматарскім тэатры французскія п'есы моднага на той час аўтара Пікарды. Гэты тэатр супернічаў з тэатрам у доме губернатара Бенігсена, дзе прымай была прыгожая графіня дэ Шуазель з дому Патоцкіх, першая жонка нашага дзядзькі, якая ў той час ужо думала пра развод і, зрабіўшы гэта, выйшла замуж за Бахмеццева. Да гэтай дамы заляцалася шмат мужчын, і згадкі пра яе і тую віленскую зіму ёсць ва ўспамінах Франка, таксама аднаго з яе заўзятых прыхільнікаў. Мусіла гэта быць вельмі даўно, бо мы ведалі ўжо яе дачку, прыгожую пані Кудашаву, якая вылучалася сваімі попельна-белымі валасамі.

Дом Самсона пакінуў самыя лепшыя ўражанні.

Столькі было сказана пра дамы сяброў, з якіх сорак гадоў складалася віленскае таварыства, і як тады прамаўчаць пра наш уласны? Ён вызначаўся не столькі колькасцю, колькі выбарам асоб, якія яго наведвалі, і тым духам, магчыма ў пэўным сэнсе квакерскім, які ўплываў на ўсё наша жыццё, бо заўсёды мы былі з бацькамі, бавіліся ў іх прысутнасці, удзельнічалі ў агульных размовах, маглі слухаць іх і пры гэтым не засмечваць свае думкі непатрэбнай інфармацыяй, якая магла б паскорыць сталенне нашага розуму, і тады нашы сэрцы ачахлі б раней часу. У наш дом прыходзілі добрыя і правераныя сябры нашых бацькоў і толькі выхаваная моладзь. З паненак у нас бывалі толькі кузынкі Вайнілавічоўны, сёстры Лапацінскія, Аліна Жабянка, Мася Шадурская (потым, Гілхен). Вучоба ўдзень і вячэрняе рукадзелле за столікам пад наглядам нашай маці, калі мы гадзінамі слухалі прыгожае і галоснае чытанне графа Канстанціна Плятэра, аднаго з сямі братоў, які як кавалер на службе дам, цягам 26 гадоў ездзіў з дома ў дом у сваім маленькім двухконным кочы — туды ён быў запрошаны на абед, сюды на гарбату і заўсёды з кнігай, як стары з евангелічкай (як яго злосна называлі слугі ў пярэднім пакоі). За сяброўства і гасціннасць ён плаціў непараўнальным талентам чытання ўголас, які прысвячаў выключна служэнню іншым, бо, хоць і меў велізарную колькасць кніг, сам іх ніколі не чытаў і нават не разразаў старонкі, даручаючы гэтую працу тым, каму яна была цікавай. Узімку 1824 года яго «евангелічкай» былі два томікі, абкладзеныя ружовай паперай — першыя вершы Міцкевіча, якія з'яўляліся тады папулярнай навінкай з-за іх незвычайнай прыгажосці. Вершы Міцкевіча («Powrót Taty», «Kurhanek Maryli», «Pan Twardowski», «Pierwiosnek» і г. д.) чыталіся ў нашай гасцёўні амаль кожны вечар і заўсёды ўспрымаліся ўсё з той жа з цікавасцю і пяшчотай.

Граф Канстанцін Плятэр, у той час чалавек не першай маладосці, з непрывабным тварам (як і амаль што ўсе Плятэры) — з шырокім носам і без зубоў з маладосці, тым не менш, быў салонным матыльком ці хацеў, каб яго за такога ўважалі. Нягледзячы на падагру, да сівізны быў нястомным танцорам, хадзіў сагнуты, сціскаў рукі паннам і пані, пяшчотна глядзеў ім у вочы сваімі пукатымі вачамі поўнымі слёз. Казалі, што ён таемна ажаніўся, але не прызнаецца ў гэтым і, каб прымусіць замаўчаць тых, хто распаўсюджваў гэтую чутку, праводзіў да шлюбу ўсіх паннаў у Літве, Інфлянтах, Белай Русі і, нават у Варшаве. Канфідэнт усіх няшчасных, ён пашыраў свае паслугі і прыхільнасці да прыгожай паловы, часам нават па-за межамі салонаў і, карыстаючыся яго слабасцямі, кожны раз, калі ён прыязджаў праверыць рахункі камісара староства Даўгелішкі ў Свенцяніскм павеце (якім кіраваў аднаасобна, ад імя сваіх шасці жанатых братоў), пані камісарава адразу ж клалася ў ложак, і граф, каб не засмуціць жонку, шкадаваў яе мужа і замест працы з рахункамі, прыносіў хворай жанчыне лекі а ўвечары чытаў ёй раманы і вершы.

Такім быў граф Канстанцін Плятэр, якога любіла ўся Вільня. Найлепшы, сардэчны сябар, чуйны чалавек, які ніколі не меў ані гроша, аднак заўсёды першым рабіў дабрачынныя ахвяраванні, наш госць, любімы і ў горадзе, і на вёсцы, заўсёды аднолькава ветлівы, майстар каламбураў (якія яму часам нядрэнна ўдаваліся), заўсёды ў фраку, белым гальштуку і ў пальчатках. Такім жа ён ляжаў у сваёй труне ў 1849 г., гэты апошні тып старых кавалераў XVIII ст.

Іншымі наведвальнікамі былі браты Чапскія, Станіслаў і Караль62, асабліва Караль — цікавая асоба, чые камічныя і бяскрыўдныя для бліжняга гісторыі, ці хутчэй імправізацыі ў стылі «Пане Каханку», ажыўлялі самых сур'ёзных людзей. Не буду зараз паўтараць яго анекдоты і жарты, бо яны апісаны ў маіх «Малых і праўдзівых апавяданнях» («Małych a prawdziwych opowiadaniach») і ў «Адной з даўніх постацей Вільні» («Jedna z dawnych postaci Wilna»).

Пан Аўгуст Бжастоўскі і пан Валенты Брахоцкі63 заўсёды мелі што расказаць пра Напалеона, бо не так ужо і даўно быў 1812 г., і смерць выгнанніка на выспу Святой Алены будзіла новыя ўспаміны пра тую цікавую эпоху. Некаторыя з гэтых гісторый засталіся ў маёй памяці, і, падобна, іх няма ні ў адным са шматлікіх мемуараў пра Напалеона. Запішу іх тут.

Калі Напалеон у 1812 г. увайшоў на нашы землі, ён загадаў папаўняць харчовыя запасы і дастаўляць жывёлу для арміі, але не ўсюды загад выконваўся з аднолькавай ахвотай. Французскі генерал, пасланы ў Глыбокае Дзісненскага павета, дакараў грамадзян за абыякавасць да Вялікага Правадыра, а значыць і да сваёй уласнай справы. Але казаў гэта натоўпу, які ані слова не разумеў па-французску, а перакладчыкам яму абралі графа Аўгуста Бжастоўскага, якому дасталася цяжкая роля, бо на чале шляхты стаяў энергічны хітрун, які, не шкадуючы красамоўства, і ў адказ генералу, як градам, сыпаў выразамі праз д…, праз к… і праз с…, накіраваных супраць Вялікай арміі і яе шэфа. Але гэтыя словы, як гарох ад сцяны, адбіваліся ад вушэй француза пры тым, што праз кожныя некалькі слоў ён звяртаўся да графа Бжастоўскага з пытаннем: «Qu’estce qu’il dit?» (фр. «Што ён кажа». — Л. Л.). Граф з тактам добра выхаванага чалавека і з уласцівым яму флегматызмам, надаваў зусім іншы сэнс гэтым словам і казаў пра «руплівасць… запал» і г. д. Па лагодным тоне перакладчыка зацяты шляхціц здагадваўся, што граф палітыкуе. «Мне здаецца», — закрычаў ён, яшчэ больш злосна — «Што вы, граф, шкадуеце гэтага…» (і тут зноў з яго паляцелі прыдомкі на к… і на д…), а калі ў справу ўмяшаліся яго сціснутыя кулакі пад носам у француза, генерал нарэшце зразумеў прамову раз'юшанага чалавека і пачырванеў. Тады граф Бжастоўскі, які абяцаў ад павета даць сухары, валоў і любоў да французаў, раптоўна закрыў сход. Усе разышліся, граф таксама ўжо збіраўся сысці, калі генерал, спыніў яго, працягнуў руку і сказаў па-польску: «Дзякую табе, пане граф, твая далікатнасць выратавала і шляхціца, і мяне. Адзіным паратункам было ўдаваць з сябе француза, які не разумее сэнсу вашых слоў, інакш, я б не меў права яму дараваць. Ваш высакародны ўчынак, граф, заслугоўвае даверу з майго боку, але прашу захаваць нашу размову ў таямніцы». Дамову граф выконваў, пакуль генерал заставаўся ў павеце. Потым даведаліся, што француз нейкі час жыў у Варшаве і закахаўся там у жанчыну, з якой не мог размаўляць праз перакладчыка.

У іншым месцы той жа генерал сутыкнуўся са сцэнай іншага характару. І зноў шляхціц з добрай воляй і добразычліва тлумачыў, што валоў ужо не засталося і ахвяраваўся даць «deux madames boeufs» за аднаго «boeuf», гэта так кранула француза, што ён закрычаў: «Non! un boeuf, une madame boeuf» (фр. «Дзве мадам-валы» (дзве каровы) за аднаго вала», «Не! Адзін вол за адну карову!»Л. Л.).

Ёсць і трэці анекдот, магчыма, лепшы за першыя два, у якім у Глыбокім фігуруе сам Напалеон разам з абатам кармелітаў. Сцэна характэрная для іх абодвух, сцэна, якой, ці ў нечым падобнай да яе, няма ані ў адным з мемуараў Напалеона, сцэна да якой аднак не хоча дакранацца пяро жанчыны… Пакінем тады яе за фіранкай намёта, у якім Напалеон адбывае «днёўку», а перад намётам стаіць правінцыял кармелітаў, і сэрца яго б'ецца ад радасці, бо нарэшце ён убачыць Вялікага Чалавека!


У 1824 годзе ў віленскім калейдаскопе з'явілася некалькі блёстак, якія значна пашырылі яго далягляды. Адным з самых яркіх быў граф Ільінскі64, багач, сенатар і фанатык, вядомы ўсяму краю і асабліва на Валыні вялікімі дзівацтвамі, бо сваё немалое багацце і папулярнасць выкарыстоўваў на ўласныя фантазіі. Ільінскі ў дзень самай святой для хрысціян падзеі, якая штогод святкуецца ў касцёлах праз спевы, пакаянне і роздумы ў памяць аб пакутах Збаўцы, зладзіў тэатральную драму і ўкрыжаваў (але не да смерці) жывога чалавека, а жывых дзяцей падвесіў як анёлкаў у паветры сярод лямп, каб прадставіць разам неба і зямлю ў гэтай жывой карціне, якая паўтаралася штогод на Вялікдзень з удзелам жанчын, жаўнераў, народу і г. д. Падобна, сам ён граў ролю Сымона з Кірэны (чалавек, якога рымляне прымусілі несці крыж Хрыста перад яго ўкрыжаваннем — Л. Л.). Ён ліставаўся з Найсвяцейшай Паннай, лісты да яе пакідаў на алтары і на тым жа алтары атрымліваў ад яе адказ. Пасля чаго загадваў ксяндзу чытаць лісты Найсвяцейшай Панны ўголас перад грамадой людзей, і г. д.

На страницу:
5 из 9