
Полная версия
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815—1843 гадоў
Габрыэля Пузыня
Переводчик Леанід Лаўрэш
Составитель Леанід Лаўрэш
© Габрыэля Пузыня, 2026
© Леанід Лаўрэш, перевод, 2026
© Леанід Лаўрэш, составитель, 2026
ISBN 978-5-0069-9687-8
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад перакладчыка
Здаецца, першым біяграфію Габрыэлі Пузыні з Гюнтэраў надрукаваў У. Каратынскі ў «Тыгодніку Ілюстраваным» у 1869 г.1 Цяпер маецца і грунтоўная манаграфія Марыі Беркан-Яблонскай2, таму я не буду падрабязна расказваць пра гэтую важную ў гісторыі літаратуры асобу. Адным з першых у нас дакладна і дастаткова падрабязна пра яе напісаў Генадзь Кісялёў3.
Малодшая з трох дачок Габрыэля нарадзілася ў Вільні ў заможнай сям'і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі.
Да шлюбу Габрыэля Гюнтэр жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці), з якім звязаныя яе дзяцінства і маладосць. Дабраўлянскі палац Гюнтэраў з'яўляўся адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі тут былі пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антон Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, прафесар медыцыны Андрэй Снядэцкі і іншыя. Творчая атмасфера ў сям'і і блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыэлі. У 1851 г. яна выйшла замуж за Тадэвуша Пузыню, і яе месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім Габрыэля арганізавала інтэлектуальны салон, дзе гуртаваліся лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Гасцёўню наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча). Разам з мужам Г. Пузыня падарожнічала па Еўропе, у Парыжы сустракалася з вядомымі пісьменнікамі А. Гарэцкім і Б. Залескім.
Імя пісьменніцы Габрыэлі Альбіны Пузыні з Гюнтэраў (1815—1869) ужо добра вядома дасведчанаму беларускаму чытачу па перакладах яе вершаў і прозы4.
Літаратурную дзейнасць Габрыэля Пузыня пачала з паэзіі дэбютным вершам у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» у 1828 г. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. Яе першы зборнік вершаў «У імя Бога!» быў надрукаваны ў Вільні ў 1843 г., расказам пра яго выданне і заканчваюцца гэтыя ўспаміны. Напісала яна і шмат празаічных твораў.

Габрыэля Пузыня з Гюнтэраў.
У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў Габрыэля Пузыня напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да падзей 1867 г. На вялікі жаль рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання, але быў часткова выдадзены Адамам Чарткоўскім і Генрыкам Масціцкім у 1928 г., мемуары пісьменніцы ў гэтым томе заканчваюцца 1843 г., і пераклад менавіта гэтых, выдадзеных, успамінаў друкуецца ніжэй. Прывяду тут вялікі кавалак артыкула Часлава Янкоўкага (з падзагалоўкам «Заўвагі на палях толькі што выдадзеных успамінаў Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні»), напісаны адразу пасля выхаду кнігі ў 1928 г.:
«Вялікі том у 389 старонак, які мы атрымалі (выказваю за гэта вялікую ўдзячнасць) у падарунак ад вядомага віленскага выдавецтва, не змяшчае ў сабе ўсяго дзённіка Габрыэлі Пузыні.
Поўныя ўспаміны Пузыні ўяўляюць сабой вялікі двухтомны рукапіс пад назвай «Мая памяць» і знаходзяцца зараз у вялікім кнігазборы графа Райнольда Пшаздзецкага ў Варшаве. Бачыў іх на ўласныя вочы ў 1894 ці 1896 годзе. Таксама ў тых жа бібліятэчна-музейных зборах графа Пшаздзецкага на вуліцы Фоксаль у Варшаве знаходзіліся і вельмі цікавыя «Silva rerum» (лац. «Лес рэчаў» — Л. Л.) Адама графа Гюнтэра, бацькі Габрыэлі, завершаныя самой Габрыэляй. Гэта прадаўгаватыя альбомы вялікага фармату, напоўненыя наклеенымі на кардон старонкамі з малюнкамі, запіскамі, акварэлямі, літаграфіямі, вершамі і нават абгорткамі ад карамелек, запрашэннямі, віншавальнымі паштоўкамі і г. д., усім, што шмат гадоў таму адлюстроўвала грамадскае жыццё Вільні. Які скарб быў перада мной: стылі, звычаі, сувеніры! І такіх альбомаў было, калі не памыляюся, шаснаццаць. Карацей кажучы, гэта быў гатовы ілюстрацыйны матэрыял да кнігі Габрыэлі Пузыні «Мая памяць».
Калі я ўсё гэта праглядаў, мае вочы гарэлі, а рукі дрыжалі. Выдаць! Выдаць з найбольшым піетэтам і з факсімільнай дакладнасцю. Аб'яднаць успаміны з альбомамі! Хто ж адразу пра гэта не падумаў бы? Але… нават у даваенныя часы такая выдавецкая ініцыятыва была не па кішэні. І было б цяжка атрымаць дазвол ад графа Канстанціна Пшаздзецкага, які не ведаў, што можа быць у дзённіку Пузыні. Карацей кажучы, з цяжкім сэрцам я развітаўся з тымі альбомамі і рукапісамі, бо яны сталі больш недасяжнымі для мяне. Шчасцем было ўжо тое, што я змог упэўніцца — усё гэта багацце знаходзіцца ў бяспечным месцы.
«Faciant meliora potentes!» (лац. «Няхай той, хто можа, зробіць лепей» — Л. Л.) — суцяшаў я сябе. Няхай камусьці іншаму пашчасціць болей. Аднак, чым ёсць шчасце? Выпадковасцю. А я не чакаў, што яно абернецца выпадковасцю.
У Беніцы Швыкоўскіх я дакапаўся да самага дна, да схаваных там у 1895—1900 гг. рукапісных дакументаў з гісторыі Ашмянскага павета, натрапіў і на сшыткі «Маёй памяці» Пузыні, копія з якіх, знятая «на чыста», захоўваецца ў варшаўскіх зборах Пшаздзецкіх. У гэтых сшытках меліся прабелы але… але я змог рэканструяваць гэты надзвычай цікавы і каштоўны дзённік. Зрабіў і пераказ амаль што ўсяго дзённіка Пузыні (частка якога нядаўна апублікавана), гэты пераказ можна знайсці на 50-ці старонках другога тома майго «Ашмянскага павета», які выйшаў у канцы 1897 года.
Габрыэля з Гюнтэраў Пузыніна, выйшла замуж за дзедзіча Гарадзілава Тадэвуша Пузыню з Ашмянскага павета, правяла тут апошнія васямнаццаць гадоў свайго жыцця. Адсюль і мая асаблівая цікаўнасць да аўтаркі «У імя Бога» як дзедзічкі Гарадзілава, дзе яна назаўсёды заплюшчыла свае вочы 16 жніўня 1869 года.
Яна была пахаваная ў сутарэннях Гарадзілаўскага касцёла, у сямейных магілах Пузыняў. Сёння няма ўжо ані касцёла, ані падземнага склепа, ані парэшткаў аўтаркі «Маёй памяці». Не ведаю, ці засталіся нават якія-небудзь стагадовыя дрэвы ў Гарадзілаве»5.
Героямі ўспамінаў Пузыні з'яўляецца вялікая колькасць тагачасных абшарнікаў нашага краю. Шматлікія факты іх прыватнага і грамадскага жыцця, заўвагі пра характары і паводзіны і г. д., маюць вялікую гістарычную каштоўнасць для ўсіх, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст. Але, магчыма, адным з галоўных герояў кнігі мемуарысткі ёсць яе сястра Матыльда (Матыня) Бучынская з Гюнтэраў (1811—1867). Пра гэтую цікавую асобу мае сэнс расказаць дадаткова.
У 1834 годзе Матыльда выйшла замуж за Маўрыцыя Бучынскага — сына ўдзельніка касцюшкаўскага паўстання, уладальніка недалёкага ад Дабраўлянаў маёнтка Болкава. Сядзiба Бучынскiх маляўніча месцілася на гары над Свірскім возерам паміж Свірам і Засвірам. Назва маёнтка паходзіла ад імя аднаго з князёў Свірскiх, старадаўніх уладароў гэтых мясцінаў. Усё тут дыхала сівой мінуўшчынай нашага краю і перагукалася з рамантычнымі настроямі таго часу.
У 1846 г. выйшла замуж і пакінула Дабраўляны сярэдняя сястра Іда. Яшчэ раней памерла маці. У Дабраўлянах засталіся стары Гюнтэр з Габрыэляй. Часлаў Янкоўскi сведчыў: «Аднак Дабраўляны і віленскi салон дабраўлянскага дзедзіча зусім не страцілі звыклага ажыўлення, па-гаспадарску прымаць гасцей дапамагала сястры заўжды вынаходлівая, вясёлая, энергiчная Бучынская»6. Пасля смерці мужа (1848 г.) Матыльда зусім вярнулася ў родныя Дабраўляны. У 1851 г. бацька, як той кароль Лiр, але з лепшым вынікам, яшчэ пры жыцці падзяліў сваю немалую маёмасць паміж дочкамі. Дабраўляны дасталіся Матыльдзе. Габрыэля зрабіла сабе асобную рэзідэнцыю непадалёку ў Нестанішках (назвала сваю новую сядзібу Патулiна, ад слова «патульны»). У сясцёр бывалі агульныя госці, як напрыклад Сыракомля. Янкоўскі цікава апісвае гасцяванне тут знакамітага паэта: «… у Патуліне прымала Габрыэля Сыракомлю. Прывёз яго туды з Вільні пасля соймікаў Тадэвуш Пузыня ўвосень 1855 г. Лірнік вясковы быў тады ў зеніце папулярнасці і поспеху, але нясмелы, нават дзікі пясняр літоўскі ледзьве паддаўся ўгаворам прыехаць. У Дабраўлянах вітала паэта Бучынская хлебам-соллю са словамі, што гэта за „Акраец хлеба“, вітала пад дубам, упрыгожаным у гонар „Дэмбарога“ аленевымі рагамі і шчытом з гербам Сыракомлі. Чакаў таксама падрыхтаваны для пасадкі малады клён; папрасілі госця, каб ён сам, уласнай рукой укапаў яго ў зямлю. Паэт у сваёй збянтэжанасці замест таго, каб узяцца за рыдлёўку, хапаў зямлю рукамі, кідаючы яе ў яму, але праз гэта дабраўлянскі клён стаўся яшчэ больш памятным»7.
Дзейнасць і вядомасць Матыльды не абмяжоўвалася дабраўлянскімі ваколіцамі. У кнізе польскага даследчыка А. Мілера «Тэатр і музыка на Літве» (1936 г.) салон Матыльды з графаў Гюнтэраў Бучынскай называецца ў ліку першарадных віленскіх тэатральна-мастацкіх асяродкаў сярэдзіны ХIХ ст. Але найбольш пані Матыльда праславілася як філантропка і ўдзельніца патрыятычнага руху пачатку 1860-х гадоў.
У канцы 1859 г. Матыльда Бучынская вярнулася ў Вільню з Парыжа і аднавіла дзейнасць свецкага таварыства св. Вінцэнта, як раз у гэты час у нашым краі адбываецца моцны грамадскі ўздым. 22 красавіка 1861 г. генерал-губернатар Назімаў паведамляў у Пецярбург: «Абшарніца Матыльда Бучынская раздавала грашовыя дапаможніцтвы і прадукты ніжэйшым класам народа, абавязваючы ўсіх насіць жалобу і адмаўляла тым, якія гэтага не рабілі»8.
Міхаіл Мураўёў пісаў у сваіх успамінах: «Не менш шкодным было заснаванне ў 1861 г. „таварыства Вінцэнтынак“ (St. Vincent de Paul) пані Бучынскай, вядомай сваім рэлігійным фанатызмам, яна мела на мэце ахапіць усе розумы не толькі польскіх, але і самых значных рускіх дам у Вільні і нават ў Пецярбургу, каб збіраць грошы для мяцяжу. Генерал-ад'ютант Назімаў, жонка яго, а за імі і большасць рускіх дам запісаліся ў члены таварыства, якое знаходзілася пад кіраваннем біскупа Красінскага. Бучынская першая падала прыклад нашэння жалобы, і сабраныя грошы раздавала жанчынам з простых людзей з абавязацельствам насіць жалобу па Айчыне. У пачатку 1863 г. сам Назімаў здагадаўся, да чаго імкнулася таварыства — Бучынскую выправіў на жыхарства ў вёску і забараніў сходы таварыства. Але яго ўжо ніхто не слухаў; таварыства неаднаразова збіралася ў самой Вільні… Мною было зроблена распараджэнне аб расследаванні дзеянняў таварыства. Красінскі высланы мною ў Вятку, галоўныя дзеячы таварыства Бучынская, Лапацінская, графіня Плятэр і іншыя дамы пасля разгляду іх дзеянняў у Следчай камісіі, былі адпраўлены на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі, а таварыства канчаткова забаронена…»9.
Мураўёўскі чыноўнік Масалаў, чалавек адукаваны, дапытлівы і, як піша Г. Кісялёў, «не без свецкага глянцу», бачыў Бучынскую ў Францішканскай турме (на Троцкай вуліцы) недзе ўвосень (або пад восень) 1863 г. Ён суправаджаў англійскага карэспандэнта О'Браена, які пажадаў на ўласныя вочы пазнаёміцца з віленскімі вязніцамі, з умовамі ўтрымання палітычных арыштантаў. Ён пакінуў цікавае апісанне візіту ў былы кляштар, прыстасаваны пад вязніцу: «Пасля агляду некаторых арыштанцкіх [камер], мы былі прыведзены ў пакой, дзе ўтрымлівалася багатая віленская памешчыца Матыльда Бучынская, народжаная Гюнтэр. Высокага росту, велічная, ужо пажылая (ёй 52 гады, а мемуарысту — 20), п. Бучынская прыняла нас вельмі ветліва, як велікасвецкая жанчына прымае ў сваёй гасцінай. Яна ўразіла нас сваім розумам, ведамі і жвавасцю. У якія-небудзь дзесяць хвілін гаворка зайшла нават пра Дантэ. Яна казала, што зусім не наракае, а дзякуе лёсу за гэтае невялікае выпрабаванне, бо яна дагэтуль не ведала ў жыцці праблем і зараз толькі ў гэтай адзіноце навучылася лепш разумець некаторыя рэчы і думаць пра тым, на што раней не звяртала ўвагі. Каля пасцелі яе вісеў на сцяне дыван, на століку перад канапай стаялі рэшткі хатняга абеду, на акне ў гаршчку пад шклом яна вырошчвала нейкую зёлку. Пані Бучынская утрымлівалася не як падсудная, але для адміністрацыйнага пакарання за ранейшыя яе подзвігі і кіраўніцтва дэманстрацыямі ўсялякага кшталту. Месяцы праз тры яна была адпраўлена ў Ніжагародскую губерню. Наогул, утрыманне ў Францішканскай турме лічылася найлягчэйшым у параўнанні з астатнімі турмамі. Развітваючыся з англічанінам, яна смеючыся сказала яму: „Перадайце ў вашай Айчыне, што вы бачылі ў віленскіх турмах жанчыну вясёлую і зусім задаволеную сваім становішчам“, а мне яна выказала надзею ўбачыцца дзе-небудзь з часам пры больш шчаслівых абставінах»10.
Матыльду саслалі ў адміністрацыйным парадку ў Ніжагародскую губерню ў сакавіку 1864 г. Яе Дабраўляны былі секвестраваны (узяты ў казну), а потым перайшлі ў чужыя рукі. Некалькі гадоў філантропка пражыла ў заволжскай глухамані сярод раскольнікаў і лыжачнiкаў-саматужнiкаў (мясціны, апісаныя потым Мельнiкавым-Пячэрскiм). Толькі ў 1867 г. Бучынская змагла вярнуцца з выгнання ў блізкую ёй Варшаву, дзе неўзабаве і памерла.
Генадзь Кісялеў пісаў, што наш класік Дунін-Марцінкевіч падчас паўстання 1863 г. хаваўся ад арышту і быў арыштаваны ў мястэчку Свiр (цяпер Мядзельскi раён) у 1864 г. Калі ў Беларусі пачалося агульнае ўзброенае паўстанне, ён, здаецца, не далучыўся да паўстанцаў, а ўзяў у арэнду маёнтак Дабраўляны Бучынскай і ціха пражыў там да пачатку наступнага года. Пасля секвестру Дабраўлянаў перабраўся ў Свiр, дзе жыў да самага арышту11.
Вось такой была далейшая гісторыя гэтай сям'і.
За пераклад успамінаў Габрыэлі Пузыні я ўзяўся адразу пасля перакладу мемуараў «галоўнага віленскага пляткара» — доктара Станіслава Мараўскага. Абое ўспаміны ахопліваюць у значнай ступені адзін і той жа час і адно і тое самае грамадства. Таму я лічу, што перш чым прачытаць успаміны Габрыэлі Пузыні, трэба, як найменей, пазнаёміцца, а лепей, уважліва прачытаць успаміны Станіслава Мараўскага. Бо ў гэтых мемуарах распавядаецца практычна пра падзеі аднаго і таго ж часу, у адных і тых жа мясцінах і ў адным і тым жа асяродку — вышэйшым свеце былога ВКЛ. Але шляхетная Пузыня робіць толькі намёкі там, дзе Мараўскі падрабязна расказвае пра ценявое жыццё горада і малюе карціны звычайнага, калі ўдумацца, чалавечага жыцця, звычайных інтымных стасункаў, пераказвае плёткі, анекдоты і г. д. Таму, у нейкім сэнсе, успаміны гэтых двух аўтараў з'яўляюцца, па сутнасці, двума бакамі аднаго медаля, што бясспрэчна важна для тых, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст.
Трэба адзначыць некалькі істотных і важных дэталяў тагачаснага побыту нашай шляхты. Напрыклад, некалькі разоў Габрыэля Пузыня згадвае халаднік як нашую нацыянальную страву ці тое, што Пузыня ніколі не называе прозвішча Міцкевіча, а звычайна піша нешта, накшталт «аўтар «Гражыны». Тры разы падае яна форму імя Канстанты і Канстанцыя як «Кастусь» ці «Кастуся» — і гэта сярод вышэйшага слоя мясцовай арыстакратыі, што робіць бессэнсоўнымі спрэчкі пра тое, ці можна мясцовага шляхіціца Канстанты называць Кастусём. Канешне ж можна12.
Перакладаць Пузыню было значна прасцей, чым Мараўскага, але і ў гэтым выпадку, даводзілася выбіраць «залатую сярэдзіну» паміж прыгажосцю і дакладнасцю, бо вядома, што «пераклады, як жанчыны: калі верныя, дык непрыгожыя, а калі прыгожыя, дык няверныя». Нагадаю, што менавіта гэтую думку аўстрыйскага пісьменніка Морыца Готліба Сафіра Максім Багдановіч у Яраслаўлі ўзяў за эпіграф да рукапіснага зборнічка сваіх вершаў, перакладзеных ім на рускую мову і падараваных у 1913 г. сваёй каханай дзяўчыне Анюце Гапановіч.
Уступ
Гэтыя ўспаміны выраслі з гісторый, расказаных маімі бацькамі. Яны жылі ў тую цікавую эпоху, якая стала падмуркам нашага далейшага жыцця, і расказвалі пра яе сваім дзецям. І маленькая Габрыэлька, народжаная ў канцы 1815 г., як каласок пасля жніва, знайшла ў гэтым сваё месца. Яе першыя ўспаміны датычаць людзей, якія пасля доўгіх гадоў неспакою спачылі ў магіле, парослай дзе-нідзе свежай муравой і сям-там кветкамі. Да таго часу пад скіпетрам цара ўсё ўжо скончылася не толькі ў Літве, але ва ўсім свеце, а эпілогам вялікай эпапеі сталі падзеі на востраве св. Алены (апошняе месца ссылкі Напалеона — Л. Л.).
Часова адклаўшы зброю і надзеі, усе ў Літве і Кароне вярнуліся да плуга. Думкі пра славу і свабоду саступілі месца думкам пра хлеб штодзённы. Надоўга, вельмі надоўга запомніўся 1812 г. Ён заставаўся зместам размоў і тлом жыцця кожнай сям'і. Маладое пакаленне закалыхвалася гісторыямі 1812 г., бо гэты год, як бог з двума рознымі тварамі, пачынаўся з чароўнай надзеі, а закончыўся халодным расчараваннем. Амаль што ў кожнай сям'і гэта дата была запісана ў сэрцы крывавымі літарамі сіроцтва, ці выцятая палашом на лбе. Балела яна куляй у плячы, якая давалася ў знакі пры кожнай перамене надвор’я, стукала драўлянай нагой, свяцілася на грудзях крыжам адважных!.. А ўдовы і маці ўзнімалі яе як крыж Панскі на руінах былога шчасця! Ах, так! Знакаміты ў гісторыі Еўропы 1812 г. стаў эпохай для нашага краю, ён увесь час прысутнічаў у размовах, як прыпеў у песні, якую спяваюць каля вогнішча.
1812 г. быў памятным і для нашай сям'і, хоць і стаўся менш балючым, чым для іншых. Мой бацька тады заразіўся ў ваенным шпіталі і цяжка захварэў на тыф у Мінску-Літоўскім, нагляд за шпіталем яму даручыў Напалеон (калега майго бацькі Ваньковіч, заплаціў за гэты гонар сваім жыццём). Мая маці каля ложка непрытомнага мужа не знаходзіла сабе месца, думала пра свайго бацьку і двух братоў, якія былі на вайсковай службе ў Напалеона, думала пра сваю маці, якая жыла ў Вене, пра сястру, якая ў росквіце сіл засталася ў Вільні. Апроч таго, кожны дзень з вокнаў сваёй кватэры яна бачыла, як на сходах, пры браме ці на дзядзінцы ад холаду і голаду паміралі французы, і іх як бярвенне выкідалі на плошчу. А трэба было прымаць у сябе генерала Тучкова, дасланага ўціхамірваць Мінск, і размаўляць з ім на чужой мове. Ён паставіў варту каля дзвярэй хворага, які ў гарачцы, без прытомнасці, не ведаў, што перайшоў з-пад улады імператара французаў пад уладу рускага манарха. І калі іх двухгадовая дачушка Матынька (старэйшая з дачок), народжаная ў часы абуджэння бліскучых надзей, барабаніла ручкамі пры кожным згадванні Напалеона, імправізуючы так навіны з газет, нібыта ёю прачытаных, дык малодшая Ідалька, народжаная ў 1813 г., прынесла з сабой непакой і слёзы з-за найменшай драбязы, што паўплывала на характар і ўсю яе будучыню. Гэта сталася вынікам вышэй згаданых турбот і клопатаў нашай маці, якая хавала іх у сабе і моўчкі пераносіла ў той год цяжкіх выпрабаванняў.
Канец 1812 г. запомніўся безумоўнай амністыяй, якая распагодзіла неба над Літвой і Каронай13. І зіму 1815 г. мае бацькі правялі ў вясёлай Варшаве ў нашай бабулі Марыі Тызенгаўз з гр. Пшаздзецкіх, якая пасля дзясятка — другога гадоў за мяжой прыехала з Вены ў Варшаву.
Варшава здаўна адрознівалася лёгкасцю, з якой пераходзіла ад слёз да смеху, ад вайны да танцаў. Весела бавіліся ў Варшаве і зімой 1815 г., аздобай усіх сходаў былі дзве маладыя прыгажуні: княжна Ганна Сапяжанка, шаснаццацігадовая кветка, брунетка з чорнымі вогненнымі вачамі і светлавалосая, поўная грацыі і невыказнага шарму Яна Грудзінская14. Абедзве добра танчылі ў салонах, і калі падчас менуэта стаялі адна насупраць другой, у залі ўздымаўся неапісальны шал! Узбіваліся на крэслы, штурхалі адзін аднаго, каб толькі ўбачыць дзве грацыі. А гэтыя тэрпсіхоры — адна з іх лётала ў паветры, другая, крэсліла маленькай ножкай арабескі на паркеце, мелі кавалерамі Аляксандра гр. Патоцкага і Станіслава гр. Касакоўскага15. Сёння, праз паўстагоддзя, што засталося ад гэтых дзвюх пар, якія ў той час свяціліся маладосцю і жыццём?.. Тры магілы!.. Тэрпсіхора, княжна Ганна, памерла княжной Чартарыскай, каралевай польскай эміграцыі. Другая, малодшая з грацый, дзеля якой брат цара адрокся ад трону, і яе партнёр па танцы гр. Патоцкі, даўно памерлі. Застаўся адзін толькі Станіслаў гр. Касакоўскі, які і сёння ў той жа Варшаве чаруе другое і трэцяе пакаленне свежасцю сваіх размоваў і спакоем свайго твару, які, як заходзячае сонца, сведчыць, што скончаны дзень быў ясным. Жонка графа Аляксандра Патоцкага (праз год ужо Вансовіч) з дому Тышкевічаў, унучка нашага апошняга караля, прымала шматлікіх гасцей у ніжніх пакоях свайго палаца на Кракаўскім прадмесці16. У тыя часы ў яе заўсёды тоўпіліся людзі і, чым цясней і гарачэй, тым весялей было ім. Цягам карнавалу адбыўся дзіцячы касцюміраваны баль, для якога сям'я Замойскіх прывозіла сваіх прыгожых, як іх маці, дзяцей. Мая старэйшая сястра была там у ролі вулічнай гандляркі кветкамі з кошыкам, поўным жывых кветак. І калі яе заўважыў в. князь Канстанцін, які ў гэты момант размаўляў з княгіняй-ваяводзінай Радзівіл, тая назвала дзяўчынку сваёй унучкай. Але малая дзяўчынка дарэмна раз за разам кланялася, в. князь быў захоплены будучай княгіняй Ловіч і забыўся на дзяўчо, якое выглядала з-пад руж, пакуль княгіня зноў не паказала на яе. Тады строгі начальнік пакланіўся малой, як быццам яна была ўжо дарослай красуняй, і сказаў: «Як жа жанчынам не быць какеткамі, калі яны пачынаюць так рана?». Аднак, в. князь не ўгадаў — сястра, калі вырасла ў прыгожую замужняю жанчыну, хоць і мела вялікі дар падабацца, але ніколі не была какеткай.
Мая маці большую частку жыцця правяла ў Літве з маім бацькам, які валодаў вялікімі маёнткамі і рэзідэнцыямі ў Гарадзенскім і Вількамірскім паветах і па-чарзе жыў у іх. Але яна нарадзілася і атрымала выхаванне ў Варшаве і заўсёды імкнулася ў Карону. Была хрышчонай дачкой гетманавай Агінскай, пляменніцай ваяводзіны Радзівіл (стваральніцы парка Аркадыя)17, і таму адчувала сябе сваёй у Варшаве. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся ў яе з дзяцінства: як у 1784 г. з балкона дома ў Лешні яна кідала шпількі вулічным стралкам, каб тыя маглі разарваць патрон, як яна захавала мініяцюру Касцюшкі, якую ўсе дамы насілі на грудзях і, калі гэта стала небяспечным, кідалі ў полымя каміна. У маёй сям'і маці ўспрымалася носьбітам памяці пра тыя часы, як і яе браты, якія пайшлі за Героем (Напалеонам — Л. Л.) … Як потым, калі ў краі панавалі прусакі, прыгожая каралева прыехала ў Варшаву, прыняла баль у свой гонар і размаўляла з маёй маці. Як і яе стрыечны брат (па маці) Антон князь Радзівіл, які ажаніўся з прускай прынцэсай Людвікай, (яна сэрцам прыкіпела да сям'і мужа), адкінуўшы ў бок ўсялякі этыкет, кіраваў свавольствам і жартамі ў Небараве і г. д.
Пра яе расказвалі шмат разоў, і ў маёй дзіцячай памяці гэтыя ўспаміны засталіся як быццам мае ўласныя, хоць тыя падзеі і адбываліся гадоў за 20 да майго прыходу ў свет! Здаецца, на ўласныя вочы бачу я востраў на рацэ Шпрэя пад вокнамі палаца Бяльвю, што пад Берлінам, дзе спыняліся сем'і прускіх прынцаў і князёў Радзівілаў падчас заручын князя Антонія з прынцэсай Людвікай. На тым востраве мелася аранжарэя, набытая ў Германіі княгіняй-ваяводзінай для Нябарава, яна скарысталася аранжарэяй каб даць падвячорак сваёй будучай нявестцы на сваёй зямлі. За гэта дэ Ліль надаў ёй прыдомак «Армідская»18.
Дэ Ліль19 і княгіня-ваяводзіна нават у Еўропе былі дзвюма выключнымі асобамі. Хто ж не чытаў досціпаў дэ Ліля? А стваральніца «Аркадыі» згадвалася ў яго паэме «Сады», перакладзенай на польскую мову ваяводам Хамінскім, у якой паэт усхваляў яе розум і чары. Яе прыгажосць адрознівалася ад іншых — валасы цалкам збялелі да 30 гадоў і разам з квітнеючым і свежым тварам выглядалі як ранні снег на ружы — яна часта ўтыкала свежыя ружы ў прычоску. Вясёлая, жвавая, поўная фантазіі, смелая і гучная ў выказванні сваіх пачуццяў, меркаванняў і думак, яна здалёк абвяшчала пра свой прыезд гучнымі выкрыкамі. Такой ведалі яе не толькі ў сям'і, але і пры бярлінскім і пецярбургскім дварах, дзе на вячоркі ў Эрмітажы, княгіню-ваяводзіну Радзівіл прымала яе добрая знаёмая царыца Кацярына. Потым, ушанаваная абедзвюма царыцамі Марыяй і Лізаветай (маці і жонка Аляксандра І — Л. Л.), надала ім і цару Аляксандру розныя прыдомкі, якія яны ўжывалі, калі пісалі ёй — узаемна звярталіся, дадаючы «Адарацыя» («Пакланенне»). Ніколі не бянтэжылася падчас размовы з в. князем Канстанцінам і пры ім ці без яго публічна называла яго «Хурлубярлу» (можна перакласці як «дзівак» — Л. Л.). І калі неяк падчас балю Хурлубярлу ахвяраваў ёй на слізгаўцы санкі і сам стаў яе вазніцам, княгіня-ваяводзіна, указваючы на в. князя, звярнулася да паліцмайстра: «Не арыштоўвай гэтага маладзёна, бо ён мой фурман».

