У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Полная версия

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Язык: Русский
Год издания: 2026
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
4 из 9

Пан Войцех Пуслоўскі, чалавек бязмернага багацця і незвычайнага гаспадарчага розуму, гучна казаў, што сваім багаццем і поспехам ён абавязаны ваяводзе Хамінскаму, які пазычыў яму 1000 дукатаў і выпхнуў у самастойнае жыццё. І калі гэты ваявода Хамінскі, чалавек вельмі разумны, растраціў пасаг сваёй жонкі з Тызенгаўзаў, тысяча дукатаў дадзеная ў пазыку беднаму маладзёну, хутка ператварылася ў мільёны, бо розум і парадак ёсць тыя евангельскія цноты, якія памнажаюць багацце. І трэба ж было Пуслоўскаму выбраць сабе жонку з такой сястрой, сваёй швагеркай! Гэтыя дамы, ідучы паўсюдна за ім, трымалі ў кішэнях сваіх фартушкоў лісты і запіскі, датычныя шматлікіх спраў, і часта прыходзілі на дапамогу яго стомленай памяці. Варта было ўбачыць іх сярод пляменніц і кузынак, якія на кантрактах у Вільні размясціліся ў адным пакоі, і дзе толькі прасціны стваралі межы паміж спачывальняй, сталовай і гардэробнай. Тут былі і яўрэйкі з таварамі, сюды з візітамі прыходзілі знаёмыя і просьбіты абароны ў паноў Пуслоўскага і міністра, і адначасова ішоў хуткі але разважлівы гандаль за некалькі злотых з фактарамі і спекуляцыі з купцамі. Пан Пуслоўскі з яго гандлёвым розумам быў вельмі пабожным. Яго часта бачылі ў Вострай Браме, дзе ён з набожна складзенымі рукамі маліўся з шчырасцю прабацькоў, трымаючы пры гэтым пад пахай канфедэратку. Але неўзабаве рассеянасць перапыняла яго малітву, бо розум пачынаў блукаць сярод лічбаў, ён нібыта нешта падлічваў на пальцах… потым, схамянуўшыся, хапаўся за галаву, паціраў лысіну рукамі і зноў пачынаў засяроджана маліцца. І гэтак па дзесяць разоў.

І на заканчэнне апісання вяселля майго дзядзькі трэба дадаць, што нам не ставала дзвюх самых блізкіх асоб — бацькі і сястры маладога. Мой дзядуля па стане здароўя не мог пакінуць Вільню, а цёця Шуазель была ў Францыі. Дзядуля разам з дабраславеннем сына даслаў для сваёй нявесткі дыяментавы грабеньчык, а цёця — вестку пра нараджэнне першага сына Аляксандра.

1822 год

Зіма 1822 г. сабрала амаль што ўсю нашу сям'ю ў Вільні. На чале яе стаяў мой дзядуля, які меў ужо слабое здароўе. Па вечарах збіраліся да яго на абеды, але сам ён з дому не выходзіў. Сям'я дзядзькі Рудольфа займала першы паверх дома Дмахоўскіх па вуліцы Замкавай, мы — дом аптэкара Велька пры вуліцы Нямецкай. Дзядзька Канстанцін на тыдзень прывёз сваю маладзенькую але сур'ёзную жонку, і, не дазволіўшы ёй ані разу з'явіцца ў каштоўных бірузовых упрыгожаннях, адвёз назад у свае Паставы, дзе пабудаваны ў квадрат палац больш нагадваў вязніцу, чым жытло маладой пары. Аднак, там яны пражылі дваццаць гадоў. Бракавала нам цёці Зосі, якая цешылася сваім першынцам на віле дэ Шуазеля з уласнымі вінаграднікамі каля Эперны ў Шампані. Замест яе была другая цёця Зося — жонка Фелікса Патоцкага з дому Пацаў. Яе маці была роднай сястрой нашага дзеда Тызенгаўза. Страціўшы бацькоў у дзяцінстве, яна выхоўвалася ў сваёй бяздзетнай цёткі-ваяводзіны Хамінскай, якая песціла і псавала пляменніцу, і таму ў дарослай жанчыне засталося шмат дзіцячых дзівацтваў. Яна была прыгожай, але тлустай, мела падбародак у некалькі паверхаў, вялікія пукатыя шэрыя вочы, арліны нос і дробныя сціснутыя вусны. Гэта цела рымскай матроны мела тонкі, пісклявы і кіслы голас, якім Патоцкая падчас вячэры размаўляла са сваякамі, капрызіла, выдумляла розную ліху, нюхала стравы і адсоўвала ад сябе талеркі, на што ніхто ўжо не звяртаў увагі. На той час ужо была ўдавой і, верагодна, не мела яшчэ і сарака гадоў. Яе адзіная дачка Ізабела, сухотніца ў спадак па сваім бацьку, была, хоць і ўломнай, але выхаванай і дзівоснай дабрыні.

У той час перапоўненая жыхарамі Вільня гула як вулей. Былі гэта яшчэ добрыя і прыгожыя для нас часы. Квітнеў універсітэт. Моладзь не толькі з усёй Літвы, але і адусюль зляталася да гэтага вогнішча, не на тое, каб згарэць, але каб навучыцца свяціць агнём ведаў. І нават сёння, у трэцім пакаленні, хоць само вогнішча даўно згасла, полымя яго не знікла. Разам з сынамі прыязджалі бацькі і цэлыя сем'і.

Першыя сем'і края: Тышкевічы, Чацвярцінскія, Валадковічы, Ваўжэцкія, Ваньковічы, Сулістроўскія, Ромеры, Грабоўскія, Плятэры, Абрамовічы і Радзівілы жылі ў прыгожых палацах Тышкевічаў, Пацаў, Фітынгофаў, Памарнацкіх, Алізараў, Ваньковічаў і г. д.

Горад быў шматлюдны, пышны, заможны, ажыўлены тэатрамі, канцэртамі, балямі і абедамі. Ва ўсім гэтым брала ўдзел і студэнцкая моладзь. У дадатак да запрошаных абедаў, кожны вечар вы маглі весяліцца, прыходзячы да каго заўгодна са звычайным візітам. Удзень усе былі настолькі занятыя, што нават візіты, якія потым сталі моднымі апоўдні, пачыналіся тады на змярканні і часта доўжыліся да поўначы, што вельмі ажыўляла вуліцы, якія не патрабавалі асвятлення, бо з кожнага акна лілося вясёлае святло. Зацішныя цяпер гарадскія вуліцы тады нават уначы гулі няспынным грукатам. Бо апрача тых, хто прыязджаў з вёскі, кожны жыхар горада, нават і малазаможны, меў свой транспарт — хоць дрожкі, хоць санкі з адным канём, усе, ажно да рэктара Малеўскага47, вядомага сваёй ашчаднасцю. А ён меў двух коней, бо ў тыя часы авёс і сена каштавалі танна. Усе карэты былі чатырохконныя, з фарэйтарам, які працяжна вішчаў, каб людзі саступалі дарогу. Часам праз горад імчаліся і шасціконныя карэты, як напрыклад у Лапацінскіх. Яны прыязджалі за 10 вёрст з Кайранаў з двума лёкаямі ў ліўрэях, якія стаялі ззаду вялікай карэты, з трыма гербамі на парц'ерах: адзін жонкі, другі мужа, а трэцяга ніхто не мог растлумачыць. Тагачасныя карэты мелі вельмі высокія рысоры, сядзелі ў іх на жорсткіх падушках і падымаліся ў карэту нібы па драбіне па пяці-шасці прыступках, якія кожны раз складваліся і раскладваліся, што адбірала шмат часу. Тагачасным камердынерам было чым заняцца, гэта служба вымагала вялікага майстэрства і досведу, асабліва калі даводзілася заскокваць на высокую прыступку для лёкая, калі карэта ўжо зрушылася.

Увосень у гэтую ажыўленую Вільню прыехаў дзядзька Рудольф са сваёй маладой жонкай. Маці прадставіла сваю братавую ўсяму таварыству і расказвала ёй пра кожную асобу. Княгіня сенатарава Агінская любіла з самага пачатку адгаворваць маладых людзей ад удзелу ў свецкім жыцці, але загадзя папярэджаная цёця адразу ж здолела не звяртаць на гэта ўвагу.

Трэцяга студзеня была св. Генавэфа. Дзядзька Рудольф адсвяткаваў імяніны сваёй жонкі шыкоўным балем, які да самага пачатку заставаўся для яе таямніцай. Пасля працяглага сямейнага абеду ў дзядулі сумная і крыху панурая цётка, якая не ведала пра баль, хацела пайсці ўжо дадому, але муж даверыў яе маёй маці і сам пайшоў рыхтавацца да вячэрняй забавы. Нібы гэта было сёння — памятаю нарцысы і ружы на парыжскім чапцы, няспынны рух шматярусных караляў з перлаў і смарагдаў на белай шыі, калі мая цёця ў сваёй дзіцячай незадаволенасці нешта шаптала сама да сябе. Калі пачало змяркацца, па імянінніцу прыехаў муж, але яна не павесялела. Аднак, якім было яе здзіўленне, калі ўбачыла святло ў браме і ва ўсіх вокнах, дываны і кветкі на сходах, калі пачула, як аркестр настройвае інструменты, а ў сваім пакоі знайшла прыгожую новую сукенку і вянок з вінаграду на галаву. Якім жа добрым, прыгожым, мілым у тую хвіліну стаў для яе Роро, і яна папрасіла прабачэння за свой настрой. А ён? Ён стаў яшчэ больш шчаслівы, але схаваў сваю сентыментальнасць і, нібы дакараючы жонку, сказаў ёй не марудзіць, бо чакаюць госці, ужо позна і г. д. Тым часам у браму заязджалі карэта за карэтай і, калі імянінніца выйшла, амаль што ўсе ўжо сабраліся ў гасцёўні. Яе адразу атачыў хор пажаданняў, і ўбачыўшы, якая яна прыгожая, усе пачалі віншаваць і мужа.

У сям'і дагэтуль захоўваецца яе партрэт-мініяцюра працы Ваньковіча ў тым самым вечаровым строі, які зрабіў цёцю настолькі радаснай і прыгожай — такой, якой яна хацела назаўсёды застацца ў памяці мужа. Але апроч вінаграду і сукенкі, нішто ў мініяцюры не нагадвае тую грацыёзную асобу. Настрой немагчыма зафіксаваць ані пэндзлем, ані пяром, а толькі ва ўспамінах.

Дом майго дзядзькі быў гасцінны і сімпатычны для ўсіх наведвальнікаў. Абаяльнасць і дабрыня сужэнскай пары зачароўвалі гасцей, і падобныя вечарыны паўтараліся штотыдзень. Цёця была такая ласкавая, што заўсёды хацела бачыць нас у сябе. Дагэтуль памятаю два невялікія квадратныя танцавальныя салоны, а сярэдні паміж імі служыў памяшканнем для аркестра. З-за велікапоснага вечара квартэт пачаў выконваць класічную музыку, членам квартэта быў і гаспадар, калі-некалі на фартэпіяна пад акампанемент скрыпак грала і сама цёця. На століках ляжалі розныя літаграфіі, карыкатуры і адзіны тады часопіс мод, на які сёння ніхто б нават і не паглядзеў. Але ў той час (асабліва для дзяцей) гэта быў яшчэ адзін магніт, які ўсіх нас прывабліваў. І ўсё нас там цешыла. А цётка была для нас ідэалам маладой замужняй жанчыны.

Колькі дарагіх успамінаў засталіся ў тых сценах, плітках падлогі і шыбах вокнаў, праз якія цягам некалькіх гадоў мы глядзелі вонкі, пакуль мае дзядзька і цётка жылі ў гэтым доме — працэсіі Божага цела і крыжовыя працэсіі, пахаванні біскупаў, дыгнітарыяў і вайскоўцаў. Усе гэтыя мерапрыемствы збіралі ўсе кляштары, усе школы і цэхі. Распачыналі працэсію ўбогія бернардыны з драўляным крыжам, далей ішлі кармеліты босыя, напаўчорныя-напаўбелыя аўгустыны, белыя, як снег, дамініканы з лёгкімі шкаплерамі, і нарэшце, звычайны клір ў палатняных комжах на чорных сутанах з фалдамі і ў чорных барэтах на галовах, пры канцы ішло вышэйшае духавенства — канонікі, пралаты ў пунсовых тогах з палярынамі пепельна-шэрага футра, як на абразах св. Яна Непамуцкага. Калі нябожчык быў чалавекам дабрадзейным, ці членам Дома дабрачыннасці, у працэсіі ішлі бедныя сіроты і сёстры міласэрнасці ў белых вянцах. Калі ж нябожчык быў высокапастаўленым саноўнікам або прафесарам ўніверсітэта, то перад труной ішлі студэнты ўніверсітэта, а галоўныя чыноўнікі, апранутыя ў парадныя мундзіры, на аксамітавых падушках неслі інсыгніі і ордэны нябожчыка. Катафалк звычайна цягнулі шэсць коней, пакрытыя да самых ног чорнымі капамі. Звычайна, абабітая срэбнымі бляхамі труна, была адчынена, у ёй ляжаў нябожчык з жоўтым старым тварам і са складзенымі на грудзях рукамі. Аднойчы ў труне ўбачылі прыгожую і пасля смерці пані Канстанцыю Чудноўскую з Радзівілаў, якую дактары дабілі як раз тады, калі яна першы раз збіралася стаць маці. Гэтыя шэрагі экіпажаў за катафалкамі, гэтыя незлічоныя масы людзей і натоўпы ўбогіх за імі, уся гэта змяя цягнулася ад ратушы да катэдры, а журботны бой 36 касцёлаў, спевы капланаў на перамену з вайсковай музыкай, усё гэта ўздымала дух як нейкае моцнае memento mori. З усіх вокнаў глядзелі цікаўныя дзіцячыя вочы, ва ўсіх дзвярах тоўпіліся слугі, бо хоць такія працэсіі і паўтараліся даволі часта, але ўсёроўна былі цікавым відовішчам. А паколькі гэтыя пахаванні часцей за ўсё адбываліся ўвечары, то паходні і свечкі ў руках капланаў стваралі фантастычнае і незабыўнае відовішча, якое немагчыма паўтарыць, бо сённяшнія людзі жывуць не так прыгожа і мёртвых хаваюць не так бліскуча. А замкнёныя большай часткай кляштары і касцёлы стаяць ціхія як магілы.

Адной з самых значных падзей пачатку зімы 1822 г. стала смерць маладой пані Станіславы Шумскай, падзея засмуціла сяброў, знаёмых і сваякоў, зрынула ў дол адчаю яе маці Мірскую і кузынку Шумскую, якія любілі адна адну, і нават потым на нейкі час пакінулі Вільню. І сапраўды, было па кім плакаць і каго шкадаваць! Марыся Мірская, потым Шумская, была залічана да выключных істот. Любоў у сям'і і пакланенне ўсіх не псавалі яе, а стымулявалі да ўдасканальвання. Яе любілі ўсе сваякі, а кузынка Бася Шумская была галоўнай сяброўкай. Разам іх намаляваў Рустэм — на першым плане фігуруе ладная і стройная Марыся, а збоку і ў цяні, як муза гармоніі, каржакаватая Бася грае для яе на ліры ў вобразе Тэрпсіхоры. Паколькі ніхто у тыя часы не хацеў, каб яго малявалі ў штодзённай сапраўднай постаці, таму нават і малады Напалеонак фігураваў на гэтай карціне як купідон з крыламі, лукам і паходняй48.

Вёска Мірскіх Завер'е ляжала за Відзамі ў маляўнічай ваколіцы сярод блакітных азёр і была радавым гняздом гэтай прыгожай німфы. Сюды здалёк збіралася моладзь. У Завер'і было весела — гралі камедыі, танцавалі на святы, гасцей з'язджалася так шмат, што з-за нястачы месца, калі перапаўняўся палац разам з афіцынамі, а сходы прыпадалі на лета, моладзь сялілася ў садовых хатках, на дрэвы вешалі люстэркі і такім чынам стваралі свае гардэробныя ў гушчарах галля.

Дзесяць гадоў таму, калі яна была ў росквіце сваёй чароўнай прыгажосці, майму дзядзьку Рудольфу вельмі падабалася панна Марыя. Але з-за паслухмянасці перад бацькам, які меў іншыя планы, ён спыніў свае заляцанні, на якія ўжо пачала звяртаць увагу публіка. Яе шлюб з кузэнам Шумскім на некалькі месяцаў апярэдзіў шлюб майго дзядзькі. І як быццам, сам Бог даў ім першае дзіця — дачушку. Калі жонка Рудольфа разам з маёй маці рабілі першыя візіты, анансавалі яны і візіт да пані Шумскай, але на вялікі жаль іх ужо не здолелі прыняць. Не судзілася ім пазнаёміцца! З-за неасцярожнасці жанчыны, якая пільнавала маладую маці — а яна ўжо папраўлялася, пані Марыя раптам патрапіла ў небяспеку. Выклікалі лепшых дактароў: Снядэцкага, Мікалая Мяноўскага, Баранкевіча, але яны з усёй сваёй навукай былі не ў стане вырваць яе з рук смерці. У вантробах была гангрэна, і яна мусіла памерці!.. Мой бацька, шматгадовы сябар гэтай сям'і быў папярэджаны, у прадчуванні жудасных наступстваў узяў свайго швагра Вайніловіча і ў трывозе разам з ім, гатовы да ўсяго, чакаў частку ночы на другім паверсе. Раптам унізе прагучаў жахлівы грукат… Усе скончылася! Мой тата са шваграм збеглі па сходах у пакой, дзе над целам прыгожай, добрай, шчаслівай і каханай Марыі плакалі абедзве маці і муж. З дапамогай слуг адарвалі бедных жанчын ад гэтага пакутлівага відовішча і з вялікай цяжкасцю вынеслі ў крэслах на другі паверх. Пана Шумскага, які вырываўся з усіх сіл, супакойваў і плакаў разам з ім мой бацька. Доктар усім пусціў кроў, бо ўсе аднолькава адчувалі страту. А маленькая сірата, нявінная прычына гэтага няшчасця, была ахрышчаная іменем сваёй маці і атрымала ў патронкі заступніцу ўсіх сірот. Мой бацька стаў яе хрышчоным бацькам і заўсёды пяшчотна любіў сваю маленькую дачку, мы таксама любілі яе, як родную сястру. Яна была прыгожай, мілай, добрай, як яе маці, якую яна ніколі не бачыла, але ўсім, нават рухамі, была да яе падобная. З гэтым суцяшэннем, з гэтай адзінай памяткай пра нябожчыцу Марыю, уся сям'я неўзабаве выехала ў Завер'е.

У той жа час, у Беларусі, у Сар'і, уласнасці Лапацінскіх, з’явіўся на свет малы Ігнась, які павінен быў стаць мужам другой Марылі, кахаць яе адну і захоўваць вернасць нават пасля яе смерці.

Канец 1822 г. стаў сумным і для маёй сям'і. Дзядуля Тызенгаўз увесну паехаў у Карлсбад і восенню вярнуўся вельмі слабы, паспеў яшчэ дабраславіць унучку, народжаную 5/17 жніўня ў Жалудку, і з надзеяй на такую самую радасць у Паставах, спакойны за ўсіх сваіх дзяцей, памёр у Вільні на пачатку кастрычніка. Мае бацькі, атрымаўшы паведамленне пра хваробу дзядулі, паспяшаліся па апошняе дабраслаўленне ў Вільню, а мы засталіся ў Дабраўлянах.

Вярнуліся бацькі ў глыбокай жалобе, наша маці ў доўгай, са шлейфам, сукенцы, абшытай белай стужкай, вітала нас у слязах і маўчанні. Яна пакідала цяжкае ўражанне. Мы таксама былі апранутыя ў чорныя сукенкі, увесь двор быў у жалобе, а слугі ў фраках з пучкамі распушчаных стужак на плячах, стваралі ўражанне бясконцага пахавання.

1823 год

Зіма зноў сабрала нас у горад. Жалобны крэп пакрываў вясельныя ружы заўсёды шчаслівай цёці Генавэфы і нават адкідваў цень на калыску яе першай дачушкі Эрманці (Германці). Не было і гаворкі пра танцы ў дзядзькавым доме, да іх збіраліся толькі на абеды і квартэты, але горад, як і раней, кіпеў. Меўся ён жыць такім жыццём яшчэ некалькі гадоў і такім застаўся ў памяці.

За гэтыя дзевяць зім, праведзеных у Вільні, з дакладнасцю гадзінніка, заведзенага ў разліку на некалькі гадоў, цягам усяго часу, павольна і незаўважна, як у калейдаскопе, змянілася ўся кампанія. Нам даводзілася па-чарзе жыць у розных дамах, з вокнаў дамоў Велька ці Самсона глядзець на Нямецкую вуліцу з усім яе Іерусалімам і амаль што штодзённымі пахаваннямі ізраэлітаў. Багатым ці бедным быў нябожчык, яго ўсё роўна везлі не інакш, як у куфры адным канём. Розніца паміж гэтымі пахаваннямі была толькі ў большым ці меншым натоўпе. З вялікіх вокнаў і балкона палаца Паца адкрываўся від на Ратушную плошчу, на стары касцёльчык св. Мікалая і яго паэтычную вежу, на краму літаграфій Лекае і клініку, пафарбаваную ў жоўты колер, з усім яе медыцынскім рухам. Вокны скляпеністага, у гусце Гуцэвіча49, салона дома Карпа-Плятэра, сёння Тышкевіча, выходзілі на чатыры ажыўленыя вуліцы, і вочы цікаўных дзяўчынак, якія беглі з урокаў да акна, бачылі на вуліцы тыя самыя акадэміцкія мундзіры, якія зніклі пасля 1831 г., пакрывалы-прасціны яўрэек, накінутыя на галовы, нібы плашч, лісіныя і сабаліныя шапкі яўрэяў і жоўтыя ці светла-зялёныя карэты, якія сёння дажываюць свой век у вясковых вазоўнях. Кожную карэту можна было пазнаць не толькі па конях, але нават па здалёк чутнаму грукату ці голасу фарэйтара. Дагэтуль памятаю цёмна-гнядога рысака доктара Галянзоўскага на віленскай вуліцы, а вялікія сіўкі ў яблыкі доктара Баранкевіча, здаецца, і сёння стаяць перад брамай яго сталай пацыенткі, хрышчонай маці нашага бацькі, шаноўнай пані Яновічавай50, чый зялёны папугай ціўкаў на балконе над элегантнай крамай пана Фёранціні і прывабліваў на вуліцу натоўп яўрэйскіх дзяцей. Пані Яновіч была ўжо вельмі старой, сухой, лёгкай, яе складана было абняць, бо яна, як птушка ці прывід, выслізгала з нашых рук, і мела такое далікатнае здароўе, што аднойчы прастудзілася праз раптоўна згаслую свечку.

Як весела мы ездзілі на Антокаль — узімку каля поўдня ў нашай аліўкавай падвойнай карэце, вясной на захадзе сонца ў жоўтым адкрытым і плыткім як дынька кочы51. Вільня багатая прыгожымі ваколіцамі, але мы ехалі на Антокаль, бо туды вяла лепшая дарога, не было гор, як у Бальмонце, і пяску, як у Закрэце. Было бліжэй, чым да Верак, больш разнастайна, чым у Рыбішках. І таму ахвотней, чым куды-небудзь, туды ехаў увесь модны і малады, а нават і пабожны свет.

Прадмовай да Антокаля былі бульвары, свежыя, вясёлыя бульвары, засаджаныя некалі радамі італьянскіх таполяў ад берагоў Віліі да Арсенала, адкуль далей ішла шырокая дарога. Сёння гэтыя бульвары ператварыліся ў вельмі небяспечныя траншэі якія ашчацініліся гарматамі, наведзенымі на мірных жыхароў горада.

Многія з тых, хто жыве сёння, памятае тыя прыгожыя вёсны саракагадовай даўніны, якія, пачынаючы з 4 сакавіка, нібы ў гонар апекуна Літвы (св. Казіміра — Л. Л.), адзначаліся вясёлымі працэсіямі, якія доўжыліся ўсю актаву (восем дзён свята — Л. Л.), і праходзілі па ўсіх вуліцах горада, нібы асвячаючы іх. Цэхі неслі харугвы, адзін з самых старых гараджан у кунтушу і канфедэратцы з булавой у руцэ паважна папярэднічаў каплану, за імі ішоў народ, а свецкая публіка, карыстаючыся цудоўным надвор'ем, высыпала на бульвары. Мусіла быць цёпла, бо дамы шпацыравалі ў лёгкіх сукенках. Дагэтуль у маёй памяці зіхацяць ліловыя і блакітныя шлафрокі княжон Чацвярцінскіх — Караліны і Элеаноры52, каля якіх як матылі раіліся маладыя людзі. Гэткія вобразы ніколі не старэюць… Хто тады быў маладым і прыгожым, такім і застаўся ў памяці сучаснікаў!.. Разам з княжнамі была іх кузынка Юлія Грахольская, потым жонка Генрыка Жавускага, якую больш сур'ёзныя паненкі выбіралі як ўзор для пераймання сціплага ладу. Тут была Каміла Тышкевічоўна, потым Слізень. Да мілых, калі не сказаць прыгожых, залічвалі Ванду Ванькавічоўну, маладую, вясёлую і багатую. Цэліна Сулістроўская з грэцкім профілем, дочкі прафесара Бэкю, высокія, як самыя рослыя мужчыны. Тры прыгожыя Белазароўны з прамяністымі вачамі. Дзве генералоўны Несялоўскія, чыя свежасць кампенсавала недахоп прыгожых рыс. Панны Пангоўскія з добрым пасагам, зграбныя сёстры Равінскія. Сціплыя княжны Любецкія, якія ў вялікім ландо прыязджалі са сваёй цёткай Плятэр (з Жабаў), тры падкамаранкі Залескія, дзве Ваўжэцкія, дзве Пузынянкі, дзве Вайнілавічоўны і г. д. і г. д.

Балі поўніліся акадэміцкімі мундзірамі, ім паўсюдна былі рады, і толькі ў адным доме, у салоне пані губернатаравай Горн53, на іх крыху касавурыліся. Кажу пані, а не пан губернатар, бо гордая сваім самым лепшым салонам у Вільні, пані губернатарава, называла яго mon salon і карала астракізмам тых, хто на яе думку крыўдзіў яе тым, што паварочваўся да яе спінай. А інакш і быць не магло, бо моладзь аддавала перавагу мілым і маладым тварам дзяўчат ці хоць бы падносам з марозівам і цукеркамі. Таму многія з тых, каго звалі «акадэмікі» (студэнты), былі выкраслены не з універсітэта, а з бальнага спісу гэтай марнай дамы, якая выйшла з намётаў французскай арміі, каб гадаваць дзяцей губернатара і стаць настолькі ганарлівай жонкай, што ўсё ніяк не магла нацешыцца са свайго «панства». Хоць і бландзінка, але італьянка па паходжанні, адрознівалася незвычайнай гвалтоўнасцю ў паводзінах і нявыхаванасцю, а муж яе быў абсалютным правінцыялам, і калі да яго прыходзілі з просьбамі, ён часта трымаўся за шчаку, і на пытанне: «Ці не флюс ў вас?», плаксівым голасам адказваў: «Не, гэта хатнія клопаты».

Жонка губернатара не мела ніякай адукацыі і таму не магла займацца выхаваннем нават уласных дзяцей, і калі яе старэйшая дачка выявіла незвычайныя здольнасці, яна знайшла ёй столькі выкладчыкаў, што беднае дзіця памерла ад запалення мозгу ва ўзросце дзесяці гадоў, а яшчэ напярэдадні вігіліі яе маці хвалілася гасцям, што дачцэ больш няма што вучыць — яна ўжо размаўляе на шасці мовах і добра ведае матэматыку.

Салоны былі больш-менш падобныя паміж сабой. Хоць і розныя па духу, але, на першы погляд, аднолькавыя, асабліва раней, калі кватэры арандавалі разам з неабходнай мэбляй. Таму аніводзін салон знешне не адлюстроўваў упадабанні гаспадароў і адрозніваўся ад іншых хіба толькі характарам прыёмаў.

Дом князёў Чацвярцінскіх вабіў чарамі гаспадарскіх дачок. Княскі дом быў заўсёды гасцінна адчынены, частыя абеды, кожную нядзелю вечар-карнавал з танцамі, падчас паста ладзіліся нейкія разумовыя забавы — шарады ці жывыя карціны, якімі звычайна кіравалі мая маці і пані Абрамовіч. Змест іх заўсёды быў гістарычны. Неяк Караль Пшаздзецкі з-за шнараў на лбе быў абраны рыцарам Баярдам. На наступны дзень ён казаў сваім сябрам: «Што робіцца, панове — мне ўчора загадалі быць Марсам». Ён не бачыў розніцы паміж Баярдам54 і Марсам.

Быў яшчэ і другі дом князёў Чацвярцінскіх з дачкой і зяцем Любецкім, з унукамі, якіх было так шмат, што іх не называлі па імені, а толькі Мак-Любецкімі, як якіх-небудзь Мак-Грэгараў. Іх бабуля Чацвярцінская (жонка Каласанты) маці Слізнёвай (у першым шлюбе), разумная матрона, шмат чытала, любіла вучоных людзей, але была выхавана па старой методыцы, якая не дапускала ніякіх змен нават у лепшы бок, і была моцна засмучаная, калі настаўніца яе ўнукаў панна Ларок вярнулася з вучонага вечара з весткай, што elementow больш няма, бо іх разабралі на першаасновы55 (у тэксце: «elementow больш няма, бо іх разабралі на pierwiastki»)! Спакой годнай матроны на некалькі дзён быў парушаны гэтай ерассю, кур'еры бегалі да вучоных, да спавядальніка, якім быў, здаецца, ксёндз Гіро, і толькі, калі ксёндз запэўніў яе, што гэта не адмяняе веру, у доме аднавіўся мір. Пытанні, якія так хвалявалі маці, падобна, ніколькі не парушалі спакой яе дачкі, тая была заўсёды абыякавай і ў маёй дзіцячай памяці засталася толькі як Німфа ў белым капелюшы, якога яна не здымала ані на балі, ані дома.

Людзі, якія жылі на Вялікай вуліцы і ў ранішнія гадзіны сядзелі каля акна, кожны дзень апроч нядзелі і святаў, бачылі як прыгожыя коні цягнуць дрожкі, занавешаныя фартухамі, а ў дрожках двух гожых маладзёнаў у сабаліных футрах у суправаджэнні сур'ёзнага настаўніка. Гэта былі маладыя графы Плятэры, якія кіраваліся на ўніверсітэцкія лекцыі. Увесь горад ведаў гэтыя дрожкі і гэтых графчыкаў, бо іх маці была адной з першых матрон у горадзе. Дом пані Апалінарыі быў заўсёды адчынены для гасцей, прыёмы яна ладзіла шчыра і па-старапольску — сытыя і гасцінныя, але без марнай паказухі, хоць і магла сабе гэта дазволіць. Маёнткам кіравала з мужчынскім розумам, сыноў любіла па-старасвецку — трымала іх у страху. Непрыгожая, мела мужчынскія рысы, вялікі твар, які рэдка калі асвятляўся ўсмешкай, хадзіла ўся выпрастаная, злёгку кульгала на адну нагу, апраналася ў сукенкі яркіх колераў з нізкім дэкальтэ і была даволі тоўстай, увішнай і дасціпнай. Нават, калі казала прыемныя рэчы, не ўсміхалася і здавалася, што папракае. Калі была паннай, не мела патрэбы кружыцца ў вальцы, усім было вядома яе багацце, і таму, казалі, што яна важыць мільён.

Ваўжэцкія — нашы сваякі. Старэйшы з братоў Тамаш56, быў вядомым ўсёй Літве і Кароне ваяводам, а яго сястру, жонку Марціна Бадэні, з-за яе арыгінальнасці, ведала ўсё Кракаўскае прадмесце. У Літве яны мелі толькі сястру пані Заверскую і брата, генерала прускіх войскаў57, уся гэтая сям'я была стрыечнай для майго дзеда Тызенгаўза. Пан генерал жыў у Вільні з другой жонкай з дома Гейдройцяў і меў шасцёра дзяцей. Усё ў іх хаце патыхала вясковай свабодай, да іх заўсёды можна было завітаць на абед альбо на вячэру. Мелі дзвюх дачок на выданне — Марыю і Феліцыю — і трэцяю — удаву Гейдройцеву ад першага шлюбу. Старэйшая дачка ад першага шлюбу некалькі гадоў як ужо была замужам за Мяйштовічам. Падрастала яшчэ некалькі дзяцей: Юзя, Олюсь, Люцыя. Усю зіму ў іх доме квітнелі гіяцынты, а па вечарах сядалі вакол круглага стала і рабілі штучныя кветкі. Маці характарызавалася салодкімі словамі на вуснах і Марсам на чале. Казалі, што яна была красуняй у маладосці, сляды гэтага засталіся толькі ў яе далікатных рысах, але цяпер не была ўжо прыгожай, ступала няпэўна і наогул выглядала як раней часу састарэлая жанчына, нават побач са сваім мужам, старэйшым за яе на дзясятак гадоў. Пан генерал хадзіў выструнены, быў высокі, худы, бледны і цалкам супрацьлеглы свайму вельмі тлустаму, але гарачаму брату-ваяводзе, быў флегматыкам, з нязменным пяром для зубоў, якім калупаўся падчас паўзаў у размовах ці нават падчас балю. З кожнай дамай у размовах цадзіў напаўфранцузскія, напаўпольскія кампліменты, не выпускаючы па пятнаццаць хвілін іх ручкі са сваіх далоняў. Памятаю, быццам гэта было ўчора, як прыгожая Феліцыя, старэйшая і найпрыгажэйшая з сясцёр, з дробнымі і далікатнымі рысамі твару і кучаравымі валасамі, у белай атласнай сукенцы, была заручаная з маршалкам Феліксам Сясіцкім. На некалькі гадоў маладзейшая за яе сястра Марыя ў 1827 г. выйшла замуж за князя Аляксандра Пузыню. Сёстры былі ўпрыгожваннем віленскіх баляў, але іх маці заўсёды лічыла сваіх дачок малымі дзецьмі, бо калі якая з іх, разгарачаная танцамі, дабіралася да марозіва ці халоднага ліманаду, крычала ім з другога канца залы: «Нельга! Феліцыя! Марыя!.. Розгі!».

На страницу:
4 из 9