У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Полная версия

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Язык: Русский
Год издания: 2026
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 9

Бацькава сястра прыехала ўзімку ў Вільню на стала. Яе муж Ян Вайніловіч, слуцкі падкаморы, родам з «сапліцовага краю»37, быў чынным членам Радзівілаўскай камісіі — установы, якая займалася большай часткай інтарэсаў нясвіжскай ардынацыі і апекай над яшчэ малалетняй княжной Стэфаніяй пасля смерці яе бацькі Дамініка Радзівіла. Гэта справа некалькі дзесяцігоддзяў разглядалася ў мурах некалі радзівілаўскага палаца пад назвай Кардыналія па вуліцы Святаянскай38 у Вільні.

Вайніловічы прыехалі з вялікім дваром і шасцю дзецьмі. Старэйшы сын Мікалай пачаў вучыцца ва ўніверсітэце, дочкі падрасталі і таксама вучыліся, а самы малодшы Люцыянак, мой аднагодак, быў нязносным дзіцёнкам не толькі для сямейнікаў, але і для гасцей. Пасяліліся ў доме пралата Багуслаўскага на вуліцы Замкавай і пражылі там да 1827 г. Яны адразу пачалі весці хутчэй вясковы, а не гарадскі лад жыцця — без марнатраўства і паказнога шыку. Дом быў па-вясковаму адкрыты, на абед можна было прыйсці без запрашэння, і тыя, хто адчуваў голад ці смагу, знарок заходзілі туды, з парога прасілі вады з сокам, гарбаты ці адборнай вяндлінкі.

Наша цётка не была падобная да свайго брата, але іх яднала шчырая сваяцкая любоў. Мой бацька ведаў, як сумясціць сістэматычнасць, пунктуальнасць і добрасумленнасць, якія так цаніла яго сястра, з таварыскім шармам, рэдкім нават у тыя часы, калі мець свабоду думкі было значна прасцей, чым сёння. Бацька быў вясёлы, гнуткі, абаяльны і дасціпны, бясконца актыўны і чынны ва ўсіх справах і для ўсіх класаў. Любоў да выяўленчага мастацтва і рамёстваў прыводзіла яго да рамеснікаў, і ён ведаў іх усіх, ды так, што тыя, хто суправаджаў яго на шпацыры ці проста крочыў з ім праз горад, шчыра ўпікалі бацьку за тое, што стаміліся здымаць капялюш і раскланьвацца.

Наша цётка была больш сур'ёзная за свайго брата, рэдка калі вясёлая, часта і панурая, але справядлівая і строгая з дзецьмі. Нават цень правіны яна брала блізка да сэрца і беды сваіх сяброў перажывала нібы свае ўласныя. Дом дзядзькі і цёткі стаў для нас амаль сваім, мы хадзілі адзін да аднаго ў госці і разам адзначалі ўсе святы.

Сярод асоб, якія нас наведвалі, я памятаю вышэйзгаданую пані Дароту Лапацінскую ў ружовай шаўковай сукенцы. Яна прыязджала проста ад ложка свайго хворага мужа і спяшалася вярнуцца, каб ніхто апроч яе не падаў яму лекі.

Бывала ў нас і сям'я Кубліцкіх. Старэйшая з сясцёр Эмілія ў познім веку выйшла замуж за мастака Смакоўскага, самая малодшая Анетка выдадзена за Юзафа Беніслаўскага, самая прыгожая Валянціна — за Солтана, а Актавія была заручана з Юзафам Шумскім. Браты гэтых паненак Адольф і Станіслаў ужо вучыліся ва ўніверсітэце.

Тыя, хто чытаў успаміны Франка39, ведаюць пра уплыў мужа і жонкі Франкаў на музычны рух у Вільні, які ўжо заканчваўся, бо доктар Франк за некалькі дзесяцігоддзяў свайго знаходжання ў Вільні сабраў даволі вялікі фундуш, які дазволіў яму спакойна правесці рэшту свайго жыцця і пераехаць з жонкай у Італію, на бераг прыгожага возера Кома. Нібы ў сне, я памятаю гэтую пару: лысіну мужа, італьянскі твар і рэзкае сапрана жонкі, а таксама прыгожае кантральта яе вучаніцы панны Бальбіяні. Установа дабрачыннасці, якая існуе 10 гадоў, шмат у чым абавязана таленту пані Франк, якая брала чынны ўдзел у спектаклях для дапамогі бедным гараджанам. Яны паставілі нават оперу «Рамэа і Джульета», партыю Рамэа спяваў тэнар з Дрэздэна Тарквінія. […]


Вярнуліся на вёску, і маці пачала свае працы ў садзе, кожны год дадавала новую аздобу, як жывапісец дарабляе карціну. Заахвочвала яе суседка пані Мастоўская з Царклішак, якая таксама была майстрам садоўніцтва. Не зайздросцячы, а радуючыся, калі камусьці з іх удавалася зрабіць лепш, давалі парады адна адной і дзяліліся насеннем. А мой бацька спаборнічаў з панам Абрамовічам з Варнянаў адносна будынкаў і іх мастацкага аздаблення. Ён меў дзіўны талент і ўдачу знаходзіць сапраўдныя цікавыя антыкі і кожны раз прывозіў дадому статуэтку, вазу ці нават карціну. І вось аднойчы яму ўдалося выратаваць ад нейкага цесляра, размаляваныя золатам у птушкі і кветкі панелі ад карэты Людовіка XVIII, яны ляжалі за печкай і як сухое дрэва прызначаліся на палітры для мастакоў. Больш за тое, для гэтага ж прызначалася і карціна Лукі Джардана40 «Галава старога». Такім жа чынам ён адкрыў выдатныя скульптуры ў рэнесансным стылі, якімі ўпрыгожылі садовыя канапы. Скульптуры імітавалі пясчанік, для чаго майстар выкарыстоўваў алей і пясок.

Будынкі і іх аздоба цікавілі майго бацьку. Адны з іх стаялі ў садзе, іншыя стваралі відарысы за садам — масток, брама, а вяндлярня ў выглядзе гатычнай вежачкі, нібы сярэднявечны замак, стаяла за вадой на ўзгорку. У дзень, калі будаўніцтва вяндлярні заканчвалася, было поўнае сонечнае зацьменне, і мой бацька, жадаючы заінтрыгаваць муляроў, абяцаў ім добры падвячорак, калі закончаць работы да ночы. Якім жахам для іх стала ноч адразу пасля поўдня!

Упрыгожваннем саду стаў помнік вернаму сабаку. Бацька замовіў у Вішневе ў дзядзькі Храптовіча чыгунную пліту з надпісам: «Нявіннасць — вернасці», мелася на ўвазе, што табліца пастаўленая ў памяць пра вернага сабаку дзецьмі.

Гэты сабака Вісус быў узяты ў бацькавага сябра біскупа Дадэркі, які апроч сваёй пабожнасці, быў вялікім арыгіналам. Напрыклад, калі да яго прыязджалі нават загадзя запрошаныя госці, ён заўсёды ўдаваў здзіўленне, клікаў слугу Кірыла, каб загадаць яму пачынаць працу над абедам. У той жа момант адчыняліся дзверы ў асветленую залу, і ўсе бачылі стол, накрыты з найвялікшай пышнасцю. Абед складаўся з тузіна страў, і ксёндз-біскуп публічна дзякаваў Кірылу за тое, што той ўвішна выканаў загад гаспадара. А яшчэ, звычайна, прасіў прабачэння ў гасцей, што віно старое, а не маладое, што масла свежае, а не з’ялчэлае.


У тую ж восень я сур'ёзна захварэла: пашырэнне зрэнак і моцныя курчы ўказвалі на запаленне мозгу, прынамсі, так казаў доктар, але мая маці, спрактыкаваная ў лячэнні дзяцей, з дапамогай мацярынскага інстынкту знайшла крыніцу хваробы. Гэты былі нейкія чарвякі, якія распладзіліся ў тлустым, наўпрост ад каровы, малаку. Вылечаную дбаннем доктара Ляйбошыца41, а яшчэ больш апекай маці, мяне нарэшце прывезлі ў Вільню, дзе я хворая і слабая, неўзабаве стала моцнай дзяўчынкай, і гледзячы на англійскую гравюру з выявай уваскрашэння дзіцяці Іллём, што вісела над маім ложкам, сказала Ляйбошыцу: «Гэтае дзіця — я, а прарок — вы». Камплімент, узяты са Старога Запавету, дагадзіў лекару-іўдзею, і, задаволены хадой лячэння, ён дакрануўся да свайго твару са словамі: «Панове, за гэта выздараўленне, я сам сябе хацеў бы сюды пацалаваць». Старазапаветны яўрэй доктар Ляйбошыц апранаўся аднак па-нямецку — у сіні фрак, панчохі і чаравікі, бараду галіў і на сваёй лысай галаве не насіў ярмолкі. Прыгожы, тоўсты, з белым тварам і значнымі рысамі, ён не быў падобны да яўрэя, і яго паходжанне выдаваў толькі акцэнт. Менш адукаваны, чым Франк ці Снядэцкі, але вялікі практык, ён быў больш шчаслівым і дакладным за іх у лекарскай справе і, ратуючы пані Марцінкевіч з Жабаў ад прысуду ўсяго факультэта, які пастанавіў лячыць ад вадзянкі, выратаваў ёй жыццё, бо дазволіў прыродзе ісці сваім шляхам. Зрабіў гэтак, бо верыў у магчымасць паўтору цуду з Сарай і Абрагамам са Старога Запавету. Дзякуючы яго веры, пані Марцінкевіч на пяцідзесятым годзе свайго жыцця, пры вялікім здзіўленні і замяшанні ўсяго медыцынскага факультэта, нарадзіла дачушку, якая жыве і сёння — графіню Аліну Плятэр, жонку Стэфана, маці Адама і Густава.

Доктар Ляйбошыц быў лекарам лепшых сямействаў Літвы, яны маглі лячыцца толькі ў свайго любімага Ляйбуні. Меў сваю канцэпцыю ўяўных хвароб і, калі не мог давесці жанчынам, якія самі сабе ставілі дыягназ, што яны насамрэч здаровыя, даваў ім цукровую пудру, але па рэцэпце і з аптэкі — гэтак іх і вылечваў. А паннам, захопленым танцамі, калі гэта шкодзіла іх здароўю, бо перанапружвала ногі, ставіў гарчычнікі на ступакі і прымушаў сядзець дома. Калі мае бацькі чакалі першае дзіця, мой, сістэматычны ва ўсіх справах, бацька хадзіў да доктара Ляйбошыца і прасіў падрабязна расказаць, як правільна і гігіенічна гадаваць дзіця, на што Ляйбуня з вялікай сур'ёзнасцю адказаў: «Мой пане! Правіла адно — хай будзе дурное, але здаровае». Бацька засмяяўся, а доктар, не змяняючы ані тону, ані выразу твару, зноў паўтарыў тое самае. Калі бацька перастаў смяяцца, доктар расказаў пра сваіх унукаў — Якуба і Юзафа. Юзафа лічылі вельмі разумным, але ён меў слабае здароўе і нарэшце здурнеў, а Якуб рос вольна, лічыўся дурным і з часам паразумнеў. «Таму, паўтараю яшчэ раз, мой пане, хай будзе дурным, але здаровым», — закончыў дасведчаны лекар.

Бацька прыняў гэтую параду і з таго часу стараўся развіваць сваіх дзяцей фізічна, а не разумова, каб у здаровым целе была здаровая душа. Раслі мы дурнымі ці разумнымі, вырашаць не мне, я толькі ведаю і магу вас у гэтым запэўніць, што дзякуючы Богу, нашым бацькам і Ляйбошыцу, усе мы выраслі здаровымі.

На кожны выпадак ці пытанне ў добрага Ляйбуні меўся адмысловы анекдот, і ён, наогул, любіў гаварыць прыпавесцямі. Калі нейкі пацыент папракнуў яго тым, што не вылечыў яго адразу, доктар расказаў яму пра селяніна, які насыціўся толькі калі з'еў дваццаць абваранкаў. Пасля чаго напаў на гандлярку-яўрэйку, чаму тая адразу не прадала яму такога абваранка, каб ён адразу не адчуваў голаду. «Што ж, панове, калі першыя лекі не падзейнічаюць, я дам наступны абваранак». Ляйбуня быў лекарам яшчэ майго дзеда, і яго любіла ўся мая сям'я.

Прагны да ўсялякай навукі дзядзька Канстанцін, ведаў таксама трошкі і медыцыну і часта выпісваў рэцэпты пад дыктоўку Ляйбошыца. Але быў ён вясёлы фігляр і аднойчы, нібы хворы лёкай лёг за шырму ў бацькоўскім перадпакоі. Каб яго не пазналі, размаляваў сабе твар і так перавязаў руку, каб на абодвух руках не супадаў пульс. Пераказаў лекару супярэчлівыя і немагчымыя сімптомы хваробы, і добры Ляйбуня моцна сканфузіўся. Але смех «хворага», па якім і пазналі жартаўніка, адкрыў усю праўду.

1821 год

Зіма пасля майго выздараўлення запомнілася тым, што нас, дзяцей, спакваля сталі вабіць спакусы віленскага вышэйшага свету, бо жылі мы тады ў доме Мюлера, дзе мелася зала для вялікіх публічных сходаў. Па суботах, у дні маскарадаў, нашы дзіўна пераапранутыя панны ў масках збіраліся тут, і праз шкляныя дзверы мы не раз бачылі прыбраных дам, якія па сходах кіраваліся ў казіно ці на канцэрт. Аднаго разу ўначы нас абудзіла самлелая ў бальным строі паненка, і пакуль нашы служкі ажыўлялі прыгожую як анёл панну, бледную ў белым і ў вянку з кветак, яна спытала ў выкліканага доктара: «Ці змагу я пайсці на заўтрашні баль?».

Гэтай самлелай танцоркай была панна Антаніна Сулістроўская, а лячыў яе доктар Андрэй Снядэцкі, які тады і не здагадваўся, што прыгожая пацыентка праз восем гадоў стане яго нявесткай. Яго адзіны сын Юзаф на той час падарожнічаў за мяжой і, магчыма, вучыўся там.


Вільня была перапоўненая вайскоўцамі. Пецярбург на ўсю зіму прыслаў сюды сваю гвардыю. Камандаваў ёй брат імператара вялікі князь Мікалай, будучы цар. Ён не наведваў публічныя сходы, ні з кім не сябраваў, яго бачылі толькі на плошчы перад катэдрай, дзе ён голасна муштраваў жаўнераў і ўласнаручна запісваў сотні палак на іх плечы. І часта гэтым няшчасным ён дадаваў нулік да ранейшая колькасці палак.

Афіцэры гвардыі вышэйшага і ніжэйшага рангу танчылі ў казіно і заваёўвалі там неўмацаваныя сэрцы. Помсцячы ім, студэнцкая моладзь паслала на маскарад яўрэйчыка, нібы краўца з гвардзейскім мундзірам на руцэ а разам з мундзірам — жаночыя маскі з надпісам: «За мундурам — панны шнурам» (Прымаўка мае працяг: «За мундурам — панны шнурам, за сутанай — цэлай бандай». — Л. Л.). Гвардзейцы, жадаючы адпомсціць за гэты жарт, на чарговы маскарад прывялі студэнта з аслінымі вушамі, але своечасова папярэджаныя студэнты, дачакаліся прыходу нібыта свайго калегі і прыклеілі яму на спіну падрыхтаваную запіску з надпісам: «Кандыдат у гвардыю». Лёгка ўявіць, як гэты надпіс, прачытаны ўсімі ўголас, выклікаў замяшанне аднаго боку і спрыяў трыумфу другога42.

Вясной адбыўся агляд гвардыі. Узначаліць яго прыехаў імператар Аляксандр, і сабраныя з усёй губерні жыхары рыхтавалі ў ратушы шыкоўны баль. Па дарозе з Пецярбургу ў Вільню імператар абедаў у Царклішках у маладога маршалка Мастоўскага і, пачуўшы пра баль, растлумачыў, што не можа згадзіцца на прапанову прыняць баль, бо пасля цяжкага падарожжа выглядае не лепшым чынам і не здолее так хутка прывесці сябе да ладу.

— Эх! Гэта дробязь! — закрычаў маршалак, смелы нават з самаўладцамі.

— Дробязь? — спытаў здзіўлены цар.

— Так, дробязь! — паўтарыў смелы Мастоўскі — Цар заўсёды прыгожы!

Імператару не хапіла рашучасці адмовіцца ад балю, на які з'ехаліся прыгажуні ўсёй губерні. Была на гэтым балі і цётка Зоф'я, якая, як звычайна, прыехала з Парыжа на традыцыйныя святаянскія кантракты, і, запрошаная арганізатарамі, разам з сенатаравай Агінскай ушанавала баль сваёй прысутнасцю. Асабіста знаёмая з імператарам з 1812 г., яна была аб'ектам яго захаплення, пакуль была маладой і прыгожай. Усім гэтым заслужыла павагу імператара і падтрымлівала сяброўства з ім нават тады, калі яе прыгажосць згасла. Імператар Аляксандр і яго брат мелі розныя характары, цар не спыніўся на адной вечарыне і не толькі прыняў баль, але і наведаў некалькі знаёмых дам, у тым ліку і маю цётку, што звычайна і рабіў, калі яны апыналіся непадалёку. Калі ён знаходзіўся ў пані шамбеляніцавай Сулістроўскай43, яе пляменніца графіня Вяльгорская, наліваючы гарбату, спытала цара, якой гарбаце ён аддае перавагу. Аляксандр адказаў: «Якая вам самой найбольш падабаецца». І калі яна падала яму філіжанку, дарэмна Найяснейшы пан боўтаў лыжачку і ўсё ніяк не мог атрымаць звычайны для яго смак. «Ці мне толькі здаецца, што ў гарбаце няма цукру?» — спытаў ён у прыгожай Хебы. «Сапраўды, няма», — адказала летуценная паненка. «А чаму?» — сказаў здзіўлены імператар. «Таму, што Найяснейшы пан пакінуў выбар за мной, а я наогул ніколі не дадаю цукру». Гэты адказ вельмі спадабаўся імператару, бо для яго гэта было нечым новым — яму, манарху, заўсёды ўсе дагаджалі.

На балі ўсе мужчыны мелі напудраныя галовы. Былі тут і студэнты з больш багатых сем’яў.

Праверкі гвардыі не абмежавалася вялікім аглядам, і летам працягваліся частковыя агляды, для чаго пяць тысяч гусараў пад камандаваннем фельдмаршала Сакена, прыбылі на землі Дабраўлянаў. З фельдмаршалам прыехалі і пасяліліся на адным з дабраўлянскіх фальваркаў дзве яго сястры, сівыя ўжо панны. Падрыхтоўка да параду забаўляла дзяцей, але не іх бацькоў і не сялян, бо парад павінен быў адбыцца ў час жніва. Жаўнеры павытоптвалі шмат палёў, у маёнтках і ў фальварках, адбіралі фураж з стайняў, абораў і нават з гумнаў. Жадаючы пракарміць пяць тысяч жаўнераў, ставілі на пастой па 15 жаўнераў з коньмі на адну хату.

Памятаю, як раптам нашы маленькія пакоі запоўніліся вайскоўцамі ў прыгожых гусарскіх мундзірах. Князі Гагарын і Васільчыкаў, палкоўнікі Грабэ і Рыд, выхаваныя асобы з арыстакратыі ў высокіх чынах, прыязджалі на прыгожых конях, размаўлялі на прыгожай французскай мове, частавалі дзяцей цукеркамі і шампанскае пілі як ваду.

Падрыхтоўка да гэтага агляду ішла вельмі доўга, і афіцэры, якія стаялі па фальварках, каб неяк забіць час, ладзілі для сябе абеды ў гумнах, у якіх выпілоўвалі вокны і танчылі самі з сабой. Аднак нельга было скардзіцца на гэтых няпрошаных гасцей, бо вялікіх злоўжыванняў яны не чынілі, хіба толькі нас абцяжарвала іх колькасць, а на палях асыпалася збожжа, бо гумны былі занятыя да сярэдзіны жніўня.

У тое ж лета Дабраўляны наведалі сем'і, якія жылі разам як адна сям'я — Мірскія і Шумскія. Дзве сястры-ўдовы вельмі любілі адна адну і вырашылі жыць неразлучна. Каб яшчэ больш узмацніць стасункі, яны злучылі сваіх вясёлых, сардэчных і тоўстых дзяцей — Марыю і Станіслава (Мірсю і Шумсю, як яны самі сябе называлі). Гэтыя пані былі з дому Кашыцаў, усіх іх разам было шэсць сясцёр — апрача Мірскай і Шумскай, яшчэ Шамёт, Грабніцкая, Страшэвіч і Турчыновіч. Турчыновічаў я ніколі не сустракала, нават і не ведаю, дзе яны жылі. У той час як іх іншыя сем'і з намі сябравалі і складалі шэраг шляхетных, сардэчных і любячых адзін аднаго асоб вакол нас. Сёстры мелі дзяцей Станіслава, Юзафа і Басю Шумскіх, а таксама Марыю і Анэлю Мірскіх. Іхні брат Напалеонак, улюбёнец маці, быў пятнаццацігадовым юнаком, яшчэ насіў доўгія валасы і адкладны каўнер, з якога ўжо выглядаў твар будучага віленскага Дон Жуана.


Канец 1821 г. у нашай сям'і быў адзначаны жаніцьбай двух маміных братоў. Ужо вясной малодшы Канстанцін заручыўся з паннай Валерыяй Ванькавічоўнай, чыя старэйшая сястра Клемянціна колькі гадоў, як была замужам за Эдвардам Мастоўскім, а малодшая Ванда праз чатыры гады выйшла за Бенядзікта Тышкевіча. Гэтыя сёстры асірацелі ў 1812 г. (бацькі памерлі ад тыфу), мелі маці з Солтанаў, і выхоўвала іх бабуля Ваньковіч, якая разам з яшчэ некалькімі матронамі, стварыла ў Вільні асобны свет, забаваю якога былі гульні ў цвік (картачныя гульня распаўсюджаная ў часы караля Станіслава Аўгуста — Л. Л.).

Не па гадах разважлівая і сур'ёзная шаснаццацігадовая Валерыя пасля дзядзькавай прапановы думала цэлы месяц, каб 1 красавіка канчаткова пагадзіцца на шлюб з прэтэндэнтам на яе руку. Дата была абраная цалкам выпадкова, але тое, што прызнанне выпала на дзень, калі ўсім дазволена беспакарана жартаваць, спачатку крыху збянтэжыла жаніха. Пасаг складаў паўмільёна злотых, а вяселле мусіла адбыцца ў Ваньковічавых Лучаях, што ў Вілейскім павеце, 19 снежня ў дзень св. Валерыі, пасля індулта (дазволу, выдадзенага біскупам — Л. Л.) падчас адвэнту (перадкаляднага паста — Л. Л.) і таму без танцаў, без гасцей за выключэннем неабходных сведкаў. Затое вяселле старэйшага брата Рудольфа з паннай Генавэфай Пуслоўскай адсвяткавалі па-старасвецку, гучна і шматлюдна, як і пераносіны маладых. Выкліканыя маладым панам у першыя дні кастрычніка, мы ўсе разам прыехалі ў Жалудок Гарадзенскай губерні.

Хаця дзядзька Канстанцін быў маладзейшы і разумнейшы за дзядзьку Рудольфа, шлюб старэйшага з братоў меў больш паэтычны і сардэчны характар, чым шлюб малодшага. Старэйшы ўзяў на мільён менш багатую і на два гады старэйшую, але затое больш прыгожую жонку, а падрабязнасці іх знаёмства нагадвалі любоўны раман. Колькі разоў расчараваны кавалер сярэдняга веку знудзіўся самотным жыццём і выправіўся са свайго маёнтка паляваць у палескія лясы. Па дарозе сустрэў вялікі поезд, які ехаў на фэст у Жыровіцы, адно з цудадзейных месцаў Літвы. Гэта былі сем'і Пуслоўкіх-Любецкіх і Сцыпіёнаў з дадаткамі Барэйшаў і Леяў, якія заўсёды трымаліся разам. Нехта з іх пазнаў майго дзядзьку і падвёў яго да вялікай карэты, у якой сядзела шэсць ці восем жанчын. Сярод старых твараў, якія за шкельцамі акуляраў мружылі свае вялікія вочы (бо ўсе Любецкія мелі вялікія пукатыя вочы і слабы зрок), яго зачаравала маладая, свежая, вясёлая і сціплая асоба. Гэта была панна Генавэфа (Жанеўева), малодшая з дзяцей Пуслоўскіх і адзіная дачка сярод шасці сыноў. Знаёмства адбылося лёгка, ён адразу ж з ахвотай пагадзіўся на прапанову ехаць разам у Жыровіцы і падобна сеў у карэту разам з дамамі.

Калі мэтай пілігрымкі быў лёс маладой Генавэфы, дык яе дасягнулі ад самага пачатку, бо неўзабаве адбыліся заручыны і праз год шлюб. Як не паверыць, што сам Бог арганізаваў гэта спатканне і кіраваў маладымі сэрцамі? Па-праўдзе дзядзька быў ужо не першай маладосці (1783 г. н. — Л. Л.), але выглядаў добра і яшчэ больш выйграваў пры блізкім знаёмстве. Відаць, ім было наканавана пабрацца шлюбам, кахаць і радаваць адна аднаго.

Мая маці, пакліканая братам ў гаспадыні, прыехала ў Жалудок на некалькі дзён раней за маладых. Яўрэйскі кагал у мястэчку сустрэў нас вялікім парадам з прамовамі і пачастункамі, каля брамы двара чакалі сяляне з вянкамі і караваем, гэта была рэпетыцыя сустрэчы маладых. Аднапавярховы і стары драўляны жылы дом, адрамантаваны ўнутры, меўся служыць маладым і сваякам маладой пані. Для гасцей кватэры абсталявалі ў афіцынах, нас пасялілі ў садзе каля аранжарэі.

Мой бацька, запрошаны на вяселле, знаходзіўся ўжо ў Песках, маёнтку Пуслоўскіх. Усім кіравала мая маці, яна праводзіла працяглыя нарады з эканомам, які быў рады колькасці кухараў і ўсялякім прыпасам і толькі здзіўляўся, што ані з лядоўні, ані адкуль яшчэ, немагчыма дастаць лёду. Раптам, як быццам праз чары чарнакніжніка, уначы ляснуў моцны мароз, і ў ставах, і каналах вада замерзла на некалькі цаляў. На раніцу прыбеглі і далажылі маёй маме, і яна загадала спяшацца, бо мароз будзе непрацяглы. І сапраўды, ледзь паспелі распілаваць і завезці лёд у лядоўню, як вызірнула сонца, і цудоўнае надвор'е стаяла ажно да прыезду маладых.

Тым часам збіраліся госці, запрошаныя на пераносіны маладых у новы маёнтак. Сярод іх было шмат тых, хто прысутнічаў на шлюбе і ехаў цяпер паперадзе вясельнага картэжу: сям'я Канстанціна Пшаздзецкага з Валыні, жонка Фелікса Патоцкага з Пацаў і яе брат Людвік Пац, Адам Храптовіч і г. д. — усе кузыны і кузэны маладога пана. Сам ён прыехаў ясны як сонца, на расстаўленых па дарозе конях, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, каб падзяліцца сваім шчасцем з сястрой, каб падагнаць служкаў і нават гасцей, бо умеў і любіў рабіць гэта, пры тым, што меў самае лепшае сэрца. Тым часам вясельны картэж рухаўся павольна, начаваў і харчаваўся ў фальварках маладога, пераробленых для гэтага ў прыгожыя рэзідэнцыі. А калі змяркалася, абапал дарогі палалі бочкі з дзёгцем і асвятлялі шлях. Гэта было каралеўская працэсія, бо шчаслівы малады вёз сапраўдную каралеву свайго сэрца.

Калі надышоў дзень прыезду нявесты, мая маці — сястра жаніха, сустрэла маладых з хлебам і соллю, пані Патоцкая ахвяравала ключы, а яе дачка — соты з мёдам і г. д. Наша маці пасля сняданку вярнулася дадому, каб адпачнуць перад вячэрай і балем. Яна расказала нам, што маладая прыехала на чале працэсіі ў двухмесным экіпажы з маці і цёткай — пані Сцыпіён44 (абедзве — сёстры міністра Любецкага), і маладую было ледзь бачна з-за галовак цукру, аздобленых стужкамі, залатой паперай і скруткамі пергаменту, з-за вянкоў збожжа і караваяў — падарункаў сялян і яўрэяў. На ёй было зялёнае паліто, аздобленае лебядзіным пухам і белы капялюш з пёрамі. У гэтым адпаведным бландзінцы ўборы, яна выглядала прыгожай і настолькі ўзрушанай, што кінулася ў абдымкі да сваёй братавай — маёй маці і пяшчотна прыгарнулася да яе. Гэта было залогам сяброўства, якое з першай сустрэчы захоўвалася да яе хуткай смерці.

Звечарэла. Нас апранулі ў белыя вышываныя сукенкі і завезлі ў моцна асветлены палац, пакоі якога ўжо запоўнілі госці, і дзе я з букетам жывых кветак пільнавала, калі адчыняцца дзверы ў пакой маёй новай цёці, каб вітаць і паднесці ёй кветкі. Пасля гадзіннага чакання падвойныя дзверы расхінуліся, і ў суправаджэнні шматлікіх кузынак маладая выйшла ў ружовай сукні з дыяментавай лілеяй у валасах. Я выбегла на сярэдзіну пакоя і аддала ёй букет. «Як ты пазнала сваю цёцю?». Мой адказ быў шчырым, яго ўсе падхапілі, але змянілі на: «Па прыгажосці і ўбранні». Па-праўдзе перш за ўсё мне ў вочы кінулася сукенка, і толькі з другога позірку я ўбачыла, што мая цётка вельмі прыгожая. Абед накрылі ў вялікай зале. Танцы пачаліся адразу пасля абеду, доўжыліся да позняга вечара і скончыліся салодкай вячэрай.

Заўтра, на другі дзень, свята спынілася, частка гасцей разышлася, засталіся толькі самыя блізкія. Хто не ведае такіх «заўтра» ў коле блізкіх сваякоў пасля бурлівага свята? І хоць абедзве сям'і маладой пары толькі што сустрэліся, ніхто ўжо не адчуваў сябе чужым. Раніца праходзіла ў шпацырах і паездках, надвор'е, нягледзячы на познюю восень, было амаль што вясновае. Увечары чыталі віншаванні ад кагала, памятаю, было шмат смеху з-за вершаў, упрыгожаных гірляндамі, атрыбутамі кахання і Гіменея.

Гэтае вяселле было адным з апошніх, якія так шыкоўна святкавалі ў Літве. На ім хоць і трымаліся старых звычаяў, аднак яно адрознівалася ад ранейшых не толькі багаццем і добрым густам, але і парадкам, ладам і клопатам пра служак, колькасць якіх перавышала колькасць усіх дам, служкі мелі свайго кухара, стравы, дэсерт і нават абслугу.

Наша новая цёця мела вельмі вялікую сям'ю. Перш за ўсё — бацькі. Яе тата, Войцех Пуслоўскі45, кунтушовы46 стары, быў вялікім элегантам — на вяселле дачкі справіў сабе амаль столькі ж шаўковых кунтушоў, колькі было сукенак у яго дачкі, а мела яна іх вельмі багата пасля паездкі ў Парыж і Варшаву. Яе маці — княжна з Любецкіх, мела сястру Сцыпіёнаву, якая сваю адзіную дачку выдала за свайго брата-міністра. Яе дачка — жонка міністра дапамагала на вяселлі і пераездзе і пры гэтым карміла грудзьмі дачушку Генавэфку. З пяці братоў цёці памятаю толькі пятнаццацігадовага Ксаверыка і Вандалінка, майго аднагодка, які, як і яго бацька, быў апрануты ў жупан і кунтуш.

На страницу:
3 из 9