У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Полная версия

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Язык: Русский
Год издания: 2026
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
7 из 9

Дом маладажонаў быў узорна адчынены для ўсіх. Падчас Вялікага паста гралі ў гульні, сталы поўніліся гравюрамі, літаграфіямі і карыкатурамі, якія не давалі знудзіцца тым, хто не любіў карты ці гульні. І нават малыя вечары за партыяй у віст (які вельмі любіла пані генералава) не абыходзіліся без вячэры, як быццам неахвотна і выпадкова пададзенай на малых століках, што добра ўмела рабіць гаспадыня, без ведама якой ніхто не меў права ані атрымаць, ані даць хоць нават кавалак хлеба. І тоўсты камердынер Кабялянскі выдатна граў камедыю. На пытанне пані, сказанае тонкім голасам: «Кабялянсю, што там маеш?», ён густым басам пералічваў: аленіна, кампот і г. д., так, што і да сёння ў маёй сям'і падобныя вячэры маюць назву «a la, Кабялянсю, што там маеш?».


У маі адбыўся шлюб самай багатай пары Літвы, бо Бенядзікт, старэйшы сын велятыцкага старасты Тышкевіча, жаніўся з самай маладой з Ванькавічанак Вандай, яму вельмі быў патрэбны жончын пасаг.

Падчас вяселля панны Ванды прыйшла вестка пра нараджэнне дачушкі (трэцяга дзіцятка) у дзядзькі Канстанціна, ахрышчанай Аленай. Праз два гады ў яго нарадзілася дачка, якая атрымала імя бабулі — Марыя.

Той самай вясною, у красавіку, ажаніўся будучы аўтар «Літоўскіх малюнкаў» Ігнат Ходзька, вядомы да гэтага сваімі масонскімі песнямі. Мы пазнаёміліся падчас спектакляў для бедных, калі ён, каб растлумачыць некалькі сцэн з «Вызваленага Іерусаліма», дэкламаваў на сцэне сваім насавым, спеўна-ліцвінскім голасам пераклад Пятра Каханоўскага.


Летам мы паехалі ў Варшаву да бабулі Тызенгаўз. Нашы бацькі не былі ў яе дзесяць гадоў, а мы наведвалі ўпершыню. З Вільні ехалі паштовым лідскім трактам на Слонім і Бярэсце. Хоць і поштай, аднак рухаліся не хутка, бо ў праграме мелася некалькі дамоў сваякоў і сяброў, якіх немагчыма было прапусціць. Убок ад станцыі Дзятлава ляжаў Жалудок, у якім мы не былі з моманту пераезду сюды дзядзькі з маладой жонкай.

Пасля нараджэння трэцяй дачкі Эльфрыдкі цёця сустрэла нас з самай вялікай пяшчотай. Дзядзька прыехаў на наступны дзень, я памятаю, быццам гэта здарылася сёння, як мы ўсе стаялі на ганку, а дзеці праз адчыненае акно радасна крычалі: «Тата! Тата!». Дзядзька затрымаўся каля акна і абняў Маню з Юзяй. Цёця пакрыўдзілася, яна чакала, што яе абдыме першай, на твары з'явіўся румянец, і яна паспешліва вярнулася да сябе, муж кінуўся следам, неўзабаве запанавала згода. Магчыма, чалавечаму сэрцу трэба так моцна пакутаваць, нават калі няма рэальных прычын, і мы ствараем іх з нічога.

Пасля пяці шчаслівых дзён у дзядзькі шкада было развітвацца, але ў Накрышках нас чакала цётка майго бацькі, паважаная пані Стравінская з дома Валадкевічаў.

У доме бабулі Стравінскай усё было па-старому: вялікія пакоі з панелямі, паважаныя пані і г. д. Наступны дзень прыпадаў на нядзелю, і пасля імшы завіталі ўсе суседзі — Дмахоўскія, Корсакі, а разам з імі і малады Антоній Эдвард Адынец родам з Ашмянскага павета, ён тады толькі пачынаў сваю літаратурную кар'еру. Яго пазнаёмілі з маім бацькам і, калі тата спытаў, што ён піша, Адынец схіліў галаву набок і адказаў: «Верш „Паляванне“». Бацька загадаў мне прачытаць паэту адну з маіх баек, і так, праз выпадак, у наднёманскай старонцы пачалося мае знаёмства з будучым аўтарам «Барбары» і «Феліцыты», у 1830-я гады гэта знаёмства аднавілася над Віліяй. А тады яго наперадзе яшчэ чакала падарожжа ў Рым разам з аўтарам «Валенрода», чакалі Арно, Тыбр і Эльба, а таксама знаёмствы з Гётэ, Торвальдсанам і Манцоні. Мусіць, ён прадчуваў тое, прага да гэтага ззяла ў ягоных чорных вачах, свяцілася на ягоным намысленым чале, бо неяк вылучаўся з усіх іншых, хто сядзеў за доўгім сталом у Накрышках.

Па дарозе ў Бярэсце мы праязджалі праз маёнткі, якія раней належалі падскарбію Тызенгаўзу, дзядзьку маёй маці па мячы, гэта былі перададзеныя яму каралеўшчыны. І мая маці распавядала пра фабрыкі, школы і ўстановы, якія ён там заклаў і кіраваў імі. Усе яны былі скасаваныя ў выніку інтрыг зайздросных прыдворных і не аднавіліся пасля смерці іх заснавальніка, маральна атручанага няўдзячнасцю караля і землякоў. Але ў краі ўсё яшчэ заставаліся сляды яго дабрачынных устаноў: каморнікі, драматычныя артысты, танцоркі і рамеснікі. Такімі вялікімі былі праца і геній падскарбія! А знакамітая Ледахоўская75, якую як прыгожы сон памятаю на віленскай сцэне ў трагедыях і камедыях «Капрызы маладой жонкі» і «Панна — палкоўнік гусараў», была дачкой слаўнай Трускаляскай, гэтая актрыса з быценьскай школы паступіла на варшаўскую сцэну.


У Цярэспалі, адразу за Бярэсцем, пераязджалі мяжу, якая аддзяляла Расійскую дзяржаву ад Каралеўства, мяжу разам з мытамі на тавары адмянілі ў 1850 г. Палова маста цераз Буг з боку Расіі была пафарбаваная ў чорна-фіялетавыя пасы, а з боку Каралеўства — у бела-чырвоныя. І калі з дзяцінства, як «чыжык у клетцы», мы былі прызвычаеныя да сваіх чорных кратаў і таму амаль што абыякава віталі больш светлыя колеры, дык наша маці, якая нарадзілася свабоднай, расчулілася і заплакала, пабачыўшы колеры сваёй маладосці.

Роўная і цвёрдая шаша, якая пачыналася ад Бярэсця, паскорыла нашу вандроўку, пры тым, што ў карэту запрагалі толькі чацвёрку коней і пару ў брычку. Імклівы рух прыспешваў нашы думкі, і яны ўсё хутчэй і хутчэй набліжаліся да мэты падарожжа. Настрой уздымалі інжынерныя дамкі з часанага каменю і сады з кветкамі, якія мільгацелі за вокнамі карэты.

Усё круцілася як жорны на млыне. Маці адчула сябе на роднай зямлі, здабывала са сваёй памяці гісторыі і анекдоты, забаўляла нас апісаннямі вясёлых фігляў і жартаў, якімі пад урадам Прусіі варшаўская моладзь спрабавала разварушыць нямецкую флегму. Як аднойчы ўначы дзіўным чынам памяняліся шыльды на крамах ва ўсім горадзе, і на наступны дзень пакупнікі з вялікім здзіўленнем пыталі ў мадзісткі пра махляроў, у шаўца пра біжутэрыю, у краўца пра цукеркі і т. п. Як сыны адміралавай, тры браты Радзівілы з Нябарава — Людвік, Валенты і Міхал, прыехалі на паштовую станцыю разам з нейкім панам Фірам ці Фіракам, пасля чаго кожны паасобку ўзяў сабе пошт, і абагналі немца, каб на наступнай станцыі запісацца Айн, Цвайн, Драйн. Першы праехаў адразу, другі прымусіў паштмайстра крыху задумацца, а трэці збянтэжыў канчаткова і доўга тлумачыўся. Чацвёртага, Фіра, адразу ж затрымалі і арыштавалі (па-нямецку: eins, zwei, drei, vier — адзін, два, тры, чатыры — Л. Л.).

Вось і станцыя Мілосная, апошняя перад Варшавай. Нашы сэрцы б'юцца мацней. Мая расчуленая маці ўзрушана надзеяй пацалаваць сваю маці, але вольных коней няма! Неўзабаве коней усё ж знайшлі, і мы рушылі наперад. Праз некалькі гадзін былі ўжо ў абдымках бабулі!

Адзінаццаты год запар бабуля займала другі паверх дома Герлаха на Кракаўскім прадмесці, перад брамай дома раслі два каштаны. Яе пакоі, якія цяпер належаць гатэлю «Еўрапейскі», ператвораны ў пастаянную выставу карцін мясцовых мастакоў, але і ў бабуліны часы на сценах пакояў таксама віселі творы прыгожага пэндзля, якія зараз з'яўляюцца часткай галерэі яе ўнука Райнольда Тызенгаўза. Бабуля мела тады 61 год. Была вельмі тоўстай і мажной, мела прыгожыя белыя рукі ідэальнай формы і рысы твару Пшаздзецкіх, трошкі буйныя, але лагодныя. Размаўляла ціха і павольна, з парыжскім вымаўленнем, калі казала па-французску. Бабуля песціла ўнучкаў рознымі спосабамі і чакала нас з прыгожымі капялюшыкамі. У яе двух салонах было шмат птушак — зялёны папугай (які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў бабулі) і клетка, поўная канарэек і спеўных снегіроў. У перадпакоі вісеў гадзіннік з курантамі, які, калі пацягнуць за шнурок, іграў вальс «Мой мілы Аўгустын». Бабуля сама даглядала птушак, і вакол яе ўсё было чыста і акуратна, ведала, дзе ляжыць кожная дробязь, і сама, хоць і з цяжкасцю, хадзіла даставаць рэчы з шуфляд і скрынак. Прыгожыя гнядыя англізаваныя коні76, якіх яна называла «mes petit s grands ducs» (фр. «маленькія князі (ці вялікія герцагі)». — Л. Л.), вазілі нас на шпацыры ў Лазенкі і Батанічны сад, у Мокатаў і яшчэ далей. Але рабілася гэта толькі выключна дзеля нас, бо любімым месцам паездак самой бабулі былі Іерусалімскія рагаткі — алеі, засаджаныя італьянскімі таполямі, якія нас трошкі знудзілі. Кожную раніцу тата вадзіў нас у які-небудзь музей, абсерваторыю, манетны двор ці ў палацы: Заёнчака, Патоцкага ці Красінскіх, у якіх апроч прыгожых пакояў былі розныя гістарычныя рэчы ці карціны гістарычнага зместу, як напрыклад партрэт няшчаснай Францішкі Красінскай, «Бітва пад Самасьерай» (Вярнета)77 і г. д. і г. д. Нас таксама вазілі ў Вілянаў паглядзець на таполі, якія пасадзіў Сабескі. Нядаўна адроджаная Варшава з дзейным парламентам, які ўзначальваў сам імператар Аляксандр І, была вясёлай і прыгожай, яна мела ўласнае войска і кожную нядзелю нас будзілі і падымалі з ложкаў гукі радаснай музыкі, якая суправаджала школу падхарунжых на шляху ў фару.

Сярод сем'яў, якія жылі ў Варшаве, калі мы прыехалі туды, была і сям'я Любецкіх-Сцыпіёнаў — намадаў, якія заўсёды знаходзіліся ці ў руху, ці адпачывалі ад руху. У іх гасцінным доме заўжды было шматлюдна, і іхнія госці ўтваралі асобную касту. Аднойчы да бабулі прыйшла пані Сцыпіёнава — з брыльком над саслаблымі вачыма, вясёлая, усмешлівая, дасціпная і запрасіла маіх бацькоў да сябе на нядзельны абед, было гэта ў аўторак. Тады ж яна сказала, што на наступны дзень едзе да сястры Пуслоўскай у Літву, каб развітацца з ёй перад ад'ездам за мяжу, куды выбіралася разам са сваёй дачкой, міністравай Любецкай (і з яе дзецьмі). «А як жа нядзельны абед?» — спытала мама. «Вярнуся», — сказала яна і з усмешкай развіталася з намі, паўтараючы: «Да хуткай сустрэчы». І сапраўды, пані Сцыпіёнава з'явілася ў суботу ўвечары і, з усмешкай робячы рэверанс, спыталася наўпрост з парога: «Ну, хіба я не стрымала слова? Прыехала нагадаць пра заўтрашні абед». А калі спыталі, ці пэўна яна ездзіла ў Літву, адказала: «А як жа ж, як доказ я прывезла з сабой сястру, яна захацела суправаджаць мяне».

Падобным чынам адбываліся і далейшыя падарожжы — знянацку, усёй сям'ёй, у ландо, напакаваным пакупкамі з Парыжа, якія не распакоўваліся да новай паездкі за мяжу. Калі прыходзіў час зноў збірацца ў падарожжа, яна знаходзіла ў сябе элегантныя парыжскія рэчы, якія ўжо выйшлі з моды.

Аднойчы на раніцы да нас прыйшоў генерал Гелгуд78, ліцвін, які вычытаў у «Кур'ерыку» імя майго бацькі і быў здзіўлены, калі ўбачыў усю нашу сям'ю. Ён быў рады убачыць сваіх суайчыннікаў і запрасіў нас да сябе на абед. Паколькі жыў у летнім вайсковы лагеры ў Марымонце, аднойчы раніцай мы паехалі туды ўздоўж могілак на Павонзках, паўз марымонцкія ветракі, вялікая колкасць крылаў якіх адпавядала колькасці намётаў у лагеры. Амаль што каля кожнага млына меўся садок, з якога адкрываліся прыемныя краявіды. Генерал прыняў нас у сваім намёце крыху большым за жаўнерскі. Ён, яго малады ад'ютант і наша сям'я селі за стол, за якім больш не засталося вольнага месца. На абед падаваліся літоўскія стравы: халаднік і курчаняты, што прыемна перанесла нас на радзіму. Былі таксама кракаўскія артышокі, ракі з Кароны і дэсерт, абед быў прыпраўлены вясёлымі і сардэчнымі размовамі. Генерал — чалавек сярэдняга ўзросту, меў адно шкляное вока, якое слязілася, што надавала яму сентыментальны від. Пасля кожнага слова ён пытаўся: «Што?», — і пасля абеду прапанаваў прагуляцца да марымонцкай фабрыкі, дзе выраблялі каляровыя паркалі, і да школы плавання, наглядчыкам якой быў француз Валянцін д'Оўтрыў. Мы бачылі як апранутыя ў форму жаўнеры скакалі з драбінаў на даху ў ваду, а няўмехаў спускалі на вяроўцы. Трэба сказаць, што чалавек, які навучыў плаваць тысячы людзей, сам патануў у Віліі падчас кампаніі 1831 года, хто б мог прадказаць гэта ў 1825-м? Гэтага не прадбачылі ані ён, ані мы, ані генерал Гелгуд, які таксама загінуў нібыта ад кулі свайго баявога таварыша на прускай зямлі ў 1831 годзе, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе (жадаю верыць, што няслушна)79.

Сонца ўжо заходзіла, калі мы вярталіся праз лагер, барабаны білі адбой, а жаўнеры з непакрытымі галовамі чыталі «Ойча наш».

Мой бацька завёў у Варшаве вельмі прыемнае знаёмства (нібыта ўсё пачалося з кубка мінеральнай вады) з графам Вадзіцкім з Кракава, дзедзічам Нядведзя і аўтарам працы пра сады. Гэтае знаёмства не закончылася толькі пустымі формамі ветлівасці і перайшло ў сяброўства. Пачалася перапіска, і мой бацька ўзяў на сябе абавязак распаўсюджваць падпіску на яго твор. Гэтыя стасункі трывалі да 1831 г., калі іх спыніла вайна і, падобна, смерць графа.

На раніцы мы найчасцей хадзілі па крамах, апроч пакупак для сябе, для усіх нас і для суседак, мая маці хацела прывезці падарункі для кожнай асобы з нашай фаміліі.

Наш вясёлы побыт у Варшаве закончыўся сумна з-за чужой жалобы. Граф Людвік Плятэр (адзін з сямі братоў) жыў тут з жонкай і трыма дзецьмі-падлеткамі. Даўняе знаёмства і сваяцкія сувязі так злучылі нашы сем'і, што мы бачыліся амаль штодня. Яго жонка з дому графаў Бжастоўскіх давярала маёй маці сваю радасць, шчасце і захапленне, выкліканае яе старэйшай дачкой Зосяй, прыгожай пятнаццацігадовай бландзінкай. Яе маці радавалася, што выхавала дачку да такога ўзросту, бо раней страціла ўжо сямёра дзяцей, якія не дажылі і да сямі гадоў. Зося апраўдвала захапленне маці, была ладнай, добрай, выхаванай і сардэчнай. Гледзячы на тое, як дзяўчына танцуе на дзіцячым свяце, маці ўвесь час паўтарала сама сабе, што за яе яна можа быць цалкам спакойнай. Але трэба быць пільнай, бо не ведаеш ані таго дня, ані той гадзіны…

Праз колькі дзён мы разам з сям'ёй Плятэраў павінны былі паехаць у Вілянаў. Зося заставалася дома, бо адчувала сябе не зусім здаровай. На наступную раніцу пані Плятэр нечакана паклікалі з саду Красінскіх — Зося моцна захварэла… на трэці дзень яе не стала! Халера, гэтая страшная хвароба, невядомая дагэтуль у нашым краі, забрала толькі што расквітнелую панну, і адчай бацькоў быў невыносны! Амаль што ўся Варшава падзяляла іх гора. Восьмы, самы цяжкі крыж прыйшоў да іх, і яны неслі яго! Мае бацькі не выходзілі з дому сваіх сяброў, каб плакаць разам з імі, бо нейк суцешыць іх было немагчыма. Няшчасная маці акружыла сябе памяткамі пра сваю Зосю, яна не спынілася на тым, што мела ў сябе, і сабрала яе рэчы ва ўсіх сяброў і знаёмых памерлай дачкі. Яна цалавала яе валасы і толькі гэтак трошкі супакойвалася.

Неўзабаве да іх прыйшло запрашэнне з Пулаваў ад князёў Чартарыскіх правесці там астатак лета. Услед за гэтым лістом прыйшоў другі з запрашэннем маім бацькам, бо князь Адам, калі займаў пасаду куратара Літоўскай навучальнай акругі, асабіста ведаў майго тату. Ад такога запрашэння адмовіцца было немагчыма, і ў канцы жніўня, пасля пяці тыдняў у бабулі, па маршруце, апісаным у лістах біскупа Красінскага, праз «пяскі і лес», мы рушылі ў дарогу і на наступны дзень перад заходам сонца на супрацьлеглым беразе Віслы, якую трэба было яшчэ пераадолець на плытах, мы пабачылі Пулавы. Мястэчка раскінулася ў даліне, вышэй яго стаялі замак і храм Сібілы80. Пулавы падрабязна апісала пані Таньская ў сваіх «Забавах»81.

Пулавы, сёння ўласнасць скарбу, ператвораны ў дзяржаўны інстытут для дзяўчат, але старыя Пулавы 1825 г., ад якіх засталася толькі назва, ужо сорак два гады некранутымі жывуць у маёй памяці, як зачараваны замак са сваёй напаўсагнутай васьмідзесяцігадовай феяй з сухімі рысамі твару, з пранізлівым позіркам, з напудранай фрызурай — княгіняй Ізабэлай з Флемінгаў Чартарыскай. Яна ветліва і нават сардэчна вітала нас на парозе вялікай залы, і занядбанае ўбранне надавала ёй штосьці таямнічае. Каля княгіні Ізабэлы стаяла дачка, княгіня Марыя Вюртэмбергская і сын, князь Адам Чартарыскі, абое ўжо сівыя, як галубы. У той час у Пулавах жылі ўнукі Замойскія і прыгожы князь Леан Сапега, заручаны з адной з унучак Замойскіх. Праводзілі тут усё лета два сямействы Плятэраў, а таксама генерал Мараўскі з жонкай і дзецьмі. Была панна Панятоўская, пляменніца апошняга караля і Эмма Стрыжэўская з Патоцкіх, заўсёды элегантная жанчына з прэтэнзіямі, якімі яна адрознівалася ад патрыярхальнай прастаты князёў. Каб закончыць гэты спіс, трэба дадаць яшчэ ваяводзіну, графіню Патоцкую з Вілянава. Штодзень а другой гадзіне дня звон склікаў гасцей ў ніжнюю залу палаца на абед, гонар якому выказваў князь Адам і яго сястра. Княгіня-маці абедала ў сваім пакоі пасля наведвання школкі ў вёсцы. Штодзень за стол садзілася да трыццаці чалавек, якім прыслугоўвала не меншая колькасць гайдукоў, лёкаяў і казакаў. Пулаўскі стол не месціў ані рыбы, ані дзічыны, хоць палац стаяў пасярод багатых лясоў, рэк і азёр, бо тут не адыходзілі ад традыцыі, якая заўсёды адпавядала жарту с. п. князя-генерала, неяк ён сказаў пра пулаўскі стол: «На ім старое масла і маладое віно».

На наступны дзень пасля нашага прыезду мы зладзілі пікнік на траве. Кожны госць мусіў прынесці сваю страву, і сама княгіня прыйшла з булёнам і печанай баранінай уласнага прыгатавання, сказаўшы, што ёй можна даверыцца, бо ў часы рэвалюцыі яна гатавала на трыццаць асоб. Мае бацькі зрабілі сюрпрыз — літоўскі халаднік і растлумачылі, што яны, як падарожнікі, не маюць часу развесці вогнішча. Кожную страву сустракалі воклічамі «віват», а калі хтосьці прапанаваў моркву ў алеі, пані Стрыжэўская кампліментарна заўважыла, што страва смакуе як «entre la pomme de terre et l’ananas» (фр. «мясцовая морква з ананасам». — Л. Л.). Адзіная бутэлька шампанскага, ахвяраваная ўнукам, выклікала не толькі віваты, але і здзіўленне, а чорную каву прынёс маленькі чатырохгадовы «турак» — сынок Станіслава Плятэра, якога пасадзілі ля падножжа велізарнага дрэва пад назвай Le protecteur (фр. «Пратэктар, абаронца». — Л. Л.).

Прагулкі ў лодках, язда ў старасвецкіх кочах са збруяй адпаведнага веку, на якіх было вельмі весела катацца, гарбата на ганку, а часам і на траве, пасля вячэры пасядзелкі, штораз у іншым куце салона, бо так любіла княгіня — вораг аднастайнасці і цырымоній, вось што было зместам гэтых пяці дзён у Пулавах, якія ніколі не забудуцца.

Князі прымалі ў ніжніх апартаментах, бо залы адчыняліся толькі для вялікіх сямейных урачыстасцяў. У абедзеннай зале месцілася вялікая мармуровая паліца, на якую клалі капелюшы, шалікі і малітоўнікі (у нядзелю). Нам казалі, што калісьці Урсын Нямцэвіч прагледзеў вялікую колькасць французскіх кніг і, як сябар роднай мовы, на кожнай з іх напісаў: «Бог не разумее французскай мовы». Нам паказвалі адну з такіх кніжак, і мой бацька, заўважыўшы памылку ў правапісе, жартам сказаў: «Бог, хоць і не разумее французскай мовы, але папярэджвае, што слова «французская» пішацца праз «с». Гэта рассмяшыла дам, якія ў помсту папрасілі яго занатаваць сваю заўвагу на кнізе.

Гасцей размясцілі ў адмыслова пабудаваных для гэтага двухпавярховых афіцынах з унутранымі калідорамі і з комінам, у якім бесперапынна гарэў агонь, за што слугі дабраслаўлялі княгіню — каб распаліць пліту, не трэба было бегчы на кухню. Мой бацька пераняў гэта для нашага новага палаца, які будаваўся тады ў Дабраўлянах. Княгіня-маці старанна дбала пра сваіх гасцей і ў дыспазіцыі карэт для шпацыраў не забывала ні пра каго, нават пра дзяцей. Яна была ветлівай і абыходлівай з гасцямі, такой жа была і са сваімі дзецьмі. Я памятаю яе словы да сына: «Пане Адаме, калі будзеш ісці, прынясі мне мой званочак». Пачуўшы гэта, сын адразу ўскочыў і прынёс.

Яна любіла расказваць смешныя анекдоты пра сябе, адзін з іх быў з прускіх часоў, калі паміж Пулавамі і Варшавай мелася мяжа, на якой строга пільнавалі кантрабанду, і штучныя парыжскія кветкі былі цалкам забаронены. Княгіня ўзялася перавезці велізарную колькасць букетаў для ўсіх сваіх дам, якія рыхтаваліся да вяселля, і натуральна, таксама і для нявесты. А паколькі сукенкі і аздобы не падлягалі мыту, яна абшыла свой падарожны шлафрок гірляндамі, зрабіла капялюш з 12 вялізнымі букетамі і, апранутая з такой вялікай фантазіяй, выйшла з карэты перад здзіўленымі мытнікамі. Адны з іх смяяліся, другія злаваліся, а старшы запатрабаваў плату за кантрабанду, бо ў падарожжа так ніхто не апранаецца. На што княгіня адказала, што ведае — яна выглядае смешна, але любіць кветкі, якіх ніколі не бывае зашмат. Нягледзячы на відавочнае парушэнне, з-за строгага выканання прусакамі сваіх прадпісанняў, княгіня не заплаціла ні гроша і прыехала ў Пулавы ў касцюме Флоры.

Кожную раніцу мы шпацыравалі па цудоўным парку, дзе кожнае, пасаджанае княгіняй дрэва, служыла ўзорам для яе кнігі пра сады. У «Марынках», палацы пабудаваным для княгіні Вюртэмбергскай, жыла сумная сям'я Людвіка Плятэра.

Ля падножжа замка, на схіле зялёнага ўзгорка, каля крыніцы з сапраўднай жывой вадой стаяла скульптурная група італьянскага майстры, за якую 30 000 дукатаў заплаціў граф Жавускі82. Дзве постаці — рыцара ў пакутах і мёртвай дзяўчыны — былі выразаны з суцэльнага кавалка… На руцэ Танкрэда ляжала мёртвая Кларында, якую ні вада, набраная ў шлеме рыцара, ні яго слёзы83 не маглі ўжо вярнуць да жыцця! На пастаменце меўся надпіс:

«Ты гінеш ад рукі кахання, цудоўная Кларында, А твой Танкрэд пралівае слёзы з-за сваёй перамогі!»

Неяк на ранку княгіня адкрыла для нас сваю нацыянальную скарбніцу, і сэрца ліцвінкі захавала ў маёй памяці палаш Ягайлы і ланцуг Ядвігі. Княгіня сама хацела паказаць маім бацькам гатычны дом. Ветлівая і поўная жыцця, яна рухала цяжкія скрыні, у якіх знаходзіліся дзіцячыя рэчы Жан-Жака Русо, лісты ад мадам Севінье і г. д. А косткі Абеляра і Элаізы, Лаўры і Петраркі, здабытыя княгіняй з іх магіл, у яе касцістай руцэ я памятаю і дагэтуль. Пачуўшы ад майго бацькі, што ў Дабраўлянах мае паўстаць рыцарская капліца, яна падарыла яму цэлую скрыню каляровага шкла, якую атрымала ў катэдры ў Майнцы пасля Вялікай рэвалюцыі.

У нядзелю княгіня павезла нас у касцёл яе любімай вёскі Уластавіцы. Увечары таго ж дня на лузе святкаваліся дажынкі, на якія княгіня жадала пакінуць і нас, хоць мы ўжо з ёй развітваліся. Яна энергічна дамагалася свайго, спачатку доўга ўпрошвала нас і нарэшце тупнула калісьці маленькай і грацыёзнай ножкай, сказала: «Не адпушчу! Не адпушчу! Загадаю паздымаць колы!». Мы засталіся, і гэта быў наш апошні дзень у Пулавах, з якімі мы развітваліся ля падножжа каменнага крыжа, дзе наша, апранутая ў белае маці, з распушчанымі валасамі, пасадзіла нас на лаву каля балюстрады і, ўкленчыўшы, малілася малітвай Касцюшкі: «Божа! Дазволь нам яшчэ адзін раз пабываць у Пулавах! … Дай Божа! Дай Божа!». Гэта відовішча спыніла княгіню Вюртэмбергскую, якая ехала па дарозе. Даслухаўшы малітву, яна ўсклікнула сваім лагодным галаском: «Гэта не толькі прыгожа, але і ветліва». І мастак, які пры гэтым прысутнічаў і першы раз быў у Пулавах, пашкадаваў, што гэта жывая карціна не будзе назаўсёды увекавечана…

На наступны дзень мы ўжо былі на дарозе ў Літву.

Наша вяртанне ў Вільню было радасным. Гэтак жа, як наша маці некалькі тыдняў таму радасна вітала колеры Каралеўства, так і мы, народжаныя ў Літве і ўлюбёныя ў Вільню, на Пагулянцы высунуліся з карэты, каб убачыць вежы касцёлаў. Калі ж уся панарама дамоў і касцёлаў цудоўна развярнулася ў аблямаванні восені, мы радасна закрычалі: «Вільня! Вільня!». І адчулі такую сілу злучэння з роднай зямлёй, што пасля цудоўнай Варшавы з яе высокімі палацамі і шырокімі вуліцамі, гэтыя вузкія вулачкі з нізкімі камяніцамі, замест таго каб прайграць у параўнанні, здаліся нам больш прыемнымі і натуральнымі, і мы зноў закрычалі: «Брава, Вільня!».


Позняй восенню ў Таганрозе памёр імператар Аляксандр, а неўзабаве пасля яго — імператрыца Лізавета. Яе ліст, у якім яна паведамляла пра смерць мужа, змяшчаў наступныя слова: «Наш анёл на небе. Усё маё суцяшэнне, што і я хутка памру», — доўга разыходзіўся па імперыі.

1826 год

1826 год заслугоўваў толькі адной вялікай, паважанай і святой назвы — юбілейнага года. Гэта ўрачыстае святкаванне вяртаецца ў хрысціянскі свет кожную чвэрць стагоддзя. Буле святога айца Леана XII, якая чыталася ў Літве і Польшчы, папярэднічала ў 1825 годзе з'яўленне на віленскім даляглядзе крыжа, які быў бачны пагодным майскім вечарам перад, ці адразу пасля заходу сонца ў тым жа баку, дзе яно зайшло84. Яго бачыла большасць жыхароў горада, якія, як і звычайна, збіраліся штовечар на бульварах уздоўж Віліі. І я бачыла яго разам з бацькамі і сёстрамі. Гэта быў вялікі, дакладна акрэслены, прапарцыянальны крыж светла-жоўтага, хутчэй нават празрыста-залацістага колеру, быццам выразаны з бурштыну ці тапазу на тле абсалютна чыстага неба. Для тых, хто ведае Вільню, трэба дадаць, што ён указваў напрамак ад Сніпішак да Зялёнага моста. Тыя, хто ішоў па бульварах, спыняліся, як укапаныя ў зямлю, і шапталіся паміж сабой, што гэта прыкмета канца свету.

З пачаткам 1826 года ў касцёлах Вільні пачаліся трохдзённыя, а часам і тыднёвыя службы, але не ўсе бралі гарачы і чынны ўдзел ва ўсіх набажэнствах, пакінуўшы для сябе толькі самы канец. Чыталіся юбілейныя кнігі з булай папы і тлумачэннем, чаму неабходныя такія службы і малітвы. Мой бацька кожнаму з нас даў гэтую кніжку з ўласнаручным надпісам, і я захавала для сябе адзіны ў сваім родзе экзэмпляр, бо пры яго канцы мелася малітва не за пануючага імператара, а адразу за трох самаўладцаў. Кніжка друкавалася загадзя перад новым годам, калі жыў яшчэ Аляксандр І, і ў малітве за імператара было яго імя, пасля друкавання кніжкі прыйшла вестка пра смерць Аляксандра І у Таганрозе, і выдавец, пільнуючы парадак старшынства, выдрукаваў другую малітву за міласэрнага цара Канстанціна, але калі в. князь Канстанцін адрокся ад трону, дадаў старонку з малітвай за цара Мікалая.

На страницу:
7 из 9