
Полная версия
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
Не задаволіўшыся сваім краем, дзе ім адначасова абураліся і пацяшаліся, узімку 1824 г. прыбыў у Вільню, і з-за гэтай навіны, якая суправаджалася мітрай і грашыма, шмат людзей у грамадстве пайшло за ашуканцам і паддалося на ўсё, што прапаноўваў граф Ільінскі. Уся Вільня хвалявалася з нагоды прыезду гэтага незвычайнага госця: народ ціснуўся да касцёла дамініканаў, дзе кожную нядзелю пан сенатар у ордэнах, зорках і ў мундзіры, крыжам ляжаў пасярод касцёла на аксамітных падушках, і ключ шамбеляна блішчэў на яго мундзіры. Пабожныя жабракі прыходзілі цалаваць ключ шамбеляна65, як ключ ад неба. Рабілі гэта, натуральна, па намове нейкага жартаўніка, які пераканаў іх, што крыжам ляжыць сам святы апостал Пётр.
Жонка князя Дзмітрыя Чацвярцінскага, якая захаплялася кожнай навіной, па парадзе графа Ільінскага абвясціла ранішнія пасяджэнні для дам і ператварыла свой салон у майстэрню для ўбогіх. Там з грубага палатна, далікатнымі ручкамі, павольна і няўмела шылі кашулі, сукенкі і каптуркі, але пані Дарота Лапацінская, першая валанцёрка гэтага добраахвотнага сястрынства, першай жа і кінула іголку, калі зразумела, што бедакі значна хутчэй атрымаюць адзенне, калі яго будзе шыць яе прыслуга. Па прыкладзе Лапацінскай усе пані з паколатымі пальцамі разам з гаспадыняй (якая абапіралася на кій, бо была інвалідам) кінулі гэту працу. Але іх чакала яшчэ адно выпрабаванне… Надыходзілі Грамніцы і фэст у касцёле ксяндзоў-дамініканаў з адпустам для Ружанцовага Брацтва. Граф Ільінскі заахвоціў высакародных дам несці абразы, і сам меўся ісці на чале працэсіі з брацкім крыжам. Кандыдатак для такой справы набралася больш, чым трэба, больш чым было сапраўдных сёстраў, якія шмат гадоў на кожнае свята спявалі на першых лавах, штотыдзень адбывалі гадзінкі Беззаганнага Зачацця і пяць частак ружанца. У цэхах рамеснікаў пачаўся вялікі пратэст супраць гэтага замаху арыстакратыі на адвечныя правы брацтва. Шкада было «сапраўдных сёстраў», якія цягам года сумленна выконвалі свае абавязкі і павінны былі адмовіцца ад Божых ласкаў у дзень адпусту, ім трэба было адмовіцца ад таго, што ім слушна належала. Не ведаю, хто ці што паўплывала на выдаленне бедных сясцёр — угаворы, пагрозы ці проста права больш моцнага і шчаслівага, але фестываль праходзіў па праграме сенатара Ільінскага з усёй арыстакратычнай пышнасцю. Але Бог, гледзячы згары, ведаў лепш, хто з удзельнікаў больш варты яго ласкі!
Быццам, каб яшчэ больш падкрэсліць характар графа Ільінскага, у Вільню следам за ім прыбыў другі тытулаваны пан у ордэнах і нават яшчэ больш уганараваны — намеснік прускага караля ў Познані, князь Антон Радзівіл, сын віленскага ваяводы. І хоць ён быў свецкім, вясёлым, таленавітым і любіў кампанію, пры гэтым з'яўляўся сціплым, натуральным і мілым чалавекам, антыподам пыхлівага і недарэчнага Ільінскага. Калі князь Антон уваходзіў у салон, здавалася, што пыху ён пакінуў за дзвярыма разам з паліто. Асабліва прыемным бываў у сямейным коле, мы бачылі яго штодзень у нас на абедах і вячэрах, у дзядзькі Рудольфа і цёці дэ Шуазель. Яго маці была сястрой маёй бабулі Гелены Пшадзецкай, і таму мы называлі яго дзядзькам, і нікім іншым ён для нас не быў.
Аднойчы ў нядзелю ў графа Пія Тышкевіча, калі мы — дзеці, гулялі ў апошнім пакоі, раптоўна пачаўся незвычайны рух у першым салоне, і хтосьці прамовіў: «Віцакароль!», усе прысутныя як рэха пачалі паўтараць «Кароль! Кароль!». Вядома, што мая дзіцячая фантазія ўявіла сабе карону і пурпур. Але што я, больш цікаўная і смелая за іншых, убачыла, калі апынулася наперадзе? Толькі дзядзьку Антона, які вітаўся з гаспадыняй дома і, убачыўшы сярод дзіцячых галовак знаёмую галаву ў буклях, павітаўся са мной па імені і пацалаваў у лоб.
Прысутнасць князя Антона Радзівіла ажыўляла наша сямейнае кола. Асабліва яго любілі мая маці і дзядзька Рудольф, для якіх усё іх мінулае, уся іх маладосць, праведзеная ў Каралеўстве, увасаблялася ў асобе іх кузэна, гэта былі самыя першыя, а значыць і самыя прыемныя ўспаміны. Князь Антон меў прыемны голас і падбадзёрваў кампанію выкананнем жартаўлівых песень. Таксама, не перапыняючы размовы, ён маляваў ладныя партрэты. Жыў сямейным жыццём і заўсёды меў з сабой партрэты ўсіх сваякоў, дарыў іх кузэнам і кузынкам. У нас і дагэтуль захаваўся жалезны медальён з бюстам яго жонкі, прускай прынцэсы з прастадушным выразам прыгожага твару, які так гарманіраваў з дабрынёй гэтай пані, якая лічыла сям'ю мужа таксама і сваёй сям'ёй. Профіль іх старэйшай дачкі Элізы абяцаў ёй незвычайную прыгажосць, але княжна памерла зусім маладой ад сухотаў… Яе сумная гісторыя можа стаць зместам рамана66.
Знаходжанне князя Антона ў Вільні часткова было звязана з яго паездкай у Пецярбург. Зычліваму прыёму ў расійскім двары князь быў абавязаны не столькі блізкасцю да двара праз шлюб сваёй цёткі, жонкі вялікага князя (потым цара) Мікалая, колькі сувязям сваёй маці, княгіні-ваяводзіны, пра што мы ўжо згадвалі вышэй.
«Чым будзем бавіцца, і хто будзе нас бавіць?» — здавалася, пыталіся ў віленскіх салонах пасля ад'езду графа Ільінскага і князя Радзівіла, і калі ніхто новы не пераступаў парогаў, пачыналі прыслухоўвацца да таго, што кажуць па-за салонамі. І пачулі хвалебныя хоры, якія гучалі ў гонар незвычайнага красамоўства маладога, але ўжо вельмі вучонага чалавека, прафесара Юзафа Галухоўскага67, які заняў кафедру філасофіі (прыехаў да нас з Каралеўства Польскага). Гэта быў геніяльны прамоўца і апроч студэнцкай моладзі яго лекцыі прыцягвалі натоўпы вольных слухачоў. Усё яны ў захапленні разыходзіліся па горадзе і паўтаралі пачутыя глыбокія і ўзнёслыя ісціны, якія ён выкладаў з прастатой і яснасцю паўсядзённай мовы. Мой бацька быў адным з самых верных слухачоў гэтых цудоўных лекцый, дзеля якіх, а таксама дзеля лекцый па архітэктуры Караля Падчашынскага68, пільнаваў гадзіны ўніверсітэцкага жыцця і занатоўваў усё што чуў. Дамы таксама пажадалі жыць такім жыццём і на чале з княгіняй Чацвярцінскай (жонкай Дзмітрыя) пачалі наведваць лекцыі Галухоўскага, які, уражаны незвычайным наплывам слухачоў, распачаў новую серыю лекцый з аналізам душы і прыгажосці. Не ведаю, наколькі наяўнасць дам у зале паўплывала на натхненне прамоўцы, але шырока абмяркоўваўся іх неспрыяльны ўплыў на студэнтаў, для якіх прысутнасць на першых лавах прыгожых княжон Чацвярцінскіх ва ўсім бляску сваіх чараў і ўбрання, была вялікай перашкодай, бо адцягвала ўвагу ад прафесара. Мы, дзеці, пра якіх старэйшыя звычайна кажуць, што яны не разумеюць вышэйшых рэчаў, не ўдзельнічалі ў гэтых вучоных забавах і ўсё, што засталося ў маёй памяці — гэта фрагменты гісторый нашага бацькі, які заўсёды вяртаўся з гэтых лекцый задаволены, і пахвалы асоб, якія наведвалі нас па вечарах, і нарэшце, адзін анекдот, які найбольш моцна ўбіўся ў памяць дзевяцігадовай дзяўчынкі, уражанай расповедамі пра Галухоўскага.
У той час існавала мода на катыльёны, гэта значыць на вальсы, якія танцавалі ў стылі мазуркі з фігурамі, у адной з якіх вальсіруючая пара была абавязана зрабіць васьмёрку вакол крэсла. Пасля шматлікіх больш-менш зграбных спроб, здолеў гэта выканаць толькі Караль Кастравіцкі. Яму пляскалі ў далоні гледачы балю і сярод іх стары генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў, які пасля гульні ў віст стаяў каля дзвярэй. Ён нікому не каламуціў ваду і патрабаваў, каб з ім не развітваліся і не праводзілі, бо заўсёды выслізгваў з дому па-французску. І стоячы пры дзвярах, па звычцы торгаючы свой каўнер, ён заўважыў пана Караля Кастравіцкага, але не ведаў яго і спытаў у майго бацькі, хто гэта такі? Трэба ж так здарыцца, што Караль у гэты момант стаяў каля прафесара Галухоўскага, а мой бацька, не чакаючы, што пераможца балю можа мець хай і часовую перавагу над філосафам-трыўмфатарам, і не звярнуўшы ўвагі на палец Корсакава, які ўказваў на светлавалосага студэнта з кірпатым носам і румянцам панны, бо сам у гэты момант глядзеў на задуменнага філосафа, адказаў губернатару: «C’est le professeur de philosophie, mr. Goluchowski» (фр. «Гэта прафесар філасофіі пан Галухоўскі». — Л. Л.). «Ах, гэта і насамрэч ён?» — сказаў здзіўлены губернатар і, яшчэ мацней пацягнуўшы свой каўнер, хітнуў ад'ютанту Шабеку і павольна выйшаў з салона. На наступны дзень па горадзе разышлася вестка, што ўсім, хто прыходзіў да яго ў палац, Корсакаў расказваў, што першым танцорам у Вільні ёсць прафесар Галухоўскі. Каб лепш растлумачыць і падмацаваць сваё сцверджанне, ён сам расстаўляў крэслы і сам круціўся вакол іх. За абедзенным сталом ён адпаведным чынам расставіў сальніцы, а за картамі — падсвечнікі і зноў усім тлумачыў, як прафесар філасофіі ўмела круціў фігуру, якую ніхто да яго не змог выканаць. Калі гэта дайшло да майго бацькі, ён адчуў сваю адказнасць за памылку, якая, калі б дайшла да вушэй філосафа, магла б яго пакрыўдзіць. І тады бацька пайшоў да пана Галухоўскага, каб папрасіць у яго прабачэння за сваю ненаўмысную памылку. Прафесар не толькі не злаваўся, але лічыў, што пакрыўдзілі толькі пана Кастравіцкага, і шкадаваў, што не можа танцаваць так добра, як ён. Абвесціў, што выбірае танцы тэмай сваёй будучай лекцыі.
Калі я пішу гэта праз сорак тры гады пасля падзеі, згадваецца дама, якая правяла некалькі гадоў у доме і сям'і Юзафа Галухоўскага, у яго маёнтку Гарбач, дзе прафесар Галухоўскі ператварыўся ў гаспадара і даказваў, што хрысціянская філасофія ёсць асновай і душой нашага жыцця. Лёгкасць, досціп, весялосць, дабратворны ўплыў на суседзяў, прыемныя размовы і дар адпаведным чынам стымуляваць і прымушаць іншых не толькі думаць, але і выказваць свае думкі — вось рысы, якія характарызуюць стасункі гэтага філосафа з людзьмі. Ён заўсёды з вялікай цеплынёй успамінаў сваё жыццё ў Вільні. Словы Галухоўскага часта цытавала нам Вольга С., якая ўспамінала прафесара з пяшчотай дачкі, бо была абавязаная яму сваім інтэлектуальным выхаваннем. Але найбольш характэрнай падавалася мне вечарына, якой ён хацеў узнагародзіць трох імянінніц разам. Запрасіў шмат гасцей, сам жыў у бровары і саладоўню ахвяраваў пад бальную залу. Вымытая падлога была пакрытая соладам быццам яе наваксавалі, але бочкі з хмелем не вынеслі, яны спакойна стаялі за калонамі. Дамачадцы настойвалі на аркестры, але прафесар назваў гэта празмерным і параіў кожнаму развучыць нейкі танец на фартэпіяна. Гэтак і было зроблена, але не без цяжкіх уздыхаў праз адсутнасць аркестра. Нарэшце надышоў дзень трайнога свята, і абед каля вялікага стала ў саладоўні сабраў шмат людзей. Гаспадар узняў тост у гонар імянінніц, перад якімі, ён як звычайна, сказаў натхнёную, імправізаваную прамову, а пасля словаў: «Віват! Няхай жывуць!», нечакана для ўсіх зайграў аркестр-капэла… Госці невымерна здзівіліся, пакуль з кожнай бочкі не паказаўся яўрэй са скрыпкай, кларнетам і г. д.
Адной з характэрных постацяў Вільні, праўда больш звязанай з эпохай, чым уласна з горадам, быў Хацкевіч (ці Гацкевіч)69, вядомы пад мянушкай «гулец» ці нават «шулер», якія ён сам прызнаваў, як быццам шукаў славы ў тым, што было ганьбай. Ягоныя досціпы тхнулі цынізмам, і з адных толькі гісторый пра яго, анекдотаў і салёных адказаў, можна было б скласці вялізную кнігу. Напрыклад, магнатам, якія валодалі вялікімі маёнткамі, ён казаў, што «яны былі панамі з сялян, а ён быў панам з паноў» (бо яны разбагацелі з сялян, а ён з паноў, абыгрываючы іх — Л. Л.). Калі нехта віншаваў яго з тым, што набраў вагу, адказаў: «Чаму б і не? Я з'еў двух Патоцкіх». Калі мая маці паскардзілася, што не можа заснуць (у Вільні) з-за шуму ўнізе, дзе месціўся шынок, адказаў: «Супакойцеся, пані, я ўсё папраўлю». І насамрэч, наступная ноч была ціхай, і калі мая маці спытала ў Хацкевіча, як ён гэта зрабіў, той адказаў: «Гэта мае людзі, яны мяне слухаюцца». Гэты чалавек падпарадкаваў сабе ўсіх злачынцаў. Калі гаварылі пра дрэннага ксяндза, ён казаў: «Гэта мой каплан», а калі згадвалі жанчыну з кепскай рэпутацыяй, адказваў: «Гэта маліна з майго лесу». Аднойчы на вуліцы ён спаткаўся з трыма асобамі такога самага кшталту, але трошкі менш вядомымі, чым ён. Гэта было на ходніку каля аптэкі. «Пройдзем трохі далей, бо калі ўбачыць аптэкар, дык зробіць з нас воцат», — заўважыў Хацкевіч (хто ж не ведае, так званы «Воцат чатырох зладзеяў», які ёсць самым лепшым). Рэкамендуючы свайго сына, казаў: «Вось гэты малады чалавек мае толькі дзве заганы — ён мой сын, і яго прозвішча Хацкевіч». У Тульчыне падчас кірмашу ён адчыніў срэбны зал з гульнёй у фараона, Тадэвуш Чацкі ўбачыў, як тасуе карты і спытаў: «А што, Хацкевіч, ты заўсёды па-старому робіш з валетаў — дам, а з дзявятак — дзясяткі?». «Заўсёды», — не саромеючыся адказаў шулер: «І падобна, мы з табой не зменімся — я заўсёды буду рабіць з валетаў дам, а ты выдаваць памяць за розум».
Аднойчы ў пакоях Шчэнснага Патоцкага ён быў зачараваны прыгожай ніткай перлаў, якая належала самой графіні, грачанцы, былой жонцы генерала Віта, якую разам з маёнткам Зафіёўка апяваў Станіслаў Трамбіцкі70. Перлы тыя былі памерам з вішню і каштавалі, як вялікі маёнтак. Усе жадалі ўбачыць іх зблізку, перлы перадаваліся з рук у рукі, і калі графіня, нарэшце, захацела атрымаць іх назад, перлаў ні ў каго ўжо не было… Хацкевіч быў сярод тых, хто аглядаў упрыгожванні. «Паслухай, не трэба», — сказаў граф Патоцкі, адводзячы яго ўбок: «Я не хачу ніякага розгаласу, але гэта твая работа, аддай мне перлы». «Гэтым разам не я», — адказаў зусім не пакрыўджаны кароль цынікаў: «Але будзь пэўны, граф, згубленае знойдзецца, ад маіх вачэй нічога не схаваецца». Агледзеўшы спрактыкаваным вокам усе твары, ён спыніўся на адным маладым чалавеку і вывеў яго з залы, нешта шэпчучы на вуха. Замкнуўшыся з ім у пакоі, сказаў прама ў вочы: «Аддай перлы!». Пад пранізлівым позіркам Хацкевіча маладзён дарэмна пачаў адмаўляцца. «Я бачыў, як ты паклаў іх у кішэню», — упэўнена сказаў стары авантурнік. Тады юнак паваліўся яму ў ногі і закрычаў: «Ратуй мяне, пане, пазыч мне тваю галаву!». «Гультай!», — адказаў Хацкевіч. «Каб твае рукі дадаць да маёй галавы, уся Еўропа не мела б спакою!». Вернутыя перлы праз гадзіну былі на шыі прыгожай Зоф'і.
Яшчэ адзін эпізод у доме Самсона. Аднойчы ўвечары, калі маёй маці не было, а мы з панам Бенядзіктам рабілі ўрокі, карэта вярнулася пустой, пасля чаго забег лёкай і сказаў, што маці прыслала яе па нас, каб з вокнаў княгіні Чацвярцінскай назіраць за пахаваннем малой княжны Зубавай. Пачуўшы гэта, мы нават не развіталіся з панам Бенядзіктам, які тым не менш, як і мы, застаўся задаволены, апрануліся ў футры і паехалі глядзець знакамітае не толькі на ўсю Вільню, але і на ўсю Расію пахаванне, бо нябожчыца з'яўлялася адзіным нашчадкам святлейшага князя Зубава, які ў Вільні жыў у выгнанні (хоць не быў пазбаўлены свайго велізарнага багацця, падараванага Кацярынай ІІ) і ажаніўся з паннай Тэкляй Валентыновіч71, якая трапілася яму на вочы ў віленскім казіно тры гады таму. Гэты, вядомы ўсёй імперыі шлюб, закружыў галаву бедным маці, якія мелі прыгожых дачок без пасагу, і пасля яго бедны бацька-шляхціц не раз аддаваў свой апошні грош, зароблены крывавым мазалём, на бальную сукенку для дачкі ў надзеі, што яна таксама прывабіць увагу якога небудзь магната. Але цуд больш не паўтарыўся, а калі і здарыўся аднойчы, дык толькі таму, што тактоўная маці (пані Валентыновічава) умела так сябе паводзіць з вялікім панам, што ён не меў магчымасці займацца пустым баламуцтвам з яе прыгожай дачкой, а мог наблізіцца да яе толькі як жаніх. Панна Валентыновіч была ўжо заручана з іншым мужчынам, і паколькі яе жаніх жыў на вёсцы, не хацела без яго ісці ў казіно. Не абышлося без слёз, але маці прымусіла зрабіць гэта. Убралася ў белую сукню, з пунсовай кветкай у чорных валасах — такой яе дасюль памятаюць сучаснікі ў той вырашальны вечар. Задуменная і бледная, села ў карэту разам з маці і была яна «ладнай дурніцай», як патаемна казала яе маці сваім сяброўкам. Для румянцу маці некалькі разоў ляпнула па яе белых шчоках, а потым правяла ў залу Мюлераў, дзе лёс дзяўчыны вырашыўся з першага разу! Іншыя кажуць, што князь Зубаў упершыню ўбачыў яе ў акне, дзе яна выхукала сабе кружок на замёрзлым шкле і з цікаўнасцю назірала на войскамі, якія праходзілі каля дома. Гэтак ці не, але напэўна ўсё ўжо было напісана на нябёсах, калі здзейснілася менавіта так. Як дайшло да справы, першы яе жаніх паразумеўся з князем, і неўзабаве адбылося вяселле. Праз год памёр князь, а яшчэ праз два гады — ягоная дачушка, пахаванне якой было такім прыгожым, што да гэтага часу засталося ў маёй памяці. Як Млечны шлях у аксамітную ноч ззялі свечкі і паходні ў руках манахаў дзясятка канвентаў, якія парамі ішлі па Нямецкай вуліцы ажно да вуліцы Місіянерскай, бо памерлая князёўна была каталічкай па матчынай лініі. З яе смерцю большая частка маёмасці ўзбагаціла пляменнікаў князя. Маладая ўдава праз некалькі гадоў выйшла замуж за графа Шувалава. Яе маці апроч трох замужніх мела яшчэ чатыры дачкі на выданне (усе адна за адну прыгажэйшыя), пасялілася ў Вільні і без спеху, але не губляючы ні магчымасцей, ні часу, усіх добра выдала замуж. Яе малодшыя дочкі былі выхаваны больш старанна, чым старэйшыя. Пра княгіню Зубаву казалі, што ўпэўненая ў сваіх чарах, яна не хацела вучыцца, хоць гэтага і патрабаваў муж. Пра яе казалі забаўныя рэчы, у тым ліку і тое, як яна, ужо будучы ўдавой, размаўляла з імператарам Аляксандрам укленчыўшы на крэсле. Навука так палохала яе, што не наведвала людзей, якіх лічыла вучонымі ці разумнымі і казала, што «яны — шэльмы, будуць экзаменаваць мяне па гісторыі». У гэтую катэгорыю ўваходзілі жонка князя Каласанты Чацвярцінскага, пані Любанская і мая маці. Сённяшняя графіня Шувалава разам з маладосцю страціла свае чары, але стала даволі выбітнай асобай, бо жанчыне не шмат трэба, каб выглядаць адукаванай, галоўнае — мець жаданне. «Як маецца пані паручнікава?», — з'едліва спытаў сенатар Навасільцаў у пані Валентыновічавай, жадаючы ўпікнуць яе за нізкі ранг новага зяця Шувалава, але тая, не разгубіўшыся, адказала: «Вы жадаеце пагаварыць пра княгіню? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо не княгіня, а графіня?».
На працягу многіх гадоў, яшчэ да заснавання Дома Дабрачыннасці, кожную вясну ладзілі спектаклі на карысць бедных. У часы паноў Франкаў давалі канцэрты і нават оперы. Пан прэзідэнт Ян Ходзька ставіў драмы і трагедыі, а першая жонка пана дэ Шуазеля выконвала ролю Федры (пераклад ваяводы Хамінскага), разам з ёй у пастаноўках бралі ўдзел Марыя Мірская, Міхал Ромер, граф Жавускі і г. д.
Рустэм у мае часы ставіў жывыя карціны. Адна з іх асабліва ўрэзалася ў памяць у 1823 г. Гэта была карціна з царыцай Семірамідай разам са сваім дваром у момант з'яўлення цені Ніна. Прасторная сцэна тагачаснага тэатра на вуліцы Віленскай, у доме Кажынскіх (пазней — Вішнеўскіх) дазваляла стварыць карціну вялікіх памераў. Панна Аляксандра Бэкю сядзела на высокім троне, яе прыгожыя і сур'ёзныя рысы твару, яе постаць, узвышаная над іншымі жанчынамі, была годнай вавілонскай царыцы, асабліва, калі застывала ў жаху пры з'яўленні цені цара Ніна, а потым, па яе прыкладзе гэта рабіў і ўвесь двор (карціна была ў двух зменах). Рустэм з вялікім мастацтвам паставіў так, каб нават менш прыгожыя асобы не губляліся сярод прыгожых. Панна Цэліна Сулістроўская, талія якой была крыху задоўгай у параўнанні з ножкамі, на кукішках і ў профіль перадавала царыцы скіпетр на парчы, у той час як яе маці, чыя постаць была крыху занадта тоўстай, вызірала з-за дачкі, і яе поўны цікаўнасці твар ствараў прыемны кантраст з мармуровай нерухомасцю дачкі. Затое прыгожы твар і постаць Камілы Тышкевічоўны ў вобразе Аземы, якая бліжэй за ўсіх стаяла каля трона, была бачна ва ўсёй сваёй красе — ад маленькіх ножак да гордага выразу твара, пэўна, і сапраўды яна была вельмі прыгожай, калі і сёння многія кажуць, што не панна Бэкю, а панна Каміла была той самай Семірамідай72.
Што да драм, то ставіліся наступныя: «Каханкі хуткай поштай» і «Барбара Запольская», у якой галоўную ролю выконвала княжна Элеанора Чацвярцінская, а каралём Жыгімонтам быў яе кузэн Генрык Грахольскі. Вясной 1824 г. цётка Шуазель грала ў французскай камедыі «Les ricochets» («Рыкашэты» — Л. Л.). Апроч таго на карысць сірот прытулку «Дзіцятка Езус» была пастаўлена п'еса з дзецьмі. Гралі «Agarе na puszczy»73 і «La Colombe» па-французску, п'есы пані дэ Жанліс і перакладзеную п'есу Расіна «Ataljе». Усе яны пачыналіся з пралога, у якім Купідон, Меркурый і Флора дзеля дзіцяткі Езуса абвяшчалі хрысціянскай супольнасці наступную п'есу. Аўтарам гэтага дзіўнага пралогу быў адзін з самых пабожных людзей Юзаф Лапацінскі, але ён, як выхаванец ранейшай класічнай школы, не любіў паэзіі без міфалогіі.
Любы дом Самсона. Столькі ты пакінуў прыемных успамінаў!
Праз год мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі ўжо вёз жонку ў сваю прыгожую Смаргонь. Ён ажаніўся ў 1825 г., але выбраў жонку не сэрцам ці вачамі, а як даўжнік, каб супакоіць сваіх крэдытораў. Яго жонка была багатай, а не маладой і прыгожай. Панна Карнелія Горская з яе 70000 пасагу гатоўкай была ўжо паўнапраўнай гаспадыняй (яе бацькі памерлі), жыла ў пані маршалковай Ляхніцкай, і не доўга думаючы, прыняла прапанову графа Пшаздзецкага. Вышэйшы свет за здзіўленнем глядзеў на гэтую пару, якая паміж сабой пасавала па ўзросце, становішчы і паходжанні, але не па характарах і абставінах. Спалоханыя чорныя вочкі панны Карнеліі нават не глядзелі на нарачонага, якога яна потым вельмі пакахае. А ён, ідучы да алтара, як да мазуркі, увесь час голасна паўтараў каб заглушыць сваё сэрца і меркаванне іншых: «Que ma fiancee est la plus belle des belles du moment, que je l’ai choisi». (фр. «Мая нявеста самая прыгожая красуня, і я яе выбраў сам». — Л. Л.). Іншым разам, пасля добрай вячэры, ён сказаў, што не мог даць крэдыторам лепшага доказу сваёй адказнасці.
Шлюб пана палкоўніка з паннай Карнеліяй адбыўся ўвесну ў Вільні, і адразу пасля гэтага ўладкавалі ўрачыстыя пераносіны з ілюмінацыяй па дарозе ў мястэчка Смаргонь, у вокнах якога, услед за праязджаючымі маладымі, чароўным чынам, магічна, запальвалася святло. У доме мужа пані Карнелія не стала ні больш смелай, ні больш гаваркой, чым да вяселля. Яна ніколі не казала «муж», але толькі «сам», аднак, хоць і здавалася дзікай і быццам напалоханай, сумела адгарадзіцца ад пані сенатаравай Агінскай, якая, як самая блізкая суседка Смаргоні, часта наведвала пана палкоўніка і прызвычаілася весці рэй у яго доме, у якім раней не было гаспадыні. Добра адукаваная пані Карнелія любіла чытаць, але для чужых хавала свае захапленні ў кішэні. Размаўляла не шмат, ды і то на вуха з тым, хто сядзеў побач з ёй. Аднак усе яе меркаванні былі разумнымі, яснымі, і наспеў час, калі яна давяла веліч свайго сэрца.
1825 год
Калі і гэтым разам зіма прымусіла нас вярнуцца ў Вільню, мы пасяліліся ў прыгожых пакоях дома Карпаў-Плятэраў па вуліцы Троцкай (сёння дом графаў Тышкевічаў) з высокімі скляпеністымі столямі. Уладальнікам палаца на той час быў граф Фердынанд Плятэр, які атрымаў яго ў пасаг за жонку з Карпаў. Граф Фердынанд лічыўся ў той час вельмі супярэчлівай і кур'ёзнай асобай. Твар меў больш, чым непрыгожы, а сам быў такі худы, што, каб не вата ў падкладцы, меў бы падабенства са страшным павуком. Аднак быў чароўным, ветлівым, надушаным, бестурботным і добра учасаным чалавекам, які цалаваў дамам ручкі, пяшчотна глядзеў ім у вочы, казаў кампліменты і шмат каму падабаўся. Яго звалі князем Азорам (з рамана «La belle et la bete» — фр. «Красуня і пачвара», Азор — імя пачвары — Л. Л.), і нейкая дама, каб пераканацца, ці праўду пра яго казалі, аднойчы ўторкнула яму прут у лытку. Прабіты, як матыль на шпільцы, ён спакойна працягваў гуляць па бульварах. Меў прыгожую карэту з шасцёркай найлепшых гнядых коней, з шырокімі, як канапа козламі, а на белай капе з махрамі, якой пакрываліся козлы, блішчэў герб уладальніка з масіўнага срэбра, які красамоўна казаў пра гаспадара. «Bonjour ma belle voisine» (фр. «Прывітанне, мая прыгожая суседка». — Л. Л.), — такі камплімент ён казаў пры сустрэчы дзевяцігадовай дзяўчынцы і, хто ведае, як далёка мог бы завезці яе ў гэтай прыгожай карэце са срэбным гербам і залатымі коньмі.
Граф Фердынанд меў высакародны густ ва ўсім: яго вёска ззяла самымі прыгожымі кветкамі, ён любіў і меў сабак чысцюткай англійскай пароды — тэр'ераў, і апошні з яго сабакаў закончыў свае жыццё на целе свайго ўжо мёртвага гаспадара.
Галоўнай мэтай зімоўкі ў горадзе была наша адукацыя. Кожны год дадаваў нам адну гадзіну заняткаў. Гэтым разам французскай мове вучыў пан Пінабель, падобна, эмігрант часоў французскай рэвалюцыі. Невысокі, каржакаваты, з вялікім, падобным да ястраба носам і пукатымі чорнымі вачыма.
Наша сямейнае кола складалася з тых жа самых асоб: Вайніловічаў, дзядзькі Рудольфа, былой жонкі Фелікса Патоцкага Зоф'і, якая стала генералавай Несялоўскай74. З генералам яна была заручаная яшчэ ў пятнаццацігадовым узросце, але перад самым вяселлем разарвала заручыны, каб праз шмат гадоў вярнуцца да яго. Яна — ужо ўдава, а ён разведзены з Радзівілоўнай, пабраліся шлюбам, каб праз некалькі гадоў разысціся назаўсёды. Але гэтыя некалькі гадоў яны жылі ў Вільні ў поўнай згодзе, прымалі гасцей і давалі вялікія балі для сваіх дзяцей — Ізабэлы Патоцкай і дзвюх Несялоўскіх — Ванды і Ідаліі, якія належалі да плеяды віленскіх прыгажунь. Генерал з непрыгожым чырвоным тварам быў адным з самых годных людзей нашага краю. Некалі, у вельмі маладым узросце, ён змагаючыся пад кіраўніцтвам Касцюшкі, заслужыў лаўровы вянок і другі раз атрымаў ўяўны вянок грамадзяніна, калі спадчынны маёнтак у даўгах пасля бацькі, аддаў крэдыторам, амаль што нічога не пакінуўшы сабе. Ні да, ні пасля гэтага, ніколі не было больш выгаднай для крэдытораў эксдывізіі, накіраванай супраць дзедзіча. Аднак гэтыя цноты не прынеслі яму шчасця ў сямейным жыцці, абедзве жонкі пакінулі яго, наперадзе чакае выгнанне, страта зроку і смерць на самоце …, але гэта здарыцца потым.

