
Полная версия
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
Апроч жанатага з прускай прынцэсай, Антонія мела яшчэ трох сыноў: Валентыя, Людвіка і Міхала; а таксама трох дачок: Крысціну, Ружу, якія памерлі незамужнімі, і Анелю, якая стала жонкай князя Канстанціна Чартарыйскага. Мая бабуля Тызенгаўз хоць і з'яўлялася роднай сястрой княгіні-ваяводзіны, але не была да яе падобная. Яна мела па-сапраўднаму прыгожы і сур'ёзны твар, цёмныя і густыя валасы сягалі амаль што да зямлі, а прыгажосць рук яна захавала да глыбокай старасці. Ціхая і нясмелая, любіла жыць на адзіноце. Свецкія забавы надакучылі ёй, рухі стамлялі яе, а ранняе атлусценне зрабіла млявай. Малодшая з братоў і сясцёр, страціўшы ў маленстве бацькоў, яна выхоўвалася разам з дзецьмі сваёй старэйшай сястры Храптовічавай: з Адамам, Ірэнеем і іхняй сястрой, якая потым выйшла замуж за Бжастоўскага. Гэта былі дзеці канцлера Яўхіма Храптовіча, які добраахвотна склаў паўнамоцтвы і аддаў сваю пячатку, каб толькі не падпісваць Таргавіцкі акт. Бабуля мела яшчэ двух братоў Пшаздзецкіх20: малодшы, Дамінік, жанаты з Ганнай з Радзівілаў (потым — Мастоўскай), меў аднаго сына Міхала, старэйшы бабулін брат Міхал быў жанаты з Марыяй Мастоўскай, ваявадзянкай мазавецкай, ён пакінуў двух сыноў — Канстанціна і Караля.
Мая бабуля Марыя Тызенгаўз з Пшаздецкіх, мела маці з Агінскіх, якая ў сваю чаргу мела маці з Вішнявецкіх.
На гэтым зраблю перапынак у сваім фамільным радаводзе, астатняе буду дадаваць па меры неабходнасці.
1816—1820 гады
Зіму 1816 г., тады ўжо чатырохмесячная, Альбіна Габрыэлька правяла з бацькамі ў Вільні. Нарадзілася яна там 24 верасня 1815 г., ахрышчаная святой вадой у Святаянскім касцёле, падчас хросту яе трымалі графіня Феліцыя Плятэр з Марыконі, тады ўжо ўдава Вацлава Плятэра, і стрыечны брат маёй маці Караль Пшаздзецкі. Нараджэнне трэцяй запар дачкі стала расчараваннем для сям'і, бо яе родапачынальнік Міхал Гюнтэр фон Гейдэльсхайм перасяліўся з Рэйна ў Літву ў часы Сабескага21 і меў толькі аднаго нашчадка з такім прозвішчам — майго бацьку. Але мяне, як і старэйшых сясцёр, песцілі і шанавалі, і я не адчувала на сабе наступстваў гэтага расчаравання, гадавалася ў ціхамірнай атмасферы краю, які вярнуўся да міру і росквіту. Мелі сваё войска ў Каралеўстве, а Літва ўжо мела сваіх жоўтых уланаў у так званым Літоўскім корпусе, і кіравалі нашымі губернямі мясцовыя людзі. У Вільні пасаду віцэ-губернатара займаў граф Зыберг-Плятэр, адзін з сыноў канцлера, а было іх сем актыўных братоў, некаторыя з Плятэраў былі нават навукоўцамі і ўсе мелі добрае выхаванне свецкіх людзей. Віленскі ўніверсітэт, расліна прышчэпленая Баторыем, квітнела ў часы Аляксандра І і была сцятая Мікалаем у 1831 г. Два Франкі (бацька і сын) з Вены і браты Снядэцкія з Кракава вызначылі гэтую слаўную для ўніверсітэта эпоху, кіраваў ім куратар князь Чартарыйскі пад апекай самога імператара.
Узімку 1816 г. салон маіх бацькоў яднаўся з салонам Людвіка Радзівіла. Гэтыя два дамы і роднасныя сем'і стварылі адзін дом і адну сям'ю. Князь Людвік, старэйшы з братоў і сясцёр, быў жанаты з ўдавой паняй Валеўскай. Апроч трох пасынкаў, мелі яны яшчэ і дзяцей ад другога шлюбу. Княгіня вызначалася рэдкай дабрынёй, князь быў вясёлым і таварыскім чалавекам, і іх прыемны дом вылучаўся сардэчнасцю. Ужо дарослыя панны Зоф'я і Габрыэля Валеўскія (потым Камінская і Тымоўская) ажыўлялі дом размовамі, музыкай і шармам. Аленка Радзівілоўна, пятнаццацігадовы падлетак, ужо выяўляла прыкметы незвычайнай прыгажосці. Аднак ззянне яе непараўнальнай свежасці не было доказам здароўя, бо пабраўшыся шлюбам са сваім кузэнам Вільгельмам (сынам Антонія), яна неўзабаве памерла ад сухотаў. Спадарожніцай ў навуках і забавах яна мела аднагодку, дачку эмігранта-француза Яна дэ Няве, які займаўся выхаваннем брата Аленкі, князя Леана. Казалі, што маладая Александрына (мая маці) была прыгожая як бутон ружы, у чым ніхто не сумняваўся, нават калі яна мела ўжо 50 гадоў.
Мой бацька меў маёнткі Старыца, Пакоршава і Замосце ў Мінскай губерні. Мая бабуля Гюнтэр з Валадковічаў, аўдавеўшы, жыла ў Старыцы, а мае бацькі праводзілі лета ў Пакоршаве, вядомым мне толькі па малюнку маёй маці, бо яны не жылі там пасля пераезду ў Вільню ў 1817 г. А ў 1818 г. бацькі набылі маёнтак Дабраўляны22 ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні і з таго часу жылі там, прадаўшы для гэтага пасаг маёй маці — маёнтак Савічуны ў Вількамірскім павеце, а маёнтак Ігуменаў у Дзісненскім павеце пакінулі ў руках эканома. Дабраўляны былі набыты ў Ігнацыя Абрамовіча, які так хацеў пакарыстацца сваёй свабодай і мільёнамі, што ў васямнаццаць гадоў пазбавіўся ўсёй сваёй маёмасці ў краі і паляцеў у Парыж, каб там цягам некалькіх гадоў праесці і прагуляць усю спадчыну, як той казаў, пусціць усё з дымам.
Дабраўляны знаходзіліся за дзесяць міляў ад Вільні, за трыма рэчкамі, Ашмянкай, Віленкай і Віліяй, паміж Свянцянамі і Смаргонню і былі старой рэзідэнцыяй князёў Сангушкаў, а ліпы маёнтка — аднагодкі таполяў Яна Сабескага ў Вілянаве, фігуравалі ўжо ў інвентары 1700 г. разам з мураваным палацам.
Мая дзіцячая памяць не захавала моманту, калі я апынулася ў Дабраўлянах, самыя раннія ўспаміны — як узімку я прачынаюся каля круглага стала, на якім перабіраюць насенне кветак і пшаніцы, ці гуляю з аркушамі з пазалочанымі кантамі, памятаю яшчэ ласкавых вавёрак, якія, выпушчаныя ў сад, вярталіся назад белыя ад снегу і падчас нашага сняданку трымалі ў лапках і елі арэхі і сухары.
Гэта была зіма 1819 г.
Другая сцэна, якую я памятаю цалкам — паездка да дзеда Тызенгаўза ў Рокішкі Вількамірскага павета.
Мой дзядуля Ігнат Тызенгаўз23, калі праводзіў лета ў Рокішках, збіраў вакол сябе ўсю сваю сям'ю, г. з. дзвюх замужніх дачок — маю маці Александрыну і маладзейшую за яе на 10 гадоў Зоф'ю, графіню Шуазель24, двух сыноў, яшчэ кавалераў, Рудольфа і Канстанціна. А на свята св. Ігнацыя ў Рокішкі прыязджалі і далёкія сваякі: удава Фелікса Патоцкага з графаў Пацаў, дачка роднай сястры майго дзеда, Пшаздзецкія і г. д., і г. д. Адтуль мае першыя ўражанні, першыя ўспаміны, і калі яны не падманваюць мяне, дык, ніколі больш не быўшы ў Рокішках, я памятаю кожны будынак — палац у італьянскім стылі са сходамі на вонкі, з бліскучым на сонцы купалам, пакрытым бляхай, які мы па-дзіцячы звалі «бамбелай», калі збіралі на зямлі бляхі, пасля таго як дах зламаўся. І той прыгожы галандскі каменны млын, і мураваны касцёл, які вока ў вока глядзіць на палац. Да гэтага часу я памятаю водар букетаў рэзеды, ляўконіі, гваздзікоў і ружаў, якія штодня абнаўляліся ў пакоях маёй мамы. У маіх вачах стаяць гэтыя вялікія пакоі з карцінамі і зала з егіпецкімі фрэскамі, і гэты малы кабінет, дзе дзядуля вучыў чытаць Ідальку… Дзядуля, пляменнік падскарбія Тызенгаўза, мог мець тады 60 гадоў. Прыгожы, з крыху сівой чупрынай, з густымі бровамі, ён паліў тытунь у доўгай люльцы, выглядаў пры гэтым строгім, і я яго трошкі баялася. Быў ён (як я потым чула) «панам на поўную губу» і па-сапраўднаму прыемным чалавекам. Любіў знаходзіцца ў таварыстве і, зімуючы з дочкамі ў горадзе, ладзіў пышныя балі і абеды, трымаў прыгожых коней, шчодра ахвяраваў на дабрачыннасць, быў горды, ветлівы, але халодны ў стасунках з дзецьмі.
Мае дзядзькі мелі ўзрост сярэдні паміж маёй маці і цёцяй Зосяй. Старэйшы, Рудольф, не меў хуткасці розуму ўласцівай малодшаму брату і старэйшай сястры, але чаго не дала прырода, ён здабыў працай. Прыгожа граў на скрыпцы, добра пісаў лісты, часам вершаваныя, і, нягледзячы на маўклівасць, якая адпужвала ад яго паннаў, увогуле быў прыемным у таварыстве дам і меў найлепшае сэрца. Малодшы, Канстанцін, быў дзікаваты, пазбягаў салонаў але любіў паляванне і таварыства вучоных. У ім ужо выявіўся будучы арнітолаг. З твару быў больш падобны да бацькі, але розум меў, як у маёй маці. Быў спакайнейшым і халаднейшым за брата, але любіў бавіцца, дражніцца з намі, дзецьмі, маляваў нам карыкатурных коней і сабак і з вялікім талентам скульптара ляпіў для нас з хлебу цэлую гаспадарку.
Цёця Зося першы год была замужам, прыгожая, вясёлая, яна толькі што вярнулася з Парыжа і прывезла нам ладныя цацкі. Мы яе вельмі любілі і бязлітасна мучылі ўкладкай валасоў, так што ёй нярэдка даводзілася ўцякаць ад нас і зачыняцца. Яе муж, сын старога эмігранта, спадчыннік вялікага маёнтка Плацелі на Жмудзі, які надаў ягонаму бацьку цар Павел, быў ужо немаладым, двойчы жанатым чалавекам. Яго першая жонка — графіня Вікторыя з Патоцкіх, дачка няшчаснага Шчэнснага, потым жонка Бахмецьева25, развялася з ім, нягледзячы на трох агульных сыноў і дачку. Што магло схіліць нашу маладую, прыгожую і заможную цётку пабрацца шлюбам з разведзеным немаладым чалавекам?.. Хіба толькі вялікае жаданне пазнаёміцца з Парыжам, што, аднак, яна магла зрабіць і не беручы шлюб з французам насуперак меркаванню ўсёй сям'і. Але была ўпартай і пайшла за яго. Граф Актавіян дэ Шуазель-Гуф'е, нашчадак знакамітага міністра часоў Людовіка XV, быў тыповым старым французскім арыстакратам. Непрывабны, з ястрабіным і крыху зарослым носам, з вялікімі чорнымі вырачанымі вачыма, з заўсёды растрапанымі валасамі, звычайна насіў фрак і шыпаваныя чаравікі, закідаў нагу за нагу. За сталом нагадваў герцага дэ Шона з «Лістоў» мадам дэ Севінне26 — марудна еў, дзесяццю пальцамі драў не толькі хлеб, які падавалі яму аднаму, але і пірог, які пасля яго павінны былі есці іншыя. Гаварыў гучна, хутка, неразборліва, крычаў, узмацняючы свой аповед шумна смяяўся, а калі ў нечым памыляўся, казаў: «Quand je dis que c’est ainsi, ce n’est pas absolument comme cela, mais a peu pres!» (фр. «Калі я кажу, што гэта было так, дык можа і не зусім так, а толькі прыблізна!». — Л. Л.). Усё ў яго было не ў парадку, неахайна, не даведзена да ладу — і ў доме, і ў вопратцы, і ў справах. Ён адпрэчваў крэдытораў, бо казаў, што яго словы — грошы. Жыццё маёй цёткі было не вельмі шчаслівым, хоць і ўзорным. Ён быў хуткі, яна жвавая і свавольная, яны ўвесь час спрачаліся, але працягвалася гэта нядоўга — ён прасіў прабачэння, і жонка яму даравала, пасля чаго на нейкі час прыходзілі мір і згода — галоўным пунктам дамовы была новая паездка ў Парыж, новыя выдаткі, новыя пазыкі, якія да кожнага дня св. Юрыя (тэрмін выплаты даўгоў у Вільні) звычайна прыводзілі маю цётку ў Літву, але гэта было ўжо ў пазнейшыя гады.
Рокішкі — вялізны, урадлівы, асабліва на лён, маёнтак (і да гэтага часу ў Рызе славіцца рокішскі лён) быў нязручным для гаспадаркі, але вельмі прыемным для адпачынку. Сапраўдным святам ў Рокішках былі Дажынкі, калі на адным сподзе пану падавалі вянок, складзены з васямнаццаці меншых вянкоў і ў кожным з іх мелася картка з назвай фальварка, адкуль паходзіў гэты меншы вянок. Сваёй ахвярнасцю свята набывала маштаб напалеонаўскіх урачыстасцяў.
Вяртаючыся ў Дабраўляны, мы спыняліся ў некалькіх знаёмых дамах. У Солах, маёнтку старасты графа Марыконі27 жыла яго нявестка, сястра князя «Пане Каханку», літоўская пісарава Марыконі. Вясёлая, тоўстая матрона з добрым апетытам, увесь час рассеяная, размаўляла праз нос і карысталася вялікімі насоўкамі. Юзэфа Лапацінская з Марыконі жыла тут жа і была добра вядомай у Вільні зоркай салонаў. Зусім маладой выйшла замуж і нарадзіла дзве дачушкі — Марыню і Юзю.
У Паставах нас прымаў дзядзька Канстанцін, яшчэ кавалер. Ад Пастаў да Дабраўлянаў усяго восем міль, і гэта блізкасць брата і сястры паўплывала на набыццё маёнтка, бо раней іх раздзялялі некалькі дзясяткаў міль. Як ні дзіўна, дабраўлянскае наваколле складалася ў асноўным з асоб, якіх маці ведала ў Варшаве, і якія, пабраўшыся шлюбам, пасяліліся ў Літве.
Гэта былі: першая, у Варнянях, ранейшая прыгажуня, шамбелянава Абрамовіч з дому Бахмінскіх, у першым шлюбе Ціхоцкая. Паўторна выйшла замуж за маладзейшага за сябе на дваццаць гадоў мужчыну і неаднойчы з-за гэтага горка плакала; другая — апошняя з дому Секержыцкіх28, удава Юзафа Мастоўскага, брата міністра Тадэвуша, якая прыехала сюды з Галіцыі, каб са свецкай дамы стаць руплівай гаспадыняй і ратаваць моцна абцяжараны мужам і малодшым сынам Уладзіславам маёнтак, у чым ёй добра дапамог пасаг нявесткі Ванькавічоўны. Трэцяй была сенатарава Агінская29, у першым шлюбе Нагурская, родам італьянка. У шлюбе з Міхалам Клеафасам Агінскім яны мелі тры прыгожыя дачкі, іх вясёлы і жвавы дом поўніўся замежнымі настаўнікамі і настаўніцамі, прыгожае Залессе яны зрабілі зямным раем.
Гэтыя дамы жылі за 5—7 міляў ад Дабраўлянаў і таму цяжка было ўважаць іх суседкамі, але ж колькі разоў на год яны наведваліся ў госці, і кожную зіму мы сустракаліся ў Вільні, а калі не бачыліся, дык ліставаліся, абменьваліся кнігамі і насеннем кветак, і таму ўсё ж называлі адна адну суседкамі.
Праз пяць міляў жыў стрыечны брат маёй маці — мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі. Шнар на ілбе ён атрымаў ў паходах Напалеона пад камандаваннем князя Панятоўскага. Непрыгожы і ўжо немалады, разам з жонкай не жыў, бо тая звар’яцела. Прыхільнік дам у духу Сярэднявечча ўхваляў іх фразамі са старых раманаў, якія яму па начах чытаў француз-камердынер. Але гэта не перашкодзіла Пшаздзецкаму заснаваць узорныя гаспадаркі ў сваіх маёнтках Смаргонь і Войстам, наладзіць вытворчасць берлінскіх вазоў, трымаць табун коней для язды верхам і пародзістае быдла. Смаргонь была ўзорнай гаспадаркай на дзясятак-другі міль навокал, і добры, гасцінны і сардэчны граф Караль, не толькі не зайздросціў, але і цешыўся, калі ў іншых атрымлівалася зрабіць сваю гаспадарку таксама ўзорнай. Трымаў у сваім двары казакаў — сапраўдных украінцаў, фарбаваў вусы і рэшту сваіх сівых валасоў і не ў такт, але з вялікім агнём танцаваў мазурку.
Бліжэйшымі да Дабраўлянаў былі два дамы Сулістроўскіх. У Вішневе жыла пані шамбелянава з дому Прэўскіх30, ужо ўдава, вядомая ў Варшаве ў прускія часы. Мела дачку Цаліну з класічным профілем і сына Эдмуся майго веку.
У Чурлёне жыла пані пісарава Сулістроўская, удава Алозія (гл. «Двары на Антокалі» Ігнацыя Ходзькі). Гэта старая матрона перажыла і свайго сына Казіміра, які, будучы мінскім губернатарам, пакінуў па сабе добрую памяць31. Яго дачкой была Антаніна Снядэцкая, смерць якой у 1853 г. аплаквала ўся Вільня, і не як нявестку Андрэя Снядэцкага, а як дачку шаноўнага Казіміра Сулістроўскага. Пані пісарава заканчвала свой доўгі век на манер старадаўніх матрон у атачэнні шматлікіх прыдворных дам, штогод на св. Антонія яе наведвала ўсё наваколле. Хаця гэта свята прыпадае на лета, але з-за неадрамантаваных з часоў, калі пісарава перастала выязджаць з дому, дарог і мастоў, гэтыя візіты не былі прыемнымі, але па настойлівай просьбе эканома госці хлусілі і ўсхвалялі добрую дарогу, а імянінніца прылюдна дзякавала яму за выкананне яе святой волі. Падобная камедыя разыгрывалася таксама за абедам і падчас падвячорка, бо госці, папярэджаныя прыдворнымі дамамі, каб не пашкодзіць садоўніку, дзівіліся позняй спаржай і дынямі, як нечым новым. «Ці ж гэта праўда?» — з недаверам пыталася ў іх здзіўленая старая.
У суседзях лічыўся таксама Ольшаў Хамінскіх, дзе ў той час з дачкой жыла самотная ўдава, харунжына Тэрэза Хамінская з Аскеркаў. Трое яе сыноў вучыліся ў Віленскім універсітэце.
Самымі бліжэйшымі суседзямі Дабраўлянаў былі Нястанішкі, праз мілю над Віліяй, маёнтак паважанай матроны Свянціцкай з Контрымаў. Ужо ўдава, мела яна адзінага сына Адольфа дзевятнаццаці гадоў. Быў ён такі тоўсты, што выглядаў на трыццаць. Кожную нядзелю ці мы прыязджалі да іх, ці яны да нас на чацвёрцы коней у фартуховых дрожках.
Усё ў доме пані Свянціцкай і сам яе дом мела рысы старасветчыны. Ламаны дах з высокімі франтонамі, высокія пакоі ўсярэдзіне, вялікія вокны, а са сталовай, якая займала цэнтр дома, шкляныя дзверы ў сад, упрыгожваннем якога былі каштаны. На акне ў гасцёўні ляжалі какосавыя яблыкі, на стале кніга ксяндза Клюка. Канторкі ў стылі ракако і печы на дужых тачоных ножках, якія здаваліся мне шахматнымі фігурамі, і я дзівілася, што яны такія вялізныя і пад печкай.
Сярод гасцей у Нястанішках бывала высокая і кастлявая асоба з вялізным носам, які сустракаўся з падбароддзем на вуснах, у чапцы, які спадаў на запалыя вочы, захутаная ў доўгі шалік сапфіравага колеру ў дробныя пальмавыя лісткі, у падвязанай пад шыю ваўнянай, попельнага колеру сукенцы, аздобленай сапраўднымі брабанцкімі карункамі. Калісьці, за часамі «Пане Каханку» яна была красуняй і памятала нясвіжскія балі, аздобай якіх была, тады яшчэ панна, Зузана Мірская, а потым палкоўнікава Дадэркава. У глыбокай старасці князь Караль Радзівіл хацеў ажаніцца з ёю, яна тады была яшчэ незамужняй, але гэтаму перашкодзілі інтрыгі княжацкай сям'і. Адзінымі сведкамі гэтага пачуцця ёсць уласнаручныя лісты князя да «каханай Зулькі». Некаторыя з гэтых лістоў нам падаравала сама гераіня, і я захоўваю іх, адзін ліст мае і Аляксандр Пшаздецкі.
Некалі заможная пані палкоўнікава, па-філасофску, ці дакладней, па-хрысціянску перанесла змены свайго лёсу. Дасціпная, вясёлая, сардэчная, яна ездзіла з хаты ў хату сваякоў і сяброў, якіх шмат мела ў Літве, але, каб захаваць сваю незалежнасць, заўсёды мела свой уласны куток у Нясвіжы і нават свой дамок, наняты каля касцёла ў Нястанішках. Адзіным яе багаццем была старая крытая брычка з двума худымі коньмі і куфрам ад «карэты-нябожчыцы» (яе ўласнае выказванне), а любімым заняткам — выраб торуньскіх пернікаў і цудоўных лекаў з мёду, якімі яна лячыла хворых і здаровых сяброў. Мела невычэрпны рэпертуар старасвецкіх песень і спявала па-памяці, глыбокім і гучным голасам без фартэпіяна, пры кожнай акалічнасці выконвала іншую песню.
Палац у Дабраўлянах, помнік часоў князёў Сангушкаў, стаяў без даху і меў толькі некалькі некранутых пакояў, якія можна было выкарыстоўваць толькі як каморы ці кухні. Мы жылі ў афіцыне. Сад са старымі ліпамі, пра якія я ўжо пісала, быў па-новаму ўладкаваны ў стылі французскіх садоў XVII ст., падсыпаны, каб мець абмураваныя тэрасы, усе дрэвы не толькі падрэзаныя, але і падстрыжаныя ў сферы, аркады, слупы ці піраміды. Меўся нават лабірынт з ліпаў, праўда, без Мінатаўра, але паколькі ён служыў месцам хованкі для валацуг і лайдакоў, мае бацькі яго ссеклі на вялікі жаль суседзяў, якія бачылі ў ім адно з цудаў свету. Мая маці пачала перарабляць рамантызм у класіцызм з таго, што выкапала раней засыпаныя на некалькі локцяў ліпы. Некаторыя з іх яна пасадзіла ўздоўж доўгай і шырокай вуліцы, другія ў выглядзе альтанкі — яны сваімі густымі галінамі былі сабраныя ўверсе нібы скляпенне святыні, і ані сонца, ані дождж не маглі прабіцца праз гэты гушчар. Усе яны цягнуліся ўгору як калоны ў касцёле. Некаторыя камлі мелі такі дыяметр, што трое дарослых, трымаючыся за рукі, ледзь маглі іх абхапіць.
Па ўсім садзе працякаў шырокі ручай, які праз млын, праз лугі бег у Свір. Мая маці, гледзячы на «бег вады», у сваіх думках ужо саджала на беразе «некалькі бярозак» і срэбныя, плакучыя вербы, галінкі якіх прывезла з Рыгі.
Тады ў Дабраўлянах з'явіўся нейкі настолькі стары садоўнік, што памятаў яшчэ апошняга караля, і параўноўваючы нашы ліпы з вілянаўскімі32, раіў спілаваць іх напалову і зрабіць альтанкі. «Так будзе больш прыгожа!» — казаў ён шэптам (бо не меў ніводнага зуба) — «Адны будуць расці ўнізе, а другія ўверсе». І ў пацвярджэнне сваёй парады расказваў, як зрабіў для караля Станіслава «сюрпрыз», ссекшы адну з вілянаўскіх ліп, каб пасадзіць у яе ствале «юзю» (меў на ўвазе ружу), з чаго кароль вельмі смяяўся. Садоўнік меў прозвішча Больман.
З таго часу кожны год знікалі нейкія помнікі кепскага густу і высаджваліся новыя дрэвы і кусты. Вытанчана выгіналіся высыпаныя жвірам сцежкі, на аксамітавай, некалькі разоў за лета скошанай і старанна прыгладжанай жалезным катком траве, квітнелі клумбы. Дзівам было тое, што сярод вялікай раўніны наш сад цалкам месціўся на пагорках і меў плошчу ў цэлую валоку (валока — прыкладна 21,36 га — Л. Л.), са сваімі дрэвамі і вадой ён выглядаў як нейкая асобная краіна.
Ад усяго старога саду, як памяць, застаўся толькі паўкруг з адмыслова стрыжаных елак з дзіркамі, нібы вокнамі, з круглымі галоўкамі, якія, калі іх бяліў снег, выглядалі нібы напудраныя парыкі маркіз пры двары караля Людовіка XV. І покуль мой бацька марыў перарабіць старыя муры ў сучасны палац, маці аздабляла афіцыну з маленькімі вокнамі і нізкімі столямі, у якой на сценах віселі талеркавыя люстэркі, сеўрская парцаляна33 і карціны майстроў у залачоных рамах, прывезеныя з Пакоршава. Усё гэта выглядала, можа, і не зусім дарэчы, але рабіла нашы салоны элегантнымі і нават вытанчанымі. Сам будынак знаходзіўся не ў лепшым стане, ад вільгаці поўніўся мурашкамі і грыбком, бо стаяў без падмурка. І ўсё ж, як не адкідаць зімаў, калі для нашага выхавання бацькі перабіраліся ў Вільню, у гэтай афіцыне мы пражылі дванаццаць гадоў і на яе ганку, над якім нават не было паветкі, з радасцю і з жалем сустракаліся і развітваліся з дарагімі гасцямі з Літвы і Кароны. Дагэтуль, у сне ці ў марах, перад маімі вачыма паўстае мая любімая афіцына, і я бачу той самы першы пакой з круглым столікам пасярэдзіне, з зялёнымі канапамі па кутах, падушкі якіх служылі нам конікамі ў гульнях, і шафай, з якой праз гатычныя шыбы на нас глядзела зачараваная лялька-прынцэса і іншыя цікавыя рэчы. З другога боку за сталовай меўся пакой бацькоў, застаўлены кніжнымі шафамі. У глыбіні стаяла бюро для пісьма, а перад ім — крэсла абабітае зялёным саф'янам, якое, калі трэба было звярнуцца да лёкая, паварочвалася разам з тым, хто ў ім сядзеў. За бюро мог прайсці толькі адзін чалавек — узяць кнігу з паліцы ці паглядзець на барометр, да якога мы, дзеці, прыходзілі ў слотныя дні, бо мелі надзею, што шарык жывой ртуці пачне падымацца.
У вуглавым салоне стаяла канапа, абабітая сінім ваўняным муарам, на якой з рукадзеллем звычайна сядзела мая маці і з батысту рабіла кветкі, падобныя да жывых. Мне здаецца, што я дагэтуль бачу яе ў белым шлафроку без фалдаў, з вузкімі рукавамі і ў чапцы з сапраўдных карункаў, якія яна сама мыла на бутэльцы. На яе далікатных белых пальцах мелася шмат пярсцёнкаў — не толькі шлюбны з заручальным, і ўсе яны былі памятнымі для матулі. Маці заўсёды насіла на шыі перлы з брыльянтавым фермуарам (зашпількай), бо лічыла, што яны не павінны ляжаць без справы. Іншыя фамільныя каштоўнасці захоўваліся ў невялікай, акутай жалезам, скрыначцы. Яе адчынялі толькі ў горадзе перад балем ці на вёсцы, калі трэба было прыгожа апрануцца.
На месцы былога лабірынта ў дабраўлянскім садзе з'явілася аранжарэя і цяпліца, ад лабірынта застаўся толькі адзін шэраг ліп, які стаяў густымі шпалерамі. Кожная прыгожая кветка з аранжарэі ці саду адразу пераносілася на паперу пэндзлем маёй маці, бо яна была вучаніцай Норбліна34 і Арлоўскага35, добра малявала акварэллю і фарбамі. Такім чынам маці абяссмерціла ў сямейных тэчках кветкі нашага маёнтка.
У Дабраўлянах мелася шмат прыгожых раслін, усе яны былі прывезены з Пакоршава, бо мой бацька, калі яшчэ быў кавалерам, таксама любіў кветкі. Нас вельмі цікавілі лісткі мімозы, якія зморшчваліся ад найменшага дотыку ці толькі ад набліжэння рукі. Цешыў Bryophylum cristalinum (брыёфілюм), які ззяў як дыямент.
Наша жыццё ў Дабраўлянах было вельмі патрыярхальным. Маці апекавалася хворымі сялянамі і асабліва дзецьмі, лячыла іх з уласнага досведу ці па кнігах дактароў Франка і Дзяркоўскага. У ніжняй шуфлядцы вялікага бюро, з размаляванымі золатам панелямі, было шмат бялізны, яна ішла на бінты ці як вопратка для жабракоў, якія ці не штодня заходзілі-заязджалі да нас з розных бакоў.
Вечарамі, пасля вячэры, маці сядала за піяніна і спявала папулярныя тады рамансы Блангіні36, Паэру і Міхала Агінскага ці «Гістарычныя песні» Нямцэвіча, дапамагала ёй мая старэйшая сястра. Пасля канцэрта адбываўся баль з мазуркамі і англезамі, і пакуль дочкі пад музыку танцавалі адна з адной, перад маці быццам бы паўставалі сяброўкі яе забаў: кузынкі Радзівілоўны з Нябарава, канкурэнтка ў разумовых справах Ганна Тышкевічоўна, пазнейшая Патоцкая, суседкі з Рокішак Марыканянкі, таварышы па ўроках танца і навук сем братоў Плятэраў, Севярын Шыманоўскі, пазнейшы генерал і першы яе паклоннік, Севярын Гоўвальд, які заўсёды меў на змену белыя чаравікі, і Караль Чапскі — былы сур'ёзны канкурэнт на яе руку, які, нягледзячы на адмову, застаўся сябрам на ўсё жыццё і г. д. Покуль маці марыць, яе малыя дочкі скачуць і ні пра што не думаюць.
Часам мы з бацькам гралі ў «калебраку» (жабрака), апроч забавы гэта дапамагала яшчэ і навучыцца лічыць. Увосень збіралі гарох і пшаніцу на засеў, бо кожная з нас мела свае малыя грады.
1820 год
Зіму 1820 г. мы правялі ў Вільні, у доме тагачасных Алізараў (сёння дом Завадскіх) на Бернардынскім завулку. Мае сёстры ўжо бралі рэгулярныя урокі: пан Шлезінгер вучыў іх граматыцы і каліграфіі, а стары Бялькевіч — музыцы. Я мімаходзь ухапіла некаторыя выразы і ўжывала іх (зусім без жоўці) да сваёй сярэдняй сястры. Убачыўшы неяк яе гарэзлівасць, я ўсклікнула: «Ах, грымасы!», а на суворы позірк маці дадала: «Гэта быў клічнік». Іншы раз я ёй сказала: «Ідалька! Ты ніякага роду, бо ані старэйшая, ані малодшая». Мая жвавасць была неапісальнай — аднойчы прабегшы ўсе пакоі, я апынулася на карце, раскладзенай на канапе. Сястра і настаўнік у крык з-за маёй неасцярожнасці, а я міла ім адказваю: «Я купаюся ў акіяне».

