
Полная версия
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Вакацыі 1861 года мы зноў правялі ў краі, але ў зусім іншай атмасферы. У свядомасці панавала эпапея Гарыбальдзі з аб'яднанням Італіі якая лёгка запальвала розумы «ад мора да мора». У Расіі панавалі ліберальныя і рэфарматарскія плыні, адбываліся дэманстрацыі ў Варшаве і пасля іх – жалоба, чамаркі і г.д.37
Наш прыезд у Вільню супаў з момантам, калі першыя хвалі заразы дэманстрацый пачалі даходзіць і да нас. У пачатку жніўня, незадоўга да заходу сонца, мы ўязджалі ў горад ковенскім трактам на брычках праз Пагулянку. Каля самай брамы мы ўбачылі некалькі сотняў казакоў, праўда, без пік. Нас ніхто не спыняў, але калі мы рыссю спускаліся па стромай дарозе, дык нас дагналі казакі, якія заўзята направа і налева махалі нагайкамі, а злева (пад гару) з боку Пагулянкі, якая тады не была забудавана ажно да вуліцы Завальнай і не мела тратуараў, ішла не вельмі шматлікая, але ўжо часткова разагнаная працэсія, людзі спявалі «Божа, што ж Польшча» і неслі некалькі жалобных харугваў. Мы без праблем дабраліся да дома Мілера на вуліцы Нямецкай, і, як толькі прыехалі, нас наведаў малады архітэктар пан Шалевіч, сын вышэйзгаданага адважнага пана Юзафа, які зрабіў нам гарачую справаздачу аб падзеях.
Аказалася, і я пачуў гэта праз шмат гадоў ад другога ўдзельніка гэтай маніфестацыі пана Антушовіча, тлум на Пагулянцы ўзбудзіла вестка… што з Коўні па шляху Напалеона ўжо ідзе французская армія, якую ў Вержбалове высадзіў англійскі флот!38 Натуральна, у гэтых маніфестацыях удзельнічалі і нашы абавязковыя «аніматаркі» падобных выбрыкаў, то бок мілыя пані і паненкі. На чале іх у Вільні таго часу стаяла пані Александрына Лубанская з Сулістроўскіх, якая паўсюль лётала, нібы матылёк, паўтараючы: «Il faut chauffer, il faut chauffer» («Трэба падвышаць напал, трэба падвышаць напал», фр. – Л. Л.) і чароўная пані Ізя Тышкевічава з Вакі, якая спецыялізавалася на вытанчаных нахабствах у адносінах да генерал-губернатара Назімава, а таксама сімпатычная і мілая панна Валіцкая, якая на Пагулянцы падчас гэтага паходу на Коўню, добра атрымала нагайкай па плячах ад казака, але праз два гады адпомсціла Маскве тым, што выйшла замуж за праваслаўнага пана Міхала Камара39.
Аповед маладога Шалевіча пакінуў у маіх бацькоў вельмі дрэннае ўражанне. Бацька ўжо прадбачыў, да чаго прывядзе гэтае вар'яцтва. З ім пагаджалася і маці, яна хоць і была вельмі рэлігійнай і патрыятычна ўзнёслай, але з-за стану здароўя вяла эгацэнтрычны лад жыцця і была схільная заставацца над падзеямі. Калі бацька цвёрда вырашыў, што ні ён, ні хто з яго сям'і не будзе ўдзельнічаць у гэтых дзіцячых і небяспечных маніфестацыях, маці без пратэсту падпарадкавалася ў такой важнай справе рашэнню галавы сям'і і была, бадай, адзінай жанчынай, якая да канца не насіла жалобы40. Яна заўсёды надзявала рознакаляровыя ўпрыгожванні на сябе і сваіх траіх дзяцей. Гэта, канешне, не адмяняла болю ад страт, якія, як я пакажу пазней, нам было наканавана пацярпець ад маскоўскага ўраду, у той час, калі многія з дэманстрантаў і падпальшчыкаў неяк шчасліва пахаваліся.
Шмат што адрознівае мяне ад поглядаў і метадаў дзеяння пана Рамана Дмоўскага41, аднак, усё ж я горача абняў бы яго, бо ў сваёй апошняй кнізе «Як адбудоўвалася Польшча» ён, бадай, першы з нашых палітычных карыфеяў меў шчырасць і смеласць выказаць думку, што ўсе нашы паўстанні выбухнулі нясвоечасова і нам трэбы казаць не пра заслугі іх правадыроў, а пра цяжкія грахі перад Бацькаўшчынай. Як потым у Вільні казаў Падарэўскі42, нельга хадзіць з паходняй каля сямейнай страхі, той, хто так робіць, калі ён нават і выпадкова падпаліць хату, той – не герой, а годны кары злачынец.
Многіх удзельнікаў авантуры 1863 года я асабіста ведаў тады і пазней, але гэта былі не змоўшчыкі, не тыя людзі, якія ахвотна лавілі рыбу ў каламутнай вадзе, бо ім не было чаго губляць, а мелі яны надзею стаць «бацькамі краіны», гэта былі людзі, якія «bene nati et ownerati» («удала нарадзіліся і валодаюць маёмасцю», лац. – Л. Л.), яны не маглі не стаць першымі ахвярамі гэтага вар'яцтва 1863 года.
Я не памятаю ніводнага чалавека, які сцвярджаў бы, што тады ў яго была хоць найменшая, самая аддаленая надзея на поспех справы, у якой ён прымаў удзел. Так, усе яны без выключэння ў доказ сваёй прадбачлівасці хваліліся сваімі прадказаннямі, што падзеі скончацца правалам (хоць і не ў такіх маштабах). Гэта выразна прызнае ў сваіх «Успамінах» нават адзін з галоўных арганізатараў усяго руху ў Літве Гейштар – дык чаму і па што яны туды палезлі?
Якіх толькі прамоваў тады можна наслухацца! Як сёння памятаю – палявалі мы ў мамінага дзядзькі ў Кір'янаўцах. Пасля вячэры я сціпла сяджу ў кутку. Па гасцёўні ходзіць чубаты юнак, копія Адама Міцкевіча 1825 года і ў сваёй прамове ўсе скасоўвае. Не будзе дваранства, не будзе ўласнасці, не будзе ўрада, не будзе духавенства і г. д. Бацька яму цярпліва: «А што будзе на месцы ўсяго гэтага?» Хлопец адкідвае чупрыну назад, арлінымі вачыма азірае ўсіх, робіць паўзу і кажа: «Будуць людзі… і народ!!!…»43. Гэта была эпоха «натуральнага розуму, да якога не дакранулася ніводная навука».
З-за гэтага настрою і з-за трывогі аб будучыні, вакацыі 1861 года былі для мяне значна менш радаснымі, чым у папярэднім годзе.
У кастрычніку мы вярнуліся ў Парыж.
Я пайшоў у 3-ці клас (па французску, а па нашаму – у 6-ты). Мой кругагляд усё больш пашыраўся. Кожны дзень, вяртаючыся з гімназіі, я купляў газету ў разносчыка які чакаў гімназістаў, мае калегі куплялі іншыя газеты і мы абменьваліся імі. Я быў цалкам абазнаны ў сучаснай знешняй і ўнутранай палітыцы.
У 1860 г. Напалеон ІІІ, жадаючы заваяваць папулярнасць у народзе, нават не для сябе, а для сваёй дынастыі (такую мару маюць усе парвеню), 21 лістапада 1860 года выдаў знакаміты дэкрэт, які ўнёс даволі моцную плынь свежага паветра ў розныя сферы жыцця […]. З таго часу і да катастрофы 1870 года, паводле маіх успамінаў і ўражанняў, палітычная сістэма Францыі больш чым дзе-небудзь на кантыненце наблізілася да ідэалу: «свабода і парадак», – заўсёды недасяжны для чалавецтва ідэал.
Дзякуючы катастрофе 1870 г., за якую значна большую долю адказнасці неслі тагачасныя левыя партыі, большую чым сам псеўдацэзар Напалеон III, які да гэтага часу набыў ва ўсёй Еўропе рэпутацыю горшую, чым рэальна заслугоўваў […]
Калі я перайшоў у трэці клас банапартскага ліцэя […] хутка пазнаёміўся з таямніцамі не толькі палітычнага, але і свецкага жыцця тагачаснай сталіцы Сусвету. Нашым каштоўным інфарматарам быў пан Дзмітрый Бенкендорф, унук знакамітага жандара Мікалая I і сын старэйшай з трох дачок грэка Бенардакі, які моцна ўзбагаціўся на акцызнай арэндзе і пасяліўся ў Бруселі, дзе маладая ўдава Бенкендорф выйшла замуж за маркіза д'Аск. Карэспандэнтам Бекендорфа ў Парыжы, г. зн. прадстаўніком нашых бацькоў, да якога мы хадзілі па нядзелях і святах, быў Ле Дюк дэ Басана, ці Марэль, сын знакамітага начальніка палітычнай канцылярыі Напалеона І. Салон герцагіні дэ Басана быў адным з самых папулярных у Парыжы і наш сябар слухаў там разнастайныя свецкія плёткі, якія потым пікантна даносіў да нас. Да таго ж, пансіён пана Кузіна складаўся амаль выключна з сыноў тагачаснай парыжскай арыстакратыі ці плутакратыі, у тым ліку з выбітных сыноў Ізраіля. У нас было два Ротшыльды (адзін сёння яшчэ жывы), адзін Пэрэй, адзін Гінзбург, які падняўся на ваенных пастаўках падчас нядаўняй Крымскай вайны. Акрамя таго, у некалькіх маіх сяброў меліся старэйшыя браты, якія ўжо патрапілі ў высокія колы парыжскага свету, дзякуючы чаму мы ведалі пра любоўныя прыгоды незабыўных жрыцаў Венеры таго часу: амерыканкі Кора Пэрл, чароўнай Гартэнзіі Шнайдэр, стваральніцы «Прыгожай Алены» і пазней Вялікай герцагіні Геральштэйн, Джульеты ле Бо, неўзабаве, спадарожніцы жыцця графа Міхала Тышкевіча44, Ганны Дэсліён і інш. – быццам мы спалі пад іхнімі ложкамі. Таксама мы былі знаёмы і з тэатральным жыццём. Мой бацька, сам заўзяты аматар тэатра, прымушаў нашу бедную дзявотку45-маці, для адукацыі браць нас на спектаклі. І яна, не дзеля ўласнага задавальнення, бо ў яе наогул не было пачуцця музыкі, а толькі дзеля дзяцей, вадзіла нас у італьянскую оперу.
Акрамя таго, пан Кузін, калі нашых бацькоў не было ў Парыжы, па суботах ці на святах вадзіў нас у «цнатлівыя» тэатры: гэта значыць у «Французскі тэатр» і «Гімназ», дзе панавала незабыўная Ружа Шэры, а таксама ў «Вялікую оперу» або ў «Камічную оперу».
Мой бацька лічыў, што выхаванне хлопчыкаў не павінна грунтавацца толькі на кнігах. Таму, каб кожны з нас меў «па некалькі струн», ён з самага пачатку, каб мы «не загінулі марна», загадаў нам браць дадатковыя ўрокі музыкі і малявання. Мой брат, які быў вельмі таленавіты ў маляванні і жывапісе, да 20 гадоў не мог сыграць нават польку. А я, маючы сапраўдны талент да музыкі, ніколі не мог належна намаляваць нос. І ажно да паступлення ва ўніверсітэт мы мелі пакуты – брат Ігнацы ад фартэпіяна, а я ад малявання.
У той час, і фактычна аж да з'яўлення аўтамабіля (хай яго ліха возьме), у ясныя дні Елісейскія палі і Булонскі лес былі штодзённым месцам збору ўсіх, хто прэтэндаваў на элегантнасць. Хто гэтага не бачыў, той не мае ўяўлення пра сапраўдны парад вытанчаных карэт і коней. Заўсёды было з дзесятак конных экіпажаў а-ля Дамон з двума фарэйтарамі46. Таму, як казаў вялікі Талейран, той, хто не ведаў Версаля ў часы Людовіка XVI, той не мае ні найменшага паняцця аб слодычы жыцця, а я б дадаў, што той, хто не бачыў Парыж у апошнія 10 гадоў Другой французскай імперыі, той не мае ўяўлення пра сапраўдную элегантнасць.
У 1862 г. мы зноў паехалі адпачываць у наш край. Дабраліся ўжо цягніком ажно да Коўні, а праз два месяцы ў адваротны шлях ужо селі ў вагон на сённяшнім вакзале ў Вільні47. Што раз усё больш і больш разумны хлопчык, я мог адразу адчуць – тое, што яшчэ год таму было зародкам хваробы, сёння ўжо прыняло форму эпідэміі. Вулічных маніфестацый не было, але паўсюдна ў касцёлах (апрача як у бацькаўскіх Геранёнах, дзе мудры пробашч Баярынскі падтрымаў майго бацьку) службы заканчваліся спевам «Божа, што ж Польшча», а часам нават і «З дымам пажараў»48. Чамаркі сталі амаль што абавязковай вопраткай, а з іншага бока расійская талеранцыя ўсе павялічвалася. Нагадаем тут пра высілкі ў Каралеўстве вялікага Аляксандра Веляпольскага49, які дабіўся таго, каб застаўся толькі адзін расейскі чыноўнік – вялікі князь Канстанцін.
І без таго нязначная колькасць расейцаў ва ўладных установах яшчэ больш зменшылася. Калі ў Гародні вызваліліся пасады губернатара і віцэ-губернатара, на іх месца прызначылі памешчыка са Свянцянскага павета Хамінскага і нашага суседа Эміля Умястоўскага. Сёння я маю рэтраспектыўнае меркаванне, зважаючы на старыя традыцыі піцерскай бюракратыі рабіць правакацыі, што гэтая паблажлівасць была наўмыснай, як пазней 9 студзеня 1905 г. і ў сакавіку 1917 г., падчас так званых «крывавых лазняў». Нашы шчырыя і аптымістычныя патрыёты самі лезлі, як мухі на мёд. Дадам, што калі ў 1910 г. у Дзяржаўнай думе разглядаўся праект Сталыпіна аб ліквідацыі фінскай аўтаноміі і русіфікацыі ўсёй фінскай дзяржавы, мой калега Ксаверый Арлоўскі пачуў канец размовы двух саноўнікаў: «Дрэнна тое, што гэтыя фінскія шэльмы маюць халодныя голавы, іх, як палякаў, на паўстанне не падпіхнеш».
Бацька ўсяляк стараўся зрабіць наша знаходжанне ў краі больш прыемным, каб нам падабалася тут больш, чым у Францыі. Ён прыдумаў прывезці да нас у Геранёны на ўвесь адпачынак, віленскага берэйтара пана Лукашэвіча з некалькімі яго добра выдрэсіраванымі канямі. Лукашэвіч, якому тады было 45 гадоў, удзельнічаў у венгерскім паўстанні ў 1848 г. пад кіраўніцтвам Дэмбінскага і Бэма, і таму, верагодна, насіў не чамарку, а так званую венгерку. Ён адразу пачаў праяўляць асаблівую прыязнасць да мяне і называў мяне «паручнікам». Акрамя сваіх манежных коней ён узяў з сабой яшчэ і вельмі прыгожага каня. На раніцы мы рэгулярна і метадычна бралі ўрокі на гэтых манежных конях, а пасля абеду, разам з маёй сястрой, якой было тады 15 гадоў і нашай 18-ці гадовай стрыечнай сястрой Ізабэлай Мікашанкай, якая зачаравала ўсю маладую Вільню сваёй прыгажосцю, мы (я і мой брат на нашых уласных конях) ездзілі на доўгія прагулкі. Сам Лукашэвіч, з заўсёды падвешанай на баку шабляй, ездзіў на згаданым вышэй маладым кані. Праз тыдзень, ён прызнаўся мне, 14-ці гадоваму смаркачу, што конь належыць пану Юзафу Снядэцкаму і што ён аб'езджаны для яго, будучага ротмістра, які сфармуе эскадрон, у якім ён, Лукашэвіч, будзе вахмістрам!
У верасні гэтага года адбылося вяселле адной са шматлікіх гадаванак і адначасова, татавай пляменніцы. Паколькі двор яе маці межаваў з Менскім паветам, быў невялікім і аддаленым для гасцей, бацька вырашыў аддаць яе замуж з Геранёнаў. А паколькі, з-за агульнапрынятай нацыянальнай жалобы немагчыма было танчыць, бацька вырашыў замяніць танцы самадзейным тэатрам. Глядзельную залу і сцэну ён уладкаваў у вялізным новым мураваным амбары, які быў пабудаваны ў стылі парыжскага касцёла св. Магдалены. Зала была ўпрыгожана гірляндамі зеляніны і кіламетрамі рознакаляровай тканіны. Трупа складалася з майго дарослага і вельмі прыгожага брата ў ролі першага каханка, мяне, як першага коміка, Лукашэвіча, як рэзанёра, маёй сястры Марыі і стрыечнай сястры Ізабэлы Мікашанкі (першай, у амплуа наіўніцы, а другой, – какеткі) і бухгалтара немца Шварца які самой прыродай быў асуджаны выконваць гратэскную ролю. Мы сыгралі дзве аднаактавыя камедыі. За выключэннем выфранчанага таты, усе мужчыны былі апранутыя ў разнастайныя патрыятычныя строі: чамаркі, венгеркі, касцюшкаўскія сукманы і г. д. Калі мы ўжо сядалі за вясельную вячэру, прыехаў чацвёркай модных тады таўсталобых коней, верагодна адмыслова для гэтага дачакаўшыся адпаведнага моманту ля брамы, няпрошаны і нечаканы, вялізны, пузаты, размашысты, абсалютна як Заглоба, пан Вільгельм Пратасевіч, слынны ў наваградскім, лідскім і слуцкім паветах дасціпнік, аўтар гумарыстычных эпічных твораў… і дармаед50. На ім быў белы кунтуш з вылётамі, кармазынавы жупан, слуцкі пояс, саф'янавыя боты, канфедэратка з паўлінавым пяром, бракавала яму толькі карабелі, бо не любяць паслядоўнікі Заглобы нечакана сустрэць паліцыю. Вядома, бацька не вельмі ўзрадаваўся такому праслаўленню Рэчы Паспалітай, але гасціннасць абавязвала не паказваць гэтага, і хутка пан Вільгельм сваім шалёным запалам здолеў загладзіць свой выбрык.
У кастрычніку таго ж 1862 года мы зноў вярнуліся ў Парыж, і я пайшоў у перадапошні клас. Бацька павінен быў прыехаць на Каляды. Французская прэса вельмі цікавілася польскім пытаннем. Князя Адама Чартарыскага ўжо год як не было. На пасадзе «караля партыі» яго змяніў другі сын, князь Уладзіслаў, жанаты з княжной Ампарай, марганатычнай дачкой іспанскай каралевы Крысціны і такім чынам, зводнай сястрой пануючай каралевы Ізабэлы. Нягледзячы на тое, што князь Уладзіслаў атрымаў у спадчыну напаўафіцыйнае становішча свайго бацькі ў свеце, ён не атрымаў у спадчыну ні яго выключнага розуму, ні яго асаблівага вопыту, і гатэль «Ламбер» стаў генеральным штабам партыі «белых» экстрэмістаў, якія адкрыта падштурхоўвалі да паўстання. Традыцыйна на Каляды ў гатэлі «Ламбер» адбыўся дабрачынны вечар51 на карысць беднай эміграцыі, на ім гандлявалі не толькі польскія, але і шматлікія французскія і замежныя велікасвецкія дамы. Вечар 1862 г., куды мяне адвёз мой бацька, быў выключна прыгожым і карысным.
Прысутнічала на ім, тады яшчэ маладая, не вельмі прыгожая, але абаяльная графіня Марыя, жонка Міхала Тышкевіча (у дзявоцтве Радзівіл), чый муж, каласальнага росту, вельмі прыгожы, эфектны вялікі пан і прафесійны няўдачнік, успадкаваў пасля смерці дзядзькі Яна вялізную ардынацыю Біржы і ўжо спяшаўся пасяліцца ў шыкоўных апартаментах на вуліцы Фобур Анарэ. Тут я часта бавіўся з яго сынамі, маімі аднагодкамі. Гэтым вечары ён купіў у жонкі філіжанку гарбаты і заплаціў за яе дзесяць тысяч франкаў. Натуральна, што ўсе дамы, нават і замежніцы, былі ў жалобе і пра ўваскрэсенне незалежнай Польшчы ад мора да мора, гаварылася з такой жа ўпэўненасцю, як у жніўні 1914 года ў Берліне крычалі: «На Парыж».
Раздзел V. Паўстанне 1863 г. Мураўёў. Зняволенне бацькі. Вільня. Каўфман
У другой палове студзеня, калі ў маіх бацькоў былі госці, прыйшла вестка пра паўстанне 1863 года.
Бацька адразу вырашыў неадкладна вярнуцца дадому, бо праз некалькі тыдняў заканчваўся двухгадовы тэрмін адмены прыгоннага права, а даверанай асобы Юзафа Шалевіча, які мог аднаасобна вырашыць крызіс, ужо не было, ён звольніўся яшчэ мінулай вясной, каб падрыхтаваць два свае фальваркі ў Лідскім павеце. Але маці папрасіла бацьку пачакаць і даведацца, перакінецца гэты пажар на наш край ці не. Хутка перакінуўся, і дзякуючы, з аднаго боку, невычэрпнай дабраце шляхетнага генерал-губернатара Назімава, які не толькі не меў рашучасці падпісаць смяротны прысуд, але нават і саслаць у Сібір, а з другога, дзякуючы раздражняльным прамовам у французскім сенаце князя Напалеона і прэзідэнта Банжана, а таксама дыпламатычным нотам Францыі, Англіі і Аўстрыі, вынік якіх не цяжка было прадбачыць як вартае жалю дыпламатычным фіяска, а таксама дзякуючы і двудушнасці Напалеона III. З-за ўсяго гэтага, яшчэ да вясны, па ўсёй Літве людзі пачалі «сыходзіць у лес». Ноты заходніх краін падштурхнулі Аляксандра II і яго міністра знешніх спраў, славутага Гарчакова, неадкладна і энергічна задушыць паўстанне, каб уратаваць так званыя заходнія губерні. Калі пачалі шукаць асобу на змену Назімаву, кандыдатам мог бы быць толькі адзін з генерал-ад'ютантаў. Аднак ліберальная плынь, якая панавала ў той час у Расіі, аказалася настолькі моцнай, што ўсе генерал-ад'ютанты, пачынаючы з князя Суворава і князя Пашкевіча-Варшаўскага, заявілі імператару, што не бачаць іншага спосабу супакоіць паўстанне як толькі задаволіць патрабаванні, і пан Анджэй Замойскі ў Парыжы ўжо выказаў гэтыя патрабаванні высокаму саноўніку пану Янахаву (ён пазней сам мне гэта распавёў), якога паслалі туды для гэтай мэты. Адбыўся наступны дыялог: «Але, нарэшце, пан граф, што вы хочаце ад нас?» Адказ: «Allez vousen!» («Ідзіце прэч!»). Засталіся толькі два кандыдаты, на энергію якіх можна было разлічваць: папярэднік Назімава, стары генерал-ад'ютант Бібікаў (прычыну яго няміласці я назваў вышэй) і не менш стары генерал-ад'ютант Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў52, якога ўжо ў 1831 г., калі ён быў губернатарам у Гародні, празвалі «вешальнікам».
Два гады таму Мураўёў быў гучна зняты з пасады міністра дзяржаўнай маёмасці з-за самых абуральных злоўжыванняў53, Герцэн у сваім «Колоколе», які выдаваўся ў Лондане і які Аляксандр II штодзень чытаў, апублікаваў рэзкі артыкул пра гэтага Мураўёва і закончыў яго словамі: «Міхаіл Мікалаевіч, вы – дзяржаўны злодзей».
Але Аляксандр, верны традыцыям сваёй дынастыі, палічыў за лепшае даверыць неабмежаваныя правы злодзею, чым дараваць свайму высакароднаму, але ўпартаму слузе (Бібікаву – Л. Л.).
У Парыжы мы даведаліся, што першым учынкам новага сатрапа пасля прыезду ў Вільню, быў загад прадставіць спіс арыштаваных у той дзень. У самых першых радках былі ксёндз Ішора, пробашч з Лідскага павета54, які з амбоны прачытаў сваім парафіянам маніфест так званага Нацыянальнага ўрада і стрыечны брат маёй маці Уладзіслаў Лясковіч55, 17-гадовы студэнт шляхецкага інстытута, нейкі шпіён падслухаў калі ён, стоячы з паненкай на тратуары, сказаў, што «французы ўжо высадзіліся ў Вержбалова!». На палях паперы, насупраць гэтых прозвішчаў, Мураўёў напісаў: «Расстрелять», — і наступнай раніцай іх абодвух без суда і допыту расстралялі на Лукішскім пляцы.
Гэта толькі ўзмацніла просьбы маці. Мы зноў паехалі ў адпачынак да мора, але з-за неабходнай эканоміі не ў Д'еп, а ў больш танны Жэкам. Руфін Пятроўскі зноў суправаджаў нас.
Увосень, калі сутычкі з паўстанцамі ў Літве цалкам закончыліся, бацька не ўтрымаўся і вярнуўся ў край. Мураўёў, якому ён павінен быў прадставіцца, ведаў, што бацька трымаецца ў баку ад усялякіх дэманстрацый і прыняў яго добразычліва, падоўжыў на год нашы пашпарты і па-здрадніцку параіў неадкладна ехаць у свой маёнтак, чаго бацька асцерагаўся і абачлівыя людзі не раілі рабіць яму гэта з-за страху перад рознымі брыдотамі, якія выдумлялі прыстаўленыя да кожнага павета ваенныя начальнікі, якіх надзялілі дыктатарскімі паўнамоцтвамі, як у ваенны час. Але бацька паехаў, агледзеўся, навёў нейкі парадак і вярнуўся ў Вільню, адкуль вярнуўся ў Геранёны толькі на веснавую сяўбу ў красавіку. Праз некалькі тыдняў ён атрымаў ад начальніка павета палкоўніка Каладзеява ветлівы, але цвёрды ліст, у якім той выказваў жаданне сустрэцца і дзеля гэтага выклікаў яго ў Ашмяны. Бацька, якога душыла наша традыцыйная шляхецкая фанабэрыя, адказаў, што ён пасля сваёй доўгай адсутнасці вельмі заняты і будзе рады сустрэць пана палкоўніка ў Геранёнах. Гэтым сябе і загубіў.
Замест палкоўніка Каладзеява прыбыў жандарскі афіцэр з двума салдатамі, не зводзячы вачэй з падазронага, загадаў спакаваць неабходныя рэчы і павёз з сабой у Ашмяны.
Тут я павінен згадаць прыгожы ўчынак… яўрэя Янкеля. У спальні майго бацькі меўся вогнетрывалы сейф ад Фішэ з Парыжа з усімі хітрымі замкамі, а ў ім тоўсты гаманец з дзяржаўнымі расійскімі акцыямі на суму каля ста тысяч рублёў. Бацька не страціў розум, калі з дапамогай слугі складаў свае рэчы пад наглядам афіцэра, які, бадай, ніколі ў жыцці не бачыў падобнай касы. Тата не глядзеў на яе, але голасна загадаў слузе, каб паклікаў сюды вельмі адданага яму эканома Радзевіча. Пад гучныя каманды і размовы, бацька прашаптаў: «Адразу прывязіце да мяне ў Ашмяны Янкеля Дудскага».
Уначы падалі нашу брычку і коней, афіцэр сеў каля таты, і яны паехалі ў Ашмяны. Бацька, як звычайна, спыніўся ў карчме ў Янкеля Бакшта, у якой у 1812 годзе разам з ротмістрам Вансовічам начаваў сам Напалеон, калі ўцякаў са Смаргоні. Перад уваходам паставілі варту і загадалі не пакідаць карчму, пакуль тата не сустрэнецца з палкоўнікам Каладзеявым. Убачыў яго толькі праз тыдзень.
Янкель Дудскі з'явіўся ўжо на раніцы. На працягу 20 гадоў разам са сваім партнёрам Маркелем ён быў у майго бацькі манапалістам усяго гандлю збожжам, ільном і г.д., і заўсёды паводзіў сябе сумленна. Баючыся, што ў кожную гадзіну маскоўскія чыноўнікі завалодаюць Геранёнамі і асабліва сейфам, бацька хутка загадаў Янкелю: «Вяртайся ў Геранёны, ідзі з гэтым ключом у маю спальню. Наставіўшы шыфр-слова, адкрый сейф. У ім знойдзеш партфель, у якім сто тысяч працэнтных каштоўных папер, неўзабаве гэтыя паперы могуць каштаваць, як увесь мой маёнтак. Завязеш партфель да маршалка Яна Лубанскага ў Вілейскі павет, аддасі яму на захаванне як дэпазіт да далейшага майго ці маёй жонкі распараджэння і прывязеш мне адказ». Янкель апрануўся ў дарогу у самую сціплую вопратку, як жабрак, едучы з вёскі да вёскі на нанятых сялянскіх павозках, патрапіў да пана Лубанскага, перадаў дэпазіт і прывёз адказ майму бацьку. Усё зрабіў вельмі добра.
Але праз дзясятак-другі гадоў ён купіў у мяне вялікую партыю льну і скарыстаўся маёй адсутнасцю. Прымаючы тавар, самым ганебным чынам, прыкладна на 300 рублёў ашукаў майго дурнога эканома. Калі я вярнуўся і заўважыў гэтае свавольства, то спытаўся ў Янкеля: «Як мог чалавек, які ў 1863 г. меў гонар у адносінах з маім бацькам, цяпер учыніць такое жаласнае махлярства ў адносінах да мяне?». Янкель адказаў вельмі спакойна: «Ясны пан няслушна мае да мяне прэтэнзіі. Тады стары пан, хай пан Бог падоўжыць яго гады, звярнуўся да мяне не як да гандляра, а як да чалавека, як да сябра, бо такія ў нас ужо былі з ім адносіны. Каб я злоўжыў яго даверам, я быў бы апошнім з апошніх. А Ясны пан, калі прадаваў мне лён, меў справу не з сябрам, а з купцом, і для мяне ён быў толькі прадавец, які займаецца сваёй справай, а купец займаецца сваёй. А што пан узяў сабе дурнога эканома, то гэта яго бяда»… і закрыў мне рот.
Калі палкоўнік нарэшце «ласкава» паклікаў да сябе майго бацьку, сутнасць справы высветлілася. Адразу ж пасля нашага прыезду, Мураўёў, нібыта для палягчэння ваенных дзеянняў і магчымасці прымянення артылерыі, загадаў даволі густа высекчы ва ўсіх лясах лініі-прасекі, сляды якіх відаць і сёння, і вырашыў, што гаспадар для гэтага альбо заплаціць сялянам за іх працу па каштарысу павятовага кіраўніка і прадасць лес, як хоча, або не будзе плаціць нічога за працу, а сяляне бясплатна возьмуць сабе спілаванае дрэва. Яшчэ да вяртання майго бацькі з Парыжа, нашы сяляне з ведама ўладаў вычысцілі ўсё дрэва, але пан Каладзеяў захацеў дамагчыся ад майго бацькі грошай, роўных кошту працы, якую ён вылічыў у адзінаццаць тысяч рублёў, вядома, каб бясследна пакласці сабе ў кішэню. Бацька быў занадта ўпэўнены ў сабе, трохі заядлы і грунтуючыся на парадзе самога Мураўёва спакойна ехаць у вёску, адмовіўся даць грошы. Пачалося «дело». Камандзір нейкага партызанскага атрада Віславух прабіраўся праз лясы з Царства Польскага ў бок паўночнай пруска-расійскай мяжы і хацеў на пароме пераправіцца цераз Бярэзіну56. Паром знаходзіўся ў лугамоўскім фальварку, які таксама меў назву Бярэзіна. Тут ён затрымаўся на некалькі гадзін і загадаў арандатарцы Рубін даць, колькі можа, хлеба, масла і смятаны.
У дужках дадам, што ні ў чым іншым сістэма «хаджэння з паходняй каля страхі роднай хаты» не праявілася так выразна, як у арганізацыі Варшаўскiм рэвалюцыйным камітэтам ўзброенага паўстання ў нашым краі. З ваеннага боку, гэта было нешта жаласна-дзіцячае. Там, дзе пачыналася сутычка, паўстанцы, узброеныя толькі паляўнічай зброяй з боем на адлегласць 120 крокаў, без страт расстрэльваліся бяспечнымі жаўнерамі, стралковая зброя якіх магла цэліць на адлегласць больш за 300 крокаў. Адно вядома: колькасць жаўнераў, забітых на палях ў Літве не раўнялася нават траціне павешаных ці расстраляных мясцовых (адначасова, толькі ў адной Ашмяне было павешана сямёра, і гэта ў той час, калі па ўсім павеце не было чуваць ніводнага стрэлу)57.