bannerbanner
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Полная версия

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 6

У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас10.

Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец11, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай12 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты – яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і «лічыў грошы». Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.

Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі – пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.

Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара13. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла «Пане Каханку», які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў14, якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за… гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.

Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч – вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані – ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра «намыліў» яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю – раз-два – ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні – частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім15. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы16.

Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай17.

У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце – праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».

У канцы 1818 г. Самуэль паслаў у Люнявіль, што ў Латарынгіі, чатырохконны воз з разумным фурманам і, вядома ж, разам з ім паслаў яшчэ і разумнага яўрэя. Ягоны сын Ігнацы служыў там у акупацыйным рускім войску і потым да канца жыцця атручваў сябе французскай літаратурай. Адразу пасля вяртання, ён ажаніўся з паннай Ляскавічоўнай з Лідскага павета і пасяліўся ў фальварку свайго бацькі Цяцерніках, дзе ён даволі хутка аўдавеў, сам памёр у 1836 г., пакінуўшы трох дачок, якіх перавялі ў Лугамовічы пад крыло бабкі-мачахі, у якой таксама меліся адна ці дзве пляменніцы, сіроты з Мілеўскіх. Самуэль вельмі цешыўся з гэтага, бо здраджваў сваёй бяздетнай жонцы і таму быў рады, што яе акружае шматлікая дзятва.

Самуэль працягваў зарабляць грошы і, нягледзячы на сваё жыццё на шырокую нагу, набліжаўся да годнасці «свінні». Страціўшы надзею пакінуць сваё прозвішча нашчадкам, ён выдаў замуж сваю малодшую дачку за заможнага жыхара Наваградскага павета, пана Адольфа Ваўка – хоць іншага герба і прыдомка (Карачэўскі) і вырашыў зрабіць спадчыннікам усіх сваіх маёнткаў іх адзінага сына Уладзіслава ў надзеі, што ён зможа перарабіць Карачэўскага ў Ланеўскага, што было няцяжка ў той час. Тры ўнучкі ягонага сына выходзілі замуж за не самых лепшых партнёраў – старэйшая Казіміра ў 1840 г., другая Вераніка (мая маці) у 1845 г. Яны атрымалі ў пасаг па 25 000 руб гатоўкай і адракліся ад спадчынных правоў18.

Майму дзеду было ўжо за восемдзесят, калі ён ледзь не вырас з «свінні» ў «бегемота». Адзін з сыноў Платона Зубава, які жыў у Маскве, уступіў у мезальянс, яго сям'я пачала круціць носам, ён стаў капрызіць і паслаў «хадатая» ў Вільню, каб хутка прадаць свае два (Кацярынінскія) вялізныя ключы Юрбаг і Таўрогі, два вялікія гандлёвыя мястэчкі на Нёмане з некалькімі дзясяткамі фальваркаў на лепшай жмудскай зямлі. Галоўныя таўстабрухі былі ўжо насычаныя, застаўся толькі адзін «пан старшыня». Яго ўгаварыла любімая дачка (яна другі раз была замужам за Мілашэўскім), якая ўжо бачыла свайго адзінага сына Уладка «шахін шахам» сярод літоўскай моладзі.

Самуэль купіў усё за паўмільёна рублёў, з якіх 400000 даў гатоўкай. Дакументы былі ўжо аформлены, грошы выплачаны, калі пра ўсё стала вядома яго суседу з-за Нёмана, самаму сардэчнаму сябру і «кіту» такога ж калібру на Уселюбскім экс-старостве (600 хат), мікалаеўскаму генерал-аншэфу, графу О'Рурку. Затаіўшы дыханне, граф махнуў у Вільню да генерал-губернатара Міркавіча і сказаў яму, што пераход у польскія рукі двух памежных мястэчкаў за трыццаць кіламетраў ад мяжы ўяўляе вялікую небяспеку для расійскай дзяржавы і, калі сам Міркавіч не звернецца да імператара Мікалая каб спыніць куплю-прадажу, дык ён, О'Рурк, паклапоціцца аб гэтым сам. Міркавіч пачаў хвалявацца за сваю пасаду і неўзабаве Мікалай скасаваў здзелку, прыняў усю маёмасць у скарб і загадаў вярнуць заплачаныя сумы Ваўку з выдаткамі і працэнтамі (у наш час, ці не глупства гэта?), Юрбарг і Таўрогі зрабіў дзяржаўнымі і аддаў маёнткі свайму фаварыту князю Васільчыкаву, унук якога (мой калега па Дзярждуме) валодаў імі яшчэ ў 1914 годзе.

Пан Самуэль неўзабаве знайшоў магчымасць «адплаціць дабром», толькі ўжо іншаму суперніку. Памёр Ксаверый Пуслоўскі, пакінуўшы чатырох сыноў, трох у краі, а чацвёртага ў эміграцыі. Яму ўдалося пазбегнуць канфіскацыі (гэта дазваляла расійскае заканадаўства для набытых маёнткаў), і ён падзяліў сваю велізарную маёмасць паміж трыма сынамі, вусна загадаўшы ім не забываць свайго брата-эмігранта, што яны добрасумленна і выканалі. У меркаваную спадчыну эмігранта, якую трэба было хутка прадаць, уваходзілі былыя маёнткі літоўскай артылерыі, якія былі падараваныя Безбародку і прададзеныя ім Пуслоўскім, а менавіта Ліпнішкі, якія набыў пан Аляксандр Вольскі з Наваградскага і Геранёны, былая рэзідэнцыя Гаштольда19, першага мужа Барбары Радзівілаўны. Гэту маёмасць жадаў купіць пан Казімір Умястоўскі, брат і спадчыннік «старасты Вывяндлінскага», пра якога Мараўскі шмат піша ў сваіх успамінах. Пуслоўскія жадалі акрамя крэдытных грошай банка (у той час дзяржаўны банк ужо выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі па 70 рублёў за 1 сялянскую душу) 50 000 рублёў даплаты. Як толькі пан Самуэль даведаўся пра гэта, адразу паслаў па майго бацьку: «Ляці ў Вільню і купляй Геранёны». «Для дзядзькі?» «Не, я занадта стары – купі для сябе і Вэрці». «У мяне няма грошай». «Дык я дам, каб толькі Умястоўскі не панюхаў Геранёнаў».

Бацька пералічыў мяшкі з грашыма, за ноч прыехаў у Вільню і разам з маёй маці купіў Геранёны. Я тады ўжо нарадзіўся. Адразу заклалі геранёнскі палац, вельмі шчасліва выбраны маім бацькам насупраць руін замка Гаштольдаў.


Неўзабаве ўсе дынастычныя праекты пана Самуэля зруйнаваліся. Уладак Воўк служыў у гусарах, якія стаялі ў Наваградку. На нейкім афіцэрскім сходзе ён ударыў калегу, пасля чаго хутка адбылася дуэль на пісталетах, і стрэл абражанага забіў Уладка. Натуральна, прадзеду трэба было змяніць тастамант, бо інакш па расійскіх законах амаль увесь яго фундуш атрымалі б тры ўнучкі – дочкі сына. Старэйшая ўнучка, пані Дмахоўская, атрымала Якуні з вялікай даплатай, малодшая, пані Корсакава – Лаздуны з малой даплатай, мая маці – Лугамовічы з выплатай на карысць абедзвюх сясцёр і з побытам тут бабулі, пані Мілашэўскай. Сянержыцы ў Наваградкім павеце і капітал (прыкладна 400 тыс. руб.) дастаўся ўнучкам па двух старэйшых дочках – паням Чыжовай і Жабінай. Іншая маёмасць адышла як падзяка розным слугам, суседзям, на дабрачынныя мэты і г. д. Памёр дзед у 1851 г. ва ўзросце 84 гады.

Гэтаму адважнаму помніку сянкевічаўскіх часоў, Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушу» прысвяціў восем радкоў, у якіх для ўсіх чытачоў гэтага твора зрабіў сапраўдную пачвару з нябожчыка пана Самуэля20. […]

Бацька Міцкевіча не меў сялян і таму не разумеў, што Воўк, які валодаў не менш як 4000 сялян рознага полу і ўзросту, вольна ці міжвольна павінен быў кіраваць імі. Яны былі не толькі яго працоўным інвентаром, якім ён, як добры гаспадар, павінен быў добра карыстацца і клапаціцца пра яго так, як сумленны конюх корміць і чысціць сваіх коней, але і паганяе іх пугай. Яму была даверана значная частка дзяржаўнай улады над сялянамі. У адносінах да іх на ўсёй сваёй тэрыторыі Воўк адказваў за падаткі, быў паліцыяй, цывільным і крымінальным судом і, нарэшце, павінен быў па ўласным выбары забяспечваць рэкрутаў для войска.

Усё гэта патрабавала выкарыстоўваць сваю ўладу, а ўлада ў той час рэалізоўвалася толькі ў форме… лупцоўкі. Секлі ўсе і паўсюдна. Секлі па ўсёй дзяржаве. Бацькі ад нараджэння секлі сваіх дзяцей. Яны загадвалі ім прачытаць гімн да розгі і пацалаваць яе пасля пакарання. Секлі ў школах, і сам вялікі Адам, дома ці ў школе, дзесяткі ці сотні разоў даставаў у скуру. Секлі ў паліцыі, у судзе, у войску і г. д. І пан Самуэль Воўк таксама сек шмат і па-шляхецкі. Але сек ён не толькі дзеля сваёй карысці, але і на карысць селяніна, як бесстаронна прызнае Чэслаў Янкоўскі.

Селянін нядбайна заараў або схаваў у сваім кажуху жменю зерня: 10 бізуноў без дадатку, напіўся і страціў мяшок збожжа, які вёз на продаж – 20 бiзуноў без дадатку. Той жа селянін заснуў на «начлезе» і дазволіў скрасці ўласнага каня: 25 бізуноў з падараваннем дармавога каня ад маёнтка. Люлькай выпадкова спаліў сваю сядзібу: 100 бізуноў і новыя будынкі, і г. д. Для майго бацькі і асабліва для мяне з гэтага вырасла сапраўдная эканамічная катастрофа, калі былыя падданыя ў Лаздунах і Лугамовічах былі нашмат лепш забяспечаны зямлёй у параўнанні з суседнімі гмінамі і так старанна гаспадарылі, што мне ўвесь час даводзілася змагацца з нястачай рабочых рук – улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае «qui bene amat, bene castigat» (лац., «хто моцна любіць, той карае» – Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.

Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі «пераможныя шаблі» 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля – пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў21, дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы «злыдзень» прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арханёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля22.

Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. […]


Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў «бамондзе», бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была «камтэса» (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн23 (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька «цешыў музы» – напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі24.

Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, «найміласцівейша» скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі традыцыйная шляхецкая маці-зямля. Дзядзька бацькі і мой прадзед па маці, які ўжо адчуваў цяжар ўзросту, да таго часу выкупіў з арэнды Лаздуны і прапанаваў бацьку ў арэнду суседнія Якуні, дзе ён і асеў вясной 1844 года. У наступным 1845 г. ён ажаніўся з Веранікай – малодшай унучкай свайго дзедзіча і дзядзькі, і яны пачалі кожны год нараджаць дзяцей.

У 1849 г. амбіцыйны віленскі жандар «высмактаў з пальца» вялізную палітычную «змову», у якую ўцягнуў усе навуковыя кадры, якія засталіся пасля Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама тых, хто выклікаў падазрэнне сваёй адукацыяй, г. зн. меў схільнасць да рэзанёрства25.

Мой бацька трапіў у турму і прасядзеў там амаль што два месяцы. Тым часам з Пецярбурга быў прысланы шляхетны генерал-маёр Назімаў26 (будучы віленскі генерал-губернатар), які раскрыў махінацыю і без допыту вызваліў усіх вязняў, у тым ліку і майго бацьку. У гэтай турме ў яго пачаліся пакуты, якія пазней, з-за праблем пасля смерці прадзеда Ваўка (калі па просьбе свайго швагра Корсака бацька ў крэдыт адкупіў у яго маёнтак Лаздуны), развіліся да такой ступені, што ён перанёс некалькі моцных кровазліццяў з горла.

Перапалоханая маці склікала ўвесь віленскі арэапаг эскулапаў, якія аднадушна вырашылі, што гэта не можа быць ні чым іншым, як толькі сухотамі ў апошняй ступені, і параілі маці хутчэй адвезці мужа ў Ніцу – няхай небарака хоць памрэ пад прыгожым небам. Бацькі спыніліся ў Берліне, дзе знакаміты ў той час прафесар Шонлайн дасканала агледзеўшы хворага, сказаў яму, што хацеў бы лёгкія бацькі захаваць у спірце бо такіх магутных і здаровых ён яшчэ не сустракаў. Але з-за шматгадовых пакутаў печань так моцна набракла, што ціснула на лёгкія, якія ўяўляюць з сябе губку – адсюль і кровазліццё. Ён загадаў нам хутчэй ехаць альбо ў Карлавы Вары да крыніцы з лекавай вадой, альбо ў Вішы да Гранд-Грыль. Мае бацькі выбралі апошняе, бо жадалі пазнаёміцца з Францыяй і адбылося гэта неўзабаве пасля перавароту Напалеона III, 2 снежня 1851 года. Правёўшы некаторы час у Парыжы, восенню 1852 г. яны пасяліліся ўжо ў дабудаваны новы «палац» у Геранёнах, адкуль і пачынаюцца мае дзіцячыя ўспаміны.

Іх вяртанне прывяло да таго, што эскулапы на працягу некалькіх гадоў адпраўлялі ўсіх хворых у Вішы як да крыніцы цудаў (Лурд яшчэ не быў вядомы), адкуль некаторыя вярталіся нібыта здаровымі.

З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры «рэфарматара чалавецтва», якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага «зубра», перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць «цэнтрыстам» і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.

Раздзел II. Дзіцячыя гады

Звычайна дзіцячая памяць праходзіць праз дзве розныя фазы: вадкую фазу, калі ўражанні ствараюцца і губляюцца амаль імгненна, і фазу зацвярдзення, калі гэтыя ўражанні ўжо ўгравіраваныя ў памяць, нібы на медную пласціну і застаюцца там назаўсёды. Гэтак для мяне раптоўна сталася ў сакавіку 1855 г.

Яшчэ і сёння бачу, як мы, чацвёра дзяцей, гуляем у прасторным пакоі бацькоўскай хаты ў Геранёнах пад наглядам маладой і сур'ёзнай маці. За вокнамі праязджае фурман, і праз некалькі хвілін мой бацька, тады гадоў трыццаці, жвавы і стройны чалавек, улятае ў пакой, скача, як маладое жарабя, размахвае разгорнутай газетай і крычаць: «Вэрцю, Вэрцю, Мікалая д'яблы забралі!» Такая адбылася ў нас «паніхіда» па Яго Імператарскай Вялікасці Мікалаю I Паўлавічу, усерасійскім самадзержцы і польскім каралі. Дзеці атачаюць бацькоў і просяць тлумачэння, а потым у маю выключна польскую і каталіцкую галаву ўваходзіць думка, што акрамя нас, суседзяў, сям'і і службы (хто тады думаў пра «беларускую нацыянальную меншасць») ёсць нядобрыя людзі, якія называюцца рускімі з нейкім паскудным Мікалаем на чале, які нас прыгнятае.

Падзея была настолькі важнай, што некалькі дзён служыла галоўнай тэмай размовы маіх бацькоў за сталом. Вырашылі, што на зіму мы пераедзем у Вільню, тады ўжо свайго роду сталіцу, і таму бацька туды хутка паехаў здымаць прыдатную кватэру.

Увосень мы пераехалі ў Вільню ў дом княгіні Пузыні, а неўзабаве і да нейкага яўрэя. Гэта быў год шляхецкіх выбараў, якія адбываліся кожныя тры гады. На іх выбіраліся губернскія і павятовыя маршалкі, члены суда і школьныя куратары. Гэткую пасаду займаў мой бацька. Па звычаі, багацейшыя памешчыкі частавалі шматлікую шляхту на выключна мужчынскіх вечарах. Звычайна гэта адбывалася ў адным з трох галоўных віленскіх «гатэляў», а дакладней, як тады казалі, заезджых дамах, бо туды прыязджалі з усімі сваімі рэчамі, пасцелямі, самаварамі і г. д.

Я не ведаю, чаму, магчыма, з жадання паказаць, якім прыгожым і хуткаспелым хлопчыкам я тады быў, мой бацька паслаў аднаго са сваіх маладых сяброў па мяне і правёў мяне па некалькіх салонах, дзе праходзіў збор. Гэты першы кантакт з суграмадзянамі зрабіў на мяне вельмі непрыемнае ўражанне, магчыма, таму, што я быў дзіцём з занадта вытанчаным выхаваннем – вярнуўшыся да маці, я расплакаўся. Шум, выпіўка, бутэлькі шампанскага на ўсіх сталах, лужыны віна на падлогах, гучныя падвышаныя галасы, смех, нібы ржанне коней, размашыстыя рухі – усё гэта толькі гарнітурамі адрознівалася ад шуму сялян каля карчмы ў Геранёнах, міма якой мы праходзілі пасля вячэрні ў святочныя дні. Гэта былі апошнія парэшткі старых шляхецкіх звычаяў, сведкам якіх я быў. Бо, калі праз некалькі гадоў я падлеткам вярнуўся на радзіму, каласальны псіхічнае і маральнае ўзрушэнне, выкліканае вызваленнем сялян і адменай паншчыны, ужо адбілася на ўсім укладзе і жыцці нашай літоўскай шляхты.

Ужо некалькі месяцаў у нас новы генерал-губернатар – усемагутны сатрап, генерал-ад'ютант Назімаў. Ён быў чалавекам выключна ўзнёслых і высакародных пачуццяў, якія хоць і ў гамеапатычнай прапорцыі ў параўнанні з дзікунствам або маральнай гніллю, можна было бачыць у расійскім грамадстве ажно да рэвалюцыі 1917 года. Гэтым прызначэннем замест суровага (хоць і шляхетнага) генерала Бібікава, мы абавязаны прыроднай помслівасці Аляксандра II, якую ён атрымаў у спадчыну ад бацькі і дзеда і пакінуў у спадчыну сыну і ўнуку. Справа ў тым, што калі ў 1849 годзе ў Вільню быў прызначаны фаварыт Мікалая I Бібікаў (брат кіеўскага генерал-губернатара, ён пакінуў па сабе дрэнную памяць), Аляксандр II, які меў ужо ў 32 гады, спадчыннік трона і старшыня Дзяржаўнага савета, пажадаў, каб Бібікаў узяў з сабой у Вільню добрасумленнага гвардзейца, таварыша Аляксандравых гулянак, які з-за розных свавольстваў вымушаны быў пакінуць полк. Але добрасумленны жаўнер Бібікаў адмовіўся, бо лічыў, што едзе ў выключна чужую ў нацыянальным сэнсе краіну (у чым тады не сумняваўся ніводны рускі) і горад, дзе сярод тысяч мясцовых чыноўнікаў будзе толькі які тузін расейцаў – таму ён абавязаны, каб гэтая жменька выключна добра прадстаўляла расейскае грамадства, а вядомая асоба – сябар вялікага князя, можа ўсіх скампраметаваць.

Нецярплівы вялікі князь сказаў: «Ваша правасхадзіцельства, напэўна, забывае, што вас просіць спадчыннік пасаду?» На што горды генерал адказаў: «Я спадзяюся, што не перажыву свайго манарха, які маладзейшы за мяне, але пакуль я служу, я буду служыць пануючаму імператару, а не таму, хто магчыма потым будзе замест яго». Аляксандр II не дараваў гэтага, і першыя два акты, якія ён падпісаў як імператар былі: адзін – пра нейкія змены мундзіраў гвардыі, за што атрымаў мянушку «Аляксандр – кравец», другі – пра адстаўку Бібікава.

Як я раскажу пазней, гэтая змена не была добрай для нас, але яна была вельмі карыснай для маіх бацькоў. Справа ў тым, што пасля апошніх няшчасных родаў (дзіця пражыло некалькі гадзін) стан здароўя маці пастаянна пагаршаўся, і скончылася гэта поўнай стратай голасу27. Бацька ажно з Магілёўскай губерні хутка прывёз далёкую сваячку па кальвінах, панну Камілу Мацкевіч, 20-гадовую вельмі прыгожую і абаяльную жанчыну, якая павінна была стаць кампаньёнкай маці. На працягу 7 гадоў, пакуль да маёй маці не вярнуўся голас, яна была для яе неацэнным таварышам, а для нас стала старэйшай сястрой. Я і сёння не магу ўспамінаць яе без смутку.

На страницу:
2 из 6