bannerbanner
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Полная версия

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
6 из 6

25

Гэтую змрочную гісторыю больш падрабязна апісаў у канцы мінулага стагоддзя другі жандар (верагодна, звольнены са службы) у кніжцы «Блакітны мундзір» (маецца на ўвазе наступная кніга: Ломачевский А. И. Из воспоминаний жандарма 30 и 40 годов [в 2 ч.]. СПб.: тип. В. Грацианского, 1880. Ч. 1: Виленская драма с прологом; Ч. 2: Голубой мундир. – Л. Л.)

26

Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802—1874), былы апякун Маскоўскай навучальнай акругі (1849—1855). У 1855—1863 гг. – віленскі генерал-губернатар. – Л. Л.

27

Алена Смалянічэнка, пісала, што людзі лічылі «… што „страшная пані Вераніка“ (памерла ў 1891 годзе) магла ад злосці не размаўляць цэлы год. Яе муж Аскар не карыстаўся спачуваннем сярод мясцовага насельніцтва, „вызначаўся тым, што дазваляў сваёй жонцы сябе загрызці“. Нягледзячы на частыя спрэчкі ў сям'і, яна паспяхова займалася гаспадарчымі справамі». – Л. Л.

28

Я б не сказаў гэтага пра эміграцыю 1863 г. Рух 1831 г. быў выключна нацыянальны і падштурхнуў у эміграцыю тагачасную польскую грамадскасць. Я не чуў, каб які-небудзь тагачасны эмігрант прымаў удзел у французскіх хваляваннях 1832 г. У руху 1863 г. ахвярамі сталі патрыёты, якія напоўнілі Сібір, а сапраўднымі кіраўнікамі сталі рэвалюцыянеры, якія далі Парыжскай камуне 1871 г. больш за 200 добраахвотнікаў.

29

Доктар Галензоўскі быў сапраўднай эміграцыйнай знакамітасцю. Ён пакінуў краіну адразу пасля заканчэння медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. На пачатку задумаў адправіцца ў Мексіку дзе ў той час меўся велізарны недахоп лекараў, пры вялікім багаццю жыхароў (дзякуючы толькі што адкрытым срэбным капальням). У хуткім часе ён зарабіў вельмі значныя грошы і вярнуўшыся ў Парыж у росквіце сіл, цалкам прысвяціў сябе эміграцыі, галоўным чынам польскай школе, у якой жыў. Мой бацька моцна сябраваў з гэтым высакародным чалавекам, які ўскосна паўплываў на маё выхаванне.

30

Школа Бацінёл (Szkola Batignolles) – польскі ліцэй, паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. – Л. Л.

31

Кочабрык – (карэта-брычка) вялікая, крытая, конная павозка на рысорах, падобная на карэту. Звычайна чатырохколавая, чатырохмесная, з плоскім дном, з дзвярыма і надколавымі аркамі. Выкарыстоўваўся дробнай шляхтай у XIX ст. – Л. Л.

32

Аднак рускі афіцэр М. Мяжэйцкі пісаў, што менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у Лідскі павет быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк: «Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, … гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання… сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі». – Л. Л.

33

Гл: Jan Chryzostom Pasek. Pamiętniki. opr. Roman Pollak. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1987.

34

Юзаф Тышкевіч адным з першых уладкаваў у Ландварава тэнісныя корты. – Л. Л.

35

Натуральна, я канспектую гэтую гісторыю не de visu, але de auditu (не бачыў, але чуў, фр. – Л. Л.), але з лепшых крыніц – з аповедаў пана Юзафа Шалевіча і Тышкевіча, які пазней стаў палкоўнікам, я добра ведаў яго. І, нарэшце, па расказу адной з ахвяр гэтай драмы. Калі праз 15 гадоў я ўзяў Лугамовічы, там служыў конюхам мажны селянін, прозвішча якога я ўжо не памятаю, але якога, паводле нашага звычаю, празвалі Лындай (валацуга, гультай, той хто «б'е лынды» – Л. Л.). З-за голасу як у быка і схільнасці да бутэлькі, ён быў прызнаны адным з галоўных завадатараў і атрымаў самую вялікую порцыю – 100 бізуноў. Я паспрабаваў даведацца ў яго пра ход усёй гэтай справы. Мне было нялёгка дасягнуць гэтага, бо, як я пазней пераканаўся па некаторых героях турэцкай вайны 1877 года і японскай вайны 1904 года, паўнапраўныя грамадзяне, выбаршчыкі і нашы заканадаўцы звычайна маюць і захоўваюць уражанні толькі «пакуль скура свярбіць». Я быў здзіўлены, калі ветліва выказаў Лындзе некалькі слоў спачування з нагоды яго «пакутніцтва» і пачуў у адказ: «І добра атрымаў, паночку, чаго мне было туды лезці».

36

Каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная «польская» грамадская ініцыятыва. Аднак ураду прыйшлося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю, у тым ліку даўшы палёгку піваварам, бо да гэтага часу падаткавая палітыка стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі. На месцах былі створаны «Камітэты для назірання за правільным продажам алкагольных напояў». У Лідзе такі камітэт пад кіраўніцтвам павятовага маршалка шляхты (прадвадзіцеля дваранства) Рамуальда Казіміравіча Кастравіцкага (кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені) з'яўляецца ў 1846 г. Акрамя маршалка, камітэт утваралі 3 сябры камітэту і 13 дэпутатаў, папяровымі справамі камітэта займаўся «пісьмавадзіцель» павятовага маршалка шляхты. Сярод «дэпутатаў» камітэта ў 1850 г. з'яўляецца і «Мирон-Бронислав Фридрихович Нарбутт», які пісаў: «З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца разумовы рух, актыўна клапаціліся пра заснаванне народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю». Неабходна заўважыць, што ідэя народнай цвярозасці прыйшла ў наш край з Еўропы, і асаблівы ўздым гэтага руху прыйшоўся на 1858—63 гг., г. зн. перад самым паўстаннем: «У Царства Польскае цвярозасць прыйшла ў 1857 г. і адтуль у канцы 1858 г. распаўсюдзілася ў сумежных губернях: Ковенскай і Гарадзенскай. …у снежні 1858 цвярозасць прыйшла і да нас… і да 1 сакавіка 1859 г. цвярозасць распаўсюдзілася па паветах: Віленскім, …збольшага па Ашмянскім і Лідскім». Да канца 1859 г. 39 408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак устрымлівацца ад ужывання алкаголю. У 1859 г. у суседняй Гарадзенскай губерні доля даходаў дзяржаўнага бюджэту ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў даходзіла да 55% ад усіх даходаў. У любой іншай краіне гэты паказчык не перавышаў 24%, Віленская губерня, куды ўваходзіў Лідскі павет, мела прыкладна тую ж статыстыку, што і Гарадзенская. – Л. Л.

37

Пасля расстрэлу ў 1861 г. дэманстрацый у Варшаве, асабліва пасля красавіцкай масакры, вулічныя дэманстрацыі змяніліся зборамі ў касцёлах, дзе спяваліся патрыятычныя гімны і адзначаліся памятныя даты з гісторыі Рэчы Паспалітай. «Маральная рэвалюцыя» набывала форму кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і ставіла ў тупік прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, якія ніколі не сутыкаліся з такімі формамі палітычнага жыцця. Жанчыны ў памяць аб красавіцкіх ахвярах нязменна насілі жалобную вопратку. Тыя, хто не насіў жалобы, падвяргаліся на вуліцах маральнаму ціску. У Лідзе, як і паўсюдна, пад уплывам варшаўскіх расстрэлаў мужчыны апранулі канфедэраткі і чорныя чамаркі, а жанчыны жалобу. Гімн «Божа, што ж Польшча» быў перакладзены на беларускую, літоўскаю, яўрэйскую і ўкраінскую мовы і стаў вельмі папулярным. – Л. Л.

38

У 1855 г. памёр цар Мікалай І, Расія атрымала ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя, у якой у 1855 г. быў каранаваны новы цар Аляксандр II, адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але «польскае пытанне» непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцей. – Л. Л.

39

Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. Пасля яе пратэсны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце цераз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. У жніўні 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5 000 чалавек – шляхты, гараджан і сялян – прайшлі па горадзе ў знак «сардэчнага збліжэння», падчас мірнай маніфестацыі на Пагулянцы рускае войска па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек. – Л. Л.

40

У чэрвені 1863 года генерал-губернатар Мураўёў забараніў жанчынам нашэнне жалобы нават па страчаных мужах, братах і бацьках. – Л. Л.

41

Раман Станіслаў Дмоўскі (1864—1939), польскі палітычны дзеяч, публіцыст. Дмоўскі распрацаваў асновы нацыянальна-дзяржаўнай арганізацыі Другой Рэчы Паспалітай на падставе канцэпцыі інкарпарацыі і выступаў супраць федэратыўнай канцэпцыі Пілсудскага. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 г. стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы», які ў 1933 г. быў забаронены. Сярод іншага, Дмоўскі пісаў пра фатальную ролю «польскага пытання» для гісторыі Рускай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: «Колькі разоў Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было „польскае пытанне“, а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву рускай дзяржаўнасці… Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што „польскае пытанне“ фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі ў Расіі (маецца на ўвазе рэвалюцыя 1917 г. – Л. Л.) з'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай» – Л. Л.

42

Ігнацы Ян Падарэўскі (1860—1941), польскі піяніст, кампазітар, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, дыпламат. Са студзеня па снежань 1919 г. займаў пасаду прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў Польшчы. – Л. Л.

43

Верагодна, гэта быў Лясковіч Войцех Альберт, сын Фелікса, дваранін Лідскага павета. Да паўстання 1863 г. яго бацька валодаў маёнткамі Кір'янаўцы і Пяткаўшчына Лідскага павета. Падчас паўстання агітаваў дваровых людзей удзельнічаць у ім, таму яго маёмасць на падставе распараджэння віленскага губернатара ад 27.06.1863 і пастановы Віленскага грамадзянскага праўлення ад 23.07.1863 падлягала секвестру. Пастановай ваеннага суда прысуджаны да смяротнага пакарання і канфіскацыі маёмасці. Прысуд выкананы (да 01.10.1864). Ягоныя парэшткі разам з парэшткамі іншых паўстанцаў нядаўна былі перазахаваныя ў Вільні. – Л. Л.

44

Граф Міхал Тышкевіч (1828, Валожын —1897, Рым) – падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. Падарожнічаў па Егіпце і Нубіі (1861—1862, 1867—1868), вёў раскопкі і збіраў калекцыю антыкварыяту, якая цяпер размеркавана па многіх музеях свету (у тым ліку Парыж, Лондан, Капенгаген, Берлін, Бостан, Рым, Нацыянальны Музей у Варшаве). Аўтар Дзённіка падарожжа ў Егіпет і Нубіі (1861—1862), апублікаванага ў Парыжы ў 1863 годзе. Калекцыянер антычнага мастацтва. 2-гі ардынат Біржанскі (1862—1897), пацверджаны ў званні графа ў Расійскай Імперыі 8 траўня 1861 года. Яго першай жонкай у 1849 годзе ў Бердзічаве стала княгіня Марыя Радзівіл (1830—1902), дачка князя Мікалая Радзівіла (1801—1853) і Вікторыі Эміліі Нарбут (1800—1855). У мужа і жонкі было два сыны і тры дачкі: – Граф Юзаф Тышкевіч-Лагойскі (1851—1905), 1-я жонка з 1888 года Хелена Лаская (1862—1890), 2-я жонка з 1893 года Ізабэла Эмілія Вераніка Лаская (1859—1944), сястра першай жонкі. – Граф Ян Антоній Тышкевіч-Лагойскі (19 сакавіка 1852 – 9 чэрвеня 1901), 3-ці ардынат Біржанскі (1897—1901), з 1878 года меў жонку графіню Клемянціну Патоцкую (1856—1921). – Графіня Ядвіга Тышкевіч-Лагойская (1857—1879), з 1868 года муж – Адольф Марыян Бажэнік-Ялавіцкі (1841—1898). – Графіня Вікторыя Марыя Тышкевіч-Лагойская (1858 – 4 жніўня 1901), з 1878 года муж граф – Аляксандр Галабек-Язёрскі (1852—1895). – Графіня Ванда Тышкевіч-Лагойская (1863—1929), з 1883 года муж – Казімір Клеафас Раймунд Сулятыцкі (1854—1925). Другой жонкай Міхала Тышкевіча ў 1873 годзе стала яго даўняя палюбоўніца, францужанка Джульета ле Бо (нар. 1840). Другі шлюб быў бяздзетным. – Л. Л.

45

Дзявотка – празмерна набожная жанчына. – Л. Л.

46

Яшчэ за 30 гадоў да з'яўлення аўтамабіля, з уздымам рэспублікі, недзе ў 1871 годзе карэты а-ля Дамон зніклі з Булонскага лесу.

47

У 1862 г. пачала працаваць чыгунка Пецярбург-Варшава. – Л. Л.

48

Музыка Юзафа Нікаровіча, словы Карнеля Уейскага. – Л. Л.

49

Аляксандр Ігнацы Веляпольскі (1803—1877), польскі дзяржаўны дзеяч. 3 лістапада 1861 г. памочнік намесніка Каралеўства Польскага вялікага князя Канстанціна Мікалаевіча, віцэ-старшыня Дзяржаўнага савета Каралеўства Польскага. Ініцыятар шэрагу ліберальных рэформаў, са жніўня 1863 г. у адстаўцы. – Л. Л.

50

Гл: Пратасэвіч Вільгельм. Суседчык гавейскі (з прадмовай Юрыя Пацюпы) // Ад Лідскіх муроў. 2019. №9. С. 6—47. – Л. Л.

51

У тэксце «вента» – такую назву мела ложа карбанарыяў. – Л. Л.

52

Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796—1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Суаўтар статута «Саюза працвітання». У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1830—1831 гг. Шмат зрабіў для «обрусения» беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае задушэнне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку «Вешальнік», а ад дзяржавы – тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх «Политических записках» даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. – Л. Л.

53

Віленскі доктар Юльян Цітыюс успамінаў сваю размову з віленскім генерал-губернатарам Татлебенам: «І мяне Мураўёў не любіў. У 1860 г. па яго загадзе (быў ён тады міністрам дзяржаўнай маёмасці) адбылося агульнае выгнанне татараў з Крыма з рабункам іх зямель спекулянтамі і нават самой уладай. Цар Аляксандр ІІ паслаў мяне ў Крым разабрацца з гэтым варварскім для XIX ст. гвалтам. У сваім рапарце я абвінаваціў Мураўёва і напісаў ўсю праўду». – Л. Л.

54

У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора, вікары парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні. – Л.Л.

55

Гл. пра яго вышэй. – Л. Л.

56

Гаворка ідзе не пра ўсходнюю, напалеонаўскую Бярэзіну, якая ўпадае ў Днепр, а пра заходнюю, значна карацейшую, але караблеходную, якая ўпадае ў Нёман.

57

Тут Корвін-Мілеўскі пацвярджае думку свайго палітычнага антаганіста К. Каліноўскага, які казаў: «Дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёс Літвы…». – Л. Л.

58

Ён меў рацыю. Ён і яго прыхільнікі, якія падштурхнулі нашу наіўную шляхту да ўзброенай барацьбы, наогул не думалі пра перамогу. Справа ішла пра тое, каб памерці. Гэта была агульная мэта і Здановіча, і Мураўёва.

59

Мой с. п. бацька здолеў падбіць гэту птушку. Праз некалькі гадоў, як зарэгістраваны апякун, дарада і абаронца ўсіх бедных шляхціцаў у павеце, ён звярнуўся ў суд, каб пасля ссылкі спагнаць для ўдавы належную ёй суму, якая захоўвалася ў судзе. Выбег суддзя, ужо стомлены «хваробай» і з пахам гарэлкі за дваццаць крокаў. «Пан суддзя, гэта бедная кабета памірае з голаду». «Вы ўсе, быццам, паміраеце з голаду». Бацька, салодка: «А можа з недапітку?». Каб сказаць якую грубасць, суддзя разявіў сваю вялізную дзюбу, але хлынула кроў і запэцкала бацькаву камізэльку. Увечары суддзя аддаў Богу душу.

60

Патапаў Аляксандр Львовіч (1818—1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. – Л. Л.

61

Канстанцін Ян Казімір Яўстах Кашыц (23.3.1819—1881), сын Юзафа і Соф'і Дунін-Раецкай. Меў братоў Юліюша і Караля і быў жанаты з Юліяй Несялоўскай (1830 г. н.). Бацька Кашыца прымаў удзел у кампаніі 1812—1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры гады выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек. Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі – 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838—1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку. Кандыдат дыпламатычных навук, быў членам мясцовай арганізацыі «Палонія». У матэрыялах «Палоніі» праходзіць інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць. Канстанцін Кашыц вызначаўся незвычайнымі здольнасцямі, а асабліва рэзкім словам і вострым пяром. У 1850-х гг., калі былі яшчэ дзейныя шляхецкія соймікі, слушнымі жартамі і эпіграмамі моцна дакучаў павятовым і губернскім чынам, праз што нарываўся на прычэпкі з іх боку. Пра аднаго такога саноўніка, які, пішучы ліст да знаёмага, слова «аўторак» («wtorek») напісаў праз ф – «афторак» («ftorek»), за што быў празваны «пан Афторак» («pan Ftorek») – склаў некалькі вершаваных сатыр пад назвамі: «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на крэскі (сеймікавыя галасы ці воты)» і г. д. У паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Менск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суда ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. «за заслугі перад следствам» ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. – Л. Л.

62

Маецца на ўвазе так званы травенскі пераварот, здзейснены ў Польшчы Пілсудскім. – Л. Л.

63

«Каралевічы, ці мясцовыя каралі» («królewięta kresowi») – у гістарычных публікацыях (асабліва навукова-папулярных) гэта тэрмін для абазначэння магнатаў, якія валодалі вялікімі маёнткамі (латыфундыямі) ва ўсходнім памежжы былой Рэчы Паспалітай, мелі неабмежаваную ўладу і ўласныя войскі, часта праводзілі ўласную знешнюю палітыку, а таксама былі звязаны з пануючымі родамі (Радзівілы, Астрожскія, Вішнявецкія, Канецпольскія, Патоцкія, Мнішкі, Пацы і інш.) – Л. Л.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
6 из 6