bannerbanner
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Полная версия

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 6

Бацька вырашыў вывезці маці за мяжу «да тых, хто ведае», як мне пазней сказаў адзін з нашых лекараў, але трэба было атрымаць пашпарт, а гэта было вельмі складана. Крымская вайна ўжо скончылася, але Парыжскі кангрэс яшчэ засядаў. За кожны замежны пашпарт трэба было не толькі заплаціць тысячу рублёў срэбрам, але і атрымаць адмысловы дазвол ад самога імператара. Годны Назімаў, які яшчэ з часоў «канспірацыі» 1849 г. меў асаблівую пашану да майго бацькі, дазволіў нам гэтыя пашпарты. Бацькі выехалі ў лютым з маім старэйшым братам Ігнацыем, да якога мая маці ад яго нараджэння была надзвычай прывязаная, а маю сястру Мэры, мяне і майго малодшага брата Аскара адправілі ў Геранёны з паннай Келер у якасці настаўніцы, у апошні момант Камілка Мацкевічаўна паехала з намі як віцэ-маці.

Каля Вялікадня мой малодшы брат Аскар захварэў і маланкава памёр. Нашу пабожную і экзальтаваную маці вельмі глыбока закранула гэтая страта, яна лічыла, што мацярынскі абавязак не дазваляў ёй разлучацца са сваімі маленькімі дзецьмі. Але яна сама пакутавала ад цяжкай і працяглай хваробы і не магла вярнуцца да нас. Таму папрасіла бацьку прывесці нас да яе. Панну Келер звольнілі, і нас суправаджала панна Каміла. З начоўкамі, на сваіх конях, мы паехалі ў Вільню і Коўню, потым дабраліся да Вержбалава, дзе нас чакаў бацька. У Сталупянах пераначавалі і на другі дзень дабраліся да Круляўца. Тут толькі пачыналася сталая чыгуначнае сувязь з астатнім сусветам. Здаецца, на адным цягніку мы дабраліся да Бад-Эмса, таго самага, у якім праз 58 гадоў мяне заспела сусветная вайна і дзе мая маці тады праходзіла лячэнне, рэкамендаванае берлінскім др. Шонлайнам. Але тут яна не адчула ні найменшага паляпшэння, і таму мы паехалі ў Парыж, дзе мой бацька, па парадзе доктара Галянзоўскага, які на той час карыстаўся выключным уплывам сярод польскіх эмігрантаў, вырашыў даверыць маю маці апецы сусветнавядомага доктара Трусо. Гэты доктар сцвярджаў, як аказалася слушна, што ніякай спецыфічнай хваробы органаў дыхання няма і страта голасу з'яўляецца выключна вынікам малакроўя і нервовай слабасці і таму, як толькі агульны стан палепшыцца, голас вернецца. Аказалася, геніяльны француз меў рацыю, але лекавацца трэба было яшчэ шмат часу. Спачатку мы паехалі на ўзбярэжжа, у вядомы пазней на ўвесь свет Трувіль, на той час яшчэ невялікі горад. Увосень вярнуліся ў Парыж, і бацька, пасяліўшы нас у даволі прасторнай кватэры на Елісейскіх палях (за якую, цалкам мэбляваную, плаціў вялізную суму ў 350 франкаў у месяц) і, як таго ўжо патрабаваў наш узрост, знайшоў нам настаўніка містэра Рычэра, а для маёй сястры – настаўніцу абсалютна класічнага тыпу, панну Чарын. Пасля чаго сам вярнуўся дахаты, дзе яму трэба было наглядаць за 20 фальваркамі, раскіданымі ў трох частках павета, а таксама вырашыць праблему са спадчынай пасля смерці свайго бацькі і цёткі Воўкавай, яны абодва памерлі ў 1856 годзе. Да таго ж, нарэшце, паўставала вялікае пытанне сялянскай рэформы. Тыя 1856 і 1857 гады, на працягу якіх штодзень развівалася мая дзіцячая галава, да сённяшняга дня пакінулі ўва мне яркія і самыя прыемныя ўспаміны. Усё вакол мяне было нечаканым. Пад мудрым кіраўніцтвам вялікага Трусо да маці вярнуўся не толькі голас, але і моц. Панна Каміла аказалася анёлам дабрыні, клопату і добрага гумару, а пан Рычэр як па характары, так і па выкладанні быў узорным настаўнікам. Ён і панна Чарын хутка прывілі мне прынцыпы грунтоўнасці і пачуцця абавязку, выгадавалі ў мяне амбіцыі ўсё рабіць добра, г. зн. прынцыпы, якія тады былі агульнай рысай французскага адукаванага класа.

Маці мела ў Парыжы сваяка, пана Уладзіслава Лясковіча, стрыечнага брата яе маці, с. п. Воўкавай. Эмігрант з 1830 г., яшчэ ў росквіце сіл, бо далучыўся да паўстання яшчэ студэнтам першага курса Віленскага ўніверсітэта, адукаваны і вельмі набожны, ён меў характар падобны да рымляніна-хрысціяніна. Карыстаўся бязмежнай павагай сярод тагачаснай эміграцыі. Самотны з 26 гадоў, ён палюбіў нашу сям'ю як сваю родную і хутка, дзякуючы панне Каміле, якая ўсім падабалася, стварыў вакол маёй не вельмі рухлівай з-за хваробы і нямой маці, цэлае кола блізкіх і цёплых сяброў. Увогуле, у мяне засталіся самыя лепшыя ўспаміны пра гэтых ветэранаў лістападаўскага паўстання (паўстання 1831 г. – Л. Л.), пра якіх пасля вайны 1870 г. і Парыжскай камуны, мой патрон і сябар, пан Леан Клямент, […] сказаў наступныя словы: «Il ne sont pas forts, oh que non, mais quelles braves gens!»28 («Яны не героі, не, але якія яны добрыя людзі!», фр. – Л. Л.).

Акрамя Лясковіча нашымі частымі гасцямі былі пан маёр Буката (блізкі сусед дзеда Мілеўскага па ягоным Цыціне) і паны Грынявецкія – ён, былы афіцэр літоўскага корпуса, ужо не вельмі малады, але заўсёды вясёлы і дасціпны, дзякуючы пратэкцыі Ксаверыя Браніцкага меў добрую працу бухгалтарам і касірам пры двары князя Напалеона, стрыечнага брата Напалеона III, дзякуючы чаму яго сям'я займала ўтульныя апартаменты ў палацы Пале-Раяль. У 1831 г. Грынявецкая засталася з першым сынам у сваім фальварачку на Гарадзеншчыне, а потым, з жаночай упартасцю, неяк дабралася да мужа ў Францыю, дзе ціха, сціпла і мужна правяла з ім у галечы 20 гадоў і нарадзіла яму тут яшчэ сына і дачку. За 25 гадоў за мяжой, нібы закансервавалася духам. Літоўская шляхцянка, яна ледзьве магла ламана размаўляць па-французску з неапісальным акцэнтам, але была пры гэтым бясконца добрай. Грынявецкія мелі трох дзяцей: Людвік, пазнейшы муж малодшай дачкі Адама Міцкевіча (Хелены), пачынаў інжынерам-чыгуначнікам, другі сын Вітольд тады вучыўся ў цэнтральнай школе на архітэктурным аддзяленні, малодшая дачка Хелена, гадоў 18-ці, непрыгожая, але чароўная, адразу як родную сястру палюбіла нашу панну Камілу і называла нашу маці, як і мы – «мамуняй». Яна вельмі часта начавала з Камілкай у нас. Сябравалі мы і з сям'ёй гісторыка Караля Сянкевіча, у якой было трое дарослых сыноў. На ўсіх «нядзелях» маёй маці прысутнічалі дзве яшчэ незамужнія дачкі Адама Міцкевіча, якія нядаўна засталіся без бацькі сіротамі, у асноўным імі апекавалася спадарыня Ляона Фаўхер з дома Валоўскіх (сястра вядомага эканаміста), удава міністра асветы Другой рэспублікі. Часта наведваў нашу маці, якую вельмі ўпадабаў, стары генерал Дэмбінскі – герой 1831 г., а потым і Венгерскага паўстання 1848 г.

Усе нашы знаёмыя належалі да лагера князя Адама Чартарыйскага, які захаваў свае галіцыйскія маёнткі і трымаў як бы сапраўдны каралеўскі двор у сваім гістарычным палацы – гатэлі Ламбер на востраве Сен-Луі, вельмі ўдала набытым на самым пачатку эміграцыі. Французскі ўрад абыходзіўся з ім як з кіраўніком правячай партыі. Асобаў з нашага краю, якія яшчэ толькі павінны былі ў апошняе дзесяцігоддзе Другой імперыі ўвайсці ў моц, у той час у Парыжы амаль што не было.

На пачатку лета маці з усім сваім гняздом пасялілася ў Д'епе, бо галоўным элементамі яе лячэння было марское купанне і як можна больш працяглае знаходжанне ля мора. Ужо тады нашы бацькі вырашылі выхоўваць нас у Францыі і па парадзе доктара Галянзоўскага29 пасля вакацый памясцілі нас у першакласным пансіёне пана Кузіна на вуліцы дзю Рашэ, на мяжы паміж уласна горадам і прадмесцем «Бацінёл», дзе была вельмі вялікая польская школа (250 вучняў)30.

Перад ад'ездам у Д'еп бацькі заўважылі, што мы ўжо амаль што цалкам сталі французамі. Каб не дапусціць гэтага, бацька даў нам на ўсё лета рэпетытара пана Касакоўскага, узятага з польскай школы ў Бацінёле, які меў абавязак размаўляць з намі толькі па-польску.

[…]


[У раздзеле ІІІ аўтар піша пра сваю вучобу ў школах Парыжа.]

Раздзел IV. Перад паўстаннем. Канікулы 1860, 1861, 1862 гг.

У 1860 г., калі ўжо чакалася, але не абвяшчалася вызваленне ад прыгону і надзяленне сялян маёмасцю, але ўсё яшчэ дзейнічалі сярэднявечныя адносіны, здароўе маёй маці палепшылася да такой ступені, што яна магла шаптаць і таму ўсё больш жадала вярнуцца ў край. Бацька з усім абозам, з Камілкай, якая стала амаль што францужанкай і Хеленкай Грынявецкай, якая хацела пазнаёміцца з Бацькаўшчынай, павёз нас на вакацыі на радзіму. Гэтым разам мы даехалі цягніком аж да Вержбалава, на мяжы паміж Прусіяй і Расійскай дзяржавай.

Некалькі дзён перад ад'ездам на вёску мы правялі ў Вільні. Паколькі, дзякуючы маёй заўчаснай адукацыі і маленькаму росту, я выглядаў надзвычай разумным хлопчыкам, а мой бацька любіў паказаць сваю французскую мову, ён паўсюдна браў мяне з сабой. Старая Вільня, акрамя выключна яўрэйскіх, агідна брудных і смярдзючых раёнаў, фактычна абмяжоўвалася трыма галоўнымі артэрыямі: вуліцай Вялікай і Замкавай, яе працягам паміж Вострабрамскай і Катэдрай, а таксама вуліцамі Святаянскай, Дамініканскай, Троцкай, Нямецкай і Віленскай. Праз кожныя некалькі крокаў мы мусілі спыняцца, каб павітацца з бацькавымі сябрамі і сказаць ім некалькі слоў. З гонарам магу сказаць, што ў Вільні ў той час і да канца 1862 г. я ніколі не чуў ніводнага слова на аніводнай мове, акрамя польскай (ці яўрэйскай). Простыя людзі вясковага паходжання, г. зн. беларусы ці летувісы, не карысталіся ў горадзе сваім дыялектам, чыноўнікі, нібыта рускія, усе былі палякамі, а суды абіраліся толькі шляхтай. Сярод вышэйшых службовых асоб меліся толькі генерал-губернатар Назімаў, цывільны губернатар Пахвіснёў і прэзідэнт падатковай палаты дэ Раберці. Усе трое – паважаныя і любімыя (а нават і ненавісны прыдзіра паліцмайстар Васільнеў) размаўлялі з палякамі толькі па-французску, а некалькі дзесяткаў другарадных чыноўнікаў добра валодалі польскай мовай. Нават Аляксандр ІІ, наведваючы так званыя «забраныя правінцыі», калі пераязджаў Дзвіну ці Днепр, карыстаўся толькі французскай мовай. Значна пазней князь Уладзімір Чацвярцінскі, шматгадовы прэзідэнт нашага паляўнічага клуба ў Варшаве, казаў мне, што ў тым жа 1860 г. ён быў на Падоллі на вельмі вялікім абедзе, дадзеным падольскай шляхтай Аляксандру II у шатры. У канцы абеду ўстаў усхваляваны шляхціц і грымотным голасам закрычаў: «А я яшчэ п'ю за здароўе Найяснейшага Пана!». На гэта імператар, напалову ўстаўшы, падняў келіх і з ветлівай усмешкай, з добрай вымовай, адказаў: «Вялікі дзякуй, шаноўнаму пану». Вядома, што да 1830 г. (Аляксандру ІІ было ўжо 13 гадоў), Мікалай І даваў свайму старэйшаму сыну польскага настаўніка як спадчынніку польскага трона.

З вялікай радасцю мы правялі ўвесь адпачынак у сельскай мясцовасці, асабліва падчас так званых дажынак, арганізаваных для прыгонных сялян, хоць і са спазненнем, але па-чарзе у 4-х бацькоўскіх ключах: Геранёнах, Лугамовічах, Лаздунах і Цыціне. Дажынкі святкаваліся з бясконцай колькасцю вяндліны, каўбас, кмінных сыроў, бочак піва, вёдзер мёду (гарэлкі не было) і танцаў на траве пад гукі прыдворнага дзедаўскага аркестра «артыстаў», якіх бацька размясціў па сваіх 20 фальваркаў як больш-менш карысных эканомаў і збіраў іх толькі на падобныя ўрачыстасці.

Тады нашы сяляне і сялянкі не мелі ні найменшага паняцця пра пінжакі, станікі і капелюшы. Яны насілі, у тым ліку і ў касцёл, свае традыцыйныя народныя строі, такія ж, як і ў часы караля Ягайлы, у мужчын нязграбныя, а ў кабет вельмі маляўнічыя і рознакаляровыя, са шматлікімі радамі рознакаляровых пацерак на грудзях і асабліва з багатымі і казачнымі галаўнымі жаночымі ўборамі. Праз дзесяць гадоў ад гэтага не засталося і следу. Натуральна, што мае тагачасныя псіхалагічныя даследаванні не маглі быць глыбокімі, але я павінен шчыра сказаць, што падчас гэтых трох святкаванняў дажынак у 1860, 1861 і 1862 гадах, я не адчуваў ніякай варожасці вёсак да панскіх маёнткаў. А з празмерна шматлікай дваровай прыслугай адносіны былі цалкам сардэчнымі, нават з адценнем фамільярнасці, якая праз некалькі гадоў саступіла месца цырыманіяльнай, але менш прыязнай ветлівасці.

Ва ўсіх маёнтках, бацька, сам добры вершнік, падрыхтаваў для кожнага з нас адпаведнага верхавога каня і ладзіў паляванне з хартамі. Наведалі мы і пяць цётак з боку бацькі і маці, у кожнай з якіх мелася вялікая колькасць дзяцей. За выключэннем адной, усе яны жылі ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Геранён.

Падарожжа адбывалася наступным чынам.

На шляху мы заўсёды абедалі і мелі хаця б адзін начлег. Таму паперадзе нас на возе ехаў конюх і папярэджваў яўрэяў-карчмароў, каб тыя гналі ўсіх гасцей і пачыналі прыбіраць свой заезны дом. Праз тры гадзіны за ім ехаў сапраўдны караван у наступным складзе: першым – Яснавяльможны пан, адзін у карэце, запрэжанай чатырма коньмі. Другім – так звазваны кочабрык31 запрэжаны чацвёркай, у ім ехалі панічы з гувернёрам. Падчас пастою бацька па-чарзе клікаў аднаго з сыноў да сябе і вёў з імі размову, а фактычна, маналог, у якім расказваў вельмі цікавыя і павучальныя падрабязнасці са свайго былога жыцця ў краі і чытаў вельмі доўгія і яшчэ больш нудныя маралі пра ўсё тое, што трэба рабіць у жыцці, а чаго трэба пазбягаць, інакш … «марна згінеш».

За панічамі ехала вялізнае матчына ландо на стаячых і вельмі чуллівых рысорах, якое так гайдалася па нашых пясчаных, камяністых і гразкіх літоўскіх дарогах, што наша бедная сястра амаль што ўвесь час хварэла на марскую хваробу. Гэты Ноеў каўчэг быў запрэжаны 6-цю вялізнымі коньмі – 4 поруч і 2 на лейцах, ён вёз на козлах старшага фурмана, а побач з ім бацькоўскага камердынера. Унутры ландо ехала маці, Камілка Мацкевічоўна ці на змену Хеленка Грынявецкая з нашай сястрой, а на прычэпленым ззаду сядзенні, падобным на крэсла, – пакаёўка.

Заканчвалася шэсце вялізнай, спецыяльна для гэтага пабудаванай фурай, таксама з чатырма коньмі, але ўжо без рысор. На ёй ехалі кухар, дзяўчына і цэлы стос матрацаў, падушак, коўдраў, прасцінаў, медніц, збаноў, самавараў, рондаляў, патэльняў, усякія харчы і закускі – усё гэта было закрыта ад дажджу нявырабленымі скурамі. Караван ехаў з сярэдняй хуткасцю 10 кіламетраў у гадзіну і максімум 70 кіламетраў ад раніцы да вечара, пры гэтым уначы ўсе спалі, а коні пасвіліся колькі хацелі ці, як раіла надвор'е. Акрамя страт часу, пра якія стары чалавек ведае – вынікі спешкі не вартыя выдаткаў на іх, такая вандроўка была нашмат прыемней і камфортней, чым у сучасных «спальных вагонах», «вагонах-рэстаранах» і асабліва на аўтамабілях ці самалётах, якія ствараюць ўражанне, што ты – канверт або бандэроль на пошце.

Усе двары нашых цётак тады лічыліся заможнымі. Аднак у «палацах» было ўсяго дзясятак-другі пакояў, з якіх не менш за 4 былі так званымі параднымі, але за стол гаспадароў часта сядалі ці нават начавалі не менш за 30 чалавек. Усе былі сытыя, але куды яны ўсе месціліся і дзе спалі? Гэта атрымлівалася, бо меліся незлічоныя запасы пасцельнай бялізны, наскубаных за пакаленні падушак, розных, часова пустых гаспадарчых пабудоў, а галоўным чынам з-за дабраславёнай неразборлівасці і сціпласці патрабаванняў. Можа, мы зноў вернемся ў тыя часы, калі прыйдзе Савецкая Расія.

На пачатку кастрычніка ўсе акрамя бацькі, вярнуліся ў Парыж да свайго ранейшага ладу жыцця.


Азіраючыся на 1860 г., я магу сказаць, што хоць, натуральна, старэйшыя за мяне людзі не давяралі мне свае праекты і мары, але тады, як і сёння, вучань 4-га класа быў значна больш разумным, чым лічылі дарослыя, і я шмат што ўбачыў, падслухаў і шмат у чым разабраўся. Акрамя таго я карыстаюся думкамі майго мудрага бацькі, які ў той час не ўпускаў магчымасці, каб пашырыць мой кругагляд.

Маё рэтраспектыўнае ўражанне такое, што ўвосень 1860 года, іскра, якая павінна была запаліць увесь еўрапейскі пажар, г. зн. экспедыцыя Гарыбальдзі на Сіцылію ўжо ўспыхнула, але яе ўплыў на грамадства ў маёй краіне ўсё яшчэ было немагчыма заўважыць. Так, пасля ўступлення на пасад Аляксандра ІІ польска-расійскія адносіны ў значнай ступені змякчыліся і палагаднелі, што ўзмацніла ліберальныя намеры Аляксандра ІІ, у прыватнасці, яго цвёрдую рашучасць правесці сялянскую рэформу, якая сутыкнулася з шалёным супраціўленнем расійскага дваранства і арыстакратыі, а ў нашым грамадстве яго намер нават выклікаў сімпатыю. У 1859 годзе віленская шляхта першай звярнулася да імператара з патрабаваннем адмяніць прыгоннае права, і гэта зблізіла яго з нашай шляхтай. Далей цар прыняў запрашэнне на паляванне, арганізаванае для яго братамі Міхалам і Юзафам Тышкевічамі. Потым адбыўся вялікі баль, дадзены шляхтай у яго гонар у бальнай зале камяніцы, пабудаванай князем Агінскім побач з дваранскім клубам спецыяльна для гэтай мэты. Сардэчнасць прыёму цару так спадабалася, што, калі на пачатку 1861 г. на прускі трон узышоў будучы імператар Вільгельм і адразу ж абвясціў аб сваім візіце маладзейшаму па ўзросце, але старэйшаму на троне пляменніку Аляксандру II, той запрасіў яго ў Вільню, каб паказаць добрыя адносіны, якія склаліся паміж ім і яго падданымі і таму даў зразумець шляхце, што хацеў бы, каб баль паўтарыўся. Гэта запрашэнне на вальс спачатку было ахвотна прынята шляхтай, але калі як прэлюдыя да паўстання пачаліся варшаўскія дэманстрацыі, запрашэнне было самым няўклюдным чынам адклікана, чаго помслівы Раманаў ніколі не забыў і не дараваў.

2 (14) лютага 1861 г. быў апублікаваны маніфест у якім абвяшчалася вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці і абшарніцкай улады над імі. Сялянам прадстаўлялася поўная ўласнасць на іх надзелы з адпаведнай платай спадчынніку грашыма, але пры гэтым фактычнае правядзенне рэформы адкладвалася на два гады, каб даць абшарнікам час для ўвядзення новых працоўных адносін, пабудовы неабходных гмахаў і пераходу ад прымусовай і дармовай працы да свабоднай і платнай.

Усё гэта чакалася шляхтай, але на галовы надзвычай цёмнага вясковага люду, які больш чым на 98% складаўся з непісьменных людзей, калі па загаду ўладаў пра яе чыталі са ўсіх праваслаўных і каталіцкіх амбонаў, справа прыйшла як нешта зусім незразумелае. Ніхто не разумеў неабходнасці двухгадовага тэрміну, наданне права ўласнасці многія сяляне распаўсюджвалі на ўсе землі, якія дагэтуль апрацоўвалі – на свае надзелы і на зямлю панскіх фальваркаў, і можна толькі здзіўляцца, што гэтая нязграбная працэдура не справакавала куды больш шырокія і крывавыя беспарадкі, чым тыя, якія мелі месца.

У нашым краі, зрэшты, нідзе не было хваляванняў у маёнтках, якімі кіравалі самі гаспадары, бо дзякуючы наогул добрым адносінам са сваімі падданымі, яны лёгка з імі паладзілі32. Але на мяжы з Лугамовічамі, маёнткам маёй маці (пазней маім), знаходзіўся вялізны маёнтак і зусім невялікае мястэчка Іўе, якое ў акружнасці каля 30 кіламетраў служыла гандлёвым цэнтрам і належала графіне Замойскай з Тызенгаўзаў. З незапамятных часоў тут ніхто не бачыў дзедзіча і маёнткам кіраваў неўдалы пан Ятэйка які, напэўна, пачуўшы пра маніфест, страціў прытомнасць. І на першым жа кірмашы, якія тады абавязкова суправаджаліся моцнай выпіўкай, пачалося хваляванне, яно ўзмацнялася з кожнай гадзінай і перакінулася на суседнія маёнткі. Сабраўся шматтысячны натоўп, які начаваў у фурманках пад адкрытым небам. Натуральна, ніхто не ведаў, чаго ён хоча і нават пра што ідзе гаворка, але людзі цягнуліся сюды па сялянскай звычцы без усялякай зброі, нават ручной, кажучы: «Як усе, гэтак і я». Стары Ятэйка адразу страціў галаву і схаваўся ў плябаніі, якая месцілася ў былым, даволі вялікім мураваным кляштары бернардзінцаў. Пробашч быў меншым баязліўцам, вікарый быў баязліўцам толькі на чвэрць і вырашыў папярэдзіць генеральнага ўпаўнаважанага майго бацькі, пана Юзафа Шалевіча ў Лугамовічах. Пан Юзаф, быў тыповым шляхціцам часоў пана Яна Паска33, меў тады 50 гадоў, вялізны ў даўжыню і ўпоперак, з вялікімі вусамі, гарачы паляўнічы на мядзведзяў. Ён узяў з сабою свайго ляснічага, шчыра адданага яму фурмана-забіяку, сабраў, колькі знайшоў, агнястрэльнай зброі, набоі, добры запас ежы і як мага хутчэй, шалёна падганяючы сваю чацвёрку, паляцеў у Іўе. Шалевіч загіпнатызаваў дурны натоўп, прарваўся скрозь яго і замкнуўся ў плябаніі, якую ў імгненне вока ўмацаваў і гэтым надаў адвагі тым, хто ў ёй знаходзіўся – да гэтага часу яны дрыжалі як галярэта. Пяць дзён запар, акружаныя некалькімі тысячамі сялян, сядзелі ў асадзе. Сялян трымалі ў страсе на адлегласці выстралу (тады гэта было 120 крокаў), бо ўвесь час – і ўдзень і ўначы, паказваліся ва ўсіх вокнах.

Тым часам у Вільні даведаліся аб гэтым здарэнні. Генерал-губернатар Назімаў хутка паслаў дзве пяхотныя роты, якія, калі б паспелі, несумненна зрабілі б вялікае кровапраліцце. Але ўсю сітуацыю і саміх збаламучаных сялян выратаваў яго ад'ютант, граф Юзаф Тышкевіч з Ландварава. Ён пачуў, што годнаму генерал-губернатару Назімаву давядзецца перайсці да энергічных мер і ўзяўся навесці парадак сваімі ўласнымі казакамі. Аднак папрасіў для чыста дэманстратыўных мэт аддаць пад яго камандаванне дзве пяхотныя роты. І стрымаў сваё слова.

Юзаф Тышкевіч, якому тады было ўсяго 30 гадоў, быў асобай, якая павінна была жыць у гарачыя часы Сасаў ці нават яшчэ больш ранейшых. Сірата, з дзесяцігадовага ўзросту без бацькі і маці, меў у сваім распараджэнні вялікую маёмасць і набыў яшчэ невялікі маёнтак Ландварава недалёка ад Вільні, дзе дзякуючы памяркоўнасці генерал-губернатараў Бібікава і Назімава, якія хацелі мець пры сабе ад'ютанта з мясцовай арыстакратыі, вёў фантастычны лад жыцця34. Ён уласным коштам утрымліваў 18 конных казакоў, для іх і свайго камфорту трымаў яшчэ паўтузіна казачак. Адзіным заняткам казакоў было пакрасавацца перад штодзённымі гасцямі – у асноўным віленскімі прыжываламі, «джыгітоўкай» і скокамі цераз паштовыя брычкі. Скакалі таксама і некаторыя з казачак. Паход на Іўе стаў лебядзінай песняй Тышкевіча. Ён быў ужо па вушы ў даўгах, яго браты і дзядзькі згаварыліся і знайшлі для яго выключна разумную, нават мудрую і адукаваную панну Зоф'ю Горватаўну, дачку і сястру кіеўскіх губернскіх маршалкаў. На вялікім абедзе, не папярэдзіўшы, яго пасадзілі каля панны і, калі дайшлі да дэсерту, устаў нейкі пралат, прапанаваў «здароўе маладых», і справа была зроблена. Дзякуючы гэтаму ён пражыў яшчэ 30 гадоў найшчаслівейшага сямейнага жыцця бо кіраваўся прынцыпам, які я сам ад яго чуў: «Я дурны, а Зося мудрая, таму хай яна будзе галоўнай і кіруе маёнткам, а я буду рабіць глупствы».

Між тым у Івейскай экспедыцыі Юзаф Тышкевіч дзейнічаў як выдатны стратэг. Маючы пяхоту на рэквізаваных сялянскіх вазах, ён ад світанку да змяркання праляцеў каля ста кіламетраў, спакойна заначаваў у адным з івейскіх фальваркаў і ў 10 гадзін раніцы, як каршак на чале сваіх 18-ці казакаў, якія шаблі трымалі ў похвах, а нагайкі ў паветры, напаў на тлум сялян на вялікім івейскім рынку.

Хто мог, той драпаў па бакавых вуліцах і аддыхаўся толькі ў сваёй хаціне, рэшта адразу ж упала на калені і выдала нібыта сто завадатараў, пасля чаго супакоены натоўп да вечара з цікаўнасцю назіраў за «раздачай узнагарод» – гэта значыць доўгую, па велікапанскі вымеранаю лупцоўку па голым целе. Дасталася і прыгожаму полу, але праз кашулі. Вечарам ўсе пайшлі ці паехалі дахаты, некаторыя, зразумела, ехалі лежачы на жываце. Пяхота засталася на некалькі дзён, каб ушчэнт аб'есці насельніцтва. Пасля чаго ўсё прыгожа супакоілася, і калі б не вельмі цікавы ліст з падрабязнасцямі ад майго бацькі, які ён даслаў да нас у Парыж праз некалькі месяцаў, дык калі я ехаў праз тое ж Іўе ў Лугамовічы, я б не здагадаўся, што тут адбылася гэтая «рэвалюцыя ў рондалі»35.


Гэты ж 1861 год упісаў у нашу мясцовую гісторыю сапраўды прыгожую старонку, сляды якой, у значнай ступені, бачны і цяпер. Праклёнам тых часоў было ўсеагульнае, па-сапраўднаму д'ябальскае п'янства вясковага люду, якое падтрымлівалася прыкладамі самой шляхты і аблягчалася фенаменальнай таннасцю гарэлкі (добры кілішак 40% – най гарэлкі прадаваўся ў вёсцы за два грошы, гэта значыць за 1 капейку). У дні маіх вакацый 1860 г. у святочныя ці базарныя дні, вечарам нельга было праехаць па дарозе, бо праз кожныя некалькі сотняў крокаў каля ці нават пасярод дарогі, як труп, ляжаў п'яніца.

Але на пачатку 1861 г., напэўна, дзякуючы вялікаму маральнаму ўздыму, які суправаджаў вызваленне сялян, ковенскі біскуп Валанчэўскі, вельмі годны каплан, хоць і крыху дэмагог, выступіў з ідэяй заснаваць сярод народа «брацтва цвярозасці». Паўсюдна, куды дасягаў уплыў каталіцкага кліру, у нядзелю ці на святы пасля стандартнай пропаведзі, ксяндзы заклікалі парафіян прыняць з крыжам і евангеллем асабістую прысягу аб поўнай цвярозасці. Ксяндзы мелі адмысловыя кнігі для запісу чальцоў брацтва. Гэты рух мусiў мець i меў даволі цяжкія наступствы для абшарніцкай шляхты, бо на вёсцы было моцна пашырана вінакурніцтва. Мой бацька сам валодаў пяццю спіртзаводамі і пасля гэтых падзей адразу зачыніў два з іх. Нягледзячы на гэта, абшарнікі таксама актыўна ўдзельнічала ў руху. Вынік перасягнуў усе чаканні. Сяляне, саромеючыся адзін аднаго, аб'ядноўваліся ў брацтвы, п'янства выходзіла з моды і нават праз вялікі час, калі вымерла ўсё тагачаснае пакаленне братоў, мода на п'янства сярод вясковага люду не адрадзілася. Знікла п'янства і сярод шляхты, але гэта было звязана з жорсткімі пакутамі 1863 г. і іх наступствамі. З чыста фіскальных меркаванняў расійскі ўрад спрабаваў перашкодзіць гэтаму кроку. Але было ўжо занадта позна36. Праваслаўнае духавенства ў гэтым руху не прымала ніякага ўдзелу, і таму да апошняй сусветнай вайны ў маім краі цвярозасць можна было атаясамліваць з каталіцтвам, а праваслаўе – з п'янствам.

На страницу:
3 из 6