bannerbanner
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Полная версия

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
5 из 6

Але ж было б несправядліва вінаваціць сапраўдных лідараў гэтага руху ў «глупстве».

Не-не, гэта нешта зусім іншае. Нездарма Здановіч, студэнт з Пецярбурга, сын ваеннага доктара, які мала валодаў польскай мовай і якога я сустрэў у генеральскім мундзіры пасля смерці майго сына, быў адным з галоўных арганізатараў паўстання ў Вільні. Калі пасля яго прысуду на смерць, старшыня ваеннага суда спытаў, як ён, такі разумны чалавек (а ён быў такім), мог гэтак памыляцца адносна перспектыў поспеху паўстання, Здановіч спакойна адказаў: «Я бачу, што пан палкоўнік цалкам не разумее маіх мэтаў, я не памыляюся, і мая праца не марная. Лепш, чым мог я сам, яе даробіць мой спадчыннік… Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў»58.

А ў нашай справе вельмі прыгожа паказалі сябе яўрэйка і праваслаўны поп. У турме Рубін пасадзілі ў асобную камеру і сказалі, што яна не выйдзе, пакуль не прызнаецца, што мой бацька перад ад'ездам за мяжу (за 6 тыдняў да выбуху студзеньскага паўстання) загадаў ёй шчодра прыняць паўстанцаў. Рубін была цяжарнай. Кожны дзень ёй пагражалі, што калі яна народзіць, дык дзіця ў яе забяруць і хрысцяць у праваслаўнай царкве. Яна нарадзіла дачку Рохлю і, нягледзячы на штодзённыя пагрозы, да самага вызвалення майго бацькі трымалася на сваім – што паўстанцы гвалтам адабралі ў яе хлеб і малочныя прадукты.

Паколькі праваслаўнае мястэчка Мікалаева на Нёмане мяжуе з Лугамовічамі, Каладзеяў паслаў урадніка да мікалаеўскага святара Пратасевіча, заклятага п'яніцы, але вельмі годнага чалавека, каб той загадаў мікалаеўскім сялянам пад прысягай засведчыць, што мой бацька пераконваў іх пры з'яўленні паўстанцаў аказваць ім усялякую дапамогу. Пратасевіч паклікаў сялян да афіцэра і сказаў ім жорсткую пропаведзь, у якой нагадаў сялянам пра важнасць прысягі і пагражаў усімі царкоўнымі пакутамі, калі яны будуць сведчыць што-небудзь, акрамя праўды. Тады сяляне ў адзін голас засведчылі, што ніхто з іх не бачыў майго бацьку ужо некалькі гадоў. Пратасевіча арыштавалі на месцы, адвезлі ў Вільню, меліся выслаць у Сібір, але архіепіскап Сямашка (галоўны ў справе скасавання уніі) нейкім чынам выратаваў яго.

Не маючы магчымасці абгрунтаваць жаданы прысуд, Каладзеяў у верасні адправіў бацьку ў Вільню, ў перароблены пад турму дамініканскі кляштар, прызначаны для нібыта небяспечных вязняў. Менш важныя сядзелі ў кляштары францысканцаў.


Тым часам мы з братам у жніўні здалі іспыт сталасці (baccalaureat еs lettres) і ўжо без гувернёра чакалі ў Д'епе вырашэння свайго лёсу. Каля 1 кастрычніка мая маці атрымала паведамленне з расійскай амбасады, што хоць тэрміны яе і нашых пашпартоў яшчэ не скончыліся, але згодна з спецыяльным распараджэннем Мураўёва, яна з дзецьмі, на працягу васьмі дзён павінна з'явіцца ў Вільні, калі не з'явіцца – будзе лічыцца эмігранткай і яе маёнткі, якія складалі большую частку сямейнай маёмасці, будуць канфіскаваны. Мы вярнуліся ў Вільню роўна праз два гады пасля таго, як яе пакінулі.

У асноўным з-за чыноўнікаў, горад было ўжо не пазнаць. За некалькі месяцаў Мураўёў здолеў, за выключэннем бедных «вольнонаёмных» пісараў, якія атрымлівалі па тры рублі ў месяц плюс хабар, замяніць ўсіх мясцовых чыноўнікаў на подлую сволач, пра якасць якой здагадацца не цяжка і пры гэтым добрую палову з іх складалі «нігілісты». Усе яны прыехалі цэлымі эшалонамі, атрымалі ў канцылярыі спіс вакантных пасад і ў нядзелю раніцай запоўнілі вялізную бальную залу палаца генерал-губернатара. Сатрап сказаў некалькі слоў і са спісам у руках пачаў раздаваць «манну нябесную». Адбываліся камічныя дыялогі. Пра адзін з іх памяталі яшчэ і праз дзесяць гадоў.

Выцягнуўшыся, стаіць герой з фіялетавым носам. Падыходзіць сатрап:

– Ты, што хочаш?

– Месца, Ваша правасхадзіцельства!

– Якога?

– Казначэя ў Вількаміры.

– Ты служыў?

– Я служыў, Ваша правасхадзіцельства!

– У якім напрамку?

– Інжынерам.

– За што прагналі?

– Я упаў, Ваша правасхадзіцельства!

– На роўным месцы?

– На роўным, Ваша правасхадзіцельства!

– Касірам не годны, будзеш суддзёй у Ашмянах.

І ён стаў суддзёй59.


Мы пасяліліся ў толькі што адчыненым яўрэем Левянсонам «Еўрапейскім» гатэлі, які як быццам, быў арганізаваны ў еўрапейскім стылі, г. зн. меў пасцелі, бялізну, газавае асвятленне. Паўсюдна было поўна расейцаў як ваенных, так і цывільных, на вуліцах патрулі. Пасля заходу сонца нельга выйсці без ліхтара ў руках і пропуска ў кішэні. Арыштаў па найменшым падазрэннях больш не было, экзекуцый таксама, бо ўвесь «матэрыял» ужо быў вычарпаны. Толькі па некалькі разоў на тыдзень збіраліся натоўпы людзей усіх станаў, і іх без суда высылалі ў Сібір. Між імі было шмат жмудскіх сялян, большасць з іх не разумела польскай мовы […].

Маці адразу пайшла да губернскага маршалка шляхты Аляксандра Дамейкі, вялікага сябра і паклонніка майго бацькі. Ён вельмі цёпла прыняў нас і рупліва заняўся нашымі праблемамі. Увесь першы месяц мы праводзілі вечары ў яго разам з цікавым у сваім родзе чалавекам, панам Рэйнгольдам Тызенгаўзам, найбагацейшым пасля смерці Яна Тышкевіча чалавекам Літвы, вялікім арыгіналам, пра якога я яшчэ згадаю. Дамейка, ужо 60-гадовы, невысокі, пульхны дзядок, у тыя часы шмат у чым не быў на вышыні свайго становішча. Падчас апошніх перад паўстаннем выбараў, шляхта выбрала яго як «шчасце», галоўным чынам, каб не абраць непапулярнага князя Ірэнія Агінскага, не толькі з-за таго, што дзякуючы яго жонцы, апошняй з вялікага роду Каліноўскіх, былой фрэйліны імператрыцы, якую кахаў сам малады Аляксандр II, Агінскі меў у Пецярбургу ўнікальнае становішча, але і таму, што ён быў князем, чалавекам багатым, з вытанчанымі манерамі і даволі шырокай адукацыяй.

Ад самога Дамейкі я даведаўся пра падрабязнасці нападу, учыненага на яго год таму. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Вільню, Мураўёў запатрабаваў ад Дамейкі, а таксама ўсіх павятовых маршалкаў і іншых вядомых памешчыкаў, падпісаць зварот аб капітуляцыі як адказ на дыпламатычныя ноты заходніх краін. Нягледзячы на пагрозу з Варшавы, што калі Дамейка падпіша зварот, дык будзе забіты, ён, жадаючы засцерагчы сябе і шляхту ад масавай ссылкі ў Сібір (гэта тычылася не толькі тых нешматлікіх, хто не падпісаў зварот), падпісаў сам і намаўляў да гэтага іншых. Аднак не прыняў паліцэйскую ахову, прапанаваную яму Мураўёвым. Праз некалькі дзён у перадпакой увайшоў малады чалавек, гвалтам уварваўся ў сталовую, дзе сядзеў Дамейка, лёгка ўдарыў яго кінжалам у плячо і цяжка параніў слугу, які спрабаваў яго абяззброіць – нанёс два ўдары нажом, пасля чаго ўцёк.

На першым жа допыце гэты слуга больш-менш апісаў знешнасць забойцы, у тым ліку і тое, што ў яго былі чорныя валасы і блакітныя вочы. Таму штодзень, пераважна на чыгуначным вакзале, лапалі ўсіх, хто больш-менш адпавядаў апісанню (бо сумленны Дамейка адбрэхваўся тым, што ад болю страціў прытомнасць і нічога не памятае). Затрыманых паказвалі слузе, які па загадзе свайго гаспадара нікога не пазнаваў, але тым не менш, кожны дзень аднаго са злапаных вешалі. Сапраўднага злачынца выпадкова схапілі на чыгунцы толькі праз тыдзень. Магчыма, каб спыніць гэтую расправу над нявіннымі, ён прызнаўся ў сваім злачынстве, яго пазнаў слуга, і экзекуцыі пасля гэтага закончыліся.


Галоўнае для нас было – убачыць бацьку. З гэтай мэтай мы паехалі да Аляксандра Львовіча Патапава60, толькі што прысланага з Пецярбурга ў якасці памочніка генерал-губернатара, напэўна, каб уціхамірыць дзікія схільнасці Мураўёва. Патапаў, генерал світы цара, быў вельмі маленькага росту, але элегантны і тыповы рускі «барин». З прыемнасцю прыняў маці і нас, размаўляў выключна па-французску. Дурыў нам галаву пра «вяршэнства права», але назаўтра даслаў для нам дазвол наведаць вязня ў дамініканаў.

Мы знайшлі, што наш бацька вонкава вельмі змяніўся і моцна пастарэў за год, які мы яго не бачылі. Трымалі яго ў маленькай, але чыстай кляштарнай келлі, якую ён дзяліў са старым эмігрантам 1831 г. князем Мiрскiм, прысланым ад Парыжскага камітэта, у камітэт ўваходзіла шмат маладых людзей, якія маглі б быць Мірскаму сынамі, але пры гэтым вельмі цанілі сваю ўласную скуру. Вязні на дваіх мелі рускага, так званага дзеншчыка ці ардынарца, які прасіў бацьку, каб ён, калі яго будуць весці на шыбеніцу, аддаў свой прыгожы і залаты гадзіннік з рэпетытарам. Тады дзяншчык закажа па бацьку ўрачыстую «паніхіду». Нягледзячы на тое, што бацька сядзеў за кратамі больш за месяц, яго яшчэ ніхто не выклікаў на допыт, і таму ён не ведаў, што яму інкрымінуюць. Мы зноў пайшлі да Патапава і прасілі хаця б даць магчымасць падазраванаму скласці свае тлумачэнні пра інкрымінаваныя яму злачынствы. Патапаў сам пайшоў у турму, абышоў усе келлі і цярпліва выслухаў бацьку. Потым, па яго просьбе, загадаў выдаць чарніліцу, пяро, шмат паперы і, галоўнае, усё «дело» ў 300 старонак, якое Каладзеяў даслаў з Ашмян. Бацька падрабязна адказаў на ўсе абвінавачванні. Праз тыдзень пасля гэтага яго выклікалі ў следчую камісію пад старшынствам палкоўніка Лосева і пасля вельмі кароткага допыту ў той жа дзень адпусцілі. Як высветлілася, на гэтае хуткае рашэнне ў значнай ступені паўплываў наступны выпадак: адначасова з бацькам, хоць ён пра гэта і не ведаў, акрамя сапраўды глыбока скампраметаванага Гейштара з Коўні, А. Аскеркі, Эдварда Чапскага і іншых, неўзабаве высланых ва ўсходнюю Сібір, быў арыштаваны яго добры сябар пан Канстанцін Кашыц61, жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: «Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!». Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: «Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару», і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае.

Нягледзячы на гэта, апраўданне бацькі было толькі частковым і не датычыла матэрыяльнага боку. Бацька быў інтэрнаваны ў Вільні без права выезду. Адзінаццаць тысяч рублёў за высечку лесу ён павінен быў заплаціць, але ужо не беднаму палкоўніку Каладзеяву, а ў касу не больш добранадзейнага генерал-губернатара. Секвестр маёмасці, які быў накладзены яшчэ падчас знаходжання бацькі ў Ашмянах, быў зняты, але коштам вялізнай кантрыбуцыі, нібы на адміністрацыйныя выдаткі. Геранёнская рухомасць аказалася некранутай, акрамя піўніцы, у якой не засталося ніводнай поўнай бутэлькі, і адзінаццаці службоўцаў маёнтка, якіх арыштавалі адначасова з бацькам і, нягледзячы на яго апраўданне, выслалі ў Сібір як матэрыял для каланізацыі. Каля 10 гадоў бацька ўтрымліваў іх там за свой кошт, пакуль тым, хто застаўся ў жывых, не дазволілі вярнуцца.

Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення, позна ўвечары прыехаў мясцовы паліцыянт з загадам майму бацьку на працягу 24 гадзінаў заплаціць тысячу рублёў штрафу «за самавольную пабудову каталіцкага касцёла з праваслаўнага камення». Гаворка ішла пра вялікую і прыгожую капліцу, якую яшчэ перад паўстаннем мой тата пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў Цыціне на магіле свайго бацькі, папярэдне прыбраўшы драўляную і гнілую, старую капліцу. Не прайшлі і 24 гадзіны, як бацька ўжо меў усе патрэбныя паперы з неабходнымі на той час дазволамі і што «праваслаўнымі камянямі» быў адзіны нагробак праваслаўнага селяніна, які знаходзіўся на лініі новага падмурку і з-за павагі да нябожчыка, яго ўмуравалі ў сцяну так, каб быў бачны надпіс. Паколькі бацька ўдала выкруціўся з аплаты адміністрацыйных выдаткаў за маёнтак Лугамовічы, які быў выключнай уласнасцю маёй неангажаванай маці, Мураўёў вырашыў: «Мілеўскі занадта разумны, нельга яму дараваць усе штрафы», – і загадаў, каб былі выплачаны ўсе грошы.

Адразу пасля прыезду я, поўны радасцю 16-ці гадовага сэрца, паляцеў да свайго сябра з 1862 г. «вахмістра польскіх войскаў» Лукашэвіча. Знайшоў яго ў той самай венгерцы, але парваныя аксельбанты былі заменены на форменныя гузікі, на галаве – шапка чыноўніка з зоркай і мундзір адміністрацыі дзяржаўных стайняў. Мой вялікі сябар, мой партнёр у хатніх пастаноўках, вітаючыся са мной, называў мяне ўжо не паручнікам, а Гіпалітам Аскаравічам, бо ў сваім манежы даваў урокі верхавой язды пану Азнабішыну, прызначанаму ўрадам маршалкам шляхты. Гэта было маё першае расчараванне ў шчырасці чалавечай душы, але далёка не апошняе.

На наступны дзень пасля выхаду з турмы мой бацька сустрэў ля Вострай брамы другога героя той памятнай сустрэчы ў Геранёнах, пана Вільгельма Пратасевіча. Ён таксама насіў шапку чыноўніка з зоркай, бацька агледзеўся, убачыў, што на вуліцы нікога няма ні справа, ні злева, і тады бязлітасна спытаў: «Пан Вільгельм! А дзе ж той белы кунтуш, той слуцкі пояс, тыя саф'янавыя боты і тая канфедэратка?». Заглоба збялеў, як швейцарскі сыр, і, не развітаўшыся, уцёк.


Першым клопатам вызваленага бацькі было, што рабіць з двума сынамі, якія толькі што скончылі гімназію, ды яшчэ і за мяжой? Майму брату было 19, а мне толькі што споўнілася 17, і на гэтым мая вучоба не магла скончыцца. Калі мяне спыталі, я сказаў бацьку, што (ён і сам так лічыў) трэба думаць пра ўласны кавалак хлеба ў будучыні, а паколькі ўсё паказвала на пачатак чыгуначна-тэхнічнай ліхаманкі ў Расіі, я прасіў яго неадкладна адправіць мяне да пана Кузіна, каб я мог коштам яшчэ аднаго ці максімум двух гадоў здаць на «бакалаўра» па матэматыцы і прыродазнаўстве і паступіць у Цэнтральную школу, тады ў 20 гадоў я адразу стану інжынерам. Бацька пагадзіўся, але не пагадзіўся Мураўёў. Калі генерал Патапаў, які ўзяў майго бацьку пад сваю абарону, папрасіў выдаць мне пашпарт, сатрап цвёрда адказаў: «Не, я не дам пашпарт ні яму, ні яго брату да 20 гадоў, вызначаных законам. Яны дастаткова вывучылі французскую мову, няхай зараз вывучаюць матчыну расейскую мову».

І давялося вучыць. Нам узялі настаўніка пана Радзевіча. Не ведаю, чаму з 14 траўня 1926 г., калі нашчадкі караля Баторыя (далёкія) і канцлера Замойскага так ветліва з'ехалі па загадзе энергічнага «рызыкоўніка»62, я не магу забыць першага верша, які мне прадыктаваў тады пан Радзевіч. Як і многія, здавалася б, пустыя рэчы, верш не пазбаўлены глыбокай думкі, і я павінен запісаць тут яго ў надзеі, што гэтыя радкі больш не будуць мяне пераследаваць. Вось яны:

«Все мое», – сказало злато;«Все мое», – сказал булат.«Все куплю», – сказало злато;«Все возьму», – сказал булат.

Адначасова бацька ўвёў нас у віленскі «свет». Ён ужо не быў такім, якім быў да 1861 года, калі, з аднаго боку, высокі дабрабыт вышэйзгаданага старога і новага літоўскага патрыцыяту, а з другога боку, цяжкасці зносін з Варшавай і Пецярбургам, а тым больш з замежжам, рабілі з Вільні сапраўдную сталіцу. Мураўёўскі тэрор, эканамічны крызіс, выкліканы вызваленнем сялян, кантрыбуцыі і г. д. ужо моцна даваліся ў знакі. Таму скарацілася колькасць дамоў, дзе яшчэ прытрымліваліся вельмі старога звычаю штовечар прымаць у сябе ўсіх знаёмых без усялякіх запрашэнняў, і таму малады чалавек мог кожны дзень праводзіць прыемныя вечары ў розных месцах, вядома, не без картачнага стала для больш сталых гасцей. Першым домам, куды мяне прывёў бацька, быў дом старога (яму тады павінна было быць не менш за 80 гадоў) князя Канстанты Радзівіла, трэці раз жанатага з Карніцкай. Валодаў ён двума вялікімі маёнткамі – Паланечка ў Наваградскім павеце і Тавяны ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні. Паходзіў з найменш заможнай з пяці радзівілаўскіх галін, якія ў XVI ст. адгалінаваліся ад князя Радзівіла-Сіроткі. Таму ў нашай гісторыі яны адыгралі менш значную ролю, чым іншыя чатыры галіны, і, насамрэч, належалі не да магнатаў («каралевічаў»63

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Примечания

1

Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925). Poznań, 1930.

2

Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: «Ідэал ці новая Прэціёза» («Ideal czyli Nowa Precioza»), «Карманьёл ці французы любяць жартаваць («Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac») і «Латарэя» («Loteria»).

3

Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. – Л. Л.

4

У трэцім томе цікава і ярка напісанай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет», чытач зможа знайсці вялікі матэрыял, прысвечаную маёй маёмасці, сям'і і сваякам, натуральна, не без недакладнасцяў, асабліва ў датах.

5

У ВКЛ існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў. – Л. Л.

6

Кармазынавы колер – ярка-чырвоны колер, кармазын – каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын – заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты – за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі – «няпэўны кармазын». – Л. Л.

7

Меў мянушку «Стараста Вывяндлінскі».

8

Часы Сасаў – часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгуст ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ. – Л. Л.

9

Ардынат – уладальнік ардынацыі. Ардынацыя (ад лац. ordinatio – кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду, таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэтую ўласнасць. Тое самае, што і маярат. – Л. Л.

10

З 4-х маёнткаў, якія я з братам успадкаваў, а ні адзін не быў шляхецкай маёмасцю. Цыцін, маёнтак дзеда Мілеўскага, быў па-езуіцкім, Лугамовічы, сядзіба прадзеда Воўка – староствам, Лаздуны – радзівілаўшчынай, Геранёны – уласнасцю літоўскай артылерыі.

11

Бог сказаў Адаму: «Bеni sois» («Дабраславёны ты», фр.), і па меркаванні гэтай асобы адсюль паходзіць прозвішча Бяніслаўскі.

12

Апошняга, Войну, старога халасцяка, кузына майго бацькі, я сустрэў у Вільні пасля паўстання 1863 года. Ёсць паданне, што яго прапрадзед пры Сабескім пад Венай загадаў небяспечна атакаваць, і, калі загінула шмат людзей, сказаў: «Не вайна нараджае, а пані Войніна».

13

Паважаны Ч. Янкоўскі памылкова называе яго вялікім лоўчым. Пасля катаклізму 1914—1920 гг. у мяне цудам захаваліся тры яго срэбраныя паўміскі з ініцыяламі: M.W.P.W.W.X.L. (Міхал Воўк пісар вялікі ВКЛ).

14

Іх нашчадкі ад праваслаўных маці ўзялі прозвішча Ваўкоў. Два дэрпцкія сябры з такім прозвішчам і сын старэйшага з іх, які незадоўга да вайны быў сакратаром пасольства ў Парыжы, лічыліся маімі кузынамі.

15

Шыман Марцін Касакоўскі (1741—1794), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, польны гетман літоўскі (1792—1793), апошні вялікі гетман літоўскі (1793—1794), удзельнік Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый. У 1790 г. у чыне генерал-маёра паступіў у расійскае войска і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Турцыі на Балканах. У 1792 г. расійскі корпус пад яго камандаваннем пачаў наступ на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з боку Полацка. Ва ўзятай расійскімі войскамі ў студзені 1792 г. Вільні абвясціў сябе польным гетманам літоўскім. У 1793 г. стаў вялікім гетманам літоўскім. Падчас паўстання, 24 красавіка 1794 г. быў арыштаваны і 25 красавіка павешаны на Ратушнай плошчы ў Вільні. – Л. Л.

16

Легенда цвердзіць, што, ужо каля шыбеніцы, гетман пазнаў аднаго са сваіх сыноў, які праходзіў міма, і паклікаў на дапамогу – той павярнуў галаву і праехаў, а бацька закрычаў: «Каб ты ашалеў». Неўзабаве пасля гэтага маладушны сын быў укушаны сабакам і памёр ад шаленства.

17

Яе бацька, разам са сваім пратэктарам Пацам конна ездзілі на элекцыю Станіслава Аўгуста, а яго маці, якая паходзіла з Прусіі, была сваячка і выхаванка Пацаў. Яны абодва памерлі ва ўзросце 90 гадоў каля 1835 г. Пані Шваньская любіла расказваць, як перад кожнай «Асамблеяй» прыдворнаму цырульніку Пацаў быў патрэбны цэлы дзень, каб зрабіць фрызуру Яснавялможнай Пані. У фрызуры меліся розныя аздобы, напрыклад мініяцюрныя караблі з ветразямі. Прычэсваў ён яшчэ дзве панны Пацоўны і потым, каб не знішчыць гэты мастацкі твор, усе трое спалі, седзячы на крэслах з жалезным прутам у руках, які быў патрэбны для палявання на вошай, бо вошы прагнулі свежай рысавай пудры.

18

Але гэтыя грошы нешта значылі, калі ўлічваць тагачасную каштоўнасць грошай і звычай шкадаваць пасаг дочкам для дабра дынастыі. Чатыры панны Нясялоўскія, кармазынкі (пазней Хортынгава, Кашыцава і Рэйтанава), якія каля 1850 г. кружылі галавы віленскай моладзі, мелі па 100 000 злотых (15 000 руб). Калі на маёй памяці пачалі казаць «не шэсць злотых і дваццаць грошаў», а 1 рубель, панны страшэнна патаннелі на шлюбнай біржы.

19

Першы раз Гёранёны згадваюцца ў 1386 годзе як «Гаштольдэндорф». – Л. Л.

20

Bili się na zajeździe ryskim z Moskalami, Których przywiódł jenerał ruski Wojniłowicz I łotr, przyjaciel jego, pan Wołk z Ługomowicz; Pamiętacie, jak Wołka wzięliśmy w niewolę, Jak chcieliśmy go wieszać na belce w stodole, Iż był tyran dla chłopstwa a sługa Moskali; Ale się chłopi głupi nad nim zlitowali! У перакладзе Браніслава Тарашкевіча: …. змагаліся там з маскалямі, каторых расейскі прывёў генарал Вайніловіч і, злодзей, прыяцель ягоны пан Воўк з Лугамовіч. Ці помніце, як мы забралі Ваўка да няволі і як ужо вешаць хацелі на бэльцы ў стадолі, што быў ён слугой маскалём, мужыкам жа тыранам; сяляне ж, дурныя, ўзялі й злітавалісь над панам! – Л. Л.

21

Пані Ева была прапраўнучкай Гарабурды па прамой лініі, пасла Стэфана Баторыя пры цары Івана IV, якому Аляксей Талстой даручыў вельмі прыгожую ролю ў сваёй знакамітай драме «Смерць Івана Жахлівага».

22

Вінцэнт дэ Поль (1581—1660) – французскі каталіцкі святар, пакутнік. – Л. Л.

23

Праз 70 гадоў у Лазане, дзе жыла ўжо 100-гадовая княжна, яна распавядала мне пра майго бацьку як пра найлепшага свайго танцора. Калі-нікалі яна ўжо пачынала трызніць, і тады ў маёй асобе бачыла майго бацьку.

24

Цудоўная пісьменніка і даследчыца гісторыі роднага краю з Іўя Алена Смалянічэнка, пісала: «Нядаўна я прачытала кнігу Францішка Багушэвіча „Творы“ (Мінск: мастацкая літаратура, 1991). Адзін з раздзелаў кнігі змяшчае перапіску Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам (1836—1903) […]. Ян Карловіч прапанаваў Францішку Багушэвічу стварыць слоўнік беларускай мовы. З пісьма Яну Карловічу (1891, Вільня): „Ці праўда, што граф на Геранёнах ахвяраваў на слоўнік 10 тысяч? Калі гэта праўда, дык ужо сапраўды няма нічога на свеце немагчымага“ (Граф на Геранёнах – так Ф. Багушэвіч называе ўладальніка геранёнскага маёнтка Аскара Корвін-Мілеўскага). У іншых пісьмах да Яна Карловіча гаворка ідзе пра рукапісы графа як аўтара шэрагу лібрэта да опер Станіслава Манюшкі […]: „Ідэал, або Новыя каштоўнасці“, „Карманьёл, або Французы любяць жартаваць“, „Новы Дон Кіхот, або Сто шаленстваў“, „Латарэя“ (1843). Пісаў ён і кнігі. У літаратурнай дзейнасці Вераніка Воўк-Ланеўская дапамагала мужу. Лібрэта да опер С. Манюшкі напісаны ў стылі „Парыжскай музы“. Яго асоба і творчасць былі папулярнымі сярод віленскага асяроддзя, а супрацоўніцтва з С. Манюшкам было дабравольнае і бескарыснае. У 1858 годзе ў Парыжы была выдадзена брашура А. Корвін-Мілеўскага „Каментары да сялянскага пытання на Літве“, дзе была прадстаўлена ўмерана кансерватыўная праграма, яго палітычныя погляды». – Л. Л.

На страницу:
5 из 6