Полная версия
Маё мястэчка Луна-Воля
Партрэт Эдварда Матэвуша Рэмера (1885). Намаляваў яго брат Альфрэд Ромэр (1832—1897). Літоўскі мастацкі музэй
У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пэйзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Селянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» —бацькі свайго сябра Ю. Юргілевіча.
Шэраг твораў прысьвечаны паўстанцам 1863 г.: «Патруль», «Хаціна ў лесе». У 1873 г. Эдвард Матэуш Ромэр экспанаваў свае працы ў Кракаўскім Таварыстве сяброў мастацтваў: «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку», «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выставе ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасьля работы», «Вяртаньне» былі куплены Таварыствам падтрымкі мастацтваў. У 1894 г. на выставе сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» была ўганаравана срэбным мэдалём. Выстаўляў свае працы Эдвард Матэуш Ромэр у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафэсарам мастацтва з Брусэля І. Дэ Гасам.
Пэндзьлю Эдварда Матэуша Ромэра належыць партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. На палатне паўстае постаць волата. Палац, местачковыя дамы, нават ветраны млын у параўнаньні зь ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сьціпла, ён стаміўся, зьняў галаўны ўбор і павесіў на ручку кавенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусьцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасьветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Такое ўражаньне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змаганьня за лепшую долю.
Партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. Эдвард Матэуш Ромэр
Карціны Э. М. Ромэра можна паглядзець у Народным Музэі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На папасьцы-2»), у Музэі Мастацтва ў Вільні (7 работ) і ў музэі Каўнаса.
Апошнімі яго працамі былі пэйзажы з хлопчыкам на кані, зімовая карціна «Тры каралі» і незакончаная праца «Ад’езд дыцэзіі жмудзкага біскупа». Засталося многа эскізаў. Акрамя карцін ён пакінуў мноства эскізаў.
На працягу 20 год Эдвард Матэуш Ромэр быў уладальнікам Луна. Ці адлюстравана ў яго работах Луна? Магчыма, але адказ на гэта пытаньне чакае свайго дасьледчыка. Таму будзем спадзявацца, што сярод яго твораў ёсьць малюнкі, прысьвечаныя Луна. Трэба толькі іх адшукаць.
Зімовы пэйзаж. Праца Эдварда Матэуша Ромэра вельмі нагадвае прыроду і рачулку Лунянку каля палацу Ромэраў у Луне
У сям’і Ромэраў было трое дзяцей. Сын Эдвард нарадзіўся ў 1881 годзе, але памёр удзяцінстве ў 1901 г. Дачка Рэгіна нарадзілася ў 1882 годзе. 18 кастрычніка 1909 г. у Вільні яна выйшла замуж за свайго траюраднага брата Міхала Піўса Пасхаліса Ромэра (1880—1945). Сын Ежы нарадзіўся ў 1896 годзе і таксама мала пражыў. Уся сям’я мела клопаты са здароўем. Пасьля цяжкага запаленьня лёгкіх меў клопаты са здароўем і бацька Эдвард Матэуш Ромэр. Нягледзячы на гэта, шмат займаўся гаспадарчымі і сямейнымі справамі і да апошніх дзён не пакідаў маляваць.
Памёр Эдвард Матэуш Ромэр 22 лістапада 1900 года ў Луне, пахаваны ў радзіннай капліцы ў Троках. Гэта дата вынікае з цытаванай вышэй эпітафіі ў Луненскім касьцёле і папаўшай мне ксэракопіі нэкралёгу, прысьвечанага Эдварду Матэушу Ромэру. Але многія крыніцы чамусьці падаюць іншую дату сьмерці -10 лютага 1900 года.
Нэкралёг на сьмерць Эдварда Матэуша Ромэра
Пасьля сьмерці брата Ежы у 1920 годзе Рэгіна стала спадкаемніцай маёнтку Луна. Яе муж Міхал Ромэр быў адным з галоўных ідэолягаў лібэральна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913—15 распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфэдэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў.
Пра Міхала Піуса Ромэра больш можна даведацца ў працы: Смалянчук А. Дзёньнік Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус //.
Але Міхал Ромэр у Луне хіба ня быў ды і з жонкай Рэгінай неўзабаве разьвёўся.
У міжваенны час Луна пазаставалася ўласнасьцю Рэгіны Ромэр. Гэтыя ўладаньні разам з фальваркам Жылічы налічвалі 1400 га. Былі ў арэндзе, магчыма ў Марыі Камаровай, якая ў дакумэнце выступае ўладальніцай. Рэгіна сышлася з сэквэстрам Крупіньскім. З дачкой Цэлінай у яе былі сапсаваныя адносіны. Станіслава Швед жыхарка в. Луна гаварыла, што дачка кінула яе, бо Крупіньскі не быў знатнага паходжаньня, а магчыма, яшчэ па нейкай прычыне. Гаспадарка Ромэраў была ўзорнай. Хто і калі пабудаваў двор, невядома. Перад прыходам савецкіх войск у верасьні 1939 г. Рэгіна Ромэр і Крупіньскі ўцяклі. Драўляны палац Ромэраў, паводле Станіславы Швед, быў разабраны ў 1940 г. У галоўнай браме стаяла статуя Маці Божай, якую ксёндз Мончка аддаў у Жалудок.
Міхал Піус Ромэр – фота з сайта be.wikipedia.org/wiki/
Але Стасюкевіч Яся, таксама жыхарка Луна, апавядае, што пасьля вайны будынак палаца яшчэ стаяў. Я паказаў спадарыні Стасюкевіч малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны, але з невядомага канкрэтна месца. Спадарыня Яся сказала, што малюнак вельмі падобны да таго палаца Ромэраў.
Малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны
Сёньня на месцы дома Ромэраў знаходзіцца будынак старой школы.
Рэшткі ставаў і будынак «старой» школы. 2011 год
Ад былога сядзібна-паркавага комплексу Луна засталіся рэшткі былога парку і побач зь імі, абсаджанае дрэвамі, месца былых ставаў.
Мост праз Лунянку. 1928 г.
У ставах вырошчвалі рыбу. Ставы запаўняліся вадой у выніку перакрыцьця р. Лунянкі плацінай, якая адначасова служыла для прывядзеньня ў рух вадзянога млына. Млын не захаваўся. На беразе ставу да 2009 г. расло старое дрэва, якое было самым тоўстым у акрузе (2 м у дыямэтры і больш за 6 м у абхваце). Яго відаць на здымку 1928 г. зьлева. У 2009 г. гэта гістарычнае дрэва сьпілавалі ў пляне правядзеньня палітыкі пераводу кацельных на «мясцовае паліва». Па гэтай прычыне тады былі сьпілаваны многія дрэвы былога парку Ромэраў. Да канца 20 ст. ставы яшчэ запаўняліся вадою. Пасярэдзіне ставаў знаходзіліся альтанкі, да якіх вялі драўляныя масткі. Пры пабудове новай школы будаўнічае сьмецьце было сапхнутае бульдозэрам у ставы. Заняпад набыў незваротны працэс.
Мост праз рэчку Луняеку каля палацу Ромэраў (1928 год)
На другім пляне віднеюцца абрысы будынкаў палацавага комплексу Ромэраў.
Нядаўна я знайшоў паведамленьне аб тым, што ў Інстытуце Гувера ў Архівах калекцыі Мечыслава Ялавецкага (Mieczysława Jałowieckiego) ў скрынцы 18 захоўваецца такі экспанат: 964. ŁUNNA Dwór. ziemia Grodzieńska /N/ bar. Romer. Магчыма гэта і ёсьць малюнак палацу Ромэраў, зроблены Мечыславам Ялавецкім?
Пад Расейскай акупацыяй
Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне
Пасьля захопу расейцамі зямель Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 14.11.1795 г. Луна ў складзе Гродзенскага павета, з 14.12.1795 г. – у Слонімскай губэрні, з 11.12.1795 г. – Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губэрні.
Расійскае панаваньне на захопленых землях пачалося з рабаваньня. Вывозілася ўсё, што мела каштоўнасьць. Рабаваліся музэі і палацы, вывозіліся калекцыі мастацкіх твораў, кнігі, летапісы. Цяпер яны ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа, Трацякоўкі і іншых музэяў Расіі. І зараз ніхто не думае іх вяртаць.
Луненскі ключ (579 мужыкоў і 573 жанчыны) разам з вёскамі Стральцы, Камянчаны, Жылічы, Глядавічы быў аддадзены графу Н. А. Самойлаву, але той не зьяўіўся на вызначаныя ўладаньні. Таму знайшлі другога графа М. Валіцкага. Сяляне папалі пад прыгон. Паўсюдна адмяняліся прывілеі, беларускія законы, забаранялася беларуская мова, зьнішчалася ўніяцтва, да якога належала 80% вернікаў Беларусі. Нават грыгарыянскі каляндар (новы стыль), уведзены Вялікім Князем ВКЛ Стэфанам Баторыем, быў адменены. Пачаўся набор у рэкруты, чаго ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім. На 25 гадоў забіраліся сяляне на службу ў расейскую армію.
У 1812 годзе пачалася франка – расейская вайна. Многія літвіны спадзяваліся, што Напалеон дасьць магчымасьць аднавіць незалежнасьць ВКЛ, таму ішлі служыць у францускае войска. Для беларусаў гэта была не Айчынная, а братазабойчая вайна. Пры адступленьні французаў Луна занялі войскі графа Атароўскага. 12.12.1812 г., яны ішлі да Беластока праз Луна-Адэльск, частка ў напрамку Воўпа-Крынкі.
І французы і расейцы несьлі спусташэньні, забіралі ў сялян апошняе.
Пасьля вайны пачаўся эканамічны заняпад. Расейскія памешчыкі пачалі прадаваць дараваныя землі. У І82І годзе Луна куплена Чахоўскім і яго жонкай Валерыяй фон Ромэр. Па зьвестках П. О. Баброўскага, Луна страціла статус мястэчка, але гандаль яшчэ цепліўся.
Літвіны не зьмірыліся з агульнай стратай незалежнасьці. У І830-І83І гг. адбылося Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне. У час паўстаньня ў раёне Луна дзейнічаў атрад паўстанцаў генэрала Хлапоўскага, які ў І83І г. зьнішчыў ля Луна расійскі абоз у 4І8 вазоў, што ішоў з Брэста на Луна-Скідаль. 26.05 1831 г. ля Воўпы Д. Хлапкоўскі зрабіў засаду, у якую трапілі казакі, што адбіла ахвоту генэралу Герсьценфейту атакаваць тылы паўстанцаў. У гэтым атрадзе ваявала беларуская Жана Д’Арк – Эмілія Плятэр.
Эмілія Плятэр на чале касынэраў
Хлапоўскі ўспамінаў: «Калі мы праходзілі праз вёскі, народ спачатку прызнаваў нас за маскалёў і не адразу хацеў верыць, што мы Палякі, а калі ўпэўніваўся, дык плакаў ад радасьці, прыносіў прадукты, што толькі меў, ніколі не хацелі браць грошы, тым ня менш я прымушаў іх браць грошы за авёс і сена, гаворачы, што маю на гэта строгі загад».
«Алфавітны сьпіс удзельнікаў паўстаньня 1831 г». па Гродзенскай губэрні, складзены сьледчай камісіяй, уключае прозьвішчы 474 чалавек. У ім паўстанцы з Мастоўшчыны: сяляне С. Дзяшко, Ф. Курпіньскі, Ф. Трусевіч; памешчыкі М. Матусевіч, браты Т. і Ф. Палубіньскія, Ф. Шабаньскі, Антоні Эйсымонт, князь Е. Сапега; шляхціцы Актавіян Эйсымонт і Мінучыц, а таксама 37 паўстанцаў з Ваўкавыскага павета. Бацька аднаго з апошніх уладальнікаў Луны Эдварда Матэуша Ромэра Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 быў сябрам Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. Падрабязьней аб гэтым у апавяданьні пра Ромэраў.
Дзеяньні акупацыйных уладаў пасьля разгому Лістападаўскага Паўстаньня
Пасьля расправы з паўстанцамі 1831 года былі разрабаваны маёнткі паўстанцаў, вывезены каштоўнасьці з музэяў і бібліятэк, канфіскаваныя землі, разам з сем'ямі раздаваліся расійскім памешчыкам і чыноўнікам, дробная беларуская шляхта пераводзілася ў прыгонных.
Але перад расіянамі паўстала пытаньне: што трэба зрабіць, каб пазьбегнуць паўтору такіх падзей. Дзеля адказу на гэта пры імпэратары Мікалаі І быў створаны дарадчы орган – спэцыяльны Камітэт па справах залежных губэрняў, які павінен быў распрацаваць прапановы і рэкамэндацыі ўраду па пераўтварэньні Беларусі ў расійскую адміністрацыйную адзінку (губэрню) на векі вечныя. Распрацаваны быў плян працы: па-першае – адабраць у беларусаў іх мову і гісторыю; па-другое – ліквідаваць беларускую царкву. Для выкананьня пляну ўжо ў 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, а ў 1834 г. пераведзена навучаньне ва ўсіх школах на расейскую мову. Каб настаўнікі вучылі па-расейску, у Віцебску заснавалі настаўніцкую сэмінарыю, а ў Полацку ў старадаўніх езуіцкіх мурах—кадэцкі корпус. Так была створана «кузьніца» расейскамоўных настаўнікаў і афіцэраў—манкуртаў, пазбаўленых роднай мовы і ведаў аб мінулым Радзімы.
У 1839 годзе была скасавана Берасьцейская Ўнія. Цяпер сьвятары вялі набажэнства па маскоўскіх службоўніках, на расейскай мове трэба было весьці ўсю справаздачу. Беларускія кнігі, службоўнікі, іконы тысячамі спальвалі на вогнішчах. За ўдзел у паўстаньні зьнішчаліся кляштары. Быў зьнішчаны цэлы старажытны другі па значэньні ў ВКЛ горад Брэст з старажытным замкам і 10 кляштарамі католікаў і ўніятаў, а на яго месцы пабудавана Брэсцкая крэпасьць.
З 1840 года па царскаму ўказу забаранялася назва «Беларусь» і ўводзілася назва «Северо-Западный край». Адмаўлялася дзеяньне Статута Вялікага Княства Літоўскага і ўводзілася расійскае заканадаўства. Губэрнатар і расійскі ўрад былі ўпэўнены, што зрабілі ўсё, каб беларусы зьніклі як народ.
Але супраціў расіянам не сьцішаў. Найбольшую актыўнасьць праяўлялі сяляне, становішча якіх было невыносным. Ва ўмовах расейскага прыгоннага права сапраўднай трагедыяй былі былі рэкруцкія наборы ў расейскую армію. Рэкрутаў набіралі прымусова і да 1834 г. яны служылі пажыцьцёва, з 1834—29 год, з 1855 па 1872 —12, 10 і 7 гадоў. Сяляне адказвалі на прыгнёт бунтамі.
На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы – эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага – Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:
М. Валовіча—да павешаньня, 6 чалавек—да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек—да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.
2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.
Шыман Канарскі (ананімны партрэт, перад 1839, алей на палатне)
У ліпеню 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду – ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду – прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.
Падзеі ў краіне не маглі не закрануць і луненцаў. У сьледчых матэрыялах ёсьць запісы аб сялянах-удзельніках паўстаньня з недалёкіх ад Луна вёсак. «Біяграфіі» асобных сялян па выніках сьледзтва даюць магчымасьць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павета Сьцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасьля быў адпраўлены ў Табольск для залічэньня ў Сыбірскія лінейныя батальёны. Адтуль зьбег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтка Забалацьце Ваўкавыскага павета служыў лякеем у генэрала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургзкай крэпасьці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланава таго ж павета. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасьля паразы пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Сьледзтва адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпеню 1832 г. атрымаў прабачэньне і вернуты пад расьпіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі.
Масавыя абурэньні
Пасьля разгрому паўстаньня ціск на беларушчыну ўзмацніўся шматкротна. 3 І839 г. забаронены казаньні ў цэрквах і касьцёлах на беларускай мове. З 1840 года па ўказу цара тэрмін «Літва» як і «літвін» сталі таксама забароненымі. Адказ беларусаў быў адпаведны. У І845 г. адбылося 207 бунтаў. Расія ўсё больш эканамічна і тэхнічна адставала ад многіх краінаў сьвету. Нарастала небясьпека пераросту сялянскага антыпрыгоньніцкага руху ў рэвалюцыю. Гэта прымусіла расейскага імпэратара Аляксандра ІІ 19 лютага 1861 г. падпісаць Маніфэст і «Палажэньне аб вызваленьні сялян ад прыгоннай залежнасьці», што карэнным чынам зьмяняла іх становішча. Але многія палажэньні Маніфэсту (часовыя абавязкі па захаваньню паншчыны і выплатай аброку, выкуп надзелаў, парушэньні памешчыкамі саміх Палажэньняў 19 лютага) выклікалі масавыя абурэньні. Калі ў 1860 г. на Беларусі адбылося каля 50 сялянскіх выступленьняў, то ў 1861г.—379, а ў 1861—63 гг. пік сялянскіх бунтаў дасягнуў 1100. Сярод бунтаўшчыкоў былі і сяляне Луненскай воласьці.
У І843 г. па Ўказу Ўрадавага Сэнату Луна, якое ў той час належала рымска-каталіцкай царкве, пераходзіць у казённае ведамства. Фальварак складаўся з 2 двароў у в. Луна і ў в. Пілкі.
25 верасьня 1859 г. Віленскі генэрал-губэрнатар зрабіў прадпісаньне гродзенскаму губэрнатару «Аб правядзеньні неадкладна найстражэйшага дасьледаваньня аб буянскім учынку сялян маёнтка Луна», бо сяляне адмовіліся ад згонаў—выхадаў на ўборку панскага ўраджаю ўсяго працаздольнага насельніцтва, пачынаючы з 12 гадоў. У воласьць былі накіраваны 57 паліцэйскіх. Але звыш 200 чалавек узброілася палкамі і перагарадзілі дарогу паліцэйскім.
У І859 г. на тэрыторыі, ахопленай Волпай, Росьсю і Луна, адбыўся «цьвярозы» рух. Сяляне на сходах прынялі пастановы ў царскіх кабаках віно і гарэлку не купляць. «У нас няма ні п’янства, ні распусты, ні крадзяжу. Хату хоць на цэлы дзень пакідай адчыненай – ніхто трэскі не возьме», – піша пра звычаі нашай мясцовасьці Эліза Ажэшка.
Антыалкагольны плякат
Для ўціхамірваньня сялян у ліпеню 1862 г. урад накіраваў роту салдат. Валасны старшыня загадаў забіраць у сялян прадукты харчаваньня, «рэзаць жывёлу». Супраціўленьне луненскіх сялян было зломленае.
Не прынялі ўстаноўчых грамат сяляне вёсак Шчарбавічы, Глядавічы, Стральцы, Жылічы, Камянчаны. У сялян былі адабраны добра ўгноеныя землі, а аддадзены непрыдатныя, на якіх нічога не радзіла. Аб гэтым напісалі скаргу Віленскаму генэрал-губэрнатару ў кастрычніку 1862 г. З-за непісьменнасьці сялян складаў скаргу і зрабіў подпісы за іх нейкі Антоній Багуслаўскі. Праз пяць дзён больш за 100 сялян скасілі частку панскага лугу. 19 кастрычніка 1862 г. ад Віленскага генэрал-губэрнатара Назімава прыходзіць «Адносіна» Гродзенскаму губэрнатару «…аб сходзе сялян Луненскай воласьці Гродзенскага павета аб павялічэньні паншчыны, прысваеньні іх грошай і распрадажы маёмасьці беднякоў памешчыкам». У «Адносіне» распавядаецца на што скардзяцца сяляне « сельских обществ Луненской вол»., што міравы пасрэднік аб’явіў аб адмене згонаў, а летам прымушаў адбываць згонныя павіннасьці звыш вызначанай паншчыны, і штрафуе за невыхады. Што ў 1830 г. зярно з сельскага запаснога магазына (склад для семяннога зерня сялян) было забранае на харчаваньне войска, а грошы 2000 р. забраў памешчык сабе, і хлебны запас папоўнены недастаткова. Скарб 23 сялянскіх гаспадарак распраданы за нядоімкі, бо па прычыне дрэннага ўраджаю і падзяжу ската гэтыя сяляне не змаглі і не адпрацавалі на памешчыка. Толькі ў 1858 годзе ў сялян адабрана 500 дзесяцін зямлі, а эканомія павялічыла грашовыя плацяжы на 1 руб. 46 кап. з двара. Таксама на 1 дзень павялічана баршчына і склала 5 дзён на тыдзень замест чатырох.
Скаргі на гэта міравому пасрэдніку і земскаму спраўніку не далі ніякіх вынікаў і таму сяляне хадайнічаюць аб утварэньні сьледчай камісіі для справядлівага разгляду іх скаргаў. У дакумэнце адзначаецца, што і раней у некаторых вёсках Луненскай воласьці адбываліся беспарадкі з нагоды патрабаваньняў памешчыкаў, якія не адпавядалі Ўстаўным граматам.
Якія былі наступствы скаргі сялян і адносіны Віленскага генэрал-губэрнатара сьведчыць «Рапарт Гродзенскага земскага спраўніка Гродзенскаму губэрнатару аб прымяненьні ваеннай сілы пры ўвядзеньні Ўстаўной граматы ў Луненскай воласьці» ад 25 сьнежня 1862 г « (…) То, чтобы восстановить порядок и повиновение, тем более во избежание распространения подобных беспорядков и в других местах, я отнёсся к Командиру 3-го батальона Калужского пехотного Его Величества короля прусского полка, дабы в виде экзекуции послать в деревни Каменчаны, Стрельцы, Жиличи, Шкробовичи и Глядовичи на каждый двор (которых всего 150) по два человека и сьверх того устроил в местечко Лунно особый караул из 60 человек, для арестования или же в случае надобности наказания более виноватых и упорных крестьян и на счёт размещения низших чинов при приличном содержании я назначил ежедневного экзекутного платежа по 5-ти копеек на человека и за переход по 1 1/2 копейке на версту и требовал чтобы те же постояльцы непременно тот час доставили ко мне в Лунну каждый своего хозяина и таковыми они всё были собрать, то я сделал им при мировом посреднике соответствующее внушение, заставил быть спокойными и выслушать Уставную Грамоту, а когда это кончилось с желаемым успехом я крестьянам возобновил приказание, чтобы руководствовались и повинности исполняли по Грамоте, а нижних чинов для 11 роты удовлетворить следуемыми деньгами, в чём малейшего сопротивления со стороны крестьян я уже не встретил, а как по местному дознанию моему оказалось: что к означенному неповиновению более всего виновен крестьянин деревни Каменчаны Иван Олизар, который чувствуя свою вину, до прихода моего скрылся, то я предписал приставу Бугардту за возвратом Олизара доставить его за караулом ко мне в Гродно для воздержания его от подобных поступков».
Сяляне яшчэ паспрабавалі паскардзіцца самаму імпэратару Аляксандру ІІ. Але скарга ў Пецярбург не дайшла, а асела ў канцылярыі самага Гродзенскага губэрнатара Івана Галера.
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
«Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі».
Эліза Ажэшка
Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».
3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» – першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.