Полная версия
Маё мястэчка Луна-Воля
Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы
Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».
Бона Сфорца на карціне Яна Матэйкі з сынам Жыгімонтам Аўгустам
Да сёньня ля касьцельнай агароджы (апошним часам перанесены на касьцельную тэрыторыю) ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла.
Камень Боны Сфорца
Маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.
Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касьцёл мураваны ў строгіх формах клясыцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны нэаклясычны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.
Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён «на ўласных іх грунтах двара Луненскага» стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спэцыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацьверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося ўласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошынскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Янушу Багданавічу Сапегу. Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай? па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў другой сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.
Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал, жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Тацьцяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі паміж братамі не было згоды, па ініцыятыве Глеба ў 1541 г. маёнткі Луна, Сьвіслач і Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 40—50-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луна і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп. грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца аб сумесным валоданьні набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і, неўзабаве, памёр.
Пасьля гібелі Дзьмітрыя ў 1561 г. стрыечны брат іх бацькі Павел спрачаўся з Глебам за частку Луна і Чарлёны, якую Глеб самавольна захапіў пасьля сьмерці Дзьмітрыя. Павел даказваў, што Дзьмітрый яшчэ ў 1558 г. пазычыў у яго 500 коп. літоўскіх грошай і да моманту іх вяртаньня аддаў Паўлу ў арэнду свае часткі Луна і Чарлёны.
Удава па Сцяпану Сапегу па першым мужу Мацкевічава запісала трэць маёмасьці свайму сыну ад першага мужа Андрэю. Сваркі за маёмасьць набылі яшчэ большы размах. Анрэй Мацкевіч жаліцца каралю і просіць дапамогі ў споры з Міхалам Сапегам ваяводам Падляскім сынам Івана Багданавіча дваюрадным братам Паўла Сапегі. Не гледзячы на спрыяньне караля Андрэю, Міхал у 1565г. насылае сваіх людзей з Чарлёны на ўладаньні суседа. Натоўп напаў на двор Волю, запасы зьнішчыў і разрабаваў, сялян зьбіваў, а некалькі зьвязаных у Чарлёну прывалок. Чым закончылася гэта вайна, невядома, але з маёмасьці каралеўскай эканоміі Гарадзенскай была вылучана прыватная ўласнасьць Воля. А Міхал Сапега сам прыехаў у Луна і непадзельна запанаваў над маёнткам.
Сынам Міхала, Мікалаю і гродзенскаму земскаму судзьдзі Льву, пасьля бацькі і бязьдзетных дзядзькаў Глеба, Дзьмітрыя і Стэфана дасталіся часткі зямель маёнткаў Луна (Воля), Чарлёна і Кулёўшчына. Гэта выклікала незадавальненьне сваякоў па жаночай лініі, а менавіта Грыгорыя Войны, ваўкавыскага земскага судзьдзі, які выступаў ад імя дачок, Настасьсі з Сапегаў Тышкевіч і яе сына Міхала, а таксама трох братоў Словікаў, з якімі абодва браты вымушаны былі судзіцца. Суд прысудзіў Мікалаю і Льву тры часткі маёнткаў Луна і Чарлёна.
Восеньню 1567 г. Мікалай прыслаў са сваіх уладаньняў у Луна ў каралеўскі лягер для радашковіцкай выправы двух конных і аднаго пешага салдата. У той час ён служыў у падканцлера літоўскага Еўстафія Валовіча. Перад 25 студзеня 1574 г. Мікалай стаў каралеўскім дваранінам. 7 студзеня 1581 г. браты падзялілі маёмасьць. Луна (Воля) адышла Льву. 21 сакавіка 1586 г. суд у Гродна пацьвердзіў іх правы на датыхчасовую маёмасьць. Леў, віцебскі войскі, быў малодшым сынам Міхала. 21 жніўня 1593 г. браты зноў падзялілі маёмасьць. Леў атрымаў аседлую службу Шчэчыцы, якая належала да Луна (Волі) і плошчы з агароднікамі ў Гродна каля замку і над Нёмнам. Такім чынам, канчаткова аддзяліліся маёнткі Луна (Воля) і Чарлёна. Граніцай паміж імі была рака Нёман.
Луна заставалася ўласнасьцю каралевы Боны да 1557г., да яе сьмерці і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага староства, а з 1558 г. стала «уласнасьцямі сталовымі», значыць даход з Луненскіх земляў быў прызначаны на ўтрыманьне караля, і ўвайшла ў склад «эканоміі Гарадзенскай», якая дзялілася на воласьці, а тыя на ключы. Для прыкладу, у 1680 г. ключ Луненскі Гарадзенскай эканоміі прынёс 9866 злотых польскіх 26 грошаў гадавога даходу.
7 лютага 1589 г. кароль здаў у арэнду мястэчка Луна разам з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы Мікалаю Сапегу. Па некаторых дадзеных Сапегі іх арандавалі па 1680 г. 20 сьнежня 1602 г. Мікалай Сапега пісаў да Льва Сапегі: «У Гродна ў цяперашні час небясьпечна (у сувязі з эпідэміяй), а там назначана правядзеньне сойміка, таму я выбраў прыгажэйшае месца і зусім небясьпечнае ў маіх арэндных уладаньнях мястэчка Луна для правядзеньня сойміка ў адпаведнасьці з унівэрсалам 3 лістапада». Соймік у ВКЛ у 16—18ст. – сход шляхты павета (зямлі, ваяводзтва). На сойміках шляхецкая супольнасьць прымала рашэньні і выбірала двух прадстаўнікоў ад павета для ўдзелу ў сойме.
Леў і Мікалай Сапегі, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Sapiehowie_herbu_Lis
Тут ужо вельмі цяжка разабрацца, у якім выпадку размова ідзе пра Волю, а ў якім пра Луна. Кухмайстар у 1593г. мяняе Луна са сваім братам Львом судзьдзёй гарадзенскім на выспу з царквою на Возеры Троцкім.
Сапегі ў гісторыі Луна – Волі
Абодва брата Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80—90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у каторай ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.
Царква ў Чарлёне. Сучасны выгляд
Леў Сапега сын Мікалая (не блытаць з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луна 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтка Луна. Хутка пасьля напісаньня завяшчаньня памёр. Яго астатнюю волю занесьлі 20 верасьня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцэ мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая – Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.
Каралі Рэчы Паспалітай апекаваліся мястэчкамі. У прыватнасьці, у 1612 г. Луна ахапіў страшны пажар – практычна ўсё мястэчка згарэла. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III Ваза вызваліў луненскіх мяшчан «ад падводнай павіннасьці, пабораў і чыншу з сенажацяў, палявых, агародных участкаў і падаткаў у дзяржаўную казну» тэрмінам на 4 гады.
31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псыхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луна. 31.10.1637г. Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеявай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрэдэрыка Сапегі Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрэдэрыка; а таксама – манашак Ганны і Ефрасіньні – сясьцёр- базыльянак; Мікалая Сапегі – брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.
Фрэдэрык Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Fryderyk_Sapieha
Сярод вялікай радні Мікалай меў цёзку Мікалая Сапегу, які выкраў ікону Одэнскай Багародзіцы, напісаную Сьв. Аўгусьцінам, у папы Урбана VIII, а ў 1635г. пасьля пакаяньня прасіў пакінуць сьвятыню ў Кодэні. Кароль Ян Казімір дорыць сьвятыні рубін. З канца 17ст. ікона мела рызу і кнігу для запісваньня цудаў ад яе. 26 чэрвеня 1723г. сьвятыня каранавана і з 1927г. знаходзіцца ў Кодэнскім касьцёле.
Ян Дамінік памёр пасьля 1622 г. Ні Ян Дамінік ні Фрэдэрык не аставілі патомства, таму іх уладаньні перайшлі да іх блізкіх кроўных. Хто стаў наступным уладальнікам Луна, невядома. Але ў 1645—1647 гг. Луна сярод іншых зямель выкупіў ад Ізабэлы Трызніны і Андрэя Войны Павел Сапега гербу «Ліс» (1609—1665), віцебскі, потым віленскі ваявода і Вялікі гетман Літоўскі. Павел Сапега быў сынам Яна Пятра Сапегі і Соф’і з Вэйгэраў, унукам Паўла Сапегі, які згадваўся вышэй. Постаць Паўла Сапегі апісана ў рамане Хэнрыка Сянкевіча «Патоп». Яго дзейнасьць патрабавала вялікіх выдаткаў, таму большасьць уладаньняў была закладзена або абцяжарана даўгамі.
Павел Сапега гербу «Ліс» (1609—1665). Pierre Landry (XVII w.). https://pl.wikipedia.org/wiki/Pawe%C5%82_Jan_Sapieha
У 1654—1667гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павета.
У 1655г ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.
Дакладных зьвестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642—1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі Казімеж Леон (Леў) (1609—1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626—24.10.1652), Казімеж Леон сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хрышчонаму сыну Казімежу Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Хілярыю Палубінскаму.
Казімір Ян Павал Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.226
Можна меркаваць, што наступным уласьнікам двара Луна-Чарлёна становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672—1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685—1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—1698, маршалак Вялікі ў 1698—1703, 1705—1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700—1721 стаў на бок швэдаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705—1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазыцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.
Аляксандр Павал Сапега. Фрагмэнт акварэлі М. Янушэвіча, 1846:.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.233
Кароль Ян III Сабескі ў 1680 г. для папаўненьня даходаў каралеўскай казны арганізаваў Луненскі ключ у Гродзенскай эканоміі. Яго арэндны даход быў вызначаны ў 9686 злотых польскіх [11]. Ключ складаўся з наступных населеных пунктаў: Луна, Марцінаўцы, Жылічы Вялікія, Жылічы Малыя (Рачкі), Нецеча, Каменны мост, Шчарбавічы, Мяшэтнікі, Хамічы, Глядавічы. Папярэдне была праведзена рэвізія. У выніку ў мястэчку Луна налічвалася 125 «дымаў», разьмешчаных на чатырох вуліцах: Воўпенскай, Мсьцібаўскай, Гродзенскай, Азёрскай. Пляніроўка населенага пункта была веернай-усе вуліцы выходзілі ад базарнай плошчы, на якой знаходзіліся карчма і касьцёл. У мястэчку працавалі 4 мясьніка, 4 хлебапёка, 4 сольніка, 1 цясьляр, 1 каваль, 1 кравец, 5 Шаўцоў, 2 гарбара. Яны плацілі ў казну па 6 грошаў..
Нэгатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічны стан мястэчка аказала другая Паўночная вайна. Панямоньне стала арэнай ваенных дзеяньняў паміж швдзкімі і расейскімі войскамі. Да таго ж супрацьстаяньне разгарнулася паміж шляхецкімі канфэдэрацыямі: прыхільнікамі Карла XII і Пятра I. У выніку беларускія землі падвергліся глыбокаму спусташэньню. На фоне эпідэмій лютаваў голад. У 1712 г. каралеўскі камісар Міхал Дамброўскі правёў рэвізію Луненскага ключа Гродзенскай эканоміі. Каралеўская камісія канстатавала, што ключ больш за дзесяць гадоў знаходзіўся ў заняпадзе ад ваенны дзеяньняў. Арэндны даход зьменшыўся ў 9 разоў і склаў 1069 злотых польскіх. Зьяўілася шмат пустак-неапрацаванай ральлі. Напрыклад, калі ў 1680 г. на Мсьцібаўскай вуліцы было 20 жылых «дымоў», то ў 1712 г. – 1. З рамесьнікаў засталіся 1 цясьляр, 1 каваль, 1 шавец. Пастановай Сойма ўсе ключы Гродзенскай каралеўскай эканоміі былі вызваленыя ад гіберны (падатак, які сяляне плацілі дзяржаве на ўтрыманьне войска), але павінны былі плаціць падводную павіннасьць на ўтрыманьне пошт. Унівэрсалам караля Аўгуста II ад 1699 г. унёсак месяцова склаў 20 злотых польскіх.
10 сакавіка 1711 г. на балтыйскім узьбярэжжы ў Караляўцы (Калінінград) нарадзіўся яшчэ адзін з уладальнікаў Луны (Волі) Міхал Антоні.
Міхал Антоні Сапега (1711—1760). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227
Міхал Антоні атрымаў Эўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзярэчын, Галынка, Вострава, Зэльва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы. У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася «вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі». Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.
Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г. надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыіі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоній памёр у Слоніме не аставіўшы нашчадкаў.
У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўна, Луна, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Луна і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луна (Волі) стаў сын брата Казіміра Леона Міхал Ксаверы.
Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766). https://pl.wikipedia.org/wiki/Micha%C5%82_Ksawery_Sapieha
Гаспадарку Сапегі вялі з пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць…
Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антонія, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луна (Волі). Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім зьяўілася ў яго ўладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары А. М. Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне, былі прыстані. Гандлёвыя флятыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, францускае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават «арфы» ці «млыны для ачысткі зерня». У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел…
Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227
Аляксандру Міхаілу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзыдэнцыі на жаль не Луна, а суседні Дзярэчын. Хаця ж Луненскія мясьціны не ўступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшы за Дзярэчынскія, не гаворачы, што ў Дзярэчыне няма Нёмна. У 1760—1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут 1765 г. тэатар, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Я. С. Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзыдэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў «Пагоні». Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Эўропу сваімі кірмашамі невялікая дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоній Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых «ярмонок ілі торгов».
Легендарны Францішак Сапега
Аляксандр Міхал меў сына Францішка Аляксандра (1772—1829), які стане бацькам Яўстаха паўстанца. Францішак стаў ці не самым легендарным уладальнікам нашых ваколіц. Пражыўшы ўсяго 57 год, ён прыняў удзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, пасьпеў адбіць каханку ў Напалеона Банапарта, сабраць вялізную колькасьць каштоўнасьцяў, старадрукаў, мастацкіх палотнаў у сваім Дзярэчынскім палацы, што пасьля вызвольнага паўстаньня 1830 г. супраць Расейскіх акупантаў канфіскаваны. З канфіскаванага Дзярэчына адных толькі карцінаў і каштоўных упрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тонаў). У 21 год Францішак ужо атрымлівае званьне генэрала артылерыі, а яго мужнасьць і адвагу засьведчыў Ордэн Сьвятога Станіслава. 22 траўня 1794 г. генэрал Ф. Сапега сканцэнтраваў сваё войска ў Дзярэчыне і далажыў у Вільню, што рыхтуецца да баявых дзеяньняў, ахвяраваўшы на паўстаньне 6 тысяч дукатаў, ды яшчэ апісаў на патрэбы паўстаньня даход з аднаго з маёнткаў у 16 тысяч рублёў. Пасьля паразы паўстаньня лёс спрыяў ці схітрыў генэрал, каб выратаваць сябе і свае маёнткі, перадаўшы пакаянны ліст да Кацярыны II? Вызвалены ад перасьледу з вялікай ласкі імпэратрыцы, Францішак едзе ў Пецярбург і дамагаецца вызваленьня Т. Касьцюшкі, які паранены сядзіць у Петрапаўлаўскай цьвердзі. Але дарэмна. Т. Касьцюшку вызваляе пасьля сьмерці царыцы Павел I, які люта ненавідзеў усё, што рабіла яго маці. А можа гэтаму паспрыяў прыём, наладжаны Паўлу I у Дзярэчыне, дзе былы паўстанец прымаў яго ў сваім палацы, падносячы каранаванай асобе легендарнага «Івана» і замовіўшы слова за свайго легендарнага галоўнакамандуючага? Не блага ўспомніць, што Францішку было ў гэты час мала больш за 20 гадоў. А ў 25 ён ужо трымаў на руках нашчадка – першынца і будучага паўстанца Яўстаха Каятана. Далей было каханьне з фаварыткай Напалеона Маргарытай Жазефінай Вальтэр, ноч, у якую, па чутках прайграў у карты 15 млн. золатам, падарожжа ў кратар Вэзувія, дзе ледзь не задыхнуўся ад вульканічнага дыму, пакарэньне горных вяршынь у Пірэнэях, дзе двойчы трапіў пад сьнегавыя лявіны, назіраньне за карыдай у Гішпаніі… Вэнэцыю параўнаў з беларускім бабром, што сядзіць у вадзе, высунуўшы галаву на паверхню, ды калекцыянаваў жаночыя пацалункі, за што заслужана атрымаў тытул ліцьвінскага Казановы. Гэта ўсё не перашкаджала Францішку Аляксандру дасылаць у Дзярэчын вазы з заморскімі кнігамі, творамі мастацтва, ды іншыя набыткі на яшчэ не народжаную радасьць Расейскіх захопнікаў.
Францішак Сапега (1772—1829). Партрэт 19 ст.
У 1809—1810 гадах Францішак Сапега ад таго, што ў Партугаліі горача, у Англіі туманна, у Вільні не хапала сяброў, у Варшаве сумна без картаў, а толькі ў Парыжы і Дзярэчыне – у самы раз, праводзіць час у Дзярэчыне. Тут і памёр легендарны Францішак Сапега ў 1829 г. і пахаваны ў Бярозе – Картускай. Нельга не дадаць, што ў « Таямніцах Парыжа «улюбёнец жанчын Жан Марэ стварае вобраз рамантычнага Рудольфа дэ Геральштайна, прататыпам якога паслужыў беларускі князь з роду Сапегаў, паўстанец і шукальнік прыгод Францішак Аляксандр. Каго зацікавіў гэты князь і Дзярэчын, можа прачытаць аб гэтым і аб многім іншым у неадарвальнай кнізе Міхася Скоблы « Дзярэчынскі Дыярыюш».
Герб роду Сапегаў
На жаль да Луны (Волі) Францішак быў не вельмі прыхільны, бо 4 лютага 1799 г. ён прадае свае ўладаньні Чарлёна, Лаўна, Воля і Сямаскаўшчына за 500 тыс. польскіх злотых князю Францішку Друцка-Любецкаму.
Францішак Ксаверы Друцка-Любецкі, мал. Валянтэго Слівіцкага (1765—1857): www.polona.pl
Фота Соф’і Хамятоўскай з дому Друцка-Любецкіх захавала выгляд палацу.
Двор Друцка-Любецкіх у Чарлёне (1936 г.)
Маёнтак Воля ў 19 стагодзьзі
У маёнтак уваходзілі фальваркі Воля, Сямаскаўшчына і Віктарын, мястэчка Воля і чатыры вёскі – Залескі, Загараны, і Касілы, у якіх налічвалася 58 сялянскіх двароў. Сістэма паляводзтва ў маёнтку была трохпольнай. Сялянскія двары былі надзелены ад няпоўных дзесяці да звыш дзесяці дзесяцін зямлі, ад адной да звыш двух дзесяцін сенакосаў. Сяляне ва ўсіх вёсках павінны былі адбываць прыгонныя дні – цяглыя па тры дні, паўцяглыя па два дні ў тыдзень. Павінны былі адбываць згоны – па 12 дзён у год з рабочай душы, за выключэньнем адной душы, якая заставалася ў хаце для нагляду за гаспадаркай. Акрамя гэтага сяляне павінны былі адбываць шарваркі па 12 дзён у год з двара. Яны ж па чарзе несьлі начны каравул, павінны былі выдзяляць па два дні пешых у год са двара на выпрацоўку воўны, палатна і сукна, у якасьці даніны аддаваць 10 яек, 2 курыцы і адну капу грыбоў у год. Для абаграваньня хат сяляне атрымлівалі лес ад уладальніка, а для пашы жывёл кожнаму адводзілася месца. Праваслаўных сялян налічвалася 330. Яны належалі да Радзівонавіцкага і Ваўпянскага прыходаў. Сялян рыма-католікаў было 82. Усе належалі да Луненскай парафіі.