
Полная версия
Маё мястэчка Луна-Воля
Гарачы абаронца народнай справы Ян Каменьскі братаўся з засьцянковай (дробнай) шляхтай і быў у добрых адносінах з сялянамі ў сваіх уладаньнях. Але менавіта адзін з халопаў, нейкі Глэмбоцкі, злакоміўся на юдзіны срэбранікі і данёс царскім жандарам, што ў Мінявіцкім двары хаваюць зброю ды адліваюць кулі. Быў арыштаваны 12.VI. 1863 г. (Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выдаў загад аб узнагародзе за кожнага выдадзенага паўстанца.)
Сьмяротны прысудРота жандараў расейскіх спаліла дом.
Ян Каменьскі «посредник для дел владельцев» нёс службу, як абраная асоба. Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя правы адносна дзяржаўных службоўцаў і выдаў Яну Каменьскаму сьмяротны прысуд, якога ня меў права рабіць для чыноўнікаў цывільнай службы.
«Бацька, прысуджаны да расстрэлу, стаяў ужо прывязаны да слупа, чакаючы на экзэкуцыю, калі ў астатнюю хвіліну надышоў царскі маніфэст, каб што дзясятага асуджанага (была гэта экзэкуцыя вялікай колькасьці паўстанцаў) ад кары сьмерці вызваліць, а выслаць у Сібір на пажыцьцёвую катаргу. Бацька быў тым дзясятым» – пераказвае ўспаміны дачкі Яна Каменьскага Марыі яе дачка ўнучка Яна.
«Бачыла напад пераможцаў, расьпіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі.
(…) Ня толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу заключыць тысячнага зьместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца» – пісала ў пісьмах Эліза Ажэшка.
Быў тады Ян Каменьскі мужам і бацькам. З Лявоніяй Станіславай з Судзінаў меў дзьве маленькія дачкі: 8-гадовую Янку і 6-гадовую Станіславу. Да роду Сузінаў з Бярасьцейскага ваяводзтва належаў Адам Сузін-геройскі філярэт з ІІІ часткі «Дзядоў» Адама Міцкевіча, якога разам з Тамашам Занам і Янам Чачотам пасадзілі ў цьвердзь за ўдзел у Паўстаньні. Кузінкаю Лявоніі была Марыя з Эйсмантаў Заянчкоўская, знакамітая Галька з опэры Манюшкі.
З цяжкім сумам пакідаў Мінявічы, застаўляючы, па іх канфіскацыі, сям’ю на волю лёсу.
«Чалавек гэты, такім, якім быў у маладосьці, паслужыў мне як вобраз Андрэя Карчыньскага з той розьніцай, што той загінуў, а гэты многа гадоў на катарзе, а затым, там дзесьці ў стэпе», – пісала Эліза Ажэшка.
Аб далейшым лёсе Яна захаваў зьвесткі яго ўнук Станіслаў Дмахоўскі, які жыве ў Варшаве, сын наймалодшай дачкі Яна і Лявоніі Каменьскіх, Марыі. Яна прыйшла на сьвет у Омску, і потым многа расказала сыну аб сыбірскім жыцьці дзеда. Захавалася шмат розных лістоў і фатаграфій. На адной з іх на адваротным баку надрукавана: «Фотография при С-Петербургской тюремной крепости». Значыць праз Пецярбург везьлі ссыльных у Сібір. Ян Каменьскі—кропля ў пятай самай крывавай хвалі рэпрэсій 1863—64 гадоў. Яна ўражвае сваімі маштабамі—128 чалавек былі пакараны сьмерцю, 12 483 адпраўлены на катаргу і пасяленьне ў Сібір, арыштанцкія роты.
Дарога была доўгай. «Адпачывалі ў этапавых турмах у цеснаце, духаце і гразі. Слабыя паміралі ад тыфу ці ад страты сіл, а выжыўшыя былі этапаваныя далей аж да Омска. Сьнежныя завеі і бураны затруднялі рух. Трэба было цягнуцца па глыбокім па калена сьнезе, ледзьве выцягваючы з гурбаноў закутыя ў кайданы ногі.
Кайданы! Колькім беларусам дастаўся такі падарунак ад расейскіх братоў! Насілі іх над халявамі абутку, прымацаваныя рамянём да пояса. Невідочныя для вока, пры кожным руху выдавалі востры, хоць ціхі, звон. Трэба было купіць за свае грошы спэцыяльныя скураныя падкладкі, бо без іх жалезныя абручы да крыві ранілі ногі. Канструктары кайданаў добра папрацавалі. Кайданы давалі магчымасьць працаваць, таму іх ніколі не здымалі».
Захаваліся фатаграфіі Яна Каменьскага ў вопратцы ссыльнага. Высланы быў у Старлітамак, Арэнбургзкай губэрні.

Ян Каменьскі ў катаржнай сярмязе, якой накрылі труну па яго сьмерці
Ян Каменьскі прыйшоў да высновы, што толькі праца, хоць самая цяжкая, адзіны спосаб выжыць. Бо ўмовы жыцьця ў Омскай цьвердзі вялі да згубы здароўя. Таму накіраваньне на цяжкую працу ў саляварню было сустрэта з задавальненьнем. Ранкам усіх, хто працаваў выстройвалі перад кардэгардай на дзядзінцу турмы. Там «кандуктар» дзяліў катаржан на партыі і разьмяркоўваў на розныя работы. І гэта былі найлепшыя хвіліны дня.

Здабыча солі арыштантамі ў Соль-Ілецку
Калі цямнела і канваір зачыняў на засаўку цяжкія дзьверы камэры, калі было ўжо вядома, што ніхто з «начальства» не прыйдзе, камэра пачынала жыць сваім жыцьцём. Вязьні запальвалі свае сьвечкі і кожны пачынаў займацца сваёй справай: латалі адзеньне, плялі кошыкі на продаж, ігралі ў карты.
Паўстанцы ўспаміналі родных, сяброў, Радзіму.
Сярод фатаграфій, якія зьберагае ўнучка Яна ёсьць адна з пабляклым лесам крыжоў. На другім баку дата 4 чэрвеня 1865 г. Тлумачэньне: «Пагост ссыльных у Кунгуры Пермскай губэрні» і два вершаваныя радкі:
1864 год гэты ясна выкажа іх думкі і жарсьці.
Таму ўдзячнасьць Ім братняя, хвала Іх памяці.
Так пражыў Ян Каменьскі цэлыя 7 гадоў. У 1871 годзе кайданы з яго былі зьнятыя і праца катаржніка зьменена на «пасяленьне». Мог цяпер жыць пад Омскам, дазволены быў прыезд сям’і.
«Кіргіскі кароль»
Скора Лявонія з Судзінаў Каменьская, далікатны профіль з цяжкім вузлом валасоў на фота, зробленым перад выездам, з 13-гадовай дачкой Стасяй прыехала ў 1872 г. да мужа. Старэйшая дачка Яна засталася ў Варшаве, каб не перарываць вучобу. Яе лёс быў больш ласкавы, ніж гераіні Андрэевай Карчыньскай. Былі разам. Спрабавалі будаваць жыцьцё аднова.

Лявонія з Судзінаў Каменьская, жонка Яна Каменьскага
Каменьскі – як бараніў сваіх сяльчан у Мінявічах – цяпер у Омску станавіўся на абарону падманваемых праз расейскіх жулікаў кіргізаў.

Дачка Марыя, якая нарадзілася ў Сыбіры
Тут у Сыбіры ў сьнежні 1877 г. нарадзілася дачка Марыя, пазьней Андрэева Дмахоўская. Дзякуючы пазьнейшым запісам Марыі, засталіся ўспаміны аб жыцьці сярод кіргіскіх стэпаў. А яшчэ быў сын, але гэта дзіцё было заслабое, каб перажыць марозную сыбірскую зіму. Марыя перажыла некалькі такіх зімаў. Помніла аулы ў кіргіскіх стэпах з некалькіх кібітак і юрт ці палатак з шэрага лямцу. Цёмнарудыя кіргіскія дзеці да 7 гадоў амаль голыя шукалі цяпла ў попеле вогнішча. Вогнішча гарэла ўвесь час на плоскім камяні, разьмешчаным пасярод юрты, напаўняючы яе едкім дымам, нягледзячы на дзірку ў даху.
Помніла старога Кіргіза, аб якім гаварылі, што ён сьвяты, бо зьдзіўляў ня толькі ссыльных паўстанцаў, але і ўсё племя тым, што спаў голы на сьнезе ў любы мароз.

Паўстанцы 1963 г. у ссылцы. Зьлева стаіць Ян Каменьскі
Ян Каменьскі распавядаў аб кіргізах, што былі шчырыя, удзячныя і ўчцівыя. Калі кіргіз знаходзіў у стэпе сярэбраную падкову, то не падымаў яе гаворачы: «Няхай яе забярэ той, хто згубіў». Займаліся паляваньнем, земляробствам, пасьвілі жывёлу і бессаромна эксплуатаваліся царскімі чыноўнікамі і купцамі. «Чыноўнікам» павінны былі плаціць «ясак» – даніну, а купцы з Омска, прывозячы да аулаў соль і другія тавары першай патрэбы, выкарыстоўвалі прастадушша сваіх вузкавокіх кліентаў і абманвалі іх неміласэрна. Таму кіргізы былі глыбока ўдзячны Яну Каменьскаму, які бараніў іх, таргаваўся, лічыў і спрачаўся з неўчцівымі купцамі.
Малая Маня бачыла, як гасьцінна віталі бацьку ва ўбогіх юртах, садзілі ля вогнішча на лямцавым дыване і частавалі кумысам, які налівалі са скураной торбы ў драўляныя кубкі, як частавалі варанай без солі канінай, якую даставалі з катла рукамі.
Гаспадар юрты разрываў мяса на кавалкі і падаваў гасьцям адразу ў рот. Трэба было мець многа добрай волі, каб прыняць такі, выплываючы з глыбіні сэрца, пачастунак. Помніла ўжо іншыя сцэны з вуліц Омска. «Калі кіргіз прыяжджаў у горад, а падыходзіў час малітвы, то злазіў з каня, расьсьцілаў пасярод вуліцы свой лямец і сядаў на яго для выкананьня малітвы з падкручанымі пад сябе нагамі. Тым часам расейскія хлопцы, а, нават, і дарослыя штурхалі яго, цягнулі за лямец, сьмяючыся, каб пакаціць кіргіза. Калі на такую сцэну трапляў Каменьскі, то разганяў «жартаўнікоў», заслугоўваючы ўсё большую павагу кіргізаў. Расейскія чыноўнікі незадаволена ўспрымалі папулярнасьць паўстанца і іранічна называлі яго «кіргіскім каралём», але перашкодаў яму не чынілі.
Праз некалькі гадоў Ян Каменьскі атрымаў дазвол на жыцьцё ў самым Омску. Быў гэта ў тыя часы адзін з буйнейшых гарадоў Сыбіры, дзе разьмяшчалася рэзыдэнцыя генэрал-губэрнатара Заходняй Сыбіры. Але дамы ў Омску былі ўсе драўляныя, а вуліцы без бруку. Не было кнігарні, бібліятэкі, нават газэты, яшчэ не было чыгункі, якая б злучала Омск з эўрапейскай часткаю Расеі.

Цюрма для паўстанцаў-катаржан каля салянага промыслу ў Соль-Ілецку
«Кіргіскі кароль» стаў працаваць у краме, якая належала паляку Паўлоўскаму, таксама ссыльнаму. Калі Паўлоўскі атрымаў дазвол на вяртаньне на Радзіму, Ян Каменьскі адкупіў краму, вёў справу разам з жонкай і старэйшай дачкой аж да таго часу, калі пасьля 20 гадоў ссылкі, дзякуючы Маніфэсту цара Аляксандра ІІІ, змог вярнуцца на Радзіму, сардэчна разьвітваючыся з кіргіскімі прыяцелямі. Захаваліся аб’явы аб продажы тавараў «складу Варнаўскага» у Омску. Прадавалася абсталяваньне крамы, вазы і коні, а нават партыя францускіх він. Аб’ява ад 14 лістапада 1886 г. Але толькі 14 ліпеня 1887 г. падарожнікі прыбылі ў Гродна.
Вяртаньне на Радзіму
Падарожжа было цяжкім і доўгім. З Омска вырушылі суднам, праз Уральскія горы перапраўляліся на конях, потым зноў на караблі да Ніжняга Ноўгараду. Адтуль чыгункай да Масквы і далей ужо да роднага краю. Эліза Ажэшка радасна вітала вяртаньне «кіргіскага караля» да Мінявіч.
«Гурточак наш пабольшваецца праз пасяленьне панства Каменьскіх, якія ўжо ад арэнды свае землі атрымалі і стала на ёй пасяляюцца», – пісала ў пісьме да Карловіча.
Ян Каменьскі адваяваў частку канфіскаванай маёмасьці для двух дачок, народжаных перад паўстаньнем.
«А зямля! Божа! (…) Я кожную расьліну, кожную кроплю вады, кожны яе камень любіў», – гаворыць яго словы герой рамана «Над Нёмнам». Калі ў 1888 г. – перадапошняе лета ў Менявічах—прыехала спадарыня Эліза Ажэшка над Нёман, астанавілася «100 крокаў» ад дому Каменьскіх «што нам спраўляе вялікую прыемнасьць, бо ёсьць высакародныя, мілыя і шчыра з намі пасябраваныя, засмуткавала, бачачы, як далёка жыцьцё зноў паўтарыла дзеі яе рамана, як Каменьскі, так як Бенекдыкт, з цяжарам ратаваў менавіта «Корчын». «Ён па дваццаці колькі гадох выгнаньня першы год на сваім кавалку зямлі гаспадарыць, але што скажу? Адразу паразу неўраджаю мець будзе, бо на палях ад вялікай сушы ўсё жаўцее і чарнее. Так вось лёсы спрыяюць сваім абранцам». 8 гадоў бітвы былі яшчэ перад Янам Каменьскім.
Вясною 1896 г. ужо горка пісала Эліза Ажэшка: «Мы ў гэтыя дні глыбока засмучаныя цяжкаю хваробаю многагадовага сябра нашага і многазаслужанага патрыёта спадара Яна Каменьскага. Яшчэ жыве, але на думцы лекара, не толькі дні, але гадзіны яго палічаны. Меншае нас тут меншае, а нашчадкі – на жаль – пад Волгай і Амурам».
Памёр 31 сакавіка. «…Знаходзімся пад смутным цёмным уражаньнем сьмерці Яна Каменьскага. Амаль не хочацца верыць, што яго больш не ўбачым.
Знаходзяцца ў нас дзьве яго дачкі, улюбёнае бядацтва ў жалобе, сплаканае і прыгнечанае».
А ў пісьме да свайго прыяцеля Леапольда Мэыэта пані Эліза пісала: «Уладальнік Мінявіч пан Ян Каменьскі разам з жонкай і дочкамі гэтым летам з Сыбіры вярнуўся. Знала гэтых людзей ад найраньнейшай маладосьці, з радасьцю іх сустрэла, але сапраўдную раскошу спраўляе багаты вобраз гэтага дзельнага і ўчцівага чалавека, праўдзівага мучаніка ідэі і любові, вітаючага па дваццаці некалькілетняй адсутнасьці роднае месца, адпачываючага ад кайданаў і падзямельляў катаржніка, ад лягчэйшых, але таксама цяжкіх пакутаў пасяленца, роднае паветра, родныя гукі і выгляды.
Быў гэта ў часах рэвалюцыйных адзін з найгарачшых і найуплывовых паплечнікаў справы люду на Літве, таму халопы віталі яго грамадою з узрушаючымі да глыбіні праявамі памяці і ўдзячнасьці».
«У глыбіні, над цёмнай калянадай пераплеценых гольлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусьцікамі травы.
Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
– Колькі? – ціха запытала.
– Сорак – адказаў…» – так апісвае Эліза Ажэшка месца пахаваньня 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч. Тут па яе вэрсіі пахаваны і Андрэй Карчыньскі—прататыпам якога стаў Ян Каменьскі.
А на магіле-кургане 40 паўстанцам, тымі, хто помніць і ганарыцца, пастаўлены памятны крыж. Сюды прыяжджаюць патрыёты з Польшчы, каб ушанаваць памяць змагароў за Свабоду і Вольнасьць. Заўсёды тут ёсьць кветкі і бела-чырвоныя стужкі. Але няма бел-чырвона-белых, ні чырвона-зялёных. Яшчэ не прыйшла пара, яшчэ не прачнуліся беларускія патрыёты…

Крыж на магіле 40 паўстанцаў у Мінявічах
Вымушаная маскіравацца ад надта ж пільнай цэнзуры Эліза Ажэшка аддае свае пачуцьці дрэвам. Дрэвы спазналі горыч і боль ад таго, што нядоўгім быў побыт паўстанцаў – ужо напрыканцы траўня атрад быў разьбіты расіейскім войскам. Дрэвы бачылі і лягер паўстанцаў, і зацятасьць барацьбы, і жорсткасьць у адносінах да параненых, якіх безуважна забіваюць, і чульлівасьць жывых да тых, што палеглі і засталіся ў гэтай, ля іхніх ног, невядомай магіле. Таму і апавядаюць дрэвы з усёй сваёй эмацыйнасьцю і дасьведчанасьцю.
Дызайнерам помніка ў Міневічах зьяўляецца Ядвіга Бачыньска, ініцыятарам – ксёндз Адам Рудніцкі, тагачасны парафіяльны сьвятар у Луне. «Па ініцыятыве сьвятара Адама Рудніцкага палякі, якія жывуць у Луне і ваколіцах, разам са студэнцкай моладзьдзю з Польшчы ўзяліся за будаўніцтва помніка. Помнік мы пабудавалі сваімі рукамі ў 1993 годзе да 130-годзьдзя Паўстаньня. […] Запіс пра падзею ёсьць у парафіяльнай кнізе Лунна ад 1993 года» – піша Ядвіга Бачыньска.
Між тым Эліза Ажэшка аб Паўстаньні на Беларусі піша: «Паўстаньне тут было больш зацятае, больш упартае чым у Каралеўстве. Самыя мужныя і шляхетныя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі. Засталіся за малым выключэньнем самыя слабыя, самалюбівыя і парадзілі, а пасьля выхавалі дзяцей пад чорнымі крыламі тэрору, у трывозе, у згрызьлівай турбоце, у прыніжэньні, у сумневе (…). Край наш заняла глухая цёмная ноч…».
Але Ян Каменьскі выжыў. Адбыў катаргу і вярнуўся на радзіму. Пахаваны ён на парафіяльных могілках у Луна. Сьціплы помнік з надпісам: «Grób rodziny Kameńskich» патрабуе рамонту і дагляду. На жаль пакуль не прыходзяць на магілу паўстанца 1863 г. ні школьнікі, ні беларускія патрыёты. Варта было б стварыць такую традыцыю. Наведваюць магілу толькі сябры Зьвязу палякаў на Беларусі, прадстаўнікі Косульства РП і польскія турысты.

Помнік на магіле Яна і Лявоніі Каменьскіх на могілках у Луне. Справа капліца Сьвятога Роха
Каралева польскай прозы і пакутлівай праўды
Трапіць страла ў сэрца – вынь яе,
упадзе жменя гразі на галаву —
сатры яе, а з ранаю і плямаю,
якую час змые – змагацца далей.
Эліза Ажэшка
Вяртаньне Элізы Ажэшка
«1. 14. 1902 г. Луна». Праходзіць лета без сьвятла і цяпла, хмурае, халоднае, заплаканае… Перашкаджае гэта свабоднаму разгляданьню прыроды і ўзмацненьню сіл усебаковых на доўгую і мёртвую зіму. Нягледзячы на гэта бываюць моманты прыгожыя, у якія можна глядзець на палеткі збажыны і групы дрэў на палянах, а заўсёды ёсьць тут гэта найдзіўнейшая ціша вясковая, якой ніякая частка тутэйшага жыцьця замяніць і ўзнагародзіць не можа. Луна ёсьць вёска без асобай прыгажосьці, але мае прыгожыя палі, прыгожы сад сапраўды цудоўны, прыгожыя паляны, старыя дрэвы двару. Ёсьць тут дакладней акацыі так вялізныя, якіх у клімаце нашым не бачыла ніколі, і вельмі прыгожыя векавыя ліпы. Усё гэта, нягледзячы на дажджы і халады, у моманты распагоджваньня неба спраўляе мне многа прыемнасьці… што да людзей, то акрамя гаспадароў дому, у якім з Марыяй Абрэбскай знаходзімся, маем блізкую суседку, уладальніцу Луна, пані Рамэрову, яшчэ даволі маладую, мілую і сумную, з якой павязалі стасунак ветлівы і прыемны. Ёсьць сумнаю, бо няпоўныя два гады таму страціла ў адзін год мужа і дарослага сына, а другі сын малы пад пагрозай сухотаў, якія забілі таго. Сама хворая, самотная, лагодная і простая, мае пані Рамэрова штосьці ў сабе чуйнае і самой доляй сваёй прывабная. Маем тут таксама ксяндза, мала адукаванага, але нязьмерна чэснага чалавека, велізарна адданага колу працы адукаваньня і ўмаральненьня люду і доктара, які што хвіліну прыходзіць мне на памяць Бальзакоўскага «Вясковага доктара», – так піша Эліза Ажэшка аб нашым мястэчку ў лісьце на імя Канстанціна Скірмунта.
У пачатку 2001 года адданыя паклоньнікі творчасьці Элізы Ажэшка ў Луне на падыходзе да 60-годзьдзя з дня нараджэньня вялікай пісьменьніцы, улічваючы той факт, што Эліза Ажэшка наведвала Луна і пакінула аб вёсцы прыемныя ўспаміны, вырашылі памяняць назву вуліцы Камсамольскай, былой Паштовай, на вуліцу Элізы Ажэшка. У тыя дні на вуліцы было паштовае аддзяленьне, да якога, магчыма, Эліза Ажэшка прыходзіла. Вуліца таксама вяла да палаца Ромэраў, да ўладальніцы якога пані Рамэровай заходзіла ў госьці пісьменьніца. Кандыдат гістарычных навук настаўнік гісторыі Луненскай школы Станіслаў Сільвановіч падрыхтаваў інфармацыю аб асабістых і літаратурных заслугах Элізы Ажэшка перад Наднёманскім краем і непасрэдна перад мястэчкам Луна. Актывісты сабралі подпісы людзей, якія прасілі назваць вуліцу Камсамольскую вуліцай імя Элізы Ажэшкі. Гэта заява была разгледжана на паседжаньні дэпутатаў Луненскага сельскага Савету, якія аднагалосна пагадзіліся даць вуліцы Камсамольскай новую назву Элізы Ажэшкі.

Вуліца Камсамольская, раней Паштовая, па каторай хадзіла Эліза Ажэшка на пошту і ў госьці да Ромэраў
Але дарэмна цешыліся аматары творчасьці Элізы Ажэшка. Тры мясцовыя камуністы і «вэртыкаль» Мастоўскага раёна кінуліся абараняць назву вуліцы. Па мястэчку пачалі распаўсюджваць улёткі ў падтрымку Скідальскіх камсамольцаў!? Выдумалі, што вуліца названа ў іх гонар, чаго ніхто ніколі ня ведаў. У раённай газэце «Зара над Нёманам» былі надрукаваныя сфальсыфікаваныя матэрыялы на гэтую тэму. Галоўны Мастоўскі начальнік казаў: «Хто такая гэта Ажэшка? Што яна такое напісала хіба на польскай мове…?». У нецэнзурных выразах характарызавала маральнасьць прыватнага жыцьця пісьменьніцы загадчыца Луненскай бібліятэкі. Нарэшце адзін з камуністаў праціўнік перанайменаваньня вуліцы склаў сьпіс нязгодных і падрабіў у гэтым сьпісе подпісы. Паседжаньне сельсавета адбылося нанова, але абаронцы вуліцы Камсамольскай нават на яго не зьяўіліся. Ім гэта было ўжо непатрэбна. «Вэртыкальшчык» з Мастоў забараніў мяняць назву вуліцы. Не называю імёнаў «герояў» гэтых падзеяў у сувязі з тым, што ўсе яны маюць дзяцей і ўнукаў. На думаю, што для іх гэтая веды былі б прыемнымі.
Каб не працягваць распальваньне нянавісьці сярод жыхароў Луна, распачатага мясцовымі камуністамі, ініцыятары зьмены назвы вуліцы прапанавалі: прадставіць дакумэнтальны доказ таго, што вуліца была названая ў гонар Скідальскіх камсамольцаў, і калі такі дакумэнт будзе, то і назваць вуліцу вуліцай Скідальскіх камсамольцаў; распачаць працаваць над тым, каб надаць імя Элізы Ажэшка Луненскай бібліятэцы.
Вядома, ніхто не рухнуў нават пальцам. У Луненскай бібліятэцы няма нават твораў Элізы Ажэшка, за выключэньнем «Над Нёмнам» на беларускай мове.
Для гэтага важна, каб нагадаць нам усім аб дзейнасьці Элізы Ажэшка не толькі як пісьменьніцы, аўтара хронік жыцьця і характараў нашага рэгіёну, але і як вялікай патрыёткі і ўдзельніцы Вызвольнага Паўстаньня 1863 года.
Грамадзянская пастава Элізы Ажэшка
Эліза Ажэшка з Паўлоўскіх прыйшла на сьвет 26 (6) чэрвеня 1841 года ў радавым маёнтку Мількаўшчына паблізу Скідаля. Бацька Бенедыкт Паўлоўскі, вальтэр’янец, актыўны сябар Гарадзенскай масонскай ложы «Сябры чалавецтва», быў багатым абшарнікам і адукаваным правазнаўцам. Меў шырокая інтэлектуальныя інтарэсы, сабраў у сваім доме багатую калекцыю карцін і бібліятэку з некалькіх тысяч тамоў. На жаль ён памёр у 1843 годзе, калі Элізе Ажэшка было ўсяго два гады. Маці Францішка з Каменьскіх, у 1849 годзе, праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці мужа, выйшла замуж і выхаваньнем Элізы занялася бабуля Эльжбета Kaменьская. У 1851 годзе, паьсля сьмерці адзінай сястры Клемянціны, бабуля аддала дзяўчынку на выхаваньне ў адзін з лепшых манастырскіх пансіёнаў у Варшаве. Тут яна пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, пазьней знакамітай паэтэсай Канапніцкай.
Пасьля заканчэньня пансіёна, на сямнаццатым годзе жыцьця, яе выдалі замуж за 35-гадовага палескага шляхціца Пятра Ажэшку. Стала жыць з мужам у Людвінаве каля Кобрына на Палесьсі, дзе стварыла разам з малодшым братам яе мужа Фларыянам Ажэшка школу для дваццаці сельскіх дзяцей. Яна прымала актыўны ўдзел у дыскусіях камітэту землеўладальнікаў, прызначаным уладамі Расеі ў мэтах распрацоўкі сацыяльна-эканамічных рэформаў у краіне. Уьзнёслыя парывы маладой жонкі былі адной з прычын непаразуменьняў з яе мужам. Шлюб не быў пасьпяховым, у 1862 годзе яна пакінула мужа і пераехала ў Варшаву.
У пэрыяд Студзеньскага Паўстаньня вярнулася ў Людвінава для правядзеньня дапаможнай дзейнасьці паўстанцам, у тым ліку арганізавала палявы шпіталь у маёнтку мужа і становіцца сувязной партызанскага атрада Рамуальда Траўгута.
Рызыкуючы жыцьцём, Эліза Ажэшка ратавала цяжка параненага пасьля апошняй бітвы і разгрому атрада ў Горацкіх лясах Рамуальда Траўгута, а затым вывезла яго ў сваёй карэце да межаў Каралеўства Польскага. Па гэтай і ня толькі прычыне ўсе трое братоў Ажэшкаў – Фларыян, Пётр і нават паралізаваны Браніслаў – былі сасланыя ў Сыбір. Пасьля Паўстаньня Эліза Ажэшка была вымушана прадаць Людвінава.

Касінеры
У 1864 г. не прынятая на працу расейскімі чыноўнікамі ў Варшаве, вяртаецца ў разрабаваную Мількаўшчыну. Пачынае самаадукацыю і пісаць. Вясною 1866 г. зьяўляецца першае друкаванае апавяданьне «Малюнак з халодных гадоў» пра голад беларускай прыгоннай вёскі. І з гэтага часу ўся творчасьць Элізы Ажэшка прысьвячаецца Прынёманскаму краю, яго гісторыі, а галоўнае людзям, якія спрадвеку лічылі гэтую зямлю сваёй Радзімай.
У 1869 г. Эліза Ажэшка вымушана прадаць Мількаўшчыну. Калі была зачынена кніжная крама ў Вільні, якую яна фінансавала, укладваючы вялікія грошы каб распаўсюджваць польскія кнігі, асуджана на 5 гадоў і інтэрніраваная ў Гародню пад нагляд паліцыі з абавязковым рэгістраваньнем кожны тыдзень.
Ад восені 1869 г. жыве ў Гародні. Мінула 5 гадоў ад растаптаньня, падаўленьня, расстрэлу Паўстаньня. Перажыла яго асабіста. Дваццацігадовай дзяўчынай пазнала Траўгута, глядзела на кроў, скаргі, папялішча, руіны. «Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве», – скажа. «Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі. Асталіся за малым выключэньнем найслабейшыя, найсамалюбівейшыя і здрадзілі, а затым выхоўвалі дзяцей пад чорнымі крыламі тэрору, у трывозе, у грызучай забоце, у зьнявазе, у сумненьні… Край наш аблажыла глухая цёмная ноч… Перажыла ноч гэту ў месцы, дзе яна была найдаўжэйшая і найцямнейшая». Тым глушэйшая і цямнейшая таму, што навакол лютаваў «езьдзіў шумна, граў, сьпяваў, танчыў, локцямі нас сьпіхваў […] зіхатлівы, танцуючы, трыюмфуючы сьвет расейшчыны». Да апошняй хвіліны засталася вернай памяці паўстанцам. «Ніколі не траціла іх (паўстанцаў, аўт.) з памяці, з думкі поўнай павагі, з сэрца поўнага жалю», – скажа на прыканцы жыцьця.
У рапарце Гродзенскага паліцмайстра Ціманава ад 5 траўня 1882 года губэрнатару напісана: «Маю паінфармаваць Яго Эксцэленцыю, што ў красавіку бг. у сьпісе асоб пакінутых пад наглядам зьмешчана пад нумарам 3418 шляхцянка грамадзянка Эліза Ажэшка, аддана пад нагляд паліцыі на тры гады, ад красавіка бг. Згодна з загадам аддзелу судовага дэпартамэнту дзяржаўнай паліцыі ад 12 красавіка […]».