bannerbanner
Маё мястэчка Луна-Воля
Маё мястэчка Луна-Воля

Полная версия

Маё мястэчка Луна-Воля

Язык: Русский
Год издания: 2021
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
8 из 8

Не ўпала на калені, але зьдзейсьніла не толькі велізарны літаратурны чынЭ а і патрыятычны подзьвіг, які павінен служыць прыкладам да падобнага дзеяньня: « (…) перажыла дзясятак генэрал-губэрнатараў тут пад іх вокам спраўляючы дом галоснапольскі і НІКОЛІ, З НІЯКАЙ АКАЗІІ АДНАГО СЛОВА ПА-РАСЕЙСКУ НЕ ВЫМАВІЛА…»

«Былі тут кроў, жальба, папялішчы, руіны існаваньня і маёмасьці, – піша Ажэшка. – Моладзь расла пад чорным крылом тэрору (…). Тыя, якія не выехалі да ўнівэрсытэту расейскага, убогія ці менш здольныя займелі найніжэйшае і найгоршае становішча ў грамадзтве і пад сталай пагрозай згубы кавалка жабрацкага хлеба, аточаныя калегамі і начальнікамі з расейцаў».

Ад выданьня «Марты» (1883 г.), Мэіра Эзафовіча» (1879) становіцца слаўнай. Атрымлівае дзясяткі лістоў, візытаў, слоў падзякі.

«Будуць напэўна ў будучым дзеі лепшыя, справы важнейшыя, учынкі большыя—але мы былі працаўнікамі найсмутнейшымі з смутных, гэтага нам будучыня пэўна не запярэчыць», – спадзявалася.

Дом Элізы Ажэшка стаяў па вуліцы Мураўёўскай. Калісьці насіла красамоўную назву Раскоша па назьве вясёлай карчмы. Пасьля атрымала назву Міхаіла Мураўёва, якога сама царыца прасіла са сьлязамі, каб «ратаваў Літву» у 1863 г. і аб якім цар Аляксандр ІІ пісаў да брата элегантна: «ніколі не меў да яго вялікай сымпатыі» і які атрымаў у народзе мянушку «вешальнік». У дворыку пані Элізы пры вуліцы Мураўёва (ад гадоў міжваенных да сёньня вуліца носіць назву Элізы Ажэшка) дзейнічаў ад 1894 г. тайны ўнівэрсытэт. «У гэтым жыцьці цёмным, як шум бору ў ноч лістападаўскую, жыў кліч: «Вернасьць і стойкасьць». Ёй ужо створаныя пранікнёныя запальным пафасам творы пра беларускі народ: «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), які ў сваёй арыгінальнай вэрсіі быў азагалоўлены «Рыбак наднёманскі», «Рэха», «Тадэвуш», «У зімні вечар», «На сьледзтве» (…) і знакаміты раман «Над Нёмнам» (1887). Дзе чэрпала сюжэты аб звычаях, радасьцях і пакутах, адкуль такія поўныя карціны жыцьця беларускай вёскі?

Сярод вясковага люду

З 1870 г. Эліза Ажэшка штогод праводзіць летні адпачынак у вёсках Сьвіслач, Панямоньне, Мінявічы, Луна. Але наўрад можна назваць гэта адпачынкам. Зьбірала матэрыял для сваіх твораў як сапраўдны рэпарцёр. Каб выехаць да Луна Эліза Ажэшка, знаходзячыся пад наглядам жандараў у блакітных мундзірах, змушана старацца аб дазволе ад губэрнатара. На выезд да Варшавы патрэбна згода міністра. У пісьмах зьяўляюцца далікатныя намёкі аб «грубых прыкрасьцях, чынімых мне людзьмі ў нябескім убраньні». Вырываецца з-пад іх нагляду на Нёман. «Вясковы кут, хоць наняты, мілейшы для мяне ёсьць таму ад гэтага горада, у якім асадзілі мяне лёсы (…) брак разумовага і артыстычнага пачуцьця тут узнагароджваецца цішынёй, спакоем, а над усім прыродай прыгожай, бо без патрэбы нават высоўвацца праз акно з глыбіні пакоіка майго бачу Нёман і за Нёмнам бор сасновы».

Гэта былі вакацыі ў Мінявічах. Лета і восень 1881 г. Эліза Ажэшка мае 40 гадоў. Непрыгожая, малая, з кароткай шыяй, цяжкія рысы, пухлыя губы, узграмаджаная карона пасыпаных срэбрам валасоў і вельмі прыгожыя вялікія чорныя вочы. Мае за сабою раньняе сіроцтва, няўдалае і распаўшаеся замужжа, страту радзіннага маёнтка, сьмерць маці, якая ніколі яе не разумела і не любіла, расстаньне з каханым, якому адмовіла ўстрою сумеснага жыцьця ў Расеі…

«23.08.1882 г. Мінявічы.

(…) Жыву ў Мінявічах, якія з погляду здароўя служаць мне дасканала. Даўно ўжо не адчувала сябе такой здаровай як гэтым летам. Уплывае на гэта пэўна праўдзівы паўднёвы клімат, які ў гэтым годзе ў нас запанаваў. Аж да сёньняшняга дня дні былі ўпальныя, а вечары цёмныя, ціхія, зорныя, цудоўныя».


Эліза Ажэшка. Партрэт працы Эдварда Ромэра


Мінявічскі дворык, нібы падвешаны над берагам Нёмна, тут жа абак шляхецкага засьценка Багатырэвічы, вельмі скромны, шэры і малы.


Так выглядаў «Мінявічскі дворык, нібы падвешаны над берагам Нёмна…», дзе працавала пісьменьніца над раманам «Над Нёмнам»


Папярэдні спалены агнём 1863 г. Гаспадароў не стала. Ян Каменьскі, уладальнік Мінявіч і начальнік цывільны Луненскай акругі ў Паўстаньні Студзеньскім, першаўзор Андрэя Карчынскага з рамана «Над Нёмнам» прапаў дзесь у Сыбіры.

Да нанятага флігеля, які ацалеў з пажару, ад 1881 да 1889 года, кожнае лета, часам ужо ад траўня да кастрычніка пачала прыяжджаць Эліза Ажэшка.

«3 верасьня 1883, Мінявічы.

(…) Прыглядзелася таксама пільна шляхце дробнай. Адтуль некаторыя знаёмства і нават сяброўства з тымі сымпатычнымі людзьмі. Калісьці напішу пра іх пару навэлаў».

Выканала сваё абяцаньне, ды яшчэ як: « (…) і паэма «Пан Тадэвуш», і раман «Над Нёмнам», і паэма «Новая зямля» – гэта небывала шырокія панарамныя малюнкі жыцьця, па сутнасьці, на адной і той жа самай наднёманскай зямлі», – піша Уладзімір Казьбярук у прамове да беларускага перакладу «Над Нёмнам» у сэрыі «Скарбы сьветавой літаратуры». Францішак Багушэвіч, паўстанец 1863 г., аўтар неўміручых слоў: «Не пакідайце роднай мовы, каб не памерлі», сябра Эліза Ажэшка, першым з беларускіх пісьменьнікаў належным чынам ацаніў значэньне яе творчасьці, назваўшы «Каралевай польскай прозы і пакутлівай праўды» і прысьвяціў ёй верш «Яснавяльможнай пані Арэшчыне»:

Шмат ксёнжак пісалі

Не аб нашым браце:

Лепш чужых пазналі,

Як у сваёй хаце.

А нас, подлых кмеці,

Міналі здалёка

І хавалі дзеці

Ад нашага вока.

А ты, пані, сьмела

Заглянула ў хату,

Усё зразумела

І нашаму брату

Працягнула руку

І сэрцам балела,

Глядзеўшы на муку,

І пяром умела

Валіць смутак гэты, —

Што аж душа рвецца…

«Вывучэньне якіх-небудзь бакоў жыцьця народа я параўнала б з выбіраньнем жмені канапляных зярнят з бочкі маку. Апынуўшыся ў ролі вучня, я бачыла няёмкасьць, нават баязьлівасьць сваіх настаўнікаў – простых сялян, у якіх я распытвала пра што-небудзь» – піша ў нарысе «Людзі і кветкі над Нёмнам».

Яна магла дайсьці да сэрца, таямніц, драмаў жыцьця, здабыць давер. «Люд у гэтых аколіцах (не гаворачы аб шляхце засьцянковай, якая з сяброўскага пункту гледжаньня, ёсьць вельмі азвычаяна) валодае абыходам лагодным і добрым, незнаёмых нават вітае па-старасьвецку словамі «Няхай будзе пахвалёны!» і гасьцінна іх, калі ў гэтым выпадзе патрэба, у хатах сваіх прымае» – такую ацэнку дасьць у Віленскай «Вісьле». Нязвыклае «знаўства краіны расьлін» уражвала Элізу Ажэшка пасярод наднёманскага люду: « (…) сьмела сьцьвярджаць можна, што ад найвышэйшага дзерава да найменшай травінкі, з гэтай самай, што ён, зямлі вырасшай, няма расьліны, якая б у яго мове не мела б назвы».


Зельніцы: лекарка Люця з Глядавіч і Ульяна. Тэкст на фота  Элізы Ажэшка


27/11 1887 года з вёскі Мінявічы Эліза Ажэшка пісала да Блюмберг: «У апошні час з прыемнасьцю займаюся і з вялікай карысьцю народнай батанікай. Люд наш тутэйшы, польскі і русінскі (г. зн., беларускі, Л.К.), добра знаёмы з расьліннасьцю і мае багатую, вельмі трапную, амаль маляўнічую тэрміналёгію. Я вучуся гэтаму ў вясковых жанчын і вязу з сабой пару гербарыяў з некалькімі сотнямі прадстаўнікоў мясцовай фауны і, што больш важна, з запісамі аб спосабах іх ужываньня тутэйшым людам. I гэта таксама нейкая шчыліна, праз якую можна заглянуць у глыбокую, сумную і вельмі малавядомую душу нашага народа». Пісьмо гэтае сьведчыць, што пісьменьніца нават у вывучэньні расьліннасьці Беларусі знаходзіла матэрыял для больш глыбокага азнаямленьня з душою народа.

З дапамогай Глядавіцкай лекаркі Люці апісала 228 беларускіх назваў расьлін – лекавых і прысушлівых, вядомых і малараспаўсюджаных. « (…) Усеагульнай павагай і зычлівасьцю ў радыюсе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Глядавічы“, – напіша і дае магчымасьць і нам пазнаёміцца з гэтай незвычайнай жанчынай: „Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым румяным і ўжо паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочы. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзеньне носіць чыстае і акуратнае.

Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў, расказвае пра сваю сям’ю весела і ахвотна». І далей: «Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) – цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа».

Абок «купаньня кветкавага» і «батанізаваньня» (з якіх нараджаліся не толькі старонкі «Над Нёмнам», але таксама мастацкія гербарыі Э. Ажэшка, якія да сёньня захаваліся ў музэях Варшавы і Гародні) было яшчэ захапленьне прыгажосьцю звычаяў і іх, часам упаэтызаваны, але заўсёды дасканалы запіс. Вось прыгатаваньне да жніва ў Багатырэвічах: «Дзяўчаты ўбіраюцца ў новыя кофты і ў кветкі, моладзь мужчынкая прыбіраецца ў сьнежнай белізны кашулі і цёмныя штаны і старанна вычышчаны абутак». Гэты кароткі запіс у «Людзях і кветках» знаходзіць мастацкае развіцьцё ў рамане. Знакамітае, поўнае размаху і колеру апісаньне лову аўсяніка ці «яціцы» у «Людзях і кветках» займае ў «Над Нёмнам» ледзьве старонку, але многія ўражаньні з гэтых вечароў рассыпае аўтарка па цэлай эпапэі.

Яціца – такая дзіўная і рамантычная істота, ні то дзіця страказы ні то камар, з мноствам назваў: аднадзёнка, мятліца, аўсянік, падзёнка, ручайнік… Да гэтай пары надзвычай папулярнымі ў рыбакоў зьяўляюцца лічынкі яціцы для нажыўкі. Хоць падобная да камара, баяцца яе ня трэба, бо не ўкусіць, не мае роту. Два гады жыве ў вадзе ў форме лічынак і кукалак. А выходзіць з вады ўжо крылатым матыльком толькі на адзін дзень. Выходзіць у такой колькасьці, што ўлетку можна назіраць мяцеліцу з гэтых матылькоў. Толькі на дзень, дзеля каханьня, працягу роду. Таму ня маюць роту, ня маюць патрэбы ў харчаваньні. Жывуць адзін дзень, кахаюцца, паміраюць. Таму і завуцца аднадзёнкамі.

Кожнае лета на пераломе ліпеня і жніўня Эліза Ажэшка была сьведкаю лоўнай містэрыі.

«Усіх лодак было каля дваццаці. Быццам чароўныя прывіды, яны паволі сьлізгалі па нерухомай рацэ глыбока ўнізе; і таксама паволі калыхаліся іх адлюстраваньні ў цёмнай бездані, а твары і фігуры людзей, азораныя чырванаватым сьвятлом, са скульптурнай выразнасьцю вылучаліся на цёмным фоне неба і вады.


Яціца


Але яшчэ больш дзіўнай, амаль што фантастычнай зьяўай здавалася густая імгла, якая ахутала лодкі з людзьмі мірыядамі дробных, як сьняжынкі, камячкамі і засьцілала белай дымкай яркія кастры. Ні ў паветры, ні ў прамежках паміж лодкамі камячкоў гэтых не было, і нельга было зразумець, адкуль яны. Неўзабаве, аднак, усе ўбачылі, што гэта малюсенькія матылькі, якія выляталі з вады, трапечучы беласьнежнымі крыльцамі. Іх было незьлічонае мноства, як пясчынак на дне Нёмна, у глыбінях якога яны нараджаліся. Пакінуўшы родную стыхію, яны ў няспынным парыве ляцелі да асьляпляльных агнёў. Каварныя рыбакі, спрытна ўзмахваючы рукамі, зграбалі ў мяхі гэтую крылатую завіруху, якая заносіла беласьнежнымі камякамі іх саміх і іх лодкі.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
8 из 8