bannerbanner
Маё мястэчка Луна-Воля
Маё мястэчка Луна-Воля

Полная версия

Маё мястэчка Луна-Воля

Язык: Русский
Год издания: 2021
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 7

Не магу не расказаць пра цікавы выпадак, які адбыўся са мной летась у Кіеве. Я ўпарта шукаў паштоўку з помнікам князёўны Вольгі. Перабраўшы ўсе наборы паштовак і не знайшоўшы патрэбнае, запытаўся, чаму няма такой паштоўкі. На што пачуў адказ ад адной з гандлярак: «Мы ня любім Вольгу, таму і няма». «Але ж побач з Вольгай Сьв. Кірыл і Мяфодзій». «І што з таго. У нас пісьменнасьць была да іх» – прагучала ў адказ.

Дзясяты век як магічная граніца гісторыі ўсёй славяншчыны, якая з гэтага моманту раптам становіцца густа заселена, мае свае гарады і замкі, дзяржавы, у якіх уладарылі князі, паводле ўстаноўленага права і сваёй рэлігіі. Што было прычынаю, тымі дражджамі гісторыі, што запоўнілі прастору і час бурлівым жыцьцём і данесьлі да нас памяць мінулага? Гэта было хрысьціянства элітнае і адукаванае. Праціўнікам яго было лагоднае, як характар славян, паганства, багі якога не ўвасаблялі ваяўнічасьці, а ні хітрасьці, таму былі асуджаны на гібель. На Панямоньне ў 11 ст. прыйшлі не славяне, а прыйшло хрысьціянства. «Зрэшту в школах нас увогулэ нэ ўчылі про дрыговічув, бо нас одэ нэ мело быці! Алэ мы одэ былі» -Віктар Стахвюк.

Многа гадоў Панямоньне было не ў сваёй краіне. За гэтыя гады чатыры разы памянялася назва карэннага насельніцтва: крывічы – дрыгавічы – ліцьвіны – рускія – беларусы. А чалавек павінен жыць у рэчышчы свайго Этнасу і Роду. Той, хто разрывае сувязі, бярэ адказнасьць ня толькі за сябе, але і за будучыя пакаленьні.

Такі зьмястоўны водступ, на мой погляд, патрэбны каб мець хоць які шанс зразумець, адкуль тая нітачка, якая пятае стагодзьдзе трымае тут беларускую культуру.

Спляліся ў Панямоньні

Зямля, Вада і Неба.

Дзіўлюся ў аняменьні

На непаўторны сьвет.

Праз сон тысячагодзьдзяў

Радзіма па каменьні

Плыве…

Пятро Ламан

Над Лунай

Індура, Лунна… Прыгожыя назвы вёсак непадалёку ад Гродна. Упершыню пачуў ix у раньнім юнацтве, са старонак вялікага патрапанага аднатомніка Усевалада Крастоўскага, дзе апроч любоўных вершаў («Андалузская ночь горяча, горяча…», «Ванька-ключник» i іншае), апроч рамана «Деды» былі яшчэ цікавыя i вясёлыя нататкі афіцэра гродзенскага, здаецца, драгунскага палка. Лунну потым я ўбачыў. Там i пачуў ад незнаёмага дзядзькі пра красу гэтай мясьціны над Нёманам: «Здаецца, браце, i хлеба трэба менш – так хораша!». Янка Брыль «Пішу як жыву»

У летні вечар з аблокаў

Луна… Колькі таямніча-чароўнага, летуценнага, ласкава-пяшчотнага у гэтай назве. Луна над Нёманам…

Каб пазнаць усе чары Луна, трэба выбраць летні вечар, калі сонечныя цені толькі-толькі зьніклі. У гэта імгненьне зьяўляюцца цені мінулага. У шэпце Нёмна ўзьнікаюць водбліскі вогнішча, заціхае тужлівая песьня, разносіцца лёгкі стогн, бераг ажывае. Гэта бурлакі дайшлі да адпачынку. над Нёмнам. Калыхаюцца на хвалях цені караблёў. Над мостам пралятае кавалькада за шыкоўнай карэтай. Можа сам Леў Сапега аглядае свае ўладаньні. На адлегласьці пару соцень крокаў вырысоўваецца палац. Шэлест доўгіх сукенак, о! ужо і пацалунак прагучаў над люстэркамі ставаў пад покрывам палянэза Агінскага. Ці не сабраліся ў паноў Ромэраў госьці? Хто там раз-пораз нагінаецца долу, вырывае травінку, разглядае і хавае паміж лісткамі? Так, гэта яна і «людзі і кветкі над Нёмнам». Людзі і кветкі і Эліза Ажэшка. Вось нібы маланка мільганула постаць чароўнай амазонкі на крылатым кані. Гэта кінулася ў бой за Радзіму Эмілія Плятэр. Аж ускалыхнуўся звон у касьцельнай званіцы. Бон… бон… Бона… бон… І над касьцёлам узьнікла цень у каралеўскім убраньні. Але бляск убораў не пакрывае халоднага павеву ад суровага італьянскага твару фундатаркі Луненскага касьцёлу каралевы Боны Сфорцы, сьпевамі званоў якога захаплялася Эліза Ажэшка. Далей шумы нарастаюць, цені ўсё гушчэй, яны мільгаюць як сьпіцы ў коле.

Швэды, рускія, французы, палякі немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, мэтастазы расійскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта абак царквы-мураўёўкі ідзе ідэалягічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клюб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бэрмудзкі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.

Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мэлёдыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, як бы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луна сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых – успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.

Апяклі мяне росы раньнія,

Краскі водарам абдалі,

Прыпадаю я сэрцам раненым

Да каханай сваёй зямлі.

А яна, на кускі пакрамсаная,

У хлусьлівым чужым тумане,

Плугам родных сыноў неўзараная,

Ціха помачы просіць у мяне.

Ларыса Геніюш

І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг… і надпіс «Жыве Беларусь!» Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!

Як жа ўзьнікла гэта цудоўная назва Луна?


Лунь на паляваньні


Балта – яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гнездаваўся тут, гэты прыгожы (сівы як лунь) драпежнік.

Называлася гэта паселішча дакладна так Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў. Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе складзенай Тамашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.


Радзівілаўская карта (1613)


Луна на карце ВКЛ 1665 года выданьня.


Фрагмэнт Карты Вялікага Княства Літоўскага 1665 года


Так і на многіх пазьнейшых картах замежнага выданьня (карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г.) Луна з адным «н» згадваецца разам з Гродна, Мастамі, Ваўкавыскам, Слонімам.


Фрагмэнт Карты Слонімскага намесьніцтва 1796 г.


Гістарычная назва Луна (з адным «н» трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцеляк Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельскую раду Гарадзеншчыны (так напісана ў арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: «Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен…». Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: «Паеду да Луны…». Гучыць, як да цёткі ў госьці.


Луна і Воля на карце 19 ст.


Калі зьяўілася другая «н» у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя ВКЛ была акупавана Расейскай імпэрыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губэрнатару ад 1862 года друкуецца ўжо «Лунна». Хаця на старажытных дакумэнтах можна сустрэць напісаньне з двума «n», як, напрыклад, у дакумэнце пра Луненскі ключ.


Пабудова двару і ўтварэньне Луненскага ключа

Будучыня мінулага

Не ведаючы, што адбывалася

да таго, як нарадзіўся, гэта так

як бы ніколі не стаць дарослым.

Цыцэрон.

Людзі заўсёды цікавіліся паходжаньнем чалавека і сваім мінулым. Яшчэ ў VІІІ ст. да Н.Х. грэцкі пісьменьнік Гесіёд пісаў, што чалавецтва прайшло ў сваім разьвіцьці пяць вялікіх гістарычных эпох. Самую раньнюю ён назваў Залатым векам, калі «людзі знаходзіліся ў спакоі». А самую апошнюю – Ваенным векам, пад час якога даводзілася цяжка працаваць і перажываць найвялікшае гора. Дапамагаюць пазнаць мінулае археолягі, сапраўдныя сьледапыты, дасьледчыкі і аналітыкі. Яны ствараюць уражаньне сьмелых падарожнікаў і паляўнічых на скарбы, дэтэктываў, якія дасьледуюць таямніцы даўно мінулага. Але сучасная археалёгія – гэта не паляваньне на скарбы і не фантазіі накшталт пошукаў загінуўшых сьветаў – гэта сыстэмнае дасьледаваньне чалавецтва ў мінулым. 99% гісторыі вывучаюць дагістарычныя археолягі.

Дагісторыя – гэта частка чалавечай гісторыі, якая існавала яшчэ да ўзьнікненьня пісьменнасьці і архіўных крыніц. Гістарычныя археолягі свае знаходкі могуць пацьвердзіць дакумэнтамі. Археолягі маюць тры галоўныя мэты: вывучэньне культурнай гісторыі, рэканструкцыя спосабаў жыцьця ў мінулым, тлумачэньне прычын культурных зьмен. Гэта аснова ўсіх дасьледаваньняў, бо канчатковая задача вельмі простая – апісаньне, разуменьне і тлумачэньне чалавечых паводзін у мінулым. Дагістарычныя археолягі дасьледуюць жыцьцё чалавека шляхам выяўленьня сьлядоў яго існаваньня ў археалягічных рэштках ежы, пабудовах, рэчах, вырабленых чалавекам. Вельмі важна адносіцца да кожнага археалягічнага помніка (якім зьяўляецца любы прадмет зьвязаны з чалавечай дзейнасьцю) як да апошняга і непаўторнага. Толькі тады ў мінулага будзе будучыня. І той, хто зьнішчыў у Луна сынагогу і стары млын, габрэйскія могілкі і самалёт генэрала Жукоўскага, назвы вуліц і палац Ромэраў нанесьлі непапраўную страту мінуламу і будучаму.

Праца дагістарычных археолягаў дазволіла скласьці карту стаянак каменнага і бронзавага вякоў, выяўленых на тэрыторыі Мастоўшчыны. Знаходкі экспэдыцыі доктара Сырасека, занатаваныя ў І т. «Варшаўскай бібліятэкі» пацьвярджаюць, што ў каменным веку на нашых землях жылі нашчадкі арыяў?: балты – яцьвягі і славяне дрыгавічы і крывічы, якія карысталіся вырабамі з крэмню. У 1879 г. гэта экспэдыцыя дасьледавала старадаўняе селішча на беразе Нёмна ля Луна. Ужо ў савецкія часы археоляг Уладзімір Ісаенка знайшоў сьляды паселішча бронзавага веку (2—3 тысячагодзьдзя да Н.Х.) У нашай мясцовасьці знойдзены і дасьледаваны археалягічныя помнікі характэрныя для яцьвягаў у выглядзе курганоў і каменных магіл. Іх на Луненскай тэрыторыі на левым беразе Нёмна ва ўрочышчы Баторыя каля вёскі Жылічы дасьледаваў Л. Д. Побаль. Ф. Д. Гурэвіч, кіраваўшая ў 1955 г. археалягічнай экспэдыцыяй, выявіла да 10 курганоў паміж Дзенькаўцамі і Кавалямі, якія адносяцца да рэдкіх тыпаў помнікаў мінулага. У 1982 г. каля в. Навасёлкі геоляг А. В. Квяткоўская знайшла 60 магілаў з падшліфаванымі магільнымі плітамі і тарчма пастаўленымі камянямі.

Яцьвягі займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй, бортніцтвам, земляробствам. У канцы Х і пачатку ХІ ст. адбываецца калянізацыя яцьвягаў дрыгавічамі. Аб чым сьведчыць зьмяненьне характару археалягічных помнікаў, якія ўжо належалі, відавочна, не ўласна яцьвяскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам або славянам, якія перанялі яцьвяскі пахавальны абрад.

Племя яцьвягаў зьнікла, хоць яшчэ доўга заставаліся сьляды ў гісторыі. Так Т. Нарбут у 1807 г. чытаў надпіс на зрубе Скідальскай царквы, што нейкі Варфаламей хрысьціў яцьвягаў у 1553 г. А П. Д. Бранцаў выдаўшы ў 1899 г. «Гісторыю Літоўскай дзяржавы і старажытных часоў» пісаў: «У ваколіцах мястэчка Скідаль жыве насельніцтва праваслаўнай веры, гаворыць на беларускім нарэччы, але з літоўскім акцэнтам. Яны адрозьніваюцца ад іншых беларусаў смуглым колерам твару, чорнымі валасамі і некаторымі асаблівасьцямі нораваў. Вельмі магчыма быць, што гэта патомкі яцьвягаў».

У ваколіцах Луна многа вялікіх валуноў, але толькі адзін з іх мае ўласнае імя. Гэты камень ляжаў паміж в. Камянчаны і Стральцы, ля шашы, што вядзе ў Гародню. У народзе завуць яго Турэцкая шапка і распавядаюць, што пад час нашэсьця туркаў, адзін з іх згубіў тут сваю шапку.


Камень «Турэцкая шапка»


Вось такія веліканы – ворагі нападалі на нашых продкаў, але ўцякалі пабітыя так, што гублялі шапкі… Аналягічных помнікаў аб Луне выяўлена не багата, але гэта не значыць, што іх няма.

Краязнаўцы Ваўкавыска зрабілі свой горад старэйшым на 277 гадоў, знайшоўшы пісьмовыя ўспаміны аб Ваўкавыску ад 1005 г. Для краязнаўцаў, улюбёных у свой край, кніга гісторыі ніколі не заканчваецца…

Гісторык Павал Бароўскі, апісваючы спусташэньне Гродзеншчыны ў 1241 г. піша: «З упадку сталіцы ўпала ўдзельнае княства Гарадзенскае. Пасярод спустошанай краіны, яшчэ стаяць рэшткі ўмацаваньняў, калі ў тым жа годзе прыйшлі з поўначы літоўцы (літвіны?) пад кіраўніцтвам сваіх князёў Эрдзівіла, Вікінда, Таўціла Манцівілавічаў, высланых дзядзькам сваім, Вялікім князем Міндоўгам, для заняцьця спустошаных і безабаронных зямель славянскіх. Эрдзівіл без супраціву зрабіўся ўладаром гораду, аднавіў умацаваньні і паблізу вала з драўлянай сьцяной, па звычаю Славянаў, пабудаваў умацаваную вежу. Усё гэта было зроблена з такой хуткасьцю і з такім посьпехам, што, калі манголы, у спадзяваньні новай здабычы, рушылі з поўдня пад началам царэвіча Шэйбака і разьбілі Міндоўга на берагах Нёмна бліз Луна, Эрдзівіл, маючы апору на Гарадзенскія ўмацаваньні, сьмела рушыў на дапамогу свайму дзядзьку і садзейнічаў бліскучай паразе мангольскіх полчышчаў дзесьці ў Лідзкім уезьдзе. Шэйбак загінуў, манголы ўцяклі і Міндоўг, трыюмфуючы і ў другіх перамогах зрабіўся ўладальнікам многіх зямель, складаючых цяперашнюю Гарадзенскую губэрню»… Як тут зразумець? Луна існавала ў 1241 г.? Ці гэта толькі прывязана да сучаснай мясцовасьці? На гэтыя пытаньні трэба шукаць адказу.


Заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага першы Вялікі Князь і кароль Міндоўг. Блёк пошты Літувы, выдадзены ў 2003 годзе


З прац пісьменьніка – краязнаўца Дзімітрыя Гаўрыліна можна зрабіць выснову, што ў 1409 г. паміж Луна і Ваўкавыскам адбылася бітва Гарадзенскіх дружын з крыжакамі, якія ў 1284 г. упершыню зьяўіліся ў нашых мясьцінах і пасьля каля 20 разоў паўтаралі напады аж да 1410 г.

Але першы ўспамін аб Луне (Волі) у гістарычных дакумэнтах пад годам 1503. Заўважым, што і далей будуць пераплятацца: маёнтак Луна, мястэчка Луна і мястэчка Воля, якую ў цяперашні час называюць «сельгасхімія», якой ужо там няма.

Пры нападзе Масквы на Смаленск князь Канстанцін Крошынскі страціў там сваю маёмасьць і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Дубна над Нёмнам, а на пусташах у 1513 годзе пабудаваў двор Луна? (Воля)? і запісаў свайму зяцю Янухне Багдановічу Сапегу (1490—1546).

Так з прац гісторыкаў і археолягаў можна навобмацак складаць гісторыю Луны, тым самым надаючы мінуламу будучыню.

Луна і Воля

Libertas civitatis.

(Вольны народ. Вольная краіна.)

Воля-не тое, што рукі разьвяжуць,

Зьменяць на большую клетку малую.

Воля-не тое, што«вольны ты» – скажуць.

Воля-то воля, якую адчую.

Ларыса Геніюш

Дзьве гісторыі

Са старажытных часоў Луна мела свайго «спадарожніка» – Волю. Таму старажытнае Луна мае як бы дзьве гісторыі: самога Луна і Волі. У тым, што Луна старажытнае, няма ніякага сумневу. Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга «Памяць, Мастоўскі раён»: «Лічыцца, што гэта паселішча ўзьнікла не пазьней 12 ст.». Але ж з часоў позьняга нэаліту (2-я пал. 3-га тыс. да Н.Х.) вядомыя так званыя «бурштынавыя шляхі». Адзін з іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць «крамянёвы шлях» з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі «порт»? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў на Нёмне і «шлях з варагаў у грэкі» у 9—13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе «Памяць».

На жаль пісьмовых крыніц аб гэтым я не знайшоў. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе «спадарожнік» Воля. Калі ж спасылацца на кнігу «Памяць» Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луна: «У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луна». У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам, у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. «Ёсьць меркаваньні, што ў іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край уваходзіў у гэтыя (Гродзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі». Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а ўдзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сымбалічныя курганы. Такія курганы захаваліся ў ваколіцах Луна ва ўрочышчы, якое называецца Цвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква. «Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня па загінуўшых на ратным полі», – распавядаецца ў «Памяці». І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але «зь песьні слова ня выкінеш»… Па загадзе калгаснага начальства разаралі тыя курганы «магутнымі трактарамі» і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца Гэлена Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала рваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…


Шлях з «Варагаў у грэкі» па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У. М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113


Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.

У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля – свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.


Луна і Воля на расейскай карце 1910 г.


Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.

Vola Warszowiensis

Сярод шматлікіх «воляў» непасрэднае дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля – вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сэнатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводзтваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сэнатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з Прусакамі, у 1831г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо ўзвышша спрыяла працы ветракоў.


Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі


У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы №54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец №57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.

Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі

Вернемся да Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошынскія (Крашынскія?) герба «Ліхтар». Адзін з іх князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі акольнічы і казначэй Смаленскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзенскім павеце «на хлебокормленье» князю да «очищеня» вотчыны яго, захопленай «Маскоўскім непрыяцелем», «съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ». Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо «многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати», і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г. Ачышчэньня вотчыны ад «непрыяцеля Маскоўскага» аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Іванавіч 8 ліпеня 1513 г. запісвае ў якасьці пасагу дварэц на рацы Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёмнам на р. Чарлёнай, «а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте», а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошынскі з баброўнікамі гарадзенскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а так жа палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёньскім полі, «и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская», а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошынскія, пакідаючы свае смаленскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сопежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Мар’ю за пісара вялікакняскай канцэлярыі пана Копця Васільевіча, Канстанцін Іванавіч недзе ў адзін час з Сопежычам запісвае ў якасьці пасагу 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх «подле церкви Сьвятого Спаса» ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубеньскіх пустоўшчынах князь Крошынскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за каторага выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў Вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў – ад уціску з боку ўладаньняў Воўпы, князя біскупа луцкага й берасьцейскага Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна «по своемъ животе» перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.

На страницу:
2 из 7