Апошні алгарытм
Апошні алгарытм

Полная версия

Апошні алгарытм

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
5 из 5

– Гэ-та не-маг-чы-ма, – выдавіў я праз хвіліну. Голас стаў чужым. – Дома нікога не было! Мае толькі сярод ночы павінны прыехаць!

– Ага, немагчыма. – Травень нават не намагаўся зрабіць хоць які спачувальны выгляд. Спакойна расцянуўся ў гамаку і ўтапырыўся ў перыстую крону над сабой, скрозь якую прабіваўся месяц. – Можаш праверыць, кантролер на стале.

Я схапіў самую яркую галавешку са згаслага вогнішча, заляцеў у хіжыну, амаль навобмацак знайшоў іголку, размазаўшы ліпкую лужынку па стале яшчэ больш, і выбег назад. З таго боку вушка віднеліся чорныя абрысы пальмаў, Травень у гамаку, месяц, горка чырвоных вуглёў, але толькі не мой пакой. Колькі ні вадзіў па баках – аніякіх прыкмет на нешта іншае.

– Чаму ж ты адразу не сказаў?! – крыкнуў я.

– Хацеў, каб ты выспаўся спакойна. А заўтра ўжо перажывай, колькі хочаш.

Мабыць, я пабялеў, як гэты Месяц у небе, бо, зірнуўшы на мяне, Травень бестурботна махнуў рукой:

– Клопат вялікі, з гэтым парталам. І тут можна пражыць. Рыбы хапае, крабаў хапае, будзем за пярлінамі ныраць. Жаніцца захочаш – выкрадзем табе жонку ў людажэраў, перавучым гатаваць па-нашаму.

– Ты хацеў... клопат вялікі... – Я апусціўся на пясок побач.

Перад вачыма ўсё паплыло. Зазвінела ў вушах.

Хто ж здагадаецца пакласці патрэбным бокам гэтую дурную іголку? А калі яна вернецца на сваё ранейшае месца Паўвеку праляжала ў касетцы і яшчэ столькі там праляжыць, нікаму не патрэбная. А то і зусім на сметнік выкінуць: бацька не любіў захарашчваць жытло, заўсёды імкнуўся высяліць старыя рэчы. Каб маці яго не стрымлівала, то і молі не было б чаго ў нас рабіць. Калі гэта адзіны партал у мой свет – я тут назаўсёды.

– Спадзяюся, ты мяне Чацвяргом не назавеш, – уздыхнуў я пасля доўгага маўчання.

– Чаму гэта я мушу называць цябе Чацвяргом?

– Таму што сёння чацверг, а не пятніца, – падкрэсліў я. – Ведаеш, у нашага Рабінзона Круза было больш шансаў вярнуцца дадому Разумееш? Дваццаць сем гадоў на востраве – гэта не ўсё жыццё! Гэта хоць нейкая, але была надзея!

Не ведаю, як там стараўся транслятар, які сэнс даводзіў да рамантыка-валацугі, але той зразумеў, што я такі самы нудзяр, як у тых кніжках: не паспеў надыхацца, а ўжо захацеў дадому. Цяпер усе астатнія дні буду толькі гэтым і жыць.

– Ды не хвалюйся ты, падумаем, пашукаем, мо што і трапіцца, – Травень закінуў рукі за галаву. – Сходзім да дзеда Кірмаша, у яго кішэнях усялякага дабра хапае. Клопат вялікі!


Мы з Колькам стаялі на даху нашага дзевяціпавярховага дома. Я трымаў у руках медальён-міелафон і круціў рэгулятар пад срэбраным вечкам, прыслухоўваючыся да думак сябра.

«Што гэты белабрысы задохлік там усё круціць?» – неўзабаве пачуў я вынік тонкай налады.

Гэта я – задохлік?! Ды яшчэ белабрысы? Мы ж цябе колькі разоў з сабой на возера бралі! Мой бацька ніколі не пярэчыў, а ты, паскуда, пра мяне Свайго бацькі няма, дык вырашыў майго прысабечыць?

«Каб на возера з сабой не бралі, то я б гэтага дурня даўно паслаў лесам» – здзекліва данеслася з медальёна.

Я не вытрымаў і з усёй сілы ўрэзаў Кольку па сківіцы. Той у даўгу не застаўся – даў у адказ. І мы счапіліся, як вясновыя каты, пакаціліся па даху, тузаючы адзін аднаго. Недзе побач загрымацеў трамвай. Мы пачалі хутка памяншацца.

– Ну што я табе казаў? – зароў я пераможна, ухапіўшы найлепшага сябра за грудкі. – Бачыш? Мы памяншаліся! І Травень быў, і ў лагуне купаліся! А ты, дурань, мне больш ніхто!

У гэты момант аднекуль наляцела гіганцкая страказа, вырвала мяне з моцных рук Колькі і панясла над горадам. Проста да школы, дзе на парадным ганку стаяла Ніна Іванаўна і строга глядзела на мяне, прытрымліваючы акуляры адным пальцам.

– Бяляк, без бацькоў можаш больш не зяўляцца, – металёвым голасам адчаканіла яна. – Нават не думай! Не пушчу!

Я спрабаваў адказаць, што іголку нехта паклаў не тым бокам, але мой крык захрас у грудзях... І ў гэты момант нешта ляснула над самым вухам.

Я расплюшчыў вочы. Непраглядная цемра. Дзе ложак? Дзе вакно? Дзе цьмяное святло начной вуліцы? Рэзкі халодны спалах выхапіў каленчатыя бамбукавыя ствалы. Другі спалах, даўжэйшы, дазволіў разгледзець, што ляжу проста на падлозе, на голай цыноўцы. Побач злева нехта спаў. У нагах скруціўся Лабрык – сілуэт яго ўзнятай галавы на імгненне акрэсліўся на фоне рашэцістай сцяны. Раскаціўся працяглы грукат грому.

Не адразу дайшло, куды мяне занесла. Успомніў, як перад самым сном бясконца трос іголку – у вушку нічога не зяўлялася, толькі свяціўся жар вогнішча, якое пакрывалася шэрым попелам. Праваднік праходзіў вушка наскрозь, нідзе не знікаў. Пасля гэтага я скруціўся на цыноўцы абаранкам, падцягнуўшы калені да падбароддзя

Наляцеў моцны шквал, застагналі, заскрыпелі ствалы, запалохана зашалясцела важкае лісце. Абрынуўся лівень. Суцэльная сцяна вады, нібы мора перанеслася на неба і адразу ж рынулася назад. За тонкай сценкай грымела і бліскала без супынку. Усе гукі патанулі ў гэтым ніагарскім вадаспадзе. Звонку ў бесперапынных сполахах маланак пальмы гнуліся ледзь не да зямлі, а лахматыя кроны выварочваліся навыварат.

У пусты праём, які зваўся дзвярыма, з кожным парывам урывалася хмара пырскаў. Пясок і цыноўкі на падлозе прынялі ўсё гэтае шчасце на сябе. Адступаць не было куды: струмені вады намагаліся дацянуцца да нас і праз шчыліны паміж бамбучынамі.

Хіжа хадзіла хадуном, быццам за яе звонку ўзяўся разюшаны волат. Мне здавалася, яшчэ крыху – і сарве гэты хісткі дах з пальмавага лісця ды панясе ў якую-небудзь краіну Оз. А потым вымеце і нас саміх – да Смарагдавага горада наўрад ці дацягне, а вось пасярод лагуны скіне хутчэй за ўсё.

Нябесны апакаліпсіс працягваўся хвілін са дваццаць, потым усё сціхла. Чулася інтэнсіўнае капаценне, плёск і шыпенне марскіх хваль, якія набягалі ледзь не да парога. Але рана выдыхнуў. Менш чым праз паўгадзіны абрынулася новая хваля залевы. Ізноў грымацела, палыхала, неміласэрдна выгіналіся пальмы, а пад дах урывалася хмара кропель. Не так моцна, як у першым разам, але ўсё з той жа неімавернай лютасцю. І гэтак разоў пяць-шэсць за ноч. Я збіўся з ліку: лівень накочваўся з кароткімі перапынкамі, на шчасце, з кожным разам усё слабей і слабей. Мы сядзелі з Траўнем, прытуліўшыся спінамі адзін да аднаго, і трэсліся, як асінавыя лісты. Наскрозь прамоклыя і змерзлыя. Паміж намі намагаўся ўціснуцца не менш прамоклы, перапалоханы рэтрывар.

Калі б мне раней сказалі, што ў тропіках можна ўдубець Не патрэбен мне ні гэты свет, ні тым больш той, што з двума месяцамі, нічога, – хутчэй бы апынуцца ў цёплым ложку. Закутацца ў тоўстую коўдру і прыгубіць гарачай кавы. І халера з імі, з гэтымі прыгодамі: я з канапы, у ютубах наемся гэтага шчасця.

Гадзіны праз чатыры нябесны канцэрт завяршыўся. Вецер раптам суцішыўся, марскія хвалі адступілі. Усталяваліся цішыня і спакой. І, як нічога і не было, застракаталі цвыркуны. Недзе ўдалечыні, у начной цемры, застагналі буравеснікі. З-пад страхі, дзе засеў гекон, даняслося ціхае:

– Чык-чык-чык!

Наш вартаўнік-губіцель замоўк, а праз некалькі хвілін ізноў выдаў кароткую тыраду, быццам зладзіў начны абход:

– Чык-чык-чык.

Травень заснуў, відаць, усе гэтыя стыхіі сталі для яго чымсьці будзённым: памёрз, патрэсся і забыўся. Прайшло ліха – ды і добра. Мне неяк удалося сагрэцца. Дрыжыкі прайшлі, але замулелі згарэлыя на сонцы плечы: як ні павярніся, нагадвалі пра сённяшнюю лёгкадумнасць. Нездарма Лабрык намагаўся выцягнуць нас з вады.

– Чык-чык!

Ноччу ў галаву лезе што заўгодна, толькі не добрае і светлае. Як там мае? Мабыць, ужо прыехалі з паліцыі, а не, дык заўтра напэўна заявяцца ў аддзел. Ніхто нічога не знойдзе. Следчыя галаву зламаюць, разбіраючы кожны кадр з камеры нашага падезда, а потым закрыюць справу: няма цела – няма і крыміналу. Без вестак зніклы чарговы дурань. Праз які год у сямі народзіцца другі Стасік, больш разважлівы і адказны, які не суне носа ў розныя парталы. А менш адказнаму варыянту на вясковых могілках насыплюць горку жоўтага пяску ды паставяць помнік, хоць нейкі, каб было куды прыводзіць унукаў.

– Чык-чык-чык...

Калі вас мучаюць начныя жахі, Пітар Філіпс у сваім апавяданні «Сны недатыкальныя» раіць узяцца за кольт сорак пятага калібра – і прыстраліць тую пачвару, што мае дурную звычку ганяцца за вамі. У маім выпадку кольт дае рады і благім думкам. Калі іх проста гнаць ад сябе – абавязкова палезуць назад, ды яшчэ і горшыя з сабой прывядуць.

Пасля пятага стрэлу цёмныя шэрагі значна парадзелі. Удалося пераключыцца на іншае. На тое, што даўно свярбела недзе ў глыбіні, але ўсё не ставала часу выцягнуць гэтую стрэмку. Засела яшчэ з першых гадзін на гэтым востраве. Што менавіта? Не ўсё ўпісвалася ў гэтую трапічную карціну. Блакітныя вочы, ільняная кашуля... мог бы закапаць куфэрак яшчэ пад дубам. Пад дрэвам, якое ў тропіках зусім не расце... Ці транслятар перадаў нейкі адпаведнік дуба? Дзе астатнія людзі? Адныя пытанні. Думкі цяклі павольна, блыталіся, як пяны на балоце, усё ніяк не маглі ўхапіцца за патрэбную нітку.

– Чык... чык... чык...

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
5 из 5