Апошні алгарытм
Апошні алгарытм

Полная версия

Апошні алгарытм

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 4

Я задраў галаву.

Вочы ўжо прызвычаіліся да паўзмроку, абрысы і дэталі пад купалам сталі выразнейшымі. Не адразу, але разгледзеў. Унутры ўсё пахаладзела, а ногі падкасіліся. На тытанічнай бэльцы ўладкаваўся сапраўдны цмок! Ну, не зусім цмок, бо без крылаў Не ведаю, як гэта перадаць. Згадаўся «Свет юрскага перыяду». Дакладней, брахіязаўры, дыпладокі. Людзі побач з гэтымі гігантамі здаваліся мышамі, бо той жа дыпладок даўжынёй метраў з трыццаць. Дык вось, адзін з іх здолеў узлезці пад столь – учапіўся ўсімі чатырма лапамі за бэльку і павіс спіной уніз. Толькі ў адрозненне ад кіношнага, гэты дыназаўр быў прыгажэйшы: бэжавы, з россыпам цёмных плям, як у леапарда. Па баках галавы гарэлі жоўтым дзве латунёвыя паўсферы.

– Калі ён зваліцца сюды, дык пачне падбіраць усё жывое, – з радасцю паведаміў экскурсавод па гэтым пекле. – Я берагу яго, каб ганяў усякую немач.

– Зараз і за нас возьмецца!

– Чакае, пакуль нас больш набярэцца, – пагадзіўся Травень і паказаў убок: на ферамоннай сцежцы зявіліся яшчэ два мурашы-монстры.

– Думаеш, ён нас зверху бачыць?

– Бачыць. Муху з пяці метраў разгледзіць.

Мяне кінула ў халодны пот, нягледзячы на гарачыню.

– Дык чаго мы тут пляцёмся?! – Хоць мы і так штосілы перастаўлялі ногі. – Трэба бегчы! Ды не сюды, а хавацца вунь пад той пагорак!

– Мы для яго як на далоні, – спакойна адгукнуўся праваднік. – Ён гэтае поле за секунду прабяжыць. Ты з ім і пры звычайным росце не зраўняешся. Нам лепей паспець да краю.

Пра схованку пад пагоркам можна было забыцца, да ўсяго ж ураганны вецер біў з таго боку.

Мурашы, як на ліха, выпаўзалі адзін за адным – хутка руды ланцужок працягнуўся праз усю раўніну. Мабыць, пачалася мабілізацыя ўсёй калоніі: ля возера шасціногіх салдат збіралася ўсё больш і больш. Шведскі стол напаўняўся хутчэй, чым хацелася б. Кожная хвіліна цягнулася цэлую вечнасць. Мы набліжаліся да краю каменнага поля, за якім адкрывалася белая прорва. Я не разумеў: куды мы схаваемся? Як спусцімся? Нават вяроўкі няма. Не кідацца ж уніз галавой!

Калі мы ўжо падышлі, я зноў азірнуўся.

– Здаецца, яны яго хутка выбіраюць! Меншае!

Але сціскалася на вачах не толькі возера, якое звужалася да звычайнай лужыны. Драбнеў і круглы пагорак, і грыбападобная вежа з намотаным канатам-правадніком, і сама раўніна Ісці стала крыху лягчэй. Колькі мы ўжо дадалі? Два сантыметры ці тры?

Я не паспеў парадавацца адваротным зменам, як пачуў крык:

– Бяжым!

Нешта вялізнае на імгненне засланіла неба – і з моцным «Гуп!» абрынулася побач. Так, быццам гахнула гармата. Хваля паветра шпурнула нас да самай прорвы. Яшчэ крок – і сарваліся б уніз. Я паваліўся на мяккае месца і, сутаргава чапляючыся за шурпатую каменную паверхню, папоўз ад краю.

– Скачы!

– Куды?!

У мяне паплыло перад вачыма: прапанавалі скокнуць з вышыні дваццаці паверхаў!

Побач заварочалася нешта масіўнае, з вялікімі цёмнымі плямамі па баках. Мільгануў дрэвападобны хвост. Відаць, цмок усё-такі вырашыў, што мы першыя кандыдаты ў яго мяню, а мурашы пойдуць на дэсерт. На шчасце, босая пятка ўляпілася паміж лапатак – я паляцеў у прорву.

Травень сігануў следам, згробшы ў рукі перапалоханага Лабрыка.



Насустрэч рынулася далёкае дно.

У твар і грудзі ўдарыў магутны струмень паветра. Пад яго ціскам свабоднае падзенне ў нейкі момант запаволілася. Потым моцны штуршок, боль, заняло дух. Рукі і ногі зарыліся ў дробную гальку.

Я распластаўся, баяўся нават паварушыцца.

Кажуць, што ў апошні момант перад вачыма праносіцца ўсё жыццё. Не ведаю, што там мільгае, і што трэба адчуваць, бо я ўспомніў, што дома забыўся зачыніць уваходныя дзверы. Як пакінуў шанец для уцёкаў – так і засталіся прыадчыненыя на пляцоўку. Маркізу цяпер больш прасторы. Спадзяюся, не шмыгне на лесвіцу пад ногі бабы Надзі, калі тая вернецца са сваёй вахты. Думаў пра новую красоўку, якую цяпер прыйдзецца адмываць ад ліпкага паскудства, а то і зусім выкінуць.

Побач захрумстала галька. Я прыўзняўся на руках.

Камяні драбнелі на вачах, ператвараючыся ў пясок. Сцены і столь імкліва несліся насустрач – менавіта так адлятае душа. Ірвецца ўжо на той свет. З вышыні ўсё здаецца такім маленькім, вось-вось пабачу сваё цела У гэты момант нешта балюча грукнула па макаўцы, нагадваючы, што яшчэ рана пакідаць гэты свет.

Я схапіўся за галаву і адкаціўся. За што мне ўсё гэта? У маім свеце бюць знізу, а тут – зверху. Мегаангар няўмольна сціскаўся, яшчэ крыху – і сплюшчыць, як заводскі прэс. Я інстынктыўна прыціснуўся да зямлі. Нават заплюшчыў вочы, чакаючы лёсу металабрухту.

Калі расплюшчыў – было незвычайна ціха. Ураганны вецер знік. Стала лягчэй дыхаць, як і рухацца. Скрозь бамбукавыя сцены прасвечвала блакітнае неба. Над галавой навісала страха са шчыльна ўкладзенага пальмавага лісця. Замест падлогі – мяккі белы пясок, на якім была пасцелена цыноўка.

Тое, што добра грукнула мне па макітры, выявілася сталом з масіўнай круглай пліты. Паўтара метра ружовага мармуру з адтулінай у самым цэнтры паклалі проста на цурбак. На стале сірацеў рассечаны какос з бялай мякаццю ўнутры. Побач стаяла эбанітавая шпулька з размотанай ніткай – яна вяла да іголкі і знікала ў вушцы. Над лужыцай пралітага соку ўзвышалася мая красоўка. І раскіданыя крохі хлеба, якія ўжо пакрыла чорная цвіль.

Сярод усяго гэтага піраваў гекон. Памерам з маю далонь, бэжавы, пакрыты прыгожымі плямамі, з пукатымі латунёвымі вачамі. Яшчарка бязлітасна знішчала рэшткі мурашынага атрада, які ў паніцы разбягаўся па ўсім стале.

За два крокі ад мяне, скрыжаваўшы ногі, сядзеў на пяску Травень. Ён чухаў загрывак Лабрыка, які яшчэ не да канца ўсвядоміў, што здарылася, і спалохана ціснуўся да ног. Я таксама не змог уцяміць, што адбылося. Скокнуць з дваццаці паверхаў і застацца жывым? Я добра памятаю гэты палёт: мы не паспелі вырасці дастаткова, каб ацалець. Гід-скідальнік глядзеў на мяне і загадкава пасміхаўся, чакаючы чарговай дзівацкай высновы. Мой ашалелы выгляд сведчыў пра ўсё і, мабыць, заслугоўваў Оскара.

– Толькі не кажы мне пра магію!

– Толькі фізіка, ніякой магіі, – пагадзіўся той.

– Паказвай, што ў кішэнях! – запатрабаваў я. – Ізноў нейкі прыбор?

Травень паслухмяна вывярнуў кішэні: адна з іх была дзіравая, а з другой вываліўся ўжо знаёмы флакон з ізалятарам.

– Значыць, антыграў недзе тут хаваеш.

Я пачаў абшарваць вачамі хіжыну: цыноўка, мармуровы стол, драўляная бочачка ў куце, грувасткі куфар ля сцяны ды біты гліняны гаршок – больш нічым гэтае высокатэхналагічнае месца пахваліцца не магло.

– Ага, шукай антыграў, ці як ты там яго называеш, – засмяўся гаспадар прымітыўнага жытла. – Як знойдзеш – будзе твой!

– Ну, не здзеквайся з мяне, – здаўся я, згараючы ад няцерплівасці. – Што гэта было? Чаму рукі-ногі на месцы?

– Фізіка. Толькі фізіка. Каб ты яе вучыў, дык не задаваў бы недарэчных пытанняў. – Травень імгненна выкінуў руку і схапіў спрытную яшчарку. Замест таго каб скруціць ёй галаву, пяшчотна пагладзіў. – Маладзец. Навёў чысціню, ніводнага не пакінуў!

На стале і сапраўды не засталося ніводнага мураша. Уся гэтая рудая армія была цалкам знішчана. Гаспадар падняўся і вярнуў гекона на ранейшае месца – на бэльку з бамбукавага ствала. Той, учапіўшыся за абсалютна гладкую паверхню, на ўсяк выпадак адбег далей, але драпу не даў. Відаць, яны ўжо даўно ведалі адзін аднаго.

– Бачу, які маладзец, – буркнуў я, таксама падымаючыся. – Ледзь нас саміх не ўклаў!

– Без яго табе іншыя госці жыцця не дадуць.

– Якія яшчэ госці?

– Пажывеш тут – зразумееш, сам будзеш запрашаць.

Я тузануў красоўку, чакаючы, што пацягне следам і стол, але яна адарвалася без ніякага супраціву. На белых баках ані кроплі глею, быццам і не трапляла ў ліпкую пастку. На падэшве засталіся толькі сляды вулічнага бруду.

Тады я зразумеў, што гэты фірмовы гонар тут не патрэбны.

За голым праёмам, які называўся дзвярыма, вабіла казка.

Я хутчэй сцягнуў другую красоўку, шкарпэткі і выскачыў вонкі.

Глава 5

Райскае месца

Над галавой раскінулася бяздоннае блакітнае неба, дзе амаль у самым зеніце пякло асляпляльнае сонца. У гарачым паветры калыхалася перыстае лісце какосавых пальмаў. Ва ўсе бакі мяккім дываном рассцілаўся беласнежны пясок. І лазурная гладзь лагуны. Празрыстая, як шкло, ля самага берага. Далей яна адлівала яркай бірузой, а потым, бліжэй да сярэдзіны, набывала насычаную сінь. У глыбіне цямнелі смаргадавыя плямы і палосы.

За лагунай, недзе за мілю, пралягла белая лінія прыбою. А за прыбоем каціў хвалі цёмна-сіні акіян, зліваючыся недзе ўдалечыні з небасхілам.

Я ішоў, як зачараваны Пад нагамі скрыпеў гарачы каралавы пясок, пакрыты пярэстымі ценямі. Здалёку даносіўся глухі рокат прыбою. Пяшчотны брыз абдымаў разгарачаны твар і прыгладжваў растрапаныя валасы. Апошнія метры пальмы саступілі голай паласе, дзе бязлітасна жалілі прамыя прамяні, але я гэтага не заўважаў.

У гэтыя хвіліны я прабачыў Траўню ўсе ягоныя жарты. І быў гатовы дараваць усё загадзя, толькі б не прачнуцца ад гэтага дзіўнага сну.

Не адразу зразумеў, што стаю ў прахалоднай вадзе, намачыўшы штаніны. Сцягнуў цесныя джынсы і сарваў кашулю, адкінуў гэты цяжар цывілізацыі, як брыдоту. Яшчэ колькі метраў прайшоўся да глыбіні. Нырнуў – і паляцеў, нібы ў паветры.

Неверагодна празрыстая вада!

На дне відаць кожную рыбінку, кожную пясчынку, быццам і не існавала тоўшчы вады. Цёмныя плямы ператварыліся ў яскравыя каралавыя сады: крэмавыя, малочна-белыя, бледна-ружовыя, ліловыя, жоўта-бурыя. Гэтыя барвы, быццам падсвечаныя знутры, здаваліся нерэальнымі. На большай глыбіні колеры пераходзілі ў бура-зялёныя і сіне-шэрыя тоны.

Каралы раслі шчыльнымі зараснікамі, галінаваліся ці падымаліся асобнымі купаламі. Сярод гэтага падводнага лесу парылі, лёталі, круціліся, мітусіліся ці паважна кудысьці дэфілявалі жыхары ўсіх колераў і характараў. Матылі, папугі, ластачкі, вожыкі, лісы, сабакі, ільвы, мандарынкі, нават клоўны і хірургі. Было месца і музыкам: трубачам і флейтыстам. Сустракаліся і больш важныя асобы – кардыналы і напалеоны. На любы густ. Толькі трэба спераду праз злучок дадаваць «рыба-». Будзе амаль тое самае, што ў нас наверсе, толькі з куды большай разнастайнасцю.

Далей ад берага пальмы больш не засланялі агляду – адкрыўся краявід на гару. Яна ўпіралася ў неба няроўным конусам з яго пагоркамі, выступамі, глыбокімі лагчынамі і расшчэлінамі. Вышчарбленая вяршыня нібыта грабянём вычэсвала блакіт небасхілу, затрымліваючы белую смугу. Заходні бок падымаўся больш паката, а ўсходні абрываўся чырванавата-бурымі сценамі. Крутыя схілы да самай вяршыні пакрываў непралазны трапічны гушчар, толькі месцамі з-пад шчыльнай зялёнай коўдры выглядала голая скала, дзе ўжо ніяк было не зачапіцца за стромкі базальт.

Я не заўважыў, як забраўся далёка. Дзякуй бацьку – не шкадаваў грошай на басейн. На новы смартфон мог паскупіцца, казаў, што і з пабітым экранам усё добра бачна, а расколіны толькі абараняюць ад крадзяжу, а вось на месячны абанемент – ніколі не шкадаваў. Хадзілі разам, каб за вечар адмахаць тры ці чатыры сотні метраў на асобнай дарожцы. На гэтых дарожках да мяне і дайшло, што топіць чалавека не вада, а яго ж уласны жах. Цяпер адлегласць на вадзе для мяне вымяралася не метрамі, а хвілінамі.

Травень сядзеў пад пальмай. Пасля нашага гарадскога чаду ён чамусьці не спяшаўся купацца. Мабыць, хацеў, каб гэты бруд на ім яшчэ трохі пратрымаўся. Затое Лабрык залез у ваду, але круціўся на адмеліне, побач са сваім новым сябрам. Гэта выглядала падазрона. Двое быццам змовіліся, нібы нешта ведалі

Успомніўся раптам адзін фільм, таксама з трапічным востравам і прыгожай лагунай: пакуль адзін паміраў ад гангрэны, астатнія забаўляліся і цешыліся жыццём, нібы нічога не здарылася. Я ірвануў штосілы назад да берага – дзякуючы тым жа трэніроўкам дабраўся хутка. Мяне сустрэў шчаслівы рэтрывер.

– Слухай, акулы ў вас тут водзяцца? – спытаў я, аддыхаўшыся.

– Пра акул не турбуйся – іх даўно людажэры зелі, – бесклапотна адмахнуўся Травень.

Я агледзеўся. Лагуна прасцерлася кіламетраў на дзесяць. На ўсходзе і на захадзе ў акіян выступалі скалістыя мысы, замыкаючы заліў ля далёкіх рыфаў. Мы знаходзіліся недзе пасярод гэтага тонкага паўмесяца. За светла-шэрымі стваламі віднелася адзінокая бамбукавая хіжына. Каля гэтага куратніка былі ўкапаны ў зямлю знаёмыя мармуровыя кругі з адтулінамі ў цэнтры, ад метра да двух у дыяметры. Самы вялікі дасягаў метраў трох. Адзін з гэтых круглякоў таксама прыстасавалі пад стол. Ды яшчэ гамак, нацягнуты паміж двума стваламі. Непадалёку збягаў у мора неглыбокі ручаёк – толькі ступні намачыць. Далей па беразе, колькі ні ўзіраўся, адныя пальмы і пясок. Да самых мысаў нікога і нічога, аніякіх прыкмет цывілізацыі.

Па твары гэтага правадыра не зразумееш: жартуе ён ці гаворыць сурёзна? У ягоным свеце цяпер чакай што заўгодна. Не ведаеш, чаму верыць. Толькі цяпер я прыкмеціў, што ў ягоных руках доўгае мачэтэ, а каля ног валяюцца пажаўцелыя какосы.

– Нешта не відаць тваіх людажэраў. – Я сеў побач, у цень.

– Прыпасы скончыліся, цяпер шастаюць недзе па суседніх астравах. – Травень спрытна абсек арэх і працягнуў мне. Па руках сцякаў сок, а ўнутры бялела мякаць.

Я не стаў удакладняць, што хавалася пад «прыпасамі». Відавочна, не какосы, якіх навакол была процьма. Мяне ахапіў ціхі спакой, не хацелася забіваць галаву нечым дурным. Пацягваў сок і назіраў, як у празрыстай глыбіні лунаў скат. Нібыта кінулі ў ваду двухметровае пакрывала з цёмным верхам і белым нізам, а яно ажыло і цяпер, грацыёзна ўздымаючы і апускаючы куты-крылы, плыло над пясчаным дном.

Потым мы пакінулі сваё адзенне пад наглядам лабрадора, а самі палезлі ў бірузу лагуны. Адплылі далёка ад берага – туды, дзе было больш каралаў.

Зялёная трава майго нядаўняга госця выдатна ўпісвалася ў падводны лес: калыхалася, як жывая, сярод рознакаляровага багавіння і прываблівала дробных рыбінак. Некаторыя нават спрабавалі шмыгнуць у гэтую дзіўную чупрыну. Мне і хвіліны не хапала пратрымацца пад вадой, а той – па тры-чатыры хвіліны спакойна круціўся ля дна. Мог надоўга завіснуць на адным месцы, чакаючы, калі з-пад каменя выгляне краб ці з норкі выткнецца мурэна. Ён часам не прафесійны вадалаз?

Толькі Лабрык непакоіўся, бегаў па адмеліне і брахаў, заклікаючы вярнуцца. Ён хоць і любіў пабоўтацца ў вадзе, але зусім не ўхваляў небяспечных заплываў. Разнерваваўся так, што за нашу лёгкадумнасць пацярпелі джынсы: калі мы вярнуліся, я выявіў іх выкачанымі ў пяску, а на левай штаніне дзірку памерам з кулак. Калі так пойдзе далей, то хутка і я буду свяціць лахманамі.

Травень папярэдзіў, што на сонцы мне больш нельга: згару ў вадзе нават хутчэй, чым на сушы. Таму свае магеланавыя планы мне давялося адкласці. Ды і спёка навалілася такая, што не хацелася лезці нават у ценістыя джунглі, а пасля прахалоднай восені яна і зусім здавалася пеклам. Мы выцягнулі з куфэрка яшчэ адзін гамак і расцягнулі між пальмамі. Далей я даведаўся, што гамак з харакатарам: выкульваў назад на пясок, нібы неабезджаны жарабец. Пасля трэцяй ці чацвёртай спробы я здолеў-такі ўтаймаваць свавольніка.

Наступныя некалькі гадзін, самы разгар дня, мы ратаваліся ў цені, пад ціхае шамаценне кронаў.

У галаве круціліся сотні, калі не тысячы пытанняў. Больш за год літаральна пад бокам знаходзіўся гэты цуд. Пакуль мы здавольваліся брудным снегам, салёнай хляботай і шэрым небам, якое магло тыднямі панаваць над Мінскам, гэта райскае месца прыпадала пылам у куфэрку на шафе!

– Травень, дзе ты раней быў? – наважыўся я парушыць спакой. – Чаму не змог да нас трапіць? Іголка была неактываваная?

– Ты дзе яе хаваў?

– Ляжала ў касэтцы, касэтка ў куфэрку, а куфэрак – на шафе. Я толькі пазаўчора яе выняў.

– Ага, а куфэрак мог бы яшчэ пад дубам закапаць.

– Ведаеш, калі пачаць павялічвацца знутры, то лёгка раскрыецца і касэтка, і куфэрак.

– Ці лёгка б зламаў сабе шыю, з ростам у некалькі сантыметраў.

– Палена шыю сабе не зламае! Прапіхнуў бы – і яно б замест цябе ўсё адчыніла!

– Не адзін ты такі хітры, – пасміхнуўся падарожнік па іншых сусветах. – На якім баку ляжала іголка?

– Не ведаю, яна аднолькавая з усіх бакоў Ды якая розніца?

– Не аднолькавая. Уваход і выхад – толькі з аднаго боку. Калі ляжыць уваходам уніз, ніякія хітрыкі табе не дапаможуць. Ніякога супердамкрата не падсунеш, каб перавярнуць на другі бок. Усё таму, што партал у кантролеры проста дэактывуецца. Будзе звычайная дзірка ў метале.

– Навошта такія складанасці?

– Дзверы ў сваю хату чаму зачыняеш?

– Сам ведаеш – не кожнаму госцю рады.

– Бачыў, аж два замкі павесіў, – засмяяўся Травень. – А я вось усё роўна пралез.

– Лічы, што ты прыемнае выключэнне!

– Лічы, што табе пашчасціла, іншыя б ужо павалаклі цябе ў кайданах.

З хвіліну я ўяўляў сябе ў кайданах – у брудзе, на спёцы, недзе на невольніцкім рынку ці ў сырым падзямеллі, дзе доўгія гады буду рабіць лыжачкай падкоп, пакуль не павесяць. Хто ведае, як тут з правамі чалавека – можа які дзіўны гук. У кожным разе, так сабе будучыня. Пытанняў яшчэ больш, чым было, але ж трэба даведацца асноўнае.

– Надзейна прыдумана, можна спаць спакойна, – пагадзіўся я. – Толькі не разумею, як усё ўпіхнулі ў адну іголку? Гэта ж колькі энергіі патрэбна! Мабыць, яна генеруе больш, чым наша атамная станцыя! Колькі ж яна зараджаецца, каб стварыць партал?

– Іголка не стварае партал – гэта кантролер. Парталы стваралі асобна, іншай машынай, а потым прывязвалі да абекта, які кантралюе браму.

– Значыць, атамнага рэактара ў ёй няма? А як жа трымаць браму адчыненай?

– Энергію можна браць і з наваколля. І яе патрэбна не так шмат, як табе падаецца.

Недзе я ўжо чуў, што энергія ў нашай светлай будучыні будзе больш даступнай, калі да таго часу не пазабіваем адзін аднаго. Мне складаней было зразумець іншае.

– Слухай, калі энергіі патрэбна няшмат, навошта тады зачыняць партал?

Травень толькі цяжка ўздыхнуў, быццам перад ім сядзела малое дзіця.

– Глядзі, замыкаеш у які-небудзь сейф, падключаеш званок, камеру – і ўсё, больш не думаеш, ці просіцца нехта да цябе ў госці! – не здаваўся я. – Не ўсе ж з дурнымі намерамі палезуць! Ведаеш, жалезная заслона не спрыяе нармальнаму развіццю краіны

Травень цярпяліва дачакаўся, пакуль будучы дыпламат ува мне выдыхнецца. Затым гэты лектар па парталах, ляніва церабячы ўласную травінку, размазаў па сцяне ўсе мае магчымыя, нават самыя шалёныя, прапановы:

– Ну няхай, засунеш ты партал у бункер, глыбока пад зямлю, варту выставіш, датчыкі, вогнямёты, лазерную гармату ўпрытык навядзеш А што, калі з другога боку тым жа лазерам першымі шмальнуць? І следам закінуць бомбу – такую, што ад твайго палаца толькі возера застанецца. Браняваная пліта, метр сталі – не перашкода, за секунду выпарыцца. На кожную гайку знойдзецца свой ключ!

Мне не было чаго запярэчыць: любая спроба ўзвесці крэпасць вакол партала толькі ператварала б яго ў вялікую мішэнь. Рашэнне змясціць партал у маленькае вушка можна лічыць геніяльным. Не толькі бяспека, але і непрыкметнасць: бабуля столькі гадоў берагла, і ніхто не ведаў, што за дзіва ў паскрэбаным куфэрку. Ці ведала, але не казала? Калі ведала, то добра разумела, што невядома ў чыёй кішэні можа апынуцца гэтая іголка-кантролер, і невядома што будзе ў галаве гаспадара той кішэні.

Сёння Травень мог нават не спадзявацца на адпачынак, хоць яму і двойчы давялося прайсці праз пекла мезасвету. Я працягнуў допыт:

– Кажаш, ёсць яшчэ іншыя сусветы? Не толькі мой ды твой?

– Хапае.

– Ды колькі ж іх можа быць?!

– Бачыш гэты пясок?

– Хочаш сказаць, што сусветаў як пясчынак на беразе акіяна?

– Больш!

Некаторы час я сядзеў як жаба перад колам: раздавіць яно мяне ці не? Выскачыць з каляіны ці паспрабаваць перавярнуць гэты воз? Розумам не хапіць і наш сусвет, з яго адлегласцямі ў мільярды светлавых гадоў, а тут яшчэ іншыя дадаліся. А можа, гэтая брама – да іншых планет у нашым жа сусвеце? Трыльёны зорак, вакол якіх круцяцца раі планет, – чаму б не дапусціць, што некаторыя з іх амаль цалкам падобныя да нашай Зямлі? Няма аніякіх паралельных сусветаў, ёсць толькі «чарвяточыны» ў іншыя галактыкі?

Нарэшце, калі мой даводца не з нашага сусвету, то чаму мы разумеем адзін аднаго?

– Травень, а ты сам з гэтага свету?

– Тут і нарадзіўся.

– Калі так, то чаму я цябе разумею?

– Ты мог бы ўжо даўно здагадацца, – пасміхнуўся суразмоўца. – Уключы логіку, не спяшайся з высновамі.

Дзякуй, што даў час. Я задумаўся. У галаве панаваў яшчэ той хаос: там назбіралася ўсяго з розных кніг, часопісаў, фільмаў і гэтых самых інтэрнэтаў, дзе кожны быў вольны плясці што заўгодна. Спачатку перавагу мелі фільмы і інтэрнэты, яны тапталіся па звілінах больш агрэсіўна. Затым аднекуль з глыбіні выступіў высокі, хударлявы мужчына з рэзкімі рысамі твару і арліным носам, у шапцы-дырсталкеры, клецістым плашчы і з выгнутай люлькай у руцэ. Пад яго праніклівым позіркам ютубаўская вольніца адразу падціснула хвост, прыціхла, а затым і галівудская неяк разам скукожылася. Перад вачыма роўным строем прамаршыравалі кнігі з маіх і бацькавых паліц і занялі больш выгадныя пазіцыі.

У гэтым свеце, наколькі я ўжо зразумеў, з магіяй справы не мелі, таму заставалася нешта больш прызямлёнае.

Нашы продкі трапілі сюды? Напрыклад, сотні гадоў таму знайшлі партал большага памеру і пралезлі, без усялякіх ізалятараў. Калі так, тады чаму гаворка Траўня сучасная? Нават не тарашкевіца – гэта наркамаўка! Дзякую кнігам, магу адрозніць. Старажытнабеларуская мова яшчэ больш адрозніваецца ад тарашкевіцы, таму варыянт з продкамі адпадае. Вывучыў? Дзе і калі? Ён дзве гадзіны таму не ведаў, як адчыніць пластыкавае акно. Я не з тых, хто верыць у лухту пра «англійскую мову за дваццаць чатыры гадзіны», нават калі ты геній-паліглот. Застаецца толькі навука.

– Думаю, адказ у цябе на шыі вісіць, – я асцярожна выказаў здагадку. – Калі мы лезлі ў ваду, заўважыў, як ты нешта прыкапаў у пясок, хаця і павярнуўся да мяне спіной. І яшчэ: пакуль мы купаліся, ты ні слова не прамовіў. Толькі свістаў, калі хацеў нешта паказаць.

– Нарэшце! – Травень засмяяўся і выцягнуў з-пад зношанай кашулі срэбрысты медальён. Невялікі, круглы дукач, шчыльна пакрыты вуглаватымі ўзорамі і незнаёмымі сімваламі па ўсім вечку. Яны нагадвалі бенгальскі алфавіт. Не здзіўлюся, калі гэта і ёсць старажытнае брахмі. У майго прадзеда было нешта падобнае: срэбны гадзіннік на ланцужку, які той насіў у кішэні пацёртага піджака. Толькі на гадзінніку замест дзіўных узораў меліся серп і молат у вянку.

– Так і ведаў, што ў цябе партатыўны перакладчык! – я і вокам не міргнуў.

– Транслятар, – паправіў уладальнік чарговай тэхнацуды.

– Ён што, усе мовы ведае?

– Ні адной не ведае, – Травень прыбраў прыладу назад пад кашулю. – Ізноў ты, Стас, логіку адключыў. Такія доўга не жывуць, калі дарвуцца да парталаў. Вас па іншых сусветах за руку вадзіць трэба.

А вось гэта мне не спадабалася. Вельмі не спадабалася. Я напружыўся. Здагадка нібы нажом паласнула па мазгах. Я сеў, потым ускочыў і ўспыхнуў:

– Ведаеш, чытаць чужыя думкі без дазволу – гэта свінства!

– Ага, ты гэта майму Дзічку скажы: толькі пра абед падумаеш – а ён ужо тут!

Гэты злыдзень насалоджваўся маёй разгубленасцю і поўнай бездапаможнасцю. Паспрабуй ні пра што не думаць, калі думкі, наадварот, палезлі ў галаву яшчэ заўзяцей! І кожная прасілася прадэфіліраваць на гэтым подыуме, замест таго каб скінуць каблукі ды даць дзёру. Тыя, што ўсё-такі павылазілі, мітусліва забегалі, туды-сюды, нібы мурашы ад гекона, шалёна наскокваючы адна на адну. А як затаіць, калі ты думаеш акурат пра тое, як гэтыя самыя думкі схаваць? Цікава, шапачка з фальгі дапамагае?

Травень нарэшце злітасцівіўся, спытаў:

– Чаму ж ты маіх думак не чуеш?

– Працуе ў адзін бок!

– Можна і ў адзін бок наладзіць, – пагадзіўся ён. – Але тады б ты мяне не разумеў.

– Дзе ты гэты міелафон надыбаў? Таксама ў дзеда Кірмаша выдурыў?

Няхай мне яшчэ скажа, што з-пад самага носа касмічных піратаў сцягнуў. Травень не ведаў, што гэта за міелафон і пры чым тут касмічныя піраты, але, відаць, сэнс зразумеў.

– Абмежавальнік не чапаю, інакш даўно б з глузду зехаў. Транслятар перадае сэнс толькі таго, што вымаўляеш.

Ты мяне яшчэ і за дурня лічыш. Я забегаў вакол, размахваючы рукамі.

– Навошта тады хаваў ад мяне?!

– Табе і так на сёння хапіла, усё адразу не змесціш.

– Добры ж ты гуманіст! Скажы, як цяпер быць побач з табой? На колькі крокаў мне адысці?

Выкрадальнік думак выцягнуўся ў гамаку, заплюшчыў вочы, адну руку закінуў за галаву, а другой зацерабіў травіну, што звісала на лоб.

– Вось ты даведаешся, што насамрэч думаюць пра цябе твае найлепшыя сябры, – прамовіў ён ляніва. – Ты гэта вытрымаеш?

– Вытрымаю!

– Ну, няхай вытрымаеш. Але і без сяброў застанешся, і новых сабе не набудзеш.

На страницу:
3 из 4