bannerbanner
Планета ў падарунак
Планета ў падарунак

Полная версия

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
4 из 5

Ліна помніла прозвішча доктара, у яе быў і нумар ягонага бальнічнага тэлефона, неаднойчы даводзілася званіць, распытваць… Дастала з сумачкі запісную кніжку.

– Дайце яе сюды, – папрасіла Тамара Максімаўна. – Пакажыце, дзе тут нумар у вас запісаны. Я паспрабую пазваніць доктару…

Ён аказаўся на месцы. Але іхняя размова, з якой Ліна мала што зразумела, была кароткай. Даманеўская паклала трубку.

– Абпраменьвання ён ужо не вытрымае, можа на стале памерці. У яго метастазы большыя за два сантыметры ў дыяметры.

– Тамара Максімаўна, калі ласка, што гэта значыць? – устрывожылася Ліна.

– Да новага года наўрад ці…

– Што наўрад?

– Вы ж не маленькая… Я ад вас нічога не ўтойваю. Морфій колюць, болю ён не адчувае…

– А лячэнне?

– Дарагая вы мая, акром комплексу вітамінаў, ужо… На жаль, нічога.

Ліна выходзіла з кабінета прафесаркі як на ватных нагах. Зрабіла некалькі крокаў, і раптам дзверы… Расчыненыя дзверы ў бальнічную палату. І яна ўвайшла ў іх. Ложкаў было многа: сем ці восем пар жаночых вачэй павярнулася да яе. Яна ведала, пра што трэба запытацца, а мову бы адняло.

– Вы, можа, да Юркевіч, дык яе яшчэ ўчора выпісалі, – адазвалася адна з жанчын.

– Не, я да вас… Да вас усіх. – І далей яна загаварыла горача, як на апошняй споведзі перад расхінутай прорвай: – Жанчыначкі, даражэнькія, вы ж тут паміж сабою самыя розныя размовы ведзяце, і найчасцей пра хваробы свае… У мяне брат ужо безнадзейны, дык, можа, вы мне які нетрадыцыйны сродак падкажаце, людзі ж па-ўсялякаму ратуюцца.

Жанчыны перазірнуліся, быццам пыталіся адна ў адной: а ці варта ёй што казаць? Ліна чакала.

– Я сама, праўда, не спрабавала, – няпэўным голасам сказала адна з жанчын, – але чула, што ў суседняй з нашай вёсцы нехта піў газу, а вось дапамагло ці не, не ведаю. Не магу нічога сказаць.

– Газа не дапамагае, – жыва адазвалася другая жанчына і паднялася з ложка. – Можна паспрабаваць вясёлку. Грыб такі ёсць. Яго трэба настойваць на спірце, потым у слоіку гэты настой на тры месяцы закапаць у зямлю і пасля ўжо піць. Па кроплях, вядома. Я спрабавала, мне трошкі нават лягчэла, але хвароба была ўжо запушчаная.

– А яшчэ нафталін ужываюць… На саменькі-саменькі кончык нажа бяруць. Ды вы сядайце во сюды на крэсла, чаго ж стаяць? – І даволі рухавая жанчына паднесла да яе крэсла. Ліна села, бачыла, як пасвятлелі ў жанчын вочы, як ажывіліся твары. Падумала: «Гэта ж трэба, во-о, якія людзі, і чаму ж з імі такое здарылася! Самі ў безвыходнай бядзе, а як пранікліва адгукнуліся на чужое гора».

А тым часам яшчэ адна жанчына згадала, як ёй раілі зрабіць настой балігалову, але яна не знайшла гэтай расліны: відаць, у іхняй мясцовасці ён не рос.

– Не, жанчынкі, – сказала чарнявая маладзіца, што сядзела на ложку найбліжэй да Ліны. – Усё, што вы тут нараілі, гэта ж атрута.

– Дык мо і добра, клеткі ракавыя патруціць, хоць газа, хоць нафталін, – пачуўся голас з-пад коўдры на аддаленым ложку.

– Не-не, здаровыя таксама труціцца будуць. – І чарнявая кабетка падышла да Ліны з нейкаю паперкаю ў руках. – Вось вам ксеракопія метаду Шаўчэнкі. Тут усё распісана, што да чаго… Разберацеся. Спірт ці гарэлка патрэбна ды алей нерафінаваны, змешваюцца ў пэўных дозах… Як-ніяк, натуральны прадукт, калі і не дапаможа, дык і не зашкодзіць.

Ліна ўзяла паперчыну, падзякавала, паднялася з крэсла і прыпынілася, бо адазвалася яшчэ адна жанчына.

– Метад Шаўчэнкі тут наўрад ці дапаможа. Гэта калі на самым пачатку, а ты ж чула: чалавек ужо безнадзейны. Ведаеце што, – цяпер ужо яна звярталася да Ліны. – Ёсць яшчэ адзін сродак. Прэпарат Дорагава. Кажуць, некалі Хрушчоў загадаў вучоным вынайсці лякарства супраць раку. Вось Дорагаў і вынайшаў. Але чамусьці яго не зацвердзілі ў медыцыне, у ветэрынарыю спусцілі. Вам трэба да ветэрынараў звярнуцца.

Ліна яшчэ раз падзякавала, цяпер ужо ўсім, пажадала здароўя і развіталася. У калідоры тварам у твар сутыкнулася з прафесарам Даманеўскай, збянтэжылася:

– Я, бачыце, яшчэ тут…

Тамара Максімаўна толькі цяжка ўздыхнула:

– Здагадваюся, чаго вы заходзілі ў палату, але не труціце яго нічым. Паверце, за час маёй працы столькі людзей прайшло… Усё марна… Хай чалавек спакойна дажыве да свайго апошняга дня.

Ліна і не збіралася труціць. Слухаючы парады няшчасных кабецін, яна ў думках адмятала і балігалоў, і нафталін, і газу… Хіба што толькі грыб вясёлка? Але, даслухаўшы ўсіх да канца, спынілася на метадзе Шаўчэнкі і на прэпараце Дорагава. Яны ўсялялі надзею, а галоўнае, як сказала адна з тых жанчын, лічыліся бясшкоднымі. Можна было паспрабаваць. Таму, як толькі сын прывёз яе дамоў, адразу ж узялася за тэлефон… У даведачнай дазналася нумар ветэрынарнай службы і нумары некалькіх ветэрынарных аптэк. Спачатку пазваніла ветэрынарам.

– Скажыце, калі ласка, у парадку кансультацыі, вы карыстаецеся ў сваёй практыцы прэпаратам Дорагава?

– Бывае…

– А супраць чаго ён выкарыстоўваецца? Мне для чалавека трэба.

– Хм-м… Ад раку.

Ліна падзякавала і хутка пачала набіраць нумар ветэрынарнай аптэкі. Толькі ў трэцяй ёй адказалі, што гэты прэпарат у іх ёсць. Не стала адкладваць на заўтрашні дзень, адразу ж сабралася і паехала ў аптэку. Там папрасіла дзесяць пляшачак. Калі аптэкарка адпускала іх, дык папярэдзіла:

– Хто будзе піць, хай нос затыкае. Смярдзючае надта, там жывая клетка ў стадыі гніення.

Але гэта ўжо для Ліны здалося дробяззю, абы памагло, хоць што можна выпіць. Дома яна нават не зняла плашч. Ад мужа, які запытаўся, дзе яна так доўга забавілася, толькі адмахнулася, пайшла да тэлефона і пачала набіраць братаў нумар… Ёй адказала братавая:

– Добра, што ты патэлефанавала. Мне ўдалося ўладкаваць Вадзіма ў стары анкалагічны корпус. Санітарка знаёмая дапамагла. Ён адразу і лёг пасля абеду.

– А я тут дазналася сёння… Бывае, людзі метадам Шаўчэнкі лечацца. Ёсць яшчэ і прэпарат Дорагава. Я купіла.

– Пра метад Шаўчэнкі мне казалі.

– Дык давай запішы, у мяне рэцэпт гэты ёсць. Я прадыктую, у якіх дозах трэба браць спірт і алей. – Яна выцягнула з сумачкі паперку, пачала дыктаваць, потым запыталася: – А як перадаць бутэлечкі з прэпаратам? Можа, праз вадзіцеля рэйсавага аўтобуса заўтра?

– Пачакай з прэпаратам, хай спачатку метад Шаўчэнкі паспрабуе.

– А ў бальніцы яму што-небудзь прызначылі?

– Ну якія прызначэнні, Ліна?! Яму проста спакайней там, усё ж ляжыць у бальніцы. Дактары побач. Ён цяжка дыхаць пачаў, можа, метастазы ў лёгкія пайшлі? І ўвогуле… Калі раптам самае страшнае здарыцца, няхай лепш у бальніцы, а не дома. Я мерцвякоў баюся.

– Што ты такое кажаш?! – У яе пахаладзела ў грудзях. – Ён жа яшчэ не мёртвы, ён яшчэ твой муж! – І яна кінула трубку. Дыханне сцяло, перахапіла… Сцягнула і шпурнула на падлогу плашч, пайшла ў спальню, упала на ложак, даючы волю рыданню.

Зазірнуў муж:

– Можа, валяр’янкі накапаць?

– Не… Пакінь мяне.

Яна плакала і плакала… Ужо, здавалася, і без слёз, а шкадаванне, адчуванне блізкае страты не выплаквалася. Адно былі слабасць і стома, знясіленасць душы, нерваў, і яна правалілася ў сон, у чорную бездань. Потым Ліна доўга гадала: сон гэта быў ці штось іншае? Наўкол яе была цемрадзь, але калі яна падняла позірк, дык высока-высока над сабою пабачыла неба, у якім свяціліся сузор’і, паблісквалі адзінокія зоркі. Цемра пачала рассейвацца, асвятляцца, яна павяла позіркам убок і пабачыла Вока, вялізнае, ясна-блакітнае з цёмным гузікам-зрэнкаю. Вока паднімалася ўверх і ўверх, і ёй яно бачылася перагружаным, ацяжэлым… «Гэта ж трэба, колькі ўсяго нагледзелася! Як цяжка ляцець яму, быццам увабрала ў сябе ўсё тое, чым жыве людства на Зямлі, чым поўніцца жыццё чалавечае: усе пакуты, увесь боль, любоў і нянавісць, пошасць і падман, міласэрнасць, жорсткасць і лютасць, сквапнасць, пажаднасць, двурушнасць, адчай і хіжасць, беднасць і багацце, праведнасць і няправеднасць… Куды яно гэта ўсё нясе, каму пра ўсё раскажа, якое яно, жыццё зямное? На чый суд вынесе справы і ўчынкі кожнага, хто праходзіць свой зямны шлях?» Гэтак думалася ёй, а Вока ўсё паднімалася і паднімалася, усё вышэй і вышэй, куды не пранікае розум чалавечы, і ці пранікне?

Ліна ўздрыгнула, расплюшчыла вочы: напэўна, ужо была ноч. Побач спаў муж, за акном зрэдку праязджалі машыны. «Вока!» Яна згадала Вока, на імгненне ўявіла яго, але не стала нічога асэнсоўваць, падумала пра тое, што заўтра трэба будзе абавязкова пайсці ў царкву, каб звярнуцца са сваёю бядою да Маці Божай…

* * *

Тым днём у царкве чамусьці не служылі ютрані, а магчыма, ужо адслужылі. Яна прыходзіла ў храм толькі па вялікіх святах. У царкве было нешматлюдна: хтосьці запальваў свечку, хтосьці шаптаў малітву. Яна таксама запаліла свечку і паставіла яе перад абразом Маці Божай, пасля чаго ўкленчыла. Слёзы каціліся па шчоках, вусны варушыліся, але гэта была не малітва… «Я веру, Найсвятлейшая са Святлейшых, – шаптала Ліна, – што Ты ўсё можаш. Тваё Вока ўсё бачыць, пра ўсё ведае. Ці ж можаш Ты дапусціць, каб ён, мой малодшы брат, адышоў, пакінуў зямное жыццё раней за мяне, як жа тады будзе жыць мне, старэйшай сястры? У яго няма грахоў перад Табою, а калі і ёсць, даруй яму іх, злітуйся! Хай яшчэ пажыве на Зямлі, хай калісьці пасля з’явіцца перад судом Тваім. Адцягні гэты момант, дай магчымасць яшчэ падыхаць яму зямным паветрам, давесці дзіця сваё да самастойнага жыцця, хай яшчэ паходзіць зямнымі сцежкамі, не забірай, пазбаў яго цяжкай хваробы, што лічыцца на Зямлі невылечнай, калі толькі такое магчыма. У Бібліі, у святой Кнізе, напісана, што кожнаму будзе дадзена па справах яго… Малю Цябе, Міласэрная, дай яму цяпер, дай яшчэ зямнога жыцця…» Яна ўсё прамаўляла і прамаўляла словы, у якіх была і просьба, і споведзь. Потым пацалавала краёчак іконы, перажагналася і выйшла з царквы, поўная ціхай задумлівасці. Пад ногі зляцеў лісток, але дрэвы наўкол царквы яшчэ стаялі ў сваіх зялёных уборах, што толькі падкрэслівала: у ствалах бруіцца жыццё. Жыццё…

* * *

Праз некалькі дзён яна вярталася з працы. У двары перад пад’ездам заўважыла сынаву машыну, падумала: «А чаго гэта ён прыехаў да нас, як быццам не меўся? Можа, Коля куды хоча пад’ехаць з ім?» Паднялася на свой паверх, адамкнула дзверы і ўся затрапятала пякучым пачуццём: у пярэднім пакоі стаяў брат, штосьці вымаў з кішэні курткі.

– Вадзім? Ты? У нас? Як жа ты прыехаў? А ўколы? Морфій хто табе будзе тут калоць?

– Ніхто. Ніякіх уколаў не трэба.

Яны прайшлі ў гасцёўню, дзе муж з сынам ужо накрывалі стол.

– Нарэшце з’явілася, – сказаў сын. – Дзядзьку трэба карміць, ён галодны. Чатыры гадзіны ехаў у аўтобусе, а з вакзала ўжо я яго падкінуў.

Яна глядзела на брата, быццам шукала на твары нейкі адказ.

– Давай, Вадзім, расказвай. – Села на канапу.

– А што расказваць? – Ён прысеў побач. – Лёг у бальніцу, доктар адразу сказаў: «Ну, мужык, трывай… У нас стары корпус, гэта не раённая паліклініка, морфій нам з галоўнага корпуса скідваюць і не столькі, колькі трэба, таму абязбольваць будзем звычайным баралгінам. Толькі ўжо тады, калі боль зусім нясцерпны стане, нешта мацнейшае ўколем». Назаўтра прыйшла медсястра калоць мне той баралгін, ну а я і кажу: «Не каліце! Мне нічога не баліць». – «Як не баліць?..» Потым дзень прайшоў, другі… Болю ў мяне ніякага. Павялі на УГД, пасля на дыягнастычны камп’ютар… Цуд нейкі адбыўся! Аказваецца, здаровы я! Дактары паўторна нічога не знайшлі.

– А чаго да нас? – Ліна верыла і не верыла яго словам.

– Накіраванне ў Бараўляны далі, каб яшчэ і там абследаваўся. А што абследавацца? – Брат шчасліва засмяяўся. – Здаровы! Калі б сапраўды ў мяне была тая хвароба, дык ці прайшла б?! Нешта я не чуў пра такое. Памылка адбылася. Дактары памыліліся з дыягназам.

Яна ўзяла братаву руку ў сваю… Сядзела суцішаная і задумлівая. Ёй бачылася ацяжэлае Вока. Яно паднімалася і паднімалася ўверх – да сузор’яў, да зорак… Вока Сусвету…

Кава для дамавіка

У яе быў дзень нараджэння. Слотны, халодны дзень. Павіншавалі на працы, у маленькай ашчаднай касе, дзе яна трэці год працуе касіркай, – вунь яны, пяць чырвоных гваздзікоў, стаяць на століку, а яна, трыццаціпяцігадовая, ляжыць на канапе з блізка прыстаўленым тэлефонам: можа, хто пазвоніць?! А раптам? Раптам… званок! «Гэта я, не пазнаеш?.. А я помню. Сёння твой дзень, хачу цябе бачыць…» «Хто гэта?» – радасна выдыхне яна і пачне ўспамінаць… Хаця што згадваць?! З апошнім, можна сказаць, выпадковым знаёмым яна развіталася два месяцы таму назад. Гм-м, развіталася! Проста выгнала, і ўсё. Твар у яго быў нахабны, не іначай прымерваўся да кватэры. Відаць, было зручна зазірнуць з пляшкай, каб не на вуліцы выпіць, не ў скверыку… А ў яе што, закусачная?!

Прыкрылася коўдрай. «У мяне не закусачная. От ляжу сабе ціха, ніхто не тлуміць галавы, а можна і ўстаць. Адзінае, чамусьці вельмі сябе шкада, і асабліва ў святочныя дні». Яна прыкусіла ніжнюю губу. Дурніца, ды хіба табе рабіць няма чаго! Дзе пыласос? Трэба падняцца, хутка прайсціся па дыване, каб ні пылінкі, потым выцерці пыл з мэблі, тое-сёе памыць… Нарэшце, узяцца за вячэру і – спаць…

Глыбей нацягнула коўдру, вочы заплюшчваліся. Посуд! На кухні стаяць брудныя кубачкі з недапітаю кавай, непамытая кававарка… Але ўсё заўтра, заўтра…

* * *

Яна стаяла пасярэдзіне пакойчыка. Ага-а, пыласос… вунь, у кутку. Толькі заместа таго, каб падысці да пыласоса, падышла да акна. Знаёмая прывакзальная плошча. Тры вочкі святлафора – зялёнае, жоўтае, чырвонае… Маці, калі разменьвала іхнюю старую чатырохпакаёвую кватэру, чамусьці была супраць гэтага месца. Нават спрабавала адгаварыць яе – маўляў, шумна, спакою не будзе. А некалі замуж выйдзеш, дзіця народзіцца, не засне малое. Хацелася рассмяяцца… Маці і цяпер раніцай, калі пазваніла, каб павіншаваць яе, пасля звычайных у такіх выпадках слоў павучальна сказала: «Калі ёсць хто, дык сябровак не запрашай, сяброўкі тут не дарадчыцы… Пакуль цвёрда ўсё не завяжацца, сябровак блізка не падпускай. Адаб’юць! Разлучаць!» Дзівачка маці, што завяжацца? Ёй увесь час здаецца, што, калі б не сяброўкі, яна не заседзелася б у старых дзеўках у сваёй асобнай кватэры. Каб гэтага не здарылася, дзеля яе, уласна кажучы, і рабіўся размен.

– Ужо не той узрост, каб жыць пры бацьках, – сказала тады старэйшая сястра, – яна знаёмага запросіць, а вы ў шчыліну падглядваць будзеце! Сучасныя мужчыны ў тую хату, дзе старыя бацькі, не пойдуць! Жанчыне ў трыццаць пяць гадоў трэба жыць адной, асобна.

І маці пагадзілася з сястрою. Гм-м, пагадзілася… Зялёнае… жоўтае… чырвонае… міргаюць вочкі святлафора. Вось што… Яна адвярнулася ад акна. Вячэра? У халадзільніку пельмені гастраномныя, кавалак сыру. Ды што прыдумляць, калі на вакзале ёсць буфет! Можна выпіць кефіру, з’есці які бутэрброд, і не трэба пасля мыць ніякага посуду, толькі апрануцца, прайсціся па свежым паветры… Накінула паліто на хатні халацік – у буфеце ж не распранацца! – хутчэй па звычцы падвяла чорным алоўкам вочы, падфарбавала вейкі. Усё! З пад’езда выйшла не спяшаючыся – дыхаць паветрам, дык дыхаць, – і неўзабаве злілася з людскім патокам, несціханым і мітуслівым (людзі ж тут, на прывакзальнай плошчы, у асноўным прыезджыя), а ёй можна і не мітусіцца, ёй няма куды спяшацца.

У вакзальным буфеце яна стаяла ў чарзе за высокім мужчынам у скураной кепцы, нацягнутай на самыя вочы, і звярнула на яго ўвагу толькі таму, што ён моўчкі прапусціў яе ўперад.

– Вы што? – не зразумела.

– Хм-м… нічога! Я не спяшаюся.

– Я таксама… – Але звярнулася да буфетчыцы: – Кефір, адну шклянку, і два бутэрброды з сырам.

– Кавы з малаком не бярыце, – пачулася ззаду. – Лепш мінералку. Кава халодная.

Гаварыў мужчына ў скураной кепцы, яна гэта адчула не азіраючыся.

– Што далей? Два бутэрброды з сырам?.. – нецярпліва паўтарыла прадаўшчыца.

– Каву з малаком і яшчэ пірожнае. Можна эклер.

Падала прадаўшчыцы грошы, з талеркай і шклянкай кефіру пайшла да свабоднага століка. Кава! Яшчэ трэба ўзяць каву!

– Ваша рэшта і кава. – Мужчына ў кепцы паставіў на столік шклянку з кавай, паклаў побач рэшту, пайшоў да стойкі. Праз хвіліну вярнуўся са шклянкай мінеральнай вады.

– Вы не супраць? Дарэмна адмовіліся ад мінералкі…

Патхнула тытунём. Яна зрэдку і сама была не супраць узяць цыгарэту, але тут быў нейкі асаблівы непрыемны рэзкі пах. Моўчкі адглынула са шклянкі з кефірам.

– Значыцца, не супраць?

Ёй хацелася абурыцца: нельга ж быць такім неадчэпным! Падняла вочы. Мужчына шырока ўсміхаўся. Зубы былі пракураныя ці мелі жаўтаваты колер ад прыроды.

– А вам пасуе.

– Што пасуе?

Яна не хавала раздражнення. Узяць і перайсці за іншы столік? Столікі ўсе занятыя… Зноў падняла вочы на мужчыну. Што яму трэба ад яе?

– Пасуе плямка ад кефіру вось тут… Ды не нервуйцеся вы! Проста не люблю вакзалаў. Быў няўдалы дзень…

– Дык надумалі прычапіцца да мяне? Нібыта ад гэтага ў вас з’явіцца любоў да вакзалаў!

Яна адставіла кефір, хутка праглынула сухі бутэрброд, запіваючы кавай з малаком, якая сапраўды была халодная і нясмачная. Эклер загарнула ў сурвэтку.

– Спяшаецеся? Пойдзеце на паветра ці ў залу чакання?

– Куды-куды? – Ёй хацелася крыкнуць: якая зала чакання, да чаго тут зала, калі насупраць ейны дом, ейная кватэра! Але стрымала сябе, павярнулася і пайшла. Ненармальны! Абы прычапіцца!

Ён дагнаў яе каля перахода, кепку яшчэ глыбей нацягнуў на вочы.

– Адной не сумна?

Спынілася. Паглядзела на яго зверху ўніз. Святло ад ліхтара нібыта выхоплівала мужчыну з цемры. Божа! Куртка расшпілена, шалік з паабрыванымі кутасамі і гумовікі! Зялёныя гумовыя боты з шырокімі халявамі. Прайдзісвет! Напэўна, п’е… у адзіноце… во-о і твар непаголены! Толькі цяпер звярнула на гэта ўвагу. Ёй чамусьці падумалася, што да яе заўжды чапляліся менавіта такія, да непрыстойнасці абыякавыя да сваёй знешнасці і, як выяўлялася пасля, без выключэння амаль усе алкаголікі. Наліў – выпіў, выпіў – наліў!.. Гэтага яшчэ не хапала!

– Доўга будзем стаяць?

Божа, ён пасміхаецца! Спрабуе зрабіць надзвычай лагодны выгляд. І тут яе як прарвала:

– Ды што вам трэба ад мяне?! Ідзіце прэч! Мне непрыемна вас бачыць! Я спяшаюся. Спяшаюся дадому… Я хачу адпачыць! У мяне сёння дзень нараджэння. Вы сапсавалі мне вечар!..

Ён нахіліўся да яе.

– А-а?! У такім разе вечар толькі пачынаецца. Хм-м, дзень нараджэння са шклянкай кефіру… – І ціха, каля самага твару: – Як хочацца кавы… сапраўднай гарачай кавы… без цукру!

… Яны падыходзілі да дома. «А зрэшты, што ж у тым кепскага, калі я і запрашу яго на каву, – думала яна. – Ну паабрываныя кутасы на шаліку, ну гумовікі з шырокімі халявамі, на джынсах латка на калене, – гэта яна заўважыла ў падземным пераходзе пад плошчай, – а так і нічога сабе… Нават залішне далікатны. На злодзея не падобны, ды і ўвогуле, што ён можа зрабіць мне ў маёй кватэры?! Суседзі, тэлефон… У любы момант можа патэлефанаваць маці альбо сястра. Не замуж жа за яго ісці, ды і пры чым тут паабрываныя кутасы на шаліку, латка на джынсах, можа, ён і вельмі добры чалавек».

– Мы прыйшлі.

Двор, куды яны заварочвалі, быў цёмны, змрочны.

– Жыццё… Дзіўна, многае забываецца, – казаў ён, – а вось гэты будынак я добра запомніў, яшчэ ў дзяцінстве, не думаючы, што буду запрошаны сюды на каву. Можа, таму што на ім гадзіннік? Я ж сам мінчанін. Кватэра ў Зялёным Лузе. А жыву ў вёсцы… А вы тут, пад гадзіннікам. Цік-так, цік-так… Не цікае?

«Яшчэ як цікае! – хацелася адказаць ёй. – Трыццаць пяць націкала. – Але маўчала. Думала: – Кватэра ў Зялёным Лузе. Мінчанін. Жыве ў вёсцы. Можа, хворых бацькоў даглядае? Можа, так… На дачы! А работа? Дзе ж ён працуе? Доктар? Настаўнік? Не падобна!»

Моцна грукнулі дзверы.

– От д’ябал, не прытрымаў!

Ён узяў яе за локаць, горача задыхаў у патыліцу.

– Чаго ж цёмна?! Пад’езд без гаспадара…

Боты ягоныя цяжка тупалі. На хвіліну з’явілася нерашучасць. Ці добра яна робіць, што вядзе яго? Зрэшты, кавы мог бы выпіць і дома, калі мінчанін. Навошта напрасіўся да яе? Вось і дзверы. Вочы прызвычаіліся да цемры, хутка адамкнула замок і ўвайшла ў кватэру. Уключыла святло, сказала, каб здымаў куртку. Успомніла пра свой хатні халацік:

– Даруйце, вы госць неспадзяваны…

Ён толькі пасміхаўся. Сцягнуў кепку, моўчкі зняў куртку. Яна адзначыла, што ў яго прыгожыя вочы і валасы.

– Боты сцягну, не супраць? – нарэшце адазваўся ён.

Згодна кіўнула. Каб не замінаць яму ў цесным пярэднім пакоі, пайшла на кухню. Кубачкі! Хутчэй трэба памыць кубачкі і кававарку! Пачала мыць. Чула, як ён прайшоў у пакой. Затрымаўся хвіліну. Ідзе да яе…

– Адразу за каву? – Пасміхнуўся: – Аб’яву ў газету яшчэ не давалі?

– Якую аб’яву? – яна не зразумела.

– Звычайную. Маладая жанчына прывабнай знешнасці хоча знайсці партнёра па жыцці, мае сваю кватэру.

– У вас і жарты!

Задумалася. Хм-м… Толькі ўчора думала яна пра гэтую аб’яву. Стрымлівала адно: няма вышэйшай адукацыі, прэстыжнай працы, а гэта, як казала сяброўка, для сучасных мужчын таксама іграе не апошнюю ролю. Калі прагматызм, дык ва ўсім… Прывабнай знешнасці і кватэры мала, проста «касірка ў ашчаднай касе» не гучыць! Дыплом як фасад…

– А вы што, цікавіліся аб’явамі ў газеце? – Паглядзела на яго.

– Ды не. – Ён абапёрся на вушак. – Неяк аднойчы натрапіў. Жанчыны – дзіўны народ: усе як адна пішуць: «Маю прывабную знешнасць». А тут трэба зацікавіць. Нешта зусім нязвыклае… Скажам, гатую толькі адну страву – вельмі смачную качку з яблыкамі – альбо: вяжу цудоўныя каптурыкі для нованароджаных…

– Качкі з яблыкамі ў мяне няма, толькі кава… – Яна развяла рукамі. – А што гэта вы пра аб’явы? – расцягвала словы. – Скуль вы ўзялі, што я адна… тая самая адзінокая жанчына?

– Трэба быць сляпым, каб гэтага не бачыць. Бр-р-р… Ды ў вас кожная рэч у доме крычыць пра адзіноту. Вось сюды, калі ласка!

Ёй здалося, што ён падхапіў яе на рукі, а ён проста ўзяў за руку і пацягнуў у пакой. Спынілася на парозе. Глядзела на сцены, на знаёмую мэблю, потым запытальна на яго.

– Паказаць? – Ён падышоў да шафы. – Божа, якое сіроцтва! Тры створкі, гэты халодны паліраваны бляск… А вы зрабіце вось гэтак!

Павярнуў ключ у шафе, прачыніў дзверцы: «О-о, якое багацце!» Яна ўся сцялася. Што ён робіць?! Навошта?! Ён пацягнуў да сябе край зялёнай сукенкі, стукнуў дзвярамі, зашчаміўшы гэты краёк…

– Ну вось цяпер іншая справа! Я бачу, што ў доме жыве жанчына. Яна, між іншым, прышчаміла край сукенкі, якую вешала ў шафу. Яна некуды спяшалася. Прыгожая сукенка. Вельмі! Жанчына павінна любіць сукенкі. Яны шыюцца для яе. Яны павінны яе ўпрыгожваць, але іх трэба ўмець насіць. А калі яшчэ такі твар, як у вас! Вы паглядзіце! Гэты зялёны краёк як ветразь! Ён вабіць і ляціць… ляціць да свайго берага. Падыдзіце, сядзьце на канапу.

Падышла. Села. Ён адгарнуў з ейнага лба грыўку.

– О-о, ну вядома, я гэтак і думаў! Цудоўны лоб! Незвычайна прыгожы лоб. А вы яго – пад грыўку! Не трэ-э-эба! Усё, што прыгожае, павінна быць навідавоку.

Яна спрабавала адгарнуць грыўку назад, адвяла ягоную руку.

– Разумею. Вам нязвыкла. І дарэмна! Грыўка вас псуе. Палова праспекта ходзіць з грыўкамі, а вам трэба адкрываць лоб. У вас маленькія прыгожыя вушкі. Калі вы не будзеце падводзіць вочы гэтым чорным тлустым алоўкам, а толькі злёгку пакладзяце цені – лепш зялёныя з лёгкім карычневым, – у вас будуць вельмі выразныя вочы. Вам, дарэчы, падабаецца зялёны колер?! Мне надта, гэта мой любімы…

– Кіньце! – Яна падхапілася з канапы. – Вы прасілі напаіць вас кавай. Трэба яе паставіць…

– Чакайце. Пакінем вас. Вернемся да кватэры. Тэлевізар у кутку – усё зразумела: каб можна было ляжаць на канапе! Вельмі зручна. Ляжыш і глядзіш! Не трэба ляжаць, гэта засмоктвае. Трэба стварыць нязручнасць. Значыцца, пераставіць яго вось сюды… – І ён пацягнуў тумбу з тэлевізарам.

«Раскладны стол-кніга. Яму тут не месца!» – далятала да яе. І стол «ехаў» да супрацьлеглай сцяны. «Кветкі, гваздзікі… як пяць алавяных салдацікаў напагатове! Ды не трэба іх разам! Тры пакінем тут, а па адным вось сюды, у гэтую шкляначку і збаночак!» Ён яшчэ нешта перасоўваў, перацягваў, перастаўляў… Пакой на вачах змяняўся, быў і не. Нарэшце ён спыніўся, выцер лоб рукою.

– У мяне ўсё! Кава гатова?

Яны пілі каву на кухні, так хацелася яму, там больш цяпла. Яна сказала, што не хоча, каб усе размовы круціліся толькі вакол яе, ну а што ж ён?! Ёй гэта цікава.

– Я? Я… нічога! З дзяцінства малюю. Тое-сёе выстаўляў, але гэта так… не Эль Грэка! Цяпер у вёсцы. Старшыня знаёмы работу прапанаваў. За тры кавалкі стэнды розныя і залу ў Доме культуры трэба аздобіць. На тры сцяны – палотны! Я, вядома, пагадзіўся і амаль усё выканаў. Прыгожа. А вось тры кавалкі адразу ж вырашыў аддаць на вяндлярню. Для калгаса і працоўнага сялянства. Пачнуць біць вепручкоў сваіх, хай вэндзяць каўбасы. Хм-м, не хоча вяндлярні старшыня, у яго іншыя думкі. А як жа харч для насельніцтва?! Колькі можна вяскоўцу ў горад па каўбасу ездзіць? Га-а?

Яна падлівала каву. Вяндлярня… Каўбасы… Ён, аказваецца, малюе з дзяцінства. Ёй шкада было сукенкі, заціснутай дзверцамі, і муляў вочы тэлевізар. Вядома, не на сваім месцы! Гэта раздражняла. Ён дакрануўся да рукі.

На страницу:
4 из 5