bannerbanner
Планета ў падарунак
Планета ў падарунак

Полная версия

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 5

Ад нечаканасці яна адхінулася. З кучы папер вытыркалася блішчастая жоўтая рама, а ў раме… Так, гэта быў партрэт незнаёмага ёй чалавека на фоне невыразнага кустоўя, у поўны рост. І першае, што ёй кінулася, – вясёлы, нават гарэзлівы позірк незнаёмца, які нібыта казаў: «Ну вось ён я… Такі, які ёсць. Будзем знаёмыя!»

А муж удакладніў:

– У пансіянаце нашыя нумары былі побач. Ён, можна сказаць, мяне і падбухторыў паспрабаваць. Нават пагадзіўся пазіраваць! – І дадаў: – Табе гэта спадабалася? – Ён не адважыўся тое, што было ў раме, назваць партрэтам. Хоць партрэт, як ні дзіўна, атрымаўся, і яна не пакрывіла душою.

– Вельмі сімпатычны твар… Думаю, гэтую раму трэба некуды павесіць.

– Давай у тваім пакоі, – радасна прапанаваў муж. – Калі табе спадабалася, хай гэта будзе маім падарункам.

… І вось ужо рама прымацавана да сцяны ў маленькім пакойчыку. Яна ўпісалася ў агульны інтэр’ер. Нават у позірку незнаёмца, які нібы толькі што выйшаў з-за кустоўя, як ёй здалося, прамільгнула штосьці ўхвальнае: «А нішто… Нішто… Мне тут, уявіце, вельмі падабаецца!» Але на раме асабліва не засяроджваліся: павесілі дый павесілі! Да таленту Аляксандра Сямёнавіча, які так нечакана раскрыўся ў ім, таксама больш не вярталіся. У іхняй кватэры запанаваў звычайны душны вечар яшчэ спякотнага жніўня, размяшаны з радасцю вяртання, сустрэчы, тых дробных прыемнасцей, якія ўсе спяшаліся выліць з сябе.

Надзея Паўлаўна Вячорка любіла сваю сям’ю, ганарылася дзецьмі і была даволі-такі прывязана да мужа. Таму, калі нарэшце апынулася ў сваім пакоі, адчувала сябе шчасліва-прытомленай. Па-першае, ад таго, што ўсе сабраліся дома, а па-другое… Прытомленасць нярэдка бывае прыемнай, тым больш калі ведаеш, што хутка забярэшся пад лёгкую коўдру, перагорнеш старонку-другую нейкага цікавага чытання. У іх з Аляксандрам Сямёнавічам ужо даўно не было той ранняй маладой жарсці, што ўкінула іх аднойчы ў гарачую бездань, з якой яны паступова вынырвалі. Пасля вячэры разыходзіліся па сваіх пакоях. І ўжо толькі час ад часу, звычайна пад раніцу, ён прыходзіў да яе. Без асаблівага палу цалаваў шчокі, плечы… Напэўна, так будзе і гэтай ноччу.

Яна нетаропка расшпільвала гузікі камізэлькі, і ў нейкі момант рука замерла… Ззаду пачуўся выразны шоргат і адразу лёгенькі стук, быццам хтосьці знекуль саскочыў. Потым – крокі: адзін, другі… Хутка азірнулася. Ёй хацелася закрычаць дзіка, на ўвесь голас, але дух заняло. Павяла позіркам у бок рамы… Невыразнае кустоўе нагадвала пляму, якая выцягнулася, расплылася, а той, хто быў намаляваны на яго фоне, стаяў перад ёю. Ёй чамусьці захацелася ўпасці, уціснуцца ў мяккі пушысты дыванок на падлозе, каб толькі не бачыць гэтай збянтэжанай усмешкі. Але яна не ўпала, позіркі іхнія сустрэліся… Ну, вось зараз… Зараз ягонае аблічча зменіцца і яна ўбачыць штосьці такое, што можа ўявіць толькі нездаровая псіхіка. Але з псіхікай да гэтага моманту ў яе ўсё было нармальна, і ў абліччы незнаёмца нічога не мянялася. Ён толькі злёгку пасміхнуўся, як ёй здалося, вінаватай усмешкай.

– Я вас напалохаў? Далібог, не хацеў гэтага. – Ён гаварыў пранікнёна, прыемным мужчынскім голасам. – Не трэба мяне баяцца, вам нічога не пагражае. Мне чамусьці захацелася прадставіцца. – І ён зрабіў яшчэ адзін крок. – Валодзя… Для вас проста Валодзя.

У яе не было слоў. Але першае здранцвенне прайшло, і яна захінула твар рукамі. Ну, вось зараз… Зараз… ён накінецца на яе. У тым, што пад гэтым прыемным абліччам хаваецца пачвара, монстр не з гэтага свету, яна не сумнявалася.

Ён лёгенька ўздыхнуў:

– Даруйце… Мне не трэба было сыходзіць з рамы… Я… Я… Добрай ночы.

Калі яна адняла далоні ад твару, яго ўжо не было перад ёю. Хутка зірнула на раму… Незнаёмец быў там на фоне невыразнага кустоўя, як і некалькі хвілін да гэтага. І тут яна закрычала, на злом галавы кінулася з пакоя і, калі ўжо ляжала побач з мужам, думала… думала… А можа, яно і добра, што Саша не пачуў гэтага ейнага крыку. Што б яна сказала яму?! Хіба можна паверыць у такое? І ўсё ж гэта было не насланнё. «Пакуль я тут, з Сашам, ён, той, у раме, зусім не страшны, – запэўнівала яна сябе. – Ён не пасмее з’явіцца сюды». Ну, а заўтра… Заўтра яны з Сашам выкінуць гэтую раму, раструшчаць, парвуць на шматкі…

І вось прыйшло тое заўтра. Яшчэ па-летняму ясна заднела ў акне. Яны трошкі заспалі, а ў Аляксандра Сямёнавіча быў першы пасля адпачынку працоўны дзень. Ён мітусіўся, насіўся з пакоя ў пакой, ляпаў нейкімі дзверцамі, шумеў, патрабаваў: «Дзе дэзадарант? Падай кашулю ў сінюю палоску! Чаму так кепска адпрасаваны каўнерык?! Не бачу свайго сіняга гальштука! Занадта многа цукру ў каве! Колькі разоў казаць: не рабі бутэрбродаў з сырам!» А ў ейнай галаве ўсё круцілася і круцілася злашчасная рама. І нарэшце яна ўсё-такі ўлучыла паўзу:

– Саша, а Саш… Учора кінула вокам… Далібог, не ўпісваецца гэтая рама ў маім пакоі. Муляе позірк.

Аляксандр Сямёнавіч зморшчыўся, адмахнуўся:

– Бач, рама ёй муляе! Ды кінь ты… Мяне распірае талент! І першае, што паспрабаваў зрабіць, я падарыў табе… – Падумаў. – Ты сёння ў якую змену?

– У другую.

Надзея Паўлаўна працавала пазменна тэхнолагам на заводзе медыцынскіх прэпаратаў.

– Тады пакуль! Пабег… Хацеў цябе падвезці.

Яна прысела да століка на кухні. Па целе ўжо блукаў страх, а калі раздумацца: чаго яна баіцца? Магчыма, гэта была проста гульня ўяўлення?! Нейкая падсвядомая фантазія. Зусім побач у сваім пакоі спяць дзеці. За акном – людзі. Вось спыніўся на іхнім паверсе ліфт. Усё нармальна, а яна штосьці сабе прыдумала. Трэба паставіць чайнік ды нечым заняцца. Устала, падышла да пліты, але за чайнік узяцца не паспела. Па спіне прабег халадок. Яна выразна чула лёгкія, асцярожныя крокі. Вось яны зусім побач. Патыліцай адчула гарачае дыханне. Адхінулася. Божа, які кашмар! Зноў ён… з рамы і ўжо ставіў на пліту чайнік, паварочваўся да яе.

– Будзеце каву ці чай? Даўно не падносіў жанчыне кавы. Ну, ідзіце… Сядайце за стол.

Яна не магла выціснуць з сябе ні слоўца, толькі калі пачула ад яго: «І як вы яму такое дазваляеце?! Ён тут усю раніцу раздаваў свае загады, быццам вы за наймічку ў яго! Проста не муж, монстр нейкі. Я ледзь сябе стрымліваў! Было жаданне выскачыць з рамы і даць яму па мордзе!» (Ну ці ж магчыма гэта?!) Ёй захацелася разрагатацца вар’яцкім смехам ці, наадварот, зайсціся ў плачы, адчайным і нястрымным. Але такая ўжо істота чалавек: ён вельмі хутка да ўсяго прывыкае, з усім звыкаецца. Надзея Паўлаўна не была выключэннем.

Праз некалькі тыдняў яна не зайшла, а ўляцела ў свой пакой і не паверыла вачам: на тумбе ў агромністай керамічнай вазе стаялі астры. Колькі ж іх, гэтых махрыстых цудаў ужо прывялага верасня?! У позірку ззяла такая радасць, што яна і не пачула лёгкага шоргату. А потым быў дотык, бы хтосьці цалаваў закручаную ў завіток пасмачку валасоў. «Валодзя!» – затрапятала дыханне.

– Адкуль астры? – Яна павярнулася да яго.

– Гэта ўсё, пра што табе хочацца запытацца? – Ён узяў яе рукі ў свае. – Я сумаваў… Чакаў і чакаў цябе.

– Надзя-я-я! Надзя-я-я!

Гэта быў голас Аляксандра Сямёнавіча, і, калі б Валодзя імкліва не адскочыў за дзверы, Аляксандр Сямёнавіч перажыў бы не найлепшы момант свайго жыцця.

– Чым тут можна займацца?! Няўжо нельга пачуць?

Яна міжволі заступіла яму дарогу.

– Ты некуды сабраўся? Зноў нацягнуў гэты жахлівы берэт!

Выгляд у Аляксандра Сямёнавіча быў няшчасны. І чорны берэт, які бліном трымаўся на ягонай галаве, толькі падкрэсліваў гэта.

– Паспрабую заняцца пейзажам… Трэба ўзяць некалькі ўрокаў. Мяне пазнаёмілі з мастаком-прафесіяналам. – І дадаў кісла: – З партрэтам Міхейчыка ў мяне нічога не атрымалася.

Міхейчык быў супрацоўнікам аддзела, якім загадваў Аляксандр Сямёнавіч. У той дзень, калі муж сказаў ёй, што бярэцца за ягоны партрэт, яна не без іроніі падумала: «Што будзе, калі яшчэ адна рама з’явіцца ў кватэры і, чаго добрага, яшчэ і Міхейчык пачне выходзіць з яе?!» І вось, дзякуй богу, партрэта не атрымалася, ад чаго Аляксандр Сямёнавіч і пакутаваў цяпер.

– Вярнуся позна, – сказаў ён. – На вячэру згатуй што-небудзь, каб было лёгка разагрэць.

Яна згодна кіўнула, і ён пайшоў. Крокі Аляксандра Сямёнавіча былі цяжкімі і нервовымі. Надзея Паўлаўна з радасцю павярнулася да Валодзі.

– Ніякай яму вячэры! – у Валодзевым голасе трымцела раздражненне. – Мы таксама куды-небудзь сыдзем. У нас вольны вечар!

Яна сама падумала пра гэта, як толькі за Аляксандрам Сямёнавічам зачыніліся дзверы.

– Мастак здурнеў! – Валодзя не мог супакоіцца. – Ты паглядзі на мае рукі. У мяне ж пальцы піяніста! А ён што намаляваў? Сасіскі нейкія. Калі я залажу ў гэтую раму, у мяне такое адчуванне, быццам нацягваю на рукі баксёрскія пальчаткі!

Надзея Паўлаўна засмяялася, бо і сама не верыла ў здольнасці Аляксандра Сямёнавіча. Ну, а што да Валодзі, да ягонага партрэта… тут проста, што называецца, шчаслівая выпадковасць.

– Дык я пайшоў?

– Куды? – здзівілася яна.

– У раму! Ты ж будзеш займацца макіяжам, будзеш пераапранацца… Потым вырашым, куды нам з’ехаць.

А яна ўжо вырашыла. Яны паедуць да ейнай сяброўкі. Вось толькі б не заспелі іх на выхадзе дзеці, што разышліся пасля школы па нейкіх сваіх справах.

Праз якую гадзіну яны ўжо ехалі ў гарадскім таксі. Надзея Паўлаўна пазірала на прыгожыя Валодзевы рукі і думала пра мужа. Які ўсё-ткі ён няўважлівы! Зазірнуў у пакой і нават не заўважыў букета астраў. Ды што астры? Ужо колькі часу яна матыльком лётае па кватэры ў кароценькім шаўковым самым, які можа быць, сапраўдным японскім кімано з жоўценькім дракончыкам на спіне, а ён нават не запытаўся, дзеля чаго такі экстравагантны ўбор?! А мяккія атласныя пантофлікі на абцасіках? А гэтая прычоска «пад хлопчыка», што так удала падкрэслівае прыгажосць плячэй і шыі? «Не, Аляксандр Сямёнавіч ніколі не зможа стаць мастаком, – заключыла яна. – Поўная адсутнасць усялякай назіральнасці!» І больш да думак пра мужа яна ўжо не вярталася ўвесь вечар. А вось пра Валодзю думала… Сяброўка адразу ў першы зручны момант шапнула ёй на вушка: «Дзе ты яго падчапіла? Такі абаяльны і рэспектабельны!»

Валодзя сядзеў у крэсле, час ад часу браў у рукі тонкі кілішак, адпіваў маленькімі глыточкамі духмяны напой. «Яму можна даць і трыццаць, і сорак пяць гадоў, – думала яна. – Выключна няпэўны ўзрост. І чымсьці няўлоўным нагадвае ён Дзіна Рыда, калісьці вядомага спевака, якога яшчэ памятае маё пакаленне. А ўвогуле ў ім штосьці ёсць ад мексіканца». Яна ўпершыню бачыла, каб так грацыёзна, на адлёце мужчына трымаў руку з цыгарэтай, над якой у лёгкія кольцы збіраўся дым. Яна сачыла за гэтым дымком, прымружвала вочы, і бы выстрэльвала даль з бясконцасцю апаленых сонцам прэрый. З іржаннем наравістых гарачых скакуноў, дзе грывы пераблытваліся з фалдамі чагосьці паветрана-празрыстага. Ідыётка! Як ні старалася, позірк увесь час цягнуўся да Валодзі. Згадалася ягонае частае: «Ну, я пайшоў!..» – «Куды?» – «У раму!»

Яна абагаўляла і разам з тым ненавідзела гэтую раму. З часоў егіпецкіх пірамід фараоны, цэзары, князі, паны, рознага роду падпанкі ды простыя рабацягі, увесь гэты так званы дужы пол… Як яны здзекаваліся, у які шалёны вір укідвалі жанчыну, у якія неймаверныя пакуты… Слёзы, бяссонныя ночы, адчай, рэўнасць, а то і халодная палонка ці кропелька атруты. А ўсё, аказваецца, так проста… Узяць у раму! Хм-м… Цэзар у раме! А разам з тым… Ну, рама… Блішчастая, жоўтая, вісіць у яе на сцяне, а потым лёгенькі шоргат… Пацалунак крадком… І кожны раз боязь, што вось-вось пачуецца ненавісна-патрабавальнае: «Надзя-я-я!» І Аляксандр Сямёнавіч нагадае аб сваёй прысутнасці цяжкімі нервовымі крокамі. «Божа, хоць бы яго захапіў пейзаж, хаця б у яго штосьці атрымалася, каб ён цалюткімі вечарамі карпеў над нейкімі там сваімі накідамі!»

… Яны вярталіся дадому позна. Валодзя нячутна праслізнуў у пакой, а яна, ужо распрануўшыся, мімаходзь зазірнула да мужа. З густога змроку цягнула такім жа густым пахам алейных фарбаў і ацэтону. Ляснула дзвярыма, маўляў, хоць задушыся ў гэтым паху! А за акном дзесьці ўжо зусім блізка завязваліся дні кароткага і асляпляльна бліскучага бабінага лета. Яна купіла дачцэ ролікі, сына ўладкавала на нейкія камп’ютарныя курсы, а Аляксандр Сямёнавіч, сапраўды не на жарт захапіўшыся пейзажам, адразу пасля працы ехаў за горад з эцюднікам на эцюды. Яна ж з Валодзем… О, гэтыя дзве-тры гадзіны на ўтульным балкончыку, дзе яшчэ не адцвілі пасаджаныя вясною настуркі і чарнабрыўцы! Далёка ўнізе ў нейкай здранцвелай нерухомасці дрэвы дазвалялі сонцу кранаць свае кроны вясёлымі блікамі. Магчыма, яны лавілі і пах кавы, што расплываўся па балконе. Надзея Паўлаўна церлася шчакою аб Валодзева плячо, расшпільвала верхні гузік ягонай кашулі, вуснамі прыціскалася да ледзь прыкметнай жылкі на ягонай шыі… Ён любіў падстаўляць ёй сваё каленка. Яна садзілася на яго, сціскалася ў камячок і замірала…

Там, унізе, напружваўся, дыхаў жыццёвы хаос… Левыя, правыя, камуністы, цэнтрысты, лібералы, радыкалы, народны фронт, пікеты, мітынгі… А ў яе – Валодзя! Маленечкая радасць маленькай жанчыны ў кароценькім шаўковым кімано. Аўторак змяняла серада, сераду – чацвер… Дні наскоквалі адзін на адзін, пакуль нечакана не ўперліся ў дажджысты ветраны адвячорак. Надзея Паўлаўна, якім ужо разам, натхнёна заварвала каву на кухні, звінела посудам…

– Ну колькі можна заварваць гэтую каву! – Аляксандр Сямёнавіч выглянуў са свайго пакоя. – Ты што там, апіваешся ёю ў сваім пакоі?!

– Ты… Ты дома? – Яна нібыта толькі цяпер успомніла пра існаванне мужа і пайшла на ягоны голас, дзеля цікавасці зазірнула ў пакой. – А як жа твае эцюды?

– Ага-а, эцюды! Ты паглядзі, што ўсчалося ў прыродзе! У мяне рукі калеюць…

Ёй здалося, што ён вось-вось расплачацца. Але Аляксандр Сямёнавіч не расплакаўся, наадварот, падхапіў з падлогі нейкі мазаны-перамазаны ватман і пачаў са злосцю рваць яго на дробныя кавалачкі і шпурляць іх проста ў ейны твар…

– На!.. На!.. Мае эцюды!.. Любуйся!..

Іншым разам яна, несумненна, пакрыўдзілася б на яго, цяпер жа, наадварот, захацелася суцешыць, і гэтае суцяшэнне з’явілася вельмі хутка, бы хтосьці падказаў ёй.

– Саша… Што ты так распаляешся! – нават ласкава сказала яна. – Бывае… Не атрымаўся ў цябе пейзаж, паспрабуй узяцца за нацюрморт!.. І нікуды ехаць не трэба з эцюднікам, галоўнае – скампанаваць удалую кампазіцыю.

Твар Аляксандра Сямёнавіча засвяціўся.

– А што ты думаеш… – з радасцю ўхапіўся ён за ідэю.

І вось прайшло некалькі дзён. Надзея Паўлаўна вярталася з першай змены, і адна-адзіная думка трывожыла яе. У тым, што Аляксандр Сямёнавіч возьмецца за нацюрморты, яна не сумнявалася, а вось дзе ён засядзе за іх? Хоць ты вазьмі ды здымі яму нейкі пакойчык, каб ён і начаваў там! З гэтай сваёй трывогай яна і ўвайшла ў кватэру і як жа была здзіўленая, убачыўшы Аляксандра Сямёнавіча, які з ліхаманкавым бляскам у вачах кінуўся да яе.

– Узяў адгул! – на вялікім уздыме паведаміў ён. – Ты мела рацыю… Цудоўны нацюрморт атрымаўся!

– Ну і дзе ж ён, твой нацюрморт? – Яна чамусьці падумала пра Валодзю: «Бедны мой! Калі Аляксандр Сямёнавіч увесь гэты час быў дома, у Валодзі не было ніякай магчымасці вылезці са сваёй рамы…»

Аляксандр Сямёнавіч падхапіў плашч:

– Уяўляеш, выпадкова зайшоў у твой пакой. Падышоў да акна, а там сцяна… Сцяна суседняга дома. Астатняе я дадумаў!

– Ты не расказвай! – У ёй закіпела незадаволенасць. – Проста вазьмі і пакажы мне.

– Тады пойдзем… Нацюрморт там… У тваім пакоі.

І яны пайшлі ў пакой… Аляксандр Сямёнавіч павёў рукою ў бок рамы.

– Вось… Нічога больш не знайшлося, дык я…

Надзея Паўлаўна ашаломлена глядзела на раму, у якой яна раненька пакідала Валодзю. Цяпер жа ў ёй быў шэры квадрат сцяны з мёртвым аранжавым матыльком і нейкім цьмяна-жоўтым акраўкам накшталт кляновага лістка.

– Дзе партрэт?! – Яна яшчэ не зусім усвядоміла, што адбылося, але ў горле перасохла да хрыпення і слабасць разлівалася па целе.

– Я… Я замаляваў яго! Ты ж сама казала: «Не ўпісваецца!.. Муляе…»

Надзея Паўлаўна яшчэ раз зірнула на раму… Ёй раптам захацелася накінуцца на Аляксандра Сямёнавіча з кулакамі і біць, біць, біць яго, але замест гэтага яна як падкошаная ўпала на канапу і разрыдалася пажаночы няўцешна і горка.

Лотаць мёртвага пляжа

Апавяданне

«…На самай справе, цалкам не выключана, што могуць узнікаць у паветры і такія адслаенні, і такія сродкі для ўтварэння пустых і тонкіх паверхняў, і такія выцяканні, якія захоўваюць без змен становішча і рух цвёрдых целаў.

…Такое выцяканне доўга захоўвае парадак атамаў цвёрдага цела».

Дыяген Лаэрцкі. Кніга дзясятая. Эпікур

1

Супрацьлеглы бераг Ясельды быў нізкі, увесь у вербах, і вада каля таго берага была цёмная, цяжкая, па ёй нават хвалі не прабягалі, але ж кветкі лотаці пакалыхваліся, трымцелі. Лотаць расла толькі там, каля таго берага.

– Чакай!.. А калі твой дзень нараджэння?!

Гнатко азірнуўся, хацеў нешта сказаць, але замест гэтага падхапіў пруток, што вытыркаўся з пяску пад нагамі, і хутка пайшоў да ракі. «Паплыве да таго берага, каб нарваць лотаці», – падумала яна. Ён сапраўды паплыў, але перад гэтым схіліўся каля самай вады і пачаў хутка нешта пісаць прутком на вільготным пяску…

І ўся яна затрымцела, рука моцна сціснула краёк коўдры. Ад гэтага свайго міжвольнага руху яна і прачнулася. Гнатко! Зноў Гнатко! У прыадчыненыя дзверы з сумежнага пакоя прабівалася святло. Брат ужо не спаў. Усхапілася, села на канапу, у вачах усё яшчэ стаяў той бераг, тыя вербы…

– Валодзя, – гукнула ціхенька і адразу ж пачула братавы крокі.

Ён зазірнуў у пакой:

– А я ўжо збіраўся цябе будзіць. Ведаеш, колькі часу?

– Вось таму і не люблю лістапад, калі самыя доўгія і цёмныя ночы.

– Якая ноч! Ужо каля васьмі, у мяне цягнік у дзесяць.

…Потым яны сядзелі на кухні. Снедалі. Была субота, слотная, ветраная.

– Дык ты пазвані маці, скажы, што я ўжо выехаў.

– Угу-у, – кіўнула яна галавой. – А грошы ты добра схаваў?

– Ды няўжо ж!.. У розныя кішэні паклаў. Пяцьсот долараў у адну і пяцьсот – у другую! А твае – на тэлевізары…

Яна ледзь праглынула кавалак сыру, з цяжкасцю стрымлівала слёзы. І брат гэта бачыў. Адсунуў ад сябе талерку, паклаў руку на плячо.

– Галка!.. Ды супакойся ты! Ну мала, ма-а-ла далі людзі… Адкуль тыя грошы! За цётчыну хароміну і тры тысячы можна было б узяць. Але колькі ўжо далі! За зіму згніло б усё!

– Не згніло б!

Брат устаў з-за стала:

– Ну тады, ведаеш… Трэба было табе самой ехаць! Прадаваць! Вось і твой Лагуцкі гэтаксама, як і я, думае. Лепш за паўтары тысячы прадаць, чым…

– Ты ўжо і Лагуцкаму паспеў пазваніць? – перабіла яна яго.

– Пазваніў… Усё ж сваякамі былі. – І брат заспяшаўся, пайшоў збірацца ў дарогу, у свой невялічкі райцэнтр на ўсходзе Беларусі, дзе жыў з сям’ёю. У тым райцэнтры з імі жыла і маці… Але яна, Галка, туды да іх не любіла ездзіць. Вось да цёткі – іншая справа… Але цёткі Мані ўжо няма, і хата прададзена за бясцэнак. І якая хата! Чамусьці ёй успомнілася, як уражаны быў Лагуцкі, ейны былы муж, калі гадоў шэсць таму яны разам паехалі да цёткі, нават загарэўся зрабіць прыбудовачку з цэглы. А для чаго тая прыбудовачка, калі ў хаце было ажно пяць пакояў! Шасцісценак на два бакі, з дзвюма верандамі! Брат, нібыта падслухаў думкі, зазірнуў на кухню ўжо з шалікам на шыі.

– Я амаль сабраўся, Галка… А ты, чуеш, калі раптам пазвоніць, з Лагуцкім, таго… па-добраму. У яго жонка хворая. Астма! Усё па бальніцах ды па бальніцах…

І гэта рассмяшыла яе.

– Ну дык, можа, мне да іх у сядзелкі папрасіцца?!

Але ў голасе, акром раўнадушша, нічога больш не было. Якая ёй справа да Лагуцкага, а тым больш да ягонай жонкі! Толькі потым, калі ўжо развіталася з братам, у думках трошкі нават пашкадавала Лагуцкага. Калі яна з ім брала шлюб, ён выкладаў у інстытуце, думаў абараняць дысертацыю. А потым усё кінуў-рынуў, у нейкі бізнес укруціўся і жонку другую туды ж уцягнуў. І вось табе на-а – астма! Яны зрэдчас сустракаюцца выпадкова, і яе здзіўляе, як лёгка стаць чужымі пры самай вялікай прывязанасці. Праўда, у розных людзей гэта адбываецца па-рознаму, у залежнасці ад абставін. У сваіх абставінах яна спачатку нават вінаваціла цётку Маню. Гэта ўжо было на чацвёртым годзе іхняга жыцця з Лагуцкім. Атрымала тэлеграму ад цёткі, маўляў, прыедзь дапамажы пасадзіць бульбу. І яна не магла адмовіць. Дапамагчы цётцы не было каму. Так ужо склалася, цётка Маня ўсё жыццё пражыла адна, без мужа, без дзяцей. І яна, Галка, з дзяцінства была для цёткі больш як пляменніца. Таму не адкладвала, праз дзень пасля тэлеграмы ўзяла на некалькі дзён адпачынак за свой кошт і паехала…

Тая вясна была ранняя, ужо чаромха цвіла. Галка хвалявалася, што позна бульбу пасадзяць. Цётка нібы апамяталася: бо-о, вясна ўжо вунь як бушуе, а ў мяне бульба не саджана. І яе паклікала. Але як толькі пабачыла цётку, зразумела, што справа не ў бульбе. І цётка пацвердзіла гэта.

– Так і думала, што прыедзеш адразу, – сказала ёй не без радасці.

– Дык жа дапамагчы табе трэба!

– Ужо ўсё пасаджана, Галю. Проста цябе пабачыць хацела, заўтра-паслязаўтра бэз распусціцца…

– Дык ты з-за бэзу?! – З дакорам і недаўменнем глядзела на цётку. І ўсё зразумела позна вечарам, калі ўжо ляглі спаць.

– Га-алю, – адазвалася цётка, – не спіш?

– Не. Прывыкаю да тваіх падушак.

– Ну прывыкай… – І тут жа праз кароценькую паўзу: – Чуеш мяне, Галю… А чаго гэта ў вас з Віцькам дзяцей няма?! Ужо даўно трэба, каб быў нехта.

– Давай будзем спаць, цётачка, – адказала Галя.

– Не-е, выспацца паспееш. Калі дзеці, гэта ўжо сям’я… А без іх… Тут мне, ведаеш, сны дзіўныя пачалі сніцца. Ты ўсё па сваёй кватэры там, у Мінску, з нейкай падушачкай хадзіла… І я побач была. І ўжо гляджу: няма ў тваіх руках падушачкі той… Бо-о, Галю, пытаюся, а дзе ж падушачка?! А ты адказваеш: украў нехта, во-о, проста тут… на вачах!

Галя прытаіла дыханне, слухала, а цётка Маня працягвала:

– Ну і што ж ты маўчыш, не пытаешся, да чаго гэты сон можа быць?! А пэўна ж, цікава… Дык я табе патлумачу… Падушачка тая – Віця твой. Добра табе з ім жылося, мякка, але…

Галя ажно засмяялася:

– Табе б філосафам, цётка Маня, быць. Але ж да мяне з Віцем тваю філасофію ніяк не прывяжаш. Адна я ў яго, цётка, адна! І давай спаць будзем.

Яна, Галка, тады нават і падумаць не магла, наколькі памылковымі былі тыя ейныя словы. Але падсвядома штосьці рупіла, і ўжо назаўтра пачала яна збірацца назад, у Мінск. Паехала не на электрычцы, як заўсёды гэта рабіла, а на аўтобусе. Думала: «Хай сабе ледзь не сярод ночы ў Мінск прыеду, але затое хутчэй!» Нешта нібыта гнала яе, прыспешвала. Дамоў Віктару званіць не стала. Як толькі прыехала ў Мінск, адразу ж узяла таксі, ведаючы, што познім вечарам грамадскі транспарт ходзіць рэдка. З бярэмам ужо прывялай чаромхі ўвайшла ў кватэру. Віктар насустрач ёй не выйшаў. «У ваннай», – падумала яна, там цурчэла вада. Прайшла на кухню і… знерухомела ў парозе. Каля пліты стаяла амаль дзяўчынка, але не надта разгубленая. Праўда, пераставіла патэльню з гарачай канфоркі на незапаленую і з цікавасцю разглядвала Галку, з рук якой выпадала чаромха – галінка за галінкай…

Потым, калі Галка шмат разоў згадвала гэты момант, здзіўлялася самой сабе, таму, што яе абурыла не сама прысутнасць гэтай жанчыны-дзяўчынкі ў ейнай кватэры, а тое, што яна была ў ейным, Галчыным, халаціку, накінутым на джынсы і топік. З ваннага пакоя выйшаў Віктар, сказаў з усмешкай, але яна была нібы прыклееная на твары:

– Галік, бачыш, у нас госці. Вы яшчэ не пазнаёміліся?

Жанчына-дзяўчынка адвярнулася і адазвалася, хмыкнуўшы:

– Ты не да месца прыдурваешся. Не рабі з сябе ідыёта!

«З характарам яна», – падумала Галка, не зважаючы на чаромхавыя галінкі, якія ўсё падалі і падалі… Віктар пачаў паднімаць іх, а потым проста згроб і шпурнуў у сметніцу.

– Пройдзем у спальню, – сказаў ён Галцы. – Пагаворым.

Яна паслухмяна пайшла за ім. Кінулася ў вочы, што пасцельная бялізна, якую яна старанна прасавала тыдзень таму назад, на ложках была ўся скамечаная. Але гэта не бянтэжыла Віктара.

– Галік, ну ты ўсё зразумела… Ты ж разумная! Давай сядзем. – І ён сеў на ложак. – Ты ж сама добра ведаеш… У нас… У нас з табою біялагічная несумяшчальнасць.

І штосьці выпрастала яе, Галка ўскінула галаву.

– Хіба?! – запыталася неяк па-асабліваму з’едліва. – Чатыры дні таму назад мы з табою цудоўна сумяшчаліся.

– Гэта табе так здаецца… Заўсёды здавалася! Ты даўно стала фрыгіднай. Сама біялогія супраць нас…

– Ды пайшоў ты, Лагуцкі, са сваёй біялогіяй! – І, каб тут жа не расплакацца, ляпнула аднымі дзвярыма, потым другімі, што ў прыхожай, на хаду ўхапіўшы сумачку.

Начавала яна той ноччу ў сяброўкі, патлумачыўшы, што нібыта Лагуцкі з’ехаў у камандзіроўку, а ёй адной стала невыносна самотна ў кватэры. У яе яшчэ быў адзін вольны дзень адпачынку за свой кошт, таму раніцай, перад тым як вярнуцца дамоў, яна заехала да знаёмага юрыста пракансультавацца, як лепш і прасцей аформіць скасаванне шлюбу. А дома яе чакала запіска: «Галік, я сышоў назаўжды. Усё пакідаю табе. Пачынай скасаванне шлюбу. Твой Лагуцкі».

На страницу:
2 из 5