Полная версия
Размова з люстэркам
– Нашто нам яны? Наўрад ці былі б лепшымі, чым наша Алеська! – муж падбадзёрваў, гаварыў, што больш не хацеў бы бяссонных начэй і ўсяго таго тлумнага, што звязана з немаўлятамі, але Марылю гэта не пераконвала і не суцяшала.
Яна замкнулася ў сабе, згубіла апетыт, потым, наадварот, пачала сваё гора заядаць. Да таго ж абрынуліся нейкія гарманальныя немачы. Марылю, прыгажуню з ідэальнай фігурай, разнесла за 100 кілаграмаў. Неўпрыкмет змяніліся не толькі аблічча, але і характар: істэрыкі і сваркі сталі нязменнымі спадарожнікамі іх сямейнага жыцця. Марыля без дай прычыны пачала раўнаваць Міхася, як гаворыцца, да кожнай спадніцы.
Была, праўда, адна гісторыя, якая падагрэла гэтую рэўнасць. Шэф Іван Іванавіч вадзіў унучку і падахвоціў хлопцаў браць сваіх дзяцей у басейн. Алеся была самай малодшай, да таго ж плаванне ніяк ёй на давалася. І бацьку парэкамендавалі інструктарку, як сказалі, былую чэмпіёнку па сінхронным плаванні. Ветлівая, вясёлая і, чаго там хаваць, вельмі зграбная кабета Міхасю спадабалася не толькі за знешнасць, бо жанчына здолела падабраць ключык да дзяўчынкі і ўсяго за некалькі заняткаў навучыла яе не баяцца вады. Міхась не паскупіўся і шчодра аддзячыў жанчыну далярамі – разам з афіцыйным заробкам у іх на працы ў той час рэгулярна ўручаліся канверты з валютай. А потым быў званок яе раўнівага «Атэлы» дадому:
– У вашага мужа з маёй жонкай раман…
Гэта ён, небарака, знайшоў у жончынай сумачцы даляры разам з візіткай Міхася. Дзве раўнівыя асобы небяспечнейшыя за цунамі! Каб не рушыць сям’ю, з басейнам давялося тэрмінова завязваць. Алеся, дарэчы, так і не навучылася плаваць.
Пераконваць Марылю не мела сэнсу: чым больш Міхась аднекваўся, тым больш яна не верыла мужу. Яны тады мо з паўгода практычна не размаўлялі і, натуральна, спалі на розных ложках. Але рэўнасць пайшла Марылі на карысць: яна пачала больш сачыць за сабой, схуднела амаль што да ранейшых памераў і нават пайшла ўгору па службе: стала загадчыцай кафедры ў каледжы. Больш таго, пачала затрымлівацца на працы, прыдумляючы розныя нагоды і спрабуючы паказаць, што ў яе завязваецца нейкі службовы раман. Нават кветкі прыносіла колькі разоў. Міхась здагадаўся: спрабуе яму адпомсціць. Але не паддаўся на правакацыю. Сям’я была захавана.
Але і праз гады, калі неяк сабраліся разам сем’ямі дзве сястры ды размова зайшла пра дзяцей, пасля двух-трох келіхаў віна Марыля расплакалася за святочным сталом, што не можа больш нарадзіць. Слёзы перараслі ў істэрыку. Сястра тады ці то жартам, ці то ўсур’ёз прамовіла:
– Прырода, відаць, ураўнаважвае. Я вось з дзяцінства зайздрошчу табе, Марыля: ну чаму я не такая прыгожая, як ты? А ты, відаць, зайздросціш мне, што маю дваіх дзяцей. Супакойся, у цябе будзе не менш як чацвёра ўнукаў!
І ён, і дачка, калі падрасла, усяляк аберагалі маці ад дрэнных навін. Алеся пра нейкія дробныя праблемы распавядала спачатку бацьку.
– Тата, толькі не гавары пакуль маме, добра? Ты ж мне дапаможаш?
Радаснымі навінамі, поспехамі, усім, што магло ўсцешыць, наадварот, дзяліліся з ёю першай.
Як распавесці і жонцы, і дачцэ пра свой дыягназ? Міхась вырашыў наколькі можна адцягнуць гэтую цяжкую размову. Не, спачатку трэба пабачыцца з бацькамі. Некалі ў маладыя гады ён спяшаўся да іх, калі сутыкаўся з рознымі цяжкасцямі і меў патрэбу ў бацькоўскіх парадах і спачуванні. Не, ім спавядацца таксама не станеш: у іхнім узросце любое ўзрушэнне небяспечнае. А тут смяротная хвароба сына. Такой навіной можна іх проста забіць. Але пабачыцца, абняць маці, прытуліць да сябе бацьку і проста пабыць разам, як раней, жыццёва неабходна.
Афіцыйна ў яго быў чарговы водпуск. Праўда, ягоная «брыгада» штогод адпачывала ў жніўні, але Марыля паверыла, што якраз у жніўні ў іх будзе буйны заказ, і спакойна ўспрыняла навіну, што Міхась збіраецца з’ездзіць у вёску. Зрэшты, для яго гэта не было нечаканасцю: жонка не надта любіла ездзіць на малую радзіму. Спачатку тлумачыла гэта тым, што маці зноў будзе «піліць» пра няўдалае замужжа. Потым уладкоўвала Алесю ў розныя прэстыжныя лагеры і сама працавала там выхавацелькай. Ну а пазней з’явілася лецішча, і Марыля не магла больш чым на тры дні пакінуць без догляду свае гуркі, памідоры. Ды й Шурыха была моцнай кабетай: у свае «за шэсцьдзясят» яна агорвала два агароды – пры хаце і так званы «вулічны» – ды яшчэ паспявала рэгулярна ездзіць у райцэнтр на базар. З гадамі яе практычнасць перарасла ў нейкую паталагічную сквапнасць: яна ўмудралася прадаваць не толькі яблыкі і грушы, але нават гарбузы, якія некалі ў вёсцы былі танным кормам для свіней, а цяпер далікатэсам для гараджан.
– Свацейка, ну калі ты ўжо супакоішся? – ушчувала Шурыху Вольга Адамаўна, Міхасёва маці. – Дзеці жывуць дай божа так жыць кожнаму, ні ў чым не маюць патрэбы. На той свет капейкі свае забярэш?
Міхась ахвотна дапамагаў і бацькам, і цешчы вясной пасадзіць бульбу, а ўвосень яе выкапаць, і мотаблок прыдбаў для гэтых спраў. Хлопцы на працы паджартоўвалі з яго:
– Якая практычнасць – ажаніцца з дзеўкай са сваёй вёскі! А то спачатку сваім бацькам бульбу пасадзі, потым да цешчы едзь. Усе майскія святы кату пад хвост!
Хлопцы пакеплівалі і па-добраму зайздросцілі. А Міхась і не спрабаваў ім запярэчыць. Навошта расказваць, што з цешчай яму не надта пашанцавала? Хаця якраз цешча лічыла, што гэта ёй не пашанцавала з зяцем. Ну хіба ж думалася, што яе разумніца, яе прыгажуня, яе прынцэса выйдзе замуж за шараговага хлопца са сваёй вёскі? Не, пра Краўчанкаў нічога дрэннага яна не скажа, звычайныя людзі, гаротнікі, як і яна. У іхнім родзе ні лодараў, ні выпівох не было ніколі. Але ж і прынцаў не мелася таксама. А хацелася вясковай кабеце радню займець багатую ды ўплывовую, каб дачцэ лягчэй было ў жыцці, каб не паўтарыла матчынай долі. Яна падымала дачок адна, Шурык, былы муж-п’яніца, жыў са сваёй маці і не дапамагаў нічым. Усяго што даў ёй – толькі вясковую мянушку Шурыха, якая прыклеілася да жанчыны на ўсё жыццё.
Шурыха выпіналася з усіх сіл, каб дзеўкі, як гаворыцца, выбіліся ў людзі. Якія там заробкі ў паляводаў? Дык навучылася шыць, Людміле і Марылі такія прыдумляла ўборы, што хадзілі лепей апранутымі, чым дачка старшыні калгаса. Нават некаторыя райцэнтраўскія модніцы да яе прыязджалі з заказамі. І праз пэўны час ужо шчыравалі ўтрох: маці здымала меркі і кроіла тканіну, Марыля шыла, а ўжо розныя там густоўныя аздабленні былі клопатам старэйшай дачкі.
Але зусім не шаўчыхамі павінны стаць яе дзеўкі. Яна бачыла па тэлевізары іншы ўзор: прыгожыя дагледжаныя жанчыны з нафарбаванымі пазногцямі жывуць у горадзе ў прыгожых кватэрах з усімі выгодамі, гуляюць па шырокіх вуліцах і парках, ходзяць па вялізных крамах. Культурная праца і культурнае жыццё – вось да якой мэты трэба імкнуцца яе дочкам.
Старэйшая, Люда, апраўдала матуліны надзеі: скончыла каледж і ўдала выйшла замуж за хлопца з кватэрай у абласным цэнтры. А малодшая, на якую ў Шурыхі былі яшчэ большыя планы, бо нарадзілася Марыля сапраўднай прыгажуняй і вучылася лепей, праваліла ўступныя экзамены ў інстытут і ў тое ж лета выскачыла замуж за суседчынага Мішку, які вярнуўся з арміі. І сам балбес без прафесіі, і дзяўчыне сапсаваў жыццё, бо дачка адразу ж зацяжарыла. Дарэмна Міхась бажыўся, што ўсё зробіць, каб Марыля была шчасліваю. Шурыха адмовілася ладзіць вяселле і нават перастала вітацца са сватамі.
Колькі гадоў цягнулася гэтае супрацьстаянне? Міхась вымушаны быў пайсці вучыцца ў прафтэхвучылішча, бо там быў сямейны інтэрнат і маладым далі пакойчык. Але мару пра інстытут не кінуў: нельга яму адставаць ад першага зяця, які быў з вышэйшай адукацыяй і з неблагім заробкам. І Марыля праз сем гадоў агорала інстытут, каб парадаваць перш за ўсё маці. Ім усё давалася не хутка і не лёгка. І калі Міхась з бацькоўскай, праўда, дапамогай купіў аднапакаёўку, ён перш за ўсё падумаў, што гэтым нешта даказаў сваёй цешчы.
Міхась заўсёды завітваў да Шурыхі не з пустымі рукамі (па праўдзе, дык сваім бацькам менш гасцінцаў прывозіў), але ніяк не мог улагодзіць кабету. Праўду кажуць, што любоў не церпіць прымусу – не любіла яго Шурыха, і ўсё тут. А вось ягонай маці нявестка падабалася заўсёды, яшчэ з тых часоў, калі дзяўчынка хадзіла ў малодшыя класы. Аднойчы, калі ў калгасным садзе збіралі гарох і Марыля сабрала больш за многіх дарослых, Вольга Адамаўна пахваліла дзяўчыну:
– Да чаго ж спрытная! Мне б такую нявестку!
– Ціпун табе на язык! – адбрыла Шурыха суседку. – Мая Марыля не для твайго шалапутнага!
Чаму адразу – шалапутнага? Вельмі крыўдна было пачуць такія словы. Маці Мішу любіла больш за астатніх сыноў, бо малодшы быў і паслухмяны, і працавіты, як яна сама, і знешне падобны на яе радню. Вольга Адамаўна не магла нарадавацца, што такая прыгожая і руплівая дзяўчына ўпадабала яе сына. Мацярынскае вока заўважала, як Міша глядзіць услед дзяўчыне, як зранку выглядвае, дзе там Марыля, як чырванее, калі з ёй перамаўляецца. Мацярынскае сэрца адчувала, што сынок пакахаў, і пакахаў па-сапраўднаму. І пазней ніколі слова дрэннага не сказала пра нявестку, праўда, і нагоды асаблівай для крыўды тая не давала.
З гадамі Міхась «падняўся» і па ўсіх цешчыных параметрах абагнаў першага зяця, бо той з сям’ёй у чатыры чалавекі па-ранейшаму жыў у двухпакаёўцы, якую яму расстараліся калісь бацькі, і па службе зорак з неба не хапаў, а Міша няхай і з крэдытам, але неўзабаве засяліўся ў чатырохпакаёўку з дзвюма лоджыямі, а потым і дамок на лецішчы пабудаваў, лічы, сваімі рукамі. Пачынаў, праўда, простым каменшчыкам, але ж вырас паступова да нейкага там начальніка ў будаўнічым упраўленні. А пазней наогул стаў саўладальнікам фірмы, якая з кожным годам пашыралася і багацела. Шурыха крыху змяніла сваё стаўленне, неяк падабрэла да зяця. Але любіла як сына яна не Міхася, а таго першага зяця, і гэта было, відаць, незваротна.
Толькі жыццё, як нярэдка бывае, дае нам нечаканыя ўрокі. Калі цешча сур’ёзна захварэла, не любімы зяць, а менавіта Міша забраў яе ў сваю кватэру, вазіў па бальніцах, знаходзіў сталічных медыцынскіх свяцілаў, даставаў дарагія лекі. Чатыры няпростыя гады яны пражылі пад адным дахам без сварак і крыўды.
Аднойчы старая, калі Марыля затрымлівалася на працы, а Міхась вымушаны быў зрабіць хворай укол, сказала:
– Памерці не магу спакойна, сумленне не дае. Даруй мне, Мішка, што не любіла я цябе. Калі можаш, даруй…
Даўно дараваў, яшчэ тады, калі неяк ягоная маці пасля чарговай Шурышынай водпаведзі сказала:
– А што ж ты хочаш, Міша? Лепшай дзяўчыны ў нашым Зарэччы было не знайсці. Сынок, пра такую нявестку я магла толькі марыць. І Шурыху можна зразумець.
Зразумеў, калі сам стаў бацькам дарослай дачкі. Калі з пэўнай бацькоўскай рэўнасцю прыглядаўся да кожнага Алесінага аднакласніка, які бываў у іх дома і на лецішчы. Калі прадузята распытваў дачку-студэнтку пра новых сяброў ва ўніверсітэце, а потым прыглядваўся да яе маладога чалавека, з якім Алеся збіралася пабрацца шлюбам пасля вучобы.
…Бацькам вырашыў не тэлефанаваць. Спалохаюцца, чаму гэта так знячэўку, без дай прычыны? Ніякай пільнай працы няма, агароды ж адсеялі, ды і агарода таго ўсё меней: спачатку адмовіліся ад сотак у полі, потым вулічныя соткі аддалі маладзейшым суседзям у лэндліз, як жартаваў бацька – тыя восенню аддавалі тры мяшкі адборнай бульбы. А з градамі спраўляліся самі.
Калі ж папярэдзіць і патлумачыць, што проста засумаваў па іх, бацькі зноў жа з хваляваннем будуць чакаць ягонага прыезду.
– Сынок, сёння ўсю ноч заснуць не магла, усё думала ды ўспамінала, – прызнавалася вясною маці. Бацька сустрэў моўчкі, але пасля ўмудрыўся некалькі разоў перадрамаць у крэсле, і сын здагадваўся, што і стары хваляваўся ад радасці і таксама, відаць, дрэнна спаў, чакаючы сына.
Хлопцы выраслі, раз’ехаліся, займелі свае сем’і, а бацькі заўсёды хвалююцца пры сустрэчы. А ён сам, Міхась? Кожны раз, калі пад’язджаў да свайго Зарэчча, аж сэрца выскоквала з грудзей. Вось калгасны сад, у якім ён ведаў кожную яблыню і кожную грушу – летам школьнікі няблага зараблялі на ўборцы ўраджаю. Вось школа – стандартны трохпавярховік, але ў атачэнні акацый, якія калісьці садзілі настаўнікі разам з вучнямі і якія зараз вельмі ўпрыгожваюць гэты куточак. Праўду казаў калісьці настаўнік геаграфіі Алесь Маркіянавіч, што лепшага месца, чым тое, дзе зарыты твой пупок, на ўсім свеце не знайсці. Калі б нарадзіўся ў якой-небудзь маленечкай непрыкметнай вёсачцы, любіў бы, напэўна, яе гэтаксама.
Але ж яму пашанцавала: Зарэчча недарэмна было калісь панскай сядзібай. Вёска размешчана ў маляўнічым месцы ўздоўж ракі. Па адзін бок яе – прыгожы парк яшчэ з тых панскіх часоў, з ліпавымі алеямі, раскідзістымі вербамі, высачэзнымі таполямі. Па другі бок – значна маладзейшы дубовы гай, які садзілі вяскоўцы пасля вайны ў гонар тых, хто з яе не вярнуўся. І да райцэнтра рукой падаць – напрамкі праз мост, далей прыгожым, з мноствам кветак, лугам, не больш за два кіламетры. Усё яму тут было знаёмым і родным. Пасля арміі не збіраўся нікуды з’язджаць, меркаваў уладкавацца шафёрам і вучыцца завочна. Але ж пасля загса Марыля заўпарцілася: хачу жыць у абласным цэнтры, побач са старэйшай сястрой.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.