bannerbanner
Размова з люстэркам
Размова з люстэркам

Полная версия

Размова з люстэркам

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 4

Вострасюжэтныя псіхалагічныя апавяданні «Дыягназ» і «Таямніца гатэля “Раяль”», якія ўвайшлі ў гэты зборнік, адлюстроўваюць абедзве плыні творчасці пісьменніцы.

Шкада, што кніга прозы ў Святланы Бязлепкінай толькі адна. Хочацца верыць, што ў найбліжэйшы час айчынныя выдавецтвы выправяць сваю відавочную памылку адносна творчасці таленавітага аўтара!

Дыягназ

Ён распланаваў свой наступны рабочы дзень літаральна па хвілінах. І вось гэты нечаканы званок. Жанчына ветліва паведаміла, што Міхасю Сцяпанавічу неабходна сёння ў дзесяць гадзін быць у анколага. Талон яму пакінулі ў рэгістратуры. На спробы запярэчыць, што яму такі час не вельмі зручны, на тым баку проваду папракнулі:

– Замест таго, каб нам падзякаваць, вы яшчэ нахабна адмаўляецеся? Тут людзі месяцамі не могуць трапіць да гэтага ўрача, а вы яшчэ нам умовы ставіце! Калі не з’явіцеся заўтра, будзеце станавіцца ў чаргу!

– Выбачайце, прыйду! – Міхась ледзь паспеў гэта вымавіць, як жанчына паклала трубку.

Па праўдзе, дык за што тут дзякаваць? Гастраскапію ён прайшоў у сваёй паліклініцы без аніякіх чэргаў, па так званай хуткай дапамозе, калі наведаў дзяжурнага тэрапеўта. Маладзенькая доктарка і слухаць не хацела, што прычына можа быць у казіным малацэ, якім Міхась пачаставаўся надоечы. «Яшчэ хто-небудзь піў тое малако? І што, у сяброў ніякіх наступстваў? А вы тры дні адпакутавалі, і няма змен да лепшага? Заўтра ж нашча да гастролага!»

У хлопцаў і праўда ніякіх праблем не было ні са страўнікам, ні з кішэчнікам, хіба, можа, пасаромеліся прызнацца пра атручванне? Іначай іхні весялун Валодзька сваімі жартачкамі даставаць будзе не менш за тыдзень. Але ж назаўтра ўсе выйшлі, як звычайна, на аб’ект. Шэф Іван Іванавіч дазволіў Міхасю адляжацца дома, але гэта яшчэ і таму, што адчуваў сваю віну, бо менавіта ён падахвоціў хлопцаў купіць на трасе тое малако. Набывалі як звычайнае, гэта калі ўжо разлічыліся і за семкі гарбузовыя, і за іншыя вясковыя прысмакі, жанчына кінула ўслед:

– Малачко казінае, вельмі карыснае, ад усіх хвароб дапамагае.

Дапамагае? Ці адкрывае новыя хваробы? І чаму гэта яму трэба імчаць ажно на другі канец горада па вынікі аналізаў? Сёння паўсюль інтэрнэт, няможна было перадаць праз камп’ютар звесткі ў яго паліклініку? Шукай цяпер тыя кабінеты!

Анкалагічны дыспансер месціўся на ўскрайку абласнога цэнтра, некалі іх будаўнічае ўпраўленне нават рабіла капітальны рамонт у адным з лячэбных карпусоў. Цяпер тут нічога не пазнаць: у цэнтры квартала ўзведзены дзесяціпавярховы гмах, здаецца, яшчэ некалькі будынкаў раздаліся ў бакі і займелі па-сучаснаму кідкі выгляд. Ахоўнік, падалося, неахвотна адчыніў шлагбаум і на пытанне: «Як праехаць да рэгістратуры?» – незадаволена тыцнуў пальцам у бок высокага корпуса.

Добра, што захапіў з сабою пашпарт. Ну хіба не бюракратызм – каб атрымаць усяго толькі талон на прыём, трэба завесці медыцынскую картку з безліччу немедыцынскіх звестак ад калі і дзе нарадзіўся ажно да сямейнага становішча.

– Вам што, давялі план па зборы макулатуры? – пачаў абурацца Міхась. – Навошта картка? Я тут першы і апошні раз, каму патрэбны гэты фармалізм? Я ні разу ў жыцці бальнічнага не браў, вы можаце мяне зразумець?

Старэнькая, уся ў зморшчынах рэгістратарка скрушна зірнула на яго, цяжка ўздыхнула і прамовіла нечакана звонкім голасам:

– Ні ад сумы, ні ад турмы… ні ад ракавага корпуса… Барані цябе божа, сынок!

Ледзь стрымаўся, каб не кінуць ёй: «Ціпун табе на язык, вядзьмарка!» Але на гэтым ягоныя прыгоды не скончыліся.

– Куды? Які талон? Ты што, аслеп? Тут людзі пасля хіміятэрапіі ў чарзе прытомнасць губляюць, а ты, лоб такі, па блаце ўлезці? – дарогу да кабінета яму перагарадзілі тры жанчыны сярэдняга веку.

– Ды мне толькі аналізы забраць! – пачаў тлумачыць Міхась.

– Тут усе па аналізы, – не згаворваючыся, выгукнула чарга.

Міхасю нічога не заставалася, як змірыцца з сітуацыяй.

– Іванавіч, я ў паліклініцы, і «кукаваць» мне тут да абеда ці мо й болей. На аб’ект едзьце без мяне!

Іванавіч спрабаваў паўшчуваць, маўляў, без Міхася толкам не ацаніць, колькі папярэдне «злупіць» грошай з заказчыка, пакуль складуць дакладны каштарыс, але ён ужо не надта ўслухоўваўся ў тлумачэнні. Тут, ля кабінета анколага, сярод гэтых бедакоў, ён раптам зразумеў, што ўсё тое, што адбываецца за сценамі паліклінічнага корпуса, ужо драбяза, не вартая нерваў. Працяла трывожная думка: чаму гэта яго накіравалі так тэрмінова да анколага?

– Адамовіч дрэнны ўрач? Ну што грубаваты, дык з намі інакш і нельга. А так ён быў лепшым хірургам, да яго пад скальпель усе прасіліся. У семдзесят пяць, канешне, не аперыруе, не той ужо ўзрост, але ж вопыт не растрасеш, ён і цяпер зірне на цябе, нібыта рэнтгенам пройдзецца. І дыягназ у яго як прысуд, не адкруцішся. А сын увесь у бацьку пайшоў, да Адамовіча-малодшага сёння трапіць – таксама вялікая ўдача. А ты кажаш, грубы.

– Рак стрававода? Чацвёртай ступені? – прамовіў нехта спачувальна.

– Ага, апошняй. Пятай ступені не бывае, – адказала адна з тых жанчын, што перагарадзілі Міхасю дарогу да кабінета ўрача.

– На калідоры ляжала? Ой, я таксама да аперацыі тры дні кантавалася, пакуль ложак вызваліўся. Няхай бы начальства паляжала ў такіх умовах, можа, задумалася б, што трэба бальніцы хутчэй будаваць.

– Дык яна што, спачатку па знахарах пайшла? Дурненькая, час быў упушчаны. А нам тыя траўкі і малітвы – што за саломінку ўхапіцца!

– Не, без малітваў нельга! Асабліва калі ўжо больш нічога не дапамагае! Тады толькі на Бога спадзявайся, а больш ні на каго.

– Ага, браток, гэта як баі без правілаў: ці ты рак адужаеш, ці ён, зараза, цябе!

– А я так і сказаў свайму ўрачу: вынеслі мне смяротны прысуд без пракурораў і без адвакатаў і, галоўнае, без дакладнай даты пакарання. А яна мне: «Малайчына, што жартуеце. Смехатэрапія – добрая рэч…»

Наслухаўшыся такіх размоў, Міхась пераступіў парог кабінета ўрача на ватных нагах. Умольным позіркам глядзеў ён на доктара Адамовіча, пра якога казалі, што ён тут сапраўдны свяціла.

– Ну што, асілак? Ну праўда ж, асілак? – заўсміхаўся, звярнуўшыся не столькі да яго, колькі да маладзенькай медсястры, доктар. І тут жа спахмурнеў, заглыбіўся ў нейкія паперы, якія яму перадала, перапытаўшы прозвішча наведвальніка, сястрычка.

– Ну, гэта ты цяпер асілак, – раптам пасур’ёзнеў доктар. – А праз пэўны час будзеш такі ж нямоглы, як вунь тыя людзі на калідоры! Калі не пачнеш лячыцца! Калі тэрмінова не ляжаш на аперацыю. Такія вось асілкі, як тыя вялізныя дрэвы. Не заўважаў? У непагадзь яны чамусьці валяцца першымі. Што, напалохаў цябе? А ты не палохайся! – доктар не ўсміхаўся, казаў нават злосна, у адказ хацелася яму нагрубіць і ляснуць дзвярыма.

Але не нагрубіў і не ўцёк. Толькі адчуў сваю бездапаможнасць і перад гэтым суровага выгляду анколагам, і перад медсястрой, якая таксама ўжо не ўсміхалася, а цярпліва тлумачыла, што яго паставілі ў чаргу на аперацыю і роўна праз чатыры тыдні ў восем гадзін раніцы яму неабходна прыйсці ў суседні бальнічны корпус з усімі неабходнымі паперамі.

– Пакуль здасце кроў з вены, усе іншыя аналізы, затым прыйдуць вынікі, на працы ўсё ўладзіце. Час – і да нас.

Доктар, як падалося, нецярпліва махнуў рукой. Маўляй, не затрымлівай, чалавеча, сам бачыш, якая чарга пад дзвярыма.

Міхась не памятаў, як апынуўся ў двары. І не адразу ўцяміў, што корпус меў два выхады, бо выбег, як аказалася, на іншую вуліцу. Павярнуць бы ў той бок, дзе быў прыпаркаваны ягоны аўтамабіль, але скіраваўся чамусьці ў супрацьлеглы. Выйшаў на ціхую вулачку, а дыхаць стала яшчэ цяжэй. Сонца пякло неймаверна, хутчэй бы схавацца куды. Наперадзе ў абрамленні высокіх ліп стаяў касцёл. Ці толькі каталікі туды заходзяць?

Ля ўвахода яго спыніў ветліва-ліслівы голас:

– Купіце, даражэнькі, малітоўнік і святую ікону! І свечкі не забудзьце!

– Не, я праваслаўны! – засаромеўся Міхась.

– А ў нас і для праваслаўных многа чаго ёсць! – лагодна-настойліва ўгаворваў мужчына, корпаючыся ў вялікіх каробках з рэлігійным таварам.

– Не звяртай увагі, чалавеча, на гэтага святога карабейніка! Праходзь наперад, не бойся! – хтосьці піхнуў яго ў спіну.

Міхась азірнуўся, нерашуча прайшоў да лаўкі, прысеў. Той самы дарадца зухавата прамовіў:

– Шапку здымі!

Міхась зноў азірнуўся, адначасова памацаўшы галаву. Ён быў без галаўнога ўбору, відаць, гэты жартаўнік так забаўляецца. Але яму было не да жартаў. Перасеў на лаўку далей ад веселуна. Недзе наперадзе мітусіліся людзі, групка дзяцей з жанчынай у цёмнай сукенцы, падобнай да служкі, ладзілі нейкія спевы. А на лаўках сям-там сядзелі людзі, не звяртаючы ўвагі на гармідар наперадзе. Міхась заплюшчыў вочы. Ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

У яго рак? Чаму? За што? Чым ён так прагнявіў Госпада? Божа, дапамажы рабу твайму! Словы прыходзілі самі, Міхась шаптаў іх у якойсьці апантанасці. Потым схамянуўся: сваю бяду давярае чужому Богу? Ды і пра свайго Бога не памятае, калі ўспамінаў. У царкве быў толькі аднойчы ў дзяцінстве, яшчэ калі жыла бабуля Тэкля. Сядзеў, стомлена апусціўшы рукі і галаву на спінку пярэдняй лаўкі. Сядзеў так немаведама колькі.

Ён быў дужы, як і ўсе ў родзе Краўчанкаў. Пра такіх у іхняй вёсцы казалі «каню брат». Не памятае, каб сур’ёзна хварэў. У школе калі і прагульваў урокі, дык зусім не з прычыны прастуды. У арміі ягоныя сябры ляжалі па некалькі разоў у шпіталі, а ён – ніводнага. У прафтэхвучылішчы на практыцы некалькіх хлопцаў схапіла запаленне лёгкіх, майстру нават вымову далі, што пагадзіўся ў непагадзь вучыць практыкантаў кладцы, дык Міхась заступіўся за любімага настаўніка, маўляў, хлопцы самі вінаватыя, што легкадумна аднесліся да экіпіроўкі. І пазней на працы, калі які грып там – дык у іхняй брыгадзе такая завядзёнка: адляжацца два-тры дні, без аніякіх бальнічных. А Міхася, здаецца, і грып ніколі не браў. Калі і адпрошваўся з працы, дык каб з’ездзіць у вёску да радні па якой пільнай патрэбе. Ён і ў паліклініку сваю хадзіў раз на пяць гадоў выключна для таго, каб потым даведку вадзіцельскую атрымаць. Ніякіх санаторыяў і курортаў не прызнаваў – што яму там рабіць? А вось адпачыць у вёсцы, збегаць на досвітку ў грыбы ды пасядзець з вудай на рацэ – такога задавальнення ніводны санаторый не дасць. Ды й колькі прыемных спраў можна парабіць у той жа вёсцы ці на лецішчы падчас водпуску!

Усё яму было ў радасць: і праца, і адпачынак. У мужчыны заўжды быў добры настрой. «Аптыміст ты, Міхась!» – зайздросцілі сябры. А цяпер што? Дзе ўзяць той аптымізм, калі ў цябе рак?

– Хопіць маліцца чужому богу! – нехта паляпаў Міхася па плячы. – Давай выйдзем на свежае паветра!

Зноў гэты жартаўнік прычапіўся? Мужчына пенсійнага ўзросту, апрануты ва ўсё светлае, што выглядала неяк па-святочнаму, павёў яго да лаўкі ў зацені ліп.

– Ты ж не каталік? Во, на лбе напісана, што не каталік. І я, братка, таксама. А хаджу вось у касцёл, а ўсё чаму? Прызнаюся табе шчыра, малюся польскаму богу за дапамогу, за дачку і зяця малюся. Ды й да царквы, браток, магу не даклыпаць, бо надта ўжо ногі баляць.

Памаўчаў, уважліва разглядваў Міхася. Зноў загаварыў:

– У мяне дачка з зяцем перабраліся ў Польшчу, разумееш? Дык трэба неяк і да касцёла прывыкаць, каб быць ну як бы бліжэй да дзяцей.

Міхась абыякава кіўнуў галавой.

– За мяжой жывуць, здаецца, хваліцца трэба і ганарыцца, а для нас з жонкай гэта ой якой бядой абрынулася. Як так, адзіная дачка і некуды ў чужы свет? Ды адкуль? З Мінска, са сталіцы! Жыццё пачынаць з нуля!

Мужчына махнуў рукой у бок лаўкі пад ліпай, маўляў, давай прысядзем. Пад ліпай і праўда было не так спякотна.

– Ну, абжыліся маладыя трохі і, каб нас, значыцца, супакоіць, што ўсё ў іх там добра наладжваецца, пасылку прыслалі. З дастаўкай, каб нас, значыцца, не абцяжарваць. А дома цешча была адна. Яна ж і дзверы паштарцы адчыніла.

Не каб нашай старой не спытаць, ад каго пасылка. А яна вазьмі ды спытай, адкуль пасылка. Паштарка зірнула на адрас і кажа:

– Танцуйце, даражэнькая! Пасылка вам з Гайнаўкі!

– Цешча і сплясала – у адно імгненне на той свет. Вайна дагнала яе, небараку, праз столькі гадоў.

Міхась разумеў, што трэба бегчы ад гэтага гаваруна, але сядзеў і моўчкі слухаў.

– У нашай Галіны Піліпаўны, браток, з палякамі былі свае адносіны. У канцы вайны, калі немцы ўжо ўцяклі, а Чырвоная Армія іх даганяла, у вёску завіталі «акаўцы». І пачалі тут сваю чорную «селекцыю». Каталікоў не чапалі, а беларускія сем’і вынішчалі з асаблівай жорсткасцю. На вачах у маёй цешчы забілі дзеда з бабай, маці, трох маленькіх брацікаў. А Галя ад страху пачала шаптаць «Ойча наш», яе навучыла суседка-каталічка. Дык бандыты, відаць, палічылі за сваю і пакінулі ў жывых. Думаеш, на гэтым яе пакуты скончыліся? У Заляшанах, што на Беласточчыне, у Галі жыла радня. Добрыя людзі пасадзілі сірату на падводу і павезлі да родзічаў. А ў лютым 1946 года, ужо дзесяць месяцаў як скончылася вайна, у вёску, якая цяпер адышла да Польшчы, зноў уварваліся «акаўцы». Наша Галіна цудам засталася жывой – паспела схавацца ў дрывотні. Праз шчыліны ў дровах бачыла, як забілі цётку і яе дзетак. Так яна ў другі раз стала сіратою. Яна потым, Галя, значыцца, у школе-інтэрнаце не магла хадзіць на ўрокі пана настаўніка матэматыкі: яе ўсю трэсла, слова не магла вымавіць. Думалі, што хвароба нейкая напаткала. Аказалася, яна пазнала ў гэтым настаўніку аднаго з тых бандытаў. Доўга баялася сказаць каму праўду. Быў суд, нехта з суддзяў паспрыяў, каб дзяўчынка вярнулася ў Беларусь.

Міхась моўчкі слухаў, чужая гісторыя і кранала, і не кранала яго, сваё балела больш. Але няхай чалавек выгаварыцца.

– Ну, такіх выпадкаў хапала пасля вайны ў Заходняй Беларусі. Магло б ужо ўсё і забыцца-даравацца для маёй цешчы. Усё-такі 75 гадоў прайшло! Але ж за колькі тыдняў перад тым па тэлевізары паказалі, як у той знакамітай Гайнаўцы ў канцы лютага ладзілі маршы польскія, значыцца, маладзёны. Фашысты яны там ці нацыяналісты – хто іх разбярэ. І трэба ж было нашай бабулі ўбачыць гэтае сучаснае дзікунства. Давялося нам выклікаць хуткую дапамогу. Тады ўсё абышлося.

Свет вялікі, і Польшча немаленькая, а наша дурында рванула не куды-небудзь, а менавіта ў Гайнаўку па лепшую долю. Падахвоціў яе туды, праўда, муж, а куды іголка, туды і нітка, атрымліваецца. Абодва з дыпломамі ўніверсітэта, а цягаюць мяхі з пяском ды цэментам. Працуюць у будаўнічай краме недзе на выселках, да горада толькі на машыне можна дабрацца. Дык спачатку год зараблялі на чатырохкалёсны драндулет, якому больш гадоў, чым мне, а потым ужо набылі халадзільнік. Здымаюць нейкія дзевяць квадратных метраў у лагоднай пані Эльжбеты. Дык тая прымусіла іх пахрысціцца ў каталікоў. Маўляў, наша моладзь уся з’ехала ў Германію і далей на Захад, цяпер уся надзея на ўсходнія крэсы, гэта значыць – на беларускую моладзь. Ну, дачка з зяцем і стараюцца перад намі трымаць марку. Старцы старцамі, а ў жабрацтве не прызнаюцца, да каталіцкіх калядаў нам штогод пасылкі шлюць – у Польшчы ў гэты час зніжкі і на падарункі, і на перасылку.

Міхась маўчаў, слухаў і як бы не слухаў, сваё не адпускала.

– Ой, што ж гэта я пра сябе? У цябе ж, мабыць, таксама гора, калі ў касцёл прыйшоў. Што здарылася, браток?

Міхась пракаўтнуў нейкі горкі камяк, прамовіў глуха:

– З онкадыспансера іду. Рак у мяне знайшлі.

– Такі мацак, і рак? – здзівіўся мужчына. – Ото й праўду кажуць: не шукай бяды, яна сама цябе знойдзе!

Міхась, не саромеючыся, расказаў незнаёмаму пра візіт да анколага.

– Ты малады, павінен адужаць гэтую немач! – горача загаварыў мужчына. – Не запускай толькі хваробу, даверся хірургам, а потым ужо з божай дапамогай… Ды родныя каб былі побач. Жанаты?

Міхась кіўнуў галавой і з нейкай надзеяй зірнуў на субяседніка.

– Гэта добра, што сям’я ў цябе. У родным гурце, брат, усё лягчэй перажываецца. У мяне ёсцека тут сябар, таксама ў касцёле пазнаёміліся. Бабыль бабылём пражыў, усё жыццё, мабыць, толькі пра сябе й думаў. А як гора напаткала, дык не было з кім і падзяліцца. Якіх толькі споведзяў не пачуў я на гэтай лаўцы! І ты гавары, калі трэба выгаварыцца, не саромейся.

Колькі яны прасядзелі на лаўцы, невядома. Сонца ўжо схавалася недзе за суседнімі шматпавярховікамі, і дыхаць стала лягчэй. Ці гэта прыйшоў нейкі спакой? Кузьма, як назваў сябе мужчына, расказаў Міхасю мо з дзясятак гісторый пра цудоўнае вылечванне хворых на анкалогію. Людзі з чацвёртай стадыяй ачунялі, дык Міхасю, можна сказаць, пашанцавала, калі так рана выявілі хваробу.

– Ну што, брат, заходзь потым пасля аперацыі ў касцёл, я тут ледзь не кожны дзень бываю. Ці да мяне дадому, бачыш, на другім паверсе мой балкон у кветках? А хочаш, я цябе буду адведваць у бальніцы? У пенсіянераў, ведаеш, часу шмат. Толькі не вешай нос! А я вось пайду ды марожанага сабе і жонцы прыкуплю.

І ён паклыпаў да бліжэйшага ларка. Міхась падахвоціўся пайсці разам, купіў тры ўпакоўкі. Працягнуў дзве і пажартаваў:

– Гэта вам, Кузьма, за псіхалагічную дапамогу!

Чалавек і праўда яму дапамог. Прыйшоў спакой ці, хутчэй, разуменне: што ёсць, тое ёсць, цяпер трэба з гэтым жыць. І не адчайвацца.

Вырашыў патэлефанаваць жонцы. Марылька зараз амаль увесь час на лецішчы: чым добрая праца выкладчыка каледжа, дык гэта тым, што водпуск і доўгі, і заўсёды летам.

– Не прыедзеш? Вой, а ў нас першыя гурочкі пайшлі! Дарма што салатныя, а такія смачныя аказаліся!

Марыля распавядала пра дробныя дачныя навіны, і Міхасю стала неяк весялей.

– Суседзі прыедуць толькі на выхадныя? Няма калі сумаваць? Ну й цудоўна, і я пайшоў працаваць!

Добра, што не рашыўся ёй расказаць пра выклік у онкадыспансер. Ён тут чужому чалавеку выплакаўся, а яна перад кім будзе слёзы ліць, перад гуркамі ды памідорамі? Не, такія рэчы не кажуць па тэлефоне, тым больш жонцы. А вось шэфу давядзецца сказаць праўду.

– Іванавіч, я вызваліўся! Як перамовы?

– З большага разабраліся, хаця без сюрпрызаў не абышлося. Што раблю? Не паверыш, чакаю дызайнераў.

Чаму дызайнераў? З імі звычайна працавалі на завяршальным этапе, і ў большасці выпадкаў не яны, а заказчыкі, тыя, хто збіраўся гаспадарыць у адрамантаваных будынках. У падрадчыкаў і субпадрадчыкаў заўсёды былі адрозныя функцыі.

Ехаць было недалёка, карпусы гэтага завода, некалі гіганта станкабудавання, ведаў ці не кожны гараджанін. Трохпавярховы адміністрацыйны корпус вокнамі выходзіў на праспект. Міхась тысячу разоў праязджаў міма гэтага велічнага будынка, але ўнутры не давялося дагэтуль бываць. Іван Іванавіч зрабіў «экскурсію»:

– Тут была бухгалтэрыя. А там – велізарная сталоўка. Побач – спартыўныя залы. А на другім паверсе – бібліятэка. Уяўляеш, на заводзе нават бібліятэка была! А цяпер буфет і той ліквідавалі, кажуць, што нерэнтабельны. Людзі з дамашнімі «тармазкамі» ідуць на працу, здаецца, мы вяртаемся ў каменны век з гэтым рынкавым сацыялізмам!

Іван Іванавіч, звычайна стрыманы і разважлівы, у гневе пачаў гнуць мацюкі.

– Чаго вы так расхваляваліся? – здзівіўся Міхась. – Мы ж тэндар выйгралі, радавацца трэба.

– Ага, перажылі лета гарачае, перажывём і дзярмо сабачае! Міша, на гэтым заводзе мае бацькі ўсё жыццё адшчыравалі. У таты ордэн і мноства ганаровых грамат ды падзяк – уваходзіў у дзясятку лепшых рабочых. Паважаным чалавекам быў, спецыялістам вышэйшага класа, з ім начальства і віталася, і раілася! Мама ў бухгалтэрыі таксама не апошнім «вінцікам» была. Расказвала нядаўна, што ведамасці з заробкамі і прэміямі яны на вялізным стэндзе вывешвалі. І кожны работнік бачыў, колькі хто атрымліваў – ад шараговага наладчыка да самога дырэктара завода. Во дзе былі і галоснасць, і дэмакратыя. А нам мазгі запудрылі пра саўковы таталітарызм!

– Ну, цяпер зразумела, чаму вы так расхваляваліся! – прамовіў Міхась. – Гэта, шэф, ваша юначая памяць бунтуе!

– Памяць? Сумленне маё бунтуе, Міша! – зазлаваў Іванавіч. – На тэндар што было заяўлена? Кафэ, вялікае дэмакратычнае кафэ ў цэнтры горада паабяцалі! А цяпер выходзіць, што кафэ будзе на дзесяць столікаў, для адчэпнага. А ўсе плошчы пойдуць пад казіно!

– Казіно? Ну, гэта ж нашмат лепей, чым публічны дом, – пажартаваў Міхась. – Але ж для яго трэба адмысловыя спецыялісты, мы такімі рэчамі ніколі не займаліся!

– Вось ты гэтым і зоймешся, Міша. Выслухаем мясцовых дызайнераў, памаракуем трохі, што ды як, а заўтра з імі паедзеш па спецыялістаў у Мінск. Вясёлая ў нас будзе ведамасць расходу матэрыялаў!

– Іванавіч, у мяне цяпер сваё казіно, – пасур’ёзнеў Міхась. – Са стаўкай коштам ў жыццё. Я толькі што з анкалогіі.

– З анкалогіі? – Іван Іванавіч схамянуўся. – Штосьці сур’ёзнае? Рак? А я тут пра рамонт распінаюся. Ну й нервы ў цябе, Мішка!

– Ага, нервы на кулак наматаў, бо яны мне шчэ спатрэбяцца, – Міхась усміхаўся, як бы і не было таго Міхася, які з адчаем сядзеў у касцёле. Так з усмешкай і кпінамі з самога сябе гаварыў потым і з хлопцамі.

– Фільм мінулым летам глядзеў, не памятаю назвы. Там два героі са смяротнымі дыягназамі скралі машыну з мільёнам нямецкіх марак у багажніку. Пашанцавала бедакам напрыканцы жыцця! Дык не сталі гараваць, а вырашылі апошнія свае дні правесці весела, з прыгодамі. Вось і я, хлопцы, калі што, буду мець на ўвазе гэтае казіно з яго будучымі мільёнамі. Вы толькі хутчэй рамантуйце!

Хлопцы ажно аслупянелі, не зацаніўшы ягоны жарт. А ў Міхася нібыта ўсяліўся вясёлы нячысцік, так і кпіў з сябе і з іх:

– Ну, давайце, хваліце мяне, які я быў харошы. Хваліце цяпер, а не тады, калі ў дамавіну пакладуць, не пачую ж.

Хваліць не хвалілі, але спачувалі, падбадзёрвалі, як умелі. Але быў у гэтай спагадзе яшчэ нейкі дамешак пачуццяў. Міхасю падалося, што кожны з хлопцаў думаў прыкладна так: «Шкада Міхася, вельмі шкада, але дзякуй богу, што гэта здарылася не са мной».

Крыўдзіцца на сяброў? А што ён сам адчуваў бы, калі б такое здарылася з кімсьці з іх? Пакуль збіраў свае рэчы (збіраў старанна, хутчэй за ўсё яму ўжо не давядзецца вярнуцца сюды), хлопцы ўжо дзелавіта абмяркоўвалі, каго ўзяць на замену. Што ж, справа жыццёвая: калі Федзя Ласіца атрымаў інваліднасць, Міхась сам гэтак жа дзелавіта раіў узяць на працу свайго знаёмага, які набраўся будаўнічага вопыту ў Польшчы і Германіі. У кагосьці гора – цэлае мора, а ў кагосьці лужына радасці. Што ж ім, здаровым і дужым, застаецца рабіць? Трэба працаваць далей.

Ішоў да машыны, спінай адчуваў: хлопцы глядзяць яму ўслед, нібыта назаўсёды развітваюцца. Маюць рацыю: нават калі аперацыя пройдзе ўдала, то на будоўлю яму ўжо дарога закрытая. У іхняй фірме слабакі і няздары адсейваліся самі сабой. Заставаліся тыя, хто ўмеў і хацеў рабіць ды зарабіць.

І ён зарабляў няблага. Неяк аднакласнік, выкладчык універсітэта, завітаў да Міхася на аб’ект і быў здзіўлены, на якіх аўто прыехалі будаўнікі.

– Гэта што, многія «рабацягі» свае машыны ў аўтасалонах куплялі? Новыя? Ого-го! Мне на любую з іх за ўсё жыццё, напэўна, не ўдасца назбіраць.

Ён тады не без фанабэрыі заявіў:

– «Рабацягі»? Не, брат, тут усе з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй, з дыпломамі ці палітэха, ці тэхналагічнага, любы чарцёж сходу «чытаюць». Але прывыклі ставіць мэту і ісці да яе найкарацейшым шляхам. Няхай самым цяжкім, затое кароткім. У мяне ж, не забыўся, таксама за плячыма інстытут, няхай і завочна. Мог, да прыкладу, у трэсце за пісьмовым сталом сядзець, дыпломам сваім любавацца і касцюмныя штаны праціраць. Неаднойчы прапаноўвалі «цёплую» пасаду ў вытворча-тэхнічным аддзеле. Ды што пасаду! Калі дыплом абараніў на выдатна, акадэмік Аніковіч, тады ён быў прафесарам, угаворваў за дысертацыю садзіцца. Ты ж, казаў, сваімі рукамі мацаў усе гэтыя цагліны і канструкцыі, табе не трэба па шпаргалкі лезці, а большасць нашых аспірантаў на будоўлі бываюць як на экскурсіі, рады ў гады. Паважаў Аніковіча, але адмовіўся, бо люблю, каб у кішэні заўсёды «свежыя» грошы ляжалі. Неяк я тады больш упэўнена сябе адчуваю…

Алесі вось, дачцэ, паабяцаў на заканчэнне ўніверсітэта таксама купіць машыну.

– Татка, можна белага колеру? – папрасіла тая.

– Белага? Непрактычна, па-мойму, – запярэчыў Міхась.

– Але ж машына павінна быць падобнай на сваю ўладальніцу! – Алеся смяялася так заўзята, што ён пагадзіўся з дачкой. Маўляў, белую дык белую, самую белую з усіх белых у аўтасалоне.

Што цяпер скажа сваёй прыгажуні? Што грошы спатрэбяцца на лячэнне?

А як паведаміць жонцы пра дыягназ? Не, калі б пра якую радасную навіну, дык тут бы яна, як звычайна, першай даведалася. А пра такое? Марылю ён шкадаваў. Шкадаваў з таго часу, як жонка ледзь не памерла. Пазаматачная цяжарнасць, якая, казалі, не заўсёды лёгка дыягнастуецца. Ці, можа, трапіліся няўважлівыя ўрачы? Марыля губляла прытомнасць ад болю, а ў паліклініцы ўсё ніяк не маглі вызначыцца з дыягназам. Ды і ў бальніцы некалькі гадзін валаводзілі. А выратаваў яе маладзенькі інтэрн, які ў тую ноч быў дзяжурным. Аджартоўваўся, што дыягназ паставіў, бо нядаўна на экзамене білет па гэтай тэме выцягнуў.

Марыля доўга адыходзіла ад аперацыі. Але сапраўднае гора было наперадзе: пачалася зацяжная дэпрэсія. Не магла, дурніца, змірыцца з тым, што ў яе не будзе больш дзяцей.

На страницу:
3 из 4