Полная версия
Цені Дзікага палявання
Цені Дзікага палявання
Укладальнік і аўтар уступных артыкулаў – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Карлюкевіч
У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент «Ілюстрацыі да паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, кніга 2
“На паляванні”» В. П. Шаранговіча з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
© Кажадуб А. К., 2024
© Рублеўская Л. І., 2024
© Навасельцава Г. В., 2024
© Шаранговіч В. П., выява на вокладцы, 2024
© Карлюкевіч А. М., укладанне,
Зрабіць чалавека мацнейшым
Сучасны беларускі літаратурны працэс цяжка ўявіць без повязі з літаратурамі іншых народаў, з сусветнай мастацкай літаратурай. Калі ж аглядаць яе найболей яркія з’явы хаця б за мінулыя паўстагоддзя, то відавочнай з’яўляецца ўвага пісьменнікаў да міфалогіі, да таго, што выкрышталізавана ў фальклоры. Зварот да міфалогіі патрэбен творцам, каб даказаць вяршэнства духоўнай сумленнасці, каб шчыра размаўляць з чытачом. Ад старадаўніх часоў міф тлумачыў паходжанне, будову свету, раскрываў узаемаадносіны чалавека з ім. А яшчэ дапамагаў аб’яднаць, арганізаваць людзей у нейкія лагічныя, зразумелыя калектывы, абшчыны. Ці не таму знахары, шаманы, вайдэлоты, якія былі носьбітамі фальклорнай спадчыны, валодалі рэальнай сілай у кіраўніцтве грамадствам, ці не таму яны ўплывалі на шырокія масы?..
Для нашага чытацкага пакалення блізкі і зразумелы зварот калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса да элементаў фальклорна-міфалагічнай спадчыны. Яго раман «Восень патрыярха» ў свой час перавярнуў свядомасць чытачоў на ўсіх кантынентах. Быў у нас і вопыт адкрыцця спрадвечных ісцін праз прозу болей блізкага – кіргызскага, савецкага і, лічыце, сусветнага класіка – Чынгіза Айтматава. Асабліва працінаў душу яго раман «Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век», геніяльна перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым. У беларускай літаратуры папярэдняга стагоддзя міф таксама адыгрываў важную ролю ў спробе разгледзець свет, разабрацца з месцам чалавека ў часе і прасторы. Узяць хаця б казку Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка», напісаную ў 1939 г.
І нашы сучаснікі, чые творы аб’яднаны ў кнізе «Цені Дзікага палявання»: Алесь Кажадуб, Людміла Рублеўская, Ганна Навасельцава – паспрабавалі разабрацца ў суладнасці чалавека з мінулым, унікнуць у яго сённяшняе асэнсаванне спрадвечнага… Да прыкладу, Алесь Кажадуб у аповесці «Лесавік» перакананы ў тым, што ментальнасць беларуса засноўваецца на яго лучнасці з прыродай. Наш прашчур не мог існаваць без свайго поля, лесу, ракі, возера і нават балота. А фальклор (перш за ўсё міфы) адлюстроўваў гэтую лучнасць. Адзінства чалавека і прыроды, якое пісьменнік перадае праз вобраз лесавіка, узвышае нас, дапамагае пашырыць уяўленні і зрабіць нас мацнейшымі ў цёмных дакучлівых рэаліях, дзе мы вельмі часта аказваемся бездапаможнымі закладнікамі багатага на падзеі сацыяльнага жыцця. Жыцця, якое спрабуе раструшчыць асобу… Літаратуразнаўца Віктар Каваленка слушна заўважыў, што «…выкарыстанне старажытных міфалагічных матываў і вобразаў у мастацтве – гэта адна з самых чароўных старонак у развіцці духоўнай культуры чалавека». Дык ці не імкненнем да прыгажосці самога нашага нараджэння і ўсяго наступнага жыцця можна патлумачыць зварот літаратараў да міфаў і іх праецыраванне на чалавека сённяшняга?!
Спадзяёмся, што кніга «Цені Дзікага палявання» настроіць чытача на пошук падобных твораў і ў іншых аўтараў, якія адлюстроўваюць жыццё (рэальнае жыццё!), зазіраючы ў свядомасць нашых папярэднікаў і сучаснікаў праз «шкельца» міфа, з дзейснай дапамогай міфалагізацыі. Гэта ў тым ліку аповесці і апавяданні такіх, здавалася б, перакананых «рэалістаў», як Янка Брыль, Вячаслаў Адамчык, Алесь Жук, Віктар Карамазаў, Іван Пташнікаў, Янка Сіпакоў, а яшчэ творы Анатоля Казлова, Алены Брава і шмат каго з кагорты сумленных шукальнікаў мастацкай ісціны. Як аўтарамі зборніка, старонкі якога вы зараз гартаеце, так і ўсімі пералічанымі творцамі кіравала адно жаданне – паказаць няпростую дарогу Чалавека, людзей наогул да святла і здзяйсненняў. Міф і рэаліі вельмі блізкія… І працу яны выконваюць адну. Кажучы словамі паэта Пімена Панчанкі, – вельмі важную, бадай, галоўную: «І з пакалення ў пакаленне / Яно пакутліва ідзе – / Да працы добрай прылучэнне, / Ачалавечванне людзей».
Алесь Карлюкевіч,старшыня Саюза пісьменнікаў БеларусіАлесь Кажадуб
Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч) Кажадуб нарадзіўся ў 1952 г. у горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974) і вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1985). Працаваў настаўнікам сельскай школы ў Лагойскім раёне, на Міншчыне, потым быў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, рэдактарам на тэлебачанні, у часопісах «Маладосць» (Мінск) і «Слово» (Масква). Займаў пасады галоўнага рэдактара выдавецтва «Советский писатель», намесніка галоўнага рэдактара «Литературной газеты». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі.
Піша на беларускай і рускай мовах. Друкавацца з апавяданнямі пачаў у 1975 г. Першыя публікацыі – у часопісе «Маладосць». Алесь Кажадуб – аўтар больш як 20 кніг прозы і гістарычнай публіцыстыкі. З апавяданняў і аповесцей складаюцца яго першыя кнігі прозы, выдадзеныя ў Беларусі: «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на замчышча» (1990). З 1990 г. пісьменнік жыве і працуе ў Маскве. Лаўрэат Міжнароднай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва імя М. А. Шолахава (2006), Бунінскай спецыяльнай прэміі за працу на карысць рускай літаратуры і ўмацаванне культурных сувязей паміж Расіяй і Беларуссю (2012), дыпламант прэміі імя А. Дэльвіга «За вернасць Слову і Айчыне» (2013).
Аповесць «Лесавік» – прыватны пісьменніцкі погляд на жыццё. На здзяйсненні чалавека і на яго страты. Погляд, які аўтар спрабуе заснаваць на спрадвечных ісцінах… І памочнікам у Алеся Кажадуба выступае лесавік, добра вядомы нашым прашчурам. Лесавік, на якога не варта забывацца і нам самім, і нашым наступнікам…
Лесавік
Аповесць
Не было нас – быў лес,
і не будзе нас – будзе лес.
З народнагаУ глыбінях лясоў, якія з-за павалаў векавых дрэў, што памерлі ад старасці, з-за неабсяжных веснавых разліваў, з-за часовых і ледзь прыкметных дарог – хіба здолееш тут прасячы, загаціць і захаваць добрыя? – якія з-за нявымераных адлегласцей яшчэ ёсць на нашай зямлі, у гушчэчы тых лясоў часта трапляюцца чорныя, застылыя, зацягнутыя цвіллю ямы-прорвы, амаль мёртвыя вокны гнілое вады. Іх шчыльна, цесна абступаюць таксама чорныя, абымшэлыя, непадобна, што і жывыя, галастволыя дрэвы, вартуюць мёртвую ваду, гатовыя, калі надыдзе хвіліна, хіснуцца і цяжка абсунуцца, павіснуць, абламаўшы найтанчэйшае сучча, на голлях-руках суседзяў і згнісці, рассыпацца спачатку на кавалкі, а потым спарахнець, увайсці ў зямлю, каб пасля вытыркнуцца з яе кволым парасткам-дубчыкам, які некалі зробіцца дрэвам, гэтым лесам. І стаяць дрэвы, сашчапіўшыся ў далёкай вышыні цяжкімі шатамі, маўкліва і пільна вартуюць зачараваныя ямы, чакаюць. А ў вокнах-болоцінах хаваецца, шапаціць, шорхае, клубіцца, языкамі-пасмамі ліжа святло, нават распаўзаецца, каб паглынуць яго і завалодаць светам, змрок. З кожнай хвілінаю ён большае і мацнее, і ў прысмеркі змрок ужо хцівым гаспадаром навальваецца на наваколле і душыць жывыя гукі дзённага святла, – змрок ладзіць сваю песню начы. Наранкі ён вяртаецца да ям-прорваў – і яны маўчаць, мала каму вядомыя, з іх тхне холадам нежывога. І іх пазбягаюць – ды і не знаходзяць – людзі, абмінаюць звер і птушка, нават не залятае ў іх павеў ветру. Прорвы стаяць маўклівыя, як смерць.
Лесавік ведаў гэтыя прорвы яшчэ тады, калі замест цяперашніх лясочкаў тут разлягалася пушча. Пушча была вялікая нават для яго, ён жыў у ёй, вандруючы, мяняючы прыдатныя мясціны не таму, што нехта ці нешта яго зганяла – якія ў ляснога гаспадара ворагі ў лесе? – а па патрэбе. Ён жыў таму, што быў ахоўнікам лесу, яго гаспадаром, яго бацькам, ён павінен быў клапаціцца, каб лесу не было шкоды, нават самай малой. Ён быў, зрэшты, лесам. Яму быў вядомы самы глухі, самы дальні куточак пушчы, ён ведаў, як дзе бярэцца падлесак, ён гоіў былое пажарышча, заварочваў на яго лясны ручаёк, каб вадзіца змыла чорны гар, ажывіла для пачатку траву і кустоўе, а ўжо за імі, праз колькі зім і вёснаў, над нізкімі кустамі – кусты на пажарышчах заўсёды растуць нізкімі, вузластымі і кашлатымі, быццам распаўзаючыся па зямлі, – толькі пазней над імі загайдаюцца вяршалінкі тонкіх дрэўцаў. Наогул, пажары заўсёды былі самай страшнай бядою лесу, яны загойваліся вельмі цяжка, ды і загойваліся не да канца – лес на былых пажарышчах рос рэдкі і крывы, танкастволы, трава пры карэнішчах выдзёўбвалася нейкая сухая і шорсткая, а ягады і грыбы амаль не высыпаліся зусім. А затое на ўзмежках былое раны ўсё расло лепей, як дзе: дрэвы стаялі моцныя, тоўстыя, кусты аблямоўвалі іх такія густыя, што нават рэдкая пташка асмельвалася ўпырхнуць у іх спляценне, адно вужы і гадзюкі з ахвотаю запаўзалі ў непралазны гушчар, звіваліся там з галінамі, расслаблялі кольцы сваіх мускулаў – ім на адкрытых мясцінах заўсёды было цяжка, заўсёды трэба было хавацца і ўцякаць. Так, лесавік ведаў усё ў пушчы; ён амаль не ўмешваўся ў яе жыццё – толькі ахоўваў.
Але пушчы з часам рабілася ўсё меней і меней, пакуль не засталіся адно асобныя лясы, потым ляскі і пералескі. Ды і што казаць – лесавік жыў у пушчы ўжо нямала…
Калі пачалося ўсё, калі пачаўся ён, лясны гаспадар, які ведаў усё ў лесе і які ўсё ж не быў лесам? І які не быў ні зверам, ні птушкай, ні раслінай – і ні чалавекам?.. Чалавек і ён увогуле былі падобнымі. Гэта і ёсць той самы пачатак, тое даўняе, што ўжо і забылася. Чалавек заўсёды жыў у лесе, разам з лесам, будаваў сабе з лесу хаты, карміўся лесам – мясам і грыбамі, сокам і ягадай, мёдам і арэхамі, лячыўся таксама лесам – яго травамі, смоламі і каранямі, – і чалавек ніколі не пакідаў ваяваць з лесам, сячы і карчаваць яго, адсоўваць, нават паліць. Чалавек, канешне, не быў і заклятым ворагам лесу, але ніколі яго не шанаваў, не лічыў да сябе родным.
Вось для гэтага і быў ён, лесавік. І ў гэтым была повязь лесавіка з людзьмі.
Ідзе чалавек па лесе. Весела ідзе, лёгка, каго яму баяцца, чаго? У яго зброя, сякера ёсць, навязаны да палкі нож, лук са стрэламі – ён самы моцны, бо разумнейшы і хітрэйшы. І ў лес яго загнала патрэба – мяса трэба, шмат мяса, бо колькі ні ёсць чаго – усё мала, усё хочацца, каб болей. Чалавек ідзе лёгка і асцярожна, пільна ўглядаецца, чытае сляды, амаль не заўважае зайчыных і барсучыных – ён шукае лася, дзіка, казулю. І ласіха, гарбаносая, худая, вушастая, як на тое, зусім побач, ні аб чым не здагадваецца, стаіць сярод блізкіх кустоў, скубе лісце, краем вока цікуючы за смешным, даўгалыгім, няўклюдным ласянём, што дурэе на палянцы: то падскочыць, кінецца, спатыкаючыся, немаведама куды і раптам знерухомее, утаропіўшыся ў купіну, быццам і не купіна гэта, а дзіва дзіўнае, неверагодны куст, смачны, як матчына малако. А потым абыякава адварочваецца ад купіны, гэтак жа раптоўна страціўшы да яе цікавасць, і ідзе да маці, быццам накульгваючы, спатыкаючыся на ўсе чатыры нагі – такая ўжо хада ў ласянят, нязграбная. Чалавек ідзе, зараз пакажацца з таго боку паляны – і ўбачыць ласіху. І знікне, растворыцца ў кустах, нячутна зойдзе з падветранага боку, раптоўна акажацца з ёй зусім побач, меладычна, ціха зыкне страла, ахвосце яе нябачанай кветкай расцвіце пад моцнай лапаткай ласіхі – і ўскінецца тая, хрыпне, праткне капытом паветра, грузнаю тушаю абсунецца пры кусце, паваліцца, прыціснуўшы чародку сініх званцоў, тарганецца некалькі разоў, задрыжыць скурай – і аціхне. І ласяня, растапырыўшы яшчэ слабыя ногі, у непаразуменні ўтаропіцца ў маці, спяшаючыся, падскочыць да яе, торкнецца пысаю ў жывот, потым крыху адбяжыцца – і зноў падскочыць, смешна і няўклюдна. А чалавек і не адразу перарэжа яму горла, бо ведае, што нікуды яно не дзенецца, нікуды не ўцячэ ад маці, будзе тут, за бліжэйшым кустом.
І тады лесавік, калі надарыцца побач, можа ўмяшацца. Абавязкова ўмяшаецца. Самае простае – гэта пужануць неасцярожную ласіху, кальнуць востраю рагацінаю, якая не заўсёды з лесавіком, але часта бывае, кальнуць і раз, і другі, каб тая стрымгалоў ірванула ў гушчар, з трэскам разарвала кусты і знікла; а таксама і ласяня сцебануць якім дубцом, каб не вельмі адстала, бегла, вырачыўшы вочы і высока падкідаючы заднімі нагамі. Аднак лепш, каб чалавек, паляўнічы, надалей унікаў гэтых мясцін зусім, стараўся абыходзіць іх, збочваць на якую іншую сцежку, што віецца ўсцяж краю лесу, не заварочвае ў яго глыбіню. Гэтага лесавікі хочуць заўсёды. І стараюцца, каб людзі такі баяліся лясных нетраў. Звычайна лесавік пачынае з малога. Раптам загуло нешта ў дупле бліжэйшага дуба, нечуваны, жудасны лямант вырваўся з яго, марозцам прайшоўся па скуры і ўзняў дыбкам валасы на галаве, нават на целе затрымцелі яны, натапырыліся, быццам дзіковая шчэць. Чалавек здрыгануўся, замёр на месцы, прысеў – аднак усё ж пераадолеў сябе, пайшоў далей. Тады нешта зачапіла яго за нагу, тарганула, падвярнулася яна, яшчэ крок – і зноў тое ж… Чалавек палахліва азіраецца, сціскае ў руцэ сякеру ці палку – чысты дзень наўкола, празрыстасць, у свежай зеляніне зіхацяць кроплі ранішняга дажджу. Не, далей ідзе чалавек, не разумее нічога, не хоча разумець, яшчэ раз даказвае, што ўпарцейшага за чалавека нікога няма. Нехта ляпае чалавека па плячы, па спіне, ляціць з галавы шапка. Чалавек стаіць напяты, пальцы, што сціскаюць сякеру, пабялелі, вочы круглыя, бы ў савы, калені дрыжаць і гнуцца, дзіўна, што ногі яшчэ трымаюць. І зусім нікога наўкол, нічога, ветрык і той аціх, адно сонечныя плямы пагладжваюць зямлю, усміхаюцца. І дзікі рогат ззаду, ад якога скочваецца ў пяты сэрца і талахціць у іх, бы птушка. Тут ужо і ўпарты не вытрымлівае, паварочваецца і бяжыць як можа, не зважае на канавы і ямы, сухое сучча збівае і нават пянькі струхлелыя, бяжыць і не бачыць нічога, аж пакуль не ўзбіваецца на знаёмую сцежку. Тады з’яўляюцца: калі балота – Чортава балота, калі лес – Лешукоў лес, калі якое прыкметнае дрэва – Ведзьмакоў дуб.
Найбольш лесавік не любіў, калі чалавек з’яўляўся каля ягонага цяперашняга жытла. Даўней такое здаралася надзвычай рэдка, цяпер было.
Пушчы, лесу, якога лесавік меўся ахоўваць, было ўжо зусім мала. І звяроў у лесе таксама было… не зусім. Лесавіку здавалася, што ў гэтай пушчы, у гэтых цяперашніх лясках ён быў, ён жыў столькі ж часу, колькі стаяла пушча. Былая пушча. І ён перабіраўся з імшараў да сухіх гаёў, са звонкіх сасоннікаў у глухія ельнікі, з асіннікаў на балоце ў маладыя, вясёлыя бярэзнікі – і заўсёды быў пры справе, не адчуваў часу, яго страшэнна імклівага і адразу незаўважнага бегу. Старыя дрэвы паміралі, але з-пад іх вырасталі новыя. Ваўчыныя зграі доўга гналі ласіныя статкі, адбівалі з іх слабейшых ласёў, абкружалі іх цесным колам, падступаліся ўсё бліжэй, потым усе адразу кідаліся – і ласі гінулі; але ў другім статку маладыя ласі ўжо мераліся лбамі, пхаліся, тапталіся на месцы, стараючыся зрушыць, скрануць, паваліць саперніка, перамагчы. Гулі мяцеліцамі зімы, звінелі празрыстымі рэчкамі леты, адляталі з восеньскіх балатоў журавы і апушваліся жаўтлявымі каташкамі маладыя вербы ўвесну – усё гэта лесавік бачыў незлічоныя разы і ў самых розных месцах. Бывалі пажары, людзі выкарчоўвалі ляды, ставілі на іх хаты і засявалі палі, мяняліся рэчышчы рэчак, але яму ніколі не здавалася, што ў ягонай пушчы адбываюцца надта вялікія змены. Так было вельмі доўга, пакуль аднойчы ён не заўважыў зубра-адзінца, які выбрыў з лесу да вялікае вёскі, і людзі, убачыўшы яго, спачатку ад здзіўлення анямелі, а потым кінуліся з коп’ямі і сякерамі, пачалі абкружаць яго, гаўкалі сабакі і далёка ляцелі крыкі, – людзі ішлі зубра забіваць. А зубр, здурнеўшы, мусіць, ад старасці, стаяў, чакаў, звесіўшы рэдкую бараду-ахвос-це, не бараду – закарэлыя касмыкі, і ў вачах яго гарэў агеньчык зайшоўшага сонца, у вачах была пустэча. Тады над пушчаю яшчэ толькі браліся першыя мяцеліцы, не мяцеліцы – подыхі ветру са снегавымі крупамі, аснежаных дрэў яшчэ не было, хіба што зацярушанаю выдавала воўна ядлоўцавых кустоў, – і лесавік, забыўшыся нават як мае быць павыць, павішчэць, пагусці, пачаў кідацца слабым снегам у чалавечыя вочы, пачаў дзьмуць проста ў ілбы, пад ногі кідаліся сабакі, заміналі ісці, а потым ужо і пясок з зямлёй ледзь не высцёбваў вочы, забіваў нос і рот, – і зубр усё стаяў. Нарэшце нейкі сабака ўсё ж падкаціўся да яго, заскакаў пад самаю пысаю, ледзь не за бараду хапаў, і тады толькі нешта мільганула ў вачах зубра, ён павярнуўся і пабрыў, хістаючыся, між дрэў. Людзі ў сваім шалёным запале дапялі ўсё ж да ўскрайку лесу – але тут ужо захісталіся дрэвы, затрашчала ламачча, пачалі гайдацца над галовамі незразумелыя цені, адусюль вухкала і гігатала, нехта лядзянымі далонямі кратаў за твары, сучча чаплялася за кажухі, і людзі, пакрычаўшы, памахаўшы рукамі, далей не сунуліся, адступіліся. А зубр, адышоўшыся не надта далёка, да дзіковых ям, зноў спыніўся, некаторы час пастаяў скамянелай камлыгаю, потым пярэднія ногі падламіліся, зубр лёг. І болей не ўстаў. Лесавік колькі разоў з’яўляўся побач, глядзеў. Што ён мог зрабіць? Ён ведаў, што зубр памірае. І гэта быў апошні зубр у ягонай пушчы. Лесавік многае ўмеў, гэтага – не. Смерць была яму непадуладная, хаця самога яго ўзяць і не магла. Смерць звычайная, тая, што недзе стаіць на шляху чалавека, звера, птушкі. Раней ён не думаў пра тое, што такое ёсць тая чалавечая і звярыная смерць, яму гэта было не трэба. Але зусім нядаўна, усяго якіх паўсотні восеней таму, ён адчуў, зразумеў, што ён знікне разам з пушчаю, разам з апошнім ляском гэтага краю. Менавіта з ляском, а не купкаю дрэў, ляском, у якім яшчэ ёсць не чапанае, не кранутае, не бачанае нікім месца, вось такое, як змрокавыя прорвы-ямы. Хаця іх лесавік не вельмі і любіў. Не любіў у іх жыць.
І апошнімі ж часамі – магчыма, гэта і здарылася таму, што набліжаўся ягоны скон, ягонае знікненне, – ён задумваўся: хто ён і што ён у гэтай пушчы, у гэтым сваім свеце. Зразумела, ён не быў зверам, ці птушкаю, ці жуком, ці рыбаю-стронгаю, ці яшчэ кім падобным. Звяроў ён разумеў, ведаў, чаго яны прагнуць вось зараз, прадчуваў, калі падпільноўвае іх небяспека, таму і стараўся ў тое імгненне апынуцца з імі побач, дапамагчы. Ён заўсёды папярэджваў пра пажары, таму што якраз іх звяры адчувалі часта запозна, уратоўваў ад чалавечых аблог, калі ланцуг паляўнічых абкружаў, сціскаў мядзведжы бярлог, – ён стараўся той бярлог закідаць снегам, кружыў паляўнічых, збіваў з тропу. Іншая справа – не заўсёды гэта ўдавалася. Але ён ніколі не ўмешваўся ў звярыныя справы, ведаючы, дзе што зараз адбываецца: дзе гіне ў ваўчыных зубах лось, дзе дзярэ казулю рысь, дзе апошнім енкам крычыць у савіных кіпцюрах заяц. У звяроў было звярынае жыццё, ён быў па-за ім, акрамя асобных здарэнняў – тых жа пажараў. Ён, лесавік, разумеў кожны звярыны рух, кожнае іх памкненне, бо гэта было проста. І ў яго, канешне, было нешта ад гэтых пушчанскіх дзяцей. Ва ўсякім выпадку, адчуванне пушчанскага жыцця ў яго было звярынае. І звяры, адчуваючы яго, ведаючы, што ён дзесьці побач, ніколькі не палохаліся яго, а прымалі за свайго, за таго ж звера. Ні ў якім разе не за чалавека. Праўда, калі лесавік гэтага хацеў – яны яго палохаліся.
Лесавік не быў зверам, і, канешне, ён не быў чалавекам. Хаця адзін пра аднаго яны ведалі. За многія зімы і леты лесавік і чалавек сустракаліся, яны не маглі не сустракацца, але было гэта ўсё ж даволі рэдка. Ва ўсякім разе, лесавік не шукаў гэтых сустрэч, унікаў іх, а людзі… На тое яны і былі людзьмі, што баяліся больш за ўсё сабе падобных, і каторы з іх, моцны, закаваны ў жалеза, узброены мячом і крыжам, раптам пачынаў насіцца па лясных гонях, гукаючы яго, лесавіка, смеючыся і лаючыся, шукаючы таго, каго ён не ведаў. Лесавік, зразумела, ніколі не з’яўляўся. Якая ў гэтым была патрэба? Лесавік ад чалавека быў далёкі. Лесавік мог перанесціся з аднаго месца ў другое імгненна, і гэтага чалавеку было не зразумець. Ён мог з’явіцца і знікнуць. Ён мог павіснуць у паветры і раптоўна спыніць, прыгнуць да зямлі галаву каня, учапіўшыся за аброць. Мог растварыцца ў дрэве. І паляцець птушкаю. Мог столькі, што чалавеку гэтага і не ўявіць, як бы ён ні стараўся. Чалавеку, як і яму, быў дадзены розум, – аднак і пасюль, і толькі. Адзіным, чым не валодаў лесавік з усяго таго, што мог чалавек, гэта моваю. Лесавік не гаварыў. Яму, пушчанскаму духу і пушчанскай плоці, прывіду і гаспадару, гаварыць па-чалавечы не было з кім. Лесавік амаль заўсёды маўчаў, хаця мог і смяяцца, і гукаць, і скардзіцца…
Зразумела, лесавік стараўся спыніць людское нашэсце, ён шкодзіў чалавеку як мог – ды не ўсемагутны ж ён. Ён толькі лесавік. Ну што з таго, што ён мог збэрсаць, скруціць, злямчыць жыта на якой дзялянцы, з жыта таго чалавеку ўжо не было ніякае карысці. Чалавек прыходзіў, чухаў патыліцу, гараваў, што зноў жыта кустом, – але нікуды ў большасці выпадкаў не сыходзіў. Чалавек быў зацінлівы, упарты.
І лесавіку заставалася толькі назіраць і задумвацца. Ён бачыў, што людзі ваявалі не толькі з пушчаю, а значыць і з ім, самае дзіўнае – людзі ваявалі і паміж сабой. І ваявалі так зацята і люта, што яму часам рабілася… не па сабе. Страхам гэта назваць нельга, страх яму невядомы, – проста яго ахоплівала незразумелая трывога. Людзі будавалі на прыдатных для гэтага месцах гарады – і старанна руйнавалі іх, нішчылі, забівалі сабе падобных, саміх сябе. Людзі ваявалі між сабой гэтак жа ахвотна, як і будавалі і сеялі. Бадай, гэта было галоўнае, у чым лесавік не разумеў людзей. Баяцца ён іх не баяўся – што яны маглі яму зрабіць? – але і з’яўляўся ён побач з імі толькі ў самых крайніх выпадках.
Ды ўсё часцей і часцей даводзілася глядзець на іх, назіраць – і ў непаразуменні заціскаць у жмені бараду і ўцякаць. Вось толькі імгненнем раней, за якіх пяць летаў ад гэтага, пры самым ягоным цяперашнім сховішчы не сховішчы, гняздзе не гняздзе, не пры берлагу – каля ягонага цяперашняга жытла аб’явіліся людзі. Дарэчы, хаця і заставалася ў ягоных лясках усё меней няходжаных палян, некранутых лапікаў зямлі, лесавік усё ж не сышоў у адну з ям-прорваў – а іх, не надта далёкіх, было тры, – не зліўся ў адно цэлае з начным змрокам, з холадам нежывога, а паранейшаму сядзеў на чыстым лясным азярцы. Гэта азярцо, як бы падсвечанае поўняю, аблямаванае густой шчэццю трыснягоў, засталося ад колішняй імшарыны, што незаўважна ўсмакталася ў зямлю, высахла, пакінуўшы па сабе невялічкае люстра. У нізіне застаўся адно густы і тоўсты белаваты мох – і гэта азярцо. З усіх бакоў, куды ні паткніся, ваду ахоўвалі густыя кусты – лесавік добра пастараўся, звязваючы іх у суцэльны жывы пляцень, а туды, дзе трапляліся прагалы, панакідаў карчоў, пазавальваў праходы сухастоінамі. Такія ціхія і чыстыя азерцы, як гэта, заўсёды былі прытулкам белых туманоў – тыя туманы, напаўзаючы на ўзмежкі лесу і паплавы, ахінаюць усё такім малаком, што жывую постаць не ўбачыць нікому і за дзесяць крокаў. Туманы гэтыя ўзнікаюць непрыкметна і нячутна, і няма ў іх жуды, якая ідзе ад смерці. Азярцо і спадабалася лесавіку чысцінёй і туманамі. Яму ніхто тут не замінаў – з жывога толькі пагойдваліся над зямлёй, парыпвалі кнігаўкі і залятаў зрэдку крумкач. Крумкача лесавік ведаў даўно, ён часта трапляўся яму на шляху, заўсёды адзінокі, нездаволены і нямы, лесавік лічыў яго за старажыла. Калі мераць па-чалавечы, крумкачу было за дзвесце гадоў. І крумкач ведаў пра лесавіка, аднойчы абудзіў яго – не тут, а калі жыў лесавік у яловым гушчары, якога ўжо і няма, жыў, большасцю дрэмлючы, зліўшыся з якою ялінаю, увайшоўшы ў яе, – крумкач прыляцеў і паклікаў. Тады загарэлася тарфяное балота, ніхто пра гэта яшчэ не ведаў, торф гарэў пад зямлёй, – крумкач неяк празнаў. Лесавік завярнуў на балота адзін з лясных раўчукоў, доўга сачыў, ці не выб’ецца з-пад зямлі агонь, не схопіць бліжэйшыя кусты і дрэвы, не кінецца далей. Тады агонь не выбіўся. А не так даўно тое колішняе балота – яно даўно ўжо не было балотам, зрабілася поплавам – усё ж загарэлася, напалохала людзей з недалёкай вёскі. Лесавік ведае, чаму загарэлася: высахла рачулка, той самы ручай, якога заварочваў некалі лесавік. Крумкач той і для крумкача быў ужо стары. І ён таксама пазбягаў людзей.
Дык вось, нечакана на азярцы з’явіліся людзі. У першы момант, ачуўшыся, лесавік памкнуўся быў уцячы, знікнуць, перанесціся ў якое цішэйшае месца – і застаўся. Людзі, шэсць чалавек, такі прадзерліся скрозь кусты, загарлалі, адразу пацягнула дымком вогнішча, палахліва ўскінуліся ўвышыню, таксама закрычалі кнігаўкі, але, у адрозненне ад людзей, разгублена і жаласна. А лесавік як анямеў. Яму, канешне, здаралася аказвацца зусім побач з людзьмі, нават дакранацца да іх, наводзячы марачэнне, задурваючы галаву і палохаючы, – тут жа ён быў побач і маўчаў. Людзі трашчалі суччам, ссякалі маладзенькія бярозкі, рагаталі, адразу зрабілі сабе два невялікія дамкі, як з-пад зямлі яны ўзніклі, дзве чырвоныя плямы на жывой зямлі, потым гэтак жа хутка з’явіліся дзве лёгенькія лодкі, такія лёгкія, што адзін чалавек цягаў адразу дзве. Пад вечар яны паселі ў лодкі і пачалі плаваць па возеры, стаўляючы сеткі і тут жа правяраючы іх, яны спяшаліся, і ў сеткі мала што траплялася. Лесавік бачыў, як рыба спуджана кідалася ў розныя бакі, асабліва мітусіліся маладзенькія шчупачкі, яны большасцю і заляталі ў сеткі, – людзям рыбы было мала, яны лаяліся. Лесавік чуў іхнюю гаворку, не ўсе чалавечыя словы разбіраў – разумеў галоўнае: людзям трэба было шмат рыбы, як мага болей, яны нават самі добра не ўяўлялі, колькі шмат. Ён думаў, што цяпер людзі дзень пры дні будуць пялёскацца ў возеры, ганяцца за рыбай, складваць яе ў мяхі, будуць лавіць, і яму тут, канешне, заставацца ніяк не выпадае, – ды тут паветра скаланулася, здрыгануліся тоўстыя дрэвы, у адным месцы вада з возера рванулася ў неба, ажно выкінуўся ў паветра прыдонны мул, азярцо быццам паспрабавала выплюхнуцца са сваіх нізкіх берагоў, знікнуць. Людзі, што ў гэты час усе як адзін хаваліся ў кустах, радасна кінуліся да лодак. І ўжо ўсплывалі з каламутнай глыбіні глушаныя ліні, мёртва бялеліся плоткі, буйныя шчупакі то таксама пераварочваліся дагары пузам, то стараліся схавацца ў глыбіню, пад навіслыя над берагамі лазнякі.