Полная версия
Сляды волатаў
Назвалі зайчыка без лішніх выдумак Шарачком. Сваю пасцель, па-заячаму лёжку, ведаў. Дзеці наслалі яму анучак пад ложкам, саломкі, там у куце ён мог і схавацца, і адпачыць. І туалет сам сабе здагадаўся знайсці. У качаргешніку пры веніку свае шарыкі пакідаў, не разносіў іх па хаце.
Капусных лісцікаў, буракоў, морквы Шарачку хапала. І на пачатак зімы ён вырас у даволі ладнага зайчыка, якога ўжо, як коціка, на калені не пасадзіш. На зіму ў пушыстую шубу ўбраўся і стаў намнога прыгажэйшым. Але дзяцей, як і раней, сустракаў у парозе, выпісваў вакол кругі, танцаваў ад радасці. Тым і моркаўку зарабляў, хаця бабуля Ганна дабрадушна пакрыквала на ўнукаў, што гэты бальшун да вясны адзін усю назапашаную моркву з’есць.
Але не толькі пышная шэрсць вырасла на Шарачку. Раслі і зубы, работы прасілі. Аднойчы дзед Алесь агледзеўся, што за ноч ад новага бярозавага веніка застаўся толькі дзяркач. Аб’еў, абцыкляваў яго за ноч шарак. Атрымаў за гэта лупцоўку, але лупцоўкай справу не вырашыш. Пачухаў дзед патыліцу. Малы заяц – малыя клопаты. Вялікі заяц – большыя клопаты. Са звяркамі як з дзецьмі. Прыручыў звярка, чалавеча, – адказвай за яго. Цяпер душа звяркова на тваім сумленні.
Прыдумаў дзед Алесь выйсце: пачаў прыносіць зайцу бярэмца асінавых галінак. Таму яму на ноч і была работа. Заяц сваімі вострымі зубамі-разцамі не толькі абгрызаў галінкі, але і рэзаў іх на кавалачкі, як брытваю. Нават дарослыя дзівіліся, што ў зайца такія вострыя зубы.
Прыйшла зіма, заяц вырас, і яго ўжо не Шарачком, а Шараком клікаць пачалі.
Зімою мароз наглуха замуроўваў сваімі роспісамі шыбы на вокнах, у якія доўгімі начамі свяціла белая поўня. Прачнуўся неяк дзед Алесь ад дзіўнага гуку. Звычайна Шарак ноччу ціха гуляў па хаце, нікога не будзіў. А тут бачыць дзед, што заяц на задніх лапах на лаве стаіць, у акно глядзіць, туды, дзе мароз, дзе холадна, дзе снег у палях. І лапамі злёгку па шкле пастуквае, быццам просіцца туды, дзе снежна і месячна.
Пачуў, мабыць, Шарак, што дзед варухнуўся, скочыў долу і знік у сваім закутку пад ложкам.
Надыходзіла пара «заячых вяселляў», і магутны кліч прыроды зваў Шарака з цёплай хаты ў снежныя і марозныя палі.
Набліжалася развязка. Дзед Алесь прынёс ад шаўца новыя ялавыя боты. Рэч дарагая і неабходная. Хочаш – зімою абувай, пры цёплых анучах ног не памарозіш, і вясною, у самую бездараж такія боты не прамокнуць, ногі сухія будуць.
Скуру ялавічную на базары дзед сам купляў, боты майстар Яўхім шыў, які ніколі браку ў рабоце не даваў. Вечарам з сябрам-суседам дзед Алесь боты «абмыў», як і належыць. І, калі сусед пайшоў, яшчэ доўга прытупваў ботамі па хаце, пакуль баба Ганна не ўклала падвяселенага дзеда спаць.
А раніцаю бабуля Ганна ажно з двара пачула адчайны дзедаў крык: «Ганна, Ганна! Ідзі паглядзі, што гэты паршывец нарабіў!»
Спалоханая, нават дверы за сабою не зачыніўшы, убегла ў хату. Дзед стаяў у бялізне і толькі пальцам паказваў пад лаву, дзе пакінуў на ноч свае боты. Але што гэта былі за боты! Над кучаю скураных стружак толькі жалобна хіліліся да сцяны халявы. Ні дабротных перадоў, якія гэтак выштукоўваў майстар Яўхім, ні скураных падэшваў як і не было.
– Ну я яго, паршыўца!.. – дзед ухапіўся за качаргу.
І каб не расчыненыя бабай Ганнай дзверы, засталася б ад Шарака толькі шкурка на зімовую шапку і ладны чыгунок смажанай у печы зайчаціны, каб дзеду Алесю справіць памінкі па сваіх незвычайных, самых лепшых за жыццё ялавых ботах.
Шарак, ледзь не збіўшы бабу Ганну з ног, ламануў з хаты туды, дзе суджана была яму воля і снегавое поле.
А ў вёсцы і дасюль яшчэ, калі ўбачаць зайца, жартуюць: «Глядзі, Алесевы ялавыя боты пабеглі!..»
Каляндар прыроды
СакавікПершы вясновы месяц. Называецца так таму, што пачынае ісці бярозавы сок, бярозавік. Украінцы называюць гэты месяц беразнем. Па-руску назва месяца – «март», у даўніну і ў беларусаў – марац. Названы месяц так быў па імені старажытнарымскага бога вайны Марса.
У сакавіку ноч і дзень зроўніваюцца, і дні паступова большаюць, а ночы робяцца карацейшымі. Удзень добра ўжо прыгравае сонца. З дахаў, дзе яшчэ заставаўся снег, звонка звініць кроплямі капеж. З’яўляюцца ў полі першыя праталіны, а ў зацішку на прыгрэве маленькімі сонейкамі жаўцеюць кветкі падбелу, па-руску – «мать-и-мачеха». На вербах пачынаюць распускацца пупышкі, з-за таго што яны бухматыя, іх называюць коцікамі. Ладзяць гнёзды гракі, якія ўжо вярнуліся з выраю. На галінцы ў садзе весела пасвіствае шпак, над полем нястомна звініць жаўранак. Паціху вяртаюцца з выраю і астатнія птушкі.
У зайчых у гэты час нараджаюцца першыя зайчаняткі, у ваўчыц – ваўчаняты.
Сакавік сапраўды месяц абуджэння ад зімовага сну.
Але ў сакавіку могуць вярнуцца маразы і мяцеліцы. У горадзе так накідае снегу, што і машыны забуксуюць. Можа ціскануць і ладны марозік. Таму ў народзе і гавораць: «Марац яшчэ адмарозіць палец». Але гэта ненадоўга, бо на змену сакавіку ідзе красавік, які цалкам згоніць снег, апране дрэвы і зямлю ў светлую вясновую зеляніну, зацвітуць першыя лясныя кветкі.
8 сакавіка мы віншуем нашых мам, сястрычак і сябровак з Міжнародным жаночым днём.
КрасавікМесяц абуджэння зеляніны, кветак. Ён яшчэ працягвае паіць чалавека бярозавікам. Назва месяца ідзе з лацінскай мовы, у якой слова «aprіlіs» абазначае ‘адкрыццё’, значыць, канчатковае адкрыццё вясны. Рускія яшчэ называюць часам гэты месяц «цветенем».
Зацвітаюць альха, арэшнік. Арэшнікавыя завушніцы шчодра рассыпаюць залацісты пылок. На іх любяць грэцца божыя кароўкі. Ажывае зялёны колер азіміны. Выкідае здалёк бачныя вялікія залацістыя коцікі вярба-брэднік, якую называюць яшчэ «вербалоз».
У красавіку знікаюць астаткі снежнага покрыва, на рэках ідзе крыгаход. Гэты месяц можна назваць птушыным святам. Птаства звініць, спявае. На вадзе плюхаюцца, купаюцца вадаплаўныя птушкі. Адвячоркам над узлескам лятае ў пошуках сяброўкі слонка – велікаваты лясны кулік, па-нямецку – «вальдшнеп».
Птушкі заканчваюць будаваць гнёзды.
Пасля таго як канчаткова ўзламаўся на рэках і сплыў лёд, выходзіць з дрымотнага стану рыба, расплываецца па поймах і затоках. Пачынаецца нераст. З глыбокіх віроў нават выплываюць пасля зімоўкі самы.
Пераважна ў красавіку людзі святкуюць вялікае свята Вялікдзень, якое кожны год выпадае на розныя даты.
МайМай – месяц веснавой квецені. Назву яму далі старажытныя рымляне ў гонар багіні Маі. Па-старажытнаславянску ён называўся «траўны», «травень». Траўнем яго называюць і ўкраінцы.
У маі цвіце ўсё: дрэвы, кусты, трава. Пачынаюць цвісці – каласаваць – азімыя жыта і пшаніца. Але найбольш вабяць квітнеючыя лугі.
А якою прыгажуняю ў лесе выглядае суровая яліна з паднятымі ўгору шышкамі-свечкамі пурпуровага колеру! Пад ялінамі можна знайсці і першыя веснавыя грыбы – смарчкі і страчкі.
У маі вяртаецца пазней за ўсіх з выраю прыгожая птушка івалга, якая дае знаць аб сабе мілагучным посвістам. Амаль адначасна з ёю вяртаецца і блакітная птушка з сінімі крыламі – сіваваронка.
Зайчыха тым часам яшчэ раз нарадзіла зайчанят, тое ж управілася зрабіць і вавёрачка.
Нарадзілі сваіх дзетак і магутныя ласіхі, якіх у народзе яшчэ называюць лошамі. І прыгожыя аленіхі – таксама, і мініяцюрныя казулі…
Хаця ў прыродзе зрэдку здараецца рознае. І вялікія маразы прыціснуць, і снег можа пайсці. У 1952 годзе ў маі падаў снег у Белавежскай пушчы шэсць гадзін. Ішоў ён і ў Мінску ў канцы мая 1945 года… На шчасце, такое бывае рэдка.
Але найперш май – месяц цвіцення садоў, іхняе святкаванне. У народзе гавораць: «Прыйшоў май, і пад кустом рай».
1 мая мы святкуем Дзень працы, а 9 мая – Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
ЧэрвеньМесяц птушанят. Іх клапатліва гадуюць таты і мамы. Па-руску чэрвень – «июнь», у гонар старажытнарымскай багіні Юноны. На Беларусі і Украіне назва «чэрвень», хутчэй за ўсё, паходзіць ад назвы маленькіх чарвячкоў, якіх збіралі і выкарыстоўвалі для фарбавання тканіны. Іх многа з’яўлялася ў гэтую пару.
22 чэрвеня – летняе сонцастаянне, калі самы доўгі дзень і самая кароткая ноч у годзе.
Ужо адцвілі сады, але на лугах і на лясных палянах безліч новых кветак.
Працягвае каласаваць жыта. У лесе з’яўляюцца першыя грыбы: падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі, сыраежкі, маслякі і цар грыбоў – баравік. Летнія баравікі называюць каласавічкамі.
У птушак чэрвень – месяц напружанай працы. Трэба не толькі выкарміць птушанят, але і паставіць іх на крыло – навучыць лятаць. Але ў лесе яшчэ чутны птушыныя галасы.
Вылазяць з нары лісяняты. У іх ужо раскрыліся вочкі, яны бачаць.
Ласяняты і алені ні на крок не адыходзяць ад сваіх мам.
У зуброў з’яўляецца папаўненне ў сям’і. Праз сем дзён зубраняты ўжо не адстаюць ад статка, які вядзе і ахоўвае магутны важак. Праз месяц яны пачнуць есці траву, асабліва сваю любімую: зуброўку, герань, ландышы, шалфей.
Лянівыя ліні, карасі, карпы толькі пачынаюць нераставаць. А ў галавасцікаў травяных жаб, якіх мы звычайна называем проста жабкамі, паадвальваліся хвосцікі, і яны выйшлі на зямлю на сваіх лапках, маленькія, прыгожанькія.
Рачны рак зліняў, скінуў свой панцыр, застаўся голы, з мяккімі белымі клюшнямі. Таму ціхенька сядзіць у сваёй пячоры, пакуль не вырастуць новыя «латы».
ЛіпеньВяршыня лета. Цвіце, раскашуе квеценню ліпа, і таму беларусы і ўкраінцы называюць гэты час ліпенем. А ў рускіх захавалася назва, дадзеная месяцу ў гонар старажытнарымскага імператара Юлія Цэзара, – «июль».
Ліпень – самы цёплы месяц года і самы дажджлівы. Вільгаць спрыяе росту травы і лугавых кветак. Самае смачнае сена атрымліваецца з травы, якая цвіце. Таму сяляне і гавораць: «Хоць і шкада кветак, але касі луг, пакуль цвіце».
На вадзе зацвітаюць белыя гарлачыкі, жоўтыя збаночкі, у самой вадзе з’яўляецца шмат водарасцей, надаючы ёй зялёную афарбоўку, таму і гавораць, што вада «цвіце». У ёй не перастаюць нераставаць нястомныя верхаводкі, уюны. А рак надзеў ужо новы панцыр і пачынае выходзіць на паляванне.
Даспяваюць суніцы, маліны, касцяніцы, брусніцы, чарніцы, буякі, чорныя і чырвоныя парэчкі.
Цвіце бульба, пачынае на ўзгорках бела-ружовіцца грэчка, блакітным морам цешаць вока льняныя палі.
Лес пацішэў ад птушыных галасоў, птушкі гуртуюцца ў перададлётныя чароды, ім трэба карміцца, набірацца сілы для пералёту.
У глушцоў, цецерукоў, рабчыкаў, чапляў, гусей, качак пачынаецца лінька, і вадаплаўныя ў гэты час сядзяць, схаваўшыся, у надводных зарасніках.
Лісяняты разам з бацькамі ўжо спрабуюць паляваць на маленькіх зайчыкаў, на мышак. Маладыя ваўкі таксама выходзяць на пробныя паляванні.
Па ліпеньскім надвор’і людзі спрабуюць прадказваць, якой будзе зіма: «Калі ўлетку на сонцы напячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся».
3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).
ЖнівеньМесяц развітання з летам. Жніўнем яго беларусы называюць таму, што сама жнуць збажыну. Украінцы – серпенем, бо калісьці жалі сярпамі. А па-руску жнівень – «август», так названы калісьці ў гонар рымскага імператара Актавіяна Аўгуста.
У жніўні таксама многа цёплых дзён, але ўсё часцей і часцей прыходзяць прахалодныя ночы, кладуцца на траву золкія ранішнія росы.
Адчуваецца подых восені, карацеюць дні, даўжэюць ночы, пад раніцу наплываюць густыя туманы. Часта ідуць дажджы, няхай і не зацяжныя, але шчодрыя на ваду, амаль ліўневыя.
Пачатак жніўня мала чым адрозніваецца ад ліпеня. Але нестае ранейшага буяння кветак. З’яўляюцца першыя жоўтыя стужкі ў косах бярозак. Спеюць яблыкі. Пачынаюць чырванець рабіны, шыпшыны.
Пачынаецца адлёт птушак у вырай. У лесе ўжо рэдка пачуеш бесклапотны птушыны спеў.
Пачынае назапашваць на зіму тлушч мядзведзь, які не таўсцеў раней, каб не было горача. А зараз ён нястомна есць ягады, арэхі, жалуды, карэньчыкі раслін. Яму трэба назапасіць на зіму чатыры-пяць пудоў тлушчу. Гэткі ж клопат і ў барсука, каб не будзіў у час зімовага сну голад.
Жнівень – самы багаты месяц на грыбы, сапраўдны баль грыбоў. На радасць грыбнікам, высыпае многа лісічак, ваўнянак, сыраежак, валуёў, падасінавікаў, падбярозавікаў, бабак, махавікоў, рыжыкаў, баравікоў, груздоў…
У лесе ад імху і першага апалага лісця ідзе густы грыбны пах. У народзе на гэты конт ёсць прымаўка: «Калі грыбна, то і хлебна».
ВерасеньПачатак восені. Сама цвіце верас, таму і верасень у беларусаў і ўкраінцаў. У рускіх – «сентябрь», таму што калісьці ў старажытных рымлян гэты месяц па ліку быў сёмым.
Прырода няспешна развітваецца з летам, цяплом і кветкамі.
Карацее дзень, даўжэе ноч. 25 верасня падзяляе суткі папалам. Пачынаюць марасіць зацяжныя дажджы, можа здарыцца, што ў канцы месяца ненадоўга выпадзе і снег.
Жаўцее, чырванее, барвавее лісце. Яно робіцца такім рознакаляровым, бо дрэвы хочуць атрымаць як найбольш сонечнай энергіі, якой становіцца ўсё меней і меней.
А вось позні дуб, бэз, вольха восенню не мяняюць афарбоўку лісця.
Дацвітаюць блакітная цыкорыя, валошка, браткі, палявы гарошак…
Ліняюць, пераапранаюцца ў зімовыя шубкі звяркі. Нястомна запасаюцца на зіму харчам вавёркі, хаця асноўнай іх ежай будзе яловае насенне.
Нават вароны і сарокі ладзяць схованкі. Сарокі хаваюць у іх жалуды, арэхі.
Хаваюцца на зіму ў дуплах і пад карэннем, скруціўшыся ў клубкі, гадзюкі. А вужы выпаўзаюць пагрэцца яшчэ і на лістападаўскім сонцы.
Сплываецца да сваіх зімавальных ям рыба. У самыя глыбокія віры нырае сом.
У народзе пра верасень гавораць: «Восень на рабым кані едзе». І прыкмячаюць: «Буслы ляцяць высока – зіма яшчэ далёка».
КастрычнікПрацяг свята асенняга лісця.
Апрацоўваюць, як некалі казалі, – труць лён, а ў выніку атрымліваецца шмат кастрыцы. Таму ў нас гэты месяц называюць кастрычнікам. Паўкраінску ён захаваў назву «жовтень», бо ў лясах яшчэ шмат і жаўталісту, і грыбоў.
Руская назва «октябрь» запазычана з лацінскай мовы: у старажытных рымлян гэты месяц быў па ліку восьмым.
У гэтым месяцы тыдзень ці два – сонечныя, цёплыя. Гавораць, бабіна лета прыйшло. Можа і павучок на павуцінцы паляцець, і страказа аднекуль з’явіцца, і навальніца пройдзе. Наогул, такія цёплыя дні могуць парадаваць і ў наступным месяцы – лістападзе. Так што правільней называць бабіным летам цёплыя і пагодныя асеннія дні, якія бываюць неаднойчы.
Але восенню ўсё ж пераважаюць дажджы, туманы, у нізкіх мясцінах здараюцца замаразкі.
Усю восень працягваюць адлятаць у вырай птушкі. Адлёт адных, якія ляцяць удзень, мы заўважаем, іншых – не, бо яны ляцяць ноччу. Не заўважыць мы не можам хіба што адлёт жураўлёў і гусей: чароды іх вялікія, галасы гучныя.
Калі прадбачацца халады, то да нас з Поўначы паціху пачынаюць адкачоўваць снегіры, чачоткі, амялушкі, крыжадзюбы…
Да чалавечага жытла пачынае туліцца сінічка, кружыць вакол яго сарока.
У зімовы колер да гэтага часу афарбоўваюцца зайцы-белякі, гарнастаі, ласкі.
Ападае і ападае лісце, таму людзі і гавораць: «Вясною лісток, а ўвосень сучок».
ЛістападАпадае з дрэў апошняе лісце, таму беларусы і ўкраінцы называюць гэты месяц лістападам. А руская назва «ноябрь» запазычана ў старажытных рымлян і абазначае дзявяты месяц у календары.
Пахмурыя дні. Як ніколі павявае сумам. Плывуць нізкія хмары, сячэ халодны дождж, часам са снегам. Ад гэтых дажджоў нават асеннія паводкі здараюцца.
Пуста і гола ў палях і на лугах. Адно чарнее дзе-нідзе сцірта саломы або стог. Цешыць вока толькі рунь зелянінаю – гэта ўзышлі азімая пшаніца і жыта.
На зімовую спячку ўладкаваліся вожык, барсук. Залёг у сваю бярлогу і мядзведзь.
Даклёўваюць апошнія ягады цецерукі і рабчыкі, пераходзяць на насенне раслін і траў, пупышкі дрэў. Толькі сінічка, як званок, звініць у лесе, вышуквае на ствалах дрэў між карынак насякомых.
Сядзіць у гушчары заяц-бяляк: яму ў белым адзенні зараз лепш не паказвацца. Лісіца хаця і любіць палавіць мышак – памышкаваць, ды не надта ахвота лезці ў мокрае поле. Прырода чакае зімы, чыстага белага снегу.
7 лістапада мы святкуем Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
СнежаньМесяц першага снегу. І назва яго ў нас ад слова «снег». Ва ўкраінцаў ён называецца груднем, бо не ўсе замёрзлыя груды зямлі засыпаў снег. Па-руску «декабрь» – ад лацінскага «дзясяты», бо ў старажытных рымлян гэты месяц быў дзясятым па ліку.
21 снежня – зімовае сонцастаянне: самы кароткі дзень і самая доўгая ноч.
Калі ў прыродзе ўсё ладам-парадам, то ў гэты месяц паціскае лёгкі марозік, ідзе снег. Прырода рыхтуецца да белага свята зімы.
Прыцярушаныя белым снегам, па-свойму прыгожыя хвойкі, ялінкі, ядловец, з-пад неглыбокага снегавога покрыва выглядваюць вечназялёны бруснічнік, верас, зязюльчын мох.
Заяц-бяляк ужо зусім беленькі, і яго цяжка заўважыць. Рыжая пушыстая лісіца кіруецца з лесу ў поле паляваць на мышак.
Цяжэй за ўсё шэранькім курапаткам, якія жывуць на палях і ўзлесках. І відаць іх на белым снезе, і голадна. Таму падаюцца яны бліжэй да чалавечага жытла, да фермаў. Нават на ўскраіны гарадоў прыходзяць прыгожыя дзікія палявыя курачкі.
Снежань зіму пачынае, а год заканчвае.
25 снежня каталікі святкуюць Божае Нараджэнне.
Усе мы з радасцю рыхтуемся да сустрэчы Новага года, да канікулаў, да зімовых свят, якія будуць на пачатку наступнага месяца.
СтудзеньМесяц маразоў, снегу, сцюдзёны, халодны. Украінцы гэты месяц завуць «січень», бо ён падзяляе зіму на дзве палавіны. У рускіх назва «январь» – з лацінскай мовы, ад імя старажытнарымскага бога Януса.
Але жыццё не спыняецца. На снезе можна заўважыць сляды палявых мышак, якія адважыліся выбрацца з норак, з-пад снегавога покрыва. Пакідае ў лесе свой след куніца. Вавёрачка стараецца без патрэбы не вылазіць з дупла, каб не патрапіць куніцы на вочы.
Зайчыкам даводзіцца карміцца найбольш карой дрэў, тонкімі галінкамі. Ласі таксама ядуць кару дрэў і галлё. А лісы і зайчыка не прамінуць, і курапатку злавіць могуць, і мышак умеюць даставаць з-пад снегу. Не адстаюць ад рыжых драпежніц і ваўкі, ды і рысь можа прыпільнаваць і аленя, і казулю.
Не спяць зімой у сваіх падводных хатках бабры, рачныя выдры ў сваіх норах, але на снег яны стараюцца амаль не выходзіць.
Кормяцца пераважна бярозавымі пупышкамі цецерукі. Яны падаюць з дрэў у глыбокі і мяккі снег і спяць, незаўважаныя, пад ім.
Упрыгожваюць заінелыя кусты чародкі чырвоных снегіроў.
1 студзеня мы адзначаем Новы год, ладзім ёлкі.
7 студзеня праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова.
ЛютыСамо слова сведчыць, што ён суровы. Украінцы яго таксама лютым называюць. Па-руску «февраль» – ад імя старажытнага італійскага бога Фебра.
Гуляюць мяцеліцы, ды і маразы трымаюцца. Таму людзі і гавораць: «Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі». А ў пагодныя дні ў зацішку сонца ўжо пачынае прыграваць, могуць і кропелькі з даху, пакрытага снегам, закапаць – капеж.
У лесе працягваецца па-зімоваму суровае жыццё, але ў мядзведзіцы ўжо нарадзіліся медзведзяняткі. Ваўкі, лісы, зайцы спраўляюць свае звярыныя вяселлі.
Намнога весялей ценькае ў лесе сінічка. А калі месяц выдараецца цяплейшым, чым звычайна, то ў небе можна пачуць галасы пералётных гусей, нават першага шпака ўгледзець.
Пачынаюць чырванець галінкі ў бярозы і ліпы. Здаецца, што дрэвы выходзяць з лесу, з-за зялёных ялін і хваін наперад.
Усё ў прыродзе ў чаканні сапраўднага цяпла і вясны, бо заканчваецца апошні зімовы месяц.
Уладзімір Ягоўдзік
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік нарадзіўся ў 1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна, на Гродзеншчыне ў сялянскай сям’і. Выхоўваўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1978 па 1982 г. працаваў карэспандэнтам брэсцкай абласной газеты «Заря», рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання. У 1982–1990 гг. – супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва». У 1990–2010 гг. – галоўны рэдактар газеты «Дзеці і мы». Адначасова ў 1997–2003 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Зараз – на творчай працы.
Друкавацца пачаў у 1972 г. Першая публікацыя – вершы на старонках абласной газеты «Гродзенская праўда». Аўтар кніг «Стронга» (1984), «Вочы начніцы» (1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборніка казак «Сонейка, свяці!» (1988), мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990) і інш. Напісаў шэраг п’ес, адрасаваных дзецям. Спектаклі па іх ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах Беларусі, а таксама на Беларускім радыё і тэлебачанні: «Залатое зярнятка», «Сонейка, свяці!», «Пякла баба калачы», «Сакрэты Вогніка», «Усміхніся, прынцэса…» і інш. Выступае ў друку як літаратурны крытык і аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра самадзейных і прафесійных мастакоў Беларусі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Маўра (1994), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019).
Уладзімір Ягоўдзік шмат піша пра прыроду – прыродныя з’явы, птушак, звяроў і расліны, адрасуючы свае апавяданні, замалёўкі, нарысы і эсэ юнаму чытачу. Нястомны вандроўнік па розных мясцінах нашай краіны, пісьменнік валодае пільным мастацкім зрокам у асэнсаванні ўбачанага, пераконвае чытача ў тым, што Беларусь мае прыгожыя, сапраўды ўнікальныя багацці прыроднага свету. «Барабаншчыкі вясны: кніга пра дзятлаў», «Прыродны азбукоўнік», складзены для дзяцей і бацькоў, «што не крыўдзяць птушку, звера, у дабро і казкі вераць», «У царстве Вадзяніка», «Ці вернецца князь Кук?», як і іншыя кнігі, іншыя творы пісьменніка, – гэта сапраўдныя адкрыцці, сапраўдныя мастацкія і проста жыццёвыя падарожжы, кожная сустрэча падчас якіх прыносіць асалоду і незабыўныя ўражанні.
Азбукоўнік
Гэты «Азбукоўнік»Склаў дзядзька ЯгоўдзікДля дзяцей і для бацькоў,Маіх даўніх сябрукоў,Што не крыўдзяцьПтушку, звера,У дабро і казкі вераць.ААлені пасуцца на ўзлессі. іх рогі нібы дзівосныя кветкі. Глядзі здалёк і любуйся, а бліжэй – не падыдзеш. Хутчэй за вецер бегаюць алені.
ББабры славутыя майстры, без сякеры і без пілы ладзяць сабе хаткі. Хочаш з імі сябраваць, без запінкі паўтары: «Дабёр бабёр, бабраняты на падбор!»
ВВоўк – самы люты драпежнік, які жыве ў нашых лясах і пушчах. Воўк штогод ліняе, але свой нораў не мяняе. У яго вачах заўжды адна загадка: «Стаіць баран у полі, просіць долі: “Дайце мне долю, над усімі волю!..”»
ГГлушэц на дасвецці такуе ў сасновым бары. А хто яго пачуе, той зразумее мову травы і дрэў, звяроў і птушак.
ДДрозд у лесе над рэчкай спявае-пытаецца: «Хто два разы на свет нараджаецца?»
ДЖДжала ў пчалы маленькае, але затое ўдаленькае. Ад пчалінага пацалунка не захочацца ласунку.
ДЗДзікі – свойскім свінням сваякі. Яны жывуць на волі, ядуць карэнне і жалуды. Вельмі любяць бульбу: вараную, параную, смажаную, сырую – любую!
ЕЕлка-елачка, схавай нас ад дажджу, мы тваю загадку дзецям загадаем: «Ехалі паны на рабым кані. Да зімы ўсе распрануліся, засталіся ў шубах тры прыгажуны. Адкажыце – хто яны?»
ЁЁрш клюе – аж вуда гнецца, а вудар не рад, злуецца. Вось улоў дык улоў: нават кот не наесца!
ЖЖаўрукі – першыя пасланцы вясны. Каб хутчэй прагнаць зіму, памагайце ім песенькай-замовай:
Жавароначкі, прыляціце,Цёпла лецейка прынясіце,Бо зімачка надаела,Усе хлебушкі пераела!ЗЗубры – нашых лясоў і пушчаў слаўныя ўладары. А сталіца іхняя Белавежская пушча. Добра жывецца пад аховай зуброваю зверу лясному і птушцы малой.
Ііўчыка ніхто не бачыў. Людзі кажуць, ён тады спявае, як папараць-кветка зацвітае.
ЙПра «і» кароткае не забываЙ, старанна літары запамінаЙ. ЧытаЙ, спяваЙ, танцуЙ, малюЙ – своЙ краЙ любімы праслаўляЙ.
ККуніца-куня – спрытная ласуня. У куніцы няма сяброў, яна палюе на птушак, вавёрак і зайцоў.
ЛЛось – лясны волат, а нікога не крыўдзіць. Рогі ласёвыя быццам карона. Пэўна, за сілу і дабрыню носіць карону гэтую лось.
ММядзведзь нават зімою, калі ў бярлозе спіць, галодны смокча лапу і мёд пчаліны сніць.
ННорка жыве ў норцы земляной і ў старадрэвіне-дуплянцы, але заўжды непадалёк ад вады. Звярок – добры мышалоў, а яшчэ лепшы рыбалоў.
О«О» – літара салодкая, на ягадку падобная. На суніцы і чарніцы, на маліны і ажыны, на брусніцы, буякі і журавінкі… У вас не пацяклі яшчэ слінкі?
ППугач – савіны цар – не начуе, а толькі днюе, бо ад змяркання да світання на мышэй палюе.
РРак здароўкацца мастак. Клюшняй цапне, і паверыш прымаўцы-нявымаўцы: «Рады рыбы – ракі рады, рады ракі – рыбы рады».
ССінічка-невялічка з надыходам зімы жаліцца: «Сіверка, сіверка, сіверка…»
А вясною звонка хваліцца: «У лесе красачкі сіненькія з жоўтымі вочкамі цвітуць!»
ТТурухтан надзеў каптан. Модны – з бантам-каўняром. Па балоце цяпер ходзіць, надзімаецца, выхваляецца: «Вось які я важны пан!»