bannerbanner
Дараванне
Дараванне

Полная версия

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 4

Ларыса перабегла праз двор і ўжо зусім была сабралася пастукаць да Анелізе, але своечасова адхапіла руку: тая можа напісаць скаргу, і тады за нядобрасумленны догляд хворага яе, бяспраўную, па сутнасці, эмігрантку, хоць і жонку нямецкага грамадзяніна, што пабралася з ім шлюбам у законным да апошняга вітража мясцовым Ратхаусе, могуць пазбавіць і тых 200 еўра, якія яна атрымлівае як сядзелка. І яна зрабіла выгляд, што проста разглядвае дрэўца магноліі з буйнымі ружовымі кветкамі – натуральна, дарагушчае (не, калі Ганс завітаў бы сюды, дык хутчэй памёр бы на ганку, чым трапіў у дом!), – а потым зноў пабегла па вуліцы, але апамятавалася: машына! Старэнькі «фальксваген» Ганса завёўся імгненна і нібыта завіляў радасным дымком, як сабака хвастом, – сабака, што адпраўляецца на пошукі гаспадара. Нібыта адчуваў, за якой-такой патрэбай яго выганяюць зараз з гаража. Павольна – а сэрца калацілася – яна пакаціла звыклым шляхам, які пераадольвала рэгулярна па суботах і нядзелях: у гэтыя дні працавала пасудамыйкай у адным з рэстаранаў Эбенсфелда (па выхадных Ральф сам у стане даглядаць свайго бацьку). Дарэчы, яе напарніцы па кухні – расіянка з дыпломам філолага ды ўкраінка, якая ў сваёй краіне была журналісткай, такая вось гуманітарная кампанія; разам яны абмяркоўваюць стыль Макса Фрыша і эстэтыку Пруста, не забываючы пры гэтым да бляску начышчаць грыль-скавароды мыйным сродкам. Тут, у баварскай глыбінцы (хоць і не менш, чым вялікія гарады, цывілізаванай ды дагледжанай – даўно і трывала), знайсці калі-небудзь працу па спецыяльнасці шанцаў няма ні ў адной з іх – вось дзяўчаты і адводзяць душу ў інтэлектуальных размовах. А што ім яшчэ застаецца: іхнія мужы, яна можа галаву даць на адрэз, і блізка не ведаюць, хто такі Макс Фрыш.

Квітнеючыя элізіумы палісаднікаў засталіся ззаду. Яна ехала цяпер уздоўж поля, на краі якога расло незвычайнае раскідзістае дрэва, якое так ўразіла яе калісьці: плоская крона нібыта распадалася на дзве часткі і нагадвала гіганцкага трапяткога матыля, які вось-вось узляціць, а магутны ствол утвараў нешта накшталт сядзення. Потым, калі падышла бліжэй, яна зразумела, што кроне прыдадзена патрэбная форма майстарскімі нажніцамі. Дрэвы тут злоўленыя ў палон цывілізацыяй – мажліва, таму яны не выпраменьваюць святла; там, у старым парку яе дзяцінства, засталося маўклівае ззянне, якое адчувала, бадай, толькі яна адна з крыклівага галаваногага лагернага натоўпу: далоні, якія яна любіла складваць купалам над някідкімі суквеццямі крываўніка, пачыналі ззяць цёплым, ружова-залатым… Яна прапусціла паварот і рэзка затармазіла, успамін адляцеў успуджаным матылём. Ля таго дагледжанага (але ці шчаслівага?) дрэва яны са Светкай любілі адпачываць, калі гулялі па ваколіцах. Калі Ганс яшчэ не патрабаваў штохвіліннай яе прысутнасці…

Хто ведае, можа, стары зноў вырашыў, што яго хочуць адправіць на фронт, і схаваўся? Каля месяца таму, вярнуўшыся з Эбенсфелда, яна ўбачыла Ганса, што бегаў па доме з пенай на губах і пашыранымі ад жаху зрэнкамі, у кашулі палыннага колеру з дзвюма нагруднымі кішэнямі ды шырокім поясам, якая адразу ж нагадала ёй форму салдат вермахта. «Гарольд сказаў, што я павінен ісці на вайну! Ён прымусіў мяне апрануць Uniform! Казаў, калі я не пайду, маю маму адправяць у Дахау! А я не хачу на вайну! Не хачу! Я бачыў Vernichtungskrieg![3]Што будзе з маёй мамай?!» І настойваў на сваім так пераканаўча, што яны з Ральфам, здаецца, таксама крыху крануўшыся розумам, патэлефанавалі Гарольду, пекару з суседняга гарадка, які па пятніцах прывозіў ім булачкі ды печыва (была якраз пятніца) і, пераадольваючы няёмкасць, спыталі наконт кашулі, – вядома, усё аказалася трызненнем хворага. Пазней Ральф прыгадаў, што гэтая кашуля колеру фельдграу была калісьці рабочым адзеннем Ганса; дзе ён умудрыўся адшукаць яе праз дзясяткі год, так і засталося таямніцай. Яна тады дала старому заспакаяльнае і прыбрала кашулю з вачэй – ён адразу ж забыўся пра яе і прыняўся засяроджана інспектаваць шафы ды шуфлядкі на кухні: калі не «ваяваў», дык шукаў салодкае, перакопваючы ўсе даступныя яму месцы. (Тую кашулю яна потым ледзь паспела выхапіць з гуманітарнага каша, куды, не доўга думаючы, кінуў яе Ральф, – гэтыя кашы, прызначаныя для збору старых рэчаў, дабрачынныя арганізацыі ставяць проста пад дзверы. На кожным кашы маецца акуратная бірка з назвай краіны. На гэтым было напісана «Weißrussland». Рэчы будуць перададзены ў беларускія дамы састарэлых, растлумачылі ёй, і Ларыса, міжволі ўявіўшы ў кашулі былога салдата вермахта свайго дзеда, які пабываў у акупацыі – і даўно памёр, але хіба ў гэтым справа? – пайшла раскладаць агонь у печы, каб спаліць чортаву анучу.)

Што яшчэ ёй запомнілася з таго дня? Бліжэй да ночы дзеянне лякарства скончылася, і Ганса зноў апанавала бяспамяцтва: ён разварочваў ложак, штохвілінна адкрываў жалюзі на вокнах, хаваўся ад людзей-адбіткаў. Размаўляў з люстэркам – паток малазразумелай лагарэі не канчаўся да рання: з-за таблетак дзень у хворага пераблытаўся з ноччу. Задрамаўшы а шостай гадзіне, праз некаторы час яна пачула крык і, спусціўшыся, убачыла яго ў калідоры: ён трымаўся рукамі за галаву і стагнаў. «Што здарылася, Ганс?» Ён прачнуўся ў цемры і вырашыў, што замкнёны ў пуні, поўнай трупаў: «Некаторыя былі скалечаныя… я не ведаў, як адтуль выйсці… за што іх расстралялі?! За што?!» Яе закалацілі дрыжыкі, а ён стаяў, пагрозліва паказваючы кулак свайму адбітку ў люстэрку: «Пачакай, вырадак, Ганс знойдзе, дзе ты хаваешся…» Ларыса адвяла старога ў ложак (прачнуўшыся раніцай, ён, як заўсёды, нічога не памятаў) і, накапаўшы ў чарку карвалолу, сказала сабе, што далей так працягвацца не можа, бо хутка і яна, як яе падапечны, з’едзе з глузду.

Ушчэнт выматаная ўсім гэтым, яна ўгаварыла Ральфа заказаць спецыяльны ложак з высокімі бартамі – суперложак, забяспечаны механізмам, каб прыўзнімаць пацыента для кармлення, і драўлянай рашоткай, выбрацца з-за якой хворы самастойна не здолее. «Усяго за пяць еўра!» – задаволена паціраў рукі Ральф, да той хвіліны, калі даведаўся: пасля смерці Ганса ложак будзе перададзены другому хвораму, і таму ў выпадку паломкі Ральфу прадпісваецца аплаціць поўны кошт гэтага тэхнічнага цуду – больш за тысячу еўра. У тую ж ноч Ганс прадэманстраваў сваё грэбаванне законамі эканоміі: гвалтоўна пакладзены ў ложак, ён так торгаў драўляныя перакладзіны, што яны не вытрымалі. Ложак, дальні сваяк катафалка, прызначаны для спакойных хворых; яго пашкоджанне не прадугледжана медыцынскай страхоўкай. Зранку Ральф не ў сабе ад раздражнення сеў рамантаваць ложак, а Ганс, які ўжо забыўся на ўсё, што адбылося ноччу, з дзіцячай усмешкай шчасця аплятаў Гарольдавы булачкі з марцыпанам і распяваў сваё «Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen…». У Ларысы ж дадалося клопатаў: уночы вартаваць той механічны цуд. Моцы ў старога было яшчэ дастаткова, гемаглабін выдатны, сэрца здаровае; калі б ён зноў стаў псаваць уласнасць бальнічнай касы, ёй давялося б клікаць на дапамогу Ральфа. Вось яна і сядзела ля хворага, а каб не заснуць, раздумвала над тым, хто ахоўвае ўладанні Мнемазіны, якія яны, вартавыя яе меж, і чаму ніводнае пакаленне не жадае пакарыстацца крэдытам – беспрацэнтным! – з банка агульначалавечай памяці…

Зрэшты, ці можа чалавек пакарыстацца чужой памяццю? Рытм жыцця паскараецца, усе досведы імгненна робяцца ўстарэлымі; кожны з людзей самотны, нібыта рукавіца, згубленая ў снезе, мы хапаемся, як за абломкі льдзін, за высновы аўтараў кніг, але яны ўжо не спатрэбяцца нам, бо свету, у якім жылі тыя, больш не існуе. Суцэльныя пласты рэальнасці адколваюцца ад нашага берага і касяком адыходзяць у нішто. Аднойчы, калі яна ўсё ж такі задрамала на сваім пасту, ёй прымроілася: Мнемазіна, чамусьці ў кароткай джынсавай спаднічцы, з татуіроўкай на сцягне, нібыта якая-небудзь дзяўчынка з дыскатэкі Эбенсфелда, куды Ральф дагэтуль ходзіць паслухаць музыку, таньчыць з люстэркам, нібыта на подыуме, на астраўку сушы, які катастрафічна змяншаецца, а ўнізе струменіцца Лета. Люстэрка тытаніды і зімовая вада Леты адлюстроўваюцца адно ў адным, памяць сцірае забыццё, забыццё змывае памяць… І сон быў такі жывы ды яркі, што яна, прачнуўшыся, доўга чамусьці не магла супакоіцца.

Леваруч паказаліся могілкі. Магчыма, хворага пацягнула на магілу жонкі? Зрэшты, асаблівага кахання да Эльзы яна ў Ганса не заўважала, стары нават ніколі не ўзгадваў яе. Прыпаркавала машыну і пайшла па дагледжанай сцяжынцы паміж мармуровых помнікаў, па тутэйшым звычаі пазбаўленых партрэтаў. Яшчэ год таму, адпраўляючыся высаджваць кветкі на магіле Эльзы, ахвотна брала з сабой старога; ён дапамагаў несці пакунак з зямлёй, а потым моўчкі стаяў побач, пакуль яна, у строгай адпаведнасці з сезонамі года, клапатліва ўладкоўвала на новым месцы жыхарства браткі ды нарцысы – вясной, чырвоную бягонію – летам, верас – восенню, галінкі хвоі – зімой. Мёртвыя непатрабавальныя. Яна і Эльза – равесніцы, калі можна так казаць пра нябожчыцу: калі маці Ральфа патанула, плаваючы ў возеры, ёй было столькі ж год, колькі цяпер жонцы Ральфа. Ларысу нават радавала, што ў гэтых мясцінах у яе з’явілася свая магілка, якую можна даглядаць. У яе, іншаземкі, няма шанцаў абзавесціся тут такім вось элегантным помнікам: за месца на могілках трэба плаціць. Ходзіш ты ў кірху ці не, зрабі ласку пажыццёва выкладваць грошы царкве за тое, што табе калі-небудзь будзе забяспечаны пропуск у горад мёртвых (і ў рай па сумяшчальніцтве). Затое тут тваё тленнае цела не гніе ў наспех скалочанай труне ў сценах хрушчоўкі, дзе і без таго дваім не разысціся, а прыбітыя горам сваякі не носяцца на злом галавы ў пошуках грошай на гарэлку, каб улагодзіць процьму родзічаў і калег. За нябожчыка з задавальненнем бярэцца фірма, якая клапоціцца пра добрапрыстойную ўтылізацыю: цела пасля ўсіх неабходных маніпуляцый дастаўляюць на могілкі, аплочваюць кафэ, куды жадаючыя могуць пайсці пасля пахавання: гарачая кава, сандвічы з сырам і каўбасамі – сціплая ежа, якая дазваляе ўмацаваць цялесную абалонку, але не дае забыцца на яе тленнасць, у адрозненне ад тых азіяцкіх па празмернасці ўзаконенага абжорства, з дзікунскімі ўзліваннямі баляванняў, якія прынята ладзіць на яе радзіме ў такіх вось сумных выпадках, прычым колькасць страў і пітва расцэньваецца ўдзельнікамі як прама прапарцыянальная ступені смутку гаспадароў…

На магіле Эльзы Ганса не было. Яна раптам адчула, як стамілася за гэты моташлівы дзень, і прысела ля помніка, аглядаючы абсаджаныя нізкім стрыжаным ядлоўцам суседнія пліты. Кожная магіла – маленькі дагледжаны садзік з абавязковымі кустамі руж, ліхтарыкамі ды лампадкамі, з белымі фігуркамі анёлаў. Як гэта не падобна да месцаў спачыну яе родных! Нават неба над тутэйшым некропалем эмалева-блакітнае, як на старажытных мазаіках у Эрмітажы Байройта; там, дзе пахавана яе маці, неба амаль заўжды даждлівае, гнілое, яно давіць на плечы і спараджае ў жыхарах правінцыйнага гарадка сератанінавы голад і дэпрэсію, традыцыйны айчынны зыход з якой вядомы: п’янства. Але тутэйшая вытанчанасць не кожнаму па кішэні. Для Ганса месца побач з жонкай даўно аплочана; руплівая нямецкая зямля, патрабуючы выканання дагавора, прасела вунь з аднаго боку магілы – там, дзе мусіць стаяць труна. Выплаты за месца пад ласкавым баварскім сонцам працягваюцца і пасля смерці: па новым законе сваякі нябожчыка аплочваюць арэнду зямлі на трыццаць гадоў наперад, а не на дваццаць, як было раней, бо ў сучаснай экалогіі з-за змяненняў мікрафлоры глебы труп за такі кароткі тэрмін не паспявае згніць – і гэта падлічана з той халоднай дакладнасцю, ад якой у яе, Ларысы, пры ўсёй яе нянавісці да айчыннага бязладдзя, проста мароз па скуры. Адразу ж бярэцца плата за дэмантаж помніка: калі праз трыццаць гадоў родзічы раптам уздумаюць нахабна змяніць месца жыхарства, не папярэдзіўшы царкву (чаго, зразумела, ніколі не здараецца), той не давядзецца адшукваць іх. Сёлета Ральф атрымаў ветлівы ліст-напамінак, што аплочаны час скончыўся і трэба альбо плаціць далей, альбо знішчыць помнік маці ды прадаставіць месца больш заможным нябожчыкам: за 5 гадоў 100 еўра, за 10 – 200 еўра і г. д. Так што, спадары турысты, падарожнікі за цудам, калі вы ўбачыце ў «брацкай магіле», то бок у звальнай яме, якая маецца на ўскрайку некаторых еўрапейскіх могілак, скінутыя туды экскаватарам косткі – нічые, дык ведайце: гэта костачкі рускіх, беларускіх, украінскіх жанчын, якія адважна кінуліся са сваёй пахмурнай радзімы на пошукі гламурнага шчасця або ўсяго толькі сытага жыцця…

Яна вярнулася ў вёску і прыпаркавала машыну ля ганка. Што ж, напэўна, не застаецца нічога іншага, як тэлефанаваць у паліцыю. Калі Паўль, які жыў па суседстве, знік у ноч на Хэлоўін (яна гэта дакладна запомніла, бо дзеці ў касцюмах вядзьмарак стукаліся ў дамы, збіралі ў мех ласункі), справа таксама скончылася паліцыяй. Ноччу выпаў першы снег, а раніцай паліцэйскія знайшлі скарчанелы труп Паўля. Увечары яго брат, таксама досыць пажылы спадар, замкнуў дзверы і лёг спаць. Хто мог уявіць, што хворы вылезе праз французскае акно! Гэтыя вар’яты часам такія хітрыя і вынаходлівыя, калі хочуць выслізнуць з хаты, узяць хаця б сённяшняе здарэнне з Гансам. Зрэшты, Паўля шукаць доўга не прыйшлося: на краі вёскі стаяў пусты дом ягоных бацькоў. Праз вядомы яму лаз уцякач пралез унутр і заснуў на сваім ложку, дзе спаў у юнацтве, – пэўна, як і Ганс, уявіў сябе падлеткам, а тэмпература на вуліцы між тым знізілася да мінус васьмі. Тым ранкам, занятая, як і ўся вёска, мітуснёй вакол сумнай падзеі (паліцыянты заходзілі ў дом, задавалі пытанні), Ларыса не адразу ўсвядоміла нязвыклую цішыню: Ганс чамусьці не крычаў, гукаючы яе. Дзверы пакоя паддаліся з цяжкасцю: стары ляжаў ля парога непрытомны. У паўзмроку (жалюзі былі закрытыя) ёй удалося разгледзець рану на лбе і парваную мочку вуха. Ральф паспеў з’ехаць на працу, і ёй прыйшлося бегчы па Аліцыю і Отта; утрох яны паднялі Ганса, паклалі на ложак. Аліцыя толькі вохкала, разглядаючы плямы крыві на светлым (калісьці) дывановым пакрыцці, якое, між іншым, узяло б зараз прыз на біенале авангардыстаў: у абстракцыянісцкіх разводах мачы і крыві, з разнастайнымі адценнямі плям таксама фізіялагічнага паходжання (змена памперсаў не заўсёды праходзіць удала) – ну проста бяры ды выстаўляй у галерэі сучаснага мастацтва. Ад страты крыві стары тады абяссілеў настолькі, што ляжаў ціха, нават драўляная рашотка ложка не абуджала ў ім звычайнай агрэсіі.

Можа, і зараз Ганс ляжыць дзе-небудзь, разбіўшы галаву аб камні, сплываючы крывёю? А мо, што не лепш, прагаладаўся, пачаў жаваць якое-небудзь вулічнае смецце і, канечне, паспеў ім падавіцца: ежу хапае прагна, а пра тое, што трэба перажоўваць, забывае. Нядаўна падавіўся кавалкам мяса, не мог дыхаць і быў ужо непрытомны, верталёт – тутэйшая «хуткая дапамога» – ляцеў з Эбенсфелда, чакалі ўсяго хвілін сем, верталёт прызямліўся за вёскай, урачы беглі праз поле бягом, спартовага выгляду маладыя мужчыны з сумкамі, напічканымі апаратурай, трыста метраў прабеглі і нават не запыхаліся (ёй адразу ж успомніліся працуючыя ў «неадложцы» яе гарадка квактухі з камодападобнымі постацямі, як яны нетаропка вывальваюцца з раздзяўбанага РАФа). Стары ляжаў на баку і хрыпеў; горла яму прачысцілі, але ў лякарню ўсё-такі забралі – баяліся пнеўманіі. Калі ж яны з Ральфам наведалі яго праз дзень, Ганс іх не пазнаў і нёс поўную лухту, бо пры ягонай хваробе любая перамена абстаноўкі толькі згушчае туман у галаве.

Дарэчы, там, у лякарні, ён быў прывязаны да ложка спецыяльным поясам, каб не ўставаў, – своечасовая мера, улічваючы хаця б і сённяшняе здарэнне. Усё яму трэба кудысьці ісці, спатыкаецца аб парогі-прыступкі, падае і ляжыць бервяно бервяном, увесь у сіняках-крывападцёках, а ўсё роўна, варта паставіць на ногі, зноў пускаецца шкандыбаць, нібыта дзіцянё, якое вучыцца хадзіць… І сённяшні яго дэмарш трэба было, вядома, прадбачыць, аднойчы ён ужо зрабіў падобнае, хаця менавіта тады ніхто гэтага і не чакаў. Перадусім яна, даведзеная няспаннем амаль да галюцынацый, па парадзе ўрача павялічыла хвораму дозу мелперону; як высветлілася потым, доза была для гіпапатама, не меней. Ганс неахвотна прадзіраў вочы апоўдні, расслаблена ляжаў у ложку гадзінамі; карміць трэба было толькі адзін раз, сняданак і вячэра прападалі. На навакольны свет амаль не рэагаваў, драмаў і днём на канапе ў гасцёўні, а пасля месяца такіх доз зусім саслабеў: ногі раз’язджаліся, што ў таго нованароджанага цяляці, колькі разоў падаў – Ларыса і не лічыла, амаль не еў і спраўляў патрэбы, натуральна, пад сябе. Выглядаў ён так дрэнна, што яна забіла трывогу і выклікала ўрача ўзяць кроў на аналіз. Яго даб’е найменшая прастуда, сказаў урач, лейкацыты ўпалі ніжэй няма куды; яна скончыла даваць тыя пілюлі, хутала яго ў шалікі ды цёплыя вязаныя кофты, як калісьці Светку пасля чарговай ангіны, і міжволі шкадавала, а ён зрабіўся пакорлівым і бездапаможным, пазіраў на яе выцвілымі згусткамі эмалі ды шаптаў сваё «данке шён». Неўзабаве крыху акрыяў, але быў яшчэ кволы і пастаяна падаў – а падаў жудасна: аднойчы так грымнуўся ўсім целам на спіну, што яна думала – усё, канец, але абышлося. Страшны, як гогалеўскі мярцвяк, увесь у барвовых і чорных плямах (сінякі з-за дрэннага кровазвароту не сыходзілі), ён увесь час ірваўся кудысьці бегчы, зноў падаў і разбіваўся ў кроў. І яна змучылася канчаткова, бо падняць яго адна не магла: цяжкі, як мех з мукой, і, як мех жа, бездапаможны, сам ён аніколькі ёй не дапамагаў. Потым ужо здагадалася крэсла падстаўляць, каб ён мог рукамі ўхапіцца, а яна ў гэты час яго прыўзнімала, так і перасоўваліся па доме двухспіннай істотай з крэслам у галавах.

А пазней ён адужаў ужо настолькі, што ўсё намагаўся выслізнуць на вуліцу, вось тады і адбыўся той выпадак, генеральная, так бы мовіць, рэпетыцыя сённяшняга. З яе дапамогай ён уставаў, дапаўзаў да сваёй канапкі ў гасцёўні, там яна яго пакідала, а сама завіхалася па гаспадарцы, абсалютна ўпэўненая ў тым, што ён занадта слабы, каб куды-небудзь ісці. Пралічылася. Яна прыбіралася на другім паверсе, Ральф адправіўся ў лес па дровы і забыў замкнуць дзверы; была ранняя вясна, пачынала цямнець. Тады Ганс, згубіўшы па дарозе чаравік, здолеў дайсці да канца вёскі, дзе зваліўся ў калюжыну на абочыне, ну а падняцца самастойна, зразумела, не мог. Па гэтым чаравіку, што валяўся пасярод вуліцы, Ларыса яго і знайшла, а з дапамогай шляхетнага спадара, што праязджаў міма, паставіла на ногі; дарэчы, ёй каштавала немалых высілкаў расціснуць пальцы яго правай рукі, у якой ён трымаў кол, верагодна, вырваны з чыёйсьці агароджы. Усё гэта яна расказала тады ўрачу ў лякарні, не забыўшы дадаць, што ў іх пабывалі судовыя медыкі ды адвакат, якія пацвердзілі неабходнасць апякунства над Гансам; у выніку Ральфу выдалі пашпарт апекуна і таўсценны даведнік. Між іншым, да гэтага Ральф і яна не мелі права перашкаджаць старому выходзіць з дому, а таксама чытаць пошту, якая прыходзіла на яго імя: нічога не паробіш – правы чалавека! Але пасля ўступлення ў сілу рашэння суда ніхто не абавязаны больш звяртаць увагу на дзівацтвы хворага. Ці можна зараз і дома, а не толькі ў лякарні, прывязваць Ганса поясам да ложка, пацікавілася яна. Так, адказала доктарка, цяпер можна. І паспяшайцеся, калі вы па-ранейшаму жадаеце аддаць яго ў дом састарэлых, там яшчэ засталіся свабодныя месцы. Можаце спачатку ўладкаваць яго часова, праўда, кароткатэрміновае знаходжанне каштуе даражэй, заўважыла медычка.

А ёй, Ларысе, пасля тых слоў доктаркі ўспомніўся яшчэ адзін «унук сібірскага шамана», псіхолаг з эмігрантаў, паслухаць якога яе запрасілі ў жаночы крызісны цэнтр, і яна з цікаўнасці схадзіла. Пажылы мужчына падкрэслена еўрапейскага выгляду – у модным швэдары, з маладзёжным вожыкам сівых валасоў – усміхаючыся на ўсе трыццаць два ненатуральна белыя зубы, філасофстваваў пра тое, што паміраць – гэта смешна. І яна, хаця і не зразумела, што ў тым смешнага, падзівілася альтэрнатыўнасці падыходу. «Мы яшчэ не прынялі канчатковага рашэння», – сказаў Ральф. «Я разумею, – адказала ўрач, – гэта нялёгка, але, у рэшце рэшт, давядзецца змірыцца. Тых, хто пакутуе на хваробу Альцгеймера, у Германіі ўсё болей, а маладым трэба жыць і працаваць».

Усвядоміўшы зараз справядлівасць тых слоў урача, яна адчула, як сціснула сэрца ад нервовага напружання і страху за Ганса, дзесьці зараз паміраючага (што зусім не смешна), і тут жа раздалося раздражняльнае папіскванне мабільніка. Ларыса пачула жаночы голас, які гаварыў па-нямецку з дзікунскім акцэнтам, хутчэй за ўсё, усходнеславянскім: «Гэта не ёсць фрау Краўз? Я ехай мая машына і знаходзіць тут у брудзе ляжаць дзядуля з запіскай вашага тэлефона на карман…» – і закрычала па-руску: «Да, это мой, вы где?! Я уже еду!!!»

* * *

Ну, давай, дружа, здымай швэдар, цяпер кашулю, вось так, Ганс у нас малайчына, цяпер штаны і шкарпэткі, хадзем мыцца, Гансік, ну давай жа, чаго ты ўпіраешся, дурненькі, зараз будзеш у нас жаніх хоць куды, заўтра цябе чакаюць у адным цудоўным месцы, там знойдзеш сабе сімпатычную бабулю з манікюрам і прычоскай ад моднага парыкмахера, яны тут усе ў семдзесят год яшчэ ў гольф гуляюць, вось прыступка, асцярожна, не бойся, я трымаю цябе, цяпер па адной назе ў ванну, цішэй, не паслізніся. Усё гэта яна гаворыць старому па-беларуску, даўно засвоіла манеру размаўляць з хворым на роднай мове. Яна дагэтуль не можа з дакладнасцю сказаць, ці разумее яе Ганс; ён не выяўляе ні здзіўлення, ні раздражнення, а паслухмяна садзіцца за стол, варта ёй паклікаць: «Ганс, абедаць!» – і сам пачынае распранацца, як толькі яна скамандуе: «Мыцца!» Цяпер, Гансушка, па адной назе асцярожна на падлогу, ды не спяшайся ты, гора маё, паспееш злопаць сваё печыва, і да чаго ж, Божухна, можа дайсці чалавек. Ну, паглядзі ж на сябе, эх, калі б ты хоць памятаў, дзе зарабіў вось гэта ўпрыгожанне!

На сцягне Ганса цямнее вялізны лілова-чорны сінячышча – вынік адзінокай прагулкі. Прыляцеўшы ўмомант на месца, дзе ён ляжаў на зямлі (усяго некалькіх метраў не дайшоў да глыбокага яра), – там яго знайшла нечаканая выратавальніца, якая аказалася этнічнай немкай з Сібіры, – Ларыса звярнула ўвагу на тое, што ў правай руцэ Ганс моцна сціскае драўляную калодку для абутку. Ну, раскажы, навошта табе тыя палкі, калодкі? Навошта выломліваеш перакладзіны з ложка? Куды ўвесь час уцякаеш? Чым табе дрэнна дома, з намі? Пачакай, вось заўтра адвязём цябе туды, адкуль так проста не збяжыш… Яна нацягвае на жоўтую зношаную скуру трусы-памперсы (цяпер ужо і днём: пасля тыдня ў лякарні Ганс канчаткова забыў, дзе ў доме прыбіральня, і вось зараз, у сувязі з павелічэннем нагрузкі па догляду хворага, ёй, напэўна, далі б другую групу, у якой адмовілі раней). Надзявае старому шкарпэткі, споднікі, спартовыя штаны (ад штроксавых, якія насіў да лякарні і якіх прыкупілі некалькі пар новых – дарагія, заразы, – ад штроксаў давялося адмовіцца: ён развучыўся спраўляцца з маланкай і гузікам, так і выходзіў з клазета з расшпіленай шырынкай, добра яшчэ, калі зморшчаны адростак не вывальваўся пры гэтым вонкі), кашулю, швэдар – ну вось і справіліся. Ральф пагаліў бацьку, а яе знаёмая з Эбенсфелда падстрыгла яму пазногці спецыяльнай машынкай: з-за шматгадовага грыбка нажніцы іх не бяруць. І, агледзеўшы пасвяжэлага і быццам бы нават памаладзелага Ганса, яна прынялася збіраць яго рэчы.

Тыдзень таму яны з Ральфам прынялі рашэнне змясціць хворага ў дом састарэлых – пасля падзей 9 мая гэта паўстала з усёй незваротнасцю. Пакуль што на дваццаць адзін дзень: тэрмін яе штогадовага адпачынку з захаваннем аплаты, які прадастаўляе нямецкая дзяржава таму, хто даглядае цяжкахворага. А потым, калі адпачынак скончыцца, хутчэй за ўсё, яны назаўжды аформяць старога ў багадзельню. «Вось бачыш, як добра, што табе не далі другую групу па доглядзе, з ёй і аплата ва ўстанове вышэйшая!» – задаволена казаў Ральф, і яна ў які ўжо раз падзівілася таму, як лёгка яны знаходзяць падставы для шчасця: зэканоміў 100 еўра – вось табе і свята! А Ральф так разышоўся, што павёў яе ў кавярню і нават заказаў шампанскае, – зразумела, тое, што пад гэтым разумеюць яе суайчыннікі, бо сапраўднае Шампанскае (Champagner) робіцца толькі ў Шампані ды каштуе шалёных грошай (усё астатняе – віно ігрыстае, тут яго называюць Sekt; па няведанні яна калісьці казала немцам, што ў Беларусі п’юць па святах Champagner, і ў тых вочы на лоб лезлі ад здзіўлення ды жаху перад дурным марнатраўствам людзей, якія не грэбуюць паношаным адзеннем). І калі яна выпіла свой бакал Sekt’а, Ральф паведаміў, што заўтра ніяк не можа адпрасіцца з працы, тэрміновы заказ, і таму везці Ганса ў багадзельню давядзецца ёй.

…Дом састарэлых – Pflegeheim або Seniorenheim, як ён тут называецца, аточаны англійскім газонам з падстрыжанымі ў выглядзе правільных конусаў кустамі. Жывая агароджа таксама падстрыжана нібы па лінейцы, ля ганка разбіты клумбы. Ружы ў такім месцы здаюцца штучнымі: раскошнымі ды бяздушнымі. У фае таксама шмат кветак, ёсць нават дэкаратыўная пальма ў вазоне, засунутая ў кут, як бедная сваячка. Іх з Гансам сустракае дзяжурны ўрач, і можна не сумнявацца ў тым, што ён шчыра рады іх бачыць: за кароткатэрміновае знаходжанне старога ва ўстанове Ральф заплаціць каля дзвюх тысяч еўра (палавіну з іх кампенсуе страхоўка). Пры медыцынскім аглядзе Ганс паводзіць сябе як паінька: на пытанні адказвае разумна, увесь ажно свеціцца добразычлівасцю ды прыязнасцю (дакладна так было, калі прыходзіў сямейны ўрач), і яна зноў здзіўляецца двум розным абліччам хворага: дзённаму і начному. «Які прыемны пажылы спадар!» – гаворыць урач, афармляючы паперы (ага, цікава, што ты запяеш, калі ён апоўначы пачне акопы капаць?), і ўрачыста паведамляе, што яны з Ральфам нарэшце прынялі правільнае рашэнне. Вы і так надта доўга цярпелі, большасць не вытрымлівае і года: увогуле, гэта пытанне часу і нерваў, кажа ён. У суправаджэнні лекара Ларыса праходзіць па этажах Phflegeheim’а. У холе мноства жывых кветак – як у сапраўднай пахавальнай канторы; сярод кветак сядзяць і прагульваюцца тутэйшыя насельнікі, некаторыя ў інвалідных калясках, самі падобныя да акультураных вечназялёных кусцікаў у вазонах. Тут жывуць звычайныя адзінокія людзі, тлумачыць урач, кожная спадарыня (спадар) мае асобны пакойчык, можна прывезці ўласную мэблю, можна карыстацца казённай; хто жадае, сам гатуе ежу на агульнай кухні, але большасць аддаюць перавагу ўжо прыгатаваным стравам або заказваюць іх згодна з меню ў рэстаране. Божа мой, заказваюць у рэстаране! Нашаму дык трэба паднесці да рота шклянку і гвалтам уліць змесціва ці хаця б прасачыць, каб выпіў: у такіх, як Ганс, вельмі хутка наступае абязводжванне. (Няўжо яна зараз сказала – «нашаму»?) Тут на адну медсястру дзесяць пацыентаў, паціскае плячыма ўрач, абед па чвэрці гадзіны на кожнага, калі хворы не спраўляецца, арганізуем штучнае харчаванне. Дык што, Ганса намераны карміць тут унутрывеннымі растворамі? І ці будзе хто-небудзь дзяжурыць ля яго па начах? «Справа вось у чым, гер доктар: ён баіцца заставацца адзін у цемры. Яму здаецца, што вайна ўсё яшчэ працягваецца. Вы разумееце? Яго пагналі сямнаццацігадовым у акупацыйную зону… (Ці яна гэта гаворыць?)» «Ну што ж, павялічым дозу мелперону», – ветліва-раўнадушна кажа ўрач. «Але ён і так прымае тры таблеткі штодня, больш не вытрымае печань!» Урач глядзіць на яе са здзіўленнем. Рана ці позна гэта ўсё роўна здарыцца, фрау Краўз.

На страницу:
3 из 4