Полная версия
Дараванне
Выйшаўшы з крамы на брукаваную вуліцу – камяні пад нагамі былі такія чыстыя ды гладкія, як быццам бы іх вымылі найдалікатнейшым дзіцячым шампунем, – яна села на лаўку насупраць велічэзнага куста руж, якія глядзелі навокал з годнасцю каранаваных асоб, – кветкі на ўбогіх клумбах яе правінцыйнага гарадка прасякнуты страхам, што іх патопчуць, вырвуць з коранем, ліквідуюць як клас, і таму намагаюцца выглядаць драбнейшымі, непрыкметнейшымі, прыніжана сціснуцца ў камяк, як і людзі ў тым горадзе, – нават кветкі разумеюць, дзе ім выпала нарадзіцца! Хіба яе маці не магла пражыць зусім іншае жыццё? Паўдня яна тады праплакала аб маці, змардаванай катаржным бытам, і вырашыла, што дзеля Светкі, так, толькі дзеля дачкі яна, Ларыса Вашкевіч, з яе такім няўдалым (д’ябал ведае чаму!) жаночым лёсам будзе цярпець маразматычныя выхадкі Ганса, не больш страшныя, чым бяскрыўдныя нумары дзіцячага ранішніка ў спецгрупе для даўнаў у параўнанні з тым, што яна спазнала дома.
Зрэшты, бывалі ў Ганса і моманты яснасці, калі хвароба раптам пераставала навальвацца на яго мозг, як мядзведзь на бабу, што заблукала ў малінніку (між іншым, іх суседка Аліцыя, адукаваная еўрапейка, дагэтуль лічыць, што на радзіме Ларысы, у Расіі («Я з Беларусі», – звыкла папраўляе яна Аліцыю), мядзведзі разгульваюць проста па вуліцах разам з абутымі ў лапці абарыгенамі). У такія моманты Ганс шчыра радаваўся яе прысутнасці ў доме і нават рабіў маленькія падарункі: прачнуўшыся раніцай, яна знаходзіла на тумбачцы сарамліва пакладзены з краю букецік маргарытак, або загорнутую ў танюткую духмяную паперу брошку, або залацістую круглую бляшанку з надпісам «Danish Butter Cookies», бляшанку, якая сама па сабе з’яўлялася шэдэўрам, а ўжо разнастайнае cookies, то бок печыва, якое ў ёй ляжала, на выгляд і на смак увогуле, на яе думку, не прызначалася для простых смяротных. Ён хваліў прыгатаваны ёю абед, распытваў пра дом, мясціны, дзе нарадзілася. Аднойчы назваў яе Зосяй… «Ганс, чаму – Зося?» Ён не пачуў, або прыкінуўся, што не чуе, а потым спытаў, ці бывала яна ў… і назваў невялікі беларускі горад. Зразумела, бывала, адказала яна, там жыла яе бабуля. «О, бабуля!» А ці ведае яна такое месца за горадам, там ваенны аэрадром, а побач лес і яр… Зразумела, ведае. Аэрадрома даўно няма, там цяпер пабудавалі санаторый для ветэранаў вайны. «О, санаторый? Для ветэранаў?» – як быццам бы здзівіўся Ганс, і яна пацвердзіла: так, санаторый. І дадала, узгадаўшы: там побач мемарыял. На гэтым месцы ў час вайны былі расстраляны яўрэі, шмат яўрэяў, восем або дзесяць тысяч… і асяклася. Тут ён заплюшчыў вочы, паказваючы, што размова скончана, а праз хвіліну зацягнуў хрыплым фальцэтам: «Im Namen des Vaters, des Sohnes und des heiligen Geistes… Amen… Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen… Morgen um 9 Uhr gehen wir nach Hause, nach Hause, zu meiner Mutter…»[1]Зразумеўшы сэнс, яна вырашыла, што ён спрабуе ўзгадаць адну з песень, якія спявалі нямецкія салдаты на мінулай вайне, але пацвердзіць дакладнасць яе здагадкі не мог цяпер ніхто.
Раптоўная думка аб тым, што Ганс, магчыма, насамрэч вярнуўся дадому і хаваецца цяпер у куце за дровамі, прымусіла яе хутка ўзбегчы на ганак, зазірнуць у рабочую каморку, дзе захоўваюцца дровы, знаходзяцца печ і газавы агрэгат… Неўзабаве пасля размовы пра беларускі горад у яго і ПАЧАЛОСЯ. Стары прызвычаіўся ўночы перацягваць дровы з каморкі ў свой ложак. Але каб толькі дровы: не запальваючы святла, у поўнай цемры перасоўваў мэблю, вытрэсваў скрыні з тумбачак, выкідваў адзенне з шафы, здзіраў бялізну з ложкаў – свайго і нябожчыцы Эльзы, перакульваў крэслы, расчыняў насцеж вокны, так што ўсе гаршкі Ральфа з геранямі аказваліся на падлозе. Працаваў моўчкі, агрэсіўна адштурхоўваў яе заспакойваючыя рукі. Іншым разам, учыніўшы вэрхал, клаўся спаць, а раніцай – ну проста нявіннік! – абураўся, што Ральф і суседка нібыта змовіліся і ўчынілі ў яго пакоі гэты «ўнорднунг» (нойе орднунг, новы парадак – выбурбольвала неадкуль з патрывожанай памяці, яна нават здзіўлялася сама сабе: трэба ж, для колькіх яшчэ пакаленняў нямецкая мова застанецца звязанай з тым акупацыйным neu Ordnung’ам?). Налілі вады ў яго ложак, працягваў свае бязглуздыя абвінавачанні Ганс, і было бессэнсоўна тлумачыць, што гэта ён пакутуе на нетрыманне; аднойчы, убачыўшы праз акно суседку, паведаміў той, што «ў наступны раз» заявіць на яе ў паліцыю. Давялося прыбраць з яго пакоя ўсё лішняе, ператварыўшы той у нешта накшталт карцара або палаты для звар’яцелых, разабраць і вынесці ложак Эльзы, схаваць абрусы, пакрывалы, адмовіцца нават ад настольнай лямпы ў металічным корпусе, якую хворы з невытлумачальным раздражненнем рэгулярна кідаў на падлогу. «Вось акупант пракляты», – напаўголас лаялася яна, урэшце, без злосці, падбіраючы лямпу. Выкруцілі і ручку з аконнае рамы, але тое было пазней; а тады, у адну з тых вар’яцкіх начэй, стаміўшыся назіраць, як ён гародзіць клад дроў на падушцы, яна падышла, кранула за плячо: «Ганс, што ты робіш?» – але ён нават вухам не павёў, верагодна, таму, што ў дадатак да ўсяго быў амаль глухім, а карыстацца слыхавым апаратам не хацеў: той бесперапынна звінеў – парушэнне кантакту, – і для таго, каб стары чуў, ёй прыйшлося б увесь час прытрымліваць у ягоным вуху апарат, – занятак, ад якога яна ў рэшце рэшт адмовілася. Таму сваё пытанне ёй давялося паўтарыць некалькі разоў: «Што ты робіш?» Палец з паточаным грыбком пазногцем тыцнуў у люстэрка: «Яны наступаюць!» – «Хто, Ганс?» – «Рускія! Іх шмат! Трэба схавацца…» – «Гэта ж люстэрка, Ганс, а ў ім проста нашы адбіткі!» Але тлумачыць яму тое было ўсё роўна, што пляваць супраць ветру.
Аднойчы ён уразіў яе тым, што ў час навальніцы, пачуўшы грукат грому, забіўся ў кут рабочай каморкі, накрыўся з галавой плеценым кашом для бялізны, і калі яна прыйшла за ім, спрабаваў і яе пасадзіць пад кош, выкрыкваючы пры гэтым поўную бязглуздзіцу. Зазірнуўшы ў размоўнік, яна не знайшла нічога падобнага, і толькі ўвечары Ральф, які ўсё ж чытаў тое-сёе пра вайну, растлумачыў, што сталінскім арганам нямецкія салдаты называлі савецкія рэактыўныя ўстаноўкі, – яна, якая таксама тое-сёе чытала і мела па гісторыі, а як жа, пяцёрку, здагадалася, што гутарка ідзе пра знакамітыя «кацюшы». Вось так яна, сядзелка, вучылася разумець свайго хворага…
Менавіта тады ён пачаў размаўляць з люстэркам у сваім пакоі – на астатнія чамусьці не рэагаваў. Днём, узняўшыся па лесвіцы на другі паверх і не знайшоўшы яе там (хаця яна сядзела тут жа, з вязаннем альбо кнігай), ён адпраўляўся да сябе, да старога трумо з трыма люстэркамі, і неўзабаве адтуль ужо даносіліся рыпучыя гукі заезджанай кружэлкі. Прынамсі, у Ганса з’явіўся субяседнік, жартаваў Ральф, дый яна напачатку была задаволеная, што хворы не чапляецца да яе з размовамі. Ганс жа настойліва намагаўся запрасіць «старога з люстэрка» за абедзенны стол, употай адносіў «яму» то шклянку ліманаду, то яблык, а аднойчы абяззбройвальна выклаў на трумо ўсё капеечнае змесціва свайго кашалька. Вось тады да яе і дайшло: ён канчаткова страціў уяўленне пра ўласны ўзрост.
А неўзабаве – гэты дзень Ларыса памятае выдатна – яна заспела хворага, калі ён расказваў люстэрку пра вайну: Ганс – салдат, маладзенькі радавы, казаў ён пра сябе чамусьці ў трэцяй асобе, толькі паспеў прыбыць у рэйхскамісарыят Остланд, як пачалося адступленне, гэта сапраўдная Hölle, менавіта – пекла, ён увесь час моліцца, каб яго паранілі, бо хоча да мамы… А калі ён, каверкаючы, вымавіў назву з дзяцінства знаёмага ёй горада, яна не магла больш падманваць сябе: менавіта так усё і было – невыпадкова ён тады распытваў яе, і пра аэрадром дакладна ведаў… Унутры ў яе нібыта штосьці абарвалася. У той жа вечар яна прыступіла з роспытамі да Ральфа і атрымала адказ: так, неахвотна прызнаўся муж, бацьку забралі ў войскі вермахта ў маі сорак чацвёртага і накіравалі на Усход, я не хацеў казаць табе раней, бо ведаў, што гэта будзе для цябе крыху непрыемна. «Крыху непрыемна?!» – паўтарыла яна. «Не варта драматызаваць, зразумей, ішла вайна. Бацька ўсяго два месяцы праслужыў у тылавым гарнізоне дзесьці недалёка ад Мінска, потым быў цяжка паранены пры адступленні і вайна для яго скончылася. Ты занадта ўражлівая, усе твае праблемы – ад камуністычнага выхавання!» Некалькі начэй пасля гэтага яна ляжала без сну, і патрабавальнае гуканне старога, гучнае, як баявая труба, выдатна чутнае нават на другім паверсе, гуканне, якое раздавалася звычайна каля чатырох, апярэджваючы ўсе ранішнія гукі вёскі, заспявала яе з мокрым ад слёз тварам.
Крыўлянне Ганса перад люстэркам больш не здавалася ёй забаўным. А ў хуткім часе і Ральф перастаў усміхацца: калі ўдзень «стары з люстэрка» бачыўся Гансу міралюбным, дык уночы трансфармаваўся ў ворага, і хворы ставіў на вушы ўвесь дом. Спрабаваў задрапіраваць нядаўняга «сябра» палатняным абрусам, які здзіраў са стала ў гасцёўні (пры гэтым увесь посуд аказваўся на падлозе); барыкадзіраваў праход да люстэрка перакуленымі крэсламі, кашамі з бялізнай, але часцей за ўсё прыцягваў усё тыя ж дровы з рабочай каморкі. Вось тут дык і надышоў час урэзаць новыя замкі ў кухні ды гасцёўні – ключы ад большасці пакояў былі даўно згубленыя – але дзверы ў каморку, прахадную ў прыбіральню, замкнуць было нельга.
«Цішэй! Ступай асцярожна! – Ганс хапае яе за руку, ледзь не выкручваючы запясце. – Каб не нарвацца на міны! Бачыш сляды?» – «Ганс, адпусці руку! Мне балюча!» – «Глядзі ж! – ён цягне яе да акна (жалюзі з боку вуліцы спушчаны, у шкле – яго і яе адбіткі: стары ў піжаме з ускалмачаным рэдкім пухам на цемі ды хударлявая дзяўчына з доўгімі светла-русымі валасамі, начное акно скрадвае ўзрост – яе, але не яго). – Яны там, там! О, ды ў іх кулямёт! Падай на зямлю! Шнэле! Зараз пачнуць страляць!» – «Ганс, спыніся!» – «Фельдфебель загадаў мне капаць акоп… Ведаеш, як было цяжка? У зямлі тут адні карані! Але я справіўся!» Ды ўжо ж, справіўся: праход да акна надзейна забарыкадаваны крэсламі з гасцёўні, двума матрасамі – усё перакулена і ссунута на сярэдзіну пакоя. Хворы раптам садзіцца на падлогу, яго настрой мяняецца. Па твары цякуць слёзы: «Я не хачу ваяваць! Я нікога не забіваў! Давай уцячом адсюль разам…» Ледзь удаецца яго заспакоіць і ўкласці на канапе ў гасцёўні. Ральф напаўголас лаецца: усё гэта яму надакучыла. Праз паўгадзіны зноў грукат, ляпанне дзвярэй; на гэты раз Ральф нават не выходзіць са спальні. Яна знаходзіць хворага ў ложку: ён «схаваўся» – нацягнуў на галаву прасціну. Ягоны твар, у размытых плямах старэчай пігментацыі, як размазаныя па талерцы грэцкія крупы, ажно ззяе ад усведамлення добра зробленай справы; ён жадае, каб яго пахвалілі, пагладзілі па рэдкім пуху на цемі, які зараз стаіць дуба. «Хутка пачнецца бамбёжка! – запрашае ён яе падзяліць радасць. – Але я выкапаў надзейнае ўкрыццё! Русішэ штука нас не дастане!» На ложак навалена адзенне, зверху грувасціцца каток для прасавання бялізны, які з часоў Эльзы ржавее ў кладоўцы (а ён цяжэнны!), дровы… «Ганс, якое ўкрыццё?! Вайна даўно скончылася!!!» – «Га? Скончылася?»
Толькі тады Ральфа па-сапраўднаму і зачапіла: будуючы ўночы свае «ўкрыцці», Ганс усюды запальваў святло – а за электрычнасць трэба плаціць! Яшчэ б, Ральф нават калядныя паштоўкі купляе летам, калі яны каштуюць усяго еўра, а не чатыры, як у снежні. «Трэба падлічыць страты! Баюся, у рэшце рэшт танней будзе здаць яго ў дом састарэлых!» Менавіта – здаць. Гэта было якраз тое, аб чым Ларыса цяпер марыла. Бо не жадала даглядаць былога нямецкага салдата, які ваяваў у яе дома. І яшчэ таму, што хацела, нарэшце, упэўніцца: іх з Ральфам шлюб – усё ж такі не суцэльная бухгалтэрыя. Бо ў хвіліны дэпрэсіі лічыла, што Ральф забяспечвае ёй дах над галавой і статус знаходжання ў краіне выключна з-за таго, што яна эканоміць ягоныя грошы, даглядаючы Ганса. Як высветлілася, ажаніўшыся з ёю, Ральф зрабіў дальнабачны крок: мець жонку-беларуску танней, чым плаціць хатняй работніцы і сядзелцы; прыкладам, сядзелка з Прыбалтыкі запатрабуе ад трохсот еўра (а з такім няпростым пацыентам – у паўтара раза больш). Аддаць жа Ганса ў дом састарэлых занадта дорага: давялося б развітацца з пенсіяй старога ды часткай уласнага прыбытку. Такім чынам, як усё ж такі жанчына, яна жадала атрымаць доказ таго, што іх саюз з Ральфам трымаецца не на вар’яцтве Ганса ў якасці адзінага фундамента.
Але куды, хацела б яна ведаць, падзеўся зараз гэты «фундамент»?
Ад таго, што недарэчнае сённяшняе здарэнне пачалося са званка Лады, яна не прыдумала нічога лепшага, як набраць яе нумар, загадзя раздражняючыся ад манеры Лады размаўляць, – роблена-ляніва пазяхаючы, расцягваючы ненатуральна чырвоны рот (стойкая айчынная звычка: мясцовыя не ўжываюць касметыку), – але ў слухаўцы раздалося «часова не даступна». Ага, Лада адправілася да той быццам бы ўнучкі сібірскага шамана і, вядома, адключыла мабільнік! Адразу ж ёй успомнілася іншая гутарка з Ладай, пасля паездкі ў Кульмбах, у замак Пласенбург, дзе ім пашчасціла наведаць буйнейшы ў свеце музей алавяных фігур, – стаміўшыся ад аднастайнасці батальных сцэн, ад усіх гэтых старажытных кельтаў, рымскіх легіянераў, тэўтонскіх рыцараў, англійскіх мушкецёраў, вікінгаў, напалеонаўскіх гвардзейцаў ды іншых стрыечных братоў стойкага алавянага інваліда, яна запрасіла Ладу ў кафэ і пасля глытка «Чыба майлд» нечакана выклала тое, што мучыла: «Ганс ваяваў у Беларусі, уяўляеш?!» «Ну дык і што з таго? – шчыра здзівілася Лада, натуральная бландынка з зялёнымі вачыма, апранутая па-айчыннаму, то бок з выпакутаванай стараннасцю: блузка са стразамі, туфлі на высачэнных абцасах, кідкі макіяж, – ніякая, між іншым, не Лада, а ўсяго толькі Людка, якая з дапамогай цёткі, што працуе ў абласным загсе, памяняла адну літару імені, каб адразу зрабіцца вабна-таямнічай. – Дык гэта ж хрэн ведае калі было!» – «Ён бачыць сябе салдатам, увесь час трызніць пра вайну!» – «А цябе тое хвалюе?» – паціснула плечыкам Лада.
Людзе-Ладзе – удваенне, у якім Ларысе чамусьці чуецца «людаедства» (і яшчэ: «пралюбадзейства») – Людзе-Ладзе ўсяго трыццаць. Дзесяць год раздзяляюць іх – бездань, праз якую немагчыма перакінуць мост. Усё ж яна тады прызналася суайчынніцы, што калі Ральф не здасць старога ў багадзельню, яна сыдзе, кіне ўсё да д’ябла, здыме кватэру, знойдзе іншую працу альбо ўвогуле вернецца дамоў – але як пакінуць тут Светку? Як быццам бы яна, Ларыса, не разумее, што за выбіральнасцю яе ўнутранага зроку, за хітрыкамі Мнемазіны, якая паварочвае калейдаскоп з каляровымі шкельцамі такім чынам, што перад вачыма заўжды аказваюцца самыя змрочныя, хаваецца туга па радзіме! «У цябе ў самой дах паехаў, – спакойна канстатавала Лада, адпраўляючы ў рот кавалачак вішнёвага дэсерту. – Табе дзяржава плаціць за тое, што маразматыка даглядаеш?» – «Дык і што з таго?» – «Колькі?» – «Дзвесце ў месяц». – «Мала. Падавай на другую ступень па доглядзе, раз ён у цябе такія фінты выдае. Калі ён уночы зноў усё разграміць або перад люстэркам «Хайль Гітлер» зробіць, хуценька хапай фотаапарат і здымай, потым аднясеш у бальнічную касу: так і так, паглядзіце, шаноўнае спадарства, што наш пацыент вырабляе. Можаш і на маральны ўрон спаслацца, гэта таксама добра прадаецца. Маўляў, ты беларуска, цябе ўсё гэта нервуе. У немцаў комплекс віны з-за той вайны, яны гатовыя ўсім на свеце кампенсацыю плаціць. Будзеш атрымліваць чатырыста еўра – вядома, не шыкоўна, але…» – «Ды справа не ў грашах…» – «А ў чым?»
Разумеючы ўжо, што дарэмна завяла тую размову, яна – хутчэй не Ладзе, а самой сабе – паспрабавала растлумачыць: калі яе бабуля з трыма дзецьмі хавалася ў балоце, па пояс у ледзяной жыжцы, а паліцаі з айнзацгрупы і нямецкія салдаты, папярэдне запусціўшы ў вёску чырвонага пеўня, прачэсвалі лес, метр за метрам, і ў кожнага салдата на поясе вісеў кацялок (бабуля потым усё жыццё не магла чуць рытмічнае звяканне лыжкі аб металічны посуд), самы маленькі раптам заплакаў, і яна сунула яму ў рот смочку; але дзіцёнак працягваў пішчаць, а яна ўсё пхала і пхала яму ў рот грудзі, пакуль той не замаўчаў канчаткова, як высветлілася – задыхнуўся. «Затое мой бацька і ягоны брат дзякуючы гэтым пустым, без малака грудзям, што аказаліся ўсё ж дастаткова важкімі, каб абарваць дыханне двухмесячнай істоты, засталіся жывыя. Дакументы бацькі згарэлі ў хаце ў час той аблавы, а метрыкі памерлага немаўляці цудам захаваліся. Жывы пражыў жыццё па дакументах мёртвага. У маім імені па бацьку – імя нябожчыка, які не мог мець дзяцей, бо сам памёр ва ўзросце малечы. І цяпер, калі кармлю ды пераапранаю Ганса, я ўвесь час думаю: а раптам ён быў у тым лесе?» – «Ты гэта што – сур’ёзна? Зусім ад’ехала? – Лада глядзела на яе не разумеючы. – Пры чым тут твая бабуля? Я ўвогуле не ўрубаюся, якога хрэна загружаеш. Калі ўжо надумала кінуць Ральфа, так і скажы. Згодна з табой, бабла ў яго малавата… – Лада нахілілася да яе і панізіла голас. – Я тут з адным немчуронкам з Гановера ў Сеціве пазнаёмілася, кру-у-утызна! Пэўна, звалю я ад Эдвіна, але пакуль што – маўчок. Ужо дамовіліся з Германам разам кватэру пяціпакаёвую здымаць. Але ж я разумная – сваю частку кватэры буду аплочваць сама, каб не страціць аліменты, хе-хе, ад былога мужа!» Лада адкінулася на спінку крэсла, выцягнула ментолавую цыгарэтку. «Люблю марыць… эх, калі б раптам падваліла куча бабак… я б купіла сабе домік на грэчаскім востраве… а ты?» – «Я б аплаціла вучобу дачкі ва ўніверсітэце і… паставіла на месцы той спаленай вёскі камень…»
Узгадаўшы выраз прыгожага тварыка Лады пасля тых яе, Ларысы, слоў – суайчынніца глядзела на яе з грэблівым спачуваннем, як на прыдуркаватую, – яна адкінула мабільнік убок. Ну, давай жа, напруж розум, дзе можа быць стары, дзе? Пальцы дробна трымцелі. Пэўна, давядзецца, як ні круці, звяртацца ў паліцыю, хоць тутэйшая паліцыя выклікае ў яе проста-такі генетычны страх. Раптам яна ўзгадала, што сёння – дзявятага мая, і адразу ж убачыла ў паштовай скрыні мясцовы часопіс на рускай мове: часопіс, які выдаваўся былымі аўтахтонамі СССР, прыходзіў з нямецкай дакладнасцю на дзявяты дзень месяца. Спачатку механічна, а потым з цікавасцю прынялася шукаць на старонках матэрыялы, прысвечаныя той вайне, але… нічога не знайшла. Прагартаўшы хутка ўвесь дабраякасны глянец, зазірнула ў рубрыку «Май шмат год таму: хроніка месяца» (не можа быць! хаця б тут, адным радком!), адшукала сённяшнюю дату і з узрастаючым здзіўленнем прачытала, што 9 мая 1964 года на вяршыні амерыканскага хіт-парада апынуўся «вялікі Луі Армстронг з песняй «Hello, Dolly». І ўсё… У гэты дзень, з пункту гледжання рэдакцыі эмігранцкага часопіса, у свеце не адбылося больш НІЧОГА, вартага ўпамінання. Але ж вось нават карэнныя немчуракі на тую падзею не забыліся, бо цярпліва церпяць на гэтай цудоўнай зямлі спадароў эмігрантаў, абароненых, нібыта даспехамі, добра фінансуемым статусам «ахвяр фашызму»…
Яна перагарнула старонку. Далей была выдрукавана гісторыя нашага суайчынніка, шчодра праілюстраваная ягонымі фотаздымкамі ў стылі «ню». «24-гадовы Аляксандр у выніку 35 аперацый, зробленых на працягу двух гадоў, ператварыўся ў Аляксандру, зрабіўшы поўную змену полу! Цяпер 9 мая, дзень свайго канчатковага «цудоўнага ператварэння», Шура святкуе як дзень народзінаў. Аляксандра паўстала супраць прыроды – і перамагла!» Ніжэй распавядалася пра тое, як на пару з іншым транссексуалам «рабяты – дзяўчаты» зараблялі грошы на аперацыю: тарыф на секс-паслугі быў немалы – 500 еўра ў гадзіну. «Не дзіўна, што кліентамі Аляксандра з’яўляліся людзі вядомыя: палітыкі, адвакаты, тэлезоркі». З надрукаванага вынікала, што цяпер той Шурык-Шура дамагаецца разумення з боку грамадства да такіх, як ён, вязняў «душэўнага гета».
Вось такі цяпер змест у паняцця «гета»… Дый дзякуй богу, што толькі такі! Час ідзе, і нават самы страшны боль пакрываецца скарынкай забыцця. Тут толькі яна заўважыла, што вымаўляе тыя словы ўслых, даводзіць іх свайму адбітку ў люстэрку – ну чыста як Ганс! – і села на ложак, закрыўшы твар рукамі. Што ж паробіш, калі ўсякае новае пакаленне імкнецца пазбавіцца ад памяці аб мінулым, як ад старой рухлядзі, вось як яны з Ральфам вынеслі ў кладоўку няўклюдны, пасляваенны яшчэ каток для прасавання бялізны. Асабістая памяць, якая ёсць, па сутнасці, набор вопытаў, у маладых пустая, як незапоўнены лазерны дыск. Наколькі больш прадуктыўна чалавек пражываў бы сваё жыццё, калі б нараджаўся by default – менавіта па змоўчанні! – з запісанымі ў розуме гатовымі копіямі файлаў з рэсурсу калектыўнай памяці. Калі б гэта было магчыма, чалавецтву хапіла б усяго адной вайны, якая стала б апошняй. На жаль, ніхто не можа пакарыстацца чужой памяццю. І не хоча. Нядаўна яна даведалася пра тое, што праз шэсць дзясяткаў гадоў пасля Халакосту жыхары баварскага горада Дахау выступаюць за закрыццё мемарыяла, створанага на месцы былога нацысцкага канцлагера. А дамы, што размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад труб крэматорыя, што ў час вайны дымілі днём і ноччу, лічацца зараз першакласнай нерухомасцю, бо прылягаюць да ціхіх зялёных раёнаў. І тыя, хто жыве ў тых дамах, не пакутуюць ад начных кашмараў. Дый сам горад Дахау ў мясцовай прэсе ўпамінаецца ў асноўным дзякуючы тамашняму бардэлю, дзе працуюць асабліва спачувальныя прастытуткі: пасля адмены дзяржаўнай датацыі пенсіянерам на Каляды жрыцы кахання ўручылі насельнікам дома састарэлых «Friedrich Meinzolt» па €25, паведамілі газеты. А яна, па ўсёй верагоднасці, насамрэч пакутуе на клінічную ўразлівасць… Як сказала Светка: «Маці, гісторыя поўная жахаў, узяць хоць старажытных ацтэкаў – вырывалі сэрца ў жывых пленнікаў, каб прынесці яго ў ахвяру, гэта пакруцей за Маўтхаўзен. Між іншым, сэрца яны называлі каштоўным кактусавым плодам Арла, а паміраючага ў страшных пакутах пленніка – Арліным чалавекам. І ўвогуле ў цябе замацаванне афекту». – «А ў цябе?» – хацела яна спытаць, маючы на ўвазе вядома што, але стрымалася, заўжды баялася пакрыўдзіць дачку (вырасла, лічы, без бацькі), якая, дарэчы, досыць удала ўпісалася ў тутэйшае жыццё: скончыла моўныя курсы, знайшла працу афіцыянткі, паступіла ва ўніверсітэт на псіхолага – усё сама, малайчынка! – зняла кватэру ўдваіх з перасяленцам з Казахстана. А як яна радавалася поспехам дачкі – ды дзеля гэтага гатова была трываць і не такое, што там выхадкі старога маразматыка ды дробязнасць Ральфа, скосыя позіркі суседзяў і тупасць эмігрантаў. Праз паўгода высветлілася, што Светчын Генрых, як тут кажуць, швуль[2]… І тое яшчэ паўбяды, а няшчасце ў тым, што дзяўчынка ўсё роўна кахае гэтага тыпуса і працягвае жыць з ім. І яна, маці, не можа анічога ёй параіць, бо на актуальную тэму «Як будаваць сямейнае жыццё з гомасексуалістам» ім не чыталі лекцый ні ў школе, ні ва ўніверсітэце.
Зрэшты, дачка і не пытаецца ў яе парады, досыць самастойна падводзячы канцэптуальны баланс – псіхалагіня, а як жа ж! – пад сваю (яго) праблему: «Зразумей, пасля той вайны ў нямецкіх і нашых мужчын няма энергіі, неабходнай для пранікнення ў чужое цела, яны надта выклаліся, бо гэта адное і тое ж – пенісам ці штыком, забіць ці зачаць, адна і тая ж энергія, толькі са зваротным знакам…» – «Ну канечне, твой Генрых наваяваўся, усе грудзі ў медалях…» – «Справа не ў ім асабіста! Мужчыны расхацелі займацца сексам. Вазьмі бацьку: ён аддаваў перавагу алкаголю, бо энергетычна гэта менш затратны спосаб дасягнуць нірваны». – «Пакінь у спакоі прах свайго бацькі…» – «Не, ты даслухай! Затое жанчыны назапасілі шмат энергіі, і куды ім яе дзець?» – «А я адкуль ведаю?» – «Выходзяць замуж за папуасаў, азіятаў, афраамерыканцаў, мангола-кітайцаў, бо тыя іх трахаюць!» – «Не смей лаяцца пры маці! Гэта толькі нашы выходзяць – таму што дурніцы. Немкі ні за якіх папуасаў не выходзяць». – «Затое немкі купляюць штучныя чэлясы маркі «Індыйскі слон» і мужчын-лялек, ты зайдзі ў секс-шоп…» – «Дык што, ты цяпер будзеш спаць з «Індыйскім сланом» да канца жыцця?» Дачка не размаўляла з ёй тыдзень, і прабачэння прасіла, вядома ж, яна, хоць і мела рацыю ў той спрэчцы: ну і пакаленне – ва ўсім гатовыя абвінаваціць вайну!
Божачкі, яна сядзіць тут над блазенскім часопісам, а Ганс, магчыма, валяецца зараз дзе-небудзь на трасе з размажджэранай галавой! Трымцячымі рукамі Ларыса набрала нумар Светкі, і дачка, дзякуй богу, адгукнулася адразу ж. Яе заўжды заспакойвала Светчына разважлівасць; і зараз дзяўчынка, імгненна ўнікнуўшы ў сітуацыю, сказала: «Маці, не калаціся. Разважай лагічна. Ён уяўляе сябе маладым, так? Што ён тады рабіў? У сэнсе, пасля вайны?» – «Ажаніўся, расціў дзяцей». – «А пасля?» – «Пахаваў жонку. Пабудаваў дом для Анелізе». – «Вось і схадзі да Анелізе, можа, ён там». – «Няўжо ты думаеш, што Анелізе не прывяла б яго сама?» – «Хіба ты не ведаеш Анелізе?» – спытала Светка, і мела вох якую рацыю.
Анелізе, старэйшая сястра Ральфа – як, зрэшты, і малодшая, Барбара, – даўно не падтрымлівалі з бацькам і братам ніякіх адносін, нават не віталіся. Сварка ў сям’і пачалася з падзелу маёмасці паміж бацькам і паўналетнімі дзецьмі; разгарэлася сапраўдная вайна за дом, у якім жыве цяпер Ральф, і хаця сёстры былі замужам і мелі ўласныя дамы, яны запатрабавалі, каб Ральф і Ганс выплацілі ім іхнюю частку, і атрымалі яе. Анелізе яшчэ і адхапіла палову ўчастка, дзе стаіць яе новы, пабудаваны з дапамогай Ганса дом, таму цяпер яны суседзі. Пры падпісанні дагавора прадбачлівыя сёстры ўвялі пункт аб тым, што за бацьку адказвае Ральф і нясе ўсе расходы, у тым ліку лячэнне, знаходжанне ў доме састарэлых, пахаванне і догляд за магілай. У дакуменце дакладна прапісаны межы сыноўняй любові: Ральф прадастаўляе бацьку гарачае харчаванне адзін раз у дзень. Спецыяльным пунктам агаворана, хто менавіта высаджвае кветкі на магіле маці: гэта прадпісвалася рабіць Ральфу, а калі кветкі раптам уздумаецца пасадзіць сёстрам, ён абавязаны аплаціць гэтую паслугу. Цяпер кветкі на магіле (а таксама іх кампазіцыі, прыкладам, на Пасху) садзіць яна, жонка Ральфа. Анелізе, хатняя гаспадыня, наведвае бацьку адзін раз на год – на дзень яго нараджэння. Прыносіць пачак пячэння. Ва ўсе астатнія дні яна, пазбаўляючыся ад залішняе вагі, ходзіць на праменад, наразаючы кругі вакол вёскі, пры гэтым як мінімум тройчы праходзіць міма бацькоўскага дома, але ніводнага разу не зайшла праведаць старога. А бяздзетная Барбара, якая жыве ў Эбенсфелдзе, удачарыла дзяўчынку з Румыніі, актыўна займаецца дабрачыннасцю: кіруе грамадскай арганізацыяй, што збірае адзенне для сірот з былых сацыялістычных краін, раздае інтэрв’ю газетам. Свайго бацьку яна не наведвае нават у дзень нараджэння.