
Полная версия
Святло далёкай зоркі
Вечарам, калі сонца хавалася за гарызонтам, і малыя і старыя ішлі сустракаць свята. Пакуль хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, ладзілі розныя гульні, а старыя вялі нетаропкія размовы пра жыццё-быццё, маладыя дужыя мужчыны раскладвалі купальскае вогнішча, тручы кавалкі сухога дрэва адзін аб адзін. I вось ён – доўгачаканы момант: на волю вырваўся агеньчык. Ён перакідваўся на сухую салому, вецце. Адступала цемра. Пад радасныя крыкі і воклічы прысутных пачыналася адно з самых любімых народных свят.
«Каўтун». У нарысе А. К. Сержпутоўскага «Каўтун»[48] адсутнічаюць апісанні абрадаў і рытуалаў беларусаў-палешукоў, і тым не менш ён з’яўляецца своеасаблівым лагічным працягам разгледжаных вышэй нарысаў у сацыяльным плане. «Каму даводзілася бываць у балоцістых месцах Беларускага Палесся, размешчанага па прытоках ракі Прыпяць, – піша Сержпутоўскі, – той, думаецца, звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыхароў гэтага краю валасы на галаве збіты ў нейкія лямцападобныя косы або ўтвараюць адзін вялізны каўтун». Па словах аўтара, адны даследчыкі тлумачылі гэта мікраарганізмам, які трапіў з балота ў кроў чалавека, іншыя – неахайнасцю мясцовых жыхароў. А. К. Сержпутоўскі справядліва тлумачыць узнікненне гэтай і іншых хвароб цяжкімі ўмовамі жыцця народа, адсутнасцю на Палессі медыцынскіх устаноў. У пацвярджэнне гэтай думкі ён прыводзіў наступныя факты. На Палессі жывёлу пасуць пераважна на багністых месцах, мохавых балотах. Пасьба пачынаецца з ранняй вясны і працягваецца да позняй восені. Балота ўвесь час пакрыта гнілой стаячай вадой. Пастухі цэлымі днямі стаяць па калена ў вадзе або гразі. I як вынік – балотная ліхаманка, рэўматызм, незажыўныя раны на нагах пастухоў, той жа каўтун. Лячыцца гэтым людзям няма калі і няма дзе, бо на Палессі да рэвалюцыі амаль што адсутнічалі бальніцы, лячэбніцы. Сваёй публікацыяй вучоны імкнуўся звярнуць увагу шырокай грамадскасці на поўнае драматызму жыццё беларускага селяніна.
«Запасванне гаўяда». Добрае веданне жыцця і быту палескіх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскі і ў нарысе «Запасванне гаўяда»[49]. Цеплынёй і святлом напоўнены радкі аб першым пасля зімы выгане жывёлы на пашу. Радавую на першы погляд падзею ён паказаў як сапраўднае свята, падчас якога асабліва поўна раскрываецца душа чалавека.
На сямейным савеце абмяркоўвалася, пара выганяць скаціну на пашу ці не. Прымаліся пад увагу дзень тыдня, фаза месяца. Панядзелак і пятніцу звычайна лічылі днямі, якія не падыходзяць для запасвання. Звычайна час выгану прымяркоўвалі да поўні, «каб усё было поўна».
Не апошнюю ролю адыгрывалі тут і прыкметы. На думку палешукоў, скінутая на падлогу лыжка, разбіты посуд маглі прывесці да бяды. Яшчэ горш, калі ў дзень запасвання жывёлы на загнеце тух агонь. У гэты дзень не пазычалі суседзям агню, розных рэчаў, бо згодна з існуючымі прымхамі ліхі чалавек мог нанесці вялікую шкоду.
Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сям’я выходзіць на двор, каб прысутнічаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае і белае. На ім новыя лапці з белымі анучамі. У торбе, якая вісіць на баку, – акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж, выпечаны з мукі на Хрэсцы – у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту), тры невялічкія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнічная свечка.
Няспешна, з непакрытай галавой ідзе гаспадар у бок хлява, каб выгнаць жывёлу. Там ён бярэ тры пукі саломы, потым выцягвае са студні поўнае вядро вады, строга па сонцу абносіць яго вакол жывёлы, перакідвае праз статак каменьчык і аблівае вадой жывёлу. Гэты абрад паўтараецца тройчы.
Пасля гаспадар закопвае ў зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру, яйка і разводзіць на гэтым месцы невялікае вогнішча, у якое кідае салому, выцягнутую са страхі хлява. Толькі пасля гэтай цырымоніі ён аддае торбу пастуху, і той праз агонь выганяе жывёлу з двара на вуліцу. Уся сям’я ідзе за пастухом за ваколіцу. Урачыста сустракалі жывёлу і з пашы.
У нарысе падрабязна тлумачыцца кожны атрыбут, які суправаджаў запасванне жывёлы. Праганялі яе праз агонь з мэтай уберагчы ад нячыстай сілы і ліхіх людзей. Калі выкапанае яйка аказвалася цэлым – гэта было добрай прыкметай: на працягу лета ўся жывёла будзе цэлай і здаровай. Замок закопвалі для таго, каб замкнуць пашчы ваўкам і мядзведзям, бязмен – каб жывёла хутка набірала вагу.
Рытуальнай сілай валодала і вада, якой аблівалі жывёлу. Сяляне лічылі, што скура іх «гаўяда» будзе чыстай, а коні і каровы не будуць баяцца мошак, камароў, а таксама розных сурокаў. Салома, выцягнутая са страхі, павінна была клікаць жывёлу дадому, перакінутыя праз статак каменьчыкі – адганяць ад яго звяроў і нячыстую сілу.
Гэты нарыс, як, дарэчы, і ўсе астатнія, засведчыў расійскаму чытачу новыя грані характару палескага селяніна, пазнаёміў з жыццём і бытам беларусаў.
«Ловля вьюнов». Глыбокае веданне жыцця палескіх сялян, іх звычаяў і традыцый мы назіраем у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Ловля вьюнов»[50]. Як і ў іншых нарысах, тут апісваецца гаротнае жыццё палешукоў. «Нялёгкая гэта работа, – піша аўтар, – цэлы дзень стаяць на адной назе ў глыбокім чоўне, рызыкуючы кожную хвіліну зваліцца ў ціну. Харчуецца рыбак аднымі ўюнамі, спіць на голай зямлі пад адкрытым небам у любое надвор’е, а тут мноства камароў і мошак ссуць кроў, забіраюцца ў нос, вушы і прыносяць невыносныя мукі». Але цяжкасці гэтыя пераносіць паляшук стойка, разумее, што ад яго рыбацкага шчасця залежыць лёс сям’і. Буйная рыба пойдзе на рынак, меншую засоляць, засушаць і будуць харчавацца ёй на працягу доўгай зімы.
Здаралася, што ў выніку зацяжных дажджоў балоты, па якіх працякалі рэчкі, станавіліся непраходнымі. Сялянам даводзілася галадаць у поўным сэнсе гэтага слова. Яны харчаваліся дзікімі яблыкамі, грушамі, жалудамі і нават пырнікам.
З-за адсутнасці сена ўсю зіму жывёлу пасвілі ў лясах.
«Бортничество в Белоруссии». Важнай крыніцай здабывання сродкаў да існавання з’яўлялася для беларуса-палешука лясное пчалярства – бортніцтва. У сваёй рабоце «Бортничество в Белоруссии»[51] А. К. Сержпутоўскі падрабязна спыняецца на гэтым нялёгкім промысле, прыводзіць цікавыя звесткі з гісторыі яго ўзнікнення, пралівае святло на сацыяльныя рысы сялянскіх узаемаадносін, якія яскрава праяўляліся пры сумесным здабыванні мёду.
З даўніх часоў палешукі па тых ці іншых прычынах (адкрыта гаварыць, што гэта былі за прычыны, аўтар, вядома, не мог) забіраліся ў глухія лясы, за непраходныя балоты і засноўвалі там новыя паселішчы. У той час у лясах вадзілася многа пчол і бортніцтва прыносіла нядрэнны даход.
Сяляне ставілі на борцях свае знакі, тым самым аб’яўлялі сябе ўласнікамі пчаліных сем’яў. Гэтыя няпісаныя законы строга выконваліся палешукамі. Забраць мёд з борці суседа лічылася вялікім злачынствам. Вінаватага сяляне маглі пакараць фізічна, але самым ганебным з’яўлялася мянушка Пчаладзёр, якая пераходзіла і на яго дзяцей.
На думку беларусаў, пчолы добра водзяцца толькі ў самых сумленных людзей, таму кожны пчаляр у час работы каля борцяў лічыў за правіла памірыцца з суседам, не думаць пра яго дрэнна.
У ролі прымірыцеляў часта выступалі пчолы. Варта было рою аднаго суседа пасяліцца ў вуллі другога, як тыя з ворагаў ператвараліся ў сябрукоў, лічылі ўчынак пчол боскай воляй.
Часта борцямі карысталіся некалькі чалавек разам.
Збор мёду з’яўляўся святам для ўсяго паселішча.
Памешчыкі нейкім чынам даведваліся пра такія паселішчы і сілай ператваралі сялян у сваіх падданых. Уласнасць палешукоў, у тым ліку і борці, пераходзіла ва ўласнасць памешчыкаў. Па гэтай прычыне бортніцтва на Палессі паступова выраджалася. Другой прычынай выраджэння бортніцтва было знішчэнне лясоў для прамысловага выкарыстання.
Умоўныя знакі ўласнасці ставілі палешукі і на іншых прадметах, якія не з’яўляліся агульнай уласнасцю. Убачыць селянін свабодны кавалачак сенакосу, дрэва, якое можа спатрэбіцца яму для пэўнай справы, і адразу ж убівае побач калок, абвязвае яго вяхоткай з травы. З гэтага моманту тут не можа гаспадарыць ніхто іншы.
Асяніны. У архіве даследчыка ёсць цікавае апісанне асянін – дня памінання продкаў, асенніх Дзядоў. Адзначалася гэтае свята праз тры тыдні пасля Пакроваў. Да гэтага часу асноўныя сельскагаспадарчыя работы былі выкананы, можна было крыху адпачыць.
Напярэдадні свята мужчыны наводзілі парадак у дварах, забівалі кабаноў, цялят, авечак, гусей. Жанчыны завіхаліся на кухні, думалі, як лепш сустрэць гасцей, чым парадаваць дамашніх.
Перад тым як сесці за святочныя сталы, палешукі ішлі ў лазню, апраналіся ў чыстае адзенне. У гэты дзень нават у бедных сялян падавалася не менш як сем абрадавых страў. У больш заможных сялян рыхтавалі да адзінаццаці страў. Абавязковымі былі тут куцця, кіслая капуста з ялавічынай, юшка, верашчака, посныя стравы.
Не забывалі, вядома, і пра памерлых продкаў. Успаміналі іх цёплым словам, ставілі на падаконнік талерку, у якую клалі па лыжцы кожнай стравы: няхай душы блізкіх таксама далучацца да застолля. Гаспадар запальваў свечку ад агню перад абразамі, звяртаўся да памерлых са словамі: «Прыходзьце да нас на асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сядзібу». Каб не патрывожыць спакой продкаў, гаворкі за сталом вяліся нягучныя. Прыпаміналіся розныя выпадкі, што адбываліся некалі з тымі, у гонар каго наладжваліся асяніны, прыводзіліся іх парады, настаўленні жывым. А потым пераходзілі да надзённага, набалелага, разважалі пра будучы ўраджай, жывёлу, пра дзяцей і ўнукаў.
У рытуале асянін бачыцца высакароднасць беларускага селяніна, яго павага да блізкіх, старэйшых, пераемнасць пакаленняў, чаго так не хапае нам сёння ў жыцці.
У 1916 г. у Мазырскім павеце А. К. Сержпутоўскі быў сведкай таго, як на асяніны ў адну з вёсак прыйшлі прадстаўнікі мясцовых улад, пісары, папы, іх жонкі. Яны выпрошвалі ў сялян яйкі, збожжа, грэчку, лубін, грыбы, нават лапці і валёнкі. Адзін поп звалок з сядзібы вялізную ступу.
* * *Шырокая эрудыцыя А. К. Сержпутоўскага, веданне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа праявіліся ў яго шматлікіх працах па беларускай этнаграфіі. У рэцэнзіі на кнігу А. М. Харузіна «Славянское жилище в Северо-Западном крае», якая выйшла ў 1907 г. у Вільні, ён адзначае не толькі моцныя, але і слабыя яе бакі. Адным з галоўных недахопаў, на думку вучонага, з’яўляецца выбар аб’екта даследавання. Замест тыповых для карэннага беларускага насельніцтва пабудоў Харузін вылучыў толькі тую частку, у якой прыкметны ўплыў іншых народнасцей – палякаў, літоўцаў. Па Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях аўтар кнігі выкарыстаў зусім нязначны матэрыял, хаця менавіта тут найбольш поўна захаваліся старажытныя пабудовы. Рэцэнзент выказвае здзіўленне, што ў аналізуемай ім кнізе адсутнічаюць звесткі аб такіх распаўсюджаных у палескай частцы Беларусі па цячэнні ракі Проні збудаваннях, як свіронкі, клеці, палаткі на дрэвах (для начлегу і засад пры паляванні на звяроў), адонкі або сцяжары (аснова для стагоў). Аўтар ні словам не абмовіўся і пра культавыя збудаванні – крыжы, капліцы, цэрквы, касцёлы, надмагільныя помнікі і г. д.
Не згаджаецца Сержпутоўскі і са сцверджаннем Харузіна, што беларуская сялянская хата бярэ свой пачатак ад клеці. Ён раіць аўтару кнігі пазнаёміцца з вынікамі этнаграфічных экспедыцый, якія рэгулярна друкуюцца на старонках газет і часопісаў, а таксама ў навуковых зборніках Рускага геаграфічнага таварыства.
Глыбокае веданне гісторыі, права, звычаяў народа знаходзім у рэцэнзіі А. К. Сержпутоўскага на працу К. Т. Анікіевіча «Сенненский уезд Могилевской губ.: Опыт описания в географическом, этнографическом, бытовом, промышленном и историческом отношениях, с картою уезда, схемою двух озер и рисунков в тексте»[52].
Адзначаючы вялікую работу аўтара па грунтоўным апісанні меж павета і валасцей, збіранні легенд і паданняў пра камяні, азёры, якія ў народзе называюцца святымі, Сержпутоўскі ў той жа час крытыкуе Анікіевіча за тое, што пры апісанні раслін і жывёл ён абмяжоўваецца толькі мясцовымі назвамі, што зніжае навуковую каштоўнасць працы. Рэцэнзент раіць аўтару кнігі больш крытычна адносіцца да афіцыйных статыстычных справаздач, у якіх значна завышаецца доля абшчыннага ўладання зямлёй.
Крытыкуючы Анікіевіча за тое, што ў яго кнізе мала новых звестак пра Сенненскі павет, Сержпутоўскі высмейвае заяву генерал-губернатара князя Хаванскага, які тлумачыў прычыны пагаршэння народнага дабрабыту нізкімі цэнамі на віно і пражываннем яўрэяў на тэрыторыі павета. «Як гэта нагадвае сучасную бюракратычную панацэю ад усіх няшчасцяў», – іранізуе рэцэнзент.
У рэцэнзіі ўказваюцца і іншыя недахопы работы Анікіевіча. У прыватнасці, на думку Сержпутоўскага, аўтар удзяліў вельмі мала месца высвятленню складу насельніцтва, яго этнаграфічным асаблівасцям, быту, духоўнай і матэрыяльнай культуры, на скажонай рускай мове друкуе тэксты песень, змяшчае малюнкі нізкай якасці.
А. К. Сержпутоўскі ўмеў у кароткай рэцэнзіі выкласці сутнасць пытання, звярнуць увагу чытача на асноўныя праблемы, закранутыя ў рэцэнзаваным творы. Так, у рэцэнзіі на кнігу В. І. Сергіевіча «Крестьянское право и общинное землевладение в Архангельской губернии первой половины XVIII века»[53] ён правільна падмячае, што, распрацоўваючы сялянскую рэформу, Кацярына II і сенат клапаціліся не пра тое, каб сялянам стала жыць лягчэй, а пра тое, якім чынам памножыць свае багацці праз павелічэнне падушных падаткаў. На канкрэтных прыкладах вучоны пераканаўча даказвае, што, хоць зямля выдзялялася абшчыне, на самай справе ёй на правах уласнасці валодалі канкрэтныя сяляне – члены абшчыны. Абшчына не мела права адабраць у іх гэтыя надзелы нават тады, калі сяляне пераязджалі на жыхарства ў іншае месца.
«Земледельческие орудия Белорусского Полесья». Вывучэнне духоўнага жыцця, маральнага аблічча беларускіх сялян А. К. Сержпутоўскі цесна ўвязваў з вывучэннем іх матэрыяльнай культуры, быту, заняткаў. У 1910 г. ён апублікаваў сваю новую працу «Земледельческие орудия Белорусского Полесья: к этнографии белорусов-полешуков южной части Слуцкого и северной половины Мозырского уездов Минской губернии»[54]. У аснову яе пакладзены назіранні і запісы, зробленыя вучоным падчас яго шматлікіх навуковых экспедыцый на Беларускае Палессе па даручэнні Рускага музея ў 1906–1907 гг.
Ва ўступнай частцы працы даецца кароткая характарыстыка быту і заняткаў палешукоў. Па словах аўтара, жылі яны пераважна ў малых вёсках, размешчаных на вялікай адлегласці адна ад адной, сярод непраходных лясоў і балот. Да апошняга часу сюды слаба пранікала гарадская культура. Па гэтай прычыне, заўважаў Сержпутоўскі, быт і ўклад дамашняга гаспадарчага жыцця сельскага насельніцтва гэтага забытага Богам і людзьмі кутка Беларусі мала чым адрозніваліся ад жыцця продкаў. Апісанне і малюнкі прымітыўных землеапрацоўчых прылад, якімі карысталіся беларускія сяляне, пацвярджалі словы вучонага.
А. К. Сержпутоўскі падзяляе гэтыя прылады на пяць груп. Да першай ён адносіць прылады для апрацоўкі глебы: матыку, рыдлёўку, саху, сошку, вершаліну, смык і барану. Самай старажытнай прыладай, з якой першабытны чалавек прыступіў да апрацоўкі зямлі, была, на думку вучонага, матыка. Першапачаткова яна ўяўляла сабой сук дуба або граба з круком на канцы. Паступова матыка ўдасканальвалася: на канцы крука прымацоўваўся жалезны наканечнік. Такой прыладай можна было ўжо не толькі рыхліць пясчаную або балотную глебу, але і ператвараць у зябліва падлесную глебу, у якой было шмат каранёў ад дрэў.
Удасканаленне і развіццё матыкі прывяло да з’яўлення рыдлёўкі, сошкі, сахі і плуга. Як і матыка, рыдлёўка выраблялася з моцнага дрэва – дубу ці грабу. Па форме яна напамінала сённяшнюю рыдлёўку, толькі па баках завостранай дошкі-ляза былі размешчаны два сукі. Пры рабоце селянін рукамі трымаў дзяржанне даўжынёй каля метра, а нагой наступаў на сук, прасоўваючы лязо рыдлёўкі ў зямлю. Крокам наперад было вынаходніцтва жалезнага наканечніка, які мацаваўся на вострай частцы драўлянага ляза. З цягам часу на змену драўлянай рыдлёўцы прыйшла рыдлёўка металічная. Яна значна аблегчыла працу сялян, пацясніла саху і барану на невялічкіх латках сялянскіх надзелаў.
Цікава апісвае вучоны такія прымітыўныя прылады, як вершаліна, саха, плуг. Вершаліна ўяўляла сабой верхнюю частку ствала дрэва з моцнымі завостранымі сукамі. Галоўнае яе прызначэнне – рыхліць падлесныя землі, якія з-за мноства каранёў, што засталіся ў іх, не паддаваліся апрацоўцы сахой або плугам. Па такіх участках хадзілі быкі або коні і цягалі за сабой вершаліну-валакушу. Пасля таго як больш трывалыя карані былі выкарчаваны, наступала чарга сошкі, сахі або плуга.
Саха прымянялася для акучвання бульбы, пракладвання барознаў на полі. Складалася яна з рычага – моцнага дубовага ствала з сукам і загнутым коранем, да якога прымацоўваліся ручкі. На сук насаджваўся лямеш з дзвюма дошчачкамі, якія адыгрывалі ролю адкідвальнікаў зямлі. Рычаг – ствол дрэва – заканчваўся адным або двума сукамі, да якіх прыладжваўся каромысел з аглоблямі. У іх упрагалі вала або каня.
Вялікага майстэрства патрабаваў ад сельскага ўмельца выраб бараны – сельскагаспадарчай прылады для паверхневай апрацоўкі глебы – баранавання. На Палессі шырокае прымяненне знаходзіла ў XIX ст. плеценая барана. Корпус яе звязвалі дваццаццю парнымі кольцамі, скручанымі з моцных лазовых пруткоў. Кольцы ахоплівалі пры перакрыжаванні мноства тонкіх пруцікаў, паміж якімі замацоўваліся 25 дубовых, ясеневых або кляновых зубцоў даўжынёй 35 сантыметраў з нахілам наперад.
Важнымі дэталямі бараны з’яўляліся каблук, а таксама лука – дугападобны прут, які з трох бакоў ахопліваў барану і заканчваўся вушкам. На ім свабодна перамяшчалася драўлянае кольца, да якога прымацоўваўся каромысел з пастромкамі. Дзякуючы гэтаму барана рухалася наперад толькі па дыяганалі, рады зубцоў не супадалі па прамой лініі, што забяспечвала раўнамернае рыхленне зямлі. Для таго каб зубцы бараны глыбей пранікалі ў глебу, на барану клалі груз.
Пазней бароны сталі вырабляць з металу, што значна падоўжыла іх век. Вядома, і цана такой бараны была значна вышэйшай. Па гэтай прычыне беларускія сяляне аддавалі перавагу плеценым і драўляным баронам. Праўда, яны часта замянялі дубовыя зубцы металічнымі.
Аддаўшы належнае плугу, баране, сярпу і касе, А. К. Сержпутоўскі нагадвае, што ў сялянскіх хатах у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту выпякалі хлеб у выглядзе названых прылад працы, а таксама «хрэшчыкі» – крыжападобны хлеб, які нагадваў сабой капу, у якую на полі складвалі снапы. Тым самым беларускі селянін выказваў глыбокую ўдзячнасць сельскагаспадарчым прыладам, якія аблягчалі яго працу, дапамагалі атрымаць добры ўраджай, мець дастатак у гаспадарцы.
Вучоны падрабязна апісвае прылады, якія прымяняліся для ўнясення ўгнаенняў (сахор, крук), сяўбы (сявок, сеўнік, каробка), касьбы і жніва (серп, каса, граблі), малацьбы і ачысткі зерня (валёк, чэр, веялкі, шуфлі) і г. д., суправаджаючы апісанне ўласнымі малюнкамі. Дзякуючы гэтай працы шматлікія чытачы змаглі пазнаёміцца з жыццём народа заходняй ускраіны Расіі, зрабіць для сябе вывад, што з такой адсталай тэхнікай на малаўрадлівых беларускіх землях высокі ўраджай не збярэш, а значыць, беднасць і галеча не хутка пакінуць гэты край. Многім беднякам і сапраўды нічога іншага не заставалася, як кідаць свае невялічкія надзелы і падавацца на сплаў лесу, займацца рамізніцтвам, рыбалоўствам, пчалярствам. Аднак і гэтыя заняткі не гарантавалі сям’і палешука бязбеднае існаванне.
А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце многіх навуковых, асветніцкіх, грамадскіх арганізацый. Ён з’яўляўся членам антрапалагічнага і геаграфічнага таварыстваў, сакратаром пастаяннай камісіі па складанні геаграфічных карт Расіі, кансультантам па пытаннях матэрыяльнай культуры беларусаў пры Рускім геаграфічным таварыстве. Па даручэнні апошняга ён склаў беларускую частку этнаграфічнай карты царскай імперыі, за што быў удастоены малога залатога медаля.
Заслухаўшы ў 1911 г. на пасяджэнні Рускага геаграфічнага таварыства паведамленне Сержпутоўскага аб гаспадарчым побыце, промыслах беларусаў-палешукоў, таварыства даручыла яму распрацаваць падрабязную праграму для збірання матэрыялу па этнаграфіі рускага насельніцтва Расіі. Заданне было выканана хутка і бліскуча. «Распрацаваная Сержпутоўскім праграма можа служыць узорам стварэння творча прадуманай сістэмы, навуковага падыходу да збірання этнаграфічных матэрыялаў людзьмі розных узростаў, кваліфікацыі і адукацыі»[55], – пісаў А. Кіркор.
Асаблівую каштоўнасць уяўляла прыкладная схема складання апытальных лістоў па розных раздзелах праграмы. Так, напрыклад, высвятляючы ўсе бытуючыя ў пэўнай мясцовасці акалічнасці, што былі звязаны з агнём, Сержпутоўскі падказваў рэспандэнтам мноства дэталяў, якія дапамагалі ім лягчэй справіцца з заданнем. Вось як выглядалі некаторыя пункты гэтай анкеты, у распрацоўцы якой прымаў удзел А. Кіркор.
1. Агонь. Якія матэрыялы выкарыстоўваюцца для ацяплення (дровы, салома, торф, кізяк)? Асвятленне (лучына, масла, тлушч, газа). Якія ўжываліся раней прылады для асвятлення (свяцец, каганец)?
2. Як даўней здабывалі агонь (трэннем, свярленнем, з дапамогай дамашніх запалак, вогніва)?
3. Ці ўжываліся гарачыя камяні для награвання вады для лазні, мыцця бялізны, чысткі посуду, пчаліных вулляў?
4. У якіх выпадках агонь замяняў розныя прылады працы (пры выпальванні адтулін у дрэве, пры вырабе лодак, карыт, мастацкіх узораў)?
Глыбокае веданне закранутай праблемы паказаў Сержпутоўскі, распрацоўваючы іншыя раздзелы праграмы. Яго цікавіла не толькі тое, як выконваецца тая ці іншая работа, аперацыя, але і тое, хто ў вёсцы займаецца гэтым промыслам, ці пераходзіць прафесія ад бацькі да сына і г. д.
Дзякуючы гэтай праграме ўдалося ў значнай ступені пашырыць веды аб жыцці, інтарэсах беларускага дарэвалюцыйнага сялянства.
У журнале пасяджэнняў савета аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства за 1912 г. маецца наступны запіс: «А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце таварыства, часта выступаў з паведамленнямі. Так, яго паведамленне з выпадку выступлення правадзейнага члена Э. Л. Вальтэра «Галашэнні ў літоўцаў» было прызнана бліскучым прыкладам удзелу ў савеце»[56].
У 1913 г. Аляксандр Казіміравіч быў выбраны сапраўдным членам Рускага таварыства аматараў светазнаўства.
У сакавіку 1914 г. у выставачнай зале этнаграфічнага аддзела Рускага музея праходзіла выстаўка касцюмаў рускага насельніцтва Галіцыі, Букавіны і Венгрыі з запаснікаў музея. Дэманстраваліся таксама фотаздымкі пабудоў, рэчаў хатняга ўжытку. Многія экспанаты былі прывезены ў свой час з навуковых камандзіровак А. К. Сержпутоўскім. Дарэчы, ім быў распрацаваны паказальнік гэтай выстаўкі.
За вялікі аб’ём работ, выкананых Аляксандрам Казіміравічам па збіранні калекцый, ён атрымаў падзяку ад савета Рускага музея і пахвальны ліст ад арганізатараў выстаўкі «Русская Ривьера»[57].
Разгледжаныя вышэй навуковыя працы і публікацыі А. К. Сержпутоўскага з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для вывучэння жыцця беларускага народа, яго традыцый і культуры.
У залаты фонд не толькі беларускай, але і сусветнай фалькларыстыкі ўвайшлі тры зборнікі вусна-паэтычных твораў (казак, апавяданняў, прымхаў і забабонаў) беларускага народа, запісаных А. К. Сержпутоўскім у канцы XIX – пачатку XX ст.[58] Гэтыя кнігі займаюць значнае месца сярод аналагічных збораў славянскага фальклору і шырока выкарыстаны ў працах такіх сусветна вядомых славістаў, як Д. Зяленін, А. Шахматаў, Я. Карскі, I. Сахараў, I. Поліўка, К. Машынскі, што сведчыць аб важнасці і неардынарнасці зборнікаў Сержпутоўскага.
Палескі дзівасіл
«Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Значнай з’явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі і мовазнаўства стаў выхад у свет у 1911 г. зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Цікавая гісторыя гэтай кнігі. 16 студзеня 1910 г. Сержпутоўскі перадаў рукапіс у савет этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Акадэмікі А. А. Шахматаў, Я. Ф. Карскі, В. М. Істрын, М. Я. Мар высока ацанілі працу, аднагалосна выказаліся за яе хутчэйшае выданне. Праўда, у аддзеле не было сродкаў для аплаты расходаў на выданне кнігі. Дзякуючы старанням В. М. Істрына ўдалося адшукаць 350 рублёў (друкарскія расходы склалі 319 рублёў). Пры гэтым кіраўніцтва музея пакінула за сабой права атрымаць 600 экзэмпляраў кнігі ў асабістае распараджэнне.
У пачатку 1911 г. кніга ўбачыла свет. Пра яе поспех сведчыць той факт, што тыраж разышоўся літаральна за некалькі дзён. Па просьбе шматлікіх навуковых цэнтраў Расіі Аляксандр Казіміравіч перадаў ім усе ўласныя аўтарскія экзэмпляры, а сам быў вымушаны карыстацца бібліятэчным.
Зборнік Сержпутоўскага, які ўключаў 80 казак, уступаў па аб’ёме зборнікам П. В. Шэйна, Е. Р. Раманава, М. Федароўскага, але ў той жа час меў шэраг пераваг перад імі. Першае і самае галоўнае, што адрознівала калекцыю казак Сержпутоўскага ад папярэдніх публікацый, – гэта новы падыход да збірання і вывучэння казачнай прозы беларусаў. Аляксандр Казіміравіч першым звярнуў увагу на новыя з’явы ў фальклоры, якія ўзніклі ў сувязі са зменамі ў жыцці беларускай вёскі канца XIX – пачатку XX ст. Аб гэтым сведчыць тое значнае месца, якое займаюць у зборніку вострыя па сваёй палітычнай і сатырычнай накіраванасці творы, што супярэчыла афіцыйнай думцы, якую падзяляла большасць тагачасных фалькларыстаў: чым больш старажытны тэкст, чым цясней звязаны ён з абрадамі, тым больш ён каштоўны.