
Полная версия
Бяздарныя апавяданні

Бяздарныя апавяданні
Яўген Аснарэўскі
© Яўген Аснарэўскі, 2025
ISBN 978-5-0068-8196-9
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Уступ
Адкрытая чытачом кніга гэта зборнік адаптаваных пад часопісны фармат апавяданняў. Мэтай аўтара быў эксперымент, своеасаблівае самавыпрабаванне. Ці атрымаецца замаскіраваць сваю творчасць пад «нармальную чалавечую» літаратуру?
Для тых аматараў белетрыстыкі, якія сочаць за аўтарам у сацсетках, не з'яўляецца сакрэтам вельмі негатыўны прыём, якім у свой час ушанавалі стваральніка гэтай кнігі іншыя літаратары, а таксама чытаючая публіка. Разгромныя водгукі, нізкія адзнакі на профільных сайтах, здзекі і насмешкі былі заўсёднымі спадарожнікамі літаратурных досведаў аўтара з часоў яго дэбюту пад імем Яўгена Аснарэўскага. Падобны халодны душ, праўда, разбаўляўся цёплай вадой, дзякуючы цудоўнаму прыёму навукова-папулярных кніг няўмехі-празаіка. Тым не менш, у такім кантэксце назва «Бяздарныя апавяданні» выглядае цалкам дарэчнай. Акрамя таго, аўтар не адмовіў сабе ў задавальненні і дадаў дадатковы элемент іроніі ў свет гэтай кнігі. Амаль усе апавяданні зборніка або прайшлі жорсткі конкурсны адбор у прэстыжныя літаратурныя часопісы, напрыклад, найстарэйшыя дзеючыя літаратурныя часопісы Расіі і Беларусі – «Сібірскія агні» і «Полымя», – або атрымалі пазітыўны водгук ад якога-небудзь масцітага рэдактара. Сярод спецыялістаў, якія адабралі тэксты аўтара для публікацыі ў літаратурных выданнях, такія прызнаныя майстры пяра як Ларыса Мікалаеўна Падыстава, Алена Валянцінаўна Сафронава, Уладзімір Мікалаевіч Фёдараў, Ірына Ісакаўна Чайкоўская, Віктар Анатольевіч Шніп. Аповяд «Яна» увайшоў у лонг-ліст Міжнароднага Валошынскага конкурсу (2025), дзе, па дадзеных арганізатараў, было не менш за дзве тысячы ўдзельнікаў.
Некалькi слоў пра герояў, якія сустрэнуцца чытачу на старонках кнігі. Персанажы, па волі аўтара, павінны пераадольваць розныя псіхічныя і (ці) фізічныя траўмы. Тэксты апавяданняў страцілі большую частку змрочнай філасофіі і саркастычных пасажаў, якія, верагодна, бянтэжылі чытачоў у папярэдніх празаічных кнігах Аснарэўскага. Адпаведнасць тэкстаў таму, што аўтар можа назваць гуманітарнымі догмамі, добра вядомымі ў літаратуры мінулага стагоддзя, была адной з асноўных мэтаў падчас працы над тэкстамі «Бяздарных апавяданняў». Магчыма, гэта і дало неабходны вынік, дазволіўшы нарэшце атрымаць ухвалу некаторых літаратурных прафесіяналаў.
Сканчаючы гэты невячлікі ўступ, аўтар жадае чытачам цікавых уражанняў ад знаёмства з выданнем і дзякуе ўсім, хто народзіць уласнае меркаванне аб узроўні бяздарнасці апавяданняў, прадстаўленых у кнізе «Бяздарныя апавяданні». Іх стваральнік мог бы сказаць нават Эўтэрпе, што для яго такі аналіз чыёйсьці бяздарнасьці быў бы вельмі цікавы.
Рэдкае iмя
Ян – адносна рэдкае імя ў нас. Кароткае і яснае, без памяншальнай формы. Некаторыя называюць Янчык, не памяншаючы, а падаўжаючы. Але часцей клічуць Янам. Добрае імя. Я атрымаў яго ў гонар прадзеда. І ўсё ж у дзяцінстве, прызнаюся шчыра, я камплексаваў. Грэцкае Аляксандр, ці рымскае Сяргей, ці спрадвечна славянскае, вялікакняскае – Святаслаў: мне тады здавалася, што гэтыя імёны лепшыя за маё.
Бацькі дарылі мне мала ўвагі. Тата быў начальнікам на буйным заводзе, а маці працавала ў гарадской бібліятэцы.
Я стараўся не адцягваць бацькоў ад працы.
Мне часта даводзілася бываць у бабулінай хаце. Там, у вёсцы, я гуляў пад ліпамі, а яны цудоўна пахлі ў пачатку ліпеня. Я плаваў у возеры і кідаўся ў суседскіх хлапчукоў яблыкамі з нашага сада. Апалая антонаўка загнівала на вільготнай зямлі і ператваралася ў небяспечны снарад – гнілушку. Рэзкі ўзмах рукі і сусед Колька атрымліваў па сваіх жоўтых шорціках самай вялікай і агіднай гнілушкай. Ён адрывіста і гучна ўскрыкваў. Не адчуваў боль. Але не мог адцерці брудную пляму. Гэта азначала, што маці Колі – цётка Маша, – будзе бузіць і прымусіць сына прыбіраць хлеў. Ад думак пра Кольчына пакаранне мне чамусьці рабілася вельмі весела.
Я біўся лепш за суседа. Таму самае небяспечнае, што мог зрабіць Коля – кінуць у мяне гнілушку. Пшык, а не праблема! Сапернік насіў акуляры, якія злёгку спаўзалі з кавалачка пластыру на пераноссі. Таму трапнасць з'яўлялася для Колькі недасяжнай марай.
Нашы бітвы не перашкаджалі сяброўству. Раніцай, калі над спакойным возерам Рыбніца слалася бялявая смуга, мы з Колем стаялі каля напаўзгнілага бярвеністага прычальчыка і ўпарта жмурыліся на дрыготкія паплаўкі. Ніхто з нас не быў умелым рыбаком. Мы нават не вельмі любiлі рыбачыць, аддаючы перавагу актыўным гульням, а не доўгаму дзяжурству ля воднай роўнядзі. У іншым месцы нішто не прымусіла б нас узяцца за вуды. Але наша вясковае возера – найлепшае на свеце. Нам так здавалася.
Сухаватую зямлю вакол вялікай і глыбокай Рыбніцы пакрываў густы ельнік. Празрыстая вада сляпіла нас мільёнамі сонечных блікаў, вабіла прахалодай. А пасля дажджу, над зарослымi высачэзнай травой берагамi, вісеў настолькі салодкі пах, што нам нясцерпна хацелася піць з возера. Таму мы паддаваліся спакусе, апускаючы пад крыштальную, злёгку хвалістую паверхню, свае груба выдзеўбаныя, драўляныя кубачкі. Зачэрпвалі ваду. Потым пілі не адрываючыся. А летні вецер церабіў нашы вечна нечасаныя, густыя валасы.
Падслепаваты Колька, вось жа дзіва, валодаў вельмі каштоўнымі ўменнямі. Ён як сапраўдны кухар упэўнена гатаваў злоўленых намі карасёў. Лук, соль, бульбачка, часам сушаны перац – вось і ўсё, што выкарыстоўваў сусед. Няхітрыя інгрэдыенты дапамагалі Колю ператвараць наш улоў у смакату з іншага свету. Слінкі цяклі ад аднаго позірку на Кольчыны стравы.
Часам мы ласаваліся юшкай, але часцей прыкопвалі рыбу ў вуглях, якія заставаліся ад невялікіх, траскучых вогнішчаў, і пяклі свае трафеі.
Аднойчы нам удалося злавіць вялізнага шчупака. Мы не пашкадавалі часу на збор гліны і галля. Абмазаная глінай рыба і не да канца прапячонная, вязкая бульбачка, з соллю, здаваліся тады самымі смачнымі стравамі ў маім жыцці.
Аднаго разу мы гатавалі дзённы ўлоў і грэліся ля вогнішча, якое ратавала нас ад надыходзячай начной прахалоды. Дымок яловых галінак шчыпаў вочы, пакуль я ўпарта глядзеў удалячынь. За цёмным сподкам возера ўздымаўся бераг Рыбніцы: загадкавы, цяжкі і крышачку страшны.
***
Калі мне ішоў восьмы год, мама прынесла з бібліятэкі альбом, які смачна пах друкарскімі фарбамі. Тамака былі карціны знакамітых мастакоў. Мне заўсёды падабалася маляваць і таму прынесены альбом стаў любiмай настольнай кнігай. Маляваць, граць і рыбачыць з Колем, а таксама іншымі дзецюкамі, а яшчэ разглядаць карціны з альбома – вось і ўсё, што мне хацелася рабіць летам, пакуль я адпачываў ад знявiднай матэматыкі.
Я асабліва любіў адну карціну жывапісца Ван Гога. Зваўся гэты любы твор: «Зорная ноч над Ронай». Я паняцця не меў, дзе знаходзіцца тая Рона і заўсёды думаў, што Ван Гог носіць нейкае дзіўнае імя. Гэтыя думкі не перашкаджалі мне гадзінамі разглядаць выяву «Зорнай ночы». Я ўжо разумеў, што мастак выкарыстоўваў для працы над карцінай грубыя фактурныя мазкі. У авангардзе атакавалі змрочныя колеры, кантраст зорак і марскога фону. А потым на гледача навальваўся парад смелых жывапісных ліній. Яны рабілі карціну дзіўна вібрацыйнай і загадкавай. Ад прагляду мяне напаўняла салодкая трывога… Я не мог апісаць свае пачуцці да карціны, але ведаў, што моцна ўсхваляваны і хачу быць як ён… Ван Гог.
***
– Хачу намаляваць той бераг, – ціха сказаў я, гледзячы на Колю.
Сусед якраз здзіраў спаленае шмаццё лупіны, рыхтуючыся ўкусіць бок запечанай бульбачкi.
– Знайшоўся мастак, – прабурчаў наш знаўца кулінарыі, выпацкаўшы рот чорнай сажай. – Ты хоць спрабаваў маляваць, га?
Я не казаў прыяцелю, што малюю даўно. Працую ў графіцы, алоўкам і нават сухой пастэллю, замацоўваючы яе на аснове. А яшчэ я спрабую жывапіс алеем і думаю аб гравюры. Так я трэніруюся дзеля паступлення ў мастацкае. Але навошта пра гэта гаварыць суседу, з якім мы перакідваемся яблыкамі, рыбачым і пячом карасёў у мясцовай, злёгку жаўтлявай, гліне? Ён жа, мо, падумае, што ў мяне імя дзіўнае, і таму я ўвесь няправільны. Хіба дзецюкі наогул малююць? Хоць, і Ван Гог калісьці быў дзецюком. Можа, ён кідаў гнілякі ў якога-небудзь свайго суседа, скажам, Нікалаўса? Не ведаю дакладна, як Кольку звалі б у Галандыі.
І ўсё ж, мне было сорамна прызнацца суседу. Таму я набраў у лёгкія пабольш паветра і прымусіў сябе працадзіць.
– Я малюю ўжо не першы год. І атрымліваецца нядрэнна!
– Сур'ёзна? – шумна не паверыў Колька, але радасна дадаў: – А ведаеш, ты малайчына! Беражок Рыбніцы… Там нібы чорныя зубы вялікай рыбіны хочуць зоркі схапіць.
– А ты, Колька, як той паэт! Такія метафары ўмееш выварочваць!
– Ды куды ўжо мне гэтыя твае «метафіры», – Коля засмяяўся і пачухаў патыліцу. – Мы простыя, а ты гарадскі! Татачка твой, вунь, вялікі паношыч у горадзе. І матуля такая, ну… адукаваная! Таму, Ян, ты давай – спрабуй! Будзеш мастак, дык, можа, і для нашай вёскі куток на карціне знойдзеш. Мясцiны тут такія прыгожыя! Вось нават імя ў цябе прыдатнае. Колька Петрашэвіч – хіба імя для мастака? А Ян Багданаў – гучыць.
Коля дастаў скрадзеную ва ўласнага бацькі цыгарэтку і прыкурыў ад вогнішча.
Я спрабаваў адчуць у словах суседа кпіны з майго імя. Нават сціснуў кулакі і падрыхтаваўся крычаць: «Такое імя прадзед мой насіў».
Але Коля спакойна зацягваўся цыгарэтай і рытмічна штурхаў нагой невялікі каменьчык. Не было смяшкоў і колкіх позіркаў – нічога. Таму я адвярнуўся і зноў пільна паглядзеў удалячынь, на бераг Рыбніцы.
«Чорныя зубы вялікай рыбіны…» – гэтыя словы Колі надоўга засталіся ў маёй памяці.
– Так, дзе яшчэ пісаць карціны, – згадзіўся я і падкінуў у вогнішча яловых галінак.
***
Праз тры гады я скончыў школу і паступіў у мастацкую вучэльню. На іспыце я намаляваў партрэт прадзеда Яна. Ніводнай фатаграфіі ў нашай сям'і не захавалася. Мне давялося прыдумаць яго знешнасць. Я ведаў, што прадзядуля лічыўся знакамітым на ўвесь горад лекарам. Таму на маім партрэце ён быў у белым халаце і, чамусьці, трымаў у руцэ мікраскоп.
Я скончыў вучэльню з чырвоным дыплёмам і панёс дакумэнты ў сталічную акадэмію. Атрымліваць вышэйшую адукацыю мне было лёгка: настаўнікі не маглі стрымаць захапленняў наконт маіх здольнасцяў. Рэктар прарочыў мне вялікую будучыню. Акадэмію я скончыў з дыпломам выдатнiка.
А далей былі выставы, пахвалы значных майстроў, жывапісныя творы ў знакамітых музеях. Крытыкі прыляпілі мне мянушку: «Беларускі Ван Гог». Дурная мянушка! Але мне ўсё роўна было прыемна.
Творчы поспех – вялікае шчасце. Але не хапала іншага. Мне так і не ўдалося стварыць сям'ю. Праца заўсёды займала большую частку майго часу. Я кахаў розных дзяўчат. Сярод іх былі і натуршчыцы. Але шлюб не з'явіўся ў маім жыцці. Чамусьці я больш марыў аб дзецях, чым аб каханай.
Праз дваццаць гадоў я вярнуўся ў вёску з цвёрдым намерам ажыццявіць адну з першых сваіх мастацкіх задумак. Я хацеў перанесці на палатно від возера Рыбніца. Бабуля даўно памерла, але я спадзяваўся сустрэць свайго даўняга сябра – Кольку.
Я – наіўны дурань – верыў, што Коля ўсё яшчэ жыве ў вёсцы і ходзіць на рыбалку да нашага возера. Прыяцель як жывы стаяў перад вачыма. Белабрысы малец у смешных акулярах.
Я прайшоў праз зарослы пустазеллем сад і адчыніў вялікім ключом дзверы старой бабулінай хаты. Пасядзеў, хістаючыся, на калчаногiм зэдліку, і выйшаў праз іншыя дзверы. За ўсё яшчэ моцным плотам мяне сустрэлі разьбяныя аканіцы суседскага дома, пакрытыя патрэсканай жоўтай фарбай.
Ізноў пагаварыць са сваім таварышам па рыбалцы я не змог. Я бачыў толькі ягонае фота пяцігадовай даўніны. Дрэнны фотапартрэт дэманстраваў вялiкага мужыка са светлымі валасамі. На яго пераноссі сядзелі масіўныя акуляры. Колька павялічыўся ў чатыры разы. Але застаўся падслепаватым.
У доме Петрашэвічаў жыла самотная шаснаццацігадовая дзяўчынка – дачка Колькі. Яе клікалі Яна. Пра мяне пісала прэса, а Яна цікавілася жывапісам і нават наведвала адну з маіх сталічных выставак. Таму мы хутка пасябравалі.
Маці Яны памерла, калі дзяўчынка была яшчэ немаўляткам. Бацька нечакана знік за тры гады да майго прыезду. Ніхто не ведаў, куды падзеўся Колька. Казалі, што ён пайшоў у бок Мохавых балот. Яго доўга шукалі. Безвынікова. Але Яна спадзявалася, што аднойчы тата вернецца дадому і не хацела пераязджаць да сваякоў, у сталіцу. Дрэнны фотапартрэт Колі стаяў на тумбачцы, побач з ложкам яго дачкі, і Яна, калі прачыналася, глядзела ў твар зніклага бацькі.
Сонечнай, ветранай раніцай, мы разам з Янай пайшлі да Рыбніцы.
– Добрае святло, праўда? – спытаў я спадарожніцу, надзейна ўсталёўваючы мальберт.
– Так, хоць мне тут больш увечары падабаецца. Рыбніца тады такая, як чорныя зубы нейкай рыбiны… І яна хоча зорачкі ў небе пахапаць, – адказала Яна і паправіла акуляры.
Я доўга маўчаў, адчуваючы камяк у горле. Рукі ў мяне злёгку дрыжалі. Гэта перашкаджала акуратна працаваць пэндзлем.
Прадзед Ян і я, Колька і Яна, якая не магла адказаць на маё пытанне, калі я спытаў чаму бацькі назвалі яе менавіта так: усе мы былі часцінкамі нейкай загадкавай мазаікі. Бясконцасць жыцця. Сувязь пакаленняў. Адлюстраванне незлічоных продкаў у нас саміх. А мы, такія асаблівыя, і адначасова такія падобныя на сваіх і чужых! Вандроўнікі, якія брыдуць па свеце ў пошуках шчасця, хоць шчасце можа аказацца простым возерам, пад бялявым туманам. Простым возерам ля самага нашага дома… Галоўныя пытанні раптам атрымалі адказы і мае пошукі завяршыліся.
– Хацеў табе сказаць, што Яна – вельмі рэдкае і прыгожае імя. Ты напішаш начное возера сама. Я застануся тут і навучу цябе!
Мой усхваляваны голас даляцеў да дзяўчынкі, якая глядзела ўдалячынь. Хутка міргаючы, Яна ўсміхнулася, і ўзмахнула сваімі залацістымі валасамі.
Стыль Махоркіна
Аднойчы маленькі Росця Махоркін зламаў абедзве нагі. Дваровыя падшыванцы забраліся ў дзіцячы садок і зладзiлі спаборніцтва па скачках. Росця прайграў. Дзевяцігадовы Махоркін прызямліўся не ў пясочніцу, а на яе цвёрды борт. Несапраўдныя сябры ўцяклі, пакінуўшы стогнучага Росцю ў пяску. Неўзабаве Махоркіна знайшоў вартаўнік і пачаў крычаць на скручанага эмбрыёнам паскакунчыка. Потым стары Палыч пачухаў лысіну, злёгку тыкнуў інтэрвента наском зношанага бота, прашамкаў: «Вось малпа» і выклікаў хуткую.
Махоркін апынуўся ў бальніцы. З яго ног тырчалі розныя металічныя штукі, неабходныя для правільнага зрастання костак. Махоркін уяўляў, што ён бэта-мадэль Тэрмінатара Т-800. Бацькі прынеслі сыну самыя дарагія фламастары і тоўсты альбом крэйдаванага кардона. Маляванне дапамагло цярпець боль і страх, пазбавіцца ад начных кашмараў і перажыць сумныя «ложкавыя» будні.
Выйшаўшы з лякарні, Росця не забыўся пра карысць творчасці. Махоркін часта сыходзіў ад праблем у адмысловы свет алоўкаў 4B, гумак, сухой пастэлі, водных фарбаў і сафлоравага алею. Росця адлюстроўваў на палатне вiд з акна, пакой брата, тату і маму, а калі падрос вырашыў напісаць красуню Люсю з паралельнага класа.
Штурхаючы кедамі безабаронныя каменьчыкі, Росця дагнаў Люсю каля школы і прапанаваў дзяўчыне стаць яго першай натуршчыцай. Махоркін быў прыгожы: высокі шыракаплечы шатэн з вялізнымі далонямі. Таму Люся пагадзілася. Росця планаваў пісаць партрэт на сямейнай дачы Махоркіных. Мастак саромеўся маляваць дзяўчыну пры бацьках, і тата з мамай вырашылі, што сын-адзінаццацікласнік ужо дастаткова дарослы для дачнага жывапісу.
Дачная гісторыя была цудоўная. Люся асядлала хісткае крэсла, стрыножанае прама пад разгалістай яблыняй. Дрэва пасадзіў яшчэ Леанід Яўгенавіч, дзед юнага жывапісца. Яблыкі – старажытныя знакі спакусы, сарамліва хаваліся ў траве, атачаючы босыя ногі румянай дзяўчыны. Салаўі трэлілі на галінах чарэшні. Пушыліся на васільковым небасхіле хуткія, як дзяцінства, аблокі. Вартавы сабака Аркадзь ласкава глядзеў у бок маладых людзей сваімі чалавечымі вачыма. Пахла сенам. Біла ў нос гноем. Несла каханнем.
Скончыўшы партрэт, Махоркін выцер рэшткі алею з палатна і паклікаў Люсю.
Натуршчыца са здзіўленнем агледзела твор. Вялізная яблыня вырастала з невялікай, але па-майстэрску напісанай жаночай фігуркі. Твар дзяўчыны на партрэце чамусьці закрывалі шэсць чырвоных трыкутнікаў.
– Ух, – выдыхнула Люся і адтапырыла губу.
– Табе такое падабаецца? – дабрадушна спытаў Махоркін.
«Не, як гэта можа падабацца…» – падумала Люся… і адчайна заківала.
Адгуляўшы школьны выпускны, Махоркін задумаўся пра дыплом мастака. Росця паступіў у мастацкае вучылішча, дзе аддаўся жывапісу цалкам. Ізумрудныя хвоі Белавежскай пушчы, бурштынавы бамбук Ямайкі, цырконавыя скалы Карэліі, снежная пена Ніягарскага вадаспаду і сапфіравыя воды возера Балатон не маглі задаволіць Махоркіна. Талент патрабаваў ад свайго носьбіта пошуку самых дзіўных колераў, існаваўшых у свеце. І Махоркін шукаў! Мастак гадзінамі працаваў з палітрай. Здавалася, Росця выпампоўваў фантастычныя адценні з паветра, як штукар. Анёльскі аквамарын, колер садовага тапіарыя, папірусны зімовы, мандарынавы сонечнага бліку і яшчэ сотні колераў ствараліся вар'яцкім уяўленнем каларыста. Ван Гог, Шагал… Махоркін. Яны маглі б стаць неаспрэчнай тройцай лепшых майстроў колеру, калі б Махоркін быў прызнаны лепшым. Нажаль! Росця ніколі не лічыўся талентам, нават на сваім курсе ў мастацкiм.
Там адразу здарылася праблема. Першакурсніка неўзлюбіў Цімафей Вітаўтавіч Адаменас – выкладчык пленэру і асноў графікі.
Махоркін раздражняў настаўніка літаральна ўсім, нават сваім дзіўным мальбертам, падобным на шчыт крыжака.
– Дзе аб'ём, Расціслаў? – галасіў Адаменас, разглядаючы малюнак антычнага бюста, выкананы Махоркіным. – Дзе, мілачка, характар, га?
«Фарэль і качарга» – рыфмаваў у галаве Махоркін і сціскаў вусны ад абурэння.
Выкладчык часта «гакаў» Махоркіна, і ў канцы трэцяга курса, змучаны заніжанымі ацэнкамі Росця, збіў Цімафея Вітаўтавіча эцюдам да палатна Тыцыяна «Уцёкі ў Егіпет».
Выбыхнуў скандал. Прысаромлены Махоркін выбачыўся перад Цімафеем Вітаўтавічам, кінуў вучылішча і ажаніўся з Люсяй. Усе гэтыя дзеянні не спынілі развіццё творцы.
Люся, аднак, патрабавала папаўняць сямейны бюджэт. Бездыпломны жывапісец знайшоў працу ў гарадской гаспадарцы. Улічыўшы навыкі Махоркіна, камунальнікі выдалі некалькі вёдраў фарбы, абсалютна новыя пэндзлі і савецкі шпатэль.
***
Тры тыдні запар Махоркін зафарбоўваў надпіс, якi дзёрзка раскідваў літары па фасадзе дома №7 на вуліцы Васняцова. Хтосьці пісаў чырвоным балончыкам на бэжавай сцяне, а камунальнікі знішчалі пасланне. Але зафарбаваны надпіс адраджаўся зноў, нібы акрылавы фенікс. Няўлоўны графіціст не стрымліваў сябе і рэгулярна паведамляў жыхарам дома аб вечным жыцці аднаго з таленавітых рок-музыкаў мінулага.
Махоркін працаваў, не шкадуючы чырвонага, карычневага і шэрага. Ён намешваў самыя мудрагелістыя адценні. Кожная літара надпісу хавалася за асобнай каляровай плямай. Росця стаяў, шырока расставіўшы ногі, і глядзеў на свой твор праз накіраваны да неба пэндзаль. Мастак чуў музыку сфер. Творчы працэс плавіў яго душу.
У гэты момант я праходзіў міма, пазнаў Махоркіна і вырашыў прывітацца.
– Ах! Генка! Колькі год не бачылiся! – узрадаваўся камунальнік.
Мы разгаварыліся. Махоркін узгадаў нашы сумесныя школьныя гады і распавёў пра жаніцьбу на маёй аднакласніцы Люсе.
– Гэта ты малайчага! Віншую! – сказаў я.
– А ведаеш, ты заходзь да нас у суботу. Вечарам. Пасядзім, паўспамінаем, – прапанаваў Росця.
– Генка! Зусім не змяніўся, чарцяня, – сказала ў суботу Люся. – Мой любімы аднакласнік! Чай з тортам будзем піць!
На невялікай кухні здымнай хрушчоўкі Махоркіны доўга скардзіліся мне на малую зарплату Росці і сціплыя прыбыткі Люсінага перспектыўнага бізнэсу, які зараджаўся ў сферы манікюрных паслуг.
– А галоўнае, крыўдна, – пыхкаў Махоркін, размахваючы кубкам з гарбатай. – Я так марыў вывучыцца… Каб не той Адаменас… Хацеў я копіяй Матэйкі яго накрыць. Тры на тры метры палатно. Ён бы не выпаўз… Хаця, калі шчыра, шкадую, што тады не стрымаўся. Кепскаватая справа – карцінамі біцца. Ну і вось… Фарбую сцены, Генка. Ну, верыш? Сцены!
– Каб не я, ён запіў бы. Трымае яго жонка, – паведаміла Люся.
– Дакладна, трусiк, – пацвердзіў Махоркін. – Трымае!
– Я твая пацерка?
– Ты мая пацерка, трусiк.
– Мастаку патрэбна муза!
– Ты мая муза, трусiк.
Пакуль я слухаў шчабятанне Махоркіных мяне накрыла думка: я ведаю, як дапамагчы Росце.
– У мяне ёсць цікавы варыянт, – паведаміў я галубкам. – Ваш школьны прыяцель – журналіст. Аўтар папулярнага медыя. Журналіст крэатыўны (навалач), і можа зрабіць непрызнаны талент прызнаным.
Праз два тыдні на сайце нашага выдання з'явіўся артыкул пад загалоўкам «Малевіч з ЖКГ». Запрошаны мною эксперт выдатна апісваў каляровыя квадраты Махоркіна, якія ўпрыгожвалі сцены гарадскіх шматпавярховак. Насамрэч, экспертам быў я сам. У артыкуле гаварылася пра надзвычайнае пачуццё колеру, паэзію формы, дынаміку аб'ёмаў і мэтакантэкстуальнасць штрыхоў. Я ўпісаў у артыкул фразачкі са справаздачы нейкага выбiтнага крытыка, захопленага сталічнай выставай абстрактнага мастацтва. Стыль Махоркіна я назваў «камунальны абстракцыянізм».
Маленькі падман не бянтэжыў мяне. Я лічыў, што высакародная хлусня існуе. Назіраючы сцэну з серыяла «Месца сустрэчы змяніць нельга», тую, дзе Жыглоў спрачаўся з Шарапавым наконт абдурвання Кiрпiча, я заўсёды станавіўся на бок Высоцкага-Жыглова. Муравец быў гатовы ашукаць дзеля высакароднай мэты. І я быў Жыгловым. Я хацеў дапамагчы школьнаму таварышу, несправядліва пакрыўджанаму выкладчыкам. Вось такая Яснавяльможная высакароднасць! І яшчэ, мне хацелася паставіць эксперымент… Стварыць цудоўнае мастацтва на пустым месцы.
Артыкул меў поспех і зацікавіў іншыя выданні. Махоркін пачаў раздаваць інтэрв'ю, апавядаючы пра сваю творчасць. А праз пару месяцаў, да новага Малевіча пацягнуліся заказчыкі. Партрэт у стылі Махоркіна стаў жаданым прадметам у дамах нуварышаў і нават больш вытанчанай публікі.
Росця працягваў хадзіць на працу дзеля іміджу камунальнага жывапісца, хоць сумы ганарараў, атрыманых ад заказчыкаў стракатых палотнаў, моцна пераўзыходзілі зарплату працавіка гарадской гаспадаркі.
Пасля трыўмфу камунальнага жывапісу да нас у рэдакцыю наведаўся сам Астафей Рамашка – багаты чалавек, які валодаў некалькімі гасцініцамі ў цэнтры горада. Бізнэсмэн замовіў у Махоркіна партрэт, але кансультант па абстрактным мастацтве назваў кошт працы майго прыяцеля «непрыстойна завышаным». Рамашка цікавіўся экспертам, з нашага артыкула пра Махоркіна. Давялося схлусіць. Я напрыдумваў казак аб ананімнасці рэдакцыйнага эксперта, недаступнага для любых спробаў даць хабар.
– Вы ж зразумейце, – басіў гательер. – Я палотны люблю. Радасна ад таго, што ў нашым горадзе такі нечаканы маэстра адчыніўся. Але ж павінны быць экспертныя ацэнкі непрадузятыя. Грошай месью Махоркін просіць вагон, а можа і цягнiк!
– Разумею, – гундосіў я ў адказ. – Але Расціслаў Махоркін – геній. Заязджайце праз гадоў сто ў Луўр. Упэўнены, Расціслаў ужо будзе там!
Рамашка быў незадаволены маімі адказамі і пайшоў прэч з танцам гнеўных броваў на квадратным твары.
Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч – наш галрэд. Ён моўчкі пагразіў мне пальцам, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.
Праз тыдзень Рамашка вярнуўся. Ён доўга ціскаў і трос маю потную далонь, лісліва пучыў селядцовыя вочкі, рыпеў чаравіком.
– Вы, пане, прабачце мяне. Каюся! Прафан! Ды яшчэ і недаверак! Мне тут эксперт, які супрацоўнічае з Christie’s, пацвердзіў каштоўнасць майго партрэта з пэндзля маэстра Махоркіна.
– Праўда? – маё кароткае пытанне налівалася і ззяла недаверам.
– Эксперт сказаў – цудоўная інвестыцыя. Я купіў партрэт вельмі танна. Ён падаражэе ўтрая! Мі-ні-мум!
Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч. Ён моўчкі паказаў мне вялікі палец, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.
Я моцна задумаўся аб мастацкай экспертызе. Атрымлівалася, што любы барсук, ну вось як я, можа аб'явіць творчасць жывапісца-паўзнайкі вялікім мастацтвам і з дыягназам пагодзіцца сапраўдны эксперт. А можа, гэты рамашкаўскі спец усё ж дылетант ці махляр? Хто там разбяре. Яшчэ я думаў аб крывадушнасці. Хлусня дзеля добрай справы – цяжкая матэрыя. Пасля казуса Рамашкi я, напэўна, перастаў быць перакананым жыглоўцам.
Ашчасьліўлены пакладамі грошай, Махоркін не забыўся на паслугу і паклікаў мяне да сябе, у новую здымную кватэру, якая займала цэлы паверх старадаўняга асабняка. Тут быў стыльны лофтавы інтэр'ер. Калекцыя пласцінак «Песняроў» упрыгожвала шэрабетонныя сцены. Бежавыя лямпачкі тапырыліся на столі. З рабрыстай калоны, усталяванай у цэнтры залы, вырастаў захутаны неонам, цыклапічны акварыум.






