bannerbanner
Па кальцавой дазволеныя 120
Па кальцавой дазволеныя 120

Полная версия

Па кальцавой дазволеныя 120

Язык: Русский
Год издания: 2025
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 3

Бартавы камп’ютар засвяціўся, паказваючы званок, і Станіслава змоўкла, адвярнула твар да вакна.

У гэты куток Тагачаска Станька зазірала даўно – год з пяць таму, калі непрыемнасці былі дробнымі і міналіся хутка. Крылы былі моцнымі і неслі… некуды неслі. Цяпер і дом на горцы, што скатвалася брукаванкай да ўзбярэжнай, не пазнаць – без шыльды з самавітым жуком. Хоць краткі на вокнах, здаецца, тыя самыя. Удзень вокны не свецяцца. Наогул, не зразумееш, ці ёсцека хто жывы. А чайхана насупраць жывая…

Там, дзе брукаванка толькі што не нырае ў  раку… Там, дзе далонь дастане да сэрца месца, толькі заплюшчыся ды працягні руку… Там, дзе косы вярбы знянацку кладуцца на плечы… Дзе – праз дарогу, на ўзгорку – званы балбатнёй закалыхваюць памяць пра вечнасць… Там, дзе сумесь часоў, галасоў, падзей ды ідэй на сваіх ды чужых падзяляе бясконцыя плыні нічым не звязаных людзей… Кагадзе нарадзіўся, каб яснаю зоркай у вочы мільёнаў глядзець, той, хто праз тысячы вёрстаў душой азірнуўся на выгук: «А хто там ідзе?», і пагрукаўся мечам і словам у сёняшні дзень, каб нашчадкі свой лёс не пісалі слязьмі на вадзе… Месца сілы. Адгэтуль дарога з мінуўшчыны ў  прышласць вядзе.

Дамкі з мансардамі, каваныя брамы ў арках, брукаванка, нечаканыя прыступкі. Кантрфорсы дыхтоўных тэрасаў. Калоны. Ліхтары. Брама з надпісам “Двурэцкае прадмесце”. Станька азірнулася на падсвечаную шыльду “Batman & Рartners” у пошуках уваходу. Няхай ідуць у пекла снобы, што вешаюць шыльду чорт ведае дзе – і шукай. У вакно лезці? Ну вось што б яна рабіла, каб не сказалі ёй пра падвальчык злева, куды вёў спуск ажно ў сем прыступак. Раней Станька пераступіла б адразу на другую, прамінула бы звычайным чынам наступныя тры і ступіла на апошнюю, каб зрабіць роўна пяць крокаў. На ўдачу. Але ўдачы болей не існуе. Не існуе. Ёсць толькі ланцуг падзей, і ад чаго ён залежыць – невядома. Некалькі званкоў – і спіс юрыстаў-абаронцаў вычарпаны. Не адказвае. Не можа праз вялікую занятасць. Задзейнічаная ў тым самым працэсе. Змяніўся нумар. З’ехаў. Пазбаўлены ліцэнзіі. Вось і скончыліся знаёмыя адвакаты і адвакаты знаёмых. Добра, хоць адшуканы праз пятыя рукі невядомы адвакат на імя ці тое Мірон, ці тое Міканор, седзячы “на бюлетэні”, пазваніў свайму шэфу. Хто такі Кірыл Аляксандравіч, чый офіс месціцца ў сэрцы Тагачаска, але не мае нармальнага ўваходу?

Спатыкнуўшыся на шчарбатым бетоне, Станька пацягнула дзверы без ручкі з набітай лямцавай латкай заміж выдранага замка. На абдзёртай сцяне вісела акуратная таблічка з лагатыпам “B&P” і подпісам: 2-гі паверх. Станька, ужо не лічачы прыступак, узляцела на другі паверх. Цяпер стрэлка пад лагатыпам сувора ўказвала на скразны праход. Парыпеўшы расхлябаным паркетам між офісаў турыстычных фірмаў, Станька дабралася да іншай лесвіцы. Той самы лагатып быў падпісаны іначай: 3-ці паверх. Тут прыступкі былі белыя, мармуровыя, троху шчарбатыя. Свяціў пад столлю трэцяга паверха яркі ліхтар. Адзіны ўваход з лесвічнай пляцоўкі акурат і належаў офісу Кірыла Батмана…


– Шаснаццатага паедзеце перадаваць перадачу ці на спатканне? – удакладніў Батман.

– Перадачу. Вы бліжэйшым часам у той бок не плануеце?

– Не, не выберуся. Хіба на наступным тыдні. Зараз штодня то ў СК, то ў СІЗА №1, то ў СТ-8.

– А калі? Напішу Кіру.

– Цяжка пэўна абяцаць, – Кірыл пагартаў каляндар. – Пасля дваццаць шостага будзе болей часу. Давайце планаваць на трыццатае. Якая ў яго змена?

– Здаецца, першая.



…Станька збегла да ўзбярэжнай. Свінцовая вада сёлета доўга не ўмярзала, але студзень узяў сваё. А чаго чакаць – першы подых маразоў накрыў яшчэ напрыканцы жніўня. Цяпер і назаўсёды – Таго жніўня. Увосень цантральныя вуліцы сцішыліся, на кароткі час ускіпелі мікрараёны, але цяпер і там ціха. А хоць бы і не ціха – цяпер туды нельга. Не таму, што сок – чужых вачэй Станька яшчэ не адчула. Але сістэма працуе па сваіх правілах, і цяпер варта абмежаваць кантакты, каб не навесці цень на выпадковых знаёмцаў, і не трапіць у нечы цень. Таму сустрэча на Новы год у двары, бадай, стане апошняй на доўгі час. Дый не да таго зараз.

Заўтра паставяць новыя дзверы замест тых, праз якія ўвайшлі шлемагаловыя. Пазаўтра перадача. Насі хоць штодня па кілаграму, хоць сваяку, хоць не. 30 кг на месяц – даволі шмат рознага ўсяго можна перадаць, бо кнігі і ваду не бяруць. Гэта ў сумнавядомым гатэлі ў завулку Славутага Лётчыка перадачы апошнія гады былі водна-папяровыя. Тут вам не там. Дамоў мы не паедзем.

Кошт за адно дзеянне – скаргу, наведванне, дзень у судзе – ледзьве не прымусіў яе папярхнуцца, але Станька ўважліва прачытала тыпавое пагадненне і падпісала. Пасля Сцеша, памочніца Кірыла, двойчы патлумачыла, што пагадненне актывуецца з моманту першай аплаты, а аплаціць трэба адразу за два дзеянні. Лагічна. Значыць, да моманту аплаты яны з Батманам нічога адзін аднаму не вінныя. І можна ніколі болей не з’явіцца ў офісе ў паддашку. Каб не адно: адвакатаў наўкола ўсё меней, арыштантаў – усё болей. Неўзабаве знайсці абаронцу стане непамоцным чынам. І застанецца спадзявацца, што прызначаны дзяржавушкай адвакат не акажацца навалаччу і хаця б не стане хлусіць пра здароўе арыштанта.

А гэты Кірыл нібыта й нішто сабе. Сказаў напісаць Кіру цыдулку. Агулам, Кірыл – не такое пашыранае імя, а вось супала, што арыштант і адвакат – цёзкі. Можа, на ўдачу? Хоць не, удачы болей няма.

Сіняй птушкі не стала меней, ды на фоне такіх падзей птушка шчасця – чароўны Фенікс – стала дужа цурацца людзей… Асцярожнічаць ёсць прычыны, ці свабоды не захаваць, і вось бадай што і немагчыма на дарозе яе спаткаць…

Запісаць? Ай, не, гэта таго няварта. Ёсць сэнс перакладаць з мёртвых моваў. А на мёртвыя – гары яно гарам. Мёртвым не баліць, жывым баліць не гэта. Гэта – гета… геніяльная рыфма. Галоўнае, свежая і незацяганая. Але трэба на працу. Адпрасілася ж на пару гадзін. Час павяртацца…


– Вы мо пажартавалі, што наўкола не нашмат даўжэй, а я так і паехаў, замест каб на разварот. Заматаўся за тыдзень, мазгі не цямяць. А тут і не завярнеш, – Кірыл перастроіўся ў левы шэраг. Стрэлка пахілілася на 130. Станіслава страпянулася.

– Ды не, усё добра. Дзе мы?

– Мілошыца. Бывалі ў тутэйшым парку? Я год пяць таму выбіраўся сюды з Домі гуляць. Ліпень быў, але халаднаваты. Дождж то пачынаўся, то сціхаў. Раптам чую – спевы. Раней на слуху быў такі Сярога Хахалок. Дык нешта з ягонага. Пабачылі гурт дзяцей год пяці-сямі, ды дзяўчат-падлеткаў некалькі. Гарлаюць, а над імі – дрон кружляе. Кліп здымалі.

– “Родны край”, – падказала Зубрэвіч і ўрэшце пасміхнулася.

– Дакладна, “Родны край”. Недзіцячая песня, як па мне. Я падумаў тады, што бацькам, пэўна, добра заплацілі. Бо з дзецьмі, такім надвор’ем, некалькі гадзін… І тэкст вывучыць…

– Не ўгадалі, – прымружылася Станіслава. – Дзяцей ніхто тэксты вучыць не змушаў. Дзеці ведалі тэксты, бо па тысячы разоў чулі іх і на канцэртах, і ў машынах, і дома. Хахалок напісаў вартыя творы. А мы… я хачу сказаць, бацькі гэтых дзяцей – тыя самыя адмарозкі, пятая калона, страшныя людзі… Якія слухалі Хахалка ды іншых. Гадавалі дзяцей пад недзіцячыя песні.

– І вашыя там былі? – здагадаўся Кірыл.

– Анягож! Ці ж я – не адмарозак? – бліснула вачыма Станіслава. – Сыны спявалі. Дачка замалая была.

– А я тады падумаў: не, мая дачка будзе спяваць добрыя, вясёлыя песні з мульцікаў, а не гэтае ўсё.

– І як?

– Спявае “Муры” і “Пераменаў”, – уздыхнуў ён.

– Дык добрыя мульцікі паказваеце, – паказала “лайк” Станіслава. – Я не люблю “Муры” – яны не пакідаюць надзеі. У іх столькі праўды, што аж замнога. Але ж прыпеў чапляе. “Пераменаў” люблю, з дзяцінства. “Грай” люблю. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” – не асабліва. Затое “Пагоню” – да дрыжыкаў. А “Паланэз” мне фізічна баліць.

– Мне гэта не настолькі блізка.

– Ведама што. Вы ж – нармальны, – Станіслава глядзела ў ноч.

– Не. Звычайны. Я – звычайны, Стася. А вы – не зусім…

– Толькі што не зусім. Трэці сорт не брак. На скрайні выпадак прыдасцца. Маеце рацыю: норма – гэта найпашыраная велічыня, а я – паталогія. Заўжды па-за межамі…


– Добры дзень, Станіслава, праходзьце, – Кірыл быў сама прыязнасць: наведнікам няма справы, як прайшоў чарговы вар’яцкі дзень іхнага адваката. Непераможны Батман не стамляецца, не губляе галавы, пра ўсё памятае, усё трымае пад кантролем – і выраз твару ў тым ліку.

Кліентка адказала невялічкай усмешкай ветлівасці, прысела за стол у чвэрць абарота. Зірнула на аўтаручкі з лагатыпам B&P. Ён пацягнуўся праз стол, падсунуў бліжэй некалькі паперак з адрыўнога блакнота, побач паклаў ручку.

– Бярыце. Пакіньце сабе, на памяць. Пазнаёміліся з Кірам. Адразу, як прывялі, быў насцярожаны, гэта і натуральна, ці мала што за адвакат намаляваўся. А як прачытаў вашую цыдулку, адразу заўсміхаўся. Паразумеліся. Я спрабаваў яго ўразіць, маўляў, я ўжо ў гэтай тэме дзесяць з лішкам год. Мне сказалі: Кірыл, адпачывай, я ў тэме больш за дваццаць год. Добра пагаварылі, папрацавалі.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
3 из 3