
Полная версия
Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час
20 снежня 1842 г.: «Выправіў у Вільню трохі збожжа, бо цалкам бракуе грошай, якія патрэбны для гаспадаркі. З новага года мы разам з Наваградскім паветам будзем належаць да Віленскай губерні. … Падаткі і корчмы бязмерна спустошылі кішэню, а яшчэ да гэтага аддаць рэкрута каштуе да 15 чырвоных злотых за кожнага»68.
Насамрэч, сталася трошкі не так – Наваградскі павет з Гарадзенскай перайшоў у Мінскую губерню, а Лідскі – у Віленскую.
21 красавіка 1843 г.: «Выберуся на кірмаш у Вільню, як толькі мая кішэня будзе добра адчуваць сябе, бо сёння яна занадта лёгкая. Вазьму з сабой яшчэ экзэмпляры «Гісторыі …”, якія ў мяне засталіся, можа прадам»69.
23 ліпеня 1844 г.: «Ідзе дождж дык дождж! Калі гэта не пачатак патопу, дык пачатак голаду і мору. Але так не паўсюдна: кажуць, што на поўдзень ад нас, за Нёманам, надвор'е добрае і ўраджай нядрэнны»70.
4 сакавіка 1845 г.: «Запусты прайшлі так добра, як толькі магчыма ў нашым стане»71.
29 верасня 1845 г.: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута72, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я парадзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня»73.
Калі-нікалі Нарбута ахопліваў сапраўдны адчай, 20 студзеня 1846 г. ён піша: «О, Божа! Як тут глуха на вёсцы! Каб не кніжкі і адвечныя справы Боскія і людскія, загінуў бы ад нудоты ў гэтыя вартыя жалю часы»74.
Думаю, што Тэадор Нарбут, як і большасць творчых асоб, адчуваў, для чаго ён жыве, разумеў, што павінен зрабіць, ведаў, што ніхто акрамя яго гэтага не зробіць і ён павінен займацца тым, для чаго прыйшоў на гэты свет, павінен выканаць свае жыццёвае прызначэнне. Падобнае разуменне ўласціва творчым асобам, яно дапамагае ім жыць і ратуе іх ад жыццёвых нягодаў.
Зразумела, што Тэадор Нарбут працаваў не ўвесь час, з перапіскі можна даведацца і пра яго адпачынак. У архіве яго дачкі ёсць верш Нарбута пра казіно ў Лідзе (пераклад верша гл. у дадатках), напісаны ў 1823 г., дзе ён без сумнення бываў на кантрактах ці з іншай нагоды75. Рускі афіцэр Андрэй Розен у свой час апісаў адпачынак у гэтай лідскай установе ў 1821 г.: «У Лідзе ў святочныя і нядзельныя дні арганізоўваліся забавы […]. Для павелічэння танцавальнай залы разабралі сцяну і злучылі два сумежныя пакоі. У выніку, у сярэдзіне залы ўтварылася невялікая ўпадзіна, і мы, танцуючы вальс, уздымаліся ўверх і ўніз, але гэта не перашкаджала танцам і весялосці пад музыку яўрэйскага аркестра і пры святле сальных свечак. Як заўжды танцы скончыліся на світанку…»76.
Верагодна, у той час ужо немалады і глухі гісторык не надта цікавіўся танцамі, але Тэадора Манчунская падае ў сваім рукапісу яго вершаваны тэкст на матыў паланэза77 (пераклад верша гл. у дадатках), які Нарбут танчыў сам і любіў больш за ўсе іншыя танцы: «Любімай музыкай майго цалкам пазбаўленага слыху таты быў паланэз. З-за слыху ён цалкам перастаў чуць музыку, хоць раней сам граў на скрыпцы. У яго памяці засталіся толькі такты паланэза, і ён часта яго спяваў, пры гэтым пытаўся ў нас, ці не фальшывіць? Паказваў нам, як раней танчылі, як раней здымалі шапку перад дамай, прыкленчваючы пры гэтым і абапіраючыся на карабелю78, і ні адны імяніны ў нас ці збор гасцей не абыходзіліся без таго, каб наш бацька не загадваў граць паланэз. Ён не чуў музыку, але вёў даму ў першай пары праз усе пакоі і ў апошнім паварочваў»79.
Тэадор Нарбут усё жыццё пісаў вершы, частку з якіх пакінула ў сваім архіве яго дачка Тэадора Манчунская, але пісаў «для сябе» і не лічыўся добрым паэтам, яго дачка ўспамінала: «Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча]…»80, – верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.
Для гісторыка, як і для іншых асоб, перапынкамі ў бытавой нудзе былі розныя здарэнні, пра якія ён таксама пісаў свайму сябру. 30 жніўня 1842 г. Нарбут паведаміў доктару пра дзіўную падзею, якая раней адбылася ў Лідскім павеце: «Жыхар Лідскага павета Якімовіч узяў у арэнду па-францішканскі кляштар і жыве там ў келлі гвардыяна. Ён хацеў перарабіць спальню і за старой абіўкай знайшоў лацінамоўны рукапіс, напісаны вельмі старым почыркам, у якім меўся рэцэпт нейкага таямнічага спірту. Можа гэта быў рэцэпт алхіміка Твардоўскага ці Парацэльса? Захацеў паспрабаваць. Самым цяжкім было знайсці дзяўчыну. Знайшоў, наладаваў апарат, на які ў пэўнай позе села дзяўчына з нейкімі зёлкамі ў руках і з вянцом з зёлак і пёраў птушкі савы на галаве. Справа адбывалася ў поўнач. Тым часам апарат нагрэўся, колбы і рэторты ўзарваліся і разарвалі дзяўчыну на кавалкі. Сам Якімовіч атрымаў апёкі, ад якіх памёр, кляштар ледзь уратавалі. Гэта адбылося ў Лідскім павеце, у ліпені, у кляштары Шайбакполе»81. Інфармацыю пра падзеі ў Шайбакполі гісторык прасіў перадаць аптэкару Савіцкаму.
Пра гэты выпадак, Нарбут напісаў у сваёй кнізе82. Са спасылкай на Нарбута, паведамляў пра яго і Міхал Шымялевіч: «Ён (Якімовіч) пасля закрыцця кляштара францысканцаў у Шайбакполі Лідскага павета атрымаў у валоданне ад скарбу фальварак з сялянамі і гаспадарскія пабудовы былога кляштара, дзе і жыў. Падобна, што рамантуючы будынкі, ён знайшоў на кляштарным паддашшы, заваленыя рознай непатрэбнай мэбляй старыя паперы і стосы друкаваных кніг. Кнігі і паперы былі ўжо збуцвелыя і паедзеныя мышамі. Таксама быў там збор рэцэптаў і сакрэтаў алхімічных, але гаспадар мне іх не паказваў. Згодна з нейкім рэцэптам, (Якімовіч) хацеў зрабіць нейкі бальзам. Для гэтага, як патрабаваў рэцэпт, ён знайшоў цнатлівую дзяўчыну ва ўзросце 18 гадоў. Уважліва вывучыўшы паперы, алхімік развёў агонь у пустых склепах пад былым касцёлам, пры гэтым агні прыставіў флягу ці шкляную колбу, а сам разам з дзяўчынай раздзеліся дагала і пільнавалі начынне колбы, якое складалася з гаручых матэрыялаў. Хутка колба лопнула, адбыўся моцны выбух агню, ад чаго сам алхімік і дзяўчына атрымалі апёкі, ад якіх хутка памерлі. Гэта было ў 1837 г. Якімовіч у гэты час меў 35 ці 37 гадоў узросту»83.
З ліста ад 30 жніўня 1842 г. даведваемся пра падзеі, якія ў той час абмяркоўвала ўся Літва: «У нас расказваюць пра празарліўцу пані Грасыльду, некаторыя ездзілі і казалі пра цуды. Што пра яе ў вас кажуць?»84.
Да гэтай тэмы Нарбут зноў вяртаецца праз паўтара года, вось фрагмент з ліста ад 7 снежня 1843 г.: «У вясковым грамадстве ідуць размовы пра празарліўцу Грасыльду Наркевіч, якую заможны Эйсмант прывёз у свой маёнтак пад Гародню і заняўся яе справамі. І з таго часу адбываецца цуд за цудам. Але падумай і скажы сваім разумным калегам-лекарам, што і раней былі празарліўцы, хоць нікому і не сніўся жывы магнетызм (гіпноз – Л. Л.). Паглядзіце толькі запісаны і надрукаваны ў Нясецкага („Гербаж Польскі“ Т. IX. С. 162—170.) вынятак з жыцця Зоф'і Тамінскай з Тыліцкіх (памерла ў Торуні 8 лістапада 1633 г.). Калі выключыць перабольшванні, наведванні д'ябла, вядзьмарства і дзіўнае бачанне сітуацыі яе біёграфам езуітам Бжэхвам, дык усяроўна яна будзе сапраўднай празарліўцай, якая з'явілася нам і сёння. Рэч вартая ўвагі. І добра было б знайсці кніжачку Бжэхвы, тытул кніжкі ёсць у Нясецкага, і яна мусіць быць недзе ў бібліятэцы якога з віленскіх кляштараў. Вось, каб хто пашукаў! Бо Нясецкі перадаў толькі змест, а можа і сам нешта прыдумаў»85, – як бачым Нарбут дастаткова сур'ёзна ставіўся да «празарліўцы» і пры яго эрудыцыі, ведаў падобных, знаных у гісторыі, асоб.
Аднак артыкул у «Гарадзенскай губернскай газеце» ад 16 сакавіка 1844 г. у раздзеле ўрадавых абвестак, паставіў кропку на лёсе гэтай «празарліўцы»: «З некаторага часу сярод жыхароў Віленскай і Гарадзенскай губерняў, дзякуючы незвычайнай эфектыўнасці лячэння хвароб, якое на кожны маладзік рабілася падчас магнетычнага сну, стала вядома імя празарлівай шляхцянкі з Ашмянскага павета Віленскай губерні Грасыльды Наркевіч. Яна некаторы час жыла ў Гарадзенскай губерні ў мястэчку Воўпа. Найвышэйшым загадам з Пецярбурга быў прысланы адукаваны медык і пасля яго самых старанных назіранняў і доследаў, а таксама сумесных назіранняў разам з мясцовымі лекарамі на працягу двух маладзікоў, было выяўлена, што шляхцянка Наркевічова, якая перыядычна пакутавала нярвовай хваробай, не валодае ніякімі ўласцівасцямі празарліўцы і што прычынай распаўсюджвання чутак пра яе цуды была з аднаго боку народная схільнасць верыць ва ўсё звышнатуральнае, а з другога зацікаўленасць мужа гэтай жанчыны, які зарабляў грошы на наведвальніках. У выніку некалькіх незвычайных, але лёгкавытлумачальных выпадкаў з ёй і пайшлі пагалоскі пра цуды. Таму мясцовая ўлада, каб не дапусціць распаўсюду неабгрунтаваных чутак, выдала пастанову, якая забараніла збор цікаўных у Наркевічовай падчас яе нервовых прыступаў»86.
І тым не менш пры канцы 1846 г. гісторык зноў пытаецца ў доктара Рэніера: «У нас кажуць, што ў кашарах, былым касцёле св. Ігнацыя, адбыліся нейкія цуды, якія вядомы ўсёй Вільні. Ці чуў пра іх? Пабожныя спевы, езуіцкая ютрань і г. д.»87.
Дзеці Нарбутаў у юнацтве. Уладзіслаў Абакановіч
Падобна, дзеці Тэадора не праяўлялі асаблівай цікавасці да гісторыі. Напрыклад, старэйшы сын Людвік Нарбут (1832—1863) маляваў карты і перапісваў старыя дакументы толькі па загадзе бацькі, а цікаўнасць да старых кніг у малодшага сына Станіслава Нарбута (1853—1926) з’явілася толькі тады, калі яго бацька даўно ўжо памёр88.
З ліста ад 3 жніўня 1845 г. даведваемся, што Тэадор Нарбут з 24 па 29 ліпеня быў у Вільні, «памясцілі Людвіся і Алеся ў п. Рачковіча, настаўніка ланкасцерскай школы. Для дзяўчат прымаем гувернантку, ужо дамовіліся ў Вільні з паннай Хоўвальд»89.
Людвісь – знакаміты сын Тэадора Людвік Нарбут. Алесь – сын Алозій-Аляксандр, (1835 г. н.) потым афіцэр арміі, удзельнік абароны Севастопаля, захаваліся яго лісты з хадайніцтвам за бацьку і маці і адказ Мураўёва-вешальніка. У 1864 г. ён выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-капітана. Далейшы яго лёс невядомы.
З жонкай Крысцінай з Садоўскіх (1813—1899) Тэадор Нарбут меў ажно адзінаццаць дзяцей, трое з якіх памерлі ў раннім дзяцінстве. Цікавая і нават сенсацыйная для тых часоў дэталь – адносіны Нарбута з Крысцінай былі афіцыйна ўзаконены толькі ў 1840 г. праз шлюб у Нацкім касцёле. У гэты час у сям'і падрастала ўжо пяцёра дзяцей (першынец Людвік нарадзіўся ў 1832 г. і да шлюбу бацькоў рос як Садоўскі)90. Тэадора Манчунская запісала аповед свайго бацькі, бачна, што гісторык меў добрае пачуццё гумару: «Нехта з гараджан ішоў каля руін Лідскага замка і пачуў адтуль галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў. Спалоханы гараджанін упаў пад мур – аказалася, што на гэты раз чутна была не размова д'яблаў, але з замка даносіўся скрыгат зубоўны, плач і лямант – новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал, тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: „Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся“, – вось чаму д'яблы скавыталі хорам. Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся толькі, калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач»91.
Заўважу, што Тэадор Нарбут хоць і любіў пагаварыць пра духаў, але быў вернікам і больш за ўсе іншыя святы, «шанаваў і вельмі любіў дзень св. Казіміра, у гэты дзень, ён адзначаў і свята роду Ягайлавічаў. Звычайна ў гэта свята над палямі ўжо бачылі жаўрука. Бацька купляў для нас абразкі гэтага святога бо ў яго сэрцы жыла любоў да св. Казіміра. Кожны год у гэты дзень я мусіла чытаць яму ў голас жыццяпіс і казанні, напісаныя кс. Скаргам. Потым я была моцна ўражана, што гэтага святога не вельмі добра ведаюць ва ўсім каталіцкім свеце»92. Што не дзіва, бо св. Казімір – патрон гістарычнай Літвы, ён вельмі шануецца ў нас і мала вядомы ў астатнім свеце.
Пэўна, Тэадор і Крысціна Нарбуты ўзялі шлюб да кастрычніка 1840 г., бо з ліста ад 27 кастрычніка 1840 г., даведваемся пра ахмістрыню Шаўроў, якую завуць Юстынай (зразумела, што гаспадыняй дома раней была Крысціна): «Я нідзе не быў. Пасля гэтых дажджоў заняты фабрыкамі. Вечарам з серады на чацвер у мяне быў прыпадак. З боку сада, злодзей выбіў шыбу і ўлез у пакой. Ён скраў са стала падсвечнікі, бо думаў, што яны срэбныя, насамрэч яны толькі маюць пакрыццё. Юстына пачула шум, падумала, што кот разбіў шкло, загадала падаць агонь, і кот на двух нагах, але без хваста ўцёк праз тую ж дзюрку, у якую ўлез. Не магу зразумець, адкуль узяўся такі смяльчак. Бо такога ў нашых краях ніколі раней не было»93.
Для смелай ахмістрыні і для гувернёра сваіх дзяцей, Нарбут купляў не танныя ў той час кнігі, гэтак 20 снежня 1842 г. ён прасіў доктара купіць для яе малітоўнік «Залаты алтарык» у прыгожай вокладцы94, а 7 снежня 1843 г. даслаў цэлы спіс (рэестрык) кніг, якія жадаў мець «наш гувернёр»95, які займаўся выхаваннем дзяцей гісторыка.
Вядома што гувернёрам у сям'і Нарбутаў быў паэт і этнограф Уладзіслаў Абакановіч. Са сваіх маладых гадоў ён быў сябрам Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), любіў дзяцей і таму з ахвотай браўся за іх навучанне. Быў настаўнікам у сям'і Тэадора Нарбута ў Шаўрах, потым пераехаў у блізкую да Шаўроў Начу і навучаў там маладога Вандаліна Шукевіча. Абакановіч сабраў вялікую колькасць этнаграфічных матэрыялаў, нейкую частку з якіх потым надрукаваў Шукевіч.
Вось што пісаў Вандалін Шукевіч пра гэтую важную для гісторыі Лідчыны постаць: «Не трэба даказваць, наколькі важна для даследчыка развіцця культуры вывучэнне такіх праяў духу, як народныя вераванні, павер'і і забабоны. […] Гэты матэрыял, у значнай ступені, належыць сёння ўжо нябожчыку Уладзіславу Абакановічу, некалі сябру Сыракомлі і таксама паэту, чые ўдалыя вершыкі, падпісаныя псеўданімам «Вл. з Заціша» былі вядомыя 30 гадоў таму чытачам розных часопісаў («Opiekuna Domowego», «Przyjaciela Dzieci», «Tygodnika Mód» і інш.). Ён паходзіў са шляхты Троцкага павета, усей моцай сваёй душы любіў наш народ, у свой час быў разбуджаны Тышкевічымі, Кіркорам, Нарбутам (пад уплывам якога ён некаторы час знаходзіўся) і іншымі. Ён цікавіўся краёвымі справамі, што падказала яму неабходнасць збору вуснай народнай творчасці, якую ён і сам памятаў з дзяцінства і якую чуў падчас сваіх блуканняў па свеце.
Тут варта адзначыць, што не толькі сялянскія вёскі і засценкі дробнай шляхты забяспечвалі с. п. Абакановіча матэрыялам для яго збору – у сярэдзіне XIX ст. нават дворыкі і двары вышэйшай часткі землеўладальнікаў былі так жа прасякнутыя атмасферай забабонаў і павер'яў, як і ў часы палення ведзьмаў. І нават сёння не адна дачка шляхціца прасякнута як верай у св. Андрэя, гэтак і верай у забабоны, і на вяселлі ў сяброўкі яна цягне вугал дывана, як і звычайная сялянка Кася, а шляхціц верыць у «злое вока», як і яго сусед, селянін Юрка.
Дзякуючы менавіта гэтаму, с. п. Абакановіч сабраў вялікую колькасць народных забабонаў выключна ў Віленскай губерні, і, калі б яго зборы захаваліся ў цэласнасці, яны былі б вялікім укладам у вывучэнне фалькларыстыкі. На жаль, у апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цаніць тое, што калісьці было надзвычай дарагім для яго, і палічыўшы свой збор некаштоўным, шмат што з яго спаліў. Засталіся толькі рэшткі, якія трапілі ў мае рукі пасля смерці гаспадара.
Гэтыя рэшткі, якія складаюцца з павер'яў, забабонаў, вядзьмарстваў, варажбы і г. д., некалі здабытых с. п. Абакановічам сярод розных класаў нашага краю … [былі надрукаваны].»96.
Дадам, што гувернёр дзяцей Нарбута і настаўнік Вандаліна Шукевіча Уладзіслаў Абакановіч, навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, пісаў для іх вершыкі, якія вучылі дзяцей патрыятызму і дапамагалі разумець самыя цяжкія праблемы гісторыі, вучыў дзяцей любіць і разумець сапраўдную літаратуру.
Абакановіч застаўся ў Начы як сябар і амаль што член сям'і Шукевіча. Займаўся тут агародніцтвам, тут жа памёр і быў пахаваны97. Таму, неабходна заўважыць, што ўсе этнаграфічныя матэрыялы Абакановіча належаць Лідскаму павету (які ў той час знаходзіўся ў Віленскай губерні) і нашаму беларускаму народу.
Трэба адзначыць, што дачка Вандаліна Шукевіча, збіральніца беларускага фальклёру Ванда-Аліна (28.11.1885—1911) выйшла замуж за ўнука гісторыка Тэадора Нарбута – таксама Тэадора Нарбута98 (1881 г. н., сын Баляслава).
Вось такія асобы гуртаваліся вакол нашага Тэадора Нарбута.
Хачу заўважыць, што замілаванне нашай гісторыяй, ад Тэадора і Юстына Нарбутаў, сімвалічна, перайшло да яго суседа Вандаліна Шукевіча, той перадаў гэтую святую паходню пакаленню, якое групавалася вакол выдання «Лідская Зямля» (самым выбітным сярод іх быў Міхал Шымялевіч99 – лідскі радны ад Таварыства беларускай школы) і ад іх, праз выбітных краязнаўцаў, рэдактара «Лідскай газеты» Аляксандра Жалкоўскага і майго школьнага настаўніка Анатоля Куляша, перайшла да нас. Гэтак, на працягу больш за 200 гадоў, трымаецца непарыўная сувязь трох пакаленняў даследчыкаў гісторыі Лідчыны і будзе трымацца далей.
Ва ўспамінах дачкі Нарбута ёсць некалькі цікавых эпізодаў з жыцця сям'і ў Шаўрах: «Бацька не любіў палявання, не дазваляў лавіць рыбу ў ставе і рацэ, якія яму належалі, таксама не было вольным выцінаць дрэвы ў гаях, а тым больш у садзе.
Ёсць адна важкая дэталь дзяцінства, якая добра захавалася ў маёй памяці. Людвік, як звычайна, з дзяцінства будаваў умацаванні і гуляў у вайну. Маладыя браты, мая сястра і я былі жаўнерамі, а пляц для ўмацаванняў знаходзіўся ў садзе. Мы пашыхтаваліся і хутка павінна была пачацца бітва. Я не выказвала вялікай адвагі, але як больш старэйшая па ўзросце была пастаўлена на муры з саломы – сам Людвік паставіў мяне за валы фартэцы.
Вал быў вышэй за мяне на галаву, і трэба было стаяць на падстаўцы. Каб яе зрабіць, Людвік ссек сякеркай галінку бярозы. У гэты момант бацька ішоў праз алею і ўбачыў гэта. У гневе ён закрычаў на Людвіка: «Ты не мой сын», – і пакрыўджаны пайшоў да сябе. Людвік плакаў за дрэвам, а яго жаўнеры стаялі ў роспачы. Усе не смелі прасіць у бацькі прабачэння, і толькі я, заахвочаная маці, без страху пайшла ў яго пакой. Я ўбачыла яго лагодны твар, добрую ўсмешку і папрасіла прабачыць віну Людвіка.
«Прывядзі яго сюды», – сказаў бацька мне. Я стала паслом добрай навіны, але Людвік доўга не мог паверыць у такое шчасце і потым заўсёды памятаў гэтае здарэнне.
Яшчэ адна камічная прыгода адбылася, калі я ўжо была паненкай. Франусь з чарэшні кідаў мне ягады, ён заўважыў бацьку, які ішоў у сад і сканфузіўся, бо на галінцы дрэва быў у ботах (гэта нішчыла дрэва), брат пахіснуўся і галінка зламалася. Тады ён крадучыся злез на зямлю і ўцёк. А я паспяшала спаткаць бацьку і накіраваць яго шлях у іншую частку саду. Бацька схамянуўся бы ад зламанай Франусем галінкі, і ён – ужо вялікі хлопец – меў бы цяжкія хвіліны.
Бо сыноў бацька трымаў грозна і сурова. Пасля вяртання з Каўказа, Людвік не мог выехаць з дому без згоды бацькі, а мусіў працаваць, маляваць карты і абавязкова перапісваць [тэксты]. Ніхто з братоў не смеў усміхацца пры бацьку, а ні тым болей паліць тытунь ці ўзяць каня. Дочкі, і асабліва я, мелі іншыя прывілеі. Мы маглі вольна сядзець пры ім, ён браў нас на рукі і цалаваў, мы часам асмельваліся гладзіць яго бараду ці цалаваць у твар. Прывучаў нас да працы, яму спадабалася, калі мы рабілі малыя ватныя падушачкі для іголак і інш., такія малыя падарункі ахвотна прымаў ад нас і збіраў іх калекцыю. Яго заўсёдны добры гумар і сістэмнае стаўленне рабіла нас пэўнымі ў тым, што бацька нас любіць і зычыць нас дабра, але ён не цярпеў нашы капрызы і фантазіі»100.
Віленскі мемуарыст Станіслаў Мароўскі пісаў пра старадаўнія літоўскія шляхецкія правілы, якія дзейнічалі яшчэ і ў сярэдзіне XIX ст.: «Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся»
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Примечания
1
Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч (1733, Лагішын, Пінскі павет – 1796, Янаў-Падляшскі) – філолаг, гісторык, перакладчык, паэт і празаік.
2
Ян Альбертрандзі (1731—1808) – гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў Варшаве. Працаваў у езуіцкіх калегіумах у Пултуску, Плоцку, Нясвіжы, Вільні. Меў шэраг царкоўных пасад, з 1796 г. – біскуп зенапалітанскі. Збіраў крыніцы па гісторыі Рэчы Паспалітай у архівах і бібліятэках Рыма, а таксама Швецыі, куды яны былі вывезены, галоўным чынам, пад час шведскіх войнаў. Пакінуў вялікую навуковую спадчыну ў сферы гісторыі і нумізматыкі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Таварыства аматараў навук.
3
Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…] // Gazeta Warszawska. 1854. №. 42. S. 4.
4
Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут – папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4 (68). C. 12—13; Лаўрэш Леанiд. Людвiк Нарбут // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 74—105; Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут у падзеях 1812 года // Наша Слова. №14 (1425), 3 красавіка 2019; Лаўрэш Леанід. Новае пра Тэадора Нарбута і яго сям’ю // Лідскі Летапісец. 2021. №3—4 (95—96). С. 52—59; Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: жыццяпіс без прэтэнзіі на паўнату. Да 240-годдзя з дня смерці гісторыка // Лідскі Летапісец. 2024. №1—2 (105—16). С. 31—74.
5
[MONCZUŃSKA Z NARBUTTÓW, Teodora]. Zapiski córki ś. p. Teodora Narbutta z papierów, [apie 1880 m.] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA), f. 1135, ap. 11, b. 19, lap. 1r—137v. Далей – ДГАЛ (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19.
6
[JUREWICZOWA Z NARBUTTÓW, Kamilla]. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875 m. ap. 11, b. 4, lap. 103r—105v. Далей – ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4.
7
Гл: Лідскі летапісец. 2024. №3 (107); Лідскі летапісец. 2024. №4 (108).
8
Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. Warszwa, 1965. S. 99—100, 129.
9
Polski Słownik Biograficzny. Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 537.; Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. Варшава – Ліда, 2011. C. 46.
10
Маецца на ўвазе касцёл кармелітаў.
11
Даніэль Казімір Нарбут (?1738—1807) з 1783 па 1801 г. быў лідскім дэканам і пробашчам, у 1801 г. гэтую пасаду заняў кс. Вінцэнты Нарбут. Бацька Даніэля Казіміра Нарбута – Казімір Нарбут быў прадзедам Тэдора Нарбута, а дзед Ігнацый – родным братам Даніэля Казіміра Нарбута, такім чынам Тэадор – яго ўнучаты пляменнік.
12
ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 22 – 23.
13
Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].
14
Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. C. 46—47.
15
Верагодна, гэта быў грэка-каталіцкі святар.
16
У цяжкія моманты 1814 г. Напалеона здрадзілі нават самыя блізкія да яго маршалы.
17
ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 17 адв. – 19 адв.
18
ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 113.
19
Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. С. 48.
20
Polski Słownik Biograficzny. Т. XXII. S. 537.
21
Гл: Kowalewska Zofia. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Пераклад кнігі ў свой час быў надрукаваны ў газеце «Наша Слова» №18 (1533), 5 траўня 2021; №19 (1534), 12 траўня 2021; №20 (1535), 19 траўня 2021; №21 (1536), 26 траўня 2021; №22 (1537), 2 чэрвеня 2021; №23 (1538), 9 чэрвеня 2021; №24 (1539), 16 чэрвеня 2021; №25 (1540), 23 чэрвеня 2021; №26 (1541), 30 чэрвеня 2021; №27 (1542), 8 ліпеня 2021; №28 (1543), 15 ліпеня 2021; №29 (1544), 22 ліпеня 2021; №30 (1545), 29 ліпеня 2021; №31 (1546), 5 жніўня 2021; №32 (1547), 12 жніўня 2021; №33 (1548), 19 жніўня 2021; №34 (1549), 26 жніўня 2021; №35 (1550), 2 верасня 2021.).