bannerbanner
Двое на вуліцы
Двое на вуліцы

Полная версия

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 5

Злуючыся, плюючыся і дакараючы сябе за тое, што вось і на гэты раз улез не ў сваю справу – гэткі ім таварыш знайшоўся! – Алег, не спускаючыся ў тунэль, цераз пуці – балазе цягнікоў не было – паволі пайшоў у вакзал…

Займалася ўжо другая гадзіна ночы. Народу на вакзале крыху паменела, але ўсё роўна было яшчэ многа – дастаткова, каб не адчуваць сябе адзінокім. Ён зноў паштурхаўся ля кас, зноў доўга, задраўшы галаву, вывучаў расклад руху цягнікоў.

У зале чакання Жавейка заўважыў вольнае месца, пайшоў туды і, асцярожна пасунуўшы ногі мужчыны, які салодка хроп на лаўцы, сеў каля яго сам.

Пасажыры, чые цягнікі ішлі пазней, пад раніцу, прыладзіліся, хто як змог, і ўжо моцна – хто сапучы, хто храпучы, хто падсвістваючы – спалі. Абводзячы вачыма сонную залу, Алег успомніў, што заўсёды, калі яму здаралася бачыць вакзал ноччу, ён шчыра шкадаваў, што не ўмее маляваць. Паставы тых, хто спаў, былі такія выразныя, што яму здавалася, нічога не трэба ні дадаваць ад сябе, ні выдумляць – малюй так, як ёсць, і ты падорыш свету шэдэўр «Начны вакзал».

Вунь сядзіць мужчына – галава адкінулася далёка назад, востры коўцік аж выпірае, нацягвае скуру на шыі, адна рука, як чужая, вісіць за лаўкаю, другая ласкава абдымае брудныя чаравікі суседа, канечне ж, зусім незнаёмага чалавека, які ўспёр свае ногі яму на калені, – соладка спіць, седзячы, і яшчэ, д’ябал, шчасліва ўсміхаецца ў сне, нібыта нічога прыемней за сон вось у гэткім нязручным становішчы няма. А вунь сядзяць дужа розныя – большыя і меншыя, тонкія і тоўстыя – хутчэй за ўсё таксама незнаёмыя між сабою людзі, пачакай, колькі ж іх – раз, два, тры… – аж сямёра на адной лаўцы, сядзяць і ў той жа час нібы ляжаць, нахіліўшыся ў адзін бок – быццам тарганула машына, у якой яны ехалі, – і ім усім, відаць, зручна, апрача, можа, першага – самага шчуплага і кволага сярод іх, якога яны прыціснулі да рубежаватага падлакотніка лаўкі. А гэта, бачыш, маладая маці – яна сцішылася на голай лаўцы, на мулкай гнутай фанеры, а на ёй хораша, як гэта могуць толькі дзеці, спіць белавалосая дачушка, абняўшы матулю за шыю; маці ж не спіць, ёй нязручна так ляжаць, у яе, пэўна, здранцвелі плечы, зацяклі рукі, але яна баіцца нават паварушыцца, каб не разбудзіць малую.

Вось так разглядаючы сонных пасажыраў, пераводзячы стомлены позірк з адной лаўкі на другую, з аднаго чалавека на другога, Алег не заўважыў, як заснуў і сам. Прачнуўся ён ад нейкага дужа прарэзлівага звону, які аж не месціўся ў вушах. Падняў галаву і тады толькі ўбачыў, што ў сне паклаў быў яе на плячо незнаёмаму чалавеку, суседу па лаўцы, і той, хоць сам і не спаў, але сядзеў ціха і не варушыўся. Жавейка крыху засаромеўся і вінавата зірнуў на мужчыну:

– Даруйце, – з-за звону Алег і сам ледзь пачуў свае словы, але сусед, відаць, зразумеў яго.

– Нічога, нічога, – адказаў ён і даверліва ўсміхнуўся.

Алег таксама ўсміхнуўся яму, а сам падумаў: дзе б гэта яшчэ, апрача вакзала, было магчыма такое – ты на яго плячо кладзеш галаву, на калені – брудныя чаравікі, і ён не лаецца: «Во, разлёгся тут!», а ветліва ўсміхаецца табе.

– Што тут здарылася? – каб не маўчаць, спытаўся Жавейка, хоць ужо і сам зразумеў, што гэта звініць сігнал аўтаматычнай камеры захавання.

– Ды вунь дзяўчына паставіла чамадан у камеру, зачыніла, а шыфр, відаць, забылася.

Ля камеры і праўда стаяла дзяўчына, а ля яе – жанчына ў чыгуначнай форме і міліцыянер. Яны дасталі чамадан, аддалі яго дзяўчыне і пайшлі ўсе ў адміністрацыйны пакойчык – пэўна, каб аформіць паперы, – а ў зале зноў стала сонна і ціха.

У гэтай цішыні гучным здаўся нават нечы ціхі голас, які даверліва расказваў пра Сярэднюю Азію, пра басмачоў: «О, мы іх тады ганялі». Алег азірнуўся і на суседняй лаўцы ўбачыў старэнькіх дзядка і бабульку, якія, ласкава прыхінуўшыся адно да аднаго, сядзелі побач: стары гаварыў, старая слухала. Яго чамусьці ўразіла аблічча бабулькі, але ён не адразу здагадаўся чым; потым ужо зразумеў, што тая была дужа падобная на Тоню – відаць, пад старасць яна стане якраз такою: той жа нос, тыя ж вочы, той жа прадаўгаваты, але ўжо маршчыністы твар.

Алег слухаў, як лагодна расказвае пра свае прыгоды дзядок, як уважліва ловіць кожнае яго слова бабулька, якая, пэўна ж, чула ўжо ўсё гэта шмат разоў, як ім, старым, хораша разам, і яму неяк стала балюча і шкода, што ў яго ніколі, відаць, не будзе вось такой ціхай старэчай радасці…

Другі раз ён прачнуўся ад таго, што яго нехта тармасіў за нагу. Спрасоння ён яшчэ спрабаваў адбрыквацца, але, калі расплюшчыў вочы, спалохаўся – перад ім стаяў міліцыянер.

– Уставайце, уставайце, грамадзянін, ляжаць тут не паложана, – міліцыянер усё яшчэ трос яго за калашыну.

Алег ссунуў з лаўкі ногі, сеў. Калі і як ён улёгся тут, Жавейка і сам не помніў. Відаць, сусед, на чыё плячо Алег клаў галаву, дачакаўся свайго цягніка, пайшоў на пасадку, а ён тады сам сабою абсунуўся на гнутую фанеру і разлёгся на ёй, амаль як дома.

Міліцыянер усё яшчэ не адыходзіўся ад яго.

– Дарэчы, а які цягнік вы, грамадзянін, чакаеце?

Алег не чакаў, зразумела, ніякага цягніка і нікуды не збіраўся ехаць, таму разгубіўся, захваляваўся, паспешліва пачаў думаць, які ж цягнік мог бы яму зараз падысці. Міліцыянер, відаць, заўважыў гэта – ён стаяў і настойліва, цярпліва чакаў адказу.

– Васямнаццаты, вюнсдорфскі, – успомніў нарэшце Алег.

– Што? – яшчэ больш насцярожыўся міліцыянер. – Васямнаццаты? Ён жа даўно прайшоў.

– Што вы кажаце? – паспрабаваў здзівіцца Алег і адчуў, што гаворыць словамі – нават інтанацыя тая ж! – дзяўчыны, якая цалавалася ля вагона.

– Не «што вы кажаце», а прайшоў. І калі вам, грамадзянін, ехаць на Маскву, дык не абавязкова цэлыя суткі чакаць вюнсдорфскага. У той жа бок ідзе многа цягнікоў. Сядайце і едзьце любым.

– Добра, добра, паеду, – абы заспакоіць міліцыянера, хутка згадзіўся з ім Алег.

І той нехаця, падазрона аглядаючыся, адышоўся ад яго, стаў зводдаль, зрабіў выгляд, што заняты іншым, але Жавейка разумеў, што ён усё ж цікуе за ім.

Міліцыянер, відаць, адчуў, што чалавек нікуды не едзе, і яму зараз не цярпелася апазнаць у ім якога злодзея ці бадзягу. Алегу ж не хацелася, каб зараз у яго распытвалі пра дакументы, пра тое, чаго начуе тут, на вакзале, а не дома, і таму ён, крыху пасядзеўшы яшчэ для прыліку, устаў і выйшаў на прывакзальную плошчу.

Дождж сціх. Але на дварэ не стала ад гэтага цяплей – стылая золь адразу ж бралася за рукі, за твар, студзіла нават душу.

Была ўжо глыбокая ноч. Горад спаў моцным сном – ні ў адным акне не гарэла святло. Быў самы той час агульнага, здаровага сну, калі і «совы» – тыя, хто позна кладзецца, – палеглі ўжо, і «жаўранкі» – тыя, хто рана ўстае, – яшчэ не папрачыналіся.

Горад са сляпымі, нежывымі вокнамі – а як яны вяселяцца, калі ў іх успыхне святло! – здаваўся нейкім дзіўным, прывідным і нерэальным – ён быў нібы намаляваны. Яшчэ больш дзіўным і нерэальным здаўся яму свой дом, калі Жавейка на таксі пад’ехаў да яго з зусім нечаканага боку – ад дзіцячага сада. Вялізны дом, у якім не свяцілася ніводнае акно, выглядаў нежывым і халодным – нібыта ўсе яго жыхары ці то вымерлі, ці то выракліся сваіх кватэр і пакінулі гэты шэры, мокры гмах, які стаяў зараз да вусцішнасці ціхі і непрыветлівы. Нават не верылася, што вось прачнуцца ў ім людзі, – і ён ажыве: нехта старанна, да поту будзе выбіваць пярэсты дыван, нехта будзе крычаць з балкона: «Стасік, Стасік, куды ты пайшоў?», а на доўгай, ледзь не на ўвесь дом, верандзе, якая зараз пустуе, зноў збяруцца гаваркія жанчыны, якім вельмі ж ужо трэба ведаць, хто куды ідзе і хто каго з сабою вядзе.

Вакзал крыху развеяў яго цяжкія думкі, прытупіў боль. Таму ён, каб зноў не вярэдзіць душу, як толькі ўвайшоў у кватэру, адразу ж пачаў распранацца. Пасля мулкай вакзальнай лаўкі прыемна было класціся на свежыя, чыстыя просціны, якія ўсё яшчэ, здаецца, пахлі Тонінымі рукамі, а галава сама хілілася да мяккіх падушак, з якіх яшчэ не выветрыўся пах яе валасоў.

Ён заснуў хутка, як толькі лёг. Але ўсё роўна сон быў трывожны, цяжкі. Пад самую раніцу яго разбудзіў глухі стук, і Алег адразу ж здагадаўся, што гэта хляпнулі дзверы наверсе, у лейтэнантавай кватэры. Нават не прыслухоўваючыся, ён ведаў: выйшла Тоня, яна спяшаецца на працу. I праўда, хутка па прыступках глухавата затукалі яе чаравічкі – тук-тук-тук, тук-тук-тук…

На іхняй пляцоўцы тупат нібы заціх, і Алегу нават чамусьці падумалася, што Тоня вось зараз зойдзе дадому, кінецца яму на шыю, ён збегае наверх, забярэ Вовачку і ўсё ў іх пойдзе, як і раней. Яму нават здалося, што яна падышла да дзвярэй, стаіўшы дыханне, стаіць там і ніяк не адважыцца пазваніць. Алег, пільна прыслухоўваючыся, напружыўся ўвесь – ну, калі, калі ж яна пазвоніць? – і нават адхінуў ужо коўдру, каб бегчы хутчэй адчыняць: яму памроілася, што ён чуе нават шорхат яе пальцаў, якія, спяшаючыся, шукаюць кнопку званка.

Але Тоня, відаць, і не прыпынялася, відаць, яму ўсё гэта толькі здалося, бо яе абцасы тут жа, праз нейкую секунду – Алегу нават не верылася, што прайшла ўсяго секунда – зноў гулка затукалі па прыступках: тук-тук-тук, тук-тук-тук. Цяпер ужо гэты тупат быў часцейшы і больш таропкі – Тоня спяшалася, нібыта яе хто даганяў.

Алег міжволі лічыў за ёю прыступкі, спрабаваў здагадацца, на якім яна зараз паверсе, хоць і разумеў, што ўсё гэта, мякка кажучы, выглядае смешнавата.

І ўсё роўна ён як бы сачыў за ёю адсюль, з хаты, з ложка, аж пакуль не заціхлі зусім яе крокі – ці то жонка выйшла ўжо з пад’езда на вуліцу, ці то яна бегла яшчэ па прыступках, але ўжо так далёка ад сваіх дзвярэй, што Алегу нічога не было чуваць.

Ён захінуў адкінутую коўдру і зноў пачаў прыслухоўвацца: зараз лейтэнант павінен весці яго Вовачку ў садзік. Але ўсё было ціха. Відаць, Сашка завёў сына раней, калі Алег, стомлены начным бадзяннем, яшчэ спаў.

Жавейка паляжаў крыху, услухоўваючыся ў ранішнія шумы пад’езда і суседніх кватэр, затым адным рыўком устаў з цёплай пасцелі і пачаў збірацца на працу.

* * *

Раней яму заўсёды не ставала часу, а зараз ён не ведаў, што з ім рабіць.

На працы, праўда, не здоўжвалася – ён быў увесь час сярод людзей, заняты справаю, клопатамі, і таму думаць пра сваю бяду яму не выпадала. Толькі недзе пад канец змены, калі ўсе нецярпліва пачыналі паглядаць на гадзіннікі, у яго перад вачыма, як цёмная навальнічная хмара, паволі ўсплывала яго адзінота, яго прасторная, гулкая, як парожняя бочка, кватэра, і яму тады дужа не хацелася, каб рабочы дзень канчаўся.

І ўсё ж ён канчаўся, сябры, паспешна ціснучы яму рукі, развітваліся – спяшаліся ў свае цёплыя, сагрэтыя сямейным ладам кватэры, да ласкавых жонак і рассмяяных дзяцей: аднаму жонка купіла білеты ў тэатр, другому трэба забраць з садзіка дачку, трэці бяжыць шукаць падарунак, бо ў яго сына якраз сёння дзень нараджэння. А ён заставаўся тады адзін. Стаяў, як дурань, ля прахадной, думаў, куды падацца, ці рабіў выгляд, што і яму вельмі ж няма часу, што і яго нехта чакае, спяшаўся хутчэй развітацца і таропка кіраваўся ў які-небудзь бок, а пасля, мінуўшы завод, запавольваў хаду, апускаў галаву і ціха ішоў куды вочы глядзяць. Спадзяваўся сустрэць каго знаёмага. Але знаёмыя, як і таварышы па працы, таксама спяшаліся дамоў, да сваіх асветленых вокан. Яго ж вокны, Алег гэта добра ведаў, заўсёды будуць цёмныя, пакуль ён сам не асветліць іх.

Прыходзілі да яго з працы, супакойвалі, суцяшалі, спачувалі. Але ён не любіў зараз спачуванняў і не даваўся на такія гаворкі. Думаў, калі ўжо баліць, дык няхай баліць толькі яму аднаму.

Заходзіў у кінатэатры, але і там прахопліваўся раптам недзе ў канцы фільма, і тады заўважаў, што ён нічога не глядзіць і нічога не ўспрымае, а думае зноў жа толькі пра сваё.

Часам ён затрымліваўся з тымі, хто не спяшаўся дадому, хто меў намер, як кажа Лясун, «уздаць на гарачае каменне». Яны скідваліся – у каго што было ў кішэнях, ішлі ў краму, бралі гарэлку і ехалі да яго дадому, уцякаючы ад сваіх жонак – у яго ж жонкі няма, ніхто не выганіць з хаты, не насварыцца, не будзе раздражнёна сноўдаць каля стала. Але гэта, як пасля стала зразумела, усё роўна не ратавала ад адзіноты. Хлопцы п’янелі хутка – закускі ж асаблівай не было: дзе там тая закуска ў халасцяка – і адразу ж пачыналі спачуваць яго гору.

– Слухай, а давай мы зараз падымемся наверх і паб’ём усе вокны ў лейтэнанта, – прапаноўвалі адны.

– Ага, паб’ём вокны, а тваю жонку звяжам і дадому табе прынясём, – дадавалі іншыя.

Алег паблажліва ўсміхаўся – ат, ведама, п’яныя. Ды яны і самі, ён разумеў, гаварылі гэта не сур’ёзна, а толькі, каб зрабіць яму прыемнае, а вось калі б ён папрасіў іх напраўду пайсці і пабіць тыя вокны, яны, хутчэй за ўсё, знайшлі б прычыну, каб адмовіцца.

Госці, хоць і п’яныя, але ўсё ж, калі цямнела, нервова паглядалі на гадзіннікі, хапаліся за галовы:

– Ужо дзевяць гадзін? Ай-яй-яй! Мая ж мяне і ў хату не пусціць.

– А мая ўжо даўно, відаць, ля дзвярэй з качалкаю стаіць.

Яны па адным, па два знікалі з хаты, і Алег урэшце зноў заставаўся адзін у пустой і гулкай кватэры, за сталом, на якім яшчэ дыміліся ў попельніцах недакураныя цыгарэты.

Цяпер Алег нечакана для сябе адкрыў, што ўсе людзі заўсёды кудысьці спяшаюцца. Раней, калі спяшаўся і сам, ён гэтага не заўважаў. Цяпер жа бачыў, што кожны жыве сам па сабе і што шчаслівым ён, непрытульны, адзінокі, замінае – усе спяшаюцца з ім хутчэй развітацца, каб застацца сам-насам са сваім шчасцем.

Успомніў, як Радзік запрасіў яго дадому ў госці, і як ён адагрэўся ў іхняй сям’і, і як яму было хораша ад іхняй наіўнай, амаль дзіцячай яшчэ, гасціннасці. Яны акружылі шчыраю ласкаю і ўвагаю, яму было ўтульна ў іх, і, відаць, таму ён не заўважыў своечасова, што стаміў гаспадароў. А калі ўбачыў, што маладажонам ужо хочацца застацца ўдваіх – яны ласкава пераглядаліся між сабою, не хаваючыся, лашчыліся адно да аднаго, – спахмурнеў і адразу ж пачаў збірацца дадому. Маладажоны яшчэ для прыліку запрашалі яго пасядзець з імі, але ён бачыў, што казалі яны гэта толькі для адводу вачэй. Пасля таго як паспешна зачыніліся, ляснулі за ім дзверы і як там, у хаце – таксама паспешна – павярнулі ключ у замку, ён зразумеў, што ў чужой сям’і, як бы там шчыра цябе ні прымалі, шчаслівым усё роўна не будзеш.

Нават у сям’і пляменніцы – той, якая яшчэ дзіцем ехала з ім тады, калі ён пазнаёміўся з Тоняю, і якая, ён і не заўважыў калі, вырасла, стала дарослаю (гэтак жа, як і пляменнік – раней Алег прыязджаў да сястры, браў электрабрытву, што заўсёды ляжала на адным месцы, а тады неяк прыехаў, цап – а брытвы няма. «Дзе яна?» – «Коля ўзяў». Во яно што! Аказваецца, і Коля ўжо вырас: голіцца!) – дык вось, гасцюючы неяк у гэтай пляменніцы, ён падумаў пра тое ж. Яны прымалі Алега нават лепей, чым Радзік з жонкаю – Валя ўвесь час клікала яго і скардзілася на мужа: «Дзядзька, а ён б’ецца». – «Чаго ж ён б’ецца?» – «Кажа, што я дрэнную бульбу для вас абіраю, а я ж самую лепшую бяру». Алег, усміхаючыся, мірыў іх, а праз якую хвіліну пляменніца клікала яго зноў: «Дзядзька, а ён зноў б’ецца». Ён падыходзіў, Валін муж апраўдваўся: «А чаго яна не тыя відэльцы кладзе?», і Жавейку было дужа прыемна ад такой увагі.

Але і тут, калі яны перагаварылі ўсё, паўспаміналі многае, паелі ўсе смачныя стравы, прыгатаваныя пляменніцай, і ўжо сядзелі і маўчалі, Жавейка раптам адчуў, што лішні і ў гэтай сям’і, што гаспадары адно цярпліва чакаюць, калі ён пойдзе.

Асабліва Алег не любіў зараз выхадных дзён. Яны так здоўжваліся, што ён паспяваў перарабіць столькі работы, а дзень усё не канчаўся: кожны выхадны цяпер рос, нібы сухая, нічым не здобраная ў роце каша – ты яе жуеш, глытаеш, а яе ўсё большае.

Часам у суботу ці ў нядзелю прыходзіў Лёша Лясун:

– Ну што, уздадзім на гарачае каменне? Каб аж зашыпела.

Яны спускаліся ў магазін, бралі паўлітэрку, сядзелі за сталом, «уздавалі», і яму рабілася нібыта і хораша – усё ж ён быў хоць пры нейкім, але пры занятку. К вечару прыходзіла ціхая, сціплая Лесунова жонка – яна ўжо ведала, дзе шукаць мужа, – садзілася з імі за стол, выпівала сваю кроплю гарэлкі, сядзела і ўважліва слухала. Захмялелы Лясун крыўляўся пры ёй, задаваўся, пакепліваў з яе. Жанчына, не зважаючы на гэта, спрабавала спяваць не вельмі выразным голасам сваю любімую песню «Стаю я на паўстаначку», з асаблівым пачуццём выдыхаючы словы «дзе мае вясеннія гады». Лясун тады смяяўся:

– Во-во, і я ёй кажу: «Вось ты сядзіш тут, у хаце, „а міма пра-ля-таюць паязды“». А яна чагосьці злуецца.

Алегу гэта крыўлянне не падабалася, бо ён разумеў, што Лясун проста здзекуецца, нібы помсціць жонцы за тое, што яна старэйшая за яго гадамі.

– Ну і язва ж ты, Лёша, – кідаў ён тады Лесуну, а сам абавязкова казаў што-кольвек прыемнае жанчыне.

Ён разумеў, што маладосць – усяго толькі часовая перавага, і хацеў растлумачыць гэта Лесуну, але ўспамінаў, што ў іхняй сям’і гэтая перавага з гадамі будзе толькі расці – жанчыны ж старацца хутчэй.

Лесуніха прыбірала на кухні, мыла посуд, паспявала нават, пакуль яны дапівалі гарэлку, падмесці ў кватэры. I калі Лесуны збіраліся дадому, Алегу рабілася яшчэ болей тужліва: жанчына, якая пабыла ў яго халасцяцкай кватэры, зноў, сама сабою напамінала яму, што людзі, як і ўсё жывое на зямлі, створаны для таго, каб жыць парамі.

Ён зараз быў без пары. Ён зараз быў адзін. І ў яго кватэры цяпер жанчыны, апрача Лесуновай жонкі, можна лічыць, не бывалі. Праўда, неяк раней, у нядзелю ўвечары, прыйшла да яго суседка – яны жылі на адной пляцоўцы, ён так і зваў яе: «суседка злева» – маладая, ёмкая жанчына, якая была, відаць, гадоў на дзесяць маладзейшая за свайго мужа-п’яніцу, пра якога кабеты, што ўвесь час сядзяць на верандзе, казалі: «Ай, і праўда, які гэта Лене муж? Ён жа п’яны гадзін у шэсць вечара як пачне падымацца на свой чацвёрты паверх, дык гадзінам к дванаццаці толькі да сваіх дзвярэй дапаўзе». Яшчэ і пры Тоні Алег часта сустракаўся з гэтай прывабнаю жанчынаю то на пляцоўцы, то на верандзе, то на вуліцы (яна штодзень прагульвала вялікага, прыгожага ў сваёй сабачай прыгажосці бульдога), яны па-суседску ветліва віталіся, усміхаліся і нават какетнічалі…

Лена, цесна захінуўшыся ў лёгенькі летні халацік, які яна прытрымлівала абедзвюма рукамі і які, нібы шарсцяная сукеначка, хораша прыліпаў да цела, падкрэсліваючы яе фігуру – шырокія клубы, тонкую талію і тугія грудзі, – прыйшла папрасіць у яго праса: яе, маўляў, перагарэў, а ёй трэба спешна папрасаваць бялізну. Калі жанчына абедзвюма рукамі зачыняла дзверы, халацік сам сабою шырока расхінуўся, і Алег аж аслупянеў ад нечаканасці: пад халацікам яна была амаль голая – толькі беленькія-беленькія трусікі шчыра кідаліся ў вочы. Алегу спачатку падалося, што на Леніных грудзях такі ж чысты, як трусікі, станік, але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што грудзі яе голыя. Проста іх белізну – яны ж былі ўвесь час пад купальнікам – адцяняе прыгожы, густы летні загар, які і зараз, восенню, усё яшчэ быў шакаладны.

Ён нехаця, злуючыся на сябе за тое, што яму не хочацца гэта рабіць, ледзь адарваў вочы ад зваблівага жаночага цела – бачыў, што і Лена адчувае яго позірк, але не спяшаецца захінацца, – рэзка павярнуўся і пайшоў у другі пакой. Чуў, як мякка і паслухмяна спяшаецца за ім і Лена.

Ён доўга грымеў у бакавушцы, пакуль нарэшце знайшоў прас, завалены розным хломаздам, абцёр з яго пыл і, павярнуўшыся, аддаў Лене. Калі яна брала прас – зноў абедзвюма рукамі, – халацік, як і першы раз, расхінуўся, і Алегавы вочы зноў наткнуліся на голыя, тугія, яшчэ амаль дзявочыя грудзі і белыя, як нечапаны снег, трусікі. Зараз ён паспешлівей, больш рашуча адвярнуўся, але і адвярнуўшыся нібыта ўсё роўна бачыў яе расхінуты халацік і, не гледзячы нават, адчуваў, як, не спяшаючыся, захінаецца ім Лена.

Ён зараз злаваўся на жанчын. Ён, уражаны і абражаны здрадаю жонкі, быў у такім стане, калі чалавеку не да распусты і не да юру.

Відаць, гэта зразумела і Лена, бо неўзабаве прынесла назад прас, але на гэты раз яна ўжо была апранута, як на вуліцу: паліто, шапачка, боцікі-панчохі. Прынесла, аддала і, нібы спяшалася куды, пайшла назад – яе абцасікі паспешліва зацокалі па прыступках, – а Алегу адразу паспакайнела, бо ён ужо, нягледзячы на свой настрой, не ведаў, ці стрымаецца, калі яна ў тым жа халаціку, які так зручна расхінаецца, зойдзе ў хату зноў…

I ўсё ж пакуль што яму было не да жанчын. Ён, і да гэтага крыху маўклівы, зараз яшчэ больш зацяўся, хадзіў задуменны, слухаў усіх і маўчаў. Спрабаваў разабрацца ў сабе, у тым, што здарылася, але чым далей разбіраўся, тым больш бачыў, што нічога не зможа зразумець.

«Жыві як хочацца»… Гэтага жончынага афарызму, які яна так лёгка паставіла ў канцы сваёй запіскі, ён не разумеў – злаваўся на яго і нават ненавідзеў. Але той, як прытопленая ў вадзе крыга, зноў і зноў усплываў у яго думкі і балюча цёрся аб іх сваімі абламанымі – вострымі і шурпатымі – краямі.

За форткаю, па мокрым шкле, нібы прыклееная да шыбы, паўзла – дзе там паўзла: плыла! – божая кароўка, якая ўсё яшчэ, нягледзячы на халады, жыла ў яго. Ён дастаў яе – усё, што было ў хаце жывое, Алег зараз шанаваў і бярог – і пасадзіў на сухое: яна адразу ж, пакідаючы за сабою мокры след, папаўзла чамусьці ў другі бок.

Дык што ж гэта ўсё-такі значыць – жыць як хочацца? Што значыць? Можа, жыць як хочацца – гэта завесці сабе кампанію (не, аддаць сябе ў кампанію п’яных сяброў, так будзе больш правільна) і дзе-небудзь у чадным, задымленым пакоі, дзе не відно і субяседніка, над недапітымі чаркамі, над закуссю, якая толькі пры гарэлцы пахне гэтак даўка і непрыемна, спрачацца да хрыпаты аб сусветных праблемах, грэбліва не заўважаючы ўсяго, што пад нагамі, п’яна высвятляць, надоўга ці ненадоўга хопіць нам зямлі і сонца? А можа, для таго, каб жыць як хочацца, трэба завесці статак жанчын і па чарзе хадзіць да іх у госці, гаворачы кожнай няшчырыя і часцей за ўсё банальныя словы – маўляў, якая ты прыгожая, якая харошая, адзіная мая, – і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб пераспаць з ёю і, перахітрыўшы цудоўныя законы працягу чалавечага роду, проста спатоліць сваю ахвоту?

А можа, якраз раней ён жыў так, як хочацца – тады, пры жонцы, пры Вовачку, пры харошай сям’і і харошай рабоце? Можа, якраз у гэтым шчасце? Ён жа недзе чытаў, што для радасці чалавеку трэба ўсяго толькі дзве рэчы: харошая сям’я і харошая праца. Чалавек пачуваецца шчаслівым, калі раніцою з радасцю бяжыць на працу, а ўвечары – таксама з радасцю – вяртаецца дадому. I нават ужо дастаткова аднаго – харошай працы ці харошай сям’і, – каб чалавеку было цёпла ў гэтым, не заўсёды ласкавым, свеце.

Яшчэ нядаўна ў Жавейкі было і тое, і другое – і харошая праца, і любімая сям’я, – а таму яму было цёпла ўдвайне.

Значыць, вось гэтае «жыць як хочацца» – ці не мяняецца яно ад таго, хто на яго і як глядзіць?

Успомніў, што маці доўгі час кпіла з бацькавай разважлівасці. Як толькі пачалася вайна, ён, калгасны рахункавод, пайшоў на фронт. Маці, не бачачы ад слёз дарогі, праводзіла яго і ўсё пыталася: «Петрачок, дык а што ж мне, скажы, з дзецьмі тут рабіць?» «А ён, бач ты яго, – злавалася маці і зараз, – парадзіў, разважыў – кажа тады мне: „А што я табе, Малання, скажу? Глядзі, што людзі будуць рабіць, тое і ты рабі“. Нічога сабе, разумна разважыў. А тут адны ў партызаны пайшлі, другія, прайдзісветы, вінтоўкі пабралі ды ў паліцыю падаліся, трэція – пагробні ды клуні пачалі чысціць. І ўсё ж людзі».

Алег разумеў, што маці гаворыць так, каб толькі дадзець бацьку: самой жа ёй не трэба было нічога выбіраць – яна адразу ж стала партызанскаю сувязною. Разумеў, што і гэты ўспамін нагадаўся яму недарэчы, але не так сабе: ён пацвярджаў, што на адну і тую ж рэч можна глядзець па-рознаму.

Як вось і на гэтае «жыві як хочацца». Адзін пачуваецца шчаслівым, калі паплёўвае сабе ў столь і нічога не робіць, а другі шчаслівее толькі ў працы. Адзін прагне, дамагаецца волі, а другому гэтая воля, нібы горб, толькі замінае жыць.

У яго зараз была воля, але ён не ведаў, што з ёю рабіць.

А тады, калі мінуўся шчаслівы чад першага мядовага месяца, у якім нічога і нікога, апроч сваёй каханай, не бачыш, Алег нечакана для самога сябе засумаваў раптам па халасцяцкай волі і нават не на жарт спалохаўся, зразумеўшы, што страціў яе назусім. Тая бесклапотнасць, над якой раней не задумваўся, – што хачу, тое і раблю, куды хачу, туды і іду, – зараз ужо абцяжарылася рознымі нязвыклымі абмежаваннямі, бо перад кожным ягоным жаданнем, як прывід, узнікала жонка: а як яна на ўсё гэта паглядзіць?

Аднаго разу ён з сябрамі дамовіўся пасля працы схадзіць у шынок і выпіць па куфлю піва. Але як толькі яны выйшлі з прахадной, Алег убачыў жонку: Тоня стаяла ля бярозкі і чакала яго. Яму гэта дужа не спадабалася, ён зазлаваў, але ўсё ж далікатна змоўчаў. Яна тады якраз хадзіла Вовачкам, таму Алег не стаў з ёю сварыцца, а паслухмяна падышоў да яе і ўзяў за руку:

– Чаго ты тут?

– А мне, Алежка, сумна стала адной, дык я і прыйшла цябе сустрэць.

Ён крыкнуў сябрам, што не пойдзе з імі, а сам стаяў і ўсё глядзеў ім услед, сачыў, як яны, весела смеючыся, размахваючы рукамі – відаць, нешта цікавае расказвалі адзін аднаму, пайшлі ў шынок без яго. Алегу тады вельмі ж хацелася выправіць Тоню адну дадому, дагнаць сяброў, быць з імі, між іх – ён нават адчуваў на губах пену і пах таго піва, якое яны пайшлі піць.

На страницу:
3 из 5