bannerbannerbanner
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 5

– Усёмаці дапаможа, але запатрабуе адплаты, цаны крывёю. Не курынай, не цялячай, але чалавечай.

І спакойна рушыла па сухой траве, цягнучы за сабою, як хвост, цёмны плашч.

– Я бачу, – шапнуў вецер над вухам у Леля.

А той ізноў, агаломшаны, як і ўсе іншыя, стаяў пад разнымі слупамі на раздарожжы. Горы дыхалі бязлітасным холадам, і бліскала нясцерпнаю беллю ледзяная шапка на магутным піку Буй-тура. Такою ж нясцерпнаю беллю ззялі камяні на дзікім беразе лясной ракі. Пясчаны бераг, зарослы альхоўнікам, што калыхаўся на хвалях туманоў, – і рака, жывое срэбра, якое гучала. Ціхі спеў блытаўся ў аеры, плыў над вадою, раствораны ў тумане, падступаў да саламяных стрэхаў па той бок.

– Чары там, – казала бабуля, сплёўваючы цераз плячо. На дзікі бераг не хадзілі – ды і, зрэшты, патрэбы не было ў вусцішных камянях ды лапіку шорсткай травы між імі.

– Я бачу, – напявала рачная вада.

Горныя боствы, дзікія, абымшэлыя, дрымучыя, не дапамагалі, адступіліся, кінулі былое апякунства. А вось рагана дапамагала – вылівала дзіцячы спалох, выганяла ліхаманку, здымала з жывёлы сурокі, а з жыта – заломы. І таму рагане верылі, таму прынялі яе Ўсёмаці і названую цану, якой б высокаю ні была.

А цана была: чалавечае дзіця. Дачка, народжаная пад маладзіком, не старэйшая за шэсць год. Усяго адно дзіця дзеля выжывання ўсіх, хіба гэта многа? І земляробы ў вёсцы на беразе ракі, параіўшыся, ахвотна пагадзіліся: сапраўды, нямнога.

Але дзіцем тым была Лелева пяцігадовая сястра, самая меншая.

Таму горка плакала маці, і плакалі сёстры, і бацька, хворы, душачы кашаль, стаяў на парозе, бяссільна апусціўшы спрацаваныя рукі. Замест бацькі Лель мусіў у чоўніку перавезці малую праз лясную раку – і там пакінуць у траве між белых камянёў, пакінуць дзіця са старою раганай.

І Лель адвёз. Сцяўшы зубы, вынес з хісткага чоўніка сонную малую, загорнутую ў бацькаў плашч, паклаў на траву, крануўшыся русай галавы дрогкімі вуснамі. Пасля пайшоў, не абарочваючыся, назад, туды, дзе на мокрым пяску адпачываў човен. І кожны крок быў цяжкі, і кулакі сціскаліся бяссільна. Хіба з усёмагутнай Усёмаці варагаваць? З той, што дае сваёй рагане сілу лекаваць і людзей, і жывёлу, і саму зямлю?

Сястра, мусіць, прачнуўшыся там, у цемры, між вусцішных каменных слупоў, спужалася і заплакала, паклікала яго па імені. І Лель не стрываў – вярнуўся.

Пабачыў над дзіцем рагану, скурчаную, страшную, з пачарнелым тварам. Пабачыў вузлаватыя рукі, спярэшчаныя змяінымі ўзорамі, рукі, якія драпежна цягнуліся да русай галавы. Сястра плакала і клікала на дапамогу, а таму Лель, не вагаючыся, схапіўся за бацькаў жалезны нож на поясе. І, засланіўшы сястру сабой, ударыў пачвару па адной кіпцюрыстай руцэ – ажно лінула цёмная кроў на белае цела каменя. А рагана закрычала, запрарочыла, праклінаючы, і нешта цяжкое і касматае абрынулася зверху, прыціснула да роснай травы, так што не варухнуцца было.

Пясчаны бераг паплыў, быццам човен, па цёмнай вадзе, а Лель, поўны жаху і вусцішных водгаласаў, бег прэч. Бег на чатырох касматых лапах цераз ваду, цераз поле, бег пад тонкім сярпом нованароджанага маладзіка. Узрадаваўся быў, пабачыўшы сваю хату, але радасць вырвалася знутры мядзведжым бурчаннем, і маці, што з ліхтаром чакала ягонага вяртання на ганку, закрычала, толькі пабачыўшы яго. Тады ён зноў бег, бясконца блукаў па цемры, дзёр кіпцюрамі ствалы гонкіх хвояў у пракаветнай пушчы, ад ярасці і адчаю рваў магутнымі лапамі зямлю, падымаючы ўверх зжоўклую ігліцу. Ноч цягнулася і цягнулася, як смала, як мёд, а пасля Лель, стомлены і бегам, і адчаем, праваліўся ў трызненне.

Прачнуўся і доўга глядзеў на ўласныя рукі, падраныя і брудныя, без звярыных кіпцяў, не аброслыя поўсцю. Глядзеў, вачам не верачы, упэўніваючы сябе, што проста пабачыў кашмарны сон, які цяпер скончыўся. Але калі прыцягнуўся дамоў, сустрэў змрочныя позіркі і падціснутыя вусны. Маці зноў плакала і ўпотай сунула яму, знямеламу, дарожную торбу. А бацька, падступіўшы, загадаў апусціцца на калені і, забраўшы Лелевы валасы, па прынесеным з гор даўнім звычаі, заплеценыя ў косы, абрэзаў іх у два ўдары.

Гэта быў – канец. Валасы абразалі памерлым, што скончылі свой жыццёвы шлях, або здраднікам, якім лепей было б і не жыць. Лель, апусціўшы галаву, плакаў моўчкі: горкія словы, што круціліся на языку, не маглі прагучаць, толькі выліваліся з яго слязьмі.

– Прэч, – сказалі яму, і голас старой раганы дамешваўся да галасоў родных і суседзяў. – Пачвара.

Дзін! Гэта музыка шчыльна перапляталася з успамінамі – лёгкі перазвон струнаў. Лель пачуў яго толькі цяпер, калі хвалі памяці адпускалі яго, адкатваліся назад. І гукі, і колеры, і пахі зноў вярталіся, бо зноў вакол былі верасовыя пусткі, напоеныя мядовым водарам, і маўклівае кола камянёў абкружала нябачанае зялёнае вогнішча, і не-чалавек, нахіліўшы галаву, ласкава кратаў струны і рассыпаў, быццам перліны, звонкія, строгія, патрэбныя словы.

Дождж аціх, над каменнымі ікламі пагорка ўспыхвалі бляклыя зоры, а цемра за колам зеленаватага святла дыхала зябкаю сырасцю. Лель, скаланаючыся, глядзеў на лютніста, а той, задуменны, асцярожна загасіў гучанне струнаў даланёю і спытаў толькі:

– І… як доўга?

Лель няўпэўнена пакруціў галавой: адлічваць час у яго цяпер атрымлівалася кепска, бо дні і ночы часта дваіліся, праміналі ў звярыным паўзабыцці, беглі, як пясок скрозь пальцы. Месяц, можа, два. Ён ішоў ад Істацкай пушчы сюды, на захад, крочыў чалавечымі нагамі па дарогах і сцежках, бег, калі раптоўна накатваў шал, мядзведжымі лапамі скрозь гушчар. Спачатку – каб проста не заставацца на месцы. Пасля – бо ў адной вёсцы, куды рызыкнуў зайсці, баючыся найперш самога сябе, пачуў пра лясную ведзьму. Тая быццам бы жыве ў лясах на захадзе, за верасовымі пусткамі.

– Казалі, яна і сама чаруе, і чужыя чары здымае, – Лель уздыхнуў. – То я меркаваў… дакладней, спадзяваўся…

– Што адна ведзьма знішчыць праклён, насланы другой, – працягнуў за яго Йурай. Лелю ў ягоным голасе пачулася лёгкае адценне насмешкі, таму ён змрочна засоп. Але, абурана хмурачыся і паглядаючы на лютніста спадылба, не мог не пацікавіцца:

– А ты… ты і сам чаруеш. Можа, ты здолеў бы… развеяць?

Ён не змог дагаварыць: горла звяло сутаргаю.

– Я? – Йурай прыўзняў брыво. – Але ж не я, чалавечае дзіця, ударыў халодным металам па люстэрку Ўсёмаці. Не я праліў кроў у коле святых камянёў. Не, развейваць такія чары толькі табе, самому.

– Але што ж мне рабіць? – з горыччу спытаў Лель.

– Можа, блукаць па дзікіх пустках у мядзведжай шкуры, – нявінна прапанаваў яму лютніст. – Іншы-каторы з чалавечых сыноў, можа, за такое паўжыцця аддаў бы. Мядзведжая моц, звярынае чуццё. Што можа быць лепей? А ўзімку атрымаецца як след адаспацца ў берлагу.

– Пракаветныя пушчы цягнуцца амаль да самага мора, – заключыў Йурай, нявінна ўсміхаючыся. – Станеш блукаць па іх, як сапраўдны ўладар ляснога краю, патроху раствараючыся ў звярыным шале, пакуль нічога ад цябе ранейшага не застанецца. Чым не жыццё, а, чалавечае дзіця?

Лель, пакуль лютніст гаварыў, сцяўся ў камячок, абхапіўшы рукамі галаву. Ані моцы, ані чуцця, ані ляснога ўладарства яму не хацелася. Хацелася жыць, як раней, спакойна і мірна, у хаце на рачным беразе. Без звярыных сноў, без вядзьмарскіх чараў, без змяінага пляцення знакаў на чароўных камянях. Проста жыць.

– Я… не хацеў, – прагаварыў Лель здушана, апраўдваючыся – і сам няўпэўнены, за што менавіта.

Йурай усміхнуўся.

– У тым уся і справа, – заўважыў лютніст. – У тым і справа, што – хацеў ударыць і ўдарыў.

– І не старую ведзьму, чалавечае дзіця. А саму Усёмаці. Раганы – толькі люстэркі, скрозь якія глядзіць Яна.

– …але ж я не ведаў…

– Ды справа не ў тым, што ты ведаў, – Йурай пахітаў галавою, углядаючыся ў агонь. – А ў тым, што здзейсніў. Усёмаці… спрадаўняя, даўно ўрасла ў косткі гэтай зямлі. Яна сама – гэта зямля. Яна помніць вечна. І… помсціць вечна, калі на тое.

Лель схаваў твар у далонях. Кусаў вусны, марна змагаючыся са страхам, і адчуваў, як зацягваецца на ягонай шыі пятля – быццам змяіныя абдымкі.

– То лепш памерці, – глуха сказаў ён.

– О, калі б Яна хацела, – адгукнуўся Йурай, задуменна паціраючы падбароддзе. – Ты б ужо быў мёртвы, чалавечае дзіця. Але ў Яе свае разлікі. На нас усіх.

– Тады… чаго яна хоча? – спытаў Лель, не дужа тым сцверджаннем абнадзеены.

– А вось гэта, нарэшце, добрае пытанне, – Йурай з адабрэннем трасянуў валасамі, так што дзынкнула доўгая завушніца.

Лель пачухаў патыліцу. Шчыра сказаць, ён праз усе свае сямнаццаць год не дужа верыў у старых горных багоў, малітвам да якіх яго вучылі з маленства. Не верыў, хаця разам з бацькамі, кіруючыся звычаем, і падносіў да разных слупоў на раздарожжы абавязковыя прынашэнні. Ён не верыў і ў гэтую вусцішную Усёмаці, хай старая рагана і вымагала ад людзей многае ў імя свайго боства. Але ён верыў, не мог не верыць у чары – у тыя, якія бачыў, у лекаванні ды праклёны. А вось пра карані чарадзейства і пра тое, да чаго яны цягнуцца, адкуль чэрпаюць сваю сілу, нават і не задумваўся. Не меў патрэбы.

– То… мне трэба гаварыць з ёй.

Йурай усміхнуўся.

– Адважнае ты дзіця, – прагаварыў ён. – Жадаеш гаварыць з Той, чыю помсту на сябе наклікаў уласным няведаннем. Але ад твайго жадання тут мала залежыць. Адно ад…

Языкі полымя рэзка выцягнуліся ўверх, рассыпаючы іскры, і лютніст імгненна замаўчаў, недаверліва прыглядаючыся да агню, быццам бачыў там нешта – ці некага – яшчэ. Лель, праўда, нічога, апроч языкоў полымя не заўважыў.

– …а чаго, – Йурай глянуў на Леля. – Чаго ты хочаш, чалавечае дзіця?

Лель скрыпнуў зубамі.

– Хачу застацца сабой, – прашаптаў ён ціха.

Застацца самім сабой, толькі і ўсяго. Калі вяртання да ранейшага жыцця няма, калі ён, Лель, у тым сваім ранейшым жыцці для ўсіх родных і блізкіх памёр, дык хоць застацца самім сабой. Не дзяліць свой розум і сваё цела са зверам.

– Застацца сабой, – задуменна паўтарыў за ім лютніст. Усміхнуўся зноў, але не з’едліва, а сумна, і прамармытаў: – Часам гэта – раскоша недасяжная, дзіця.

– …я толькі хацеў абараніць сястру, – упарта мовіў Лель, і голас у яго здрыгануўся. Ён прыгадаў, што ўсё-такі, як ні намагаўся, – не абараніў. Бо ўсё было марна. Бо малая так і засталася там, у гулкім коле камянёў на сырым рачным беразе, сам-насам з пачварнай старой, з камянямі, з Усёмаці.

Лютніст хмурыўся і глядзеў у агонь.

– Можа быць, – загаварыў ён няўпэўнена. – Можа быць, ёсць спосаб выбавіцца. Можа быць, яшчэ не ўсё страчана. Можа быць, Яна менавіта гэтага і дамагалася. Хто пад месяцам можа ведаць Яе разлікі?

– Адно… – Йурай пытальна зірнуў на Леля. – Што ты, чалавечае дзіця, гатовы аддаць, каб атрымаць жаданае? Каб… застацца сабой?

Лель задыхнуўся, сэрца ў яго прапусціла ўдар. Яму прапаноўвалі дапамогу – упершыню за ўвесь гэты час, пакуль бег ад сваіх, скурчаны пад цяжарам праклёну, пакуль хаваўся па лясах, зрэдку выходзячы да людзей. Гожы твар лютніста, праўда, быў досыць змрочны, і кожнае слова падала ля вогнішча важка, быццам цяжкая кропля начной залевы, і пракатвалася рэхам у каменным коле, і трымцела ў сырым паветры. Быццам спляталіся ў адмысловым малюнку нябачныя ніці.

– Што заўго… – з гарачнасцю выпаліў Лель, але пад позіркам лютніста асёкся, перавёў дыханне і, прадчуваючы нешта нядобрае, асцярожна ўдакладніў: – А… што патрэбна?

– Цана крывёй, – проста адказаў лютніст, і вочы ў яго засвяціліся цьмяным зялёным святлом, зусім як чароўны агонь, што рассыпаў іскры пад самыя зоры. Йурай працягнуў Лелю над вогнішчам свой касцяны нож, і Лелевы пальцы самкнуліся на дзяржальне.

– Ты не адзін з нас, – загаварыў лютніст. – І каб нашыя… каб Яе чары прапусцілі цябе, патрэбнае ахвяраванне. Зарок на крыві, клятва нашаму агню. Такі закон, даўні, як Яна.

– Іначай, – Йурай нахмурыўся. – Калі пойдзеш нашымі сцежкамі без дазволу і без блаславення, так ніколі і не здолееш вярнуцца.

Нож быў на дзіва лёгкі і зручна клаўся ў далонь. Падобны ён быў да ікла і, як звярыны ікол, быў востры, і часта дрыжалі ў паліраваным заточаным лязе надломленыя блікі ад вогнішча. Лель пракаўтнуў шорсткі камяк у горле.

– Над агнём, – цярпліва скіраваў яго лютніст. Лель пасунуўся бліжэй, выцягнуў рукі над вогнішчам і, зажмурыўшыся, правёў нажом-іклам па левай далоні. Балюча не было, і Лель непаразумела глянуў на руку. А там на светлай скуры пазначылася тонкая выгінастая рыса, быццам дадалася яшчэ адна да малюнку на далоні. Рыса набрыняла знутры барваю, пралілася – раз, два, тры – упрост у зялёныя языкі вогнішча. Лель толькі цяпер заўважыў, што гарыць яно без дроваў, быццам само сабою выліваецца з зямлі. Здзівіцца ён не паспеў, бо полымя раптоўна ўздыхнула, амаль як жывая істота. Уздыхнула – і паярчэла, затанчыла весялей.

– А зараз – глядзі, – строга загадаў Йурай. І Лель, выпусціўшы нож у траву, паслухмяна глядзеў у агонь – а можа, папросту не мог адарваць вачэй ад вогненнага танцу. Ува ўспышках, у іскрах, у мільгаценні і ззянні бачыліся звівы агромністага змяінага цела, і па гэтым целе, як па дарозе, высланай зеленаватымі вогненнымі лускавінамі, Лель пакрочыў, спускаючыся глыбей і глыбей.

І там, у мулкай няўстойлівай глыбіні нешта варухнулася, так што змяіныя звівы выгнуліся і некуды сышлі з-пад ног. Лель падаў, увесь ахоплены полымем, і бачыў, як насоўваецца бліжэй і бліжэй пагрозлівы касматы цень. І, разявіўшы страшную пашчу, звярыны цень праглынуў яго з галавою.

Памяць пра колішняе, незваротнае, замглілася гэтым жудасным ценем – і згасла. І ўсё вакол як бы згасла, ачэзла, і ўпала зверху касматая цемра, скрозь якую ледзь-ледзь былі відаць зялёныя языкі агню. Ачмурэлы, аглушаны Лель адчуў пад сабою зямлю і траву і падняўся на ногі рэзка, рыўком, адчуваючы, як пячэ ўнутры. Боль разрастаўся ў касцях, у жылах, завязваўся вузламі пад скурай, ламаў і нішчыў, выварочваючы, выкручваючы. Боль з сілаю шпульнуў Леля ўбок, так што паляцелі злымі восамі зялёныя іскры, мільганулі ўспуджана зоры.

– Глядзі!.. – строга крыкнуў яму ўслед голас лютніста. А ён чуў і не чуў, і ўсё каціўся па касматай цемры, прырастаючы да яе, абрастаючы ёю. І ўпаў ніц, прырастаючы да зямлі, ад якой пахла мядовым верасам, правальваючыся ў яе цёмнае чэрава. А пасля вылузаўся знутры, як прарослае зерне з раллі, ускочыў на чатыры лапы і зафыркаў, зароў, непаваротлівы і цяжкі.

Ноч расквечвалася, поўнілася пахамі і гукамі, і ён адрозніваў асцярожныя лісіныя крокі ў зарасніках і след пужлівай перапёлкі між шорсткіх сцяблін. Ад вострага паху вільготнага пер’я ажыў, заварочаўся ў ім нясцерпны звярыны голад, толькі часова падмануты хлебам ды мёдам.

Убаку ўспыхнула, вырастаючы пад самыя зоры, і адразу ж апала белае полымя. Ён занепакоіўся, забурчаў сярдзіта. Павярнуў магутную галаву, прынюхваючыся, і пабачыў, як па схіле павольна спускаецца белы воўк. Гэты пах трывожыў, бо аказаўся незнаёмым, не звярыны і не чалавечы, а вочы ваўка, зялёныя, пранізлівыя, сачылі ўважліва і строга. Ён зноў буркнуў, але ўжо з сумневам, з асцярогай, і падаўся задам, прагна ловячы праз вільготныя ноздры той новы пах.

А воўк абышоў яго кругам, ступаючы бязгучна і прыглядаючыся, і ён таптаўся на месцы, скалячыся і таропка паварочваючыся следам, каб не паказаць гэтаму, не зверу і не чалавеку, касматую чорную спіну. Воўк жа, звузіўшы вочы, глуха цяўкнуў – быццам выраніў насмешлівае слова, адначасна скіроўваючы і прыспешваючы. І стрымгалоў рушыў скрозь ноч сярод верасовых купін, і ад поўсці яго сеялася слабое серабрыстае ззянне – як ад тонкага сярпа месяца.

Звярынае слова, кінутае ваўком, порстка штурханула яго, пагнала следам. І ён рвануўся таксама, з сапеннем перакідваючы цяжкое цела, налітае пругкай сілай, і дагнаў, і пабег нароўні з тым, легканогім і ззяйкім.

Верасовыя пусткі расхіналіся перад імі, рассыпаліся росамі, што асядалі на поўсці, белай ваўчынай і чорнай мядзведжай. Плыў зорны купал над купінамі, паварочваліся сузор’і, а хмары, што пад вечар прынеслі дождж, па нябеснай рацэ сплывалі на поўнач, грувасціліся на даляглядзе, утвараючы цёмныя горныя хрыбты і пікі.

Шорсткае радно верасоў разыходзілася ўбакі, і купіны пад лёгкімі ваўчынымі крокамі зыбаліся, распадаліся, як адбітак берага ў патрывожанай вадзе. За галавакружным зыбаннем праступала іншая, нябачаная роўнядзь – бясконцая, снежная. Вераснёвыя пусткі, прапахлыя мёдам ды адсырэлымі травамі, пакорліва адступалі, і снежная роўнядзь рабілася ўсё больш рэчыўнай. У хуткім часе былі толькі бязмежныя снягі і дзве касматыя здані, белая і чорная. Зоры быццам спусціліся ніжэй, бо пабольшалі, а яшчэ тыя зоры гучалі – трымцелі кожная сваёй адметнаю нотай. Звыклыя для чалавечага вока сузор’і рассыпаліся, як пацеркі з разарваных караляў, і ўтваралі новыя, няўцямныя знакі ў небе. І бязмежна раскідвалася чорная зорная бездань і белая раўніна пад ёю, і цягнуліся па снезе сляды, ваўчыныя і мядзведжыя.

Пэўны час не было нічога, апроч бегу, апроч зіхатлівых снежных хваляў, што ўзносіліся ўверх пад самыя зоры, апроч аблачынак цяжкога дыхання. І раптам белы воўк прашыў снежную раўніну, быццам страла, так што халодная бель рассыпалася на аскепкі, апала белым рыззём туману на пер’е папараці ды сыры ядловец. Хвоі выраслі з ніадкуль, выцягнуліся высока-высока, і густы смалісты водар шыбануў у ноздры. А за хвоямі, за папараццю, за туманам, што распаўзаўся па засыпаных ігліцай пагорках, драпежна пелі сярэбраныя галасы паляўнічых рагоў. Белы воўк выскаліўся, вільнуў убок, прэч ад спеву начной пагоні, і беглі яны цяпер удвая хутчэй, навыперадкі з паляваннем. Але тое не адставала: хрыпелі, нябачныя яшчэ, загнаныя коні, адгукаліся вісклівым брэхам ганчакі, а галасы рагоў гучалі збоку і ззаду, набліжаючыся, заходзячыся пераможным зыкам.

Але прамільгнуў сонны раўчук, што прабіваў сабе шлях у чырвонай гліне, і за звонкаю вадой шаты туману паглынулі і ваўка, і мядзведзя. Тут паляванне сціхла – як адрэзала. За туманам адкрыўся цёмны няскошаны луг, які чамусьці дыхаў не ранняю восенню, а самым разгарам лета.

Над высокімі травамі дрыжалі, пазвоньваючы, дробныя зялёныя агеньчыкі. А сярод тых чароўных агнёў, пракладаючы сабе шлях у траве і абапіраючыся на посах, ішоў цень, захутаны ў ноч, як у плашч. Белы воўк прабег колькі крокаў раз’ятраным белым агнём – і з полымя абазначылася постаць Йурая, адно каб замерці ў глыбокім паклоне. Мядзведзь зароў, занепакоены гэтымі зменамі, але цень, згубіўшы серабрысты смяшок, без страху наблізіўся і ўладна паклаў руку на цяжкую мядзведжую галаву.

Рука была тонкая, жаночая.

І ад гэтага дотыку тое, што яшчэ было Лелем, ажыло, адгукнулася, прыйшло ў рух. Футра спаўзло з яго лахманамі туману – і вось Лель на карачках стаяў у траве, задыхаючыся, усё яшчэ адчуваючы на сваёй макаўцы агністае дакрананне. Агеньчыкі цэлымі гронкамі абкружылі яго, выхапіўшы з цемры растрапанага Леля ў падзертым і брудным адзенні, насцярожанага Йурая, які ўсё яшчэ схіляўся ў паважлівым паклоне, і тую, што насіла плашч. Яна вывучала Леля, адкінуўшы капюшон, і чамусьці падаваўся да дзіўнага знаёмым гэты бледны твар з рэзкаватымі рысамі, з сузор’ем радзімак, з яснымі зялёнымі вачыма ды паўмесяцам-ямінкай, што пазначалася на шчацэ ад усмешкі. Растрапаныя рудыя пасмы варухнуліся – яна павярнулася да лютніста.

– Ну, вось ты і вярнуўся, ці не так, мой залаты?

Голас быў пяшчотны і нягучны, але разліваўся ракою і, нават сціхнуўшы, яшчэ доўга гучаў дзесь глыбока ўнутры. Гучаў надзвычай ласкава, але адначасна з дакорам. Так дарослыя дакараюць малому гарэзе, які ў чарговы раз насваволіў, але якога ўсё роўна любяць ды песцяць. Лель, аддуваючыся, бачыў, як Йурай спахмурнеў і падціснуў вусны, і здзівіўся: як можна ласцы – супярэчыць? Як гэтаму вось голасу, што ўліваецца пад скуру, што плыве па жылах, можна працівіцца? Сам ён, пакуль рудая гаварыла, не мог адарваць ад яе вачэй, і Лелева сэрца салодка замірала ад кожнага яе слова.

– Ясная пані разумее, – мовіў Йурай суха. – Я ўсяго толькі прывёў да цябе…

– Я добра ведаю, што ты да мяне прыцягнуў, – адрэзала яна, і замест лагоднай ракі ў голасе бліснула сталь, а халодныя агеньчыкі вакол яе загулі з абурэннем. – То патлумач мне, мой залаты, чаму б мне не кінуць гэтую маленькую пачварынку, што джаліцца халодным жалезам, хартам майго Князя на забаву?

Яна абвінаваўча падняла руку – з чорным следам, нібы ад апёку, на далоні. «Даруйце!» – паспрабаваў прамармытаць Лель. Але голасу не засталося: яе гнеў пракатваўся ўнутры яго хвалямі, і абрывалася нешта за рэбрамі, і страшна было зірнуць у яе прыгожае аблічча, у яе вочы з чорнымі безданямі зрэнак.

Йурай, аднак, спакойна глядзеў на яе, і яна заўважна памякчэла, а на яе шчацэ зноў паказаўся ўсмешлівы паўмесяц.

– Ты нешта надумаў, – сказала яна, сцвярджаючы, а не пытаючы. – Як звычайна.

– Гэтае чалавечае дзіця можа быць табе карысным, пані, – мовіў лютніст, паважліва нахіліўшы галаву, так што дзынкнула завушніца. – Я бачыў… – раптоўна ён пазмрачнеў і асёкся, а ўсмешка ў ягонай суразмоўцы зрабілася шырэйшай і трохі злавеснай.

– Ты бачыў, – паўтарыла яна нараспеў. Працягнула тонкую руку, пяшчотна кранулася Йураевай шчакі, адвёўшы непакорлівыя пасмы ўбок. – Што ты бачыў, мой залаты?

– Халоднае жалеза ў халодным камені, – адказаў Йурай як бы цераз сілу. – Там, дзе сярэбраныя ніці не гучаць. Дзе рана ад колішняй бітвы ўсё яшчэ сцякае гноем, дзе жалеза ржавее, пускаючы сваю атруту ў каменнае сэрца.

Яна апусціла павекі, быццам прыслухоўваючыся да нечага.

– А яшчэ, – прапела яна ціха. – Барву і золата на захадзе, ці не так, мой залаты?

І зноў, прыкрыўшы вочы, прыслухоўвалася да чагось далёкага, няпэўнага. А пасля глянула на лютніста – на гэты раз без усмешкі, заклапочана і пахмурна. Коратка зірнула на растрапаную макаўку Леля, і гэтым разам той задыхнуўся ад жаху і прыкрыў далонямі твар. Абы не глядзець ёй у вочы, абы не падаць у дзве чорныя бездані ў яе зрэнках.

– Песня і праклён, – прамармытала яна, ні да кога асабліва не звяртаючыся. – Часам і не адрозніш адно ад другога.

– Я бачу, ясная пані, – прагаварыў Йурай, настойваючы. – Добра бачу, што нам усім патрэбна гэтае чалавечае дзіця. Ніхто з нас не здолее вырваць з каменя жалезнае церне, а ты ведаеш лепш за мяне, што бывае, калі прошчы нямеюць, і…

– Я ведаю многае, мой залаты, – насмешліва звузіўшы вочы, адказала яна, і чароўныя агеньчыкі, што абселі яе цёмны плашч, і посах, і травы вакол, згодна зазвінелі на розныя галасы. Йурай паважліва нахіліў светлую галаву, дзынкнуўшы завушніцаю.

– Я таксама ведаю, мой залаты, – яна ўсё яшчэ глядзела на лютніста, і ямінка-паўмесяц не знікала з яе шчакі. – Пра спаборніцтва паэтаў і бітвы на песнях. У цябе, здаецца, несправядліва адабралі магчымасць паказаць сябе?

– О, ёсць многа спосабаў паказаць сябе і сваё майстэрства, ясная пані, – прагаварыў Йурай, звузіўшы вочы. – На мой густ, лепш, калі майстэрства кажа за сябе само.

Тон быў дзёрзкі, ды яна засмяялася, і ў Леля ад яе смеху мурашкі прабеглі па спіне.

– А цяпер ты, канечне, захочаш, каб я загадала аднаму з маладых прыдворных паэтаў стаць памагатым гэтаму чалавечаму сыну.

– Гэта было б мудра, ясная пані, – пачціва азваўся Йурай. – Вядома.

– Вядома, – насмешліва паўтарыла за ім яна, быццам разумела нешта яшчэ, што лютніст да пары прыхаваў за паважлівым тонам ды пачцівымі словамі. І павярнулася да Леля, і наблізілася на крок-два, трохі кульгаючы ды абапіраючыся на посах.

– Падыміся, – загадала ўладна. – Дай жа на цябе паглядзець, дзіця.

Лель сутаргавата выпрастаўся, пазбягаючы яе пагляду. Стаяў, пераступаючы з нагі на нагу, адчуваючы на сабе цяжкі ўважлівы позірк і згінаючыся пад гэтым цяжарам.

– Зірні ж на мяне, – засмяяўшыся, мовіла яна, і чароўныя агеньчыкі задрыжалі, кожны на свой лад паўтараючы яе словы.

– Зірні, – шапнуў у Леля над вухам напружаны Йураеў голас. – Не бойся.

Ён падняў вочы – і на імгненне аслеп, бо прапаў цёмны росны луг, бо расцяклася ва ўсе бакі нястрымнае залатое святло. Травы сталі падлогай, выкладзенай узорыстымі каменнымі плітамі, і ўзвысіліся, на вачах вырастаючы, стромкія калоны, і купал, з нанізанымі на яго жывымі зорамі, раскінуўся зверху.

Яна ж стаяла пасярод велічнай залы, поўнай ззяння, і стары дарожны плашч спаўзаў з яе, як шалупінне. А з-пад яго мякка бліскалі перліны на ўрачыстым уборы, і востры шлейф цёк за ёю, быццам жывыя хвалі, пераліваючыся ад пяшчотнага блакіту да сталёвага шэрага. У валасах цьмяным срэбрам бліснуў зубчаты венчык, а на рудых косах, схаваных пад сеткаю, рассыпаліся, быццам росы, дробныя дыяменты.

А гожы твар быў той самы, і выгін вуснаў такі ж уладны, і вочы такія ж вусцішна даўнія, такія ж зялёныя – быццам травы на курганах.

– Ведаеш, хто я, дзіця? – спытала яна, і на белай шчацэ паўмесяцам абазначылася смяшлівая ямінка. Лель, агаломшаны, знямелы, прырослы да каменных плітаў, знайшоў у сабе сілы адно кіўнуць. «Ведаю. Канечне, ведаю. Цяпер – ведаю».

Імя не давалася, выслізгвала з вуснаў, вылузвалася з пальцаў.

На страницу:
2 из 5