bannerbannerbanner
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
5 из 5

Лютня рэзка ўскрыкнула ў Йураевых руках – і час замёр, і замерлі, успыхнуўшы асляпляльна, чароўныя агні. Лель, як бы збоку, бачыў самога сябе, застылага ў каменным коле. Бачыў засяроджанага Йурая, ад якога пляліся, паступова наліваючыся цяжкім срэбрам, звонкія ніці. Бачыў, бліжэй за ўсіх да крыважэрнай пашчы, Ружану – і стралу, што зрывалася і ніяк не магла вызваліцца з цецівы, і стрэлы, што яшчэ ляцелі, а пакуль бездапаможна павіслі ў паветры. Позірк без вачэй, галодны і прагны, утаропіўся ў лучніцу, і бледныя павучыныя лапы падбіраліся, рыхтуючыся да скачка.

Гэта было – як тады, на начным беразе лясной ракі. Каменнае кола, драпежнік – і чалавечае жыццё, якое ад звера трэба любымі спосабамі абараніць, выратаваць, засланіць сабою. Бо іначай – нельга.

Бо сярэбраная ніць, што пранізвае і вядзе, указуе адзіны правільны шлях.

І душная гарачыня паднялася знутры, распіраючы рэбры, і звер, заключаны ў чалавечым целе, падняў галаву і зароў. І Лель, паддаўшыся звярынаму поклічу, які зараз перамяшаўся, пераблытаўся з хвалямі радаснай гарачыні, рвануўся наперад, вырастаючы, вызваляючыся.

Аброс густою чорнаю поўсцю, ацяжэў, увесь наліты тугою мядзведжаю сілай. Вырас і падняўся ледзь не пад самую поўню, роўны ростам са стаячымі камянямі. Запаволены час са стогнам рушыў наперад, працягваючы свой адвечны бег, а бязвокую пачвару ў лёце сшыбла і пакацілася з ёю па скалах, рвучы кіпцямі ды раздзіраючы ікламі, другая пачвара.

Вісклівым ускрыкам са смуроднай пашчы яго адкінула назад, ударыла аб скалы. Ён падняўся ў некалькі прыёмаў, зарычаў, скалячыся, наставіўшы дыбарам поўсць на гарбатай холцы. А пачварны павук, што адпору не чакаў, зноў зайшоўся крыкам, разявіўшы пашчу, ажно хмараю ўзняўся вакол пясок, ажно змяшалася неба і зямля.

Срэбра пела, плылі чары, і песня цякла, быццам рака, падхоплівала ўсіх і ўсё, быццам трэсачкі, несла за сабою. Збоку, як рачная хваля, цьмяна мільгануў стары меч – гэта Ружана падняла яго і трымала аберуч. Мядзведжым слыхам можна было адрозніць, як улітыя ў метал закляцці старадаўніх кавалёў гучаць суладна з ёю, прызнаюць яе за сваю. І стары клінок наліўся халоднаю ярасцю і пачвару, што кінулася, цяжка перабіраючы павучынымі лапамі, ударыў – і сілай рукі, і сілаю самой зброі, скаванай для бітваў з нелюдзьмі. Вуглаватыя знакі на лязе сурова бліснулі – і жалезны меч з усхліпам прашыў цёмную тушу, так што замест чарговага ўскрыку з пашчы вырваліся адно чорныя згусткі.

– Навалач!.. – злосна выдыхнула Ружана.

Пачвара захрыпела, захісталася і павалілася долу, але яшчэ не здавалася. Штосьці вылузвалася ў яе знутры, штосьці яшчэ больш агіднае і вусцішнае скідвала павучыную скуру, быццам абалонку, углядалася ў Ружану мёртвымі бельмамі. Пасля плюнула атрутай – і дзяўчо пакацілася па зямлі, ухіляючыся, губляючы цяжкі меч.

Дзін! Гэта новы атрутны плявок разбіўся аб карагод чароўных агеньчыкаў. А нямёртвае паўзло, набліжалася, з лёгкасцю змахваючы з сябе сярэбраныя ніці чараў, гасячы агні, патыхаючы гніллю і смерцю.

Стаячыя камяні стагналі, і ўвесь востраў дрыжаў, а каменнае сэрца тахкала часта і ўспуджана. І тады Леля не стала зусім – толькі звер, што роў і рваў, і качаўся па зямлі, раз’ятрана ламаючы нешта склізкае і ўніклівае, нешта нямёртвае. Толькі звер, што навальваўся на ворага ўсім цяжарам магутнага цела, што ўпарта сціскаў зубы на трапяткім горле, якое ўрэшце прарвалася чорнай пякучай крывёй. Калі ж тое нямёртвае заціхла, болей не вішчала і не варушылася, калі яно засталося ляжаць у льснянай лужыне, звер адступіў, прыпадаючы на параненую лапу. Забурчаў і засоп, адплёўваючыся ад мярзотнага смаку ў пашчы, прыкопваючы змятага, разарванага ворага. А пасля падняў круталобую галаву і пабачыў успуджаныя шэрыя вочы і, на напятай цеціве, стралу, таропка настаўленую на яго. А па-над стралой падала нядобрае слова – пярэварацень.

– Ён чалавек, – уладна запярэчыў другі голас, у якім яшчэ не адгучалі, яшчэ серабрыліся ўладныя ніці чараў. І шэрыя вочы зірнулі здзіўлена – на таго, хто пярэчыў, пасля зноў на звера.

І лук павольна, як бы нехаця апусціўся.

Звер рыкнуў, але глуха, няголасна, без пагрозлівасці, няўклюдна адступіў задам. Пацягнуў праз ноздры паветра, прынюхваючыся да пяску ды травы. Ад вострава ўсё яшчэ смярдзела падаллю, але ўжо накатваў свежы вецер, абдзіраў старую гніль, зносіў яе за сабой. І ўсё яшчэ білася – звер адчуваў гэта падэшвамі лап, – білася сэрца з каменю. І ў гэтым біцці быў сярэбраны перазвон хваляў, і голас ракі, і ўпэўненыя крокі, ад якіх усё вакол зноў пайшло галавакружным зыбаннем.

У тым біцці была надзея.

А скрозь зыбанне, скрозь далёкія ўтравелыя курганы, скрозь блізкія дубровы на ўзгорках крочыла, цягнучы за сабою востры вогненны шлейф, крочыла па ўдарах каменнага сэрца постаць, сатканая з белага агню.

– Зірні ж на мяне, чалавечае дзіця, – спакойна мовіла постаць і мімаходзь прыязна кіўнула Йураю, які застыў у паўпаклоне. І наблізілася, так што звер занепакоіўся, закруціў цяжкою галавой. Але белы агонь упэўнена паклаў руку на круты мядзведжы лоб – і за звярынымі вачыма раптам ачомаўся Лель. Упершыню за доўгі час паяснела ў галаве, адступіў невыносны спеў Голаду, а звярынае цела адчувалася як уласнае, да апошняй напятай мышцы, да апошняй валасінкі густой поўсці.

Ад лёгкага дотыку тонкай белай рукі звярынае аблічча спаўзала з Леля, асыпалася цёмнымі лахманамі і раставала на ўзрытым барацьбою пяску. Ён стаяў на карачках, цяжка дыхаў і дрыжаў пад халодным ветрам. Быў – самім сабою. Толькі сабою. І ад гэтага паўзабытага адчування самасці, цэласнасці ў Леля дрыжалі вусны. Спадылба, з асцярогаю ён глядзеў на ўсмешлівы паўмесяц на шчацэ Той і зусім не заўважаў, як параненае плячо крывіць, як начная сырасць халодзіць глыбокую драпіну на скуле.

– Зарок ёсць зарок, – шапнулі яму, па-мацярынску гладзячы па ўскудлачаных валасах. – І клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку.

Камяні падавалі галасы, яшчэ асцярожна, няўпэўнена, але ажывалі. Лель зажмурыўся, заматаў галавой, поўнай Яе голасу і каменнага спеву. Адчуў дотык на плячы, і Йураеў голас, не ўнутры яго, як покліч Той, а звонку, сказаў ціха:

– Падымайся патроху, ну. Усё… добра.

З дапамогай лютніста ён выпрастаўся, ацёр дрогкімі рукамі твар. Стаячыя камяні пад поўняю, падавалася, наліваліся серабрыстым святлом, і знакі на іх плылі, танчылі, як азёрныя хвалі, як вышыўка на рукавах Той. Лель не без боязі зірнуў на нерухомую пачвару – а тая, уся пранізаная зыркімі сярэбранымі ніцямі, патроху рассыпалася попелам, і парэшткі зносіла ветрам.

– П-пярэварацень, – зноў сказала Ружана, наморшчыўшы нос. – То, значыць?..

– Болей не, – адрэзаў Йурай. – Кажу табе, ён чалавек.

Шаптаў трыснёг, мерна ўздыхала вада, а пад шатамі дуброў на невысокіх узгорках укруг возера ўспыхвалі і танчылі сотні чароўных агнёў. І плылі над травамі, над вадою і камянямі, плылі адным ім вядомымі сцежкамі, пракладзенымі ў Ніколі і Нідзе.

– Гэта ж агні мёртвых, – прагаварыла Ружана, асяняючы сябе ахоўным знакам, і ўсё-такі з цікаўнасцю назірала за танцам кропак зялёнага святла вакол возера. – Яны, кажуць, зводзяць людзей са сцежак, зацягваюць у дрыгву.

– Гэта нашы агні, – выправіў яе Йурай. – Агні памяці. І цяпер яны вольныя.

Лель жа, пакуль тыя двое ўважліва глядзелі на карагоды агеньчыкаў на азёрных берагах, падышоў да бліжняга каменя, асцярожна крануўся яго рукой, адвёўшы ўбок надакучлівы плюшч. Адчуў нечаканую цеплыню шурпатага боку і слабы ўдзячны дотык – у адказ – на сваім розуме.

– Прошча будзе помніць цябе, – глуха мовіў Йурай, азірнуўшыся на Леля. – І тваю дапамогу. А помняць яны, як і мы, вечна.

– Значыць… камяні ачысціліся? – спытаў Лель.

Лютніст са скрухаю пакруціў галавой.

– Пройдзе яшчэ многа часу, – прагаварыў ён. – Вельмі многа, пакуль прошча дарэшты пазбавіцца водгулля халоднага жалеза ды старой атруты.

– І тады… – Йурай паціснуў плячыма. – Можа быць, мы зможам вярнуцца.

Лель уздыхнуў і пагладзіў камень са шкадаваннем. У голасе лютніста не было асаблівай упэўненасці, і, падобна, варожы метал, раствораны ў паветры, зямлі і вадзе, усё яшчэ ціснуў і прыгнятаў яго, выпіваў жыццёвую сілу.

Зрэшты, нават і знясілены, лютніст мог лекаваць. Агледзеў і перавязаў рану на Лелевым плячы, а глыбокі развал драпіны на скуле прыпёк халодным, як крынічная вада, зялёным агнём. Па мосце з месяцовага святла яны вярнуліся на бераг – Йурай, Лель і, апошняй, Ружана, што ўрачыста несла стары меч, завярнуўшы яго ва ўласны плашч.

– Ты, Мядзведжае Вушка, – сказала яна, калі месяцовая дарожка зноў рассыпалася па хвалях.

Лель прыўзняў брыво, а Ружана, слаба ўсміхаючыся, паўтарыла мянушку і працягнула яму меч.

– Хай у цябе лепш будзе, – дадала. – На маю руку цяжкаваты ўсё-такі.

Лель усміхнуўся быў, але ад руху вуснаў балюча тарганула параненую скулу. Ён пытальна глянуў на Йурая – а той моўчкі глядзеў на меч, які Ружана трымала на далонях. Святло поўні слізгала па бледным лязе, нібы пазбягаючы кранацца вуглаватых чорных знакаў, уплаўленых у метал.

– Вазьмі, калі ласка, – з мяккай настойлівасцю папрасіла Ружана. – Цэлы край ад навалы выбавіць – гэта не жарты.

І, кашлянуўшы, заўважыла, што яе бацька, які гаспадарыць у навакольных землях, канечне, узнагародзіць самым лепшым чынам, ды і людзі ўзрадуюцца. Столькі гадоў доўжыўся кашмар – а зараз-та зноў мір і спакой.

Яна зноў гаварыла з тою сваёй шчырай гарачнасцю, так што Лель і словы яе падзякі, і запрашэнне, і стары меч з халоднага жалеза не мог не прыняць. Але, прымаючы, бачыў, як пазмрачнеў твар Йурая.

Праўда, лютніст маўчаў. І калі Ружана, паружавеўшы, звярнулася са сваёю падзякаю і захапленнем да яго, і тады, калі ўсе трое, стомленыя, вырашылі да світання ўладкавацца для адпачынку пад адным з вячыстых дубоў. Лель назбіраў сухога вецця, а Ружана, вылавіўшы з мяшэчка на поясе крэсіва, спрытна развяла вогнішча. Тое было самае звычайнае, чалавечае, і чырвоныя языкі пужліва адхіляліся ад спахмурнелага Йурая, быццам пад подыхам марознага ветру.

– Стаміўся? – спагадліва спытаў Лель у лютніста. Той, зірнуўшы на яго спачатку непаразумела, быццам пытанне вырвала яго з плыні думак, змушана паківаў.

– Я мушу… – пачаў быў Йурай, але тут жа сціх. Паморшчыўшыся, з гідлівасцю паглядзеў на стары меч, які Лель зараз трымаў на каленях, бо спрабаваў разабраць знакі на клінку. Закляцце, уплаўленае ў метал, злёгку халадзіла Лелевы пальцы.

– Нішто, – весела абяцала Ружана. – У нас адпачняце як след. У нас ведаеце як гасцей прымаюць? А калі бацька яшчэ і дазнаецца, што праклён зняты… Абяцаю раскошны прыём ды належную ўзнагароду.

Але Йурай, падобна, ніколькі тымі абяцаннямі не ўражаны, толькі зябка павёў плячыма і пахмурна глядзеў у агонь. Лель, вырашыўшы, што чары на заклятым жалезе замінаюць лютністу, паспешліва аднёс меч далей ад вогнішча, уладкаваў ля шурпатага дубовага ствала. Пасля таго Йурай, здаецца, выдыхнуў з палёгкай, але больш гаваркім так і не зрабіўся, і лютня яго таксама маўчала, пабліскваючы залацістым бокам ля Йураевых ног.

Зрэшты, меркаваў пра сябе Лель, чары, напэўна, вымагаюць шмат сіл. Ды і ўсім ім варта было адпачыць.

Поўня кацілася па нябёсах, быццам клубок нітак, патрэскваў агонь, уздыхала над іхнімі галовамі дубовае голле. А за дубамі мірна каціла хвалі возера, і – Лель цвёрда ведаў гэта, хай і не мог пачуць – камяні на ім ціха перагаворваліся.

Ружана спачатку радасна дзялілася мясцовымі байкамі пра прыазёрныя дубровы і дзівы, якія ў іх прыдараліся. А пасля прыціхла і задрамала, скруціўшыся клубочкам ля агню і ўкрыўшыся плашчом. Йурай задумліва кратаў струны лютні, і Лель доўга глядзеў на лютніставу светлую галаву, на знічку завушніцы, што бліскала між валасоў. Цені ад вогнішча рухаліся, але былі самыя звычайныя, без злавесных чараў ці драпежнага спеву. Таму Лель і сам не заўважыў, як паснуў.

А калі прачнуўся, то найперш пабачыў над сабою пераплеценае цёмнае вецце і лістоту, кранутую залатой сівізною восені. Бялёсае неба праглядала скрозь перапляценне галін, пад Лелевай шыяй выгінаўся, муляючы, упарты нязручны корань, і трохі цягнула скуру на параненай скуле. Над дуброваю разносіліся звонкія птушыныя галасы, і хтосьці пухнаты ўтульна і клапатліва варушыўся ў алешніку, а ніжэй па схіле ішлі на вадапой, пафыркваючы, асцярожныя алені.

Лель соладка пацягнуўся і сеў. Пабачыў Ружану, якая таксама пацягвалася і ўсміхалася яму, пабачыў стары меч, уладкаваны ім учора далей ад агню. Пабачыў жаўтагрудую сініцу, што гушкалася на тонкай галінцы маладога дубка, што рос пад самым бокам у старога волата. Падскоквала ў траве белабокая сарока, цікавала за людзьмі ля пагаслага вогнішча.

А вось Йурая нідзе не было.

– Ды, мусіць, сышоў, пакуль мы спалі, – прагаварыла Ружана, праціраючы кулаком вочы. – Адно слова – нелюдзь. Ні развітаўшыся, ні… нічога.

Уздыхнуўшы, яна дадала трохі цішэй, можа, збольшага для самой сабе, што такія клапоцяцца адно пра іхнія чары ды песні. Ну, і пра камяні яшчэ, можа. Што з іх узяць.

– Ды не, – запярэчыў Лель. – Ён зусім не…

Але не дагаварыў, замаўчаў, і сэрца сціскалася ад нядобрага цяжару. Быццам нешта не так сказаў ці зрабіў. Быццам у нечым – незнарок – паспеў памыліцца, а зараз няма як тую памылку выправіць.

Яны, праўда, на ўсякі выпадак яшчэ колькі часу заставаліся на месцы начлегу пад дубам. Лелю хацелася верыць, што лютніст не мог знікнуць вось так, што ён, можа, адышоўся кудысь непадалёк і хутка вернецца. Але сонца падымалася ўсё вышэй, Йурай не вяртаўся, і хутка Лелю давялося прызнаць, што чакаць ім няма каго. На сырой звярынай сцежцы да вадапою, якая спускалася з пагорка і абыходзіла возера кругам, Ружана знайшла свежыя ваўчыныя сляды, што кіраваліся на поўнач. І, пакуль дзяўчына ўголас дзівілася, што такіх велізарных ваўкоў у іхніх краях яшчэ не бачылі, Лель сумна думаў пра белага ваўка, які сышоў некуды на поўнач на світанні, які знік, быццам здань, на дальнім азёрным беразе, сярод дзікіх пагоркаў ды вольных лугоў.

А яны з Ружанай вярталіся з бязлюддзя, што цяпер было прасякнута радаснымі птушынымі і звярынымі галасамі, да ўтравелых каляінаў дарогі. Ішлі побач, размаўляючы пра ўсё на свеце і ні пра што асабліва. Лель, у якога ўсё яшчэ замірала сэрца ад кожнай новай заўважанай у Ружане драбязінкі, зразумеў, што размова між імі тчэцца нязмушана, як бы сама сабой, што адзін жыва падхоплівае думку другога, нават калі не цалкам з ёю згодны. Што Ружана ўмее забаўна перадражніваць і свайго ўладарнага бацьку, і сяго-таго са знаёмых, што яна ўвогуле процьму рэчаў ведае і ўмее. І на дзіва хораша было ісці з ёй, дасціпнай, спрытнай і гнуткай, і нават цяжар старога мяча, які Лелю давялося несці, паклаўшы на плячо, быццам касу, падаваўся не такім ужо вялікім.

Старыя дубы перашэптваліся пад ветрам, блізка раздарожжа іх застаў, прыбіўшы пыл да зямлі, светлы бадзёры дожджык. Сінія і шэрыя хмары гусцелі над дарогаю далей: там сцяною ішла залева. Адсюль, з узвышша, відаць было выгін спакойнай ракі, палі і драўляныя вежы з барвовымі сцягамі – тыя падаваліся дробнымі, быццам маглі б змясціцца на далоні. А па дарозе ад вежаў, большаючы, насустрач ім дваім несліся, вырываючыся з непагадзі, вершнікі – збройныя, у панцырах і з дзідамі.

Тых вершнікаў яны сустрэлі трохі далей па дарозе. Кавалькада пранеслася была, але праз якое імгненне той, што скакаў першым, рэзка развярнуў варанога каня і спешыўся. І, сцягваючы шалом, подбегам кінуўся па ўзбочыне назад, да Ружаны. Хмурыў бровы, такія ж упартыя, як і ў дзяўчыны, а ў русых кудзерах, схопленых простым скураным шнурком, у кучаравай барадзе серабрыліся нітачкі сівізны. Лель згледзеў цяжкую залатую грыўну на шыі вершніка, заўважыў, што і адзенне, і панцыр на ім тонкай работы, – і зразумеў, што гэта мясцовы ўладар і Ружанін бацька. Зразумеўшы, адразу зніякавеў: яму чамусьці адчайна не хацелася, каб бацька Ружаны быў князем.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
5 из 5