bannerbanner
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх

Полная версия

Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх

Язык: Русский
Год издания: 2022
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
3 из 4

Ад хваляваньня дыхальцы па ўсім целе Фойкэ з шумам ганялі паветра.

– Бедная мая блястафага, – Кэрнун выглядаў пасумнелым, але не раззлаваным. – Ты наслухалася атрутных словаў і самая не разумееш свайго шчасьця. Раней, за часамі панаваньня чалавека, восы-блястафагі былі памерам з мой пазногаць, ня мелі розуму й жылі ня больш за пару дзён. Іхныя саміцы паміралі па першым жа прыплодзе. Дзякуючы майму клопату, вы жывяце сваім сёньняшнім жыцьцём. Ты пытаешся чаму? Бо так наканавана самою прыродаю. Ты – нібы той вінар, які абкопвае і ўгнойвае няплодную смакоўніцу ў вінаградні – апыляеш смоквы й даеш сьвету вялізныя вінныя ягады. Што тычыцца крэўнага скрыжаваньня, ніякае рызыкі яно не нясе: рэкамбінацыяў генаў у вас болей чым дастаткова. Тое, што для Зялёнага чалавека грэх, для дзяцей Кэрнуна такім не зьяўляецца.

Фойкэ не выглядала перакананай.

– Завошта ты так абышоўся з чалавецтвам? Цалком зьмяніў яго, але не пазбавіў розуму. Перакруціў форму, але пакінуў істу. Гэта нагадвае вытанчанае катаваньне. Зялёны чалавек кажа, першыя гібрыды жывёлы й чалавека ствараліся як сэкс-лялькі для вычварэнцаў. Навошта было заводзіць усё так далёка: ствараць цэлую плянэту лялек для сябе аднаго?

– Зялёны чалавек як заўжды кажа паўпраўду. Тое, што пачалося як вычварэньне, паслужыла добрай мэце. Усё, што я рабіў, павер, я рабіў у імя біяцэнтрызму. Чалавецтва загразла было ў невырашальных супярэчнасьцях і пагражала існаваньню ўсяго жывога. Я ня мог ня дзеяць. Каб парваць з індустрыяльным грамадзтвам і ягонымі жудаснымі параджэньнямі, духоўнае трансфармацыі аказалася недастаткова – спатрэбілася й фізычная. Адную плянэту людзі на той момант зьнішчылі, Гвінвідам я рызыкаваць ня мог.

Фойкэ не стрымалася: затраскатала жаваламі й заторгала вусікамі.

– Няпраўда! Ня дзеля біяцэнтрызму ты стараешся. Ты тэацэнтрысты. Самазакаханы бог. Тысячагодзьдзямі назіраеш, як створаныя табой цацкі жывуць і паміраюць, і цешышся з уласнае ўсёмагутнасьці.

Праваруч пагрозьліва зарыкаў Мадыган, зьверху засыкалі гадзюкі. Кэрнун суняў іх адным гэстам і спакойна пагладзіў Фойкэ па сьпіне.

– Ну-ну, усе вы – мае ўлюбёныя дзеці, я вас папросту даглядаю. А за цябе зараз гаворыць Зялёны чалавек, ягоныя злосьць і зайздрасьць. Гэта чалавечыя эмоцыі, жывёлам яны не да твару.

– У чым жа ён так няправы? Чаму людзі ня могуць падтрымваць біябалянс, жыць у гармоніі з прыродай?

– Могуць. Калі зьяўляюцца ейнаю часткаю. Калі перастаюць быць людзьмі. Бо пакуль імі застаюцца, паўсюль нясуць з сабою самаразбурэньне. Гэта Зялёны чалавек навучыў антрапацэнтрыстых забароненым тэхналёгіям. Адказнасьць за іх сьмерць ляжыць на ім. Паглядзі, усё ўжо скончваецца.

Калі б Фойкэ падняла свае фасетачныя вочы ўгару, яна б убачыла, што над гарызонтам узышоў Анун – спадарожнік Гвінвіду. Па ўсёй ягонай паверхні былі відаць зарнічныя выбліскі ракетных выбухаў. Падбітыя касьмічныя станцыі зьнічкамі падалі зь нябёсаў на тле туманнасьці Кілю. Зьнічак рабілася ўсё менш.

Але Фойкэ вачэй не падняла. Тых самых вачэй, якія маглі глядзець на сто восемдзесят градусаў. Імі яна адначасна бачыла Мадыгана, які неадрыўна сачыў за ёй, справа і голы жывот Кэрнуна, да якога прыціскалася чэраўцам, зьлева. Тыдзень таму на загад Зялёнага чалавека яна лятала на арбітальную станцыю да сьветлякоў, якія пасьпелі адгадаваць сабе пяціпальцавыя канцавіны й навытырыцца ў біяінжынэрыі. Там зь ейнага яйкакладу вынялі ўсе яйкі, замяніўшы іх фугаснымі бомбачкамі.

Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той – просты сьмяротны.

Выбухнула.

У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.

Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое. Нашыя смакоўніцы цяпер няплодныя – ды замест таго, каб пасьсякаць, мы абкопваем і ўгнойваем іх, спадзяваючыся на перамены. Каторыя кажуць, бяз восаў-блястафагаў нічога не атрымаецца. З такімі ў нас размова кароткая.

Граху біяцэнтрызму мы на душу ня возьмем.

Найлепшая маскіроўка

Як бы я ні любіў чытаць цьвёрдую НФ зь ейнымі рэвалюцыйнымі ідэямі й канцэптамі, ад якіх займае дух, таксама не абы-які сантымэнт маю да касмаопэры й «sword and planet». І дагэтуль у перапынках паміж Грэгам Бэрам і Грэгам Іганам з прыемнасьцю перачытваю забаўляльныя «Tschai» Вэнса, «Viagens Interplanetarias» дэ Кампа і «Majipoor» Сільвэрбэрга.

Пачынаючы сваё знаёмства з фантастыкай, я, памятаю, дзівіўся: як так? Па «новай хвалі», па тым, як у канцы 60-х Дзілэйні напісаў быў «Бабілён-17», Жалязны – «Валадара сьвятла», а Дзік – «Убіка», – па ўсім тым Эдвін Таб як нічога ніякага кляпаў яшчэ не адзін дзясятак непатрабавальных раманаў пра Дзюмарэста з Тэры, а Лі Брэкет працягвала бясконцыя прыгоды Эрыка Старка на чарговай плянэце. Яна ж напісала сцэнар для пятага эпізоду «Зорных войнаў», дзе, як вядома, караблі так прыгожа, але абсалютна ненавукова выбухаюць у космасе.

Дзівіцца я дзівіўся, але быў задаволены, што прыгодніцкая фантастыка добра пачуваецца па сёньня. Брэкет з Табам мне падабаліся, і я радаваўся, што яны чытаюцца й дагэтуль. А дурасьлівыя «Зорныя войны» дык і глядзяцца – насуперак таму, што гэта, у ісьце, папросту «Дзюна» на мінімалках. Гэткая лёгкая фантастыка ня толькі чытаецца, але й пішацца. Напрыканцы тысячагодзьдзя Гарднэр Дазуа выдаў таўшчэзную анталёгію «Adventure SF in the Grand Tradition» з новымі прыгодніцкімі апавяданьнямі сучасьнікаў. Шматлікія аўтары й цяпер, у XXI стагодзьдзі, працягваюць ствараць кнігі пра герояў Эдгара Райса Бэраўза – Джона Картэра з Марса й Карсана з Вэнэры.

У рэчышчы тае старое традыцыі якраз і напісаная «Маскіроўка». А выгляд галоўных герояў я запазычыў з карцінаў Ота Дыкса «Партрэт доктара Маер-Германа», «Прадавец запалак» і «Партрэт доктара Гайнрыха Штадэльмана». Касмалёгію скарыстаў з «Куканіі»: у парадку аддаленьня ад Старое Зямлі йдуць Блізкія Сьветы, Крэсовыя плянэты, Загранічча й Незнань.

«Доктар Лезгэ».

Што-што, а памяць у Бальтрута Тронзы была выдатная. Зь ягонаю прафэсіяй па-іншаму ніяк. У той момант памяць падавала сыгналы ягонай сьвядомасьці.

Таму ён і зьнерухомеў, дзе стаяў – пасярод эсплянады. Леваруч за падпорнаю сьценкаю плёскаўся Брульлём – памаранчавы акіян звадкаванага газу з характэрным мэталічным пахам, а праваруч бязладным шэрагам ляпіліся да схілу замшэлыя грыбы з офіснымі памяшканьнямі ўнутрох. Варты ўвагі краявід для ўраджэнца Старое Зямлі, але нічога прыцямнага для таго, хто ўжо наведваў Гліцыяс. Для бадзягі, які не затрымваўся на адной плянэце болей за пару месяцаў, папросту чарговая дэкарацыя.

«Гм, Лезгэ. Дакладна ня з тых, каму я ваду замуціў быў. Лезгэ-Лезгэ, дзе ж я мог цябе перастрэць?..»

Сьпіс людзей, што мелі нагоду й магчымасьць для помсты, ён ясна бачыў нутраным зрокам, варта было заплюшчыць вочы. У ягоным доме памяці картатэка з мажлівымі мсьціўцамі й знанымі ворагамі месьцілася ў цэнтральным пакоі. Складалася яна з двухсот сарака шасьці ймёнаў. Васьмёра былі нябожчыкамі, але іхныя карткі выкідаць было ня варта: паквітацца квітам могуць і нашчадкі.

«Хто ж ты такі, доктару, і чаму мне муляе тваё ймя?»

Гэты адрас даў Старычына Рэнзо. Падстаўляць Тронзу яму было не з рукі. Днямі яны сумесна правярнулі шматхадовую афэру на станцыі Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. У выніку хітрых апэрацыяў ім удалося паціху аформіць паі ў Банку ККД. Паі на кругленькую суму й выдуманыя ймёны. Пад гэтыя ймёны яны зрабілі новыя асобы – зьмянілі свае ДНК. Адпаведныя дакумэнты – цалком афіцыйна – на тыя імёны дастаць было нескладана. Паводле рэгуляцыяў банку, пагасіць паі ў аддзяленьні на Папілюсе, што ў Крэсах, можна было не раней, чым празь зямны месяц. Каб засьцерагчы сябе ад здрады з боку паплечніка, яны аформілі паі адмысловым чынам. Пагасіць іх можна выключна ў пары: трымальнікі папераў мусяць адначасна зьявіцца ў аддзяленьні банку й пацьвердзіць свае асобы квантавымі меткамі.

Рэнзо й Тронза сталіся цяпер адзін для аднаго літаральна найдаражэйшымі людзьмі ў Сусьвеце. Гэта, вядома ж, ні ў найменшай меры ня значыла, што яны хоць крышачкі давяралі адзін аднаму.

Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не перастрахаваўся: перад адведкамі Папілюсу ён вырашыў з тыдзень пераседзець на Гліцыясе. Паводзіўся тут ціхмяна й назіраў, ці ня пойдуць якія чуткі, ці ня зьявяцца нязваныя госьцейкі. Афіцыйна Галяктычны Рэгістар ня мог нічога зрабіць на Крэсовых плянэтах, у тым ліку на Папілюсе, але неафіцыйна мог заслаць сакрэтных агентаў – справа пахла вялікімі грашыма. Мог выправіць наймітаў і Банк ККД, калі б выкрыў афэру. Заставалася верагоднасьць, што іх сустрэнуць адразу за дзьвярыма аддзяленьня. Усё, што Тронза быў у змозе зрабіць (і зрабіў) – гэта займець свае «вушы» на Папілюсе, якія ў выпадку небясьпекі даслалі б яму вестку.

Акром таго, ён вырашыў у чарговы раз зьмяніць аблічча. Старычына Рэнзо параіў яму адрас у Вялікім Шкосьце: Эсплянада Ві Брульлём, 17. Сказаў, што здаўна знае доктара й давярае яму як сыну. Маўляў, ягонымі паслугамі карысталіся такія легенды, як Пранчуздра Дэнэльбромт, Ё-ё Крыкс, Тэльтрон Пратон і Мезьвілёмій Арэскі. Галяктычнаму Рэгістру ні разу не ўдалося злапаць нікога зь іх. Яны бяз шуму сышлі на дно й цяпер, відаць, насалоджваюцца заслужаным адпачынкам дзе-небудзь у Заграніччы альбо на ўласных астэроідах. На гэта Тронзу не было чаго запярэчыць.

У сьпіну яму торкнуўся халодны нос цяжкавога вульпра, які цягнуў панарад з грыбнымі спорамі. Тронза схамянуўся і адышоў з дарогі, дзе стаяў увесь час, утаропіўшыся ў вялізныя белыя літары на дзьвярох:

КАНСЬПІРАЦЫЙНАЯ ХІРУРГІЯ Й СУПРОЦЬСЬЛЕДЧАЯ СПАМОГА

Д-Р ЛЕЗГЭ, МЛДШ.

Ён задуменна падкруціў наваскаваны вус і наблізіўся да ўваходу. Адсюль можна было разабраць драбнейшы надпіс ніжэй:

Адзінаццаць гадоў бясплямнае практыкі

Найлепшая маскіроўка, творчы падыход

Ніякіх пытаньняў, ніякіх імёнаў, ніякіх ганьбаваньняў

Пакіньце катэгарычны імпэратыў на ганку й сьмела ўваходзьце

Яшчэ ніжэй на цьвіку ліпела паперчына:

Нагадваем баязьліўцам: паводле арт. 343/8 Галяктычнага Рэгістру, правамоцнасьць Рэгістру не распаўсюджваецца на Крэсовыя Плянэты, якія зьяўляюцца зонаю неабмежаваных вольнасьцяў, грамадзянскае бяспраўнасьці, натуральнага стану й кіраванага хаосу. Таксама нагадваем, што пакоі за адрасам Эсплянада Ві Брульлём, 17 месьцяцца ў Вялікім Шкосьце, які ў сваю чаргу знаходзіцца на Гліцыясе, а Гліцыяс, як вядома нават баязьліўцам – плянэта Крэсовая.

Ля самае зямлі ляпіліся квантавыя меткі Ё-ё Крыкса, Пранчуздры Дэнэльбромт і шчэ колькіх знакамітых авантурнікаў. Тронза прысеў і памацаў блішчастыя круглякі – непадробленыя. Гэта яго супакоіла. А вось пасаж пра «творчы падыход» даспадобы не прыпаў. Гэтак жа сама, як прозьвішча Лезгэ.

Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не навучыўся па-філязофску спакойна прымаць тое, з чым нічога парабіць ня мог. Нічога, акром хіба што аднае засьцярогі. Пакончыўшы зь ёй, ёй паціснуў плячыма, разгледзеўся на бакі і ўвайшоў.

Калідор імітаваў ход, прагрызены стужачным чарвём. На шурпатых сьценах чорнымі алейнымі кроплямі праступала вільгаць. Ход пятляў і падымаўся ўгору, аж пакуль не выводзіў у полы капялюш. Памяшканьне станавіла сабою прасторную напаўсфэрычную апэрацыйную, пазастаўляную незразумелымі прыладамі старасьвецкага выгляду, мэталічныя часткі якіх пакрыліся пацінай – атмасфэра Гліцыясу не давала ім літасьці. Тут панаваў грыбны водар упярэмешку з мэдычнымі пахамі. Ніводзін прадмет ня быў маладзейшым за Тронзу. Зрэшты, пабачыць іншую карціну ў Крэсах ён і не спадзяваўся.

Большую частку пакою, здавалася, займаў тлусьцяк у белым халаце. Ён сядзеў на ўслоне й глядзеў у нікуды тупымі касаватымі вочкамі, зьведзенымі да пераносься. Мажныя шчокі й падвойнае падбародзьдзе, за якім не было відаць шыі, наводзілі на думку пра вавёрак Сўэльта. Тыя назапашвалі еміну ў ротавае поласьці на зіму й часам так стараліся, што гінулі з асьфіксіі. На грушаватую галаву тлусьцяк начапіў бліскучую антыкварную прыладу. «Лобны рэфлектар, – паслужліва падказала памяць. – Артэфакт Даўных дзён. У дадзеным выпадку не слугуе ніякай практычнай мэце». Гледзячы на дзябёлыя пальцы, Тронзу цяжка было даць веры, што перад ім слынны хірург. Ад пальцаў увага перакінулася на рукі. Можна было падумаць, іх вага настолькі вялікая, што менавіта празь яе доктар склаў ручышчы-ўпоры на каленях перад трыбухом.

Судзіць людзей паводле першага ўражаньня, да таго ж вонкавага, – справа рызыкоўная, таму Тронза ўстрымаўся ад высноваў. Адно зазначыў, як часта лекары бываюць падобныя да спалечнікаў лякарняў.

Тлусьцяк маўчаў, глядзеў у сьцяну й не выяўляў з таго ні найменшае няёмкасьці.

Тронза аказаўся:

– Доктару Лезгэ, мяркую? Вышняга вам ветру.

Той урэшце перавёў на яго няўважлівы пагляд, пасьля чаго цяжка, з задышкаю, узьняўся.

– Так-так, і вам таго ж, шаноўны незнаёмцу. Да паслугаў спадара.

Тронза разгарнуў паперу, дзе загадзя накідаў жаданы твар. Ён кагадзе зацікавіўся фізыягномікай – таемнаю ведаю Даўных дзён, якую тады каторыя лічылі за псэўданавуку. Можа, так і было, можа – не. Тронза не губляў нічога, акром часу, таму на аснове зводак Галяктычнага Рэгістру ўклаў сьпіс рысаў, што сустракаліся ў злачынцаў часьцей за іншыя. Тым рысам ён падабраў супраціўнасьці. Да іх дадаў характарыстыкі, якія, паводле фізыягномікі, сьведчылі пра абычайлівасьць носьбіта. У выніку атрымаўся непрыкметны твар: за такі ў натоўпе вока не зачэпіцца. Гэта яму й патрабавалася.

Доктар моўчкі глядзеў на накід. Тронза керхануў і для прыліку задаў колькі пытаньняў пра апэрацыю. Лезгэ ўдакладняў дэталі неахвотна; выслухваў пажаданьні Тронзы, засунуўшы ў рот адзінец, і няпэўна мыкаў; ківаў ня ў лад, быццам уласным думкам. Пажвавеў, толькі калі гаворка зайшла пра аплату.

– Пяцьсот вызнакаў. Зробім у найлепшым выглядзе.

– Чатырыста альбо разьвітаемся зараз жа. За пяцьсот на Старой Зямлі мною займаліся б некалькі дактароў у сучаснай чыстай лякарні.

– Чатырыста пяцьдзясят. На Зямлі, няма сумневу, спадар прыцягнуў бы непатрэбную ўвагу.

– У кожным разе я маю пры сабе толькі чатырыста дваццаць.

– Што ж, праходзьце, кладзецеся. Пару гадзінаў, і вы сябе не пазнаеце.

Тронза распрануўся, выпрастаў стрэлкі на нагавіцах, спраўна склаў вопратку на канапе ля сьценкі. Без ваганьняў лёг на апэрацыйны стол у цэнтры.

Доктар Лезгэ падкаціў да яго праржавелы рыплівы апарат. «Саматужная прылада для зьнячуленьня, – паведаміла памяць. – Чарговы рэлікт Даўных дзён».

Доктар прыціснуў маску з трубкаю да ягонага твару. Падаў газ. Тронза пару разоў глыбока ўздыхнуў, і ягоная сьвядомасьць расьцьвецілася калейдаскопам відзежаў.

Тлусьцяк у залітым крывёю халаце пяшчотна схіляецца над ім, адкусвае нагу й ручышчамі-ўпорамі запіхвае сабе за шчаку. Смачна храбусьціць. Нахіляецца над другою. Тронза скочваецца на падлогу й колькі змогі скача прэч на адной назе. Вакол праносяцца модулі станцыі Альдрэма. Ён імчыць паўз гатэль Друі Нуё, дзе спыняўся днямі, калі праварочваў афэру з Старычынам Рэнзо. Залятае за рог і наскоквае на адліваную браму. На ёй – выгнуты сьвятлісты надпіс:

ВАНДРОЎНЫ ЦЫРК-ЗЬВЯРЫНЕЦ КАСЬМІЧНЫХ ВЫРАДКАЎ

СП. ЛЕЗГЭ


Шалапуты, блазны, нелюдзі, бажаволкі й размаітыя пачвары

Самасьцьвярджайцеся за кошт калекаў, якія моўчкі праглынуць любыя кпіны

Пасьпейце на векапомны выступ, пакуль цырк не паляцеў далей

Пад ім – прыпіска на аркушы кардону:

32—36 бакагрэя, пятая гадзіна. Наступныя імпрэзы: Гліцыяс, Вальрая, Папілюс

Тронза навальваецца на браму. Яна з скрыгатам расчыняецца.

Ён апрытомнеў і разьляпіў вочы. Пахла нечым рэзкім і непрыемным. Адчувалася лёгкая замарака, млявасьць. Ад доўгага ляжаньня зашэрхнулі ногі. Калі лахманы туману ўваччу паразьвейваліся, Тронза зразумеў, што відзежы па зьнячуленьні ня зьніклі. З круглага вакна ўгары на яго глядзеў жудасны курдупель: аблавухі, з масыўнымі брывянымі дугамі, вытырклымі скуліцамі й параю гнілякоў у роце. Твар яго крывіўся грымасаю бясьсільнае нянавісьці. Ногі ад сярэдзіны сьцёгнаў ператвараліся ў караценькія кавёлы. Так мог выглядаць дзікі насельнік Даўнажыўнае эры.

Курдупель зьнік як і не было. Тронза сьцяміў: гэта не вакно – гэта доктар Лезгэ адсунуў ад сталу вялізнае круглае люстра. Ён назіраў за ўласным адбіткам.

– Ну як вам, даражэнькі Бальтруце? – пачуўся знаёмы далікатны голас. – Як на мяне, харызматычна й густоўна. Адчуваецца дотык самабытнага творцы.

– Старычына Рэнзо? – прасыкаў Тронза. Без бальшыні зубоў прамовіць нават гэтыя два словы было няпроста.

Ён амаль не зьдзівіўся. Сьвядомасьць ужо складвала кавалачкі мазаікі, і вынік атрымваўся бязрадасным. Рука міжволі цягнулася да праменявіка, які ён узьвёў перад уваходам.

– Спадар Рэнзо. Рэнзо Лезгэ. Панібрацтва не пасуе дачыненьням шэфа з падначаленым. Мяркую, вы пагадзіцеся са мною, Бальтруце. Вам, натуральна, патрэбны час, каб асэнсаваць новы стан рэчаў. Не магу вас папракаць.

Тронза павярнуў нехлямяжую галаву і ўгледзеўся ў свайго супольніка – лупатага сухарлявага чалавечка ў гадох, як заўжды пры гальштуку й гарнітуры. Трыкутная галава з вузкім падбародзьдзем і высокім ілбом падавалася завялікаю для ягонага кволага цельца. Выцягнутыя, бы ў кажана, вушы амаль сягалі падбародзьдзя. Абвіслая скура мела зеленаватае адценьне – вынік доўгага жыцьця на станцыях пад узьдзеяньнем сонечнае радыяцыі. Сьлязістыя вочы даўно выцьвілі й зацягнуліся плевачкай, празь якую прасьвечвалі шэрыя зрэнкі. Гэтымі вачыма Рэнзо жаласна глядзеў на Тронзу, рыхтык перапрашаў за сваю бытнасьць.

– Вы не казалі, што доктар Лезгэ – ваш сын. І, пэўна, не зусім доктар.

– Ах, гэта дробязі… У Драманда талент, вы ня лічыце? Натуральны мастак. Натхняецца старасьвецкімі альбомамі. Ён і мне падправіў быў выгляд. Стаўся для яго, так бы мовіць, першым палатном.

Сам Драманд тымчасам усеўся на ўслон і зноўку вылупіўся на сьцяну.

– Прызнацца, я спадзяваўся на іншы вынік апэрацыі.

– Творчая натура, што зь яго возьмеш. Акадэміяў ня скончваў. Не прызнае рамак, грэбуе работаю на заказ, самі бачыце. А спадзевы… Няспраўджаныя спадзевы гартуюць характар.

– Як вы падрабілі квантавыя меткі? Ужо й маю́ маеце?

– Квантавую метку падрабіць нельга. Вы й самі ведаеце.

Тронза нахмурыў свае новыя кашлатыя бровы.

– Я вас ні ў чым не падмануў, даражэнькі Бальтруце, – уздыхнуў Рэнзо. – Гэта папраўдзе найлепшая маскіроўка. Ёю скарысталіся многія авантурнікі. Каторыя зь іх дагэтуль са мной. Тэльтрон Пратон радасна віхляе хвастом, як убачыць мяне, а Пранчуздра Дэнэльбромт ня можа нацешыцца сваёю барадой. Усе яны – і Ё-ё Крыкс, і Мезьвілёмій Арэскі – уласнаручна пакінулі свае меткі. Такую рэкамэндацыю ня купіш за грошы.

– То значыць, я мушу быць вам удзячны.

– Разумею, у вас зараз віруюць эмоцыі, вы наладжаныя здураваць. Цягнецеся па праменявік, але забываецеся, што ён зашыты ў галёнцы – нагі ў вас, на жаль, ужо няма. Лазэрную пістолю з зубу Драманд таксама дастаў, разам з бальшынёю зубоў. Даліпан, вы мусіце мне падзячыць: ён хацеў быў адняць вам абедзьве рукі, каб дасягнуць большага падабенства з альбомнаю выявай; але я пераканаў яго, што гэта непрактычна.

Тронза зычна скаўтнуў.

– Слова свайго я не парушу. У найбліжэйшыя тры тыдні вы – Недаростак Бальтар, калека з вандроўнага цырку спадара Лезгэ. Неўзабаве нас чакае выступ на Вальраі. У часе плянэтарнага візыту мы зможам падчысьціць запасьнікі музэю Андрамэды. Праз тры тыдні выправімся на Папілюс і атрымаем свае грошы, па чым вы будзеце вольныя пайсьці сваёю дарогай – мо знойдзеце хірургаў, якія падлатаюць вас пасьля майго сынка, хаця я дагэтуль не сустрэў такіх – альбо, хто ведае, застацца ў маім цырку й праварочваць афэры па ўсёй Галяктыцы ў слаўнай кумпаніі прайдзісьветаў.

– Бачу, вы не пакінулі мне выбару.


На прыганку Папілюскага аддзяленьня банку ККД стаялі двох нібы з карыкатуры: цыбаты стары жалобнага выгляду й курдупель на кавёлах з тварам нэандэртальца. Кожны трымаў у руцэ валізку. Яны ўважліва агледзелі пусты пляц перад сабой. Зялёнае сонца сядала за вежы царквы Касьмічнага зьнічу. Пастаялі моўчкі.

Цыбаты працягнуў руку курдуплю:

– Прыемна было працаваць з вамі, Недаростку Бальтру. Дазвольце пацікавіцца: якія маеце пляны на прышласьць?

Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б ня мог любую, нават самую непрывабную, сытуацыю абярнуць на сваю карысьць. Да таго ж ён быў прафэсіяналам. «Цікава, калі яшчэ надарыцца шанец папрацаваць з найлепшымі авантурнікамі Галяктыкі?» «Ніколі», – безуважна адзначыла сьвядомасьць.

Курдупель упэўнена адказаў на поціск рукі:

– Ляцім на Гліцыяс, спадару Рэнзо. На дзьвярох вашага сыночка яшчэ стане месца пад маю метку.

Звон зьвініць званчэй

Другое (анты-) каляднае апавяданьне. Адначасна яно ёсьць і ўшанаваньнем Лаўкрафта. Як бы хто ні крытыкаваў бацьку сучаснага хорару, яго ёсьць за што любіць. Ды яшчэ як любіць. Мне падабаецца шмат чаго ў ягонай творчасьці; падабаецца, як міты Ктулху жывуць і праз восемдзесят гадоў па сьмерці творцы ды цудоўна пачуваюцца ў іншых руках; падабаецца, што гэтая міталёгія даўно выйшла за межы літаратуры й стала часткаю масавае культуры.

У «Звон» я ўштукаваў нямала адсылак да пашыранае лаўкрафціяны: ад «Караля ў жоўтым» Уільяма Чэмбэрза да кулінарнае кнігі «The Necronomnomnom – A Cookbook of Eldritch Horror»; ад альбому «Liber Logaeth» LAMIA MORRA да настольнае ролевае гульні «Call of Cthulhu». Хто захоча, тыя адсылкі можа пашукаць і знайсьці.


They will return: mankind will learn

New kinds of fear when they are here

They will reclaim all in their name

Hopes turn to black when they come back

Ignorant fools, mankind now rules

Where they ruled then: it’s theirs again

«Carol of the Old Ones»

Знайшлося б нямала такога, чаго Эзра Ольсэн ня ведаў. Але ў адным ён пераканаўся за шэсьцьдзесят тры гады напэўна: ніякіх цудаў не бывае. Ні на сонцаварот, ні калі яшчэ. Сусьвет халодны і абыякі да чалавечых жаданьняў і памкненьняў. Маральнага кодэксу ён ня мае. Усё зьмяняецца толькі на горшае.

Эзра агледзеў магілу пад нагамі. «Я – Провід», вытыркаўся надпіс з-пад сьнегу. Гэты чалавек, што ўзапраўды быў божым провідам, усё жыцьцё вешчаваў прыйсьце Вялікіх Старцаў, але так і не прычакаў іх. Памёр у галечы й безьвесьці. А мусіў бы стацца шчырым прарокам і зьвестуном Праўды. Якраз дзякуючы яму сям’я Ольсэнаў захавала памяць і веру продкаў пераз хаос дваццатага стагодзьдзя. Штогоду напярэдадні Ёля Эзра прыходзіў да ягонае магілы.

Дый куды б яшчэ яму хадзіць у такі дзень: жонка даўно спачыла ў рытуальным полымі, дзеці з унукамі паразьехаліся. І хоць жылі недалёка – у Данвічы ды Аркгэме, – наведваліся да старога зрэдку. Апошні раз завіталі на Бельтэйн пазалетась.

Ён ня меў пэўнасьці, ці зьберагуць яны айчызную спадчыну, і моцна пераймаўся з тае нагоды. Аджа іхныя продкі прыйшлі ў гэты край з далёкіх земляў на Поўдні. Прыйшлі яшчэ да таго, як сюды прыплыў першы карабель. Да таго, як узьнікла Плімуцкая калёнія. Іхны род заўжды быў нешматлікім і пачуваўся чужым у Новай Англіі, а зь цягам часу повязь з былым усё вытанчалася, традыцыі чэзьлі. Ён застаўся хіба апошнім, хто пільнаваўся старых звычаяў.

Эзра ўздыхнуў, выпусьціўшы з роту воблачак пары, і разгледзеўся на бакі. Два дні таму з мора наляцела завіруха і ахінула Кінгспарт белым покрывам. Могілкі ляжалі на вяршыні ўзгорку ў цэнтры старога места. Цяпер яны ператварыліся ў казачную катэдру: пад цяжарам сьнегу вербы схілілі галіны да растрэсканых помнікаў і раскрышаных плітаў. З арачных вокнаў, што атрымаліся такім парадкам, была відаць ладная частка Кінгспарту: ад Саўтпойнту й Сьвінячае выспы ў Гарбэрсайдзе на ўсходзе да каляніяльных дамкоў Гілтаўну на захадзе. Вобач могілак на ўзгорку ўзносіла шпіль у вечаровае неба парафіяльная царква Сьвятога Міхаіла. Адтуль даносілася гамана й высьвечвалі бліскавіцы фаервэркаў. На другі бок могілак месьцілася псыхіятрычная лякарня Сьвятога Эразма, адкуль яго кагадзе выпісалі.

Неўзабаве прысьпее той час, усьведамляў Эзра, калі й ён спачне на гэтым пагорку – і пахавальнага вогнішча яму ніхто не складзе. Эзра пачуваўся жаўнерам у часе вайны на захопленай тэрыторыі. Жаўнер адчувае непазьбежнасьць перамогі, але так жа сама чуе, што да яе не дажыве. І ўсё ж адкласьці зброю значыць здрадзіць нашчадкам, пазбавіць іх будучыны. На вайне трэба добра выконваць сваю працу – упарта, бяз скаргаў. Брудавозная, няўдзячная справа – але што зробіш.

На страницу:
3 из 4