bannerbanner
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх
Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх

Полная версия

Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх

Язык: Русский
Год издания: 2022
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 4

Каўрыт прамаўчаў.

– Дык ось наконт мае веры. Я сам, праз уласныя недасканалыя пачуцьці, спазнаў адно дробную часьцінку навакольнага сьвету – замаленькую, каб рабіць нейкія высновы што да таго, якою сілаю ён кіруецца. І ці кіруецца ўвогуле? Анкег для мяне непазнавальны. Было б верхам пыхлівасьці з майго боку верыць, – Мікомп вымавіў апошняе слова з націскам, – у тое ці іншае. Я дапускаю мажлівасьці й ня болей: запраўднае карціны сьвету мне ніколі не дазнацца.

– Тым ня менш вы маглі б прынамсі адмовіцца ад забабонаў.

– Што вы маеце наўвеце, калі кажаце «забабоны»?

– Тую ж магію друідаў, якую вы згадалі.

– Цікавая прапазыцыя. Бачыце галаву кокуця на сьцяне? Давайце падыдзем.

Высокі бронзаваскуры Мікомп Аўлга й нізкі сьветлы Каўрыт Утальтат падняліся й падыйшлі да ўваходных дзьвярэй, над якімі вісела пудзіла вялізнае галавы з ікламі й трыма рагамі. Анкегец зьвярнуўся наўпрост да галавы:

– Фар кокуць, ці не падкажаце, каторая зараз гадзіна?

– Траціна абароту да зьмярканьня, фар Аўлга.

Яны вярнуліся да сталу, і прыгаломшаны Каўрыт адно выдавіў:

– Як?

– Гэтага кокуця падстрэлілі колькі гадоў таму на раўніне. Ужо калі ён вісеў на сьцяне, напханы мамутаваю поўсьцю, у аўстэрыю завітаў бадзяжны друід і, дзеля забаўкі, зачараваў яго. Сама дзіўнае ў гэтым, што да зьмярканьня запраўды засталася траціна абароту.

Каўрыт нічога не адказаў.

– Але збольшага, фар Утальтат, вашая думка пра тое, што варта браць пад сумнеў усё, непацьверджанае ўласным досьведам, знаходзіць водгук у маёй душы. Так, рада Гнязда запэўнівае нас, што рызыкі нападу ксінатаў са Скідарскіх імшараў няма ніякае. Мой уласны досьвед кажа, што такая рызыка йснуе заўжды, а калі хто гэта адмаўляе, дык, відаць, дзейнічае з ксінатамі напару. Таму ў Гнязьдзе я слухмяна выконваю абавязкі вышніка, а ў вольны час зьбіраю рушэньне й гадую мазгавых паразітаў. Гэтыя маляткі ў выпадку чаго стануцца нечаканкаю для ксінатаў… Дарма вы так глядзіцё на мой баланьезэ – гэта зусім іншы від чарвякоў, іх адмыслова вырошчваюць на харчаваньне. Але, зноў жа, тут я вас цалком падтрымваю: бяры пад сумнеў усё, бо дакладна ня ведаеш нічога.

– Фар Аўлга, ці ўсе ў Келіску падзяляюць падобны сьветагляд?

– Вы першы назвалі мяне прагрэсіўным і разважлівым. Такіх заўжды меншасьць: хоць у Келіску, хоць у Лорміі, – але яны паўсюль кіруюць пасыўнаю бальшынёй. Калі вы плянуеце наладзіць гандаль з нашым Гняздом, вам карысна будзе ўзяць пад увагу тутэйшыя парадкі й настроі ды пазбыцца рэлігійных ілюзіяў, скуль бы яны ня браліся – з Анкегу ці з космасу.

– Вашая рацыя. Тут ёсьць над чым падумаць.

Далей размова перайшла на нэўтральныя тэмы. Каўрыт ветліва чакаў, пакуль Мікомп ня скончыць сталаваньне. У кожнай талерцы той пакінуў крыху ежы й пассыпаў усё ў паўмісак. Калі яны падняліся сыходзіць, ён падышоў да ямы й скінуў недаедкі. Каўрыт заўважыў, як раней тое ж рабілі іншыя наведнікі.

– У чым сэнс гэтага рытуалу?

– Вы б назвалі яго забабонам. Кажуць, на дне сядзіць сам гаспадар «Сьпеўнага каменю», а гаспадару трэба пакідаць выязное.

– І што ён сабою ўяўляе?

– Ня ведаю. Нават ня ўпэўнены, ці запраўды там хто ёсьць. Але і адмаўляць таго не магу. Хадземце.


Прызёмісты чалавек у шараку таптаўся ў апошніх шэрагах. Туды яго адціснулі здаравезныя дзецюкі з Нэльтасоў, якія прыйшлі апоўдні. Яму прыходзілася ставаць на дыбачкі альбо падскокваць, каб разгледзець, што дзеецца наперадзе.

На копішча ў Міхьтрэльдзкім лесе, недалёк ад Дзэргу, пасходзілася ці ня ўся ваколіца. Усё прыбываў люд з Ольтасу й Мьёзмаў, былі нават трэўрзкія. Кожны жадаў папрысутнічаць на капе друідаў.

На прагаліне ў заходняй частцы лесу за гарамі Прэмарда было насыпанае ладнае ўзвышша, мошчанае глінай. Там і адбывалася капаваньне, якое гледачы спасьцерагалі зьнізу. На ўзгорку мелі права знаходзіцца адно друіды. Яны сядзелі на касьцяных лавах, што месьціліся па абводзе насыпу, і былі абароненыя ад сонца й непагадзі разьвіслымі галінамі попельных дрэваў, якія абкружалі копішча, пакідаючы прасьвець адно над цэнтрам. Там камянямі было абведзенае кола, дзе стаялі падвіноўныя.

Менавіта іх імкнуўся разгледзець чалавек у шараку.

– Гэй, драбяза, куды ўбіваешся?

Яго пхнуў нехта зь мясцовых, але ён не здаваўся. Даў нырца пад локці суседзяў сьпераду й прасунуўся на колькі мэтраў бліжэй.

Адтуль былі відаць лавы, на якіх сядзелі друіды ў цёмна-зялёных хламідах.

– Прапусьціце наперад гэнага паўшабэлка, аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!

Пад лаянку з розных бакоў яго выпхнулі, даўшы шчырага падзадку, у пярэдні шэраг. Адтуль ён нарэшце змог разгледзець падвіноўных у коле камянёў.

Першы быў ссушаным старым інтэлігентнага выгляду, другі, маладзейшы – пэўна, ягоным сынам. Абодва падаваліся напалоханымі й зусім безабароннымі. Вяроўкі сьцягвалі іхныя рукі.

Гларпларла, адная з друідак на лавах, абкінула вокам натоўп зьнізу, убачыла прызёмістага чалавека ў шараку й махнула рукой:

– Га, бард архіпрынцэпса Трамольца з Хівіскае аўтаркіі! Зусім на вас забылася… Вы хацелі былі паглядзець на нашыя абрады. Нагадайце-тка мне ймя.

– Каўрыт Утальтат, ваша мосьць.

– Падымайцеся да нас. Вам трэба пабачыць усё ў падрабязнасьцях, каб адлюстраваць у песьні як мага дакладней. Народ Хівіі і ўсяе Гульмаскае раўніны мусіць ведаць пра запраўднага бога й пра тое, што чакае яго ганьбавальнікаў.

Каўрыт залез на пагорак і падышоў да кола камянёў. У самым цэнтры ён убачыў глыбокае правальле шахты з адкінутым вечкам: на дне было відаць нешта накшталт моху.

Тымчасам распачалося капаваньне. Найвышэйшы друід зачытаў доўгую цьмяную прамову й паказаў пальцам на падвіноўных.

– Гэтыя блюзьнеры вінавацяцца ў тым, што пры сьведках адмаўлялі боскую існасьць Міцэлію, а адбіткі ягоных гіфаў у ночным небе называлі іншасьветамі, якія населеныя гэткімі ж стварэньнямі лесу, як мы. Яны называлі космас калыскаю чалавецтва.

Натоўп унізе загаманіў, але друід працягваў, узьняўшы голас:

– Прапаную кару: хай гарэтыкі зьяднаюцца з тым, што адмаўлялі, і прарастуць грыбамі Праўды.

Астатнія друіды ўхвалілі вырак узьнятымі рукамі.

– Падвіноўныя, ці маеце вы што сказаць перад пачаткам рытуалу?

Стары, пыкаючы, прамовіў:

– Нашто так пасьпяшаць зь непапраўнымі дзеямі? Так, мы з вамі без сумневу маем пэўныя анталягічныя разыходжаньні, але іх можна разглядаць як нагоду для дыялёгу, а ня сварак. Праўда можа нарадзіцца праз новыя сьветаглядныя канцэпцыі. Мы, у сваю чаргу, з увагай паставімся да вашых традыцыйных… м-м-м… прымхаў.

Найвышэйшы друід ніяк не адрэагаваў. Стары пасьпешліва дадаў:

– Калі вы ставіце пытаньне рубам, мы бясспрэчна гатовыя прызнаць боскасьць Міцэлію і адмовіцца ад касматэістычнае гэрасі.

– Вашыя развагі безумоўна цікавыя й павучальныя, але ў гэты момант пазбаўленыя будзь-якое практычнае каштоўнасьці. Скіньце іх у Міцэлій.

Два друіды кіямі сапхнулі падвіноўных у шахту. Каўрыт з асьцярогаю падышоў да краю і ўбачыў, як гіфы грыбніцы аплятаюць целы небаракаў і накрываюць іх сваёю масай. Спачатку былі чуваць жахлівыя крыкі, потым яны сьціхлі.

Усе друіды падняліся на ногі й пачалі хорам паўтараць за найвышэйшым:

– Хай распачнецца Трансфармацыя. Хай зьяўленае Існае прачнецца ў вантробах злачынцаў, пачне йрваць кіндзюкі й сілкавацца іхнымі ўспамінамі. Хай іх спаралізуе жах перад Абсалютам. Загніваючыя судзіны іхных целаў няхай стануцца караблямі экзанічных мутацыяў, а вэктарная інфэкцыя зьвяжа нуклеазы гамалягічнае адбудовы ў цэлевым локусе. Хай яны прарастуць грыбамі, якія дазволяць нам убачыць сьвет як ён ёсьць. Узрадуймася й прывітайма Трансфармацыю!

Калі рытуал скончыўся й шахту накрылі вечкам, задаволеная Гларпларла падышла да Каўрыта:

– Як вам спадабалася дзея? Аж пэўна стане матарыялу на ладную дыдактычную песьню?

– Вельмі ўражвае, – адкашляўся Каўрыт, – дзякую за дазвол папрысутнічаць. Але, між намі, вы насампраўдзе ўважаеце звычайную грыбніцу за бога?

Усьмешка зьнікла з твару друідкі.

– Мой даражэнькі, вашае невуцтва можна дараваць, бо вы прыйшлі з далёкае барбарскае краіны, дый фігура барда лічыцца ў нас недатыкальнай… Але вялікая просьба на будучыну – асьцярожней са словамі. Што да істы пытаньня: Міцэлій Міхьтрэльдзкага лесу – найстарэйшы жывы арганізм Анкегу. Яму некалькі тысяч гадоў, ён распасьцёрся пад зямлёю на палову кантынэнту й быў тут яшчэ да зьяўленьня людзей. Усе ягоныя мажлівасьці непасьціжныя й недасягальныя для нас, стварэньняў лесу. Адзіны шлях наблізіцца да Абсалюту – улучаць у дыету грыбы Міцэлію, убіраючы ў сябе часьцінку боскага. Заставайцеся на ўсяночную оргію, вы зможаце прылучыцца да сакральнага й з разьняволеным розумам апісаць усё ў песьні.

– Прынадная прапанова, але архіпрынцэпс чакае на мяне ў Хівіі і я вымушаны сьпяшацца.

– Што ж, наступнага разу. Вялікая Трансфармацыя напаткае кожнага з нас, раней ці пазьней.


– Калі вы пачакаеце, я паклічу цэхавага грандмайстра. Мажліва, ён лепей зразумее вашую прапанову.

Прыслужнік сышоў, пакінуўшы сьветласкурага чалавека ў іншаплянэтнай вопратцы аднаго ў гасьцявым пакоі. Той падышоў да вакна й паглядзеў на Эйтэрычны акіян, што шумеў трыма паверхамі ніжэй. Клінд і Ўурд, спараваныя сонцы Анкегу, нетаропка сядалі за гарызонт. У затоцы плыў велярыб з гарбарняю на сьпіне. Іншаплянэтнік з прыкрасьцю падумаў, што цэхавікі маглі б натапіць у сваёй гасподзе. У пакоі было зябка, а комін у куце заставаўся халодным.

Ён вярнуўся да паліцаў з кнігамі. Усе яны былі напісаныя на пэргаміне са скуры гастраподаў. Не пасьпеў прагледзець «Гісторыю Зурвэльскага самаўраду», як ззаду пачуўся стомлены голас:

– Фар Утальтат, – у пакоі стаяў Слатэрэт Экраск, паджылы чалавек з доўгаю барадой, заплеценай у тры касіцы чырвонага, зялёнага й чорнага колераў. – Рэўбальд, – ківок на прыслужніка, – ня здолеў уцямна патлумачыць мне, хто вы такі й з чым прыйшлі. Кажэце наўпрост, зробце ласку. Ня будзем губляць часу, бо я заняты чалавек.

– Фар Экраск, я кніганоша. Дастаўляю на Анкег кнігі з космасу: запаляю каганец асьветы ў гэтым моры цямноты, так бы мовіць. То вырашыў завітаць і ў Кніжны цэх Номільну, прынёс колькі інкунабулаў.

Каўрыт паказаў на велічэзную торбу перад сабой.

– Што за кнігі? Якія ўмовы прапаноўваеце?

– Вось пра гэта я й хацеў пагаварыць. Але ж найперш хацеў бы дазнацца вашых рэлігійных перакананьняў. Гэта даволі істотны момант.

– Я вырабляю й прадаю кнігі, а не чытаю казані. Існуюць багі ці не йснуюць, мяне мала абыходзіць. Гэтае пытаньне ня мае прынцыповага значэньня. Прыпусьцім, што маюць рацыю друіды. Што гэта зьмяняе для мяне? Альбо прыпусьцім, усё так, як кажуць мрапаіты Эльтаму. Што з таго жыхаром Номільну? Лепей пяройдзем бліжэй да справы.

Каўрыт скрывіўся:

– Прывезеныя мною кнігі – сьвятыя тэксты касматэізму. Яны дазваляюць чытачом ступіць на шлях яднаньня зь Бясконцасьцю, адкрыць сваё сэрца для касьмічнае любові. Гэта асабліва актуальна тут, у Номільне, так недалёк ад касмапорту. Месьцічам дастаткова працягнуць руку, каб крануцца міжзорнае чысьціні й пазаплянэтнае гармоніі, а яны замест таго прыслухоўваюцца да цемрашальскіх забабонаў.

Слатэрэт уздыхнуў:

– Вы ня можаце не разумець: мяне найперш цікавіць, як прадаюцца кнігі. Я выдаю тое, на што ёсьць попыт. Тэалягічнымі матэрыямі хай займаецца цэх Асьветнікаў. Я не зацікаўлены ні ў прыняцьці, ані ў адмаўленьні будзь-якіх дагматаў. З іншага боку, ня маю нічога супраць, калі кніга добра разыходзіцца ды яшчэ спрыяе… гм-м-м… «пазаплянэтнай гармоніі».

– Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя – дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.

– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. – Што за матарыял?

Каўрыт каротка расказаў пра паперу.

– Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…

Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.

– Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…

– Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.

– Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.

Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.

Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…

Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.

Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.


Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.

Каўрыт паважліва схіліў галаву й прыклаў левую руку да выявы Вялікага выбуху на правым плячы.

– Вашая патрыяршая міласьць, безнадзейны выпадак. Я наведаў адзін кантынэнт з чатырох, але й гэтага было задосыць. Плянэта блюзьнераў! Там квітнеюць апатэістыя, паганцы, агностыкі, анімістыя й ліха ведае хто яшчэ. Колькасьць дробных гарэтычных культаў не паддаецца падліку. Агульнакасьмічная мараль гэтым вылюдкам невядомая ўвогуле.

Патрыярх Вірмецаль павярнуўся да яго:

– Культурная каштоўнасьць?

– Блізкая да нулю.

– Місіянэрская дзейнасьць?

– Немажлівая.

– Рызыка распаўсюду гэрасі?

– Значная.

– Што вы прапануеце, мой касьмічны браце?

– Стандартную працэдуру, вашая патрыяршая міласьць.

Вірмецаль падняў рукі далонямі ўверх і ўрачыста прамовіў:

– Няхай міжзорны пыл прыме небаракаў у свае абдоймы й даруе ім новае жыцьцё ў пазаплянэтнай гармоніі.

Каўрыт Утальтат, брат-дабрадзей інквізытарскае місіі Касьмічнае любові, падышоў да аналою, прабегся пальцамі па клявішах і зьвярнуўся да бартавога кампутару:

– Панплянэтная анігіляцыя.

Ліст да Сатан Кляўса

Калядаў я не люблю. Старажытныя паганскія сьвяты, вылегчаныя й перакручаныя абрагамічнымі рэлігіямі, губляюць, як на мяне, усялякую глыбіню й прывабнасьць, а рэлігія рымскіх рабоў, якая паразытуе ў гэтай частцы сьвету, не выклікае нічога, акром гідлівасьці. У хрысьціянства, здаецца, увогуле нічога свайго няма: усё скрадзенае ў папярэднікаў. Не люблю таксама каляднае крывадушнасьці, калі, прыкладам, блэк-, дэз-мэталістыя, якія сьпяваюць оды сатанізму й мізантрапіі й ня маюць жаднага прамацыйнага здымку безь перагорнутага крыжу, ладзяць у сьнежні калядныя распродажы мэрчу й зычаць у сацыяльных сетках «шчасьлівых сьвятаў». Потым, калі іх тыкаюць носам у несупадзеньне словаў і дзеяў, апраўдваюцца, маўляў, сьвяткуюць яны старажытны Ёль ці нейкія «атэістычныя Каляды».

Не люблю я, адпаведна, і калядных апавяданьняў. Ані пісаць, ані чытаць. Усе яны выглядаюць штучнымі і актуальнымі раз на год, як вершы на дзень народзінаў дырэктара, што лісьлівыя падначаленыя перадзіраюць з інтэрнэту, падстаўляючы ў шаблён патрэбнае ймя.

Але лёс склаўся так, што каляднае апавяданьне я напісаў. Ды не адно – два. Абодва ёсьць у гэтым зборніку. У апраўданьне магу сказаць, што яны настолькі ж калядныя, наколькі антыкалядныя.

Вось першае зь іх.

О шаноўнаяны Сатана!

Я хачу, каб гэты ліст патрапіў да цябе, хаця Джэй Сі кажа што нуй бздура, але я ўсё адно думаю што патрапіць. А калі яго расьпячатаюць твае памагатыя чэрці, дык хай перададуць табе, але я ўсё адно напісаў на капэрце што асабіста для Сатаны.

Сатана, я спачатку хацеў быў напісаць Санта Кляўсу, як раней, але Білі даў мне пстрычку і назваў ёлупнем. Білі мой старэйшы брат, ён ужо вялікі і б’е мяне, як назаву яго Білі, але калі ў добрым гуморы, можна зваць проста Білам, а так увогуле Ўільямам. Ён сказаў што лепш бы ты напісаў Сатан Кляўсу, а ня Санта, прытырак, га-га-га. Гэта цытата. Білі дурань, але я яго паслухаўся.

Я штогод пісаў Саньце, але мамцы лягчэй ня стала. Ён заўжды пакідаў мне ў падарунак робленыя швэдры (колкія!) і вопратку, а ня тое што я прасіў. А яшчэ Білі кажа што ён пазёр і педзік у чырвоным каўпаку і не йснуе. Я ўсё ж такі думаю Санта йснуе. Але ты йснуеш напэўна, я ведаю.

Я бачыў у Білі кніжку, яна завецца «Д’ябал», а аўтар Рабэр Гуё, ён француз. А Д’ябал і Сатана гэта адное й тое ж, як Санта Кляўс і Сьвяты Мікалай. Там на вокладцы ты сядзіш голы і ў цябе вялікая піпірка да калена, і яна ўся пазарасла валосьсем, яе амаль не відаць. А ў мяне там валосьсе яшчэ не расьце, а ў Білі ўжо ого-го, я бачыў, як мы ўлетку хадзілі ў паход і купаліся голыя, а Джэй Сі кажа ў яго запраўдны гушчар, але я ня веру – ён заўжды прыбрэхвае, а потым кажа што не.

Сатана, а калі ты надзяваеш нагавіцы, ты ў якую калашыну запраўляеш матню – у правую ці ў левую? А ці носіш шорты? У пекле ж мусібыць горача, Білі кажа там лява і гіена вогненая. А твая піпірка тырчыць з шортаў ці як? Калі тырчыць, дык відаць сьмешна выходзіць.

Ты не падумай, я тут сьмешкі ня строю. Проста цікава.

А яшчэ я слухаю KISS. Я ўзяў кружэлку ў Білі, ён кажа дзіцячы садок, а мне падабаецца. І я ведаю што значыць KISS: Kings In Satan Service. То бок ты йснуеш, я ведаю. А яшчэ ў Beatles ёсьць белы альбом, а айцец Філіпс называе яго д’ябальскім альбомам. Я люблю Beatles, а Білі кажа дзіцячы садок. Айцец Філіпс кажа Black Sabbath заключылі пакт з Д’яблам, а Джымі Пэйдж цемрашал і чорны маг. Ну ня ведаю.

Білі басіст. У іх з Джэфам і Трэвам свой гурт. Назву ня памятаю, штосьці такое, ну, мудрагелістае. Білі кажа яны валяць акультавы флёрыдзкі дэзьняк. (Папраўдзе, дык Білі і граць не сказаць каб умее.) Але гэта між намі, Сатана. Дзеўкі жаж вакол музыкаў труцца, а гэта галоўнае, ну ты ў тэме. І лягатып у іх прыгожы, там пэнтаграма і крыжы перагорнутыя. Білі кажа па Сатане!

Потым яшчэ Джэй Сі прынёс быў Сатанінскую Біблію да Тома на выходныя. Яе напісаў Антон Ля-Вэй, ён не француз, проста імя такое. Білі кажа ён пазёр і педзік. Білі дурань. Мы чыталі яе ў цемры, у нас была сьвечка. Джэй Сі кажа ён бачыў у нас за сьпінамі цень Люцыпара (то бок твой цень, Сатана!), але я яму ня веру. Я думаю гэта была Томава котка.

Таму я вырашыў напісаць табе, а ня Санта Кляўсу. Санта нудны. У маёй асадцы скончыўся атрамант.

А айцец Філіпс зь нядзельнае школы кажа што вы мусіце павярнуць свае сэрцы да Езуса і Езус ёсьць любоў. І мы мусім працівіцца спакусам Нячыстага (то бок тваім спакусам, Сатана!) і што на гэта здольны толькі чысты духам. Айцец Філіпс мне не даспадобы. Білі кажа ён пазёр і педзік у расе. Білі дурань, але як на мяне айцец Філіпс дакладна педзік.

На той вокладцы таксама ё голая цыцоха, яна сімпотная. Мы з Джэй Сі колькі разоў падглядалі за Джыні ў душы. У яе таксама цыцкі не бяды, але ўсё ж не такія вялікія. Джыні гэта сястра Джэй Сі, яна ўжо дарослая і нават старэйшая за Білі. Білі кажа курвяга, а яна кажа хай не распушчае рукі.

Санта Кляўсу я б не пісаў пра цыцкі. І пра піпірку таксама. Санта Кляўс – сьвятоша, яму бадай не да спадобы вялікія цыцкі. І ён заўжды пакідае мне швэдры. Відаць, ён яшчэ той нудзіла. Таму я й напісаў табе, Сатана.

Ужо неўзабаве вячэра, то далей буду пісаць хутка. Сатана, прашу на Каляды толькі аднаго: РЫМІСІЮ для мамкі. І не такую, як тады Цур, каб праз тыдзень яе зноўку не забралі. Мне самому нічога ня трэба. Хіба што ў Білі няхай усё будзе добра. У цуды ён ня верыць, заўжды паўтарае «No Presents for Christmas!» (Сам ведаеш чыя гэта песьня.) Хоць ён і дурань і б’е мяне, ён таксама хвалюецца за мамку. Ён ніколі не прызнаецца, кажа што мезантроп. Але я ведаю.

Білі кажа ты выканаеш любое жаданьне, але папросіш душу наўзамен. Як табе патрэбная мая душа, дык я згодны. Лепей жа з мамкай, чым з душой. У айца Філіпса пэўна вялікая душа, але ён педзік. І ён мне не да спадобы. Таму душа мне без патрэбы, дый у нядзельную школу хадзіць не падабаецца. Калі ў мяне ня будзе душы, дык і ў нядзельную школу хадзіць ня прыйдзецца, га? І плакаць я больш ня буду.

Білі кажа дамову з Сатаной варта замацоўваць крывёй. Бабка кліча вячэраць, то я падпісваюся крывёй з пальцу (крыві я ўжо не баюся). Бывай, Сатана!

Навек твой,

~Гэры


P.S. Калі ласка, ня трэба швэдраў!

P.P.S. Я сур’ёзна.

P.P.P.S. Доўга тарміновую рымісію.

Дай нам божа жыць доўга і ўсім памерці

Баляда пра Кэрнуна й Фойкэ

Калі я працаваў у Фінляндыі, калегі расказалі мне пра Пеньці Лінкалу – тамтэйшага мысьляра, мізантропа й біяцэнтрыстага, якога нярэдка называюць экафашыстым. Я знайшоў зборнік ягоных артыкулаў і зь цікаўнасьцю прачытаў. Ідэі Лінкалы падаліся мне слушнымі, пасьлядоўнымі й своечасовымі, прыпаў да густу ягоны радыкалізм. Але жыць у сьвеце ягонае мары я б не захацеў – аж надта ён нагадвае канцлягер. З гіпэрбалізаваных ідэяў Лінкалы ды ўласных разважаньняў пра месца чалавека ў прыродзе й нарадзіўся наступны тэкст.

Вось як мы зноўку сталі людзьмі.

На Гвінвідзе ў Ноч разьятраных зораў Фойкэ выляцела з Брэкільенскага лесу й скіравалася да Ўсясьветнага дрэва, пад якім сядзеў рагаты бог. Аса-блястафага, яна магла сваімі фасетачнымі вачыма глядзець на сто восемдзесят градусаў і бачыла над галавою туманнасьць Кілю, якая нагадвала слуп рознакаляровага пылу. Аматыдыі ейных вачэй фарбавалі іянізаваны кісларод зорнае скупнасьці ў сінечу, вадарод – у зяленіва, а серу – у чырвань. На тле гэтае мазаікі купал неба раз-пораз прарысоўвалі зьнічкі, якія, ведала Фойкэ, зьнічкамі не былі. Чаго ейныя вочы не маглі, дык гэта ліць сьлёзаў. Яна толькі бясьсільна траскатала жаваламі.

Кэрнун сядзеў зь перакрыжаванымі нагамі на траве пад Усясьветным дрэвам і таксама глядзеў на неба. Між ягоных разгалістых рагоў віліся гадзюкі, з даўгога валосься вытыкаліся насы палёвак, на каленях зганяла сон аляня. Ён выглядаў маладым і бязьвінным, хоць такім і ня быў.

Вялізны чорны ганчак, які ляжаў праваруч ад бога, падхапіўся й падскочыў да Фойкэ, калі тая склала паблізу дзьве пары сваіх крылцаў. Ён абнюхаў асіныя вусікі, укрытыя пылком смакоўніцы, і разачхаўся. Папырхаўшы, працягнуў дагляд: трохкутная галава з шырачэзным ілбом, грудзі, пярэднія, сярэднія й заднія ногі, распухлае чэраўца.

Ганчак зарыкаў, напужаўшы аляня, і зьвярнуўся да бога:

– Яна там штосьці мае.

Фойкэ спужана выгнулася й затуліла чэраўца ўсімі шасьцю канцавінамі.

– Вядома, мае. Пусьці яе, Мадыган. Неўзабаве адкладзе яйкі. Бачу, засталіся лічаныя дні, ці ня так?

Фойкэ моўчкі кіўнула й наблізілася да Кэрнуна. Той гэстам прапанаваў сядаць да яго на калені.

– Што прывяло цябе сюды, дачка мая блястафага?

– Я хацела задаць пытаньне.

– Мае дзеці заўжды могуць разьлічваць на мудры адказ свайго бога.

Фойкэ памулялася.

– За што?

Кэрнун глыбака ўздыхнуў і зь пяшчотаю пагладзіў асіныя крылцы.

– Яны ўзялі на душу грэх антрапацэнтрызму, – бог паглядзеў на гарызонт, дзе ўсё падалі й падалі зьнічкі. У ягоным голасе чулася непадробнае шкадаваньне. – Мне не пакінулі выбару.

– Кажаны, мурашы, дэльфіны, каты на Ануне, сьветлякі й перапёлкі на арбітальных станцыях і ў хабітатах… Гэта тэрыяцыд.

– Антрапацыд. Вымушаная мера. Яны больш ня могуць звацца запраўднымі жывёламі. Каляністыя на Ануне без майго нагляду пачалі мадыфікаваць целы, набліжаючы іх да чалавечых, а нашыя суплянэтнікі распрацоўваюць на арбіце забароненыя генэтычныя тэхналёгіі.

– Але ж мы ўсе калісьці былі людзьмі.

Кэрнун паклаў руку на шчаку Фойкэ й павярнуў ейную галаву, каб паглядзець у фасетачныя вочы.

– Няўжо Зялёны чалавек дабраўся й да Брэкільенскага лесу?

Ейныя вусікі заторгаліся.

– Кажуць, глыбака ўнутры мы дагэтуль засталіся людзьмі. Маўляў, людзі не павінныя адкладваць яйкі, гадавацца ў коканах, паядаць прадстаўнікоў свайго віду. Мы заслугоўваем на лепшае.

– А што ты хацела пачуць ад чалавека? Ён шавіністы – лічыць прыроду за нішто, як і любы антрапацэнтрысты.

– Тады патлумач: за што мне гэта? Чаму большую частку жыцьця я праводжу ўнутры смокваў і ня бачу белага сьвету? Чаму не пасьпела я ператварыцца зь лялечкі ў імага, як мяне апладнілі мае ж браты? Чаму потым мяне неаднойчы апладнялі ўласныя дзеці? Хіба гэта ня грэх? Чаму кожнага разу, шукаючы новую смокву на смакоўніцы, каб адкласьці яйкі, я мушу спадзявацца, што патраплю ў мужчынскае суплодзьдзе, бо жаночае ператравіць мяне дарэшты?

На страницу:
2 из 4