Полная версия
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Ішоў час жыцьця Адама і Евы па-за Раем. «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада» (Быцьцё 4:1). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэньні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцьця, Бог удзімае ў гэтую «кропельку» новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсьць душою жывою з пункту гледжаньня рэлігійнай сьвядомасьці, і забіваць яе, нават на самых раньніх стадыях цяжарнасьці, – цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што зьяўляецца на сьвет, ёсьць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу.
З першымі дзецьмі зьвязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і – сумны вынік адыходу ад Бога. Першавобразам сьвядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін.
«І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб» (Быцьцё 4:2).
Першыя працы Адама і Евы (1650—52). Алонса Кано (1601 – 1667). Поллак-хаўс, Глазга. Марка пошты Гвінеі, выдадзеная ў 2012 годзе
Навукоўцы – бібліёлягі ў адзін голас сьцьвярджаюць, што прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адзін з найцяжэйшых для тлумачэньня тэкст Пісаньня. Бо ўсе падзеі, якія ў ёй адбываюцца, ня маюць мэтавага тлумачэньня. Не даюць адказу на пытаньне: чаму?
У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама – Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева – у правай з Авелям на каленях на фоне цудоўнага пэйзажу. Але гэта ня Рай!
«Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны» (Быцьцё 4:3—5). Чаму Бог «прыхінуўся» да дару Авеля і «не прыхінуўся да дару Каіна? Можам толькі здагадвацца, што ахвяра аднаго была шчырай, а другога не. Каін павінен быў раскаяцца, але замест гэтага Каіна апанавала зайздрасьць. Бог папярэджвае: «калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім» (Быцьцё 4:7).
Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла… «Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Да Габрэяў 11:4).
На малюнку маркі два ахвярнікі. Бог прыняў ахвяру Авеля, – дым ад яе ўзьнёсься да неба. Ахвяра Каіна не прынята і дым ад яе слаўся па зямлі.
Не забі. Каін і Авель. Франчэска Трэвізані (1656—1746). Марка пошты Нікарагуа з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1971 годзе.
Але Каін ня можа панаваць над грахом. Наадварот, грэх яго апанаваў. «І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё 4:8).
Так, біблейскі тэкст сьцьвярджае, што асновай па сутнасьці ўсіх наўмысных злачынстваў – ад малога да вялікага – зьяўляецца зайздрасьць.
Абмяркоўваючы пытаньне пра Адама, што ён быў створаны адзін, мудрацы Талмуду вынесьлі вэрдыкт: «Чалавек – гэта цэлы сьвет, і той, хто зьнішчае хоць адну душу – зьнішчае цэлы сьвет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы сьвет». Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.
У жудаснай сцэне першага ў сьвеце забойства паднятая Каінам дубіна, каб нанесьці ёй удар па брату, бездапаможна балансуючым на ўскрайку каменя, здаецца абрынецца на нас. І, менавіта, абрынулася на нас. Бо першае забойства выклікала ланцуговую рэакцыю, якая не канчаецца…
Каін і Авель (1542—1544). Тыцыян (1480/85—1576). Царква Санта Марыя дэла Салютэ. Блёку пошты Уганды, выдадзены ў 1988 годзе
Бог ізноў распачынае дыялёг з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаяньне. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быцьцё 4:9). Выраз «Дзе Авель, брат твой?» стаў крылатым: гэта формула адказнасьці аднаго чалавека за другога, бо ўсе людзі – браты, гэта формула адказнасьці за ўсё, што адбываецца навакол. Каін не хоча несьці адказнасьць: «Не ведаю! Хіба я вартаўнік брату майму?» (Быцьцё 4:10). У гэтых словах упіканьне Самому Богу: гэта ж Ты – галоўны Гаспадар і Вартаўнік сьвету; чаму ж Ты не выратаваў Авеля, чаму дазволіў мне забіць яго? Зазначым, што гэта таксама тыповая мадэль паводзінаў многіх людзей: ухіліцца ад адказнасьці, схавацца за тое, што сьвет такі недасканалы, што ў рэшце рэшт ва ўсім вінаваты Сам Бог, калі Ён ёсьць…
Забойства Авеля разьмясьціла на сваёй марцы пошта Тога. Гэта адна з дзесяці марак, на каторых пры дапамозе ілюстрацый розных біблейных эпізодаў прадстаўлена Дзесяць Запаведзяў.
Каін і Авель. Не забі. Марка пошты Тога з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1982 годзе
Пачуўшы адказ Каіна, Бог вымаўляе страшныя і жорсткія словы: «І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй…» (Быцьцё 4:10,11).
У арыгінале слова «кроў» стаіць у множным ліку. Бо маецца на ўвазе не толькі кроў Авеля, але і ўсіх яго ненароджаных нашчадкаў. Каін – першы чалавек, пракляты Богам. Адам і Ева не былі праклятыя, бо яны зрабілі памылку, а не злачынства. Пракляты быў зьмей, праз якога грэх увайшоў у душу чалавека. Каін таксама пракляты як чалавеказабойца.
Каін забівае Авеля (1608—09). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Інстытут мастацтваў Курта, Лёндан. Марка пошты Грэнада Грэнадынас, выдадзеная ў 1982 годзе
Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленьню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасьцю (вельмі сымбалічна супадзеньне ў гучаньні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, гэтае «непрыкаяны» і ёсьць вытворнае ад «Каін»? ), немагчымасьцю поўнага пакаяньня (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасьцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасьцю ад людзей. Ці можа быць пакараньне цяжэйшым? Можа, гэта горш за сьмерць?
На трох марках Партугаліі, выданых у 1967 годзе, зьмешчаны дзьве каменныя пліты Запавету. Майсей атрымаў на іх дзесяць Запаведзяў Божых. Пятая Запаведзь: «Не забі».
Не забі. Марка пошты Партуналіі, выдадзеная ў 1967 годзе
Запіс на марках на лацінскай і партугальскай мовах. Маркі выпушчаныя з нагоды забароны кары сьмерці.
Імёны Каіна і Авеля назаўсёды ўвайшлі ў сьвядомасьць людзей той цывілізацыі (ці нават некалькіх), што пабудаваная на Бібліі. Першы забойца і першая ахвяра… Каін назаўжды стаў не проста архетыпам забойцы, але перадусім прататыпам чалавека, які жыве пераважна матэрыяльным, залішне прывязанага да гэтага сьвету. Авель – прататып чалавека духоўнага, які не ставіць мэтай жыцьця набыцьцё багацьця, які імкнецца аддаць лепшае Богу і людзям, для якога апрача зямнога, матэрыяльнага існуе сьвет будучы, Царства Божае. Ужо ў старазапаветных апокрыфах Авель паўстае як першы Сьвяты, як першамучанік.
Чаму ж, калі гэта так, у новых пакаленьнях зноў і зноў праяўляецца «сындром Каіна»? Чаму варожасьць да падобнага сабе не пакідае чалавека? Сындром гэты такі незразумелы, часта такі нематываваны, што нават арнітолягі, якія назіраюць, як выштурхвае адно птушаня з роднага гнязда другое (пры тым, што абодвум даволі ежы і цяпла), назвалі гэты фэномэн «сындромам Каіна». Дык можа, ён закладзены ў чалавека? Можа, гэта наканаваньне? Адплата за першародны грэх? Аб усіх гэтых пытаньнях прымушае разважаць прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адна з самых знакавых у Бібліі.
Людзі змагаюцца за адмену сьмяротнага пакараньня. Але ня ўсе краіны яго адмянілі.
150 гадоў адмены сьмяротнага пакараньня ў Партугаліі. Маркі пошты Партугаліі, выдадзеныя ў 2017 годзе
Калі Бог не пакараў Каіна сьмерцю за забойства брата, то людзкая справядлівасьць павінна насьледаваць справядлівасьць Божую. «Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, – каб мы любілі адно аднаго, ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго» (Першае Яна 3:11,12).
Сусьветны патоп і яго наступствы. Ноеў Завет
Патоп
Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў… (Псалтыр 1:1)
Адам і Ева не змаглі ўтрымацца ад адзінай спакусы – пладоў Дрэва пазнаньня. Іх нашчадкі, папаўшы ў «Сад зямных асалодаў», напоўнены спакусамі, паддаліся гэтым спакусам. Біблія папярэджвае, што з-за чалавека могуць сказіцца ўсе законы прыроды і ўся зямля можа разбэсьціцца: «Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі» (Быцьцё 6:11,12).
Бог перажывае роспач і раскаяньне ад таго, што найлепшае Яго стварэньне, якому Ён падараваў свабоду волі, аказваецца нявартым гэтага высокага дару: «і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім» (Быцьцё 6:6).
Слова «пашкадаваў» ужываецца ў сэнсе: «зьмяніў стаўленьне», «зьмяніў кіраваньне». Ад кіраваньня, заснаванага толькі на міласьці, любові, Бог перайшоў да кіраваньня з дапамогай суда і пакараньня. Але, Ён сьвядома ратуе праведніка Ноя і яго сям’ю, спадзеючыся на адраджэньне і духоўнае абнаўленьне чалавецтва на новым узроўні – Запавету зь Ім. Імя Ноах азначае на іўрыце «той, хто суцяшае». Ною загадана будаваць Каўчэг. У тэксьце Бібліі дакладна ўказаныя яго парамэтры: «І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзесят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў» (Быцьцё 6:15).
Будаўніцтва Ноева каўчэга (1519). Рафаэль Санці (1483—1520). Музэі Ватыкана (фрэскі). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1993 годзе
Старажытнаўсходні «локаць» складае прыкладна 45 см; такім чынам Ноеў каўчэг меў сто трыццаць пяць мэтраў у даўжыню, дваццаць два з паловаю мэтры ў шырыню і трынаццаць з паловаю мэтраў у вышыню. Гэта было гіганцкае збудаваньне, бо ў ім, адпаведна задуме Божай, павінны былі ўратавацца не толькі Ной і яго сям’я, але і прадстаўнікі ўсяго жывёльнага сьвету, наогул – усяго жывога.
Як паведамляе Мідраш, будавалі карабель 120 гадоў. Увесь час Ной заклікаў народ да пакаяньня. Але над ім толькі сьмяяліся. Пасьля ста дваццаці гадоў, дадзеных людзям на выпраўленьне, бачачы, што ніхто не пакаяўся, апрача Мафусаіла (дзед Ноя) і Ноя, Бог даў чалавецтву яшчэ сем дзён (гэта час жалобы па Мафусаілу, які памёр перад самым патопам). Але і гэта не мела ніякага выніку. «Што тычыцца Ашэма (Ашэм, дакладней – га-Шэм, – замена ў юдэйскай традыцыі невымаўляльнага Тэтраграматону – Сьвятога Імя Бога), то Ён правёў гэтыя сем дзён у смутку, аплакваючы чалавецтва, якое адмовілася скарыстаць усё тое хараство, якім Ён хацеў яго абдарыць. Пасьля сямі дзён жалобы Бог канчаткова вырашае пакараць чалавецтва: «І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх» (Быцьцё 6:7).
Будаўніцтва Ноева каўчэга (1608). Гвідо Рэні (1575—1642). Дзяржаўны Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Блёк пошты Гранады Карыака і Петыт Марцінікі, выдадзены ў 2003 годзе
Ною Бог сказаў: «Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя» (Быцьцё 6:18—20).
Жывёлы Ноевага каўчэга. Марачны ліст пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе
«І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця… (Быцьцё 7:15).
Патоп абрынуўся на грэшнае чалавецтва нечакана менавіта таму, што яно абсалютна не ўсьведамляла сваю разбэшчанасьць. Лівень не адступаў сорак дзён і сорак начэй. Пад вадой аказаліся самыя высокія горы, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Лівень не спыняецца і хутка на зямлі не застанецца ні аднаго астраўка. Людзі ў жаху робяць спробы ўратавацца. Але ўсе спробы людзей выжыць марныя. «Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэгу. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзесят дзён» (Быцьцё 7:23,24). І ў той жа час складваецца адчуваньне, што род чалавечы выжыве і не зьнікне.
Сусветны патоп (1512). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская Капэла. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1975 годзе
Чамусьці аўтар Блоку прысьвяціў яго не крумкачу і не голубу, як апісана ў Бібліі, а Чарнаногай Чайцы Кітывейцы.
Каўчэга на гарэ Арарат. Блёк пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе
«І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэгу і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады» (Быцьцё 8:4—7).
Потым Ной выпусьціў голуба, але голуб, як і крумкач, вярнуўся на каўчэг. Праз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба. «Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі» (Быцьцё 8:11). Голуба з аліўкавым лістом бачым на марцы Ватыкану.
Ноеў каўчэг, вясёлка і галубок. Мазаіка. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе
Да каўчэга вяртаецца голуб з аліўкавым лістом.
Яшчэ праз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, і цяпер той знайшоў сабе месца для гнязда і не вярнуўся. «І сказаў Бог Ною: выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі» (Быцьцё 8:15—17).
У 1968 годзе Ізраіль выпусьціў набор з пяці марак, якія сымбалічна ўяўляюць гэтую вялікую катастрофу. Першая марка паказвае нарыхтоўку дрэў, Ноя і каўчэг, які будуецца. На другой – сям'я Ноя і пары жывёл, што ідуць у каўчэг.
Будаўніцтва Ноева каўчэга. Жывёлы ідуць на каўчэг. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1968 годзе
На прывесках марак цытаты з Бібліі. «Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр…» (Быцьцё 6:14). «І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці…» (Быцьцё 7:15).
Потым «І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён…» Быцьцё 7:17) – прадстаўлена трэцяй маркай з гіганцкімі хвалямі і сполахамі маланкі.
Патоп. Паслкньне голуба. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1968 годзе
Праз сорак дзён Ной паслаў крумкача, а потым голуба тройчы, з перапынкам у сем дзён, як паказвае чацьвёртая марка. На прывесках марак цытаты з Бібліі. «…і каўчэг плаваў па паверхні водаў» (Быцьцё 7:18). «Потым выпусьціў ад сябе голуба…» (Быцьцё 8:8). Першы раз голуб вярнуўся да каўчэга з пустой дзюбай, бо зямля ўсё яшчэ была пад вадой. У другі раз ён вярнуўся з аліўкавым лістом і Ной даведаўся, што вада спадае. У трэці раз голуб не вярнуўся.
На апошняй марцы – вясёлка – знак Божага запавету з чалавекам пасьля патопу. На прывесцы цытата: «…дык явіцца вясёлка ў воблаку» (Быцьцё 9:14).
Знак Божага Запавету. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1968 годзе
Блёк Ізраілю каранаваны вясёлкай.
Ноеў каўчэг. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 2008 годзе
Голуб з аліўкавай галінкаю, сям’я Ноя і зьвяры выходзяць з каўчэгу…
Гэта быў вельмі шчасьлівы момант для ўсіх істот, якія знаходзіліся ў зьняволеньні каля цэлага году и выходзілі з каўчэгу, каб засяліць бязьлюдны сьвет. У загалоўку блоку цытата на ангельскай мове: «І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу» (Быцьцё 8:1).
Выхад на сушу з каўчэга Ноя. Марачны ліст неіснуючай краіны Тонга, выдадзены ў 1987 годзе
У 1889 годзе Іван Айвазоўскі напісаў карціну «Ной спускаецца з гары Арарат».
Ной спускаецца з гары Арарат (1889). Іван Айвазоўскі (1817—1900). Нацыянальная галерэя Армэніі, Ерэван. Блёк пошты Армэніі, выдадзены ў 1992 годзе
Ной вяртаецца на зямлю пасьля сусьветнага патопу. Разам зь ім з Арарацкіх гор спускаюцца яго сыны, жонка, жонкі сыноў і шматлікія жывёлы, якія выратаваліся ад патопу дзякуючы каўчэгу.
Ной адразу будуе ахвярнік і прыносіць Богу ахвяру ўсеспаленьня, як знак яго гатоўнасьці да служэньня Богу.
Ахвярапрынашэньне Ноя (1508—1512). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская Капэла, Ватыкан. Марка пошты Гранады Карыака і Петыт Марцінікі, выдадзены ў 2014 годзе
Сьмерць жывёліны сымбалізуе сьмерць жывёльнага пачатку ў чалавеку, яго падпарадкаваньне пачатку духоўнаму. За гэтую шчырую падзяку Бог і дае «у сэрцы Сваім» абяцаньне не праклінаць зямлю за чалавека і не караць больш так жорстка чалавецтва.
Новая старонка чалавечай гісторыі пачнецца з дабраславеньня Божага Ною і яго нашчадкам, з усталяваньня новага Саюзу-Запавету з усім чалавецтвам. «І сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага – зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў…» (Быцьцё 8:21).
Пасьля гісторыі паводкі быў усталяваны шэраг сымбаляў, якія сталі неад'емнай часткай культурнай спадчыны. Так вясёлка стала выразам надзеі і абяцаньня на лепшую будучыню, а голуб, які нясе ў дзюбе аліўкавую галінку, стаў сымбалям міру.
«Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю» (Быцьцё 9:13) напісана на выданьні пошты Сэнт-Вінсэнту.
Ноеў каўчэг. Марачны ліст пошты Сэнт-Вінсэнту, выдадзены ў 2015 годзе
Калі мы думаем пра жорсткасьць Божага пакараньня, то павінны ўспомніць, што Ісус, «быўшы забіты ў целе, але ажылы духам, якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў; яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга…» (Першае Пятра 3:18—20). Гэта значыць, што тыя душы, якія не пакаяліся за 120 гадоў, дадзеных чалавецтву для пакаяньня перад патопам, знайшлі пакаяньне, дзякуючы Хрысту.
Запаветз Ноем змацоўвае саюз паміж Богам і чалавекам. Дуга вясёлкі пераклікаецца з выгібам цела сьпячага Ноя, чыё імя ў перакладзе з іўрыту азначае «адпачынак» або «суцяшэньне». Жоўты Анёл, які ўяўляе сабой Боскае слова, падкрэсьлівае цудоўную прыроду вясёлкі. Яе дзіўнай белізной Шагал паказвае, што белы зьяўляецца сумай усіх колераў. Анёл абвяшчае дабраславеньне, абяцанае Запаветам, і паказвае сцэны будучага дастатку (яны прадстаўлены ў верхняй частцы карціны), а таксама беды габрэйскага народу, намаляваныя ўнізе палатна (як апісаныя Прарокамі ў Бібліі, так і тыя, якія габрэям сапраўды прыйшлося перажыць у ходзе гісторыі). Упершыню сьмяротнае пакараньне стала часткай чалавечага быцьця і ўсе забойцы з тых часоў павінны былі быць пакараныя.
Першы Запавет. Марк Шагал (1887—1985). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
«Ці спраўдзіў наш, Другі, сьвет надзею Бога? Ці не пахіснуў яе яшчэ больш? Ці навучыўся ён чаму-небудзь на прыкладзе таго, Першага, што назаўсёды згінуў пад хвалямі патопу? Невядома. Але цяпер на старонках Бібліі гэты малады пасьляпатопны сьвет толькі робіць першыя крокі, і Ной чакае голасу Божага». Галіна Сініла.
П'яны Ной
Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку… (Паводле Лукаша 21:34)
У Бібліі слова «віно» сустракаецца больш за сто разоў і першы раз у сувязі з Ноем.
«Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік…» (Быцьцё 9:18—20).
На ўспамінаным раней блёку пошты Ізраілю з рэпрадукцыяй старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі – «Biblia Schockena» з 13 веку, створанай у Германіі, малюнак у верхнім куце другі зьлева паказвае, як Ной садзіць вінаграднік. Але Ной навучыўся ня толькі вырошчваць вінаград, але і рабіць віно і ня змог разумна гэта выкарыстаць.
Зьлева – Ной капае вінаграднік. У цэнтры сьпіць аголены Ной; Хам, які стаіць сьпіной да нас, паказвае пальцам на бацьку, якога Сім і Яфэт накрываюць.
«І выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім» (Быцьцё 9:21,22).
«Немагчыма перадаць, як выдатна намаляваная гісторыя Ноя, дзе ён, ап'янелы віном, сьпіць, аголены, і тут жа прысутнічаюць адзін з сыноў, які над ім сьмяецца, іншыя, якія яго затуляюць; гісторыя гэтая і майстэрства мастака не параўнальныя ні з чым, і перасягнуць яго мог бы хіба толькі ён сам» Вазары.
Ап'яненьне Ноя (1508—1512). Мікеланджэла (1475—1564). Сыкстынская Капэла. Марка пошты Гамбіі, выдадзены ў 2013 годзе
Сцэна з п'яным Ноем паказана на марцы пошты Тога з сэрыі, прысьвечанай Дзесяці Запаведзям. Бачым Сіма і Яфэта, прыкрываючых бацьку. Біблейны эпізод тут выкарыстаны для ілюстрацыі Запаведзі: «Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе» (Выхад 20:12).
Нядобры ўчынак Ноя справакаваў другі нядобры ўчынак яго сына, які стаў насьміхацца над бацькам. Яму не хапіла ў гэтым выпадку сыновай любові. Сім і Яфэт прыпынілі нядобры ход падзей. «А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго» (Быцьцё 9:23).
Нядобры пачатак і далей вёў нядобрай дарогай. Бо, калі Ной працьверазеў і даведаўся аб усім, то пакараў Хама і пахваліў Сіма і Яфэта. П'янства працягвае быць злом. Але калі сын высьмейвае бацьку, гэта яго ўласная ганьба, не яго бацькі.