Полная версия
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі
Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Лявон Карповіч
© Лявон Карповіч, 2021
ISBN 978-5-0053-2627-0
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Біблія і філятэлія
Наказваю вам: любіце адзін аднаго. (Яна 15:17)
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)
Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў людзей Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.
Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам.
Па дадзеных Сусьветнага Альянсу Уікліф на кастрычнік 2019: «У сьвеце налічваецца прыблізна 7097 „жывых“ моў. Сьвятое Пісаньне, у поўным або частковым складзе, існуе на 3384 зь іх».
Ужо ў трэцім стагодзьдзі да Р.Х. быў зроблены першы пераклад Старога Запавету – Сэптуагінта. У Сэптуагінце было ўжыта слова Пантакратар для перакладу габрэйскага назвы Эль-Шаддай (Бог). Спас Вобраз Уседзяржыцеля, або Пантакратара (ад грэч.: παντοκράτωρ – Усеўладны, Усемагутны) стаў цэнтральным вобразам у іканаграфіі Хрыста, які ўяўляе Яго як Нябеснага Цара і Судзьдзю. На мазаіцы з Сіцыліі Кніга ў левай руцэ Хрыста Панкратара раскрыта на старонцы з тэкстам «Я-сьвятло сьвятла. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця» (Паводле Яна 8:12), напісаным на лацінскай і грэцкай мовах.
Хрыстос Пантакратар. Мазаіка сабора ў Чефалу, Сіцылія (1140). Марка рошты Италіі, выдадзеная ў 1987 годзе
Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382 – 406 гадах. Сьвяты Еранім стаў міфам і легендай яшчэ пры жыцьці. У самай прыгожай і самай вядомай гісторыі пра Ераніма ён дастае стрэмку з лапы льва, які потым аддана ідзе за ім. Некалькі самых вядомых эўрапейскіх мастакоў адлюстроўвалі яго са львом на працягу стагодзьдзяў. Сьвяты Еранім таксама быў адлюстраваны ў выглядзе пустэльніка, які трымаў Біблію і чэрап, і ў выглядзе кардынала, апранутага ў афіцыйнае кардынальскае адзеньне. Яму прысьвечаныя дзясяткі паштовых марак.
Сьвяты Геранім за працай (1440—1470). Нікало Антоніа Калянтоніё (1420—1460). Нэапаль, Музэй Кападымонтэ. Марка пошты Руанды, выдадзеная ў 1973 годзе
«Я жадаў бы, каб Пісаньня пераклалі на ўсе мовы, каб іх чыталі і разумелі ня толькі шатляндцы і ірляндцы, але таксама туркі і сарацыны. Мне хацелася б, каб араты сьпяваў вершы зь Пісаньня, ідучы за плугам, ткач паўтараў іх пад гудзеньне чаўнака і падарожнік забаўляўся Эвангельскімі апавяданьнямі падчас сумнага падарожжа» – так пісаў вялікі галяндзкі навуковец Эразм Ратэрдамскі ў 1516 годзе.
Гэта стала магчымым, калі зьявілася першая друкаваная Біблія – гэта Біблія, надрукаваная ў 1452 – 1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам. Вынаходніцтва Іягана Гутэнбэрга – друкарня зьмяніла палітычны, сацыяльны і культурны ляндшафт яго часу. Network прызнала Іягана Гутэнбэрга самай уплывовай фігурай другога тысячагодзьдзя. Таму і маркі, прысьвечаныя яму, выдаюцца многімі краінамі сьвету.
Іяган Гутэнбэрг – друкарня. Марка пошты Камбоджы, выдадзеная ў 2001 годзе
На пачатку было Слова, запісанае ў Кнігу, а Кніга была супраць выяваў: «Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш» (Лявіт 26:1). Не магло быць іначай сярод паганцаў, якія пакланяліся ідалам і прыносілі ім ахвяры. Абраны народ павінен быў быць верным Нябачнаму. І яўрэі не стварылі ніводнай выявы Бога. Першыя сцэны біблейныя паўсталі ў Рымскай імпэрыі. Гэта былі ілюстрацыі Сэптуагінты – грэцкага перакладу Старога Запавету. Стары Запавет забараняў тварыць выявы, а Новы Запавет не зьнімаў гэтай забароны. Але зьявіўся Богачалавек, Ісус, «выява Бога Нябачнага». Гэта давала мажлівасьць стварэньня вобраза Бога. Яшчэ доўга цягнуліся споры, хоць многія казалі «аб вялікім пажытку ад выяваў біблейных».
Наш зямляк Францыск Скарына з Полацку арганізаваў ў Празе друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і за 1517 – 1519 гады надрукаваў 22 кнігі Бібліі.
Беларуская пошта зрабіла некалькі выданьняў, прысьвечаных Францыску Скарыну. У тым ліку і першая Беларуская паштовая марка, выдадзеная Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе
Францыск Скарына. Беларуская паштовая матка №1, выдадзеная ў 1918 годзе
Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «Дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Біблію Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі яго выкананьня.
«Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Выявы зьявіліся пасьля Нікейскага (325 ад Р.Х.) і Халкедонскага (451 ад Р.Х.) царкоўных сабораў і расквітнелі ў Італіі эпохі Адраджэньня.
Матывы Біблейныя можна знайсьці ў творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблейную.
Выдадзена мноства кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Дзьве прычыны. Вывучаць Біблію ня проста. Калі мы чытаем Пісаньне, калі не зьвяртаем пільнай увагі і не адкрываем сэрца і розум на тое, што Бог сапраўды кажа, мы бачым толькі тое, што хочам бачыць. Мне дапамог мэтад паралельнага вывучэньня. Чытаньне Бібліі стымулявала пошук марак для філятэлістычнай выставы, а знойдзеныя мініяцюры патрабавалі знаёмства з адпаведным тэкстам Бібліі. А яшчэ, з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа напісаць «сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Штодня паяўляюцца ўсё новыя выданьні, а папярэднія становяцца ўсё больш недаступнымі. Праца па складаньню калекцыі пакліча ў пошук, пашырыць круг знаёмых і сяброў, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй. Такая праца прывяла мяне да напісаньня гэтай кнігі.
Першай паштовай маркай, тэматычна зьвязанай з Бібліяй, зьяўляецца марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1852 годзе. На марцы Герб Папы Рымскага – залаты і срэбны ключы, якія Хрыстос перадаў Апосталу Пятру.
Герб Папы Рымскага. Марка №1 пошты Італіі, выдадзеная ў 1852 годзе
У наступныя гады колькасьць выдадзеных марак на Біблейскую тэму расла ў геамэтрычнай прагрэсіі. І хоць не ўсе тэмы раскрытыя, варта зрабіць спробу, паказаць з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Гэта ня толькі для таго, каб з цікавасьці разгледзець мініяцюрныя малюнкі, якія пошты розных краін абралі для сваіх выданьняў, але, каб як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць, што нам хацеў сказаць аўтар. Толькі тады марка ня толькі забаўляе, але вучыць і выхоўвае.
Наступным было выданьне пошты Мальты па карціне Густава Доры – «Сьвяты Павал пасьля караблекрушэньня». За Сьвятым Паўлам ў вогнішчы зьмяя. Падзея адбылася пазьней, калі Апостал грэўся ля вогнішча і на яго напала зьмяя. «Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды» (Дзеі 28:5).
Апостал Павал. Караблекрушэньне. Марка пошты Італіі, выдалўеная ў 1899 годзе
Мяне вельмі ўразілі словы, на жаль я згубіў кім сказаныя: «Царква прыгожая, калі знаходзіцца ў будынку, але яшчэ больш уражлівая, калі ажывае праз Яго народ у паўсядзённым жыцьці. Няхай Слова Божае ажыве праз вас, і вы будзеце Яго рукамі і нагамі ў страчаным і паміраючым сьвеце, маяком Яго надзеі ў цемры».
«Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?» (Першае да Карынфянаў 3:16).
Трыміленіюм
4 верасьня 1995 году пачаліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя трохтысячагодзьдзю Ерусаліма, якія працягваліся 16 месяцаў. Яны былі насычаныя разнастайнай культурнай праграмай.
З гэтай нагоды пошта Палаў выпусьціла прыгожы марачны ліст. У загалоўку марачнага ліста напісана: «Па Нашаму Вобразу і Падабенству. Дасьледаваньні пэрсанажаў Бібліі для Іерусалімскага Трыміленіюмa».
Пэрсанажы Бібліі. Гай Роў (1894—1969). Марачны ліст пошты Палаў, выдадзены з нагоды Ерусалімскага Трыміленіюма ў 1996 годзе
На гэтым марачным лісьце відарысы 30 розных Біблейскіх пэрсанажаў, намаляваных мастаком Гаем Роў (1894—1969). Аб гэтым сьведчыць надпіс пад малюнкамі ў нізе ліста:
«Рэпрадукцыі разьмешчаныя з дазволу нашчадкаў Гая Роў, з карцін, першапачаткова апублікаваных у кнізе „Па Нашаму Вобразу і Падабенству“: Дасьледаваньні пэрсанажаў са Старога Запавету; выбрана з вэрсіі „Кінг Джэймс“ Х'юстана Хартэ (Выдавецтва Оксфардзкага унівэрсытэта, 1949)».
Пачынаючы зьлева направа і зьверху ўніз разьмешчаныя малюнкі з наступнымі назвамі: 1. Стварэньне. 2. Адам і Ева. 3. Ной і яго жонка. 4. Абрагам. 5. Дабраславеньне Якава. 6. Якаў становіцца Ізраілем. 7. Іосіф і яго браты. 8. Майсей і Неапалімая Купіна. 9. Майсей і скрыжалі. 10. Валаам. 11. Ісус Наваў. 12. Гідэон. 13. Ефтай. 14. Самсон. 15. Рут і Наэмінь. 16. Саўл Памазаны. 17. Саўл. Асуджэньне. 18. Давід і Ёнатан. 19. Давід і Натан. 20. Давід смуткуе. 21. Саламон моліцца. 22. Саламон судзіць. 23. Ільля. 24. Елісей. 25. Ёв. 26. Ісая. 27. Ерамія. 28. Езэкііль. 29. Сон Навухаданосара. 30. Aмос.
Пра гэтых і іншых пэрсанажаў Бібліі, пра Біблейскія гісторыі гэта кніга. Яна можа зацікавіць як маленькага чытача так і дарослага, калекцыянэра і таго, хто ўлюбёны ў мастацтва і таго, каму не абыякавая Біблія… Магчыма некаму прыйдзецца да спадобы мэтад паралельнага дасьледаваньня і ён прыменіць яго зусім у іншых тэмах…
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Стварэньне Сьвету
І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. (Быцьцё 1:31)
Першая Кніга Бібліі Быцьцё пачынаецца апісаньнем Стварэньня Сьвету. Бог шэсьць дзён стварае Сьвет.
Стварэньне Сьвету. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1965 годзе
На шасьці марках ў стылізаваным выглядзе адлюстраваны кожны наступны дзень Стварэньня Сьвету. Пад маркамі знаходзяцца прывескі з тэкстам абазначэньнем дня Стварэньня на габрэйскай і францускай мове.
Апісаньне гэтага дзеяньня ў Бібліі пераканаўчае і вельмі прыгожае. Яно стала натхненьнем для многіх аўтараў мастацкіх твораў.
Першы дзень. «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быцьцё 1:1). «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры» (Быцьцё 1:3,4).
Аддзяленьне сьвятла ад цемры. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнт фрэскі. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Мікранезіі, выдадзеная ў 2012 годзе
Сціснуты рамай архітэктурнага збудаваньня, Бог змагаецца з навакольным хаосам. Неймаверным высілкам ён разьдзяляе цяжкую цемру і аблокі. Яшчэ адно намаганьне-і мэта дасягнутая: на зьмену сьвету «нябачнаму і пустому і цемры над безданьню» (Быцьцё 1:2) прыходзіць першая раніца Сусьвету.
«І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін» (Быцьцё 1:5).
Хай будзе сьвятло. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе
Другі дзень. «І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
Аддзяленьне цьвердзі ад вады. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнті. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Мікранезіі, выдадзеная ў 2012 годзе
І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі» (Быцьцё 1:7,8).
Трэці дзень. «І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці» (Быцьцё 1:11—13).
Стварэньне Сьвету, або шэсьць дзён сьветабудовы. Гравюра з Бібліі Скарыны, 1519. Праект маркі
Трэці дзень «Стварэньне сушы, травы, дрэў» на гравюры знаходзіцца ў другом радзе левы малюнак. Марачны ліст, прысьвечаны 500-годзьдзю перакладу Бібліі Скарыны і 500-годзьдзю Беларускага кнігадрукаваньня, ня быў прыняты для друку Белпоштай і выдадзены ў выглядзе налепак Міжнародным Грамадзкім Аб’яднаньнем «Згуртаваньне Беларусаў сьвету „Бацьувўшчына“» і Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк).
Чацьвёрты дзень. «І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі; і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю, і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты» (Быцьцё 1:16—19).
Стварэньне сьвяціл. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнт. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Індыі, выдадзеная ў 1975 годзе
Мастак намагаўся перадаць наступныя словы Бібліі: «І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра « (Быцьцё 1:10).
Пяты дзень. «І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі. І быў вечар, і была раніца: дзень пяты» (Быцьцё 1:21—23).
У зьзяньні залатога сьвятла, якое высьлізгвае з цемры, яшчэ часткова ахутваючай толькі што створаную зямлю, Бог-Бацька як быццам лунае ў паветры ў акце тварэньня. Жывёлы рухаюцца наперад перад і за Ім, а птушкі і рыбы стромка ляцяць у паветры і па вадзе, як стрэлы, выпушчаныя зь Яго рукі.
Стварэньне жывёл (1551—52). Тынтарэта (1518\1519 —1594). Галерэя Акадэміі, Вэнэцыя. Блёк пошты Мальтыйскага Ордэну, выдадзены ў 2014 годзе
Валявымі ўзмахамі рук Творца пасылае на неба сьвяцілы, дае жыцьцё раслінам, уціхамірвае водную стыхію…
Стварэньне жывёл (1518—19). Рафаэль Санці (1483—1520). Фрэска лёджыі Рафаэля. Блёк пошты Грэнады, выдадзены ў 1983 годзе
Бог-Творца ходзіць сярод дзівоснай калекцыі жывёл і птушак. Яго жэст і позірк выказваюць задаволенасьць і пацеху.
На марцы намалявана першая надрукаваная Біблія на армянскай мове, а на сувенірным аркушы – ілюстрацыя «Стварэньне свету» з Кнігі Быцьця.
Ілюстрацыя. Блёк пошты Арменіі, выдадзены ў 2016 годзе з нагоды 350 гадавіны Першай Бібліі на армянскай мове
На блёку, выданым поштай Гішпаніі ў 1980 годзе, зьмешчана рэпрадукцыя знакамітага «Габэлену Стварэньня» 11 ст. Габэлен «Стварэньня сьвету» – адзін з самых загадкавых помнікаў эпохі эўрапейскай раманікі. Гэта незвычайна каштоўны і прыгожы твор мастацтва, які захоўваецца ў катэдры гішпанскага месца Верона. Узор у выглядзе круга паказвае розныя сцэны Стварэньня Сьвету і чалавека. Зьмяшчае таксама цытаты на лацінскай мове з Кнігі Быцьця. Круг у сярэдзіне зьмяшчае выяву Бога Стваральніка. Вакол круга надпіс: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быцьцё 1:3). Над цэнтральным кругам на 11 гадзін самы цёмны сэктар, прысьвечаны «цемры над безданьню» перад пачаткам Стварэньня. Наступны сэктар (на 12 гадзін) Дух Божы над водамі. Справа ад яго – Стварэньне Сьвету. Сымэтрычныя сэктары па «экватары»: «хай будзе цьвердзь» і «аддзяліў ваду». Самы большы ніжні сэктар – Стварэньне істот водных і птушак. Па бакам гэтага сэктару – Стварэньне жывёл і чалавека і Стварэньне жанчыны.
Габэлен Стварэньня, 11 ст. Блёк пошты Гішпаніі, выдадзены ў 1980 годзе.
Гэты твор унікальны як сваёй велічынёй, так і сваёй іканаграфічнай праграмай, якая арыгінальна аб'ядноўвае ў сабе Біблейскую гісторыю Стварэньня Сьвету, касмаграфічны каляндар і легенду аб Сапраўдным Крыжы.
Стваральнікі габэлену выказалі ня толькі падзіў справай Стварэньня Сьвету, але падкрэсьлілі яе гармонію. Дзякуючы пошце Габэлен Стварэньня стаў больш вядомым, выклікаючы пачуцьці ўсьведамленьня велічы падзеі.
Стварэньне чалавека
І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. Быццё 2:7
Пяць дзён займаўся Бог стварэньнем сьвятла, вады і неба, сушы і расьлін, сьвяцілаў, птушак, рыб і зьвяроў… Уся справа стварэньня Сусьвету, зямлі, азоранай пяшчотным сонцам, напоўненай жывымі істотамі і расьлінамі, неба, блакітнага днём і зорнага ноччу, была прадвызначана для чалавека, як вынікае з Кнігі Быцьцё. Чалавек – карона Боскай справы.
Стварэньне Адама. Барэльеф – скульптара Якопа дэла Кверча (Jacopo della Quercia ок. 1374—1438). Базыліка Сан-Пятронія ў Балоньі. Марка пошты Італіі, выдадзеная у 1974 годзе
Пяць дзён для чалавека стваралася месца існаваньня ў адзінстве з Богам.
«І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі» (Быцьцё 1:26). Створаны чалавек атрымаў імя Адам (іўр.: אָדָם – Сын Землі ці чалавек).
Падзея стварэньня чалавека знайшла адлюстраваньне ў многіх творах мастацтва. Адзін з найпрыгажэйшых знаходзіцца ў Ватыкане ў Сыкстынскай капэле сярод фрэсак, якія стварыў Мікеланджэла ў 1508—1512 гадах. Гэты шэдэўр стаў адным з сымбаляў мастацтва. Фрэска адлюстравана на марках многіх краін. Адам намаляваны як сымэтрычнае адлюстраваньне Творцы. Далонь Бога і далонь Адама амаль злучаюцца, выражаючы пачуцьці ўзаемнай міласьці і любові. Джорджа Вазары пісаў пра Адама на фрэсцы, што ён намалёваны «такім выдатным, у такім становішчы, з такімі абрысамі, што здаецца, быццам ён зноў створаны вышэйшым і першапачатковым Стваральнікам сваім, а не пэндзьлем і па задуме чалавека».
Стварэньне Адама (1511). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў1994 годзе
Апрануты ў простую ружовую туніку, Бог праносіцца над створаным сьветам у акружэньні анёлаў без крылаў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Мікеланджэла адлюстраваў Творцу як крыніцу розуму. Фон разам з анёламі абрысамі нагадвае мозг. Жаночая постаць справа ад Яго – Ева, яна яшчэ чакае гадзіны свайго стварэньня, але ўжо задумана Богам. Падчас палёту Бог паварочваецца, накіроўваецца насустрач Адаму і падае яму руку. Рукі амаль сустракаюцца. Энэргія Бога перадаецца руцэ чалавека. Гэта імгненьне нараджэньня Душы…
«І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму» (Быцьцё 2:18). «І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека» (Быцьцё 2:22).
Стварэньне Евы. Карціна невядомага аўтара з царквы Сьвятога Стэфана ў Лісабоне. Марка пошты Партугаліі, выдадзеная ў 2012 годзе
З правага боку маркі цытата з Кнігі Быцьця: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі» (Быцьцё 1:27,28).
Рафаэль стварыў сэрыю з 52 карцін, якую называюць Бібліяй Рафаэля. Адна зь іх паказана на марцы Парагваю.
Стварэнне Евы з рабра Адама (1519). Рафаэль Санці (1483—1520). Музеі Ватыкана (фрэскі), Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе
Цікава, як Мідраш (тлумачэньне вершаў Торы) апісвае стварэньне жанчыны: «… калі Усявышні ствараў жанчыну, то ўвесь час паўтараў, што яна павінна быць сьціплая. Таму не зрабіў яе з вачэй, каб яна не глядзела, куды ня трэба, з рук, каб не чапала, чаго ня трэба, з ног, каб не хадзіла, куды ня варта, з мовы, каб не казала лішняга. А рабро заўсёды закрытае рукой, ёсьць самае сьціплае месца ў целе чалавека».
Бог-Бацька немаладога выгляду з доўгай барадой укладвае «дыханьне жыцьця» у толькі што створаную Еву на фоне сельскага пэйзажу, дзе бачныя і фігуркі некаторых жывёл.
Стварэньне Евы (1575—1580). Паола Вэранэзе (1528—1588). Мастацкі інстытут. Чыкага. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе