bannerbanner
Пераслед мінулага
Пераслед мінулага

Полная версия

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
4 из 5

– Вось ты дзе! – крыкнула Васіліса Лебедзева, маці Аляксандра.

Юлія хутка адвярнулася ад хлопца і апусціла вочы ўніз.

– Сыходзь… – ціха сказала яна.

Са свайго двара выйшла пышная жанчына Васіліса Лебедзева. Яна стала каля куста каліны, што рос каля яе плота, паклала рукі на пояс і, нахмурыўшыся, паглядзела на свайго ўсмешлівага старэйшага сына са словамі:

– Вось ты дзе! Зноў ён тут?! Ідзі дапамажы хвораму бацьку дровы скласці. А то ж, сядзіць ён тут! Аляксандр! Чуеш? Бацька не дачакаўся цябе, ды сам пайшоў працаваць, што б я яму не казала. Упарты! Сына, адстань ты ўжо ад Юліі! У яе ж жаніх ёсць. Ідзі, лепш, папрацуй! – прыкрыкнула маці.

Васілісе не падабалася, што яе сын другі вечар круціўся вакол Юліі, замест таго, каб дапамагчы маці і бацьку. Аляксандр абяцаў бацькам правесці з імі ўсе выхадныя і дапамагчы з усімі назапашанымі справамі, перш чым зноўку з'едзе на некалькі месяцаў.

Аляксандр павольна падняўся з лаўкі.

"У яе ёсць жаніх?" – круціў ён у галаве, – "Чаму яна маўчала пра яго? Цяпер зразумеў, каго яна чакае, каго яна выйшла сустракаць!"

Аляксандра закранула, кальнула гэтае слова "жаніх". Ён хацеў застацца, каб убачыць хлопца Юліі, каб грозна зірнуць яму ў вочы і зразумець, чым ён лепшы за яго, ці не прыгажэйшы!? Але не змог. Аляксандр не адважыўся пярэчыць маці і з туманнымі думкамі, павольна дыхаючы, ён паглядзеў на Юлію сумнымі вачыма, як быццам назаўжды развітваўся з ёй. Перад сыходам, ён вымавіў:

– Поспехаў табе…

– Мг, – не змагла нічога адказаць Юлія, акрамя кароткага гуку.

Дзяўчына толькі зірнула на яго, усміхнулася і чакала, калі ж Аляксандр сыдзе. А ён разгублена стаяў. З-за выдатнай усмешкі Юліі, з-за прыгожага твару насупраць, Аляксандр зноў забыўся пра ўсё.

– Аляксандр! – як гром, усклікнула Васіліса Лебедзева.

Хлопец міжволі павярнуўся на гучны голас і вярнуўся дадому.

Калі Аляксандр знік з-пад увагі, Юлія з палёгкай выдыхнула. На сэрцы стала спакайней, нават злёгку пахаладала на душы. Ёй яшчэ больш захацелася хутчэй вярнуцца ў горад і забыць усё, што было паміж ёй і Аляксандрам: той пацалунак, тое прыцяжэнне. Усе думкі пра яго толькі псавалі ёй настрой. Калі аўтамабіль пад'ехаў да хаты, Юлія адчула сябе здрадніцай. Думкі пра здраду скоўвалі яе, і яна здавалася дзіўнай у вачах жаніха. Дзяўчына ніяк не магла засяродзіцца, спяшалася і блыталася ў думках. Хутка развітаўшыся з бацькамі, яна села ў сіні аўтамабіль і з'ехала далей ад Аляксандра. Юлія бегла, як злачынец пасля парушэння закона.

У той час, калі машына яшчэ стаяла ля двара Абрамоўскіх і бацькі збіралі дачку ў дарогу, Аляксандр знаходзіўся за пабудовай. Ён дапамагаў свайму бацьку перамяшчаць кучу дроў пад навес. Пару разоў ён адыходзіў ад працы, выглядваў з-за вугла і раўніва вышукваў вачыма таго маладога чалавека, які прыехаў за Юліяй. Але нічога не выйшла. Ён так і не ўбачыў жаніха. Аўтамабіль амаль што нячутна загудзеў і ціха звёз Юлію. Аляксандр застаўся з бясконцымі думкамі пры працы. У тыя хвіліны ён закахана думаў толькі пра дзяўчыну.

Аляксандр Лебедзеў вярнуўся з успамінаў. Стоячы ў двары, мужчына здрыгануўся, ці то ад халоднай восеньскай раніцы, ці то ад мінулага, перажытага. Ён падняў кавалак ад калодачкі, сумна паглядзеў на сырую драўніну і кінуў яе назад у кучу. Прапаў увесь настрой да працы. Мужчына вярнуўся ў хату, прылёг на рыпучую канапу, каб прабавіць час. Ён закінуў рукі за галаву і чакаў, калі наступіць хоць поўдня, каб зайсці да суседкі Юліі. Лебедзеў больш не шукаў нейкай нагоды або прычын зазірнуць да яе, усё ўпіралася толькі ў час.

Пакуль Дзмітрый Янчанка трымаўся за руль, а Аляксандр Лебедзеў думаў пра жанчыну, Юрый Люты ўжо сышоў з цвёрдай дарогі і спусціўся ў нізіну. Скончылася вясковая вуліца, праз лес працягнуліся дзве неглыбокія каляіны, якія ляглі роўнай паласой на мяккую зямлю. Юрый ішоў па іх праз рэдкі лясок тоўстых хвой, частка якіх бліжэй да ракі ляжала мёртвай. Калі пад нагамі размякла і дарога зусім знікла, пасля нядоўгай хады Юрый ступіў на шырокі бераг. Шлях яго прывёў на прыгожы прастор шырокай ракі, дзе па краях, удалечыні, над вадой вісеў густы туман. Уздоўж цёмнай люстраной роўнядзі ад халадоў згаслі водныя расліны. Надломленыя сцеблы трыснёга, чароту і мячэўніка ахапілі сабой большую частку мелкаводдзяў. Сонца ўставала справа, халодныя белыя прамяні дакраналіся да цёмнай ракі, і на вадзе былі бачны тонкія паласы мяккага дотыку, туман стаў больш выразным і мяккім. Выйшаўшы з узлеску да ракі, Юрый Люты ўбачыў тое самае месца, якое ён абраў для здымку. З боку ляжаў дуб, але да яго трэба было асцярожна падыходзіць, каб не слізгнуцца на гнілой траве або на мяккай адкрытай глебе. Юрый падабраў голую хваёвую галінку, якая выглядала трывала. Ён абламаў непатрэбныя адгалінаванні і цяпер больш упіраўся на тоўстую палку і на ацалелую нагу, чым на пратэз.

Юрый Люты асцярожна прайшоў уздоўж лесу, баючыся не заўважыць і выпадкова трапіць у глыбокую ўтоеную водную пастку. Перад ім тапталася палка, якая шукала цвёрды і бяспечны шлях. Нарэшце, Юрый дасягнуў сваёй мэты – ён дайшоў да тоўстага дуба, які бедна лёг ля зялёна-шэрага лесу. Старое дрэва ўжо даўно ляжала тут, нават ніхто не мог дакладна сказаць, калі яно ўпала. У вёсцы не засталося тых людзей, якія маглі б пра гэта расказаць. Бабры не дакрануліся да дуба, бо для іх ён быў занадта цвёрдым, куды больш ахвотна і прыемна валяць мяккую асіну, якая расла далей па беразе. Пару паваленых дрэў з вялікімі галінкамі ляжалі ў метрах ста ад дуба, ствалы амаль абмяклі ад вільгаці. Юрый Люты з цяжкасцю падцягнуў рукамі сваё цела і сеў на сухі безжыццёвы дуб спінаю да лесу, тварам да ракі. Тут пахла мокрай зямлёй і сырасцю, часам даносіўся водар хвойнага бору. Адсюль было добра відаць іншы бераг ракі, дзе за рачулкай стаяў толькі сухі рэдкі мячэўнік. Чамусьці там не рос трыснёг, з-за чаго выразна праглядаўся бярозавы пажоўклы гай. Каля берагоў па-ранейшаму радзела белая каламута пара.

Мужчына быў акружаны прахалодай, але ён нібы не адчуваў яе. У душы засталіся цёплыя, яркія ўспаміны гэтага месца, якія з болем грэлі ўсё цела. Юрый выцягнуў чорны фотаапарат з сумкі, злавіў выдатныя пейзажныя вобразы і некалькі разоў шчоўкнуў. Цяпер, калі здымкі былі зробленыя, ён мог спакойна пагрузіцца ў свае думкі. Юрый прылажыў грубыя далоні да дуба і ўспомніў пра жонку. Ларыса любіла гэтае месца і гэтае дрэва. У цёплае надвор'е яна часта прыходзіла сюды пасля вайны. Часта брала Юрыя з сабой, каб ён лячыў сябе ад наступстваў ваенных успамінаў, ад пакутлівых адчуванняў мінулага. Трэба было жыць далей. Побач з Ларысай на гэтым дубе Юрый знаходзіў у сабе бадзёрасць, любоў, клопат, упэўненасць і сілы жыць мірным жыццём. У апошні раз ён быў тут з жонкай некалькі гадоў таму, у восень, падобна гэтаму дню, калі бярозы калыхалі свае жоўтыя пасмы. Юрый трымаў яе далікатныя пальчыкі і гаварыў з ёй пра прыемнае. Незабыўныя ўспаміны былі прыгожымі і плыўнымі, але яны абпальвалі сэрца. Праз столькі гадоў, праз самотнае жыццё, адклікалася жаданне быць побач з ёй, з жонкай. Цяжка было Юрыю, здавалася, што пейзаж ужо не быў такім жывым і сапраўдным: ні рака, ні расліны, ні святло, ні неба – без Ларысы ўсё стала халодным і чужым. Ад набягаючай самоты не хацелася тут больш заставацца. Яму захацелася пакінуць бераг і вярнуцца ў вёску.

Юрый слёз з дрэва і агледзеўся, як быццам на доўгую развітваўся з гэтым месцам. Ён напаследак агледзеў усё сваё асяроддзе. Магчыма, ён яшчэ вернецца сюды зноў. Але калі? Ён не мог адказаць сабе на гэтае пытанне. Незнарок, паварочваючыся, Юрый зірнуў на бярозы, на другі бок ракі і заўважыў там дробны рух. Мужчына спыніўся, выразней зірнуў, прыгледзеўся. З нізкага туману, да адкрытага берага выйшла рудая стройная казуля. Яна падышла да вады, зрабіла пару глыткоў, затым трошкі адышла назад і замерла. Юрый павольна падняў фотаапарат, каб не спужаць прыгожую жывёліну. Казуля вадзіла вушамі, падняла пярэднюю канечнасць, нібы наўмысна пазіравала фатографу, затым паглядзела на мужчыну і тут жа палахліва скакнула ў бел-чорны лес. Юрый яшчэ пару хвілін заставаўся стаяць побач з дубам моўчкі гледзячы наперад, як бы спадзеючыся, што жывёла вернецца.

"Пара дадому!" – падумаў ён і цяжка пакрочыў да дарогі. Калі Юрый дабіраўся да лясной каляіны, ён адчуў раптоўную слабасць і нежаданы сум. Халодныя дрыжыкі прабегліся па ўсім целе як маланка. На секунду ў вачах пацямнела, кіслява запахла новымі алейнымі фарбамі. Юрыю хацелася прыпасці да зямлі, але ён толькі працёр вочы і прымусіў сябе выйсці да лясной дарогі. Такая слабасць здароўя з ім здарылася ўпершыню. Гэта палохала мужчыну, нібы нешта жудаснае гнала яго хутчэй пакінуць бераг. Ён супраціўляўся дрэннаму самаадчуванню і супраціўляўся старасці. Адчуваючы страх і не адчуваючы халодны пот на лбе, Люты дайшоў да дарожнай каляіны і ўвайшоў у лес. І адразу яго неакуратнасць і спешка прывялі да яшчэ большай раздражняльнасці. На час забыўшыся аб мяккай паверхні і слізкай глебе пад нагамі, паспешлівы Юрый страціў раўнавагу і ўсім целам упаў на дол. Гразь пацягнула нагу, цела прызямлілася на бок і на правую руку. Юрый паваліўся на сыры лясны абрус і адчуў ціск і шум у галаве. Ён пацягнуўся да таблетак, якія заўсёды насіў з сабой. Не гледзячы, выціснуў адну таблетку з пласцінкі, закінуў у рот і праглынуў. Мужчына аслабеў, ляжаў, не спяшаўся ўставаць, перастаў сябе падганяць. Ён цяжка глядзеў на воблачнае неба і стройныя зялёныя вяршыні хвой, якія быццам краналіся аблокаў. Хацелася загінуць ад слабасці духу. Нават фантомны боль, што ўдарыў у галаву ў момант падзення, ужо не дастаўляў злосці. Ён аціхне разам з агідным цяжкім галаўным шумам, калі падзейнічае таблетка. Знаходзячыся на зямлі, Юрый глыбока задумаўся. На імгненне яму здалося, што ён чуе далёкія і знаёмыя галасы гармат. Стала немагчымым не ўбачыць успаміны вайны, якія вырваліся з памяці.

Ішоў другі месяц крывавай вайны. Была раніца. Красавік. Да лясных траншэяў, бліжэй да лініі фронту, перакінулі некалькі салдат, сярод якіх быў малады сяржант Люты. Юрый толькі нядаўна атрымаў гэтае званне сяржанта за подзвіг у пякельным баі, і цяпер ён больш упэўнена адчуваў сябе сярод радавых. У хвойніку стаяла нестабільная цішыня, зрэдку прабіваліся адзінокія далёкія воплескі аўтаматаў і гаўбіц. Для перадыслакаванага атрада былі пастаўленыя задачы: выцягнуць параненых пасля начных бітваў, а таксама даставіць боекамплект пяхоце, якая трымала перыметр у стратэгічна важным сяле Студзічы. Без запаволенняў, каманда ў цёмных камуфляжах рушыла ў дарогу. Ішлі па сырой траншэі, выйшлі з лесу да палёў, далей вузкія акопы. Сустракалі стомленых салдат: хтосьці стаяў на пасту перад брустверам, хтосьці седзячы спаў у адкрытых шырокіх праходах, а хтосьці незадаволена смаліў. Было холадна, учорашняя дзённая імжа пакінула пасля сябе непрыемныя адбіткі вільгаці. Салдаты ішлі па вязкай глебе, па земляной густой кашы. Ногі грузлі, чаравікі прыліпалі і хутка пакрываліся тоўстым пластом бруду. У момант ходу даводзілася падымацца на паверхню, перабягаць у іншыя траншэі. Жылі з надзеяй, што падчас пераходу вораг не заўважыць руху і не прыстрэліць снайпер.

Усё бліжэй падбіраўся фронт. За спінамі салдат цяжкі груз, у руках аўтаматы, на галаве каскі. Сяржант Люты знаходзіўся ў цэнтры рухаючай групы. За ім было двое, а наперадзе ішлі больш вопытныя салдаты і старшы лейтэнант. Трывожна грукатала сэрца, яно адганяла сваім стукам усю стомленасць. Цяжка, няхай і павольна, але група прабіралася да мэты. Частка невялікага ляснога масіву, якая пачыналася і заканчвалася ўздоўж палёў, абстраляная варожай артылерыяй, ужо заставалася ззаду, цяпер адкрываўся шырокі ўчастак голай зямлі. Наперадзе толькі голае чорнае поле, пакрытае глыбокімі варонкамі, а за ім, то самае вялікае сяло, дзе чакалі эвакуацыі параненыя салдаты.

У полі пахла халоднай зямлёй, ранняй вясной, нібы ўчора мяккую цёмную глебу ўзаралі плугам. Ідучы па вузкай траншэі, сяржант Люты хціва дыхаў, рыхтуючы сябе да цяжкасцяў, уяўляў, які яго чакае бой. Ён глядзеў з спачуваннем і смуткам на салдат, якіх сустракаў на шляху. Ён не хацеў, каб нехта з іх не вярнуўся дадому. Як толькі поле скончылася, атрад дабраўся да цагляных руін, да першых разбураных дамоў, ад якіх амаль нічога не засталося. Салдаты аглядзеліся. Траншэя тут скончвалася лёгкім невялікім уздымам да паверхні. Застаўся адзін рывок, трэба было перабегчы частку сяла да бліндажу. Салдаты расцягнуліся перад выхадам на шырокай частцы траншэі, адкуль кожны мог убачыць, што чакала іх наперадзе. Пад шэрым пустым святлом не было ніводнай жывой пабудовы. Паўсюль ляжала колатая белая цэгла і бытавыя рэчы, якія калісьці разляцеліся ад снарадаў. Юрый не адразу разгледзеў сярод разбурэнняў бяздушныя целы цывільных, што ляжалі па ўсёй вуліцы нібы лялькі. Ён ніколі яшчэ не бачыў такой жорсткасці. Трупамі была асыпаная сельская вулачка. Дарослыя і дзеці ляжалі ў гразі з чамаданамі ля згарэлых машын. Вораг адступаў, уцякаў рассыпаючы кулі па мірных людзях. Узрываў усё, не пакідаючы нічога пасля сябе. Тырчалі кавалкі плоці пад цаглянымі плітамі, тых, хто спрабаваў схавацца ад варожых салдат, ад беглай бамбардзіроўкі. Сінія твары перадавалі жах вайны. У гэты момант Юрый Люты не думаў пра сябе, ён напружана думаў пра свой пасёлак. Яму хацелася верыць, што ён ацалеў, што вораг не пайшоў да балот, а абышоў іх. Няхай у Борках і прайшла эвакуацыя, але за роднае месца было трывожна. Сяржант Люты пазіраючы наперад, трывожыўся за бацькоў. Цяжка, балюча было думаць пра жонку і дзіця ў такія хвіліны. Варожыя ракеты ляталі па ўсёй краіне.

Хай з гэтага сяла быў выбіты вораг, але яно ўсё яшчэ моцна абстрэльвалася, і вывезці мёртвых цывільных было цяжкай задачай. Карціна, дзе жыццё ператварылася ў разваліны, не пакідала абыякавасці – нарастала імкненне перамагчы гэты кашмар, адпомсціць за ўчыненае, за пакуты.

Скрозь нежывое пралягала сцяжынка да патрэбнага акопу. Салдаты, згорбіўшыся, сагнуўшыся, адзін за адным, па камандзе шустра перабягалі сцежку. Яны беглі хутка, як цені, і паляцелі па іх варожыя кулі. У адно імгненне ад стральбы ўсе салдаты ачуліся, сапраўдны страх ускалыхнуў іх душы. Юрый бег за сваімі, маячыў позіркам, спрабаваў абхапіць вачыма сваё асяроддзе. Сцежка абрывалася шырокай ямай, і, калі ўсе кінуліся ў варонку, каманда адразу ж апынулася ў патрэбным акопе і адразу ж накіравалася да бліндажу. У гэтыя хвіліны сяржант Люты нібы адключыўся ад вайны, яго захапіла важнае пытанне: "Можа, мне здалося?"

Старшы лейтэнант пра нешта гаварыў у бліндажы з іншым афіцэрам, але да Юрыя не даходзілі яго словы. Тады ж, салдат Люты распіхаў вайскоўцаў і бліжэй падабраўся да свайго камандзіра са словамі:

– Старшы лейтэнант! Можна звярнуцца?

– Што ў цябе? – павярнуўся кірпаты камандзір.

– Я заўважыў у сяле дзіця!

– Што? – апусціў белыя бровы старэйшы па званні, паправіў каску, – Паўтары!

– Дзіця! Там, ля царквы! Мне здаецца, я бачыў дзіцяці, жывога дзіцяці! – хутка, але няўпэўнена вымавіў Люты.

Салдаты заварушыліся, але не змаглі пацвердзіць або абвергнуць словы сяржанта Лютага. Ніхто не бачыў таго, што ўбачыў ён.

– Ты ўпэўнены? – спытаў афіцэр грубым тонам.

У размову ўлез невысокі салдат, абаронца сяла.

– Тут няма жывых, няма жывых цывільных! Мы б заўважылі! – сказаў ён.

– Але я бачыў худога хлопчыка! – больш упэўнена вымавіў Люты ціхім голасам.

Юрый і праўда бачыў сярод руін худое, аслабленае цела, якое сядзела каля чырвонай царквы і круціла галавой, але яму ніхто не паверыў. Спачатку Люты сам сабе не паверыў, але за той час, пакуль ішла размова, ён пераканаў сябе ў адваротным. Было страшна памыліцца і не праверыць, страшным было пакінуць дзіця ў зруйнаваным сяле.

– Лейтэнант, як даўно вы тут? – пацікавіўся старшы лейтэнант штурмавога выратавальнага атрада, разумеючы, што час ідзе супраць яго, супраць параненых у бліндажы.

– Тры дні! Тут няма ні дзяцей, ні дарослых. Усё праверана! – далажыў салдат.

Каманда адразу ж выгрузіла боекамплект, а Люты застыў у сваіх думках. "Трэба праверыць царкву. Ён быў там!"

– Вы двое, узялі параненага! І вы бярыце на насілкі другога! – перадаваў загад старшага лейтэнанта худы салдат з пазыўным "Хмурны".

Параненыя ўжо ляжалі на моцнай тканіне. Адзін – з акрываўленай нагой, на правай назе быў зацягнуты жгут, другі салдат – з перавязанай галавой і параненай левай рукой. Юрый Люты быў адным з тых, хто павінен быў узяць насілкі, але ён хутка адышоў. Ён адчуў нядобрае, нахлынула пачуццё незваротнасці. Тут жа загудзелі снарады, успыхнулі агнём і зямлёй выбухі. Салдаты яшчэ ніжэй прыселі. У такой сітуацыі мала верылася ў лепшае. Пяхота, якая трымала сяло, прыціскалася да сцен, салдаты штогадзінна падвяргаліся шматлікім нападам. Вораг біў шчодра, яго мучыла адступленне, ён хацеў вярнуць пад свой кантроль стратэгічна важнае сяло. А маладыя і больш дарослыя нашы байцы былі супраць іх мэтаў, ніхто не хацеў аддаваць і метра сваёй зямлі.

Падчас абстрэлу побач з Юрыем апынуўся невядомы яму салдат, які быў змучаны боем і абмазаны брудам. Люты зірнуў на яго счырванелыя, шырокія вочы і ціха вымавіў:

– Дзіцяці патрэбна мая дапамога. Я абавязаны яго выратаваць.

– Не гуляй з жыццём, сяржант! Хутка вораг у атаку пойдзе! – ляпнуў па плячы стомлены радавы з лёгкім шчаціннем на выцягнутым твары і густымі чорнымі вусамі пад авальным носам, ён не разумеў, пра каго казаў Люты і выказаў здагадку, што той хоча дадому, – Ты патрэбны тут!

"А што калі на месцы таго хлопчыка апынуўся б мой сын? І хтосьці, зараз быў бы замест мяне. Ён бы проста пакінуў яго?"

Юрый глядзеў на хлопцаў, якія выцягвалі параненых, і думаў пра свае далейшыя дзеянні. Затым ён стаў павольна адыходзіць да варонкі.

– Давайце ж, хутчэй! Пакуль танкі не пайшлі ў атаку! – падганяў старшы лейтэнант сваю групу.

– А дзе сяржант, дзе Люты? – нехта спытаў з натоўпу.

– Вось жа зараза! – сказаў камандзір і сціснуў зубы.

Юрый Люты не паслухаўшыся загаду ўжо ўзбіраўся па цяжкай друзлай глебе, выбіраўся з сырой глыбокай варонкі наверх. Сяржант высунуў галаву і паглядзеў у бок узарванай царквы: чырвоная цэгла, чорныя званы і ламаныя іконы. Не было відаць дзіця. Пад шум выбухаў, Юрый адважна выбраўся на паверхню. Ён думаў толькі пра свайго сына, гэта надавала яму смеласці. Бясстрашнасць гнала наперад. Салдата зусім не хвалявала, што будзе з ім потым і што будзе з ім у сучаснасці. Ён выразна і напорыста хацеў толькі аднаго – адшукаць безабароннага дзіцяці. Перабягаючы праз вуліцу, непадалёк ад сяржанта, нядобра бліснула разрывам снарада. Асколкі разляцеліся ў бакі, як велізарная падпаленая зграя крумкачоў. Тады ж металічны асколак зачапіў плячо Лютага і збіў яго з ног. Юрый упаў, лёг каля мёртвай жанчыны і, ад болю і страху, парывіста і коратка вылаяўся. Ён прыўзняўся, пабег далей, дабраўся да руін царквы. Апынуўшыся на месцы, салдат агледзеў ламаныя сцены, але не сваю рану. Потым зайшоў за кучу цэглы і, сагнуўшыся, прайшоў крыху наперад. Юрый усё круціў галавой, шукаў дзіця, але яго нідзе не было. Адчуваючы расчараванне, ён перастаў чуць гучныя гукі, няправільныя думкі глушылі галаву да таго часу, пакуль на вочы не трапіліся пыльныя дзверы падвалу са свежымі адбіткамі дзіцячых рук. Сяржант без вагання расчыніў жалезныя дзверы. Яркае дзённае святло ўварвалася ў цёмны падвал і асвятліла маленькае захламленае памяшканне. Страшнымі вачамі адтуль глядзелі мурзатыя дзеці: дзесяцігадовы хлопчык і шасцігадовая дзяўчынка. Брат і сястра прыціснуліся адно да аднаго і з асцярогай думалі пра салдата. Вакол іх было шмат раскіданых фанцікаў і бляшанак ад рознай ежы, святло таксама асвятліла раскладушкі. Гэта маленькае бамбасховішча ратавала дзяцей ужо не першы дзень. Юрый не ведаў дакладна, колькі часу цярпелі ізаляцыі бедныя дзеці. Гледзячы на іх худыя целы і на бледныя твары, якія дзіка і напалохана накіраваліся на яго, хацелася хутчэй вызваліць іх з палону.

– Падымайцеся! Хутчэй! – загадваў Люты.

Салдат адсунуў аўтамат за спіну, каб не палохаць хлопчыка, які чамусьці глядзеў толькі на зброю. Юрый не хацеў залазіць у сховішча і сілком выцягваць дзяцей. Улавіўшы дзіцячыя спалоханыя погляды, здавалася, што траўміраваныя дзеці яго набліжэнне расцэняць як пагрозу, і салдат толькі дадасць болю і злосці ў іх маленькія сэрцы.

– Я вас уратую! Не бойцеся! – угаворваў ён дзяцей, – Вось бачыце, на грудзях сцяг наш. Я свой. Смялей. Ну!

Юрыю Лютаму шанцавала, што варожая артылерыя ссунула цэль, біла крыху далей.

– Давайце ж, сюды, – спакойна казаў Юрый, баючыся яшчэ больш напалохаць дзяцей, – Я вас адвяду ад выбухаў, – працягнуў ён руку.

Каравокая дзяўчынка ў брудных жоўтых нагавіцах і сіняй кофце заплакала, яшчэ мацней схапіўшыся за брата. Хлопчык нешта сказаў ёй на вушка, і сястра, не перастаючы ліць слёзы, забралася яму на спіну. Яны выбраліся наверх па жалезнай лесвіцы.

– Я ўратую вас, даверцеся мне! – казаў Юрый сінявокаму хлопчыку ў цёмнай вопратцы, – Добра?

Старэйшае дзіця адважна кіўнула галавой. Яно больш не моргала пры выбухах, толькі хутка аглядала тэрыторыю. Сяржант адсунуў аўтамат, прыбраў яго са спіны, цяпер ён вісеў пад рукой.

– Залазь мне на спіну і моцна, з усёй сілы, схапіся за мяне. А дзяўчынку я вазьму на рукі, – хутка казаў салдат хлопчыку, – Толькі заплюшчыце вочы і не адкрывайце, пакуль я не скажу, – падміргнуў ён дзецям.

Юрый падняў дзяцей, і цяпер ім трэба было прабіцца праз руіны, затым па траншэі праз поле і схавацца ў лесе. Салдат нават не думаў пра свой атрад, ён нават не меркаваў, дзе яны зараз. Пад рэдкі артылерыйскі агонь Юрый спяшаўся выбрацца з сяла зігзагамі. Ён моцна трымаў дзяўчынку, прыціскаў яе да грудзей, адчуваў, як хутка б'ецца маленькае сэрца, чуў, як цяжка дыхаў хлопчык, прыляпіўшыся да спіны. Цагляныя абломкі перашкаджалі ўпэўнена рухацца наперад, ступню падварачвала, а злавесныя выбухі глушылі вушы і пагражалі ўсёй сваёй моцаю. Калі Юрый выбраўся да поля, то заўважыў удалечыні варожую групу, якакя ішла ў атаку: танкі і салдаты ішлі на чарговы штурм сяла. Злосць не сціхала, Юрый схаваўся ў траншэі. Адзін з танкаў стрэліў у бок сяржанта з дзецьмі. Падняўся белы дым, цяжкая зямля абсыпалася на жывыя целы. Усе ацалелі. Ногі пад яшчэ большым грузам патаналі ў гразі, цяжка і доўга ішоў Юрый да лесу. Абстаноўка распалялася яшчэ больш, станавілася яшчэ горш. Здавалася, што з усіх бакоў выбухае зямля. Бруствер падлятаў, глеба падала то ззаду, то спераду. Салдаты адважна стаялі ў траншэях і акопах, адбіваючыся ад варожых нападаў. З цяжкасцю бегалі па вязкаму дну салдаты з пераноснай супрацьтанкавай зброяй, міжволі заўважаючы сяржанта з дзецьмі. Крок за крокам, і Юрый убачыў зламаныя галінкі і зялёныя хвойныя іголкі пад нагамі, па краях гарэў і дыміўся край лесу. Пакутлівымі сталі перабежкі і змена курсу пры выбухах, даводзілася спыняцца, каб аддыхацца, перш чым выбягаць з адной траншэі ў іншую. З апошніх сілаў ішоў наперад Юрый. Ён, аддаляючыся ад фронту, ужо не разумеў, якой рызыцы падвяргалася жыццё дзяцей.

Сяржант Люты, нягледзячы на ўсе цяжкасці, дабраўся параненым і змучаным да бяспечнага месца, выцягнуўшы дзяцей жывымі. Многія людзі хвалебна ацанілі яго геройства, але кіраўніцтва вырашыла па-іншаму, пакараўшы па статуце салдата за парушэнне загаду.

Падчас адбыцця арышту Юрый Люты меў магчымасць выказаць здагадку і абдумаць у ціхім месцы, чаму дзяцей не знайшлі раней. Магчыма, у момант налёту ворага на сяло менавіта бацькі схавалі сваіх дзяцей у надзейным месцы, і, калі акупанты сталі адступаць, жорстка і празмерна ўжываючы тактыку "выпаленай зямлі", жыхары акупаванага сяла ляглі сярод абломкаў. Ад выбухаў разляцеліся ўсе будынкі, упала ўся маскіроўка падвалу, таму дзверы бункера сталі бачнымі. На шчасце, на іх не ўпалі цяжкія бэлькі або цэгла. Напалоханыя дзеці пасля акупацыі і грукату баёў спазналі шок. З-за псіхалагічнай траўмы яны не разумелі, дзе чужыя салдаты і дзе свае. Ім вельмі пашанцавала, што снарад не ўдарыў прама ў сховішча. На вайне ўсім страшна, што ўжо казаць пра дзяцей, якія значна цяжэй успрымаюць жах пераменаў і боль страты.

Пасля месяца, пакаранне сяржанта Лютага змякчылі і хутка вярнулі салдата на фронт.

Сышоўшы ад успамінаў, Юрый працягваў ляжаць на сырой лясной дарозе. Ён бязмэтна глядзеў на халоднае неба і ціхія хвоі. На імгненне мужчына адчуў сябе дзіцём: кінутым, страчаным, слабым. Не было ўжо той адвагі да подзвігаў і імпэту да жыцця, з гадамі ўсё сціхла. Услед за слабасцю духу, адзінокай хваляй коратка плюхнуў фантомны боль. Юрый Люты тут жа праверыў пратэз, ці не пашкодзіўся ён пасля падзення ўсім целам. Ён нагнуўся, памацаў рукамі, ніякіх пашкоджанняў не заўважыў. Без жадання, прымушаючы сябе, Люты з цяжкасцю падымаўся з зямлі. Што б ён ні думаў, а трэба было рухацца далей, ісці дадому. Ад сырога надвор'я можна застудзіцца, і Юрый ведаў пра гэта. Ён цяжка пераносіў прастудныя захворванні, і таму аптэчка ў доме заўсёды была забітая лекамі. Ён лячыўся і народнымі спосабамі. Купляў у Пятра журавіны, замарожваў іх ці варыў і закручваў у слоікі, каб потым варыць кампот. Бывала, Пятро Жук прыносіў лясны мёд, такую прадукцыю добра прымалі ўсе жыхары. Юрый дадаваў ягады і мёд у гарбату. Валянціна Пруцік вельмі добра разбіралася ў лекавых травах і дапамагла Юрыю, дзялілася з ім ведамі. Цяпер мужчына сам збіраў на лузе карысныя расліны, сушыў і заварваў гарбату.

На страницу:
4 из 5