Полная версия
Мястэчка
– Ды добра, не крыўдзіцеся вы, – узяла кніжку Таня, – прачытаю я вашу «Прывітанне, Дашу!».
– Не рабі мне ласку, – папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч. – Прачытай уважліва. П'еса кароткая, шмат часу не зойме.
– Праехалі ўжо, Мікалай Міхайлавіч, – пагладзіла яго па руцэ Таня. – Прачытаю абавязкова.
– Прачытай, – кіўнуў Мікалай Міхайлавіч, – да таго ж да твайго дому мы ўжо, здаецца, прыйшлі.
– Так, – пакрывілася сумна на бабулін дом, з якім яны параўняліся, Таня. Мікалай Міхайлавіч жыў далей, амаль у канцы мястэчка. Ці ў пачатку? Як правільна? У старым Капылі, карацей. Яна ўстала на дыбачкі, цмокнула Мікалая Міхайлавіча ў шчаку і пабегла ў двор. Мікалай Міхайлавіч пакрочыў далей.
Эпізод 10Юля Перасільд хітравала, што не знаёмая з Пінокіа. Не асабіста, але яна яго ведала. Выпадкова неяк патрапіла на чарговае пасяджэнне паэтычнага клуба на базе гарадской бібліятэкі, якое праводзілася, як пазней высветліла, кожны панядзелак у чытальнай зале. Юля тады прыйшла памяняць старыя глянцавыя часопісы на новыя. Яна аддавала перавагу «Хелло», «Сямі дням», «Космаполітану», увогуле тым выданням, у якіх мусіраваліся плёткі пра зорак. Яе шалёна цікавіла жыццё галівудскіх артыстаў, асабліва Арланда Блума, Брэда Піта і Джэнсана Эклса. Прысутныя сталыя дзядзькі і цёткі (амаль усе сталы ў чыталцы былі заняты), уважліва слухалі нейкага хлопчыка, які дэкламаваў, як на ранішніку, рыфмаваныя радкі, штосьці пра казачны замак, у якім заблукала душа. Юля тады падумала, што за трызненне ў галаве ў хлопца? Але нечакана дарослыя людзі, некаторых Юля ведала як вельмі паважаных у мястэчку і за яго межамі, заапладыравалі гэтаму хлопчыку стоячы. Варта было затрымацца і сёе-тое высветліць. Суседка па лесвічнай пляцоўцы, якая працавала ў бібліятэцы прыбіральніцай, сцісла паведаміла, што хлопчык гэты – Коля Кот, што ён сын загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ілоны Васільеўны, што за доўгі нос дзятва яму дала мянушку Пінокіа яшчэ ў першым класе, што ён кожны год выйграе нейкія спаборніцтвы па сачыненнях і што кажуць, быццам Колю Ката Божачка пацалаваў. Юля прызадумалася. Яна таксама пісала вершы і лунала ў паднябессі, калі ніхто не бачыў. Рацыянальны пачатак заўсёды машынальна націскаў на тормаз, калі Юліна ўяўленне забывалася і спрабавала выйсці з-пад кантролю. Дзяўчына баялася насмешак з боку сябровак, якія, Юля не сумнявалася, не зразумеюць яе захаплення паэзіяй і перастануць сябраваць. Прага творчасці прывяла яе да танцаў, але паэзія не жадала сыходзіць і здавацца проста так. Вершы працягвалі пісацца, аднак Юля нікому іх не паказвала. Так, яна ведала пра клуб мясцовых паэтаў, але, ізноў жа, не хацела праславіцца белай варонай сярод аднагодак, калі тыя даведаюцца пра наведванне ёю гэтага клуба. Патрапіўшы ў замкнёнае кола, створанае самой жа, Юля шукала выйсця і, як ёй падалося, знайшла яго ў асобе Пінокіа, толькі не ведала, як да хлопца падступіцца, не выпадала зручнага моманту. Да таго ж вучыўся ён у іншай школе. Юля была ўпэўнена, што яны пасябруюць. Хто, што і як пра яго думаў, дзяўчыну мала цікавіла. Галоўнае, Коля Кот – сапраўдны. З яго дапамогай, магчыма, і Юля пазбавіцца ад страху быць незразуметай. Бо іх будзе двое.
Вярнуўшыся пасля рэпетыцыі дамоў, Юля набрала нумар Пінокіа, зачыніўшыся ў сваім пакоі, каб ніхто не падслухаў. Яна наогул не любіла, калі хто-небудзь слухаў яе размовы па тэлефоне. Коля адказаў, здзіўлена спытаўшы, хто гэта?
– Ты мяне не ведаеш, – сказала Юля ў трубку. – Але я вельмі хачу з табой пазнаёміцца.
– Калі гэта жарт такі, то вы не па адрасе, дзяўчына, – запярэчыў Пінокіа.
– Не вешай трубку, калі ласка, – папрасіла Юля. – Над табой ніхто не жартуе. Мне рэальна патрэбна твая дапамога.
– Але мы ж не знаёмыя, – прагучаў адказ. – Чым я змагу дапамагчы незнаёмаму чалавеку?
– Шмат чым, – запэўнівала Юля. – Давай сустрэнемся, – прапанавала.
– Я прыйду, як дурань, – ізноў засумняваўся Пінокіа, – а ты пасмяешся з сяброўкамі ці сябрамі над разведзеным лохам?
– Навошта ты так? – сумна прамовіла Юля. – Я не такая.
– А якая?
– Табе спадабаецца.
– Гэта несур'ёзна, – вырашыў скончыць размову Пінокіа.
– Ведаеш пустку за ваенкаматам? – спытала тады Юля.
– Дапусцім, – адказаў Коля.
– Праз паўгадзіны на пустцы, – прапанавала Юля.
– Ты не прыйдзеш, – сумняваўся Пінокіа.
– Вось і праверыш.
– Як я цябе пазнаю? – нарэшце зацікавіўся Пінокіа.
– Я прыгожая, не дурная. Да таго ж на пустцы, акрамя мяне, нікога не будзе.
– Навошта прыгожай і не дурной знаёміцца з такім, як я? – ізноў сумневы.
– Каб павялічыць тваю самаацэнку, – прагучаў адказ. – Я чакаю. Час пайшоў.
Юля адключыла тэлефон. Яна дала Колю паўгадзіны, таму што ісці яму было далекавата ад Цэнтра да новабудоўляў. Гэта ёй – выбегчы з пад'езда і завярнуць за вугал дома. Аднак уседзець між чатырох сцен Юля не магла. Яна пайшла на пустку да пакінутых пасля будоўлі бетонных пліт, складзеных адна на адну. Іх было пяць. Юля забралася на пятую, самую верхнюю, села на край, звесіўшы ногі.
Пачынала цямнець. Сюды ніхто не хадзіў. Пустка нікога не прыцягвала. Тут не схаваешся, калі што якое. Вецер прадзьмуваў. Але Юля не баялася ветру. Яна лічыла яго сябрам, гэтак жа, як і зоркі, якія паволі ўспыхвалі ў нябеснай далечы. Толькі ім дзяўчына давярала свае вершы, чытала ўголас, слухала сябе і вецер. Зоркі і вецер верылі Юлі, захоўвалі ўсе яе сакрэты і слёзы.
Пінокіа спазняўся. Юля паглядзела на гадзіннік. Паўгадзіны даўно мінулі. Але ёй не хацелася верыць, што ён не прыйдзе. Яна азябла, цела біла дрыготка. Вецер, адчуваючы, што Юля знайшла кагосьці яшчэ апроч яго, раўнаваў. Стала яшчэ цямней. Юля не сыходзіла.
Яна пачула яго крокі раней, чым усвядоміла, што ён прыйшоў.
Пінокіа падняўся на верхнюю пліту. Юля кінулася да яго, павісла на шыі. Інстыктыўна Коля абняў яе, прыціскаючы да сябе дрыготкае, як змерзлае кацяня, цела.
– Гэта ты, – прашаптала Юля, зазіраючы ў вочы юнаку. – Я Юля, – назвалася.
– Ты ўся дрыжыш, – прамовіў Пінокіа.
– Так не адпускай мяне, – папрасіла Юля. – Можа, дрыжаць перастану.
– Навошта я табе? – здзіўляўся Пінокіа, таму што дзяўчына сапраўды выглядала шыкоўна. – Што цябе, такую, і мяне можа аб’ядноўваць?
– А я табе зусім не падабаюся? – занепакоілася Юля.
– Ды падабаешся, – адказаў Коля, – у прыгажосці я разбіраюся, але…
– У цябе хтосьці ёсць? – дапамагла Юля.
– Наўрад ці, – задумаўся Пінокіа.
– Што тады? – дапытвалася Юля.
– Неяк дзіўна ўсё гэта, – не разумеў Коля, што ён рабіў на гэтай пустцы з несумнеўнай прыгажуняй, якая гарнулася да яго.
– Ты баішся прыгожых дзяўчат? – здагадалася Юля. – Не бойся, – правяла рукой па яго шчацэ. – Яны самі ўсяго баяцца. Давай сябраваць, – прапанавала. – Ты мне вельмі падабаешся, – прамовіла далікатна. – Я ўсё пра цябе ведаю. Не моцна баліць? – спытала пра пабітую губу.
– Ды не, – усміхнуўся Коля.
Юля прыпаднялася на дыбачкі, як раней Таня Паўлоўская каб цмокнуць Мікалая Міхайлавіча ў шчаку, для таго, каб пацалаваць Колю ў вусны.
– Мяккія, – сказала пасля пацалунку. – Нязграбныя, – усміхнулася. – Давай сустрэнемся заўтра пасля ўрокаў тутака ж, – прапанавала.
– Давай, – пагадзіўся ашаломлены Пінокіа. Ён і падумаць не мог, што спадабаецца такой прыгожай дзяўчыне. А Юлі ён спадабаўся. Яна ведала, што ён добры і прыстойны. І нос у яго не такі ўжо і доўгі, як напрыдумлялі. А тое, што няўмелы і кранальны ў сваім няўменні, – так гэта выдатна. Будзе чаму вучыцца адно ў аднаго.
– А цяпер ідзі дамоў, – папрасіла Юля раптам.
– Ты ўпэўнена? – удакладніў Пінокіа, ці правільна ён зразумеў.
– Так, – цвёрда адказала Юля. – Галоўнае, што ты прыйшоў. Значыць, у нас усё атрымаецца. Да заўтра.
Дзяўчына выбралася з абдымкаў хлопца, лёгка спусцілася з бетонных пліт на зямлю і пабегла дахаты.
Дзея трэцяя
Эпізод 11П'еса Кацярыны Ткачовай «Прывітанне, Маша!» захапіла Таню з першай старонкі, хоць чытаць яе яна не вельмі хацела. Пасёрбаўшы супчыку з фрыкадэлькамі, прыгатаванага бабуляй, Таня разгарнула кніжку, пачала чытаць і правалілася ў тэкст, як у вір з галавой, сама таго не чакаючы. Сорак старонак сярэднім шрыфтам праглынула на адным дыханні. Мікалай Міхайлавіч ведаў, што прапаноўваць. Не так проста, між іншым, зацікавіць сучаснага падлетка чытаннем, тым больш чытаннем п'есы. Прыкольна будзе, калі ў Мікалая Міхайлавіча атрымаецца паставіць спектакль. Галоўная гераіня, Маша, сапраўдны вожык, проста як Дашка Белая. Толькі яна павінна граць Машу. Абедзве бунтаркі без прычыны. За ўдаванай ці, хутчэй, найгранай грубасцю Машы хавалася ўразлівая і далікатная істота, якая, таксама як усе, прагнула кахання, разумення і ўвагі. Шурка, другая гераіня, чалавек, які ўсё гэта меў. Утоены канфлікт паміж імі на працягу ўсяго твора ў тым, каб і Машу, і Шурку пачулі і палюбілі такімі, якімі яны былі насамрэч, а не ў нечым уяўленні. Фінал аж слёзы выклікаў. Шурка, чакаючы свайго хлопца, сыходзіла на хвілінку дапамагчы дзяўчынцы, якая забралася на дрэва, а злезці без старонняй дапамогі не магла. Маша замест Шуркі сустракае яе хлопца і расказвае яму пра Шурку безліч прыдуманых на месцы гадасцяў, не са зла, а таму, што таксама хоча, каб у яе быў хлопец. Калі Шурка вяртаецца, бачыць, што Маша цалуецца з хлопцам. Вядома, тут вінаваты хлопец. Навошта Шурке такі кабель, які цалуецца з першай сустрэчнай? Шурка, зразумела, разгублена, пакрыўджана, узрушана здрадай каханага чалавека, але, стрымліваючыся, звяртаецца да Машы і да свайго хлопца словамі Машы: «Як гэта ў цябе? Не вер у каханне – не будзе балюча? А смешна!» Хлопец вырываецца з Машыных абдымкаў, імкнецца дагнаць Шурку, якая ўцякае. Застаўшыся адна, Маша плача, кажа, што яна не дрэнная, што таксама любіць шмат з таго, што любіць Шурка. Але ёй ніхто ніколі не казаў, як Шурцы яе хлопец «Прывітанне, Шура!». Ніхто і ніколі. І тут з'яўляецца Шурка, аклікае Машу і кажа ёй: «Прывітанне, Маша!».
Дашы павінна спадабацца. Яна ж нязменная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, звязаных з мастацкай самадзейнасцю. А Дом культуры гэта ж не школьны ўзровень караценькіх сцэнак, тут цэлы спектакль. Можа, варта паспрабаваць? Але спачатку трэба пагаварыць з Дашкай.
У школу Таня прыйшла ў новым вобразе (прыклад сяброўкі паўплываў), праўда, не так кардынальна, як яна, змяніўшыся. За ноч шмат перадумаўшы, Таня вырашыла пагадзіцца на прапанову Мікалая Міхайлавіча і прыняць удзел у пастаноўцы. Натуральна, ёй адведзена роля Шуркі, значыць, трэба адпавядаць гераіні. Ужыцца ў яе. Таня была светлавалосай, але не настолькі, наколькі павінна быць Шурка.
Яна пафарбавалася ў плацінавую стэрэатыпную бландзінку, сабраўшы валасы ў хвосцікі, апранула школьную форму, яшчэ маміну, бабуля знайшла, з белымі манжэтамі, каўнерыкам і фартушком. Паколькі на вуліцы пахаладала – скураное станістае паліто са стаячым каўняром. На ногі нацягнула гетры. Трэба было неяк адпавядаць Дашы, зрабіцца антыподам, ці што. Як чорнае і белае, як цемра і святло. Не так запушчана, вядома, не так маштабна. Карацей, падтрымаць Дашку, каб яна не пачувалася адным ваяром у полі. Бабуля з задавальненнем выпраўляла ўнучку ў школу. Нарэшце дзяўчынка апамяталася і хораша апранулася, а галоўнае, правільна, як сапраўдная школьніца. Усе б зрабілі, як Танечка, глядзіш, і прадукцыйнасць працы павялічылася б. Больш дысцыпліны было б. Навошта адмянілі школьную форму, расперазаліся ад усёдазволенасці? Сталіна на іх няма! Калі ўжо прэзідэнт возьмецца за адукацыйныя рэформы, дзяцей і іх знешні выгляд?… Адна агіднасць, як кінеш вока на некаторых, нават пазіраць сорамна. А Танечка малайчына, разумніца ўнучка…
Яна дагнала Дашу на скрыжаванні, калі тая збіралася пераходзіць дарогу.
– Прывітанне! – усміхнулася, падыходзячы.
– Тань?! – здзівілася Даша. – Ты? Ці хто?…
– Ды я, – працягвала ўсміхацца тая, задаволеная эфектам.
– Ты чо, у першы клас сабралася? – не знайшла нічога іншага сказаць Даша.
– А я твой прататып, – выпаліла Таня.
– Прата… чо? – не зразумела Даша. – Сама зразумела, чо сказала?
– Карацей, твая светлая палова, – выкруцілася Таня.
– А цёмная тады дзе? – засмяялася раптам Даша.
– Не тупі, Белая, цёмная ты! – растлумачыла Таня. – Ты ж у нас эма. А я антыэма. Зразумела?
– Антыэма прам! – працягвала смяяцца Даша.
Падышоў Пінокіа. Прывітаўся ветліва. Дзяўчаты пацікавіліся, як яго рана. Не турбуе? Коля прамаўчаў ці зрабіў выгляд, што не пачуў, ацаніў убранне і новыя колер валасоў і прычоску Паўлоўскай.
У класе на ўсіх траіх тут жа абрынуліся Хвалей з Кастальцавым.
– Прыкінь, – гучна звярнуўся Хвалей да Кастальцава, як толькі Пінокіа, Даша і Таня ўвайшлі ў клас, – Пінокіа з аховай прыйшоў. Колькі плаціш? – навіс над Колем, калі той сеў за парту. – Ці яны натурай бяруць?
– Адвянь ад яго! – параіла Даша Хвалею.
– О, сек'юрыці замукала, – пракаментаваў Кастальцаў Дашыну фразу.
– А чо, яму мову адняло? – адгукнуўся Хвалей. – Чуеш, Пінокіа, стаміўся за ўчора? Каліся, якія яны на смак? Як з дзвюма ўпораўся?…
Пінокіа дрыжаў дробнымі дрыжыкамі, стрымліваючы лютасць, але баючыся абразіць Хвалея словам ці ўдарыць яго і атрымаць у адказ, а ох як карцела ўляпіць таму паміж вачэй. У руках ён круціў шарыкавую асадку, якую, ведаў па фільмах, можна выкарыстоўваць і як зброю. Адкуль узяліся смеласць і рашучасць? Адной рукой, рэзка, Коля схапіў Хвалея за шыю і прыціснуў да парты, у другой сціскаў асадку, якую прыставіў да горла праціўніка.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.