«Стаяў на падмуроўцы панскі дом…». Жырмуны і Пагародна
«Стаяў на падмуроўцы панскі дом…». Жырмуны і Пагародна

Полная версия

«Стаяў на падмуроўцы панскі дом…». Жырмуны і Пагародна

Язык: Русский
Год издания: 2026
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 2

Да 1801 года да цудадзейнага абраза Маці Божай было дададзена 25 новых вотыўных таблічак, а таксама дзве невялікія, намаляваныя на метале выявы Маці Божай і Святога Антонія з дзіцем. У той час у капліцы знаходзіўся партрэт Караліны Радзівіл з Пацеяў.

Хораў усё яшчэ не было, і таму арган стаяў на падлозе. Амбон сталярна-сніцарскай работы быў пафарбаваны ў белы колер, а каля дзвярэй стаяў выдзеўбаны камень для святой вады. Згадвалася цагляная крыпта пад галоўным алтаром, закрытая падвойнымі дзвярыма. У 1813 годзе Агата Іванчава ахвяравала сярэбраную карону, інкруставаную каменьчыкамі, для абраза Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1828 годзе на хорах ужо быў усталяваны арган, меўся абраз Святога Яна і драўляная хрысцільня. У 1830 годзе жырмунскі адміністратар падмураваў касцёл, месцамі паклаў цагляную падлогу і набыў ферэтрон (насілкі) з абразамі Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Пятра на блясе. У 1848 годзе, дзякуючы намаганням пробашча Яна Наркевіча, абраз у галоўным алтары быў заменены на скульптуру Укрыжаванага Хрыста, набытую ў францысканскім касцёле ў Гальшанах.

Да 1861 года касцёл адрамантаваны: сцены ўмацаваны, столь пакрыта дошкамі, а над шчытам фасада надбудавана вежачка, якая стаіць і сёння. З капліцы Маці Божай прыбраны драўляны пабелены алтар з выявай Маці Божай Ружанцовай, а на галоўным алтары з'явіліся драўляныя скульптуры святога Станіслава і святога Казіміра. Сярод абразоў згадваецца выява Укрыжаванага Хрыста, якая вісела над дзвярыма сакрыстыі, а таксама два абразы ў сакрыстыі, якія апісваюцца як старыя: святой Тэрэзы і Перамянення Пана. Таксама згадваюцца два партрэты сям'і Пацеяў і ферэтрон з абразамі Маці Божай Ружанцовай і святога біскупа Адальберта. Паміж 1879 і 1888 гадамі фігуры святога Казіміра і святога Станіслава былі перанесены ў капліцу Маці Божай, куды ў 1888 годзе дадалі шэсць сярэбраных падсвечнікаў (ахвяра Караля Стэцэвіча) і жырандолю (ад Сікорскай).

У 1892 годзе, дзякуючы намаганням пробашча ксяндза Бальцэвіча, быў зроблены новы дах і пабудавана каменная агароджа. У 1893 годзе на ахвяраванні парафіян набыта восем харугваў, праз год — дзве металічныя тарчы з манаграмамі IHS і MARYA. У 1898 годзе Караль Стэцэвіч фундаваў пасярэбраны працэсійны крыж. За кошт сям'і Пузылевічаў былі замоўлены рэплікі карцін Уваскрэсення і Унебаўзяцця для бакавых алтароў, выкананыя віленскім мастаком Юзафам Балзукевічам.

У канцы XIX стагоддзя касцёл быў ужо занядбаны і нават «брудны». 1 чэрвеня 1912 года ад маланкі загарэўся дах, але яго хутка адрамантавалі.

Касцельныя інстытуцыі і пабудовы

Ружанцовае брацтва пры касцёле ў Жырмунах было заснавана ў 1739 годзе дзякуючы Войцеху Стэцэвічу і пашырана ў 1747 годзе Станіславам Радзівілам. Да пажару касцёла каля 1777 года брацтва дынамічна працавала, але пазней прыйшло ў заняпад, як напісана ў візітацыі 1782 года, і праіснавала да 1863 года.

Першы шпіталь пры касцёле пабудаваны ў 1624—1666 гадах ксяндзом-пробашчам Мацеем Шаркевічам. У 1739 годзе шпіталь быў ужо стары і выглядаў як руіны. У 1757 годзе шпіталь атрымаў грошы ад Станіслава і Караліны Радзівіл з Пацеяў, у 1781 годзе быў грунтоўна адрамантаваны і пашыраны. Чарговы будынак шпіталя пабудаваны ў 1924—1928 гадах, але не выконваў сваіх традыцыйных функцый, бо ў ім жылі арганіст і эканом, а таксама мелася парафіяльная зала.

Прывілей 1624 года прадугледжваў, што пробашч павінен утрымліваць парафіяльную школу, але першыя згадкі пра яе існаванне датуюцца 1782 годам, наступныя — 1804 і 1805 гадамі. Школа квітнела ў перыяд 1826—1831 гадоў, аднак пасля паўстання была зачынена ўрадам.

Першыя згадкі пра званіцу (1731, 1739 гады) сведчаць пра тое, што яна была драўлянай, двухпавярховай, месцілася над уваходнай брамай на царкоўныя могілкі. У 1849 годзе на ёй знаходзіліся два званы, адзін з якіх з надпісам: «Soli Deo Gloria | Me fecit I.C. Copinus Regiomonti | Stanisław Książę Radziwiłł Podkomorzy W.X.L. r. 1777». У 1796 годзе званіца апісвалася як старая, «зробленая ў выглядзе крыжа» і крытая дошкамі. У 1820 годзе падобную званіцу ўзвёў пробашч Станіслаў Шафкоўскі, а другую — у 1861 годзе ксёндз Ежы Данілевіч. Сучасная званіца была пабудавана ў 1894 годзе цесляром Мацеям Балінам. Падчас Першай сусветнай вайны старыя званы вывезены ў Расію. У 1927 годзе Ганна і Антоні Рынгевічы фундавалі новы звон вагай 80 кг. У 1928 годзе занатаваны тры званы, а ў 1939 годзе — два невялікія, магчыма, ідэнтычныя тым, што захаваліся да нашых дзён.

Плябанія, пабудаваная ў 1631 годзе, была драўлянай і сціплай — на два пакоі, з саламяным дахам, як і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каля 1762 года парафіяльны ксёндз-пробашч Ян Кяневіч пабудаваў новую, значна большую плябанію на шэсць пакояў, якая стаяла да 1928 года. Дзякуючы намаганням парафіян і пробашча Стэфана Вержбоўскага, тады пачалося будаўніцтва новага будынка, які стаіць і сёння. Яго праект распрацаваў Ф. Урбшыс, а сталярнымі работамі займаўся Казімір Гаўрылаў з Вільнюса. Да 1939 года будынак практычна завершаны. Плябанія мела дзевяць пакояў, кухню і падсобныя пакоі на першым паверсе, а таксама жылое гарышча.

У справаздачы аб візітацыі 1820 года згадвалася, што ў полі за паўвярсты ад касцёла знаходзіліся асвечаныя магілы. У 1862 годзе лідскі дэкан Дыянізі Хлявінскі9 (адзіны, былы ксёндз-філарэт) асвяціў там новыя могілкі. У 1904—1906 гадах, дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча парафіі, ксяндза-каноніка Баляслава Сперскага, парафіяльныя могілкі былі абнесены цаглянай агароджай. У 1933 годзе ксёндз Браніцкі меў намер адрамантаваць агароджу могілак. Для гэтага Юліян Лясковіч, уладальнік суседняга маёнтка Пянткаўшчына, ахвяраваў футры сібірскіх лісіц і чорных паўночных аленяў, якія прадалі за 130 злотых. У 1939 годзе сцяна (прыкладна 600 метраў) была накрыта добрым цэментным дашкам.


Каля касцёла ў Жырмунах, 1915 г.

Спіс пробашчаў

Спіс жырмунскіх пробашчаў, падрыхтаваны на падставе даступных матэрыялаў, выглядае наступным чынам: Мацей Шаркевіч (1624—1666), Уладзіслаў Макоўскі (1666—1668), Мацей Алойзі Кунцэвіч (1668—1686), Лукаш Бецінус Лакатэлі (1686—1696), Мацей Віткоўскі (1696—1720), Ян Пшалгоўскі (1721—1739), Станіслаў Антоні Унгер (1739—1756), Якуб Кабыленскі (1757—1759), Ян Кяневіч (1759—1786), Францішак Брунон Адраванж Высоцкі з Кужан (1786—1813), Станіслаў Шафкоўскі (1813—1827), Юзаф Каласанты Самкоўскі (1827—1833), Ян Наркевіч (1833—1850), Ежы Данілевіч (1850—1861), Тамаш Шаманскі (1862—1877), Зыгмунт Касцян (1877—1879), Рамуальд Стэцэвіч (1879—1882), Маўр Івашкевіч (1882—1890), Клаўдзій Антонавіч (1890—1891), Генрык Бальцэвіч (1891—1903), Фелікс Гарбатовіч (1903—1904), Баляслаў Сперскі (1904—1907)10, Юзэф Зэра (1907—1909), Зыгмунт Чаркоўскі (1909—1911), Адам Сакалоўскі (1911—1921), Ігнацы Эйнер (1921—1924), Стэфан Аляксандр Вяржбоўскі (1924—1928), Ігнацы Браніцкі (1928—1948), Вацлаў Бекіш (1956—1964), Станіслаў Пацына (1988—1995), Генрык Яблонскі (1995—1999).

Лёс ксяндза Генрыка Бальцэвіча

Пра жырмунскага пробашча Бальцэвіча я раскажу праз мантаж тэкстаў розных аўтараў з маімі невялікімі дадаткамі.


Міхал Шымялевіч у 1937 годзе надрукаваў і пракаментаваў у «Лідскай Зямлі» красамоўныя фрагменты са скандальнай кнігі ксяндза Бальцэвіча, якая выпадкова патрапіла яму ў рукі. Ён пісаў:

«Нядаўна адміністрацыя гарадской бібліятэкі ў Лідзе, упарадкоўваючы свой кнігазбор, адабрала, як кажуць, цэлы воз рознага непатрэбнага кніжнага смецця — відавочна, шкоднага для моладзі і дарослых — і, прыгаварыўшы да аўтадафэ, часова пакінула гэтыя кнігі ў кутку. Тым часам наш паважаны рэдактар (рэдактар «Лідскай зямлі» Уладзіслаў Абрамовіч — Л. Л.), які ўсім цікавіцца і ўсё можа здабыць, выпадкова натрапіўшы на гэтыя кнігі, запусціў у іх рукі і вылавіў смутную кнігу, якую памятаюць старыя людзі, але не ведае моладзь. Мушу адзначыць, што першае выданне гэтай кніжкі было надрукавана ў Львове ў 1900 годзе. У прадмове да другога выдання выдавец пісаў: «Калі фактычны бок лістоў зараз ужо не надта цікавы, дык ідэйны бок іх заўсёды актуальны». Аўтар лістоў не падаў ні свайго імя, ні прозвішча. Верагодна, ён быў рыма-каталіцкім ксяндзом. Арыентуючыся па ўзгадваных у лістах геаграфічных назвах: Вільня, Ашмяны, Эйшышкі, Ліда, Гародня, Беласток, — можна выказаць здагадку, што аўтар жыў і пісаў дзесьці на Лідскай зямлі. І таму для нас, жыхароў гэтай зямлі, кніга мае пэўную цікавасць.

Не магу ўтрымацца ад таго, каб падзяліцца з чытачамі «Лідскай зямлі» некалькімі старонкамі гэтай смутнай кнігі. Хай старыя ўспомняць, а маладыя даведаюцца, як гэта было сорак гадоў таму…»11.


Тады ж рэдактар «Пшэглёнда Віленскага» Людвік Абрамовіч надрукаваў у сваёй газеце наступны артыкул:

«У №12 «Лідскай Зямлі» знаўца гісторыі лідскага павета п. Міхал Шымялевіч змясціў цікавы рэтраспектыўны артыкул пад назвай «Са старой кніжкі», у якім маецца шэраг фрагментаў з выдадзенай больш за 30 гадоў таму брашуры экс-ксяндза віленскай дыяцэзіі Генрыка Бальцэвіча, зараз ужо старога чалавека, які жыве недзе ў Лідскім павеце.

Першае выданне згаданай брашуры «Касцельныя стасункі ў Літве: адкрытыя лісты ксяндза да ксяндзоў» выйшла ў Львове ў 1900 годзе, другое — у Мюнхене ў 1905 годзе накладам нейкага Яна Завадскага12. Сумная гэта кніга, надрукаваная ў сумныя і найгоршыя часы, неўзабаве пасля адкрыцця ў Вільні помніка Мураўёву, і змяшчае шэраг, без сумневу, балючых фактаў. Іншая справа, ці мае яна вартасць гістарычнага дакумента, бо хутчэй з’яўляецца голасам гарачага сэрца, чым меркаваннем глыбокага і праніклівага назіральніка за рэчаіснасцю.

Зараз, калі справа ксяндза Бальцэвіча зноў узнятая «Лідскай Зямлёй», вольна і нам падняць старыя віленскія газеты і нагадаць пра незвычайны выступ таленавітага ксяндза Фелікса Мяшкевіча, якога ніколі не абвінавачвалі ў адсутнасці патрыятызму. Гэты артикул «У справе ксяндза Бальцэвіча» быў надрукаваны ў тагачаснай расійскай штодзённай газеце «Віленскі Веснік» (№151, 13 (26).01.1904.)».

«Самы прыкры інцыдэнт, — пісаў ксёндз Ф. М., — з ксяндзом Бальцэвічам выклікаў столькі розных меркаванняў і ўражанняў, да такой ступені ўзрушыў нават спакойны розум гарадской і вясковай інтэлігенцыі, што я зусім не здзівіўся, калі ўбачыў яе рэха ў мясцовай і сталічнай прэсе. Адусюль чуліся галасы кансерватыўных клерыкалаў, якія выклікалі маланкі на галаву злоснага ксяндза, поўніліся гневам таксама і лібералы з прагрэсістамі, бачачы ва ўсіх гэтых падзеях паўтор змрочных і жорсткіх сцэн сярэднявечнай тыраніі, прыгнёту індывідуальнасці, браку ўсялякай талерантнасці.

Калі ўжо так шмат было сказана і яшчэ будзе сказана пра гэту справу, дык лічу, што не пашкодзіць пачуць і голас, які ідзе з асяроддзя, да якога належыць ксёндз Бальцэвіч.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Примечания

1

Супрапорта — пластычна апрацаваны ўчастак сцяны паміж дзвярной рамай і столлю, запоўнены рэльефам ці жывапісам.

2

Алтарыя, гэта такі тып фундацыі, калі нехта даруе царкве алтар і грошы на ўтрыманне святара.

3

У прыморскім горадзе Ларэта маецца самы вядомы ў Італіі Марыйны санктуарый. З ХІІІ ст. у гэтым горадзе на Адрыятычным узбярэжжы знаходзіцца дамок з Назарэта, у якім нарадзілася Маці Божая і ў якім арханёл Габрыэль звеставаў ёй Добрую навіну аб цудоўным зачацці Хрыста. Паводле падання, дамок Марыі ў Ларэта перанеслі са Святой Зямлі анёлы.

4

Табернакль — збудаванне ў алтары для захоўвання прадметаў рэлігійнага пакланення ці куфар са Святымі Дарамі. Рэліквіярый, ёмішча для захоўвання каштоўных рэліквій, якія маюць сакральнае значэнне.

5

Канфесіянал — спавядальня (ад лац. confessio — споведзь), закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамант пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.

6

Паціна — посуд у форме талеркі для еўхарыстыйнага хлеба.

7

Манстрацыя — дараносіца, спецыяльны посуд для Святых Дароў, якую выкарыстоўваюць каб здзейсніць Сакрамант сабаравання цяжкахворых. Цыборый — драўляная альбо металічная скрынка (дараносіца) пасярэдзіне прастолу ў якой захоўваецца дараносіца з запаснымі Святымі Дарамі.

8

Прэзбітэрый ці прэзбітэрыюм — («месца для выбраных», ад старагрэчаскага «сход святароў») частка каталіцкага храма між асноўным аб'ёмам і алтарнай апсідай, прызначаная для царкоўнага кліра.

9

Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Ксёндз Дзіянісій Хлявінскі, філамат // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). 2010. С. 172—175; Лаўрэш Леанід. Лідскі дэкан — філамат, ксёндз Дзіянісі Хлявінскі // Лідскі Летапісец. 2018. №3 (83). С. 7—10.

10

Пра яго Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900—1939 гг. Гродна, 2017. С. 30.

11

Гл: Szymielewicz Michał. Ze starej książki // Ziemia Lidzka. 1937. №12. S.140—142; Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. C. 131—134.

12

Stosunki kościelne na Litwie: listy otwarte księdza do księży. Monachium, 1905. Naklad Jana Zawadzkiego.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
2 из 2