bannerbanner
Сем Камянёў
Сем Камянёў

Полная версия

Сем Камянёў

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
1 из 6

Аляксей Шэін

Сем Камянёў

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ

Магчыма, што нічога з гэтага і не адбылося б, калі б у той вечар Ясь не згадзіўся пайсці на рачную выспу пільнаваць суседскіх малых.

Паглядзець за дзецьмі больш ніхто не мог: дарослыя былі нечым занятыя. І ён, хоць і прахадзіў цэлы дзень невясёлы, вырашыў дапамагчы – спадзеючыся хоць такім чынам забыцца пра тое, што ў апошні час не давала яму спакою.

Выспа была зусім блізка ад берага. Да яе можна было прайсці па калена ў вадзе. Але местачковыя дзеці любілі дабірацца па-іншаму: на самаробных плытах. Ім не забаранялі гэтак забаўляцца пры ўмове, што за імі прыгледзіць Ясь альбо ягоная сяброўка Мірка, якія былі самымі старэйшымі і таму іншымі дзецьмі ўспрымаліся ўжо амаль як дарослыя. Не дазвалялася толькі нікому адплываць за выспу: рака была вялікая, хуткая і вірлівая.

Ясь і Мірка былі з аднаго горада. Больш за тое: яны хадзілі ў адну школу і адзін клас, да таго ж яшчэ так сталася, што і ўлетку яны ездзілі на вакацыі сюды, на поўдзень ад горада, у адно мястэчка. Мірка вучылася вельмі добра, вучоба давалася ёй лёгка. Яна была разумная і прыгожая дзяўчынка, адзіная дачка ў сваёй сям’і.

Невясёлыя Ясевы думкі былі менавіта пра яе. Колькі дзён таму ён, выйшаўшы на вуліцу, не ўбачыў Міркі… На другі дзень яе таксама не было. Тады ён вырашыў падысці да ейнага дома, каб даведацца, ці не здарылася што. Там яго сустрэлі сумныя бацькі дзяўчыны. Маці выглядала так, нібы ўсю ноч плакала (а так яно і было), а бацька быў як хмара.

– Ах, Ясю, – уздыхнула Мірчына маці, – нашая дачушка захварэла. Яна не зможа сёння выйсці.

– А ці можна яе ўбачыць?

Маці прапусціла яго ў дом.

Мірка ляжала ў сваім ложку. Яна заўважыла сябра і прыпаднялася.

– Ясь?

– Як ты?

– Ты бачыш… Шкада, што так.

Ясь стаяў і не ведаў, што сказаць. Мірка адвярнулася да сцяны. Ён не быў упэўнены, але яму здалося, што Мірка заплакала.


Некалькі наступных дзён Ясь таксама не выходзіў з дому. Ісці на вуліцу, калі там няма Міркі, яму не хацелася. А да яе самой нікога не пускалі. Доктар прыязджаў некалькі разоў, але, як зразумеў Ясь з размоваў дарослых, ёй рабілася ўсё горш і горш, і калі прайшло яшчэ тры дні, на Мірчыных бацькоў было зусім горка глядзець. Ясь даведаўся, што яе павінны павезці ў горад, у шпіталь. І гэта азначала, што справы сапраўды кепскія.

А мінулым вечарам, калі ўжо трэба было класціся спаць, ён незнарок пачуў, як ягоная бабуля кажа дзядулю:

– Зусім блага з Міркай… Сёння зноў быў доктар і сказаў, што паслязаўтра яе забіраюць, але ў яе нейкая рэдкая хвароба, лекаў ад якой няма, – па голасе Ясь зразумеў, што тут у бабулі навярнуліся на вачах слёзы. – Лекар сказаў, што ёй ужо нічым не дапаможаш…

Калі Ясь пачуў гэтыя словы, быццам востры халодны нож працяў ягонае сэрца. Ноччу ён спаў трывожна, шмат разоў прачынаўся і згадваў пра Мірку.

Таму ў гэты вечар, калі суседскія малыя сабраліся на выспу і іхнія бацькі папрасілі Яся прыгледзець за дзецьмі, ён пагадзіўся – у надзеі, што зможа пачаць думаць хоць пра штосьці іншае.


Дзяцей было пяцёра: два хлопчыкі – Стасік і Міколка, ды тры дзяўчынкі – Анэля, Алеся, а таксама Франчэся, самая малодшая, меншая сястра Анэлі.

– Фкавыце, а мовна я вавьму ф фабой мяфык? – запытала Франчэся.

– Можна, куды ж ты без яго? – адказаў Ясь.

– Фкавыце, а фто мы там будзем вабіць?

– Нам трэба адрамантаваць буданы, – сказаў Міколка.

– І зрабіць новыя вуды, – дадаў Стасік.

– І запекчы кілбаскі і хлеб, – сказала Анэля, якая ўвогуле любіла паесці.

Дзеці перабраліся на свой плыт, адвязалі яго ад калоў, закапаных глыбока ў бераг, і хутка даплылі да выспы. Іх выспа – а яны лічылі яе сваёй – была невялікая. Па берагах расло кустоўе, а ў цэнтры – некалькі хвояў.

Анэля разаслала посцілку, хлопцы назбіралі галінак, і Ясь, як самы старэйшы з іхняй кампаніі, расклаў вогнішча. Голле хутка разгарэлася, пачало лёгка патрэскваць, зашыпеў сасновы смаляк, і вечар напоўніўся такім апетытным пахам дымку, што дзеці хуценька ўзялі доўгія галінкі, ачысцілі іх ад кары, начапілі кілбаскі і паднеслі да полымя. Праз некалькі імгненняў кілбаскі смачна засквірчэлі, палопаліся, і кропелькі тлушчу сталі капаць у агонь.

– Кілбаскі па-выспаўску! – засмяялася Анэля. – Гэта мая любімая страва!

Дзеці падсілкаваліся і заняліся сваімі справамі. Стасік і Міколка папрасілі Яся, каб той паказаў ім, як фехтаваць на палках, але ў яго зусім не было настрою, і таму яны пабеглі рамантаваць буданы. Дзяўчынкі размаўлялі, збіраючы нейкія патрэбныя ім кветкі. Ясь сядзеў невясёлы і задумлівы. Дзень паціху заканчваўся, сонца хілілася да гарызонту, і над вадою вакол выспы пачаў з’яўляцца туман.

Цішыню вечара парушыў чыйсьці плач.

– Дзе Франчэся? – Ясь устрывожана зірнуў па баках.

– Яна гулялася са сваім мячыкам, я бачыў яе там, – паказаў у бок ракі Міколка.

Ясь стрымгалоў рынуўся туды і, выбегшы на бераг, адразу заўважыў малую.

«Мя-а-афык! Мя-а-а-а-афык!» – плакала Франчэся, церучы сваімі маленькімі кулачкамі вочы.

Ярка-чырвоны Франчэсін мячык, з якім яна не расставалася цэлае лета, уздымаўся і апускаўся на хвалях. На малую было шкада глядзець, так яна расперажывалася.

Было зразумела, што проста так мячык ужо не дастаць: ён усё далей адплываў ад выспы. Не вагаючыся, Ясь ускочыў на плыт і скіраваўся да прапажы. Некалькі разоў адштурхнуўшыся жэрдкай, ён амаль дасягнуў мэты, але ў апошні момант мячык патрапіў на хутчэйшую плынь, і як быццам бы чыясьці нябачная рука піхнула яго наперад. Аднак Ясь не адставаў. Ён канцом жэрдкі падцягнуў мячык і схапіў яго.

Дзеці, што стаялі на беразе і назіралі за ўсім, радасна закрычалі, але Франчэся не сунімалася, бо любімая цацка ўсё яшчэ была не ў яе. Каб не губляць часу, Ясь з усёй моцы кінуў мячык да выспы.

Чырвоны шар праляцеў дугой і плюхнуўся ў ваду ля самага берага. Светлавалосы Стасік лёгка дастаў яго і аддаў дзяўчынцы. Ясь узяў у рукі жэрдку і скіраваў плыт назад, адштурхоўваючыся ад дна. Заплаканая Франчэся ўжо ўсміхалася, Міколка павярнуўся, каб ісці да вогнішча, Анэля штосьці гаварыла Алесі.

І ў гэты момант жэрдка зламалася.

Тое, што ад яе засталося, сыходзіла ўглыб, у страшнае бяздонне. Яся стала адносіць ад выспы. Ён паспрабаваў падгрэбці рукамі, але марна – плыт закружыла і ў імгненне вынесла на быстрыню.

Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Ясь скочыў у ваду, спрабуючы вярнуцца да выспы наўплаў. Але на гэтым месцы рака была ўжо настолькі шпаркая, што ён хутка зразумеў: ягоных сілаў проста не хапае. Ён пачаў шукаць вачыма плыт і з жахам убачыў, што той аднесла зусім далёка. Ясь развярнуўся і з астатніх сілаў паплыў назад. Адзенне моцна перашкаджала, чаравікі, напоўненыя вадой, па-здрадніцку цягнулі ўніз, і Ясь падумаў, што ён патоне.

Ягоная рука кранулася плыта, калі ён ужо амаль страціў дыханне, наглытаўшыся вады. Надзея на збаўленне перамагла страх і дадала моцы. Ён схапіўся за дошкі – адной рукой, затым другой, падцягнуўся і ўспоўз на плыт.

Нейкі час ён ляжаў тварам уніз, кашляючы і спрабуючы аддыхацца, потым сеў, абхапіўшы ногі рукамі…

Ясь дрыжаў – ці то ад холаду, ці то ад перажыванняў. Ён бачыў, што выспа безнадзейна аддаляецца, а дзеці ўсё яшчэ стаялі на беразе, махалі рукамі і крычалі яму. Але што менавіта яны крычаць, разабраць было ўжо немагчыма.


Яся несла рэчка. Несла хутка, і неўзабаве ён убачыў, што не пазнае наваколля: так далёка ад дома бабулі ён яшчэ ніколі не бываў. Ён разумеў, што дабрацца да берага яму ўжо ніяк не ўдасца. Плыт быў на самай сярэдзіне шырокай ракі, а плаваў Ясь слаба.

Сонца знікла за небасхілам, зрабілася прахалодна, і вада ў рэчцы пацямнела. Набліжалася ноч.

Туман, які з’явіўся спачатку як лёгкае мроіва, рабіўся ўсё больш густым. І ўрэшце стаў такім шчыльным, што Ясю здавалася, быццам ён плыве праз белую вату. Пра тое, што навокал – рака, можна было здагадацца толькі праз лёгкае пагойдванне дошак пад ім ды плёскат вады. Ясь вырашыў: хай будзе што будзе – кіраваць плытом ён усё роўна не мог.

Моцна хацелася спаць, вочы самі заплюшчваліся, і некалькі разоў на пару секундаў ён правальваўся ў сон. Але вечаровы холад і вільгаць не давалі заснуць, і Ясь, страсянуўшы галавою, імкнуўся думаць пра свой дом, пра блізкіх і пра Мірку…

Так, прачынаючыся ды зноў засынаючы, Ясь плыў і плыў. Адзенне яго паступова высахла. Але туман усё не сканчаўся, проста рабіўся то святлейшым, то цямнейшым. Праз шэрую смугу нічога не было відаць, толькі раз-пораз у глыбіні туману з’яўляліся – ці гэта Ясю толькі мроілася – дзіўныя цені. Незразумелая дрымота не адпускала яго. Ён знясілеў і ў перапынках паміж забыццём з цяжкасцю стараўся зразумець, што з ім адбываецца. Ясь не ведаў, як доўга плыве: то яму здавалася, што ён знаходзіцца тут пару гадзінаў, то быў перакананы, што мінула некалькі сутак.


* * *

Прачнуўся Ясь ад таго, што адчуў на сваім твары свежы салёны вецер. Ён расплюшчыў вочы: ад туману не засталося і знаку. Навокал была толькі ясная ноч і бязмежная вада – мора. Наперадзе ён убачыў абрысы высокіх пагоркаў – невядомая зямля падымалася з вады, асветленая ззаду, нібы німбам, імглістым месяцовым святлом.

Якім чынам ён апынуўся ў моры – Ясь не мог зразумець: у ягонай краіне былі толькі рэчкі і азёры, а найбліжэйшае мора знаходзілася так далёка і ад іх горада, і ад бабулінага мястэчка, што немагчыма было вось так проста апынуцца ў ім.

Начныя аблокі, быццам нябесныя фрэгаты, няспешна плылі над гэтай бяскрайняй воднай прасторай – наперад, у бок зямлі. Туды ж неслі хвалі і Ясеў плыт. Заставалася толькі чакаць…


Бераг быў ужо блізка, і Ясь з палёгкаю заўважыў, што праз кустоўе відаць ліхтары: яны разлівалі па наваколлі роўнае святло. Ясь налічыў іх некалькі штук. Значыць, на выспе ёсць людзі.

Калі плыт прыстаў да берага, Ясь з хваляваннем ступіў на незнаёмую зямлю. Навокал не было нікога. Ён адцягнуў плыт далей ад вады і скіраваўся да святла: ліхтары ззялі недалёка, трохі вышэй на беразе. Пясок пад нагамі змяніўся каменьчыкамі, а затым і травой. Бераг ледзь заўважна падымаўся ўгару, і Ясь асцярожна ішоў наперад, прабіраючыся праз зарасці і стараючыся не аступіцца ў цемры. «Калі ёсць ліхтары, – разважаў ён, – значыць, ёсць і дарога, ці, прынамсі, сцежка, па якой можна выйсці да жытла».

Вось і святло, зусім блізка. Ясь рассунуў рукамі галіны і спыніўся ў здзіўленні. Замест ліхтароў ён убачыў нешта зусім нечаканае: высокія, прыблізна трохметровай вышыні расліны – і наверсе кожнай гарэла белым святлом вялізная, круглая, як шар, кветка.

Ясь адчуў, як мурашкі прабеглі па скуры. Ён абышоў гэтыя расліны, задраўшы галаву і разглядаючы зыркія бутоны. Іхняе святло і сапраўды нагадвала ліхтарнае, не дзіва, што ён памыліўся здалёк. Ні дарогі, ні сцежкі тут не было. Зарасці, аднак, скончыліся. Заставацца тут не мела сэнсу, і ён вырашыў, што трэба ўзабрацца яшчэ вышэй на пагорак, каб агледзець наваколле.

Справа, на ўсходзе, цемра сыходзіла і неба рабілася шэрым. Ясь ішоў угару, часта дыхаючы і шкадуючы, што не напіўся ўдосталь вады яшчэ там, у тумане, на рэчцы. Пакуль ён падымаўся, світанак ужо афарбаваў неба ў разнастайныя адценні чырвонага і залатога. І якраз калі Ясь дабраўся да вяршыні, над зямлёй узышло сонца.

Адсюль было відаць далёка. Наперадзе раскінуўся няроўны, у пагорках, краявід, і Ясь заўважыў, што зямля тут мела дзіўнаваты карычнева-чырвоны колер. На паўночным усходзе, ледзь заўважная з такой адлегласці, стаяла адзінокая гара. Горы таксама былі на захадзе, значна бліжэй, – у ранішняй смузе быў бачны цэлы горны ланцуг. За спінай у Яся адбіваў сонечныя промні вялізны пусты акіян.

«Калі гэта выспа, то вялікая, – падумаў Ясь. – Трэба паглядзець, ці ёсць тут нехта, хто дапаможа вярнуцца дахаты…» І ён уздыхнуў, думаючы пра сваякоў, якія ўжо яго, відаць, шукаюць.


Куды скіравацца цяпер, ён не ведаў – і таму вырашыў проста пайсці далей. Шлях аказаўся нашмат больш цяжкім, чым здавалася спачатку. Мясцовасць не змянялася: навокал былі ўсё тыя ж пагоркі, і Ясь то ўздымаўся на іх, то спускаўся долу. Тут не было ўжо ніякіх дзівосных раслінаў, проста звычайная трава ды шэрыя камяні, і ён пачаў разважаць аб тым, ці не прымроіліся яму тыя высокія кветкі ноччу.

Калі надышоў поўдзень, Ясь прысеў, каб аддыхацца. Было вельмі горача і хацелася прахалоды, але моцна парыла, і нават у цені нельга было знайсці жаданага адпачынку. Ён сеў, прыхіліўшыся да валуна, прымружыў вочы, каб спакойна падумаць.


…Сонца ўжо прайшло сваю найвышэйшую кропку, калі Ясь, расплюшчыўшы вочы, зразумеў, што праспаў палову дня. Ён ускочыў, раззлаваны на сябе за тое, што страціў столькі часу, і з цвёрдым намерам як хутчэй знайсці людзей рушыў наперад. Ён ішоў угару, абыходзячы вялізныя валуны, што спакойна ляжалі ў мяккім моху гэтай зямлі. Чым вышэй, тым часцей сталі яны трапляцца – вялізныя, часта з цёмна-чырвоным адценнем, і амаль усе – вышэйшыя за Яся.

Так прайшло яшчэ некалькі гадзінаў. Ён думаў пра тое, што ўжо хутка трэба будзе шукаць месца для начлегу, калі, падняўшыся на грэбень чарговага пагорка, убачыў перад сабою даліну.

У даліне стаяў горад.

Адсюль можна было разгледзець сетку вуліцаў і абрысы невысокіх дамкоў. Непадалёк ад горада быў невялікі лес, яшчэ далей – штосьці падобнае да кар’ера. Стомлены апошнімі прыгодамі, Ясь сабраўся з сіламі і паспяшаўся ўніз, каб да захаду сонца дабрацца да людзей.

Тут, у даліне, трава амаль не расла – навокал была толькі чырванаватая зямля і такога ж колеру пыл. Горад пакрысе набліжаўся, і ў хуткім часе Ясь ужо змог разгледзець асобныя будынкі: яны былі простыя, аднапавярховыя.

Нечакана падзьмуў вецер, узняўшы ўгару хмары лёгкага пяску. Ясь нахіліў галаву, закрыў рот і нос кашуляй, каб было лепш дыхаць, і прымружыў вочы, працягваючы ісці далей. Зусім голая даліна, без скалаў і хоць якой расліннасці, не давала магчымасці дзе-небудзь схавацца і перачакаць. Калі вецер сціх, Ясь убачыў перад сабой дарогу, якая ішла аднекуль справа.

Гэтая дарога і прывяла яго ў горад. Ясь прайшоў уздоўж першых дамоў, азіраючыся па баках. Усе будынкі былі прастакутныя, з плоскім дахам. Сцены былі абмазаныя глінай, а ў некаторых Ясь заўважыў умураваныя камяні. Дамы адрозніваліся адзін ад аднаго ў асноўным толькі памерамі: некаторыя здаваліся зусім малымі – на двух-трох чалавек, іншыя ж выглядалі больш умяшчальнымі, праўда, апошніх было менш.

Пакуль што Ясь нікога не сустрэў. Вуліца была роўнай і сыходзілася ў далечы амаль у кропку, там, дзе, відавочна, быў гарадскі цэнтр.

«Спакойны горад», – падумаў Ясь.

Аднак нешта ў ім было не так.

Вецер падмятаў акуратна забрукаваную вуліцу, уздымаючы ў паветра іржава-чырвоны пыл. Ясь прайшоў наперад, мінуўшы яшчэ некалькі дамоў, і ўрэшце зразумеў, што яго збянтэжыла напачатку: тут не было чуваць прывычных гарадскіх гукаў.

Горад быў пусты. Ніводнага чалавека на вуліцах. Ні душы.

Тады Ясь вырашыў пашукаць людзей у дамах. Ён падышоў да найбліжэйшага будынка, узняўся на ганак і пастукаў у дзверы.

Цішыня. Ясь прыслухаўся… Ціха. Дзверы не адчынялі.

Ён падышоў да акна і, трохі павагаўшыся, пагрукаў у шыбу. Ніхто не адказаў. Ясь прыхінуўся да шкла, прыставіўшы абедзве рукі да твару, быццам маску для падводнага плавання, і зазірнуў у дом.

Унутры таксама нікога не было відаць. Толькі лаўкі, і на сценах – безліч паліцаў, прымацаваных на розных узроўнях, амаль ад падлогі да столі.

Чакаць чыйгосьці з’яўлення было бессэнсоўна. Ясь вярнуўся да ганка і пацягнуў дзверы на сябе. Яны з лёгкім рыпеннем адчыніліся.

– Добры дзень! – гукнуў ён і асцярожна прайшоў у пакой. Гэта была вітальня і кухня адначасова. Шырокі стол. На некаторых паліцах стаяў посуд: гліняныя талеркі, міскі і кубкі, металічныя лыжкі і відэльцы, ляжалі светлыя ручнікі і абрусы.

У суседнім пакоі аказалася некалькі драўляных ложкаў, засланых яркімі, пашытымі быццам з рознакаляровых тканінаў, коўдрамі. Агледзеўшы дом і не знайшоўшы нікога, Ясь выйшаў на вуліцу.

«Але ж павінен тут хтосьці быць! – думаў ён. – Горад выглядае так, быццам у ім жывуць людзі. Ці, прынамсі, нядаўна жылі».

Ясь прыпыніўся каля наступнага дома. І ў ім дзверы былі не зачыненыя. У нечым кухня-вітальня была падобная да той, што Ясь ужо бачыў. Але гэты дом быў больш багаты. Начышчаны металічны посуд пабліскваў у шафе. Стол быў засланы светла-шэрым абрусам, аблямаваным шырокай паласой гранатавага колеру, а высокія спінкі драўляных крэслаў былі пакрытыя разьбой у выглядзе складанага арнаменту з вінаградных лістоў. Але тут таксама нікога не было.

«Дзе ж усе? – дзівіўся Ясь. – Што тут магло здарыцца? Памерлі? Альбо збеглі адсюль з нейкай прычыны?» Калі хоць адна з гэтых дзвюх здагадак была правільнай, то гэта азначала, што тут – не самае лепшае месца.

Ежы на кухні не было ніякай, аднак каля сцяны на лаўцы стаяла драўлянае вядро, на дзве трэці напоўненае вадой.

Ясю моцна хацелася піць. Ён узяў з паліцы кубак, падышоў да вядра, зачарпнуў вады і паднёс да вуснаў. «Тут не было вайны, – разважаў ён, – гэта відавочна. Значыць, людзей не забілі. Можа, усе яны памерлі ад нейкай хваробы?» Не паспеўшы адпіць, ён рэзка адставіў кубак на стол.

«Не, на эпідэмію таксама не падобна, – разважаў Ясь. – Людзей проста няма, а такое ўражанне, што яны былі тут зусім нядаўна: на стале і на падаконнях яшчэ не назбіраўся пыл; вада ў вядры не выпарылася».

У гэты момант на акно сеў голуб. І, як быццам у пацвярджэнне таго, што жыць тут можна, недзе блізка забрахаў сабака. Адкінуўшы сумневы, Ясь зноў узяў кубак. Вада аказалася цеплаватая і зусім нясмачная, але піў ён прагна. Затым паставіў кубак на месца і выйшаў з дома.

Вялікае чырвонае сонца вылезла з-пад аблокаў і дакранулася да гарызонту – роўна паміж дамамі ў канцы вуліцы. Прайшоў ужо цэлы дзень, а ён яшчэ нікога не сустрэў, нічога не даведаўся.

Адпачыўшы некалькі хвілінаў на ганку, Ясь рушыў наперад. Вуліца выходзіла на плошчу, відаць, цэнтральную, і, пакуль яшчэ канчаткова не сцямнела, ён вырашыў скіравацца туды. Ясь ішоў, зазіраючы па дарозе ў вокны дамоў і выглядваючы хоць каго-небудзь у дварах і завулках. Але ўсё марна – ні ў адным акне вечаровага горада не запалілася святло, нідзе не было чуваць ні слова.

Галоўная плошча горада аказалася круглай. Ад яе, быццам прамяні намаляванага сонца, ва ўсе бакі разыходзіліся вуліцы. Яна таксама была бязлюднай.


Ясь расчаравана спыніўся і падумаў пра тое, як моцна ён хоча спаць. Доўгі шлях ад берага сюды забраў, здаецца, усе сілы. Ён заплюшчыў вочы і прыхінуўся спінай да сцяны будынка.

Перад вачыма, відаць, ад стомы, узніклі вогненна-залатыя кругі і лініі. Яны пачалі дзівосным чынам пераплятацца і, зусім нечакана для Яся, склаліся ў абрыс птушкі, падобнай да арла. Яркая вогненная птушка быццам бы ляцела, упэўнена расставіўшы крылы. Яся ахапіла глыбокае хваляванне, і ён, прымружыўшыся, назіраў за чароўным палётам. Раптоўна арол рассыпаўся на безліч залатых і рубінавых парушынак, што павольна аселі долу, стварыўшы абрысы плошчы, на якой стаяў Ясь. Ён здзіўлена расплюшчыў вочы і заплюшчыў зноў. Абрысы дамоў нікуды не зніклі, але, наадварот, сталі яшчэ больш яркімі. Не расплюшчваючы вачэй, Ясь павярнуў твар да вуліцы і зразумеў, што выразна бачыць яе: дамы стаялі перад яго вачыма, акрэсленыя зіхоткімі лініямі.

– Наперад! Схапіць яго!

Каманда была аддадзена недзе зусім побач. Ясь уздрыгнуў, расплюшчыў вочы і азірнуўся. У тое ж імгненне некалькі цёмных сілуэтаў пачалі імкліва набліжацца да яго. Разважаць не было часу. Ясь ірвануў праз плошчу.

– Імем Вормара ты арыштаваны! Стой! – данёсся ззаду злосны крык.

Але гэта толькі надало Ясю імпэту. Выбегшы на вуліцу, ён крута павярнуў направа, у вузкі завулак. Тут было ўжо зусім цёмна. Ён пабег далей, яшчэ пару разоў, наўздагад, нырнуўшы кудысьці ў неасветленыя вулачкі, і са здзіўленнем зразумеў, што крокі тых, хто яго даганяў, спыніліся за некалькі дамоў ад яго. Колькі іх там?

– Дзе ж ён падзеўся? – злаваў адзін з невядомых. Відаць, ён быў галоўны.

– Толькі што быў тут… Кепска, што ўжо амаль цёмна, як тут каго знайсці? – адказаў другі.

– Шэф нам не даруе, калі мы ўпусцім гэтага хлопца, – азваўся трэці.

– Сцямнела, час запаліць паходні, – працягнуў першы голас. – Раздзяляемся. Кожны правярае свой кірунак. Я іду проста, ты – налева, а ты – направа. Браць яго жывым. Пажадана.

«Значыць, іх сама меней трое».

Ясь застыў на месцы і пачаў паўтараць сам сабе: «Толькі б не знайшлі. Толькі б не знайшлі».

Той, каго адправілі направа, пайшоў у ягоны бок.

Ясь зразумеў, што шанцаў збегчы ад пераследнікаў амаль няма. Ён не ведае горада, не мае ніякага ўяўлення, куды ён зараз бяжыць і дзе можна схавацца.

Крокі набліжаліся.

Каб супакоіцца, Ясь заплюшчыў вочы, ліхаманкава стараючыся нешта прыдумаць. Што рабіць? Бегчы далей? Але куды? Схавацца ў доме? І тут ён зноў заўважыў, што дзіўная з’ява не пакінула яго: з заплюшчанымі вачыма ён усё яшчэ бачыў абрысы дамоў і вуліцу. Бачыў нават лепш, чым звычайным зрокам у гэтай ужо амаль начной цемры.

Здзіўляцца і разбірацца ва ўсім гэтым не было часу, і, з заплюшчанымі вачыма, Ясь павольна ступіў крок. Потым яшчэ адзін, і яшчэ некалькі.

Пераследнік быў ужо недзе зусім блізка, і Ясь рашыўся: ён ціха пайшоў, а затым асцярожна пабег, не расплюшчваючы вачэй. Усё выглядала настолькі дзіўным, што нават страх быць схопленым адышоў на другі план. Ясь пабег хутчэй, але пасля чамусьці спалохаўся такой сваёй адвагі, пачуццё радасці і свабоды адразу знікла, і ён расплюшчыў вочы.

Нічога не было відаць. Некалькі метраў прабегшы ў цемры, ён з усяго маху ўдарыўся аб выступ сцяны. Яго адкінула назад, на нейкія паліцы з глінянымі гаршкамі. Шум быў такі, што можна было пабудзіць увесь горад, калі б у гэтых дамах хоць нехта жыў.

– Ён тут, сюды! – штомоцы закрычаў адзін з тых, хто паляваў на Яся.

Ясь паспрабаваў устаць, але галава закружылася, і ён змог толькі сесці. У вушах стаяў тонкі звон. З таго боку, адкуль даляцеў крык невядомага, Ясь бачыў, як скача ўверх-уніз і становіцца ўсё больш зыркім агонь паходні.

«Чаго б гэта ні каштавала, трэба ўстаць. Спачатку на калені. Рукой абаперціся на сцяну. Цяпер раз, два, тры – пад’ём!» Ясь няўпэўнена ўстаў на ногі. Як на злосць, з-за шчыльных аблокаў на некалькі імгненняў паказаўся месяц, і хоць адразу схаваўся, зноў апусціўшы горад у цемру, гэтага хапіла пераследнікам, каб зарыентавацца.

– Вось ён! Стаяць! – данеслася да Яся.

«Цалкам з вамі згодны, – прашаптаў ён. – Стаяць! Не падаць!»

Яго павяло ўбок, але ён змог утрымацца на нагах і прытуліўся да сцяны.

За першай паходняй паказаліся яшчэ чатыры. «Іх не трое. Пяцёра».

Злёгку калываючыся, Ясь адарваўся ад сцяны, зноў заплюшчыў вочы і, перамагаючы галавакружэнне, пабег. І чым хутчэй, тым больш упэўнена ён бег. Абрысы вуліцаў і дамоў хісталіся за ягонымі заплюшчанымі павекамі, расплываліся, калі яму даводзілася рэзка павярнуць ці пераскочыць перашкоду на дарозе.

Чарговы паварот. І яшчэ адзін.

Ясь апынуўся на ўскраіне горада. Ён дабег да канца вуліцы і спыніўся. Тут – апошнія дамы, за імі – цёмная прастора. Адступаць не было куды, але і наперадзе больш нічога не было бачна. Ясь расплюшчыў вочы. «Дарма я сюды выбег, – са шкадаваннем падумаў ён. – Што далей?»

У гэты момант з-за хмараў зноў выплыў месяц і асвятліў наваколле: за некалькі сотняў метраў наперадзе быў лес. Ясь кінуўся туды.

Ён бег ужо з апошніх сілаў і адчуваў, што гэта адзіны шанц схавацца. У галаве шумела, моцна балеў правы бок, а дыханне канчаткова збілася. Толькі б дасягнуць лесу… Схавацца сярод дрэваў…

Ясь пачуў за сабой воклічы пераследнікаў. Яны выбеглі з горада і заўважылі яго.

З кожным крокам ратавальны лес набліжаўся. Хмары на небе разыходзіліся, і ў святле месяца хлопец заўважыў, што лес быў дубовым гаем. Ясь сабраў усе свае сілы і праз некалькі секундаў дасягнуў ценю дрэваў. Прабегшы яшчэ метраў пяцьдзясят углыб дубровы, ён спыніўся: трэба было тэрмінова знайсці хоць які схоў, пакуль яго не заўважылі. Пра тое, каб залезці на дрэва, не было i гаворкi: дубы былі высокія, старыя, і нават да самых нізкіх галінаў даскочыць немагчыма.

Цяжка дыхаючы, Ясь пайшоў наперад. Гай не быў густы: дрэвы стаялі, не перашкаджаючы адно адному. Ясь адчайна аглядаў наваколле, шукаючы, дзе схавацца, у жаху ад разумення, што гэты лес наўрад ці чым яму дапаможа. Паходняў пераследнікаў адсюль не было відаць, але ён чуў, як раз-пораз далятаў гук іх галасоў і трашчалі пад нагамі галінкі.


…Нават у такой сітуацыі гэтае дрэва проста заваражыла яго. Дуб быў невымоўна вялікі. Старажытны. Моцны. Штосьці незвычайнае было ў ім. Ясь глянуў на камель, а затым задраў галаву ўгару і агледзеў разложыстыя галіны. У святле месяца яны выглядалі як магутныя карані, што ўрасталі ў паветра і непахісна трымаліся за неба.

На страницу:
1 из 6