bannerbanner
Лідскі замак. Кароткая гісторыя
Лідскі замак. Кароткая гісторыя

Полная версия

Лідскі замак. Кароткая гісторыя

Язык: Русский
Год издания: 2025
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
1 из 2

Лідскі замак

Кароткая гісторыя


Леанід Лаўрэш

Дык жа стой, харашэй і змагайся,

Замак мой, замак роду майго.

Станіслаў Суднік.

© Леанід Лаўрэш, 2025


ISBN 978-5-0068-0490-6

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Ад аўтара

Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гродзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гродна і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля 25 км2, у горадзе жыве 103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. – каля 10 000.

У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».

Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю.


Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка і іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.

Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі і культуры з'яўляецца часткай майго дзяцінства. Таму я і пішу пра замак, бо ён – сэрца і пачатак горада, гонар і наша галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.


Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць мастаку Юзафу Пешку (19.02.1767 – 4.09.1831). Гэта акварэль паказвае замак і горад у пачатку XIX ст., на ёй бачны стаў вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў – будынак фарнага касцёла, узведзены ў 1770 г.


Гэта кніга – толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, раскажу дасведчанаму чытачу не шмат новага ці раней невядомага. Мэта кнігі – коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі нашага выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава «Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць лідскага замка» (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, цалкам прысвечанай гісторыі замка, аднак пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага ў XX ст. знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча «Город Лида и Лидский замок: исторический очерк» (Вильна, 1905.).

Лідскі замак даследаваў Тэадор Нарбут, яго ўсебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц. Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх. Але галоўную працу па вывучэнні замка зрабілі даследчыкі ў ХХ ст., прозвішчы якіх я ўзгадаю ў гэтым тэксце.

Пачаткі Ліды

У канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане (тэрыторыя сучаснага гарадскога парка, пошты, школы №1 і педагагічнага каледжа) падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку Мар'яну Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы.

Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў трошкі іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносяць да племянных груп, што ішлі з усходу», і так стала вядома, што з XI па XIII ст. тут існавала славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і будучым вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: «Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе» і «Падарожжа ў невядомае».

У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: «Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі стужкавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце… з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі»1.

Можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча – гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка – замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, гісторыка Алега Дзярновіча: «Старажытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. … Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі – Старажытнай Русі.

Паводле гэтага комплексу артэфактаў… можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІ—ХІІІ стст.».

Вядома, што і другі сваяк нашага замка – замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі. Заўважу, што ў «Списке русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна старабеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Мінск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыў, што гэты спіс складзены яшчэ ў часы Гедыміна.

Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што «… медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя», магчыма, Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.

Грунтуючыся на фактах, можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.


Водная сістэма г. Ліды, прамаляваная на аэрафотаздымку красавіка 1944 г., месцазнаходжанне «Ліды Нарбута» і лідскага замка. Цікава, што горад Ліда 16—18 стст. стаяў як раз паміж «Лідай Нарбута» і лідскім замкам.


Працяглы час лічылася, што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам, ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду. Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды, але ў той час лёс быў супраць яе адшукання…

Той самы «Мар'ян Міхальчык», на пляцы якога была старая Ліда, знайшоўся ў маіх базах дадзеных, у тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: « [тэлефон №] 171 – Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2». Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада. Дом №2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Улічваючы, што ўчастак дома №2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі «была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі… чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана», і «з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана» ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома №2 па вуліцы 7-га Лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.

Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.


«Ліда Нарбута» на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. і сучасным здымку з гугль-карты. 1 – Дом Мар'яна Міхальчыка №2 па вуліцы 11-га Лістапада (7-га Лістапада), 2 – Лідская пошта па вуліцы Міцкевіча, 3 – тагачасная школа, сучасная школа №1.


Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую «Ферму» – месца дзе гараджане мелі свае гароды, і «Выган» – месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. На аэрафотаздымку 1944 г., я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася на ўзгорку сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі – у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова «камень». Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так – дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.


Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі «Ліды Нарбута» яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Я люблю Ліду», які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.

Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.

Пачаткі Лідскага замка

Такім чынам, к моманту пачатку будаўніцтва Лідскага замка, недалёка ад яго на рэчцы Каменцы ўжо існаваў населены пункт.

Лідскі замак – помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 года. Замак уваходзіў у лінію ўмацаванняў Наваградак – Крэва – Меднiкi – Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю і ранняй готыкі. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5—6 м) і раней быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі, а таксама ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі і аддзяляў замак ад горада з поўначы. Вышэй я ўжо пісаў, што Лідскі і аднатыпныя яму замкі ў Крэве і Медніках з'явіліся каля старажытных беларускіх паселішчаў, верагодна на мяжы славяна-балцкага падзелу.

Выбітны беларускі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч паведамляў, што ў студзені 1323 года Гедымін распачаў шырока спланаваную дыпламатычна-прапагандысцкую акцыю. У рыжскай канцылярыі рыхтаваліся на лаціне – тагачаснай афіцыйнай мове Заходняй Еўропы – знакамітыя лісты Гедыміна. Рыжане дапамаглі не толькі напісаць пасланні ліцвінскага гаспадара, але і даставіць іх адрасатам. Лісты былі скіраваныя да папы рымскага, буйных паўночна-нямецкіх гарадоў, а таксама да манаскага ордэна дамініканаў. З лістоў бачна, што Гедымін намерваўся адкрыць сваю краіну для заходнееўрапейцаў. З ліста да рымскага першасвятара, напісанага ў студзені 1323 года, акрамя іншага князь пісаў, што ён не з'яўляецца ворагам каталіцкай веры, і як і яго папярэднікі прыняў у сябе манахаў францішканаў і дамініканаў, даў ім поўную свабоду пропаведзі і хрышчэння. Для гэтага пабудаваў два касцёлы ў Вільні і аднавіў спалены крыжакамі касцёл у Наваградку. У канцы паслання вялікі князь заявіў пра свой намер хрысціцца.

Атрымаўшы станоўчы адказ ад папы, Гедымін напісаў чарговы ліст (25 студзеня 1323 года) да жыхароў нямецкіх гарадоў, у якім паведаміў пра перапіску з папам рымскім, пра сваё жаданне хрысціцца, пра станоўчы адказ папы і, галоўнае, запрасіў на сталае жыхарства ў сваю краіну прадстаўнікоў розных грамадскіх станаў: святароў, рыцараў, збраяносцаў, купцоў, лекараў, рамеснікаў. Пералічваў нават рамесныя спецыяльнасці: кавалёў, вознікаў, шаўцоў, гарбароў, млынароў, пекараў, лавачнікаў ды іншых адмыслоўцаў. Запрашаліся таксама сяляне, якім гаспадар гарантаваў зямельны надзел і вызваленне ад падаткаў на дзесяць гадоў.

Гедымін разумеў – каб дасягнуць мэты, трэба самому стаць часткай той цывілізацыі і найперш прыняць хрысціянства, і ён рабіў паслядоўныя крокі ў набліжэнні да Еўропы.


Вядома, што трывалы мір можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы. І Гедымін распачаў вялізарнае замкавае будаўніцтва пры заходніх рубяжах краіны: у Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Мяркуецца, што будаўніцтва вышэйзгаданых замкаў цесна спалучана з прыездам замежных майстроў, бо ўсе яны з'яўляюцца кастэлямі2 – дастаткова тыповымі еўрапейскімі замкамі рэгулярнай формы. Першапачаткова замкі-кастэлі ВКЛ будаваліся на ўзор крыжацкіх лагербургаў – лагераў-замкаў. Прастакутная пляцоўка абносілася адным шэрагам мураваных сцен з баявымі галерэямі, як у Лідзе, ці двайнымі шэрагам мураваных сцен з пярэдняй нізкай мураванай сцяной на ўзор нямецкага цвінгэра (першы Ковенскі замак). Вуглы ўмацоўваюцца вежамі прастакутнай формы, якія будаваліся з унутранага боку.

Прафесар Краўцэвіч лічыць, што разам з гарадскімі ўмацаванымі цэнтрамі ў Гродна, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку новыя замкі стварылі абарончую лінію пры заходняй мяжы дзяржавы – магутную заслону ад ордэнскіх нападаў, стваралі «заходні шчыт Гедыміна». У гэтым месцы я планаваў даць невялікі нарыс пра князя Гедыміна, але лепш накірую вас да кнігі Алеся Краўцэвіча пра гэтага князя (кніга ёсць у інтэрнеце)3.


Лідскі замак у плане – няправільны чатырохвугольнік (бакі каля 80 м) з дзвюма вуглавымі вежамі. Сцены на невысокім падмурку (70—80 см) маюць таўшчыню: унізе – 2 м, уверсе – 1,5 м. Паўночныя сцены больш тоўстыя, бо толькі з гэтага боку можна было штурмаваць замак, які стаяў практычна пасярод балота. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байніцамі вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сцен пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і забутоўкай з дробных камянёў. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20 х 20 сантыметраў. На паўднёвай, усходняй і паўночнай сценах знаходзіліся тры цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.

Прафесар Міхась Ткачоў у свой час падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5—7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку. Пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў.

У першай палове XIV стагоддзя пабудавана першая квадратная ў плане (9 х 9 м) паўднёва-заходняя вежа (якую лідзяне завуць «вежа Гедыміна»). Другая, паўночна-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы XIV – пачатку XV стагоддзя (так званая «вежа Вітаўта»). У замак вялi тры ўваходы – 2 ва ўсходняй сцяне i адзін у паўднёвай.

У XVII стагоддзі замак атрымаў дадатковае ўмацаванне – штучнае возера (стаў), якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера ёсць на планах і малюнках XVIII—XIX стагоддзяў.

На працягу XIV—XVIII стагоддзяў у выніку шматлікіх аблог часткова былі разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся толькі рэшткі абарончых сцен i веж. Воіны, якіх ахоўвалі замак, жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў з паўночнага боку. Жылыя будынкі мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Падчас шматлікіх аблог замка і пажараў драўляныя пабудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову новых печаў. Таму археолагі знайшлі ў замку вялікую колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут знойдзена некалькі тысяч фрагментаў.


Пасля з'яўлення замка, Ліда, якая існавала да гэта як малазначнае паселішча на рацэ Каменцы, пачала расці вакол яго, і таму, Гедымін можа лічыцца заснавальнікам нашага горада, яму цалкам заслужана пастаўлены помнік. Горад як «падзамча» першы раз згадваецца ў 1366 г. у 5-тым томе «Гісторыя літоўскага народа» Тэадора Нарбута ў сувязі з забойствам манахаў-францішканаў. Верагодна, адначасова з замкам, з'явілася і вуліца Замкавая, якая вяла да гістарычнага цэнтра горада – Рынка (на поўнач ад замка, сёння плошча Леніна). Ад Рынкавай плошчы адыходзілі вуліцы Вiленская – да Вiльнi, Каменская – да ракi Каменкi i далей да Гродна, Крывая – злучала Каменскую вуліцу з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насіў назву Нова-Кармелiцкай.

Далейшы лёс замка і горада

Незадоўга да сваёй смерці Гедымін размеркаваў удзелы паміж сваімі сынамі, і Лідскі замак з яго воласцю аддаў сыну Кейстуту. У 1346 годзе Лідская воласць была саступлена Кейстутам яго брату Альгерду, які каля 1370 года аддаў яе на трыманне свайму ўлюбёнцу, чалавеку простага паходжання Вайдылу. Кейстут нядоўга сядзеў на вялікакняскім пасадзе. У 1382 годзе Ягайла запрасіў свайго дзядзьку да сабе і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога стары князь быў задушаны. Такая ж доля пагражала і сыну Кейстута Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву. Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім.

10 студзеня 1389 годзе Ягайла у Лідзе, з вялікай доляй верагоднасці – у замку, асабістай пячаткай зацвердзіў два прывілеі каталіцкаму касцёлу ў ВКЛ.

У 1391 годзе Ягайла аддаў Ліду свайму брату Зміцеру Карыбуту, а ў студзені наступнага года моцны аддзел нямецкіх рыцараў, у шэрагах якога знаходзіўся і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт, перайшоў па лёдзе каля Аліты (зараз – Алітус) Нёман, нечакана з'явіўся ля сцен Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны з'яўленнем рыцараў, Зміцер Карыбут пакінуў замак Вітаўту і без бою, у глухую поўнач спешна збег з усім сваім аддзелам і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г. д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з адным з наймацнейшых умацаванняў.


4 жніўня 1392 годзе ў маёнтку Востраў каля Ліды паміж Вітаўтам і Ягайлам былі падпісаны ўмовы вечнага міру, прычым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай для новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вяртання Ліды, але атрымаў адмову. Таму на пачатку восені 1392 года сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сцен Лідскага замка і сустрэў яго на беразе Нёмана. Ля вёскі Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут не сумеў абараніцца, быў разбіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу.


Крыжакі неаднаразова з'яўляліся пад мурамі Лідскага замка. Зараз я раскажу пра сусветна вядомых людзей, якія ў складзе рыцарскіх аддзелаў наведвалі Ліду ці былі недалёка ад яе ў канцы XIV стагоддзя.

Калі вывучаеш войны Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам, сустракаеш прозвішчы замежных і, у тым ліку, брытанскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Сярод іх былі асобы, вядомыя па творах славутага Вільяма Шэкспіра.

Якім жа чынам яны патрапілі на беларускую зямлю?

У тагачаснай Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна, як магніт, вабіла шараговых ваяроў – усе яны жадалі стаць рыцарамі. Аднак у канцы XIII стагоддзя Тэўтонскі ордэн усё радзей і радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у баявых дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу альбо небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-х гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў. Сам Лютар быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, у якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Важнае значэнне мела колькасць пасвечаных у рыцары па заканчэнні паходаў. Таму пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Тады вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны да Круглага стала караля Артура, і ўзнагароджваў іх. Французскі гісторык Эрнест Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: «У пышным шатры накрываўся круглы стол, пад гукі труб і цымбал вакол яго сядалі дзесяць прызнаных найадважнейшых рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Такія рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час казань Пятра Пустэльніка або Святога Бернара, і, дзякуючы… гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным».

У адрозненне ад рыцараў, якія ўдзельнічалі тады ў Стогадовай вайне на тэрыторыі Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць крыжакоў не была для іх галоўнай. Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, гэта ў значнай ступені тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва. Адзіным багаццем тут былі коні. Дарэчы, вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20 000 коней. Тэўтонскіх жа рыцараў вабіла зямля, а на рухомую маёмасць яны мала звярталі ўвагу. Таму ордэн прыцягваў ваяроў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі шляхецкага гонару. Э. Лавіс пісаў, што замежнікам карцела паглядзець зблізку на гэты ордэн, адчуць гонар рыцарства, але больш за ўсё вабіла пагоня за цікавымі прыгодамі, ну і гісторыямі, пры дапамозе якіх можна было б потым рабіць уражанне на паненак.

Не дзіўна, што шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: «Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію», а французскія казкі часам згадваюць пра гаротнае становішча рыцара, які браў удзел «у святым паходзе ў Прусію» і апынуўся ў незайздросным становішчы ашуканага мужа. Прыклад адносін рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію адлюстроўвае раман Антуана дэ ла Саль «Маленькі Жан дэ Сэнтрэ», ён уяўляе сабою амаль што падручнік для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Па аналогіі з сучасным спортам, у той час існавалі «прафесійныя» рыцары, іх асноўным заняткам быў выклік на бой супернікаў у чужых краях і бадзянне ад аднаго манаршага двара да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ з Францыі накіраваўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар шчодра адарыў яго. Пазней герой рамана пабываў пры двары імператара і выступаў супраць нямецкіх рыцараў, прычым імператар асабіста прысутнічаў на двубоях. Нарэшце ён перайшоў ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны і адправіўся ў «крыжовы паход» на Прусію, дзе і здабыў сабе славу.

Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Практыка выплаты грашовых сум на дарогу стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават герцаг Баварскі, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай Імперыі, прыняў грошы ад ордэна за службу ў 1322 годзе.

Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і брытанскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку ордэна і, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі, арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў. З 1329 годзе ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах на Літву. Кульмінацыя актыўнасці адбылася паміж лістападам 1367 годзе і лютым 1368 года, калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўлены чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, што ў суме склала дзевяноста сем ваяроў.

На страницу:
1 из 2