bannerbanner
Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі
Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Полная версия

Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі

Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 2

Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі29. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды30.

Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.


1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч31 меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч32 за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.

У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім». І дадаў: «Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас».

Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.

Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага «Дажынкі». Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.

Забыўся сказаць, што Музей старажытнасці ахвяраваў яму выданне, напісанае адмыслова ў памяць наведванне царом Вільні. Кніга на працягу лета выдадзена на пяці мовах як прысяга народаў Літвы. Гэты друкаваны падарунак выклікаў адмоўную рэакцыю ў Варшаве і Парыжы. Ананімных аўтараў назвалі адступнікамі. Не хапіла розуму ці такту зразумець, што малады манарх, пасылаючы Назімава ў Вільню, засведчыў, што будзе шанаваць наш народ, калі мы будзем вернымі манарху33. Ён на тым балі падчас вячэры, з правага боку меў гаспадыню, маршалкавую Гарадзенскай губерні Ажэшку (з Скірмунтаў), а з левага – генерал-губернатара Назімава і пасярод размовы па-французску са спадарыняй Ажэшкай размаўляў па-польску.


1859. Нарэшце, праз 5 гадоў, Вільня зноў убачыла паўсюдна любімага і шанаванага доктара Райкоўскага. Выязджаў ён у Ніжні, потым у Парыж, дзе пільна вывучаў навінкі медыцыны і акулістыкі.

Канец лета правёў у Варшаве ў жонкі міністра і сенатара Вычахоўскай-Гізэ. Тут пазнаёміўся з графам Андрэем Замойскім34. Калі зрабіў яму заўвагу, што запал моладзі можа прывесці да… паўстання, граф з жывасцю ўскочыў з крэсла і, заломваючы рукі, закрычаў: «Хай Пан Бог ад гэтага нас бароніць!».


1860. Смерць прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а потым Віленскай акадэміі Адольфа Абіхта. 3 жніўня. Гэты шляхетны муж заўсёды стаяў на варце чысціні і святасці навукі Гіпакрата. Як прафесар паталогіі, гэтай філасофіі медыцыны, выкладаў з непараўнальным талентам. У кароне нашых прафесараў Абіхт быў самай дарагой пярлінай. Глыбокі мысляр, меў паэтычны склад душы, любіў прыгожую прыроду і музыку. Любоў да праўды і інтэлект прыносілі яму перамогі падчас кансультацый з іншымі лекарамі. Ён паважаў сваю прафесію і ствараў з усіх нас адзіную сям'ю. Рана пазнаў людзей, а пра сабе заўсёды казаў цытатай Лафантэна: «Да пары збан ваду носіць, покуль не паб'ецца». Мой добры калега Станіслаў Вікшэмскі прыгожа прамовіў над яго магілай.

У першыя дні кастрычніка цар Аляксандр ІІ прыбыў у Вільню па праведзенай з Дынабурга чыгунцы, якая яшчэ не працавала для грамадства. Генерал-губернатар прыняў гэта як доказ царскай міласці да горада, які пакінуў у цара добрыя ўспаміны пры папярэднім наведванні. На жаль, калі гэта вестка дайшла да Варшавы, наш палітычны гарызонт пакрыўся хмарамі. Галоўныя жыхары горада і свецкія дамы атрымалі ананімныя лісты з забаронай быць на балі з царом, гэтыя лісты я сам чытаў.

Дайшло да таго, што Назімаў быў вымушаны папярэдзіць Аляксандра… Назімаў хацеў зрабіць баль у памяшканні цывільнага губернатара для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саска-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гессен-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў, бо свой палац уступіў цару. Я быў на тым балі і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай акторкай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў)35.

Прымаючы на ранку ў палацы шляхту і чыноўнікаў, цар не прамаўляў, а гутарыў толькі з адным князем Агінскім36, бацькам Міхала і Багдана.

3 кастрычніка ў прысутнасці цара адбылася цырымонія асвячэння Віленскага (Панарскага) тунэля. Выйшаўшы з вагона перад тунелем, цар падаў руку пані Назімавай, а міністр камунікацый генерал-ад'ютант Чэўкін37 графіні Шуазель і г. д. Мы прайшлі праз ілюмінаванае падзямелле, усярэдзіне якога стаяў алтар. Вясенняе сонца спаборнічала з французскай ілюмінацыяй (менавіта французы будавалі гэтую чыгунку), і праз гадзіну тунель адчынілі для грамадскасці. Гумор манарха таксама быў сонечны, не такі як учора падчас абеду ў палацы. Тады шэф жандараў князь Даўгарукаў сказаў губернскаму маршалку Аляксандру Дамейку, які ўжо сыходзіў: «Прашу пачакаць, цар хоча вам нешта сказаць». Хутка разам з Даўгарукім цар выйшаў з кабінета і пачаў размову. Прайшло ўжо 32 гады пасля гэтага дня, у які Дамейка сам мне расказаў пра размову (пасля абеду быў гала-тэатр, дзе мы з маршалкам і сустрэліся), і я не магу ўжо шмат што ўспомніць. А потым я не здагадаўся вярнуцца з Дамейкам да гэтай тэмы. Але вось галоўныя словы Аляксандра ІІ: «Я вамі незадаволены… я вельмі незадаволены… вы хочаце немагчымага. Скажыце ўсім… хай ведаюць тут і ў Еўропе, што тут не Польшча… Народ тут летувісы і беларусы… Мой бацька ведаў легкадумнасць палякаў, а я вам паверыў».

Успамінаю пра тэатр у кастрычніку 1860 г. Не ведаў цар, чым вечарамі забаўляць сваіх гасцей-немцаў і ўзяў іх два разы з сабой у польскі тэатр. У адзін вечар давалася камедыя Эміля Аж’е38 «Цыкута», у якой прыгожая, маладая актрыса з Варшавы Ванда Ляшчынская грала ролю прыгожай нявольніцы і нейкі рускі вадэвіль са спевамі. У другі вечар давалі камедыю за спевамі і танцамі Малецкага: «Гарохавы вянец ці мазуры ў Кракаве». Аляксандр па-сапраўднаму адпачываў і тлумачыў гасцям змест п'есы. Дырэктара і антрэпрэнёра Шлягэра цар паклікаў да сябе ў ложу, хваліў усё і падзякаваў Ляшчынскай і Анеце Пацэвіч за ігру. Першая праз год памерла ў Вільні ад сухотаў, другая пасля закрыцця віленскага тэатра, паехала ў Пецярбург, праз некага нагадала пра сябе цару («тая, што была ў ружовай сукні») і атрымала падтрымку.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Примечания

1

Ze wspomnień d-ra Juljana Titusa // Pregląd Wileński. 1922. №2—4. S. 2—5; 1922. №5—6. S. 2—6;1922. №5—6. S. 2—6; 1922. №7—8. S. 2—7;1922. №9—10. S. 2—5; 1922. №11—12. S. 2—6; 1922. №15—17. S. 2—5.

2

Снядэцкі Андрэй (1768—1838) – лекар, біёлаг, хімік. Прафесар хіміі Галоўнай школы Літоўскай, потым Віленскага ўніверсітэта, а пасля яго закрыцця – Віленскай медыкахірургічнай акадэміі. Старшыня Віленскага медыцынскага таварыства. – Л. Л.

3

Пра Яна Снядэцкага гл: Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 75—89. – Л. Л.

4

Codzień dawny system znika, Codzień uczą nas nowego. Trwa systemat Kopernika, Trwa Teorja Sniadeckiego!

5

Андрэй Снядэцкі быў пахаваны ў драўлянай капліцы каля вёскі Гароднікі Ашмянскага павета. Захаваўся малюнак капліцы Напалеона Орды. Сучасная капліца на месцы старой пабудавана ў 1864 г. як сямейная пахавальня Снядэцкіх. – Л. Л.

6

Аляксандр Фрэдра (1793—1876), польскі драматург-камедыёграф, паэт і мемуарыст. – Л. Л.

7

Przed świętością zamiaru niech każdy uklęknie. Dla milości bliżniego i… kpem zostać plęknie.

8

Пэўна, маецца на ўвазе трэцяя жонка вядомага акцёра, спевака, дарэктара тэатра Мацея Кажынскага (1767—1823) Ганна з Кошыкаў. – Л. Л.

9

Караль Юзаф Ліпінскі (1790—1861) – вядомы скрыпач, кампазітар і педагог. – Л. Л.

10

Фелікс Рымкевіч (1799—1851) – навуковец-медык, доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. – Л. Л.

11

Адольф Абіхт (1793—1860), навуковец-медык, ардынарны прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта. — Л. Л.

12

Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802—1874), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскае імперыі. Паходзіў з пскоўскіх дваран. Служыў у лейб-гвардыі, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—1829 гг. Быў інструктарам па ваеннай частцы ў цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча, пасля – флігель-ад'ютантам у самога Мікалая І. Займаў розныя дзяржаўныя пасады. У 1840—1841 гг. гадах быў камандзiраваны ў Вiльню, дзе старшынстваваў у следчай камiсii па справе «паслядоўнiкаў Канарскага». З канца 1855 г. – віленскі генерал-губернатар. З ягонай ініцыятывы абшарнікі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Ковеншчыны падалі цару прашэнне аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Член Дзяржаўнага савета Расiйскай iмперыi (1861 г.). З 1862 г. – камандуючы войскамі Віленскай акругі. Падчас паўстання 1863 г. не пайшоў на жорсткія рэпрэсіі і быў заменены на пасадзе М. Мураўёвым-Вешальнікам. – Л. Л.

13

Рэсурса – клуб шляхты, заснавана ў 1827 г. і праз 20 гадоў зачынілася. Назімаў аднавіў дзейнасць гэтага клуба.

14

Кавелiн Аляксандр Аляксандравіч (1793—1850), ваенны i дзяржаўны дзеяч; генерал ад iнфантэрыi. Пецярбургскi генерал-губернатар (1842—1846). – Л. Л.

15

Пра гэтыя падзеі гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 2. Мінск: Лімарыус, 2012. С. 230—233.

16

Людвік Мераслаўскі (1814—1878), вайсковец, грамадскі дзеяч і літаратар, дыктатар паўстання 1863—1864 гг. у Польшчы. Пасля паразы паўстання выехаў на эміграцыю. – Л. Л.

17

Вацлаў Жылінскі (1803—1863), з 1848 г. віленскі біскуп, з 1856 г. магілёўскі арцыбіскуп і мітрапаліт. – Л. Л.

18

Леў Оштарп (1786—1851), мінскі губернскі маршалак, пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку. – Л. Л.

19

Легатовіч Ігнат Пятровіч (1796—1867), паэт, педагог. Магістр Віленскага ўніверсітэта (1817 г.). Выкладаў лацінскую мову ў Мінскай гімназіі (1817—1839 гг.). – Л. Л.

20

Śmierć Osztorpa w Dukorze zrobii zmianę znaczną. Panowie pić przestaną, a chlopi jeść zaczną.

21

Паводле легенды ў Маскве было «сорок сороков» цэркваў, г. зн. 1600. – Л. Л.

22

Аляксандр Дамейка (1804—1878), з 1855 г. маршалак шляхты Віленскай губерні. – Л. Л.

23

Калікст Ажэшка, у 1853—1861 гг. гродзенскі маршалак шляхты, дзядзька Пятра Ажэшкі – мужа пісьменніцы Элізы Ажэшкі. – Л. Л.

24

Ланской Сяргей Сцяпанавіч (1787—1862), дзяржаўны дзеяч; міністр унутраных спраў (1855—1861 гг.) граф (1861 г.) – Л.Л.

25

Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796—1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Сааўтар статута «Саюза працвітання». У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гг. Шмат зрабіў для «обрусения» беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае падаўленне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку «Вешальнік», а ад дзяржавы – тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх «Политических записках» даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. – Л. Л.

26

Miхал Ромер (1778—1853), у 1814—1817 гг. маршалак шляхты Троцкага павета, з 1817 г. – Biленскай губерні. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 г. узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з праектам адмены прыгону. У маі 1826 г. арыштаваны, зняволены ў Варшаўскай турме, потым, да 1830 г. у Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. У 1830—1832 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў г. Варонеж. — Л. Л.

27

Каткоў Міхаіл Нічыпаравіч (1818—1887), журналіст, з 1856 г. рэдактар часопіса «Русский Вестник». – Л. Л.

28

Франк Юзаф (1771—1842) – доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. – Л. Л.

29

Станіслаў Манюшка (1819—1872), кампазітар, дырыжор, стваральнік нацыянальнай оперы. – Л. Л.

30

Творы Станіслава Манюшкі: Кантаты «Мільда» (1848 г.) і «Ніёла» (1865 г.), найбольш папулярная опера «Галька» (1847 г.), пастаноўкі ў 1854 г. і 2-я рэдакцыя ў 1859 г. – Л. Л.

31

Яўстах Тышкевіч (1814—1873), беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (у 1844—1847 гг.), ганаровы папячыцель Мінскай губернскай гімназіі (у 1847—1854 гг.). – Л. Л.

32

Міхал Тышкевіча (1828—1897), падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. – Л. Л.

33

Маецца на ўвазе так званы «Album wileński» («Віленскі альбом»), падрабязней, гл: Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 17—19. – Л. Л.

34

Андрэй Артур Замойскі (1800—1874), польскі дзяржаўны дзеяч. Нефармальны кіраўнік фракцыі «белых» да і ў перыяд паўстання 1863—1864 гг. — Л. Л.

35

Аўтарка ўспамінаў «Reminiscences sur l’empereur Alexandre 1-er, et sur l’empereur Napoleon 1-er.», гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. №4 (92). С. 18—19.

36

Агінскі Ірэнеюш Клеафас (1808—1863 ці 1870), сын Міхала Клеафаса Агінскага, тайны дарадца і гафмайстар. У 1836 г. у чыне калежскага асэсара быў аддадзены пад суд па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе. Па суду апраўданы і адноўлены на пасадзе. Ковенскі маршалак шляхты, інспектар школ Ковенскага павета. Пасля смерці М. К. Агінскага ў 1833 г маёнтак Залессе перайшоў у яго спадчыну. Ірэнеюш Клеафас жыў тут са сваёй маці, пасля смерці якой ў 1851 г. перанёс рэзідэнцыю роду Агінскіх у горад Рэтаў. Быў жанаты два разы: 1) Юзафіна Каліноўская (1816—1844), дачка генерала Юзафа Каліноўскага; 2) у 1845 г. Вольга Каліноўская (? —1899), сястра папярэдняй. Сыны: Багдан Міхал Юзаф Францішак (1848—1909), з 1899 г. стацкі дарадца і Міхал Мікалай Севярын Марк (1850—1902), з 1899 г. стацкі дарадца. – Л. Л.

37

Чэўкін Канстанцін Уладзіміравіч (1803—1875), генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант. Сенатар, «главноуправляющий» шляхамі зносін і публічнымі будынкамі (1855—1862 гг.), старшыня камітэта па справах Царства Польскага (1872—1874 гг.). – Л. Л.

38

Эміль Аж’е (1820—1889), французскі драматург. – Л. Л.

Конец ознакомительного фрагмента
Купить и скачать всю книгу
На страницу:
2 из 2