bannerbannerbanner
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
1 из 2

Генадзь Аўласенка

Барсум атакуе

Глава 1

Прастужана прахрыпеў званок у калідоры і Свенсан, зірнуўшы на гадзіннік, міжволі вылаяўся ў думках. Зноўку гэты новы дзяжурны схітрыўся скараціць апошні ўрок аж на восем хвілін з гакам…

А, у рэшце рэшт, напэўна яго папрасіў аб гэтым хтосьці з выкладчыкаў, каб хоць на хвілін некалькі зменшыць свае штодзённыя пакуты ў гэтым вар’яцкім доме, які, нібыта ў насмешку, называўся: «элітна-узорнай гімназіяй № 5» горада Калізея.

Прыглушаны гоман у суседнім са Свенсанам класным пакоі адразу ж змяніўся аглушальным ровам і грукатам. Тонкі ўмольны голас выкладчыка «грамадскага права», містэра Мэрысана, на імгненне ўсплыў над неўтаймаваным гэтым грукатам і зноўку ў ім безнадзейна патануў. Чуваць было, як з тупатам і здзеклівым рогатам вучні суседняга класа пакідалі класнае памяшканне. Хутчэй за ўсё, яны пры гэтым яшчэ і шпурлялі ў містэра Мэрысана ўсім, што траплялася пад руку, і нават стралялі па ім з жыгучых мініплазмераў, цацачных паралізатараў і іншай дзіцячай «зброі»… але бачыць усяго гэтага праз, хоць і тонкую, але ўсё ж непразрыстую перагародку паміж двумя класамі, Свенсан, вядома ж, ніяк не мог.

З грукатам і рогатам пакідалі класныя памяшканні не толькі вучні суседняга са Свенсанам класа. Увесь, бадай што, трохпавярховы будынак гімназіі № 5, літаральна, скалынаўся ад адначасовага тупату дзесяткаў і сотняў маладых энергічных ног… і толькі дзесяты выпускны клас, у якім зараз і вёў Свенсан чарговы ўрок па «Асновах касмічнай навігацыі», працягваў сядзець ціха і паслухмяна, хоць гэтая паслухмянасць (па вачах вучняў бачна было) давалася выпускнікам, вой, як нялёгка. Дзесяты «А» асаблівай дысцыплінаванасцю ніколі не вызначаўся (наадварот, хутчэй), проста ўрок у ім зараз вёў Свенсан і таму толькі ў класе было так падазронна ціха. Да таго ж, замест класных сцен і столі, зараз перад вучнямі прасціралася бясконцая касмічная прастора, якая нават самому Свенсану, былому космадэсантніку, здавалася на дзіва рэальнай…

За няпоўныя дзве чвэрці сваёй педагагічнай дзейнасці ў гімназіі № 5 Свенсан, вядома ж, не ўзняў сярэдняй паспяховасці вучняў па свайму прадмету на нейкую, больш-менш значную вышыню. Ды, шчыра кажучы, ён не асабліва і імкнуўся да гэтага. Але прывучыць вучняў да такога элементарнага паняцця, як «дысцыпліна на ўроку», Свенсан усё ж змог, хоць і не адразу. Як і прывіць ім нейкую цікавасць (адносную, праўда) да тых прадметаў, якія выкладаў.

– Ну ўсё, на сёння хопіць! – павольна прагаварыў Свенсан, вырашыўшы не выпрабоўваць і далей цярплівасці класа і адным паваротам дыска на пульце кіравання «вяртаючы» памяшканню ягонае сапраўднае аблічча. – На наступным занятку мы працягнем разгляд гэтай тэмы. Тыя вучні, якія маюць запазычанасць па відэарэфератах – здаць іх да наступнага занятку. Ён у нас, калі не памыляюся, у сераду. А зараз… – Свенсан змоўк, вытрымаў невялікую паўзу, якую клас прыняў усё з той жа падазронна-пакорлівай паслухмянасцю, – зараз я вас больш не затрымліваю!

Вучні, нарэшце, заварушыліся, пачалі прыводзіць рабочыя сталы ў парадак. У гэтым таксама была заслуга Свенсана: толькі на ягоных уроках гэтай нецікавай, занудлівай нават справай займаліся вучні, а не самі выкладчыкі на перапынках альбо пасля заканчэння заняткаў.

Вось і зараз усе да аднаго вучні акуратна і ў правільнай паслядоўнасці пераводзілі ў стан, так званага, «чакаючага» рэжыму ўласныя пульты кіравання, потым асцярожна пераварочвалі і апускалі іх у спецыяльныя нішы сталоў… і толькі пасля гэтага моўчкі ўставалі і гэтак жа моўчкі пакідалі класнае памяшканне. На большае цярплівасці вучняў, вядома ж, не хапала, далей, па калідоры, амаль усе яны, не выключаючы і дзяўчат, несліся з шалёным тупатам і гіканнем. Але тое, што адбывалася там, за дзвярыма, Свенсана ўжо не датычылася ды й не цікавіла, калі казаць шчыра. Там яны ўсе хай хоць на галовах ходзяць, хоць гэтымі дурнымі галовамі аб бетонныя сценкі ляпаюцца. Альбо адзін аб аднаго…

– Містэр Свенсан!

Уздрыгнуўшы ад нечаканасці, Свенсан узняў галаву ад пульта кіравання. Так і ёсць: гэтая новенькая зноў засталася ў класе пасля заканчэння ўроку!

Што ёй спатрэбілася ад яго на гэты раз?

– Містэр Свенсан, – дзяўчына падыйшла бліжэй, спынілася каля самага стала. – Я вас не вельмі затрымліваю?

– Ды не, – сказаў Свенсан, уважліва пазіраючы на дзяўчыну. – А ў чым справа, Лоран? Штосьці незразумела па прадмету?

– Я – наконт секцыі. Хацела б запісацца…

– Вось яно што!

Акрамя «навігацыі» Свенсан вёў у гімназіі некалькі спартыўных секцый і гэта было, бадай што, адной з галоўных прычын той асаблівай павагі, якую праяўлялі ўсе без выключэння гімназісты да былога космадэсантніка. Што ж датычылася саміх секцый, то гэта без перабольшвання, былі ці не адзіныя спартыўныя секцыі ў гімназіі № 5, якія вучні не толькі наведвалі ахвотна, але і паводзілі сябе там на дзіва прыстойна…

– Вы не супраць, містэр Свенсан?

– Ну што ты! – Свенсан усміхнуўся дзяўчыне. – Буду вельмі рады! А на якую з секцый ты б жадала запісацца? Напэўна, на касмічную акрабатыку?

– Вось яшчэ! – Дзяўчына паціснула плячамі, затым таксама ўсміхнулася, некалькі загадкава нават. – Я б хацела наведваць секцыю рукапашнага бою…

Чаго, чаго, а гэтага Свенсан ніяк не чакаў.

– Але ж там у мяне адны толькі хлопчыкі ды юнакі, – прагаварыў ён неяк нават разгублена. – Аніводнай дзяўчыны там няма, калі шчыра…

– І што?!

Пытанне гэтае было зададзена с такім выклікам, што Свенсан нават не знайшоў, што і адказаць. Нейкі час ён толькі моўчкі глядзеў на дзяўчыну, яна таксама глядзела на яго з ранейшым выклікам.

– Ну, а чаму б табе ўсё ж не запісацца на акрабатыку? – прапанаваў ён, хоць заранне ведаў, які пачуе адказ.

І сапраўды дзяўчына толькі адмоўна трасянула галавой і абурана бліснула блакітнымі вачыма на настаўніка. Хоць не, вочы ў яе былі, хутчэй, зялёнага колеру… ці гэта асвятленне іх такімі робіць?

«А яна прыгожая! – міжволі падумалася Свенсану. – Вельмі нават прыгожая, асабліва калі вось так абураецца.»

Цікава, колькі ёй: сямнаццаць? Ва ўсялякім разе, ніяк не больш…

І тут Свенсану стала, не тое, каб сорамна, але ўсё ж прыкра неяк за гэтую сваю недарэчную цікаўнасць. Яму якая розніца, колькі ёй там гадоў?!

– Чаму вы не хочаце прыняць мяне ў сваю секцыю?! Толькі таму, што я дзяўчына, так?!

«І да таго ж вельмі прыгожая!» – дадаў у думках Свенсана, але ўслых, вядома ж, нічога такога не сказаў. Ён толькі неяк няўпэўнена паціснуў плячамі і нават ўсміхнуўся, хоць падазраваў, што гэтай сваёй паблажлівай усмешкай выклікае яшчэ большае абурэнне з боку Лоран.

– Вы што, нават не жадаеце размаўляць са мной сур’ёзна?!

– Жадаю, – сказаў Свенсан прымірэнча. – І вельмі нават жадаю! І, здаецца, я знайшоў найлепшы варыянт вырашэння тваёй праблемы.

– Я слухаю! – ужо не абурана, а, хутчэй, зацікаўлена прагаварыла дзяўчына. – І што ж гэта за варыянт?

– Магчыма, не ты адна сярод дзяўчат гімназіі марыш атрымаць першапачатковыя навыкі рукапашнага бою. Паразмаўляй з сяброўкамі са свайго класа, пашукай жадаючых сярод паралельных класаў, сярод малодшых нават… магчыма, там таксама знойдуцца жадаючыя. Пяці-шасці дзяўчынак, я думаю, будзе дастаткова для пачатку… і тады мы зможам стварыць жаночую секцыю «рукапашкі». А, можа, назавем яе лепш «секцыяй самаабароны»? А што, гучыць!

– Мне не патрэбна секцыя самаабароны! – рэзка, занадта нават рэзка прагаварыла Лоран. – І я не жадаю наведваць нейкую там асобную жаночую секцыю!

– Ну… не жаночую ўсё ж, – слушна заўважыў Свенсан. – Якія вы яшчэ жанчыны…

Дзяўчына нічога на гэта не адказала.

– Гэта жорсткі від спорту, Лоран! – сказаў Свенсан. – Вельмі жорсткі! Ён не для дзяўчат!

– А «дзікія кошкі»?!

Цяпер ужо Свенсан нічога не адказаў. Дакладней, ён проста не ведаў, што і адказаць. Міжволі ўспомніліся словы Ірумы, прынцэсы «дзікіх кошак», што менавіта сюды, на Медэю-2, трапляюць з Барсума хлопчыкі, калі не ўсе, дык пераважная іх большасць. Праўда, рэдка хто з гэтых хлопчыкаў даведваўся потым аб тым, што іх матулямі былі славутыя «дзікія кошкі». Максімілян Холін, былы начальнік Свенсана па Аграполісу, не ў лік, у яго была тады зусім іншая сітуацыя…

А Лоран моўчкі глядзела на настаўніка і, здаецца, з нецярпеннем чакала адказу. Хоць якога, але адказу.

– Ты хочаш стаць «дзікай кошкай»? – раптам здагадаўся Свенсан. – Ты даўно марыш ёй стаць?

Замест адказу дзяўчына толькі нізка апусціла галаву і нечакана пачырванела.

– Ты спазнілася, – сказаў Свенсан даволі рэзкім тонам. – Спазнілася на шаснаццаць гадоў! А, магчыма, і на сямнаццаць, калі табе ўжо споўнілася сямнаццаць! На Барсуме дзяўчынкі пачынаюць авалодваць сваім баявым майстэрствам адразу ж пасля нараджэння. І нават раней…

Плечы дзяўчыны раптам уздрыгнулі, нібыта ад нейкай унутранай болі. Свенсану нават здалося, што ў вачах Лоран бліснулі слёзы, хоць разглядзець гэта было не так проста: дзяўчына яшчэ ніжэй апусціла галаву. Свенсану нават стала шкада яе крыху, але трэба ж камусьці вярнуць бедную дзяўчыну з нябёсаў, у якіх яна марна лунае, на грэшную зямлю. І чым раней гэта адбудзецца, тым лепш. Для яе ж самой лепш…

– Лоран, каб стаць «дзікай кошкай», трэба нарадзіцца на Барсуме! – сказаў Свенсан ужо значна мягчэй. – А ты, як гэта не прыкра, нарадзілася на Медэі. І маці твая – не «дзікая кошка»!

– Я нарадзілася не на Медэі, – прашаптала Лоран, узняўшы, нарэшце, галаву. Свенсан не памыліўся, у вялікіх вачах дзяўчыны і сапраўды блішчэлі слёзы, якія яна адразу ж сярдзіта змахнула рукой. – І я ніколі не бачыла сваёй маці, я нават не ведаю, кім яна магла быць на самой справе…

– І ты вырашыла, што яна магла быць «дзікай кошкай»? – перабіў дзяўчыну Свенсан. – Не цеш сябе пустымі ілюзіямі, Лоран! «Дзікія кошкі» ніколі не пакідаюць на чужых планетах сваіх немаўлят жаночага полу!

– Але ж мая маці магла проста загінуць, – не зусім упэўнена прагаварыла Лоран. – Проста загінуць, і таму я засталася ў дзіцячым доме, а сяброўкі мамы… яе баявыя сяброўкі, яны проста не ведалі пра гэта…

– Ты выхоўвалася ў дзіцячым доме? – спытаў Свенсан, хоць гэта і так было ўжо зразумела пасля апошніх слоў дзяўчыны. – А хіба твой бацька… ці ты таксама не ведаеш, кім ён быў?

Дзяўчына нічога на гэта не адказала, але Свенсан усё зразумеў і без слоў.

– Лоран, калі б тваёй маці была «дзікая кошка», ты б ніколі не апынулася ў дзіцячым доме! – яшчэ больш мякка прагаварыў ён. – «Кошкі» ніколі не пакідаюць у бядзе дзяцей сваіх баявых сябровак, можаш мне паверыць!

Лоран зноў нічога не адказала, але Свенсан адчуваў, што ні кропелькі яе не пераканаў.

– Трымай!

Амаль не размахваючыся, Свенсан шпульнуў у бок дзяўчыны мініплазмер, які адабраў на папярэднім уроку ў аднаго з вучняў. Цацка была даволі важкай, а палёт яе імклівым, амаль імгненным… але Лоран перахапіла плазмер без усялякіх намаганняў. Адной рукой, дарэчы…

– У мяне добрая рэакцыя, – сказала яна, акуратна паклаўшы мініплазмер на настаўніцкі стол. – Хоць і сапраўды, нічога гэта не даказвае. Прабачце!

Павярнуўшыся, Лоран рушыла, было, да выхаду, але нечакана зноў спынілася, павярнулася ў бок настаўніка.

– Дык як наконт секцыі?

– Ніяк, – сказаў Свенсан і, убачыўшы адразу ж спахмурнеўшы твар дзяўчыны, таропка дадаў: – Проста прыходзь і ўсё. Заўтра ў сямнаццаць трыццаць. Што з сабой браць ведаеш?

– Ведаю! Дзякуй вам вялікі!

І, нечакана апынуўшыся зусім побач з настаўнікам, дзяўчына моцна абшчапіла ягоную шыю аберуч. Потым гарачыя яе вусны…

Добра яшчэ, што Свенсан у апошні момант паспеў крыху адхіліць галаву ўбок. Пацалунак, які прадназначаўся, хутчэй за ўсё, для ягоных уласных вуснаў, патрапіў на шчаку. Няголеную з учарашняга вечара, дарэчы…

– Што ты робіш?!

– Прабачце, містэр Свенсан! – ледзь чутна прашаптала Лоран, адпусціўшы, нарэшце, рукі і нават зрабіўшы крок назад. – Я не павінна была… але ж я… мне… Не ведаю нават, што на мяне такое найшло! Яшчэ раз прашу прабачэння!

– Містэр Свенсан!

І настаўнік, і вучаніца зірнулі ў бок выхаду амаль адначасова. Там, прыхінуўшыся плячом да дзвярнога вушака, стаяла дырэктар гімназіі, міс Глорыя Мерыдыт. Дакладней, місіс Глорыя, як у размовах паміж сабой заўсёды называлі свайго непасрэднага начальніка настаўнікі гімназіі, бо замужам іх дырэктрыса ніколі не была…

А, урэшце, для яе дваццаці дзевяці гадоў гэта яшчэ не трагедыя. Цікава толькі, як даўно яна знаходзіцца тут, у кабінеце?

– Прашу прабачэння!

Па сухасці, якая ледзь прыкметна, але ўсё ж прагучала ў голасе дырэктрысы, Свенсан зразумеў, што знаходзіцца тая ў кабінеце ўжо даволі працяглы час. І, вядома ж, на свае вочы магла назіраць недарэчны гэты пацалунак…

Ці ўсё ж не паспела?

– Я не вельмі перашкодзіла?

– Ды не, – сказаў Свенсан, адчуваючы сябе даволі няёмка. – Зусім нават не перашкодзілі. – Ён памаўчаў крыху, адначасова з гэтым чамусьці папраўляючы гальштук. – А ў вас да мяне што, маецца нейкая асабістая справа?

– Я проста хацела напомніць, што чакаю вас праз паўгадзіны ў сваім кабінеце. Вы, спадзяюся, не забыліся аб сваім абяцанні зайсці да мяне сёння пасля заняткаў? Гэта наконт той нашай нядаўняй размовы…

– Я памятаю, – зманіў Свенсан, які і сапраўды паспеў забыцца аб гэтым сваім абяцанні. – Зайду абавязкова!

– Вось і цудоўна!

Рэзка павярнуўшыся на высокіх абцасах, міс Мерыдыт выйшла з кабінета, нават ні зірнуўшы пры гэтым ні на Свенсана, ні на Лоран, якая, нізка апусціўшы галаву, стаяла на ранейшым сваім месцы. Потым Лоран узняла галаву і паглядзела на настаўніка.

– Прабачце, містэр Свенсан! – прагаварыла яна дрыжачым ад хвалявання голасам. – З-за мяне вас зараз чакаюць буйныя непрыемнасці! А ў вас іх і так хапае…

– Буйныя непрыемнасці? – перапытаў Свенсан, адрываючы, нарэшце, погляд ад дзвярэй і пераводзячы яго на Лоран. – З чаго ты ўзяла, што мяне, наогул, чакаюць нейкія непрыемнасці?

– Я лепш пайду, – замест адказу прагаварыла дзяўчына. – Яшчэ раз прабачце, містэр Свенсан!

І Лоран выбегла за дзверы, перш чым Свенсан паспеў хоць штосьці ёй адказаць. Калі ж ён, праз некалькі хвілін сам выйшаў у калідор, дзяўчыны там ужо не аказалася.

Затое ў самым канцы калідора, ля кабінета хімічнай касмалогіі, было даволі шматлюдна. Не менш дзесятка здаравенных бэйбусаў стоўпілася там… і зараз яны з вясёлым гамам і рогатам спрабавалі адчыніць дзверы, якія знутры хтосьці трымаў. Нават не трымаў… калі Свенсан падыйшоў крыху бліжэй, ён зразумеў, што, наадварот, вучні гэтыя дзверы з рогатам прытрымліваюць, а адчыніць іх, адчайна і, на жаль, безпаспяхова спрабуе хтосьці знутры…

У гэты час адзін з вучняў азірнуўся і ўбачыў Свенсана.

– Шухер! – спалохана крыкнуў ён і ўся вясёлая кампанія дружна кінулася наўцёк. А з дзвярэй хімкабінета, якія, нарэшце, шырока расчыніліся, вываліўся на падлогу чырвоны і надзвычай узбударажаны містэр Уілсан, выкладчык хімічных спецтэхналогій.

– Хуліганы! – ускокваючы і ажно задыхаючыся ад крыўды і хвалявання, выкрыкнуў ён услед сваім крыўдзіцелям. – Усё містэру Свенсану раскажу!

У гэты час ён заўважыў раптам зусім непадалёку ад сябе містэра Свенсана ўласнай персонай і крыху сумеўся. І не проста сумеўся, а нават, што здзівіла Свенсана, яшчэ больш пачырванеў. Праўда, амаль адразу ж зноў узяў сябе ў рукі.

– Дзень добры, калега! – прагаварыў ён паважна і з нейкім нават своеасаблівым апломбам. – Як вашыя справы?

– Добры дзень, містэр Уінсан! – у тон яму адсказаў Свенсан, зрабіўшы выгляд, што нічога з таго, што здарылася толькі што ў калідоры, проста не заўважыў. – Як ваша спіна?

– А што спіна? – падыйшоўшы бліжэй, містэр Уінсан паціснуў плячамі і ўздыхнуў, абдаўшы пры гэтым Свенсана характэрным пахам таннага кукурузнага віскі. – Прайшла спіна…

Тут ён нечакана ікнуў і дадаў таямнічым шэптам:

– Амаль.

Некалькі дзён таму хтосьці з вучняў падставіў містэру Уінсану падножку на лесвічнай пляцоўцы і небарака настаўнік, хутчэй за ўсё, паспеўшы прыняць перад гэтым чарговую дозу спіртнога, не ўтрымаўся на нагах і літаральна пералічыў уласнай спіной амаль усе прыступкі паміж другім і трэцім паверхам. Аб гэтым Свенсану па сакрэту паведамілі самі ж вучні, не тыя, зразумела, якія прымалі ўдзел у гэтым, мякка кажучы, хуліганстве… простыя сведкі. Праўда, прозвішчаў саміх хуліганаў яны не назвалі… ды Свенсан на гэтым асабліва і не настойваў, бо цярпець не мог ні даносаў, ні, яшчэ ў большай ступені, даносчыкаў.

Тым больш, што сам містэр Уінсан тлумачыў потым калегам перакошанае сваё становішча тым толькі, што яго прыхапіў раптам на лесвіцы чарговы прыступ радыкуліту. І ўсе спачувалі яму, і ўсе рабілі выгляд, што вераць гэтаму тлумачэнню. І нават давалі тыя ці іншыя парады па лячэнню непрыемнага гэтага захворвання, хоць Свенсан быў цвёрда ўпэўнены, што ўсе ці амаль усе настаўнікі добра ведаюць, што ж на самой справе адбылося з іх няўдачлівым калегам.

Цікава толькі, ці ведае аб усім гэтым міс Мерыдыт? Хутчэй за ўсё – не, бо яна такі абуральны выпадак проста так не пакінула б…

– Слухай, Алаф, – нечакана перайшоў на «ты» містэр Уінсан, – а, можа, мы з табой… па капялютцы? У мяне ў кабінеце зусім выпадкова засталося яшчэ… – ён змоўк, не дагаварыўшы, і яшчэ раз ікнуў. – Прашу прабачэння!

– Гэта я прашу прабачэння, містэр Уінсан, – падкрэслена ветліва прагаварыў Свенсан. – Вялікі дзякуй за прапанову, але… – не дагаварыўшы, ён змоўк, паглядзеў на гадзіннік. – Не п’ю.

– Што, зусім? – недаверліва спытаўся містэр Уінсан. – Зусім не ўжываеш?

– У рабочы час не ўжываю, – сказаў Свенсан. – І вам не раю. Каб зноўку радыкуліт на лесвіцы не прыхапіў, а то гэта такая штука непрыемная, ведаеце…

І ён рушыў далей, пакінуўшы містэра Уінсана ў адзіноце і поўнай узрушаннасці пачуццяў. Нетаропка спусціўся на першы паверх і ўжо дайшоў нават да гардэробу, як раптам успомніў аб міс Мерыдыт і сваім абяцанні зайсці да яе праз паўгадзіны.

Дарэчы, яны амаль прайшлі, гэтыя паўгадзіны…

Прыйшлося тэрмінова узнімацца зноў на другі паверх.

* * *

Кабінет дырэктара гімназіі Свенсан наведваў толькі аднойчы, у час свайго прыёму на работу, і ўжо тады кабінет гэты ўразіў яго сваёй незвычайнай сціпласцю і невялікімі памерамі. У кабінеце не толькі не было нічога лішняга… многае з таго, што, па меркаванню Свенсана, проста жыццёва неабходна дырэктару даволі буйнай сталічнай гімназіі тут таксама адсутнічала. Стол, некалькі крэслаў, чорная матавая сцяна-экран з аднаго боку і сцяна-шафа з супрацьлеглага.

І вялізнае акно за спіной дырэктара, закрытае зараз спектральнымі жалюзямі. Жалюзі гэтыя выбарачна прапускалі сонечнае святло… зараз, да прыкладу, яны былі адрэагуліраваныя так, што прапускалі толькі блакітна-зялёную частку спектра…

– Можна? – сказаў Свенсан, уваходзячы.

Пытанне гэтае было залішнім, бо толькі што гэтае ж пытанне Свенсан задаваў сакратарцы дырэктара.

– Заходзьце! – сказала міс Мерыдыт, паказваючы рукой на крэсла па той бок стала. – Сядайце!

– Дзякую!

Свенсан асцярожна апусціўся ў ажурнае, занадта нетрывалае на выгляд крэсла і застыў у чаканні. Бо ён ужо добра ведаў, аб чым зараз будзе ісці гутарка. І міс Мерыдыт таксама ведала, што ён ведае аб гэтым…

– Я слухаю! – сказаў Свенсан, калі зразумеў, нарэшце, што агульнае іх маўчанне пагражае зацягнуцца да бясконцасці. – Гэта наконт той скаргі ад бацькоў Рэда?

– З той скаргай я разабралася сама, – думаючы аб нечым сваім, прагаварыла дырэктыса. – Ды там і не было нічога такога! Рэд прызнаўся ўчора, што сам ва ўсім вінаваты… ды і бацькі ягоныя вымушаны былі з гэтым згадзіцца. Магчыма, з вашага боку не было асаблівай неабходнасці прымяняць да вучня такія крутыя меры, але ж…

– Ну… – Свенсан асцярожна паварушыўся ў ненадзейным гэтым крэсле і нават дазволіў сабе ледзь прыкметную ўсмешку. – Мне здаецца, меры былі не такімі ўжо і крутымі, асабліва, калі ўлічыць, што Рэд…

– Гэта вам так здаецца! – рэзка, нават залішне рэзка перабіла Свенсана міс Мерыдыт. – Тым больш, што ніякіх скаргаў ад бацькоў той дзяўчынкі да нас так і не паступіла! Вы разумееце сітуацыю?

– Разумею, – сказаў Свенсан.

А што яму яшчэ заставалася…

Пражыўшы амаль паўгода на Медэі, былы космадэсантнік так і не змог канчаткова прыстасавацца да тых «дзікіх» нораваў, якія тут лічыліся амаль што нормай.

Гэтага Рэда Свенсан застаў у той самы момант, калі, зацягнуўшы малодшую за сябе гады на тры дзяўчынку ў цёмную каморку каля спортзала, той паспеў ужо, паваліўшы яе на нейкія абшарпаныя маты, амаль поўнасцю распрануць небараку. Але больш за ўсё Свенсана раззлаваў не сам абуральны гэты факт (за паўгода жыцця на паўкрымінальнай планеце ён усялякага паспеў наглядзецца), а тое, што дзяўчынка нават не спрабавала клікаць на дапамогу. Яна толькі спалохана ўсхліпвала і ўмольна, хоць і без асаблівага поспеху, прасіла хлопца не чапаць яе. Яна нават грошы нейкія яму прапаноўвала… але што значыла гэтая мізэрная сума для сына аднаго з найбуйнейшых прадпрымальнікаў іх амаль сталічнага горада, тым больш, у такі момант, калі гармоны ў крыві перавысілі ўсялякую разумную дозу, а здольнасць цвяроза думаць і разважаць адкацілася кудысьці на самы аддалены план…

Здольнасць цвяроза думаць і разважаць у той момант пакінула, здаецца, і самога Свенсана. Схапіўшы мярзотніка за шкірку і некалькі разоў добра трасянуўшы для лепшага, так сказаць, успрымання сітуацыі, Свенсан амаль з асалодай тыцнуў яго затым нахабным тварам прама ў смуродныя, пакрытыя цвіллю гэтыя маты. Тыцнуў, пачакаў пакуль спалоханная дзяўчынка, так сяк апрануўшыся, выбегла прэч з каморкі, а ужо потым даў волю пачуццям. Шырокую скураную папругу ён выцягнуў з уласных штаноў, а гора-гвалтоўнік свае штаны паспеў ужо крыху прыспусціць (для іншай, праўда, мэты) і тым значна аблегчыў Свенсану ягоную выхаваўчую задачу.

Здаравенны бэйбус (ростам амаль з настаўніка ды і вагой мала яму саступаючы), тым не менш, баяўся Свенсана, нібыта агню. Вось чаму ён нават не вырываўся з рук настаўніка (што наўрад і ўдалося б), і толькі ціхенечка скуголіў увесь той час, пакуль папруга са свістам «убівала» яму ў задняе месца першапачатковыя веды аб тым, што можна рабіць у сценах гімназіі, а чым там займацца катэгарычна забараняецца.

Адпусціўшы, нарэшце, Рэда (дакладней, выкінуўшы яго за шкірку з каморкі), Свенсан нейкі час раздумваў над дылемай: даводзіць ці не даводзіць тое, што тут адбылося да вушэй кіраўніцтва гімназіі, хоць і добра разумеў, што наўрад гэта прынясе хоць якую карысць. Так нічога і не вырашыўшы канчаткова, ён проста пайшоў тады дадому, а ўжо на наступны дзень праблема «даводзіць ці не даводзіць» была вырашана і без яго непасрэднага ўдзелу. Бацька абражанага вучня зрабіў гэты непрыемны інтэндэнт усеагульным дастаяннем і грозна патрабаваў не толькі тэрмінова звольніць педагога-садыста з займаемай ім пасады, але і аддаць яго пад суд. І, што было для Свенсана самым дзіўным, гэтыя пагрозы ледзь-ледзь не спраўдзіліся…

Яшчэ бацька Рэда пагражаў заявіцца непасрэдна ў гімназію і там, на месцы, так разабрацца са Свенсанам, што таму застанецца толькі тэрмінова заказваць сабе месца на бліжэйшых могілках. Праўда, чамусьці не спяшаўся прыводзіць сваю пагрозу ў дзеянне, магчыма, памятаючы, што адбылося перад гэтым з адным з такіх занадта «крутых» бацькоў. Сыночак гэтага «крутога» займеў, было, кепскую звычку падкрадвацца да вучняў пачатковых класаў і стукаць іх галовамі аб сценку альбо адзін аб аднаго. Даведаўшыся аб гэтым Свенсан правёў з крыўдзіцелем пачаткоўцаў выхаваўчую гутарку ў ходзе якой наглядна прадэманстраваў яму, наколькі гэта балюча, калі твая галава ўваходзіць ў судакрананне з цвёрдай сценкай. А калі назаўтра ў клас, дзе Свенсан праводзіў чарговы ўрок, уварваўся раз’юшаны бацька вучня, былы космадэсантнік, на пацеху ўсяму класу правёў тлумачальную гутарку і з ім, і ўсё па той жа самай, адпрацаванай методыцы, гэта значыць: са шматразовым судакрананнем галавы гэтага «крутога» татачкі з усё той жа шматпакутнай сценкай…

– Я разумею, – адарваў Свенсана ад невясёлых сваіх успамінаў голас міс Мерыдыт, – што з дысцыплінай у нашай гімназіі не ўсё так, як належыць быць, і я вельмі ўдзячна вам за тое, што з вашым прыходам да нас стан яе значна палепшыўся, але…

– Я так зразумеў, – сказаў Свенсан, устаючы, – што вы зараз прапануеце мне звольніцца па ўласнаму жаданню? Ну што ж, калі справа дайшла да гэтага, то я…

– І не думайце нават! – з нейкім нават спалохам у голасе ўсклікнула дырэктрыса, таксама ўскокваючы са свайго месца. – Я зусім не гэта мела на ўвазе! Я… я зусім нават не гэта хацела сказаць! Прабачце, калі я вас хоць чымсьці пакрыўдзіла!

Самыя апошнія словы яна амаль прашаптала, і Свенсану нават падалося, што ў вачах міс Мерыдыт бліснулі слёзы… але, хутчэй за ўсё, гэта яму толькі здалося ў падманлівых зеленаватым асвятленні кабінета.

– Гэта вы мяне прабачце! – вінавата прамармытаў былы космадэсантнік, апускаючыся на ранейшае месца. – Я напэўна і сапраўды часам перагінаю палку, але ж, як вы і самі сказалі, з дысцыплінай у нас вялікія праблемы. А ў вас праблемы са мной, бо я ўяўляю, як ціснуць на вас зараз зверху…

На страницу:
1 из 2