bannerbanner
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
4 из 5

У хлопца было два пісталеты, чатыры абоймы, ён мог падзяліцца з дзяўчынай, але гэтага не зрабіў. Мікалай быў не гатовы даверыць зброю чалавеку, з якім правёў так мала часу. Ці ўмее яна наогул карыстацца пісталетам? Якое мінулае ў яе? Як яна выжыла ў такі цяжкі і незвычайны апошні месяц? Ён не дапытваў Паліну, не ціснуў на яе, бо баяўся аддаліць яе ад сябе. Не ведаў, як адрэагуе на яго пытанні Паліна і ці будзе адказваць на іх толькі праўдай. Мікалай лічыў, што будзе лепшым рашэннем пакінуць зброю пры сабе, а па дарозе даведацца пра дзяўчыну: у паводзінах, у размове. Сама ж Паліна меркавала, што хлопец знайшоў зброю ў міліцэйскіх участках і, не турбавалася аб тым, што ў яе няма такой абароны.

Усе стаялі перад дзвярамі, накрылі галаву тканінай. Мікалай накінуў капюшон, а вусны і нос схаваў пад чорнай маскай. Дзяўчына прыгожа абматала сабраныя валасы ў зялёную тканіну і таксама схавала ніжнюю частку твару пад чорнай маскай. Мікалаю было цяжка пакідаць свой бяспечны куток, пакідаць яго з пачуццём, што ён больш ніколі не вернецца ў родны горад. А Паліна, наадварот, спяшалася выйсці на вуліцу, пакінуць паміраючы горад і дабрацца да месца, дзе яе чакаюць.

– Ты гатовая? – спытаўся Мікалай у дзяўчыны.

– Так. Давай жа хутчэй адчынем дзверы, – упэўнена адказала Паліна.

Раптам, непрыемна і звонка, па-новаму заспявала радыё сваім трэскам. Усе двое тузануліся ад нечаканасці. Святло лямпаў заміргацела вельмі хутка. Сабака толькі павярнуў галаву на музыку і паварушыў вушамі. Пасля чаго, хлопец рэзка павярнуўся, падышоў да радыёпрыёмніка і вырваў вілку з разеткі. Шум абарваўся.

– Цяпер мо, пойдзем? – спытала дзяўчына.

Паліна шукала новыя прыгоды. Яна была з тых людзей, якія не сядзелі на адным месцы, не любілі маркотных і аднастайных дзён. Нават у такі змрочны час, ёй хацелася рухацца, адправіцца ў паход. Менавіта таму яна блукала па горадзе не толькі думаючы пра дачку, але і ў пошуках чагосьці новага. І сустрэўшы Мікалая, яна ні ў якім разе не хацела спыняцца. Бо побач з ім, яна станавілася яшчэ храбрэй, была гатовая зазірнуць далей гарадскіх будынкаў. У гэты момант, Паліна, нібы зусім забылася пра мінулае ці ж не хацела ўспамінаць пра яго. Трымала ўсё ў сабе, ёй так было прасцей.

– Паліна, зараз, калі выйдзем. Ты ідзі за мной, трымайся мяне. Рабі ўсё аб чым я цябе прасіў учора. Усё тое, што датычыцца нашай бяспекі…калі ласка, моўчкі рухаемся да вакзала. Ні слоў, ніякіх глупстваў, ніякіх рухаў у бок без асаблівых прычын ты не робіш. Усё разумееш? – звярнуўся хлопец і сур'ёзна паглядзеў на мілую дзяўчыну.

– Слухаюся, камандзір, – хітра ўсміхнулася яна.

– Добра, ідзем ужо…але строга па плане, – настойваў Мікалай.

– Мг, – добрая ўсмешка не пакідала яе вуснаў. – Адчыняй ужо.

«Будзе цяжка!» – падумаў ён і адвёў вочы. Адчыніў, расхінуў дзверы.

Двое ступілі на вельмі дробны шэры пясок.

V

Раніца была зацішная, бясхмарная, цёплая. Пыл спакойна ляжаў унізе, нібы яшчэ не прачнуўся, а працягваў ціха спаць. Вялікія шэрыя пяшчаныя насыпы яшчэ больш накрылі сабой увесь праспект пасля ўчорашняй буры. Зусім не відаць колаў машын, салоны поўныя ўсякім здробненым смеццем. Усё што перашкаджала ветру вольна гуляць па горадзе, сабрала перад сабой масу дробнага сухога пяску. Быццам, як зімой, пранеслася снежная завіруха і загнала снежную пудру ва ўсе вуглы. За мінулую ноч высокія будынкі зусім не змяніліся, яшчэ больш не сцерліся, усё гэтак жа, як і ўчора, стаялі без дахаў або верхніх паверхаў. Ні на сантыметр не зменшыліся.

Мікалай першым ступіў на мяккую паверхню, якая ад кожнага яго кроку абуджалася. Падымаліся і забаўляліся парушынкі, а пасля хутка асядалі. Хлопец неспакойна азіраўся, кідаў пільны погляд па баках. За ім упэўнена ішла Паліна, якая падымала пыл усё вышэй, да сваіх каленяў. Яе чорныя кеды з белымі палосамі і новыя цёмна-зялёныя мужчынскія нагавіцы, якія дзяўчына знайшла ў часовым доме Мікалая, хаваліся ў гарэзлівым роі пясчынак. Свае халодныя пальцы рук Паліна схавала ў кішэні сіняй кофты. З больш спакойным пачуццём яна глядзела на горад, на раскіданыя жоўтыя плямы ранішняга сонца. Усё вакол грэлася. Дзяўчына прыемна прымала прамяні і думала толькі пра бяспечны шлях. Побач не было тых цёмных ценяў, па якіх маглі блукаць вар'яцкія звяры. Падумаўшы пра гэта, Паліна паглядала на Яшу, які бесклапотна сядзеў за спіной Мікалая. Чорны сабака не вадзіў носам, толькі прыжмурваў вочы, быццам збіраўся заснуць.

Яны ішлі да чыгункі па апусцелай вуліцы. Усю дарогу маўчалі. Кожны думаў аб сваім. Праходзячы міма палаца культуры, Паліна кінула свой погляд на ацалелыя калоны ля ўваходу, прыўзняла вочы і паглядзела на іх самы верх, як яны яшчэ моцна трымаліся за апошнюю бэльку даху. Пасля чаго вярнула свае вочы на Мікалая. А хлопец, трывожна ішоў наперад, ён зусім не звяртаў увагі на прыгожы будынак, не ўспамінаў той выпадак з падзеннем адной калоны. Ён толькі пачухаў канапаты нос і працягваў у думках разважаць над тым, што чакае іх наперадзе. Але калі б Мікалай хоць на секунду адвёў вочы на палац, і ўбачыў, што ўсе калоны роўна стаяць перад ім, гэта б яго трохі напалохала. Закінула б яму ў галаву яшчэ некалькі пытанняў, на якія ён не адразу б змог адказаць.

Калі яны падышлі да чыгуначнага вакзала, было падазрона ціха. Шырокі галоўны будынак, з ледзь пацёртым дахам, амаль не прапускаў сонечнае святло ўнутр, схаваў унутры сябе ўсе памяшканні ў халоднай цені. Іншыя будынкі, якія знаходзіліся побач, адкідалі адлюстраванне цемры і не давалі прамога сонечнага бяспечнага праходу паміж імі. У цені, у будынках або каля іх, маглі папросту хавацца драпежнікі або тыя, каго больш баяўся Мікалай, тыя каго яшчэ не сустракала Паліна – істоты. Было відавочным рашэннем хлопца не праходзіць па падземным пераходзе да чыгункі. А таксама, небяспечна было прабірацца па версе, па высокіх лесвіцах, якія злёгку сцерлі свае вострыя вуглы. Менавіта цяпер Паліна перастала адчуваць нейкую лёгкасць, прыгнятальная абстаноўка прывяла да хвалявання. Яны абышлі вакзал з левага боку, выйшлі на першую платформу.

На чыгунцы тоўпіліся вагоны: грузавыя і пасажырскія. Злева, ля пераходнага моста, на чыгунцы бязладна адпачывалі перакуленыя цэлыя саставы. Сутыкнуўшыся адзін з адным, яны перамяшаліся, збілі амаль усе слупы, якія трымалі правады. Уся куча была накрытая пяском, нібы шэрым попелам, і ўсё гэта непрыемна глядзелася ў нежывых танах. А вось з правага боку было значна чысцей, прыстойней. Вагоны стаялі смірна пад блакітным небам. Два сумных дызельных састава на далёкіх пуцях і адзін электрычны састаў, што быў бліжэй да вакзала, на другім пуці. Гэты транспарт ужо даўно нікуды не спяшаўся.

– Вось ён… Ацалеў, – ціха прашаптаў Мікалай. – Я за ім даўно назіраю.

Двое глядзелі на шэра-чырвоны састаў электрычкі, над якім віселі непашкоджаныя правады. Затым, ад спалоху, яны паглядзелі ў бок вакзала. Дадатковы груз трывогі, да, да таго не спакойным чалавечым сэрцам, надаў раптоўны шум крылаў дробных чырвоных стварэнняў, што зграяй падняліся высока над вакзалам.

– Пойдзем… – сказаў хлопец і працягнуў Паліне руку.

Дзяўчына ўзялася за яго левую далонь. Яны ступілі на першыя засыпаныя пуці, якія асвятляліся прамымі сонечнымі прамянямі. Ішлі цяжка. Абутак патанаў. Ногі, амаль да каленяў, хаваліся ў масе сыпкіх пясчынак бетону. Ішлі як зімой па высокім мяккім снезе. Мікалай моцна трымаў дзяўчыну за цёплую далонь, дапамагаў ёй не ўпасці. Пад нагамі яны адчувалі: то рэйкі, то шпалы, то дробныя камяні. Хоць вакол не было чуваць нейкіх звяроў, істот, і ўсё ж, яны не рызыкнулі падысці да транспарту праз ценявую частку, з боку вакзала.

Усе дзверы чатырох вагонаў былі зачыненыя, шкла зусім не было.

Падышоўшы да першага ад іх вагона, Мікалай зняў з сябе заплечнік і кінуў яго праз акно, затым зняў са спіны сумку-пераноску з сабакам і перадаў яе Паліне. Дзяўчына адчула вялікі цяжар, цярпела боль у руках. Мікалай хутка ўзлез унутр вагона праз шырокае акно, а затым падаў руку дзяўчыне. Падняў спачатку Яшу, затым пацягнуў да сябе Паліну. Унутры шэрага вагона было ціха, амаль не страшна. Слядоў ад прысутнасці жывых буйных арганізмаў тут не было. На некаторых пасажырскіх месцах было не занадта пыльна і можна было разгледзець зялёны колер крэслаў. Да таго ж, шмат розных прадметаў ляжала ў цэнтры, у калідоры: часопісы, жаночыя сумачкі, чамаданы, тэлефоны, акуляры.

Мікалай маўчаў. Ён паглядзеў на зачыненыя шэрыя дзверы, якія вялі ў кабіну кіравання. Нервова патузаў іх за ручку, не адчыніў. Хлопца гэта не вельмі знервавала, бо яму трэба было ўзяць кіраванне электратранспартам з іншага боку састава. Гэта казала аб тым, што прыйшоў ужо час ісці далей.

– Глядзі па баках, – сказаў Мікалай дзяўчыне і прысеў да Яшы.

Хлопец выпусціў сабаку з сумкі, надзеў яму на пысу спецыяльна пашытую павязку, каб жывёла не задыхнулася ад шкоднага пылу. Затым скруціў сумку-пераноску і змясціў яе ў заплечнік, які пасля накінуў на плечы.

– Ну што там, за вокнамі, нікога? – спытаў ён і ўстаў на ногі.

– Звяры, аблезлыя звяры ля вакзала, ходзяць па цені… Глядзяць на нас, – сказала Паліна.

– Яны да нас не палезуць. У мяне заўсёды для іх ёсць кулі, – спакойным, цвёрдым голасам загаварыў хлопец. – Пойдзем ужо. Давай, за мной.

Увесь калідор добра праглядаўся, наперадзе было бачна нутро іншых вагонаў. Яша бег наперадзе. Спачатку ён недалёка адыходзіў ад гаспадара, але як толькі яны перасеклі палову саставу, то тут жа сабака ірвануў, нібы бег у атаку. Мікалай і Паліна паскорылі свае крокі, паспяшаліся за ім. Падышоўшы бліжэй да галавы электрычцы, пачуўся глухі брэх за прыадкрытымі дзвярыма кабіны кіравання. Хлопец узяў у рукі пісталет і павольна ўвайшоў за дзверы, Паліна засталася стаяць каля крайніх пасажырскіх месцаў. Яна стаяла тварам да дзвярэй і ўважліва слухала, трывожна, страшна думала пра тое, хоць бы нічога дрэннага не здарылася з Мікалаем. Сабака замоўк. І ў гэты момант за спіной дзяўчыны штосьці непрыемна заскрыгатала. Як быццам моцна сціснутая людская сківіца стачвала свае зубы. Хутка развярнулася Паліна. За імгненне, яна перад сабой разгледзела брыдкі твар і ад страху, па ўсім яе стройным целе, прабеглі мурашкі. Холад і жах ахапілі яе. Перад ёй стаяла істота. Яна мела, свайго роду, адрозненні: шэрая вільготная скура, чалавечыя рысы твару, белыя бровы, безжыццёвыя бела-сінія вузкія вочы, маленькі нос з закругленым кончыкам, белыя вусны – гэты вобраз надоўга засядзе ў памяці дзяўчыны. Ёй здавалася, што яе дрыжачае ад страху сэрца спынілася. Не паспела Паліна хоць неяк адрэагаваць, як гэтая невядомая істота схапілася за яе руку. Яна кончыкамі сваіх доўгіх вільготных пальцаў кранула адкрытага ўчастка скуры на запясце дзяўчыны. Паліна не паспела зразумець, ці быў кантакт альбо не, як ёй здалося, што істота растварылася. У гэтую секунду ў белую скуру дзяўчыны ўвабралася вільгаць ад адбіткаў, ад пальцаў істоты. Паліна заплюшчыла вочы.

Свядомасць Паліны імгненна атруцілася. Пасля чаго дзяўчына нібы перанеслася ў сон, апынулася зусім у іншым вобразе. Яна стаяла ў ярка-чырвонай пышнай сукенцы, якая сваёй даўжынёй хавала ногі. Распушчаныя кучаравы валасы былі спакойныя. Прастора вакол Паліны асвятлялася штучным белым святлом, радыусам у метр, а за ім была толькі цемра. Побач нікога. Яна быццам бачыла сябе з боку, здалёку, на ўвесь рост. Дзе пад нагамі павольна калыхаліся дробныя хвалі цёмнай вады. Няроўная вільготная паверхня, як люстэрка, адлюстроўвала яе сілуэт з боку твару. Не дакранаючыся цёмнай вадкасці, Паліна нібы стаяла на шкле. Яна ад цікаўнасці павярнула галаву налева і тады, нібы па пстрычцы, яе акружылі тыя самыя істоты, аб якіх казаў Мікалай. Яны былі ў пашарпаным, брудным, чалавечым адзенні. На адкрытых участках блакітнай скуры можна было ўбачыць белыя ўзоры. Але бліжэй за ўсіх да Паліны стаяла тое самае стварэнне, што кранула яе ў вагоне. Яно было не падобна на астатніх, адрознівалася не толькі знешнасцю, але і чыстым, чорным, сухім адзеннем. Істота трымала Паліну за руку, як у электрычцы. Затым гучна пракрычала:

– Прымі! Прымі гэта, як належыць! Данясі! Данясі як выратаванне! Як нешта добрае! Як агульнае!

Пасля, паверхня перавярнулася на другі бок, як манета або як лёд на рацэ. Цяпер Паліна бачыла сябе на дне вадаёма. У асяроддзі белага багавіння і мёртвых рыб. Чырвоная сукенка была патрапаная і брудная. Чорныя валасы асвятляліся, ператвараліся ў белыя адценні. Яна стаяла, як раней, з працягнутай рукой, нібы адчувала дотык істоты. Затым зверху пачалі падаць у ваду чырвоныя густыя кроплі крыві, якія апускаліся ўсё ніжэй і цяжэй да яе рукі, пакідаючы пасля сябе чырвоную размазаную нітку. Калі ж першая цёплая кропля кранулася халоднай скуры Паліны, пачуўся гучны стрэл. Дзяўчына адразу ж адкрыла вочы, свядомасць вярнулася ў рэальны свет. Перад Палінай ляжала бяздушная істота, на якую павольна апускаўся пыл, павольна хаваючы выразную абмалёўку мёртвага цела.

Тады дзяўчына пачула голас Міколы, хлопец стаяў у яе за спіной.

– Яна кранула цябе? Істота паспела дакрануцца да тваёй скуры? – грубым тонам казаў ён, накіроўваючы на дзяўчыну пісталет.

Напалоханая і разгубленая Паліна не павярнулася да яго, яна не змагла сказаць ні слова. Быццам адчувала пагрозу, якая сыходзіла ад хлопца. Мікалай зноў паўтарыў тыя ж самыя пытанні і зрабіў крок назад, не жадаючы, але ён гатовы быў стрэліць ёй у галаву.

– Не… – ціха, скрозь сухія вусны, ледзь чутна прасачыўся адказ Паліны.

Хлопец не апускаў пісталет і з лёгкім недаверам паглядзеў на яе спіну.

– Павольна павярніся. Паглядзі на мяне, – сказаў ён.

Дзяўчына апусціла руку і павярнулася да яго. Мікалай, не падыходзіў, старанна аглядаў напалоханую Паліну, якая дрыготкім голасам спытала:

– Ты заб'еш мяне?

– Адкажы. Ты тут бачыш толькі мяне? За мной няма нікога або вакол нас? Няма нічога дзіўнага?

Бачачы перад сабой пісталет і вусцішныя зялёна-жоўтыя вочы хлопца, Паліна яшчэ больш спалохалася. Яна разважала, стрэліць ён ці ж не. «Які яму патрэбен адказ?» Яна хутка перабірала ў галаве розныя варыянты свайго рашэння і тое, як яны паўплываюць на зыход сітуацыі, якая зараз склалася паміж імі. Некалькі маўклівых секунд пагрозліва пранесліся і крануліся душ абодвух. Хлопец ледзь калыхнуў пісталетам. Тады Паліна з жаласлівым выглядам паглядзела ў яго злыя вочы.

– Хто гэта быў? Ты забіў яго…а зараз заб'еш мяне? А як жа наша падарожжа? – падымала тон сваіх словаў дзяўчына.

– Паліна?! Зьбярыся! Спакойна адкажы мне на пытанне. Ты акрамя мяне, кагосьці яшчэ бачыш побач?

– Тут толькі мы з табой…і сабака, Яша. І…нейкая гідкая істота, за маёй спіной. Ты яе забіў? Яна не ўстане на ногі? Чаму ты навёў на мяне пісталет і задаеш дзіўныя пытанні?

Страх ахутаў Паліну з галавы да ног, усё яе нутро трапятала ад агідных падзей. Але вонкава дзяўчына не падавала выгляду. Не паказвала, што была напалохана чымсьці іншым, іншым, чым проста пачварнай істотай, якая каменем ляжала за спіной. Усё здавалася ненармальным і вельмі незразумелым.

– Ну, раз няма нікога старонняга, значыць, істота да цябе не дакранулася! Не хвалюйся, яна не ўстане на ногі. Зараз табе няма чаго баяцца, – апусціў зброю Мікалай і памяняў злаваны выраз свайго твару на халодны. – Прабач, за пісталет. Я павінен быў гэта зрабіць…накіраваць яго на цябе… Дотык істоты гэта… – недагаворваючы, ён абышоў Паліну і падышоў да мёртвай істоты.

Дзяўчына з асцярожнасцю сачыла за ім, баялася зрабіць крок у бок, перабірала ў галаве ўсю блытаніну і не магла адшукаць адказы. А Мікалай хоць і паверыў ёй, але нешта ўнутры насцярожвала яго.

– Цяпер, і ты знаёма з істотай, – сказаў ён, – Але, я такую толькі раз бачыў. Яна вельмі адрозніваецца ад іншых. Занадта чыстая…і твар крыху іншы.

– А што б было, калі б істота дакранула да мяне? – сказала Паліна і цяжка выдыхнула.

Хлопец паправіў чорныя пальчаткі і з лёгкасцю адцягнуў мёртвую істоту далей ад дзяўчыны, углыб трэцяга вагона. Затым падняў і адкінуў гэтую скуру з косткамі ў тоўсты пласт пяску. Вяртаючыся назад, з незадаволеным выглядам, ён злосна паглядаў на вокны, шукаў новых істот, але вакол электрычкі было занадта спакойна. Мікалай падышоў да Паліны і больш мякка зірнуў на яе. Ён не расказваў ёй усё і адразу. Многія гісторыі чакалі правільнага месца і часу. Хлопец хацеў зберагчы Паліну ад заўчаснага страху. Але ў гэты момант адна з яго гісторый была дарэчы. Ён хацеў загладзіць сваю віну і апраўдаць свой учынак з накіраваным пісталетам. Мікалай увайшоў у кабіну, падышоў да панэлі кіравання электрычкай, паглядзеў на Яшу, які сядзеў на крэсле. Затым хлопец павярнуўся да дзяўчыны і загаварыў:

– Не памятаеш, я казаў табе ці не, што да цябе я не сустракаў па-сапраўднаму жывых людзей?! Калі так, то я табе хлусіў, але гэта было на карысць, не хацеў цябе палохаць сваімі гісторыямі. Але зараз, выпадак кажа расказаць адну. Падыдзі да мяне бліжэй, – сказаў ён і, не губляючы часу, вырашыў адначасова разабрацца з запускам электрычкі.

Дзяўчына хутка пакінула месца, дзе раней ляжала істота з знясіленым целам, з-за смерці. Паліна падышла да сяброў і зачыніла за сабой дзверы, што падзялялі кабіну з грамадскім памяшканнем. А Мікалай усё казаў:

– Як і ў першыя змрочныя дні, я ўсё хадзіў па горадзе, шукаў людзей, заходзіў усё далей, і далей. І ў адзін з такіх дзён я набрыў на хлопца, на аднагодка, які выходзіў з крамы з поўнымі пакетамі ежы. Адзін з пакетаў не вытрымаў яго хцівасці і парваўся на маіх вачах, прадукты вываліліся на пыльную паверхню. Я хацеў падбегчы да яго, дапамагчы яму і з-за радасці сустрэчы хоць нешта сказаць яму. Не паспеў. Я ўбачыў, як істота спыніла яго і ўстала перад ім. Я бачыў, як рука істоты кранула твар хлопца, а затым істота павалілася ў шэры попел, як мёртвае сухое дрэва. Я быў не занадта блізка да іх, але што разгледзеў, тое і распавядаю, – казаў Мікалай, робячы пару націскаў на кнопкі панэлі, лямпачкі загарэліся зялёным колерам і ён прадоўжыў гаварыць. – Потым з’явілася яшчэ адна істота, але пасля брэху сабакі, яна ўскрыкнула сваім рэзкім голасам, і схавалася ў пясочных вятрах. Пасля чаго, я падбег да хлопца, выказаў здагадку, што ён паранены і паспрабаваў выратаваць яго. Але ён быў у поўным парадку, так ён мне сказаў. Ён назваў мне сваё імя, Уладзімір. І ведаеш што, ён нават не вельмі здзівіўся майму з'яўленню. А без усялякай турботы вымавіў: «Ты бачыў гэта?» Я так зразумеў, ён казаў аб істотах. Мы вялі дыялог, я ішоў за ім, побач. Мы правялі нейкі час у наваколлях пустога мікрараёна. Думаў: «Ну вось, нарэшце, я не адзін.» Пакуль не пачалося яго… Ну, пакуль ён не пачаў гнаць нейкае трызненне. Ён усё часта паўтараў пра нейкія прывіды. Часта казаў пра тое, што з намі ідзе нехта яшчэ, з самага нашага знаёмства, нехта трэці. Ён казаў аб дзяўчынцы. Але акрамя Уладзіміра, я з людзей нікога не бачыў. Я правёў з ім некалькі хвілін, і за гэты час ён усё больш з’язджаў з глузду. Ён гаварыў з уяўнай дзяўчынай. Распісваў мне жахі, што ствараліся ў яго галаве, казаў аб тым, у што было цяжка паверыць. Але калі Уладзіміру здалося, што побач істоты, ён закрычаў, як шалёны, размахваў рукамі. Як я зразумеў, яму здавалася, што яны акружаюць яго і нападаюць. Толькі ўсё было спакойна ў акрузе. Затым той хлопец накінуўся на мяне. У яго жорсткіх счырванелых вачах адбівалася бязлітаснасць. Відаць, я стаў для яго той істотай, якая хацела яго забіць, а можа нейкім іншым ворагам. Я быў напалоханы, змагаўся з ім. Адчуваў яго ўдары зноў і зноў, пры гэтым не адчуваў, як па маім твары лілася мая кроў. Яша спрабаваў напужаць Уладзіміра, брахаў на яго скрозь ахоўную маску, якая ахоўвала яго ад пылу і не давала ўсадзіць іклы. Не ведаю як, можа лапай, але сабака зняў з сябе маску і дзіка накінуўся на таго хлопца – укусіў яго. У той момант я заўважыў, як Уладзімір, знаходзячыся не ў сабе, адцягнуўся ад удараў. І я адкінуў яго да машыны, выцягнуў пісталет і халоднакроўна стрэліў… Уладзімір сядзеў каля аўтамабіля, перакуліўшы галаву, нібы глядзеў у неба. Я не змог змірыцца з тым, што рабілася ў яго галаве. Хлопца мучылі галюцынацыі, крыкі ад болю, злосць і нянавісць да фантазій у галаве. Мне было вельмі страшна – і я вырашыў спыніць яго атручаны розум.

Паліна слухала хлопца і ніяк не магла ачуцца. Палохала ўсё: высокі рудавалосы хлопец насупраць, невядомая істота, дрэнныя думкі, змрочнае апавяданне, заблытаны відзеж.

– Але я, спадзяюся, што ты мне не хлусіш, – з нейкім відавочным папярэджаннем у голасе вымавіў Мікалай. – Не хачу, каб сітуацыя паўтарылася…

Дзяўчына адышла бліжэй да сабакі і вельмі спадзявалася, што з ёй не будзе так, як было з Уладзімірам.

– Ёсць! Ёсць кантакт з электрычнасцю! – радасна выклікнуў Мікалай, быццам казаў гэта Яшу, абыходзячы сяброўства з Палінай. – Запускаю рухавік!

Невялікі сабака хутка завіляў чорным хвастом, выбіваў пыл з мяккай спінкі чорнага крэсла.

Ціха загуў чыгуначны транспарт, затрашчалі токапрыёмнікі ад бадзёрага дотыку да кантактнага провада. Загарэлася табло ў вагонах з надпісам: «Гомель – Мінск». Павольна, як вусень, наперад заварушыліся вагоны. Спачатку, Мікалай не спяшаўся да мэты, але крыху пачакаўшы, дадаў хуткасці транспарту, жадаючы хутчэй пакінуць горад. Але так, як шкла не было ні на адным з вокнаў, прахалоднае паветра ўрывалася і прасочвалася скрозь адкрытыя месцы, высока паднімаўся пыл, не дазваляючы камфортна глядзець па баках. Тады хлопец запаволіў ход электрычкі і дастаў з свайго заплечніка пару ахоўных акуляраў. Ён падзяліўся з Палінай, загадаў іх хутка надзець.

Транспарт каціўся па горадзе, які быў падобны да горада ў час вайны. Лета нібыта было толькі на календары, а не на вуліцах. Шэра-чорныя будынкі прабягалі каля іх, яркія фарбы страцілі сваю прывабнасць, увесь змрочны выгляд наводзіў сум, а ў душы не сціхала нуда па мінулым жыцці. За вокнамі ўсё згасала. Праязджаючы пад аслабелым мастом і гледзячы на кінуты горад, Паліне здавалася, што дастаткова яшчэ пару тыдняў і Гомель зусім знікне. Застануцца толькі горы пяску, попелу і пылу. Ну а пакуль, дзе-нідзе гулялі маленькія тарнада. Лёталі птушкі над дрэвамі, садзіліся на галінкі, аббівалі пыл, надавалі сапраўдную зялёную афарбоўку лістоце – змагаліся і прыстасоўваліся да новых рэальнасцяў.

Паліна адцягнулася ад дарогі, глядзела ў бок на невялікую колькасць чорных птушак і быццам казала ім: «Адлятайце, адлятайце ў іншыя краі!» Яна як бы клікала іх з сабой. З цяжкай душой, думала аб тым, каб яе родныя былі зараз з ёй. І адразу, справа, нібы зусім побач, Паліна пачула гучны крык крумкача і здрыганулася. Яна павярнула галаву на Мікалая. Але замест яго яна ўбачыла істоту, якая стаяла ў ірваным адзенні хлопца. Плячыстае цела вяло машыну па рэйках і глядзела наперад. А калі павярнула галаву на дзяўчыну, паказала ёй свой пачварны бела-блакітны твар. Паліна спалохана задрыжала на месцы, затым зрабіла маленькі хуткі крок назад, жадаючы прыціснуцца да сценкі, але замест рэчаіснасці, яна ўпала ў чорную прорву. Ляцела ўніз у цемру, як апалы чырвона-жоўты кляновы ліст. Перад яе вачыма куляй праляталі каляровыя фрагменты. У наступную хвіліну пачуўся самотны пранізлівы крык чорнага крумкача, і дзяўчына мякка ўпала на чыгунку. Яна не адчувала болю, толькі страх і паніку. На бетонных шпалах ляжала дзіцячая цацка яе дачкі: белае медзведзяня з чорным носікам і чорнымі кропкамі вачэй. Паліна падабрала мяккую цацку і ўстала на ногі. Падняўшы галаву наперад, перад ёй з’явілася знаёмая электрычка, тая самая, якой кіраваў Мікалай. Састаў нёсся на яе з вялікай хуткасцю. Паліна вельмі выразна ўбачыла ў кабіне Мікалая, а побач з ім сваю трохгадовую дачку Марыю, якая стаяла на мяккім крэсле машыніста. Пасля чаго, за адзін момант, электрычка ўрэзалася ў Паліну і дзяўчына птушкай закружыла над зямлёй. Яна з вышыні назірала, як пасля сустрэчы з ёй, вагоны пачалі з’язджаць з рэек, нібы чыгуначны састаў урэзаўся ў тоўстую, магутную сцяну і разляцеўся па баках. Пасля чаго падняўся чорны дым над усёй аварыйнай часткай чыгункі, ён сабой схаваў катастрофу, а з дыму ўзляцелі чырвоныя істоты, якія шалёна, накінуліся на Паліну. Яна тут жа вярнулася ў рэальнасць.

– Марыя?! – усклікнула Паліна.

Дзяўчына стаяла ўнутры кабіны, прыціснулася спіной да сцяны. Мікола павярнуўся да яе і гучна прамовіў:

– Што? Паліна?! Што ты сказала?

Шум сустрэчнага ветру і схаваныя пад чорны капюшон вушы, не давалі ясна пачуць дзяўчыну.

Паліна маўчала. Нібы словы хлопца не даходзілі да яе. Цяжкі стан не дазваляў засяродзіцца на чымсьці, акрамя разваг другога відзежу. Яе страшна палохала думка, што яна з’язджае з глузду. А што калі не? Што тады з гэтым рабіць? Паліна была тым чалавекам, які мог хутка разгледзець усе варыянты любой сітуацыі і разлічыць іх вынік. Усё вялося да таго, што ў выніку яе складанага становішча, Мікалай зноў навядзе на яе пісталет. І хто ведае, можа на гэты раз ён націсне на курок. Бо хлопец быў траўмаваны сустрэчай з Уладзімірам. Ён вельмі баяўся сустрэць чалавека, якога кранала істота. Але ўсё ж, адзін варыянт быў у Паліны, не самы просты, але ўсё ж рабочы – трэба было прыкідвацца, што ніякіх відзежаў не было, паводзіць сябе натуральна і не загаварыць аб гэтай праблеме.

На страницу:
4 из 5