bannerbanner
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
2 из 3

– А хто гэта да дзядзькі Пятра прыходзіў? – пытаюся я, згадаўшы бацькавы словы. – Старэйшага матчынага брата таксама пахавалі перад вайной: патануў у возеры.

– Хто прыходзіў… – маці чарговым разам ўздыхае, – савецкая ўлада прыходзіла. Ды ён жывым ня даўся: зарэзаўся нажніцамі.

– Як зарэзаўся? Ты ж казала – патануў.

Маці моўчкі лашчыць мяне па галаве.

– А што ён такога зрабіў? Ну, вершы пісаў…

– Таму і прышлі, што пісаў… ды яшчэ па-беларуску, – маці падхопліваецца на ногі, – у мяне ж на пліце ліпавы адвар выкіпае!

Вось яно як… летась мы зь Мішкам урокі белмовы зрывалі, а мой дзядзька, аказваецца, праз тую мову загінуў. Гэта што такое трэба напісаць, каб тыцнуць у сэрца нажніцамі?

Я ляжу з заплюшчанымі вачамі і з адчуваньнем, што лепшы сябар Мішка зьнянацку аддаліўся, счужанеў і што нейкая глыбокая, напоўненая іржавай вадой мяжа аддзяліла мяне ад усяго мінулага жыцьця. У тым мінулым бесклапотным жыцьці засталіся Мішка Дасюлін, савецкая ўлада, кастрычніцкія транспаранты, Тэлесфор Данатавіч Дунчонак, наша клясная, Надзея Мікітаўна Ёнас, і ўсе астатнія настаўнікі… Хаця не, ня ўсе… Пятровіч! Вось хто мог бы стаць дырэктарам школы! Той бы ніколі не ганяў за даўгія валасы. Але ж хто яго паставіць?… Штосьці каротка рыпнула, і мне падалося, што гэта, зманліва і таямніча, адчынілася брама будучыні. Але насамрэч гэта маці, выходзячы з кухні, скрыпнула дзьвярыма.

– На, выпі, – матчына далонь падбіваецца пад патыліцу, я глытаю цеплаваты адвар і ён ценькім цурком ліецца ў вушы. – Ліпа зь мёдам… адразу палягчэе.

Заўтра Галуза з Шутовічам зноў узьлезуць на пажарную лесьвіцу. Калі не заўтра дык пасьлязаўтра Бздунчонак іх перахопіць. Пагоніць, відаць, са школы. А калі яшчэ вахцёрка памрэ… Я страсянаю галавой, адганяючы страшную думку… Да вакацыяў засталося два дні. Магчыма, дзерык і не злапае чувакоў; пасьля вакацыяў люк зачыняць на замок і пра Мішкаву вандроўку ўсе забудуцца – з гэтай шчаснай думкай камнем панурваюся ў вір трывожнага сну; і вось ужо бачу школьны дворык і чую тужлівы гуд машыны… па гуку пазнаю разьдзяўбаны Газ-51, на якім дзесяціклясьнікі вывучаюць аўтасправу, і які штодня езьдзіць па школьным двары… мутны чад засьціць вочы і немагчыма ўгледзець – хто гэта там едзе ў кодабу машыны… выціраю вочы далонямі і пазнаю Бздунчонка… «газон» павольна едзе па двары… я сыходжу ўбок, каб даць яму дарогу і ў гэтае імгненьне дзерык стукае кулаком па кабінцы і, выставіўшы руку, гарлае: – Вунь яны!.. толькі цяпер заўважаю Галузу з Шутовічам, якія ўзьбіраюцца па пажарнай лесьвіцы… нечакана Галуза, што ўздымаецца першым, зрываецца, ляціць долу… я спалохана ачомваюся і грудзіну кранае прыкры холад… Пануе ціша, ад якой закладае вушы і кружыцца галава. У мяне такое адчуваньне, што я лячу на арэлях.

– Ма!

– Што, дзетухта! – маці, у сваёй падзёртай начной кашулі, падбягае да канапы, мацае маю вільготную чупрыну. – Увесь жа ж мокры… зараз цябе пераапрану.

– Ну, як ён там? – пытаецца праз якую хвіліну бацька са спальні.

– Сьпі ты ўжо… – маці сьцягвае зь мяне мокрую майку, насоўвае сухую, прымушае ўзьняцца з канапы. – Пастой крыху, бялізну памяняю.

Я стаю, не адчуваючы пад сабою ног, потым падаю на канапу – маці нават не пасьпела заслаць новую прасьціну, – і маё бязважкае цела ляціць ў кірунку цёмнай спаруды з адзіным сьветлым вакном пасярэдзіне. Асьветлены прастакутнік павялічваецца ў памерах і ў душы нараджаецца адчуваньне шчасьця: цётухна-вахцёрка сядзіць, схіліўшы сівую галаву, і ў руках яе цьмяна бліскаюць вязальныя пруткі.

Патрыцый

Данілу Жукоўскаму

Сумным восеньскім днём празаік Аскольд Марцэвіч сядзеў за кампутарам і пісаў чарговы аповед. Сівенькае, алавянай водцені паўсьвятло цадзілася ў вокны, наганяла дрымоту, крывіла абамлелым позехам пісьменьніцкі рот і Аскольд, штохвілі зяхаючы, крэкаў ды паціраў задумліва-маршчыністы лабешнік. І пасьля кожнага такога позеху кот Патрыцый, які спаў спаў за кампутарам, варушыў вухам і ціхенька вякаў.

Аскольду не пісалася: захрас на самым адказным эпізодзе, і ўваччу ўжо другі дзень запар брыніў напісаны заўчарашнім вечарам дыялёг.

– Ты мяне гоніш? – Андрэй споўз з канапы, укленчыў перад Наташай, крануўся вуснамі дзявочага калена.

– Не, толькі ня гэта! – Наташа прыхапілася, таропка абцягнула спадніцу.

– Наташа, я магу разьвітацца з жыцьцём, але не з надзеяй… надзеяй бачыць цябе побач…

– Андрэй, ня трэба… – дзяўчына ўспыхнула, мелькам зірнула на гадзіньнік.

– Ты кагосьці чакаеш? – Андрэй цяжка, як прыціснуты цяжарам Атлянт, падняўся на ногі.

– Я чакаю Аблонскага…

Далей пісаніна ня йшла. Герой аповесьці разьвітваўся з сваёй каханай, мусіў сказаць нейкія шчымлівыя словы, але словы тыя не нараджаліся. Паволі санлівасьць зьбегла з вачэй і пісьменьнік усё з большым раздражненьнем і злосьцю глядзеў на экран. І вось, нарэшце, чхнуўшы, як мае быць, Аскольд прасьвятлеў з твару, пальцы заляпалі па клявіятуры і на экране зьявіліся наступныя радкі:

– Наташа, з Аблонскім ты загінеш, а разам з табою загіну і я! Мне не перажыць… чуеш? не перажыць нашага расстаньня…

Хвіліну пісьменьнік мыліў вуснамі, вывучаў напісанае, потым мацюкнуўся, рашуча сьцёр – і гэтыя радкі, і палову раней напісанага дыялёгу, – і, з інтанацыяй лёгкай істэрыкі, прашаптаў:

– Патрэбныя нестандартныя хады.

Пад бокам, блытаючы думкі, зазваніў тэлефон.

Аскольд чакаў званка з Саюзу пісьменьнікаў – там абяцалі творчую камандзіроўку ў Кіргізію, – таму, падхапіўшы слухаўку, ён гукнуў імя эспэшнай начальніцы, але слухаўка азвалася голасам хаця і жаночым, але сіплаватым і незнаёмым.

– Гэта я ў васямнаццатую кватэру патрапіла?

– Ну, – Аскольд тузануў валасы на грудзіне.

– У вас, я чула, кот жыве… Якой ён пароды? Блакітная шыншыла?

– Ну, – гукнуў Аскольд, губляючы цярпеньне.

Слухаўка зьлёгку загула, насьпела працяглая паўза і жанчына на другім канцы дроту гульліва пралепятала: – А ці не пазнаёміць нам нашых кісуняў?

Ня цямячы – пра што гаворка, Аскольд перакрывіўся, загаварыў рашуча і непрыязна.

– Я ўвогуле працую, у часе абмежаваны, так што… калі ласка… без эківокаў.

– Ну што тут незразумелага: я шукаю жаніха для сваёй дзяўчынкі…

– Якой дзяўчынкі? – улякнута перапытаў Аскольд.

– Мальвіны… кошычкі маёй. Яны ж з вашым катом адной пароды…

– О-о-о! – вырвалася, нарэшце, з Аскольдавай грудзіны, – вам страшэнна пашанцавала! Патрыцый, як увойдзе ў смак, можа задаволіць ня толькі Мальвіну, але й яе гаспадыню! – Аскольд крутнуўся на ўслоне, на другім канцы дроту пакрыўджана хмыкнулі, памаўчалі дзеля прыліку, і занадта сур’ёзным голасам паведамілі: – Мы на пятым паверсе жывем, у трыццатай кватэры.

Званок прагучаў як ніколі дарэчы. На мінулым тыдні Аскольдава жонка паехала адпачыць да бацькоў; грошы, што пакінула, былі ў першы ж дзень прапітыя, і цяпер галодны Патрыцый не даваў спакою – блукаў па кватэры і здушана вякаў. У лядоўні, праўда, ляжала пакарабачаная путасіна, але ж яе трэбы было расьцягнуць на тры дні і, паводле графіка, рыбінага хваста кот мусіў атрымаць толькі адвячоркам.


Адчыніла яму бялявая саракоўка зь вялікімі грудзямі і даволі зграбнай паставай.

– Вось вам, шаноўная… кавалер, – Аскольд выпусьціў ката і той адразу ж сігануў у кухню. – Вы яму што-небудзь дайце, а то я кагадзе з камандзіроўкі, не пасьпеў накарміць, – мовіў госьць і тут жа пачуў прагнае храбусьценьне.

– За гэта не хвалюйцеся, я яму поўны сподак «кацікету» насыпала. Вы, дарэчы, што даяце – сухі корм, ці кансэрвы?

– Патрыцый аддае перавагу рыбным кансэрвам, – з годнасьцю адказаў Аскольд і, падвысіўшы голас, крыкнуў свайму гадунцу: – Глядзі там, працуй з поўнай аддачай, як запавядаў вялікі Ленін!

– Дзіўнае імя, – выдыхнула гаспадыня, лёгкай усьмешкай ацаніўшы Аскольдавы жарцік, – упершыню такое чую.

– Мужчыны на Беларусі ўсе скрозь плебеі, няхай хоць кот будзе патрыцыям.

Саракоўка глянула на госьця зь вясёлым захапленьнем, чакала, відаць, камплімэнту на свой адрас, але Аскольд рашуча павярнуўся і выбег з кватэры.

Сеўшы пры кампутары, ён цэлую гадзіну глядзеў на экран, тузаў валаскі на грудзіне, нарэшце сабраўся з думкамі і крануўся клявішаў.

– Наташа, гэта жорстка! Тым часам, калі мяне змагла хвароба каханьня, калі я не валодаю сабой і шукаю сьмерці, ты кажаш мне пра Аблонскага…

Аскольд прачытаў напісанае, здушана выдыхнуў: – Фу, бля… – і сьціснуў скроні. Творчыя пакуты дарэшты выматалі душу. Глыбокім пісьменьніцкім нутром ён адчуваў: патрэбныя новыя сюжэтныя хады, нечаканая павароты. Замест усяго гэтага у сьвядомасьці гучала мілоснае бляяньне, на экран лезьлі дакучлівыя дыялёгі, і калі б раптам у пакоі зьявіўся той самы Андрэй, герой аповеду, ён бы яго, не міргнуўшы вокам, пазбавіў жыцьця. І акурат у той міг, калі творца згадаў пра капусны сякач, які вісеў на кухні і якім было зручна цюкнуць лірычнага героя па галаве, пакой напоўніўся нецярплівым тэлефонным зумканьнем.

– Паслухайце, гэта нейкі жах! Ён мне на ложак насцаў… – у слухаўцы ўсхліпнулі, і Аскольд, зразумеўшы, хто тэлефануе, знэрвавана заўважыў: – Пазначае тэрыторыю.

– Ён жа нічога ня можа… імпатэнт… адно разьдзёр Мальвіначцы вуха… – на другім баку дроту замітусіліся, крыкнулі: – Зьлезь зь цюлю! – і Аскольд кінуў слухаўку…

Дзьверы трыццатай кватэры былі прачыненыя. Празаік пераступіў парог і ўбачыў жаночы азадак: гаспадыня кватэры стаяла вокрач і, ціснучы вуха да падлогі, шоргала пад канапай насадкай адпыльніка.

– Брысь, брысь, паскуда!

Празаік таксама плюхнуўся на калені, а ягоны гадунец, шкрабануўшы кіпцюрамі па дыване, узьбіўся на шафу.

– І навошта мне быў гэты кот?! Усю кватэру спаскудзіў, а чаго трэба не зрабіў, – жаночы голас дрыжэў і зрываўся.

– Парода такая: ён блакітны, яна блакітная… – пажартаваў Аскольд і, угледзеўшы ката, пагрозьліва крыкнуў: – Злазь долу!

Гаспадыня такога жарту як і ня чула: – І што за кацера такая? Кошку задаволіць – і то ня можа, – жанчына узьлезла на канапу, хацела схапіць ката за шкірку, але той махнуў лапай й на шляхетным жаночым носе стаў набіраць чырвані кручкаваты пісяг.

– Паця, цябе што, вучыць трэба? – душа пісьменьніцкая, аж па край, напоўнілася безразважнай весялосьцю. – Глядзі і вучыся! – Аскольд абхапіў гаспадыню за шырокія клубы, апусьціў на падлогу.

Гаспадыня адхінулася, уперлася локцем у ягоную грудзіну: – Вы што, ашалелі?! Я зараз паклічу суседку!

– Вы аматарка групавухі? – зноўку пажартаваў Аскольд і прагнай пяцярнёй сьлізгануў па дрыготкім, як тая квашаніна, азадку.

Імгненьне гаспадыня яшчэ супраціўлялася, ухілялася ад пацалункаў, а потым зморана апусьціла рукі і яны кулём паляцелі на канапу. Сьледам за імі на канапу скочыў Патрыцый. Аскольд скінуў яго нецярплівай нагой і, выцягваючы з-пад станіка важкія грудзі, пачуў гарачы шэпт: – Пойдзем пад душ.


Празь дзьве гадзіны, з катом пад пахай, празаік пераступіў парог сваёй кватэры і зірнуў у люстра, што вісела ў пярэдняй. Чырванаватая, пазначаная адбіткамі трох зубоў, плямка на шыі зьлёгку шчымела і вярэдзіла душу: жонка магла ў любую хвіліну вярнуцца і пацікавіцца – хто яго пакусаў? Аскольд памацаў пляміну, рассунуў шырокія плечы і, з пачуцьцём глыбокага задавальненьня, адрыгнуў кіслай капустай. І ў той жа міг вочы пісьменьніцкія пасур’ёзьнелі, зірнулі ў залюстэркавую далячынь, і Аскольд – сьцярожка, на цырлах, – пайшоў да кампутара. Ён прысеў на край услона, ускудлаціў вільготную чупрыну, зь нечуваным натхненьнем закалаціў пальцамі па клявіятуры.

– Ты папраўдзе чакаеш Аблонскага? Гэтага прышчаватага ананіста?

Андрэй схапіў Наташу за клубы, кінуў на канапу.

У гэтым месцы празаік захоплена пацёр далоні.

– Вы што, звар’яцелі?! – пралепятала дзяўчына, – я зараз паклічу маму!

– Маму я трахну іншым разам, – з гэтымі словамі Андрэй задзёр Наташы спадніцу, ірвануў долу трусікі, ускінуў на плечы дзявочыя ногі, якія галавакружна пахлі горнай лявандай…

Аскольд працаваў як апантаны, да самай ночы, і перапыніўся толькі на хвіліну, калі Патрыцый, з лагодным варкатаньнем, пацёрся аб лытку. Іншым разам ён бы адкінуў ката, каб не замінаў творчаму натхненьню, але тут рушыў на кухню, выцягнуў зь лядоўні пакарабачаную путасіну.

– Еш, заслужыў, – прамовіў пісьменьнік і пабег дапісваць аповед.

Зямля мая вечная

… Мне подарила земля моя вечная,Самая добрая и человечная.(Песьня брэжнеўскай пары)

Пагодным ліпеньскім ранкам – тою парою, калі азярышчанскія вуліцы былі яшчэ пустэльнымі, а неба ружова туманілася, – да будынку раённага Дома культуры падкаціла запыленая «Кубань».

– Ну што, Нінэль Іванаўна… паехалі? – гукнуў кучаравы вадзіла, адчыніўшы дзьверцы, і тая, да каго ён зьвяртаўся, заклапочана паглядзела на бокі.

Нінэль Іванаўна, маладая, зьлёгку сухаватая жанчына ў сінім гарнітурчыку, стаяла на эрдэкоўскім ганку і, мяркуючы па ўсім, некага чакала.

– Бузілы няма. Сто разоў казала: а сёмай, ля Дома культуры… І вось… паўгадзіны тут гуляю, – парывіста ўздыхнула Нінэль Іванаўна.

– Дык мо пад’едзем пад яго? Тут недалёка, – кіроўца, зламаўшы пару запалак, прыпаліў папяросіну, запытальна кіўнуў жанчыне, і Нінэль Іванаўна, узьняўшыся на дыбачкі і азірнуўшы навакольле, ускочыла ў аўтобус.

Скаланаючы ранішнюю цішу змораным гудам, «Кубань» праехалася ў канец Чырвонаармейскай вуліцы, павярнула ў завулак і спынілася ля хаты загадчыцы раённага таварыства «Веды» Ксеніі Каралюк.

– Зірну, дзе ён там, – мовіў кіроўца, адчыніўшы дзьверцы, а Нінэль Іванаўна, прыціснуўшыся скроньню да халоднага шкла, разам з уздыхам прашаптала: – Ну дамаўляліся ж… і як так можна?


Пра тое, што Ксенія Каралюк пабралася з опэрным сьпеваком, Рэмам Ісаевічам Бузілам, азярышчанцы даведаліся на майскія сьвяты. Тады ў Доме культуры ладзілі гулянку, і Ксенчын абраньнік, добра падпіўшы, прасьпяваў – без усялякага музычнага суправаджэньня – эпіталаму з опэры Рубінштэйна «Нэрон». Прасьпяваў проста так, дзеля сьмеху, але ўсе, хто быў у зале, адразу прыцішыліся, уражаныя магутным басам. Больш ад астатніх уразілася Нінэль Іванаўна. Дырэктарка Дому культуры была выхавана на клясычнай музыцы, горача любіла Рахманінава, а таму адразу ж падляцела да сьпевака.

«Калі б вы ведалі, як прыемна пачуць тут, у богам забытым Азярышчы, клясычны basso cantante», – паведаміла Нінэль Іванаўна, не даючы рады ўтаймаваць душэўнае хваляваньне. Уладальнік клясычнага басу кіўнуў на знак падзякі, прапанаваў выпіць зь ім на брудэршафт, але тут жа быў узяты жонкай пад руку і адведзены ад стала.

Праз пару дзён яны сустрэліся на вуліцы.

«Вы нават не ўяўляеце – як я рада вас бачыць», – яшчэ здаля выгукнула Нінэль Іванаўна, перабягаючы дарогу, а калі сьпявак, азірнуўшыся, прыклаўся вуснамі да яе рукі, здрыганулася ад захапленьня.

Размова у іх, аднак, не заладзілася. «Ну, сьпяваў калісьці… у Казанскай опэры», – выдыхнуў, з сарамлівай гіморай на вуснах, опэрны расстрыга. «Скажыце, Рэм Ісаевіч, а якая была ваша апошняя партыя?» – не сунімалася загадчыца Дома культуры, і сьпявак, згадаўшы Міракля з «Казак Гофмана», усё з той жа сарамлівай гіморай папрасіў пазычыць яму тры рублі…


Дзьверцы ціха бразнулі і Нінэль Іванаўна, разганяючы дрымоту, правяла рукой па твары.

– Спаў, – каротка заўважыў вадзіла. Прыпаліўшы прыгаслую папяросіну, хлопец імклівым рухам працёр анучкай запацелае шкло. – Учора ўзяў лішку, цяпер устаць ня можа, – хлопец зацягнуўся папяросай і разам з дымам выдыхнуў: – Ксеня лаецца. Ня сёньня, дык заўтра пагоніць небараку.

Нінэль Іванаўна заклапочана паглядзела ў акно.

Зь весьніц Ксенчынага двара паважнай хадою выйшаў белы певень. Агледзеўшы круглявым вокам запыленую «Кубань», ён выцягнуў шыю, зьбіраючыся засьпяваць, ды тут у хлеўчуку, што стаяў ля хаты, залапаталі крылы, пачулася кудахтаньне, і певень, страсянуўшы віслым грэбнем, стаў тураваць чубатцы. «Куд-куд-куд-куда-а! Куда!» – загарлалі певень з курыцай, прычым гэтае самае «Куда-а!» гучала ў разнабой і Нінэль Іванаўна з прафэсійным дакорам хітнула галавою.

Кудахтаньне спарадзіла ў душы неспакой; неспакой – трапяткі і халодны – паблукаў пад дыхніцай, засяродзіўся ў грудзіне і неўзабаве вырваўся адтуль парывістым уздыхам. Нінэль Іванаўна тарганула пальцам, паказваючы вадзілу, каб той пасыгналіў, і навакольле пакрыў натужлівы зык. Ксенчын певень пры гэтым пакінуў кудахтаць, а калі аўтамабільная гудзёлка аціхла, махнуў крыламі і нема галёкнуў.

– Во ў каго галасіна, – кіроўца апусьціў шкло і жартам гукнуў пеўню: – Давай, Пятро, з намі… на конкурс мастацкай самадзейнасьці. А то там усе безгалосыя…

Певень у адказ натапырыўся, а з Ксенчынага падворку пачуўся сіплавата-непракерханы голас Рэма Ісаевіча:

– Безгалосыя, ды ня ўсе…

Ужо ля весьніц сьпявак адкерхаўся, аксамітным барытонам засьпяваў:

Мне грустно и легко-о;Печаль моя светла-а;Печаль моя полна тобою-у-у…[1]

Залазячы з аўтобус, Рэм Ісаевіч падміргнуў вадзіле – маўляў, цяжка, браце, без апахмелу, – а плюхнуўшыся на сядзеньне, дыхнуў гарэлачным перагарам і, ужо зьвяртаючыся да Нінэлі Іванаўны, загаварыў, паціраючы рукі:

– Не, што не кажыце, а Рымскі-Корсакаў – арыстакрат духу. Заўсёды стрыманы, і сумуе зусім ня так, як Рахманінаў, – было бачна, што Рэм Ісаевіч яшчэ дарэшты не працьверазеў.

Нінэль Іванаўна паглядзела на вадзілу і той, крутнуўшы ключ запальваньня, сьмяшлівымі вачыма прамовіў: «Нічога, дарогаю працьверазее».


Новы, пяты па ліку, Ксенчын муж быў запойным п’яніцам. Праўда, сама Ксеня гэты факт як магла прыхоўвала, і калі хто зь сябровак з усьмешкаю пытаўся: – А чаго гэта твайго Рэма ня бачна? – з бабскай экзальтацыяй, расьцягваючы зыкі, гукала: – Хворы ё-о-он… Пры гэтым усім было вядома: Рэм сьпіць на гарышчы жончынай хаты ў абдымку з бутлем самаробнага віна. Ксенчын дзед быў вядомым на ўсю акругу мічурынцам; пакінуў па сабе вялікі сад, пчальнік і мэханічную сокавыціскалку, і ўнучка штовосень ставіла на гарышчы па дваццаць бутляў самаробнай «дамагі».

Калі ж, прыкладна раз на тыдзень, сьпявак выходзіў на прагулянку, дык абавязкова прасіў каго-небудзь пазычыць яму тры рублі й потым да самага закрыцьця сядзеў у азярышчанскім рэстаране – піў каву з каньяком, чапляўся да афіцыянтак, а часам, па просьбе наведнікаў, выконваў у суправаджэньні рэстараннага ВІА папулярныя расейскія рамансы.

Даўгі потым вяртала жонка. Пры гэтым Ксенія чырванела і, панурыўшы вочы, кожнага разу казала: «Ён у мяне такі няўважлівы, такі няўважлівы… Пакіну грошы на стале, а ён не заўважыць – у людзей пазычае». Ну і, вядома, надта раўнавала мужа да навакольных кабецін. Дый было з чаго. Рэм Ісаевіч сваімі далікатнымі манерамі й размовамі аб высокім мастацтве дарэшты зачараваў азярышчанак. У той жа Нінэлі Іванаўны заўсёды кружылася галава, калі сьпявак цалаваў ёй руку. Для яе гэта быў чалавек зь іншага сьвету – сьвету, дзе буяюць чалавечыя жарсьці, дзе гучыць Рахманінаў, а цёмнае неба асьвятляюць вогнепырскія фэервэркі. Яшчэ здалёк, пабачыўшы Рэма Ісаевіча, Нінэль Іванаўна з гатовасьцю адчыняла сумачку, каб пазычыць артысту трульнік і пры тым ніколі не прасіла Ксенію вярнуць даўгі. Вось і нядаўна, перахапіўшы цупкую паперку, Рэм Ісаевіч прыклаўся да Нінэльчынай рукі, стоеным голасам запытаўся: «Што я магу зрабіць дзеля вас, багіня?» – і Нінэль Іванаўна, уражаная такім камплімэнтам, пралепятала: «3 ліпеня ў вобласьць едзем… на міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці…» – і, ня скончыўшы фразы, узьняла на сьпевака дапытлівыя вочы.

Сьпявак з задуменнай павольнасьцю пачухаў няголенае падбародзьдзе. Яму, прафэсійнаму выканаўцу, удзельнічаць у аглядзе мастацкай самадзейнасьці ніяк не выпадала, таму, памаўчаўшы, Рэм Ісаевіч каротка выдыхнуў: «Ксенія…»

Наступным ранкам Нінэль Іванаўна пасьпяшала ў кабінэт загадчыцы раённага таварыства «Веды». Гаспадыня кабінэту сустрэла наведніцу з робленай прыязнасьцю, пачаставала гарбатаю, а пачуўшы пра міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці, раўніва павяла паскубаным брывом. «Ды разам паедзеце… у крамы зазірняце… а я табе за гэта лекцыю арганізую… пра баптыстаў», – з жарсьцю паведаміла Нінэль Іванаўна, і гаспадыня кабінэту, дапіўшы гарбату, здушана прамармытала: «Падумаем».


Аўтобус крутнуўся па азярышчанскіх вуліцах, выехаў на шашу і толькі тады, пад мернае вуркатаньне матору, Нінэль Іванаўна задала пытаньне, якое халадзіла язык:

– А чаму Ксеня не паехала?

– Хворая яна-а, – прасьпяваў, перадражніваючы жонку, Рэм Ісаевіч і недарэчны жарцік гэты вохкай трывогай адбіўся пад Нінэльчыным сэрцам.

Яшчэ ўчора паездка ў вобласьць выглядала трыюмфальнай. Нінэль Іванаўна з асалодаю ўяўляла – як уразіцца журы, пачуўшы клясычны basso cantante, як натхнёна яно будуць біць у ладкі, а потым, насуперак правілам, папросіць азярышчанскага самародка прасьпяваць што-небудзь на bis… І вось цяпер, калі яна сказеліла вочы на самародка, у сьвядомасьці зварухнулася, выпетраўшы на міг ўсе астатнія думкі, страхавітае пытаньне: «А як нап’ецца, ды сарве выступ?» На памяць прыйшоў аповед пра тое, як артыст Бузіла, пад час спэктаклю ў Казанскай опэры, зваліўся, п’яны, у аркестравую яму (пра гэта казалі ў адной жаночай кампаніі), і цела – ад макаўкі да халодных пятак – працялі нэрвовыя дрыжыкі. «Кубань» запаволіла рух, збочыла з шашы на гравійку, і пад нагамі Нінэльчынымі гучна бразнулі бутэлькі. Бутэлечны бразгат, дзякаваць богу, да Бузілавых вушэй не даляцеў: артыст тым часам укідваў у рот прапанаваную вадзілам папяросу. Нінэль Іванаўны нахілілася да сумкі, піхнула між бутэлек насоўку, сьціснула сумку нагамі. Гарэлку яна везла Лёшку Пісарэвічу, зь якім колісь вучылася ў музвучэльні, і які цяпер кіраваў у Гарадку аркестрам народных інструмэнтаў. Свайго аркестру ў Азярышчы не было, таму давялося дамаўляцца наконт акампанэмэнту з гарадчукамі.

«Кубань» ізноў страсянула; вадзіла, імпэтна круцячы руль, выгукнуў: – Йоп! – і, абмінуўшы калдабан, зь вясёлым дакорам зазначыў: – Пяюх і на шашы поўна. А мы ў Бычкі плішчымся. Каб не разваліцца па дарозе.

Нінэль Іванаўна ўдыхнула паветра, каб паведаміць, што бычкоўскія дзеўкі – самыя галасістыя ў раёне, ды закашлялася ад едкага пылу, якім – цягам хвіліны – напоўніўся салён. Керхануўшы, яна сплюнула неўпрыкмет густую сьліну, і нерухомымі вачыма стала глядзець на прыдарожныя кусты, што плылі за вокнамі.


У Бычках, на парозе мясцовага клюбу, іх сустракаў людзкі гурт: пяць дзяўчат, пару хлопцаў на матацыклах ды чатыры бабулі з клункамі.

– А дзе Люся? – запыталася Нінэль Іванаўна, калі дзяўчыны, адна за адной, сталі ўбягаць у салён.

– Радоўку адбывае, – гамузам адказалі дзяўчыны, і Нінэль Іванаўна, ня надта зразумеўшы – што там адбывае Люся, чарговым разам уздыхнула.

– Шафёр! Вазьміце да Гарадка! Аўтобуса не было, – загаласілі знадворку бабулі.

Вадзіла махнуў рукой, бабулі сьпехам палезьлі ў аўтобус; шэры гусак, які цягнуў шыю з лазовай кашолкі, вітаў усіх рыпучым крыкам, і Рэм Ісаевіч, які спаў, прытуліўшы голаў да шыбы, няўцямна мацюкнуўся спрасонку.


Дарога пасьля Бычкоў зусім сапсавалася. «Кубань» матляла ўбокі, трэсла на калдобінах, а на адным з паваротаў так страсянула, што сонны артыст пабіў сабе лабаціну, стукнуўшыся аб жалезную білу.

Усе, хто быў у аўтобусе, разам суціхлі – нават гусак пакінуў гергетаць, і Нінэль Іванаўна вырашыла ўзбадзёрыць публіку.

– Ну-ка, дзяўчаты, паўторым рэпэртуар, – Нінэль Іванаўна падняла рукі. – «Радость и беда» – пачынаем з прыпеву…

– «Радам, радам радасть и бида-а; нада, нада чоткий дать атвет…» – грымнулі бычкоўскія пяюхі і Нінэль Іванаўна абурана ляснула ў далоні.

– Дзяўчынкі, колькі можна паўтараць… Ня «радам», а «рядом»… Ну, хорам: ріа-дом…

Бабулі, што сядзелі на заднім сядзеньні, улякнута залыпалі вачамі – падумалі, што гэта іх таксама тычыцца – і разам зь дзяўчынамі выдыхнулі: – Рі-адом.

– Рэм Ісаевіч, дапамагайце, – з адчаем крыкнула Нінэль Іванаўна, убачыўшы, што на Бузілавым лабешніку наліваецца чырваньню вялікі гузак.

– Выпьем, ей-богу, ещё-о… – загарлаў, дзеля прачысткі глоткі, сьпявак, і голас ягоны, упоравень з трасянінай, азваўся перарывістым: – О-о-о-о! Загарлаў Рэм Ісаевіч на ўсю моц сваіх артыстычных лёгкіх, таму вадзіла крутнуў руль ня ў той бок, гусак спалохана крэкнуў, а адна з бабуляў, наваліўшыся на сяброўку, таропка перахрысьцілася.

* * *

За абабітымі дэрматынавым матрасам дзьвярыма, мяркуючы па ўсім, таўклася процьма народу. Дзьверы зь нясьмелым рыпам падаліся і ў пройме паўстала цыбатая, дарэшты заюшаная кабета.

– Што, з Азярышча? – запыталася цыба, пацямнеўшы з твару. – У вас а дзясятай прагон, а вы калі прыехалі?

Нінэль перасмыкнула плячыма, а кабета, працягнуўшы пакамечаны лісток, сьцішана паведаміла: – Ідзіце ў залю. Там зараз шумілінцы рэпэціруюць.

Зьбягаючы па прыступках, Нінэль Іванаўна зазірнула ў лісток. Гэта была праграма міжраённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасьці. «Шумят хлеба». Исп. Р. Бузилло.» – мільганула ўваччу і, разам з уздыхам, з грудзі вырваліся дрогкія словы: – І як там усё будзе?

На страницу:
2 из 3