Полная версия
Вяртанне з апраметнай
«Што памiж iмi здарылася? – назiраючы за Прышчом, не мог зразумець Бусел. – За што Фiлiн пабiў хаўруснiка?»
Прышч вывернуў на галаву вядро вады i, цвыркаючы крывавай слiнай, увайшоў у хату. Адразу да Буславага слыху даляцелi крыкi, лаянка, але прычыну сваркi ён разабраць не мог. Бусел прыгадаў лесвiцу, што стаяла ў невялiкiх сенцах i вяла на гарышча. Рашэнне прыйшло адразу. Ён таропка скiнуў чаравiкi, басанож слiзгануў унiз i, хаваючыся за машынай, прыслухаўся. Гаманiлi цiшэй, чулася лаянка Фiлiна i скавытанне Прышча. Не заўважыўшы нiчога падазронага, Бусел, прыгнуўшыся, джгануў да блiжэйшага кута хаты i прысеў у кустах. Твар, рукi, ногi апякла жыгучка, i толькi Бусел наважыўся перабегчы блiжэй да сенцаў, як раптам гаворка ў хаце сцiхла, i амаль адразу на вулiцу вывалiўся расчырванелы, расхрыстаны Прышч. Капiтан, тулячыся блiжэй да хаты, у самую рослую крапiву, сцiшана назiраў за бандытам.
– Цьфу ты, – мацюкнуўся i харкнуў крывёй злачынец.
Ён зласлiва, нядобра некалькi разоў азiрнуўся на вокны i, мармычучы праклёны, трымаючыся рукой за скiвiцу, паплёўся да студнi. Але на паўдарозе спынiўся i, быццам нешта прыгадаўшы, борздка крутнуўся i праз хвiлiну зноў знiк у хаце. Зласлiвая рашучасць, што кiравала Прышчом, нiчога добрага не прадвяшчала.
Бусел з задавальненнем заўважыў, што дзверы ў хату засталiся адчыненыя, i ён, не раздумваючы, кiнуўся ў сенцы, адтуль па-кашачы нячутна слiзгануў па лесвiцы на гарышча i затаiўся на нейкiх старых, сплеснелых анучах. Спярша капiтан нiчога не чуў, акрамя ўдараў уласнага сэрца, але ў нейкi момант навакольную цiшыню ўзарваў пiсклявы, iстэрычны крык Прышча:
– Паскуда, ты мне выбiў зуб! Ды я цябе за гэта!..
Ён не дагаварыў, пачуўся глухi ўдар, потым яшчэ… Да Буславага слыху данеслiся валтузня i енк, больш падобны да сабачага скуголення.
– Ты засвяцiўся, казёл пляшывы, i яшчэ рот свой паганы разяўляеш! – зласлiва прасiпеў Фiлiн. – Ведаеш, што за гэта бывае?
На нейкi момант у хаце запанавала цiшыня.
– Ну, не ўтрымаўся, – пачуўся ўмольна-плаксiвы голас Прышча, ад ягонай злосцi не засталося i следу. – Але ж справа надзейная, возьмем у два, а то i ў тры разы больш, чым атрымалi за мянта, там, як пiць даць, шмат золата i даляраў.
– Ты Вожыку гаварыў пра заказчыцу?
– Яшчэ чаго, ён адразу галаву адкруцiць.
– Трэба было б, – памякчэў голас Фiлiна.
– Ты не турбуйся, справа надзейная, камар носа не падточыць, – па-свойму зразумеўшы гэтую змену, таропка загаварыў Прышч. – Ды i не засвяцiўся я, наша сустрэча выглядала выпадковай. З могiлак зарулiў да Вожыка, а тут i яна выходзiць. Я адразу ўцямiў, што за птушка, нешта штурханула даведацца, дзе жыве. Цяпер мы адной вяровачкай моцна павязаны, а каля яе i пагрэцца можна. Прасачыў за кабетай да самай хаты, тут i пашэнцiла: ейная дачка, саплячка гадоў дзесяцi, згубiла сабаку.
Прышч нечакана замоўк. Бусел ад нецярплiвасцi заварушыўся i датыкнуўся нагой да нечага шклянога, але, на ягонае шчасце, усё абышлося, Фiлiн i Прышч звону не пачулi. Дзверы ў хату прачынiлiся, i, выходзячы ў сенцы, Фiлiн спытаў:
– Пры чым тут сабака?
– А пры тым, што не знайшлi яны свайго падстрыжанага пад iльва пудзеля, а як толькi знiклi ў пад’ездзе, ён аб’явiўся i, быццам знарок, падбег да маёй машыны. Я падазваў пудзеля, а на ашыйнiку – бляшанка з гравiроўкай адраса i тэлефона. Тут мяне i асянiла, ухапiў сабаку за павадок i завёў у кватэру. I, скажу табе, не кватэра, а музей, трэба «ставiць», пакуль хто iншы гэтага не зрабiў.
Фiлiн з Прышчом выйшлi з хаты, i Бусел больш не чуў iх гаманы, сцiшана ляжаў, асэнсоўваючы пачутае. Праз гадзiну ў сенцы ўвайшоў расчырванелы, злы Прышч i паспешлiва прачыкiльгаў у хату, моцна бразнуўшы дзвярыма. Яшчэ праз паўгадзiны аб’явiўся Фiлiн. Хаўруснiкi адразу селi снедаць i пiць гарэлку. Буслу больш не было патрэбы тут заставацца. Ён пацiху спусцiўся з гарышча, нячутна выйшаў на вулiцу i праз некалькi хвiлiн ужо ляжаў у сваёй бярлозе.
«Значыць, Прышч сустракаўся з жанчынай, заказчыцай майго забойства. Яна была ў Вожыка, пэўна, разлiчвалася з пасрэднiкам. Што яшчэ? Жыве ў шыкоўнай кватэры, i Прышч падбiвае Фiлiна абрабаваць тое жытло… У кабеты ёсць дачка гадоў дзесяцi i сабака пудзель, падстрыжаны пад iльва… Не так i мала я даведаўся, – задаволена ўсмiхнуўся Бусел, – пры жаданнi можна знайсцi кабету i па гэтай iнфармацыi».
На працягу дня злачынцы з’явiлiся на вулiцы два цi тры разы. Пад вечар Прышч зайшоў у хлеў, дзе стаяла машына, залiў у бак бензiну, а дзве поўныя канiстры паставiў у будку. Сюды ж прыцягнуў два вялiкiя рукзакi. Бусел адчуў, што хаўруснiкi збiраюцца ў дарогу, i не памылiўся. Калi добра-такi сцямнела, яны замкнулi хату, селi ў машыну, i праз хвiлiну чырвоныя агеньчыкi габарытаў знiклi ў лясным гушчары.
Бусел не спяшаўся пакiдаць схованку. Ён доўга прыслухоўваўся да рытмiчнага тахкання рухавiка i, калi ўсё сцiхла, не тоячыся, выйшаў з хлява, закурыў. Капiтан вырашыў падстрахавацца i хвiлiн дваццаць iшоў па лясной дарозе, дзе толькi што праехала машына. Усё было цiха. Калi вярнуўся да хаты, зусiм сцямнела. Ключ ад замка, як i дамаўлялiся з Фiлiнам, знайшоў у шчылiне памiж бярвеннямi пад самай страхой. Адразу запалiў газнiчку, падышоў да ложка, з нецярпеннем адкiнуў коўдру, потым сяннiк. На ржавай сетцы ляжала тое, што шукаў – газета. З сярэдзiны вывалiўся фотаздымак. Каля дрэва ў поўны рост стаяў бялёсы шыракатвары мужчына. У цяжкiм позiрку было столькi непрыхаванай тугi i безвыходнасцi, што Буслу стала неяк не па сабе. Гэты фотаздымак таксама хтосьцi пазначыў крыжыкам, а на адваротным баку ўсе чатыры куткi былi надарваныя, з рудымi плямамi, вiдавочна, здымак вырвалi з альбома. Нейкi час капiтану здавалася, што ён ужо некалi сустракаўся з гэтым чалавекам. Ён з хваляваннем, быццам вось-вось разгадае таямнiцу «добраахвотнiка», падышоў блiжэй да стала, пабольшыў кнот у счарнелай газнiчцы, але, як нi ўглядаўся, пазнаць мужчыну не змог. I раптам Бусел злавiў сябе на думцы, што Фiлiн быў правы, калi гаварыў, што яны з Гнiлым падобныя. На самай справе так i было, мо адсюль i гэтае незразумелае хваляванне?
На першай старонцы мiлiцэйскай газеты ў чорнай рамцы ўбачыў сябе ў параднай форме. Калi прачытаў некралог, мiжвольная ўсмешка кранула вусны: «Вось, аказваецца, якi быў я! Але чаму быў – ёсць! Смелы, зычлiвы i чулы, лепшы сышчык горада… Мяне чакала блiскучая будучыня!.. Ну што ж, паглядзiм!..»
На палях газеты Фiлiн развiтваўся з iм, паведамляў, што на фотаздымку Гнiлы, i, быццам мiж iншым, пазначыў, што ў вядомай яму схованцы пакiнуў ключы ад ягонай мiнскай кватэры, якiя забраў у Прышча, i грошы. Наконт грошай была прыпiска, што, калi ён iх цураецца, – можа не браць…
– Не, цяпер, калi я для ўсiх нябожчык, калi ў кiшэнi i капейка не звiнела, я грошы вазьму, – услых прагаварыў Бусел і сцiшана дадаў: – У доўг…
2
Праз два тыднi, апоўднi на чыгуначным вакзале ў горадзе Рызе з цягнiка сышоў маладжавы мужчына гадоў трыццацi пяцi – сарака. Высокi, шырокi ў плячах, апрануты ў джынсавы гарнiтур, ён быў падобны на спартсмена, але даўгаватыя бялёсыя валасы, рыжаватая з сiвiзной бародка i асаблiва рукзак за плячыма рабiлi яго больш падобным на вандроўнiка цi геолага, якi вяртаецца з чарговай экспедыцыi. Чалавек лёгкай, пружынiстай хадою прайшоўся па пероне i накiраваўся да стаянкi таксi. Праз некалькi хвiлiн машына неслася па рыжскiх вулiцах, а геолаг-вандроўнiк уважлiва разглядаў горад i некаму, вядомаму толькi яму аднаму, усмiхаўся. Машына спынiлася каля дванаццацiпавярховага гмаха, i барадаты, разлiчыўшыся з шафёрам, рашуча ўвайшоў у пад’езд, падняўся на лiфце на сёмы паверх, падышоў да дзвярэй кватэры нумар трыста, скiнуў з пляча рукзак i раз-другi нацiснуў на званок. Прыслухаўся. Не пачуўшы ў кватэры анiякага руху, чалавек вiдавочна захваляваўся i нервова нацiснуў на кнопку званка некалькi разоў запар. Нарэшце за дзвярыма пачулiся крокi, шамаценне, прыглушаны кашаль. Барадаты з палёгкай уздыхнуў, нецярплiва перакiнуў з рукi ў руку рукзак, далонню прыгладзiў белабрысую чупрыну. Дзверы прачынiлiся, i паўнаваты мужчына з капой нячэсаных чорных валасоў, гэткага ж росту, як i барадаты, апрануты ў спартыўныя штаны i белую майку, санлiва пазяхнуў i, слепавата прыплюшчыўшы вочы, утаропiўся ў няпрошанага госця.
– Вам каго?
– Петэрс, гэта я… – усмiхаючыся, прагаварыў барадаты i зрабiў крок насустрач.
У таго, каго чалавек з рукзаком назваў Петэрсам, санлiвасць як рукой зняло, вочы акруглiлiся ў нямым здзiўленнi, нiжняя скiвiца адвiсла.
– Э-э-э, – вылецеў з горла здзiўленага Петэрса гартанны гук, гаспадар кватэры пачаў адступаць усярэдзiну калiдора.
– Ды я гэта, Андрэй Бусел! – ускрыкнуў барадаты i пасунуўся ўслед. – Датыкнiся, калi сумняваешся.
– Жы-вы?! – Петэрс на хвiлiну апусцiўся на табурэтку каля невялiчкага шкапчыка з тэлефонам, потым сарваўся, кiнуўся да Бусла, аберуч ухапiў за плечы, павярнуў тварам да святла. – I сапраўды, Андрэй! Жы-вы! – здрыгануўся голас Петэрса.
– Ды я гэта, я, – паспешлiва пагадзiўся Бусел i, каб папярэдзiць астатнiя пытаннi, зачыняючы дзверы, таропка дадаў: – Пахавалi не мяне, а iншага чалавека… Доўгая гiсторыя, паслухаеш – не паверыш.
– Яшчэ не веру, – Петэрс гучна, з нейкай iстэрычнай радасцю засмяяўся, ухапiў Бусла за руку i, быццам малое дзiця, павёў чамусьцi на кухню, але праз хвiлiну падскочыў i сiлком пацягнуў у залу, усадзiў на мяккую канапу.
Петэрс мiтусiўся, не знаходзячы сабе месца, не мог паверыць, што перад iм не хто iншы, як Бусел, ягоны сябра i аднакашнiк па мiлiцэйскай акадэмii. Нарэшце гаспадар зразумеў, чаго яму i ўваскрэсламу сябру не хапае. Ён адчынiў шуфляду ў шкапчыку, на якiм стаяў тэлевiзар, выцягнуў бутэльку каньяку, паспешлiва забразгатаў крыштальнымi фужэрамi.
– Без каньяку цяжка разабрацца, не паверу, што не сплю, – не зводзячы прамянiстага позiрку з Бусла, радасна засмяяўся Петэрс. – Вып’ем за цябе, за вяртанне з таго свету, за ўваскрашэнне!..
Бусел падняў паўнютка налiты фужэр, усмiхнуўся.
– Ты так прыгожа ляжаў у труне, увесь у вянках i кветках, пра цябе так добра гаварылi, што я не ўтрымаўся, пусцiў слязу. Праўда, твар быў забiнтаваны, казалi, каб не наганяў жаху на маладых супрацоўнiкаў… Прабач за такiя плоскiя жарты, гэта ад радасцi… Дык за ўваскрашэнне!
Сябры выпiлi, памаўчалi.
– Яно i праўда, – першы загаварыў госць, – я ўваскрэс, толькi не як Бусел.
– Гавары ясней, – зноў напаўняючы фужэры, ускiнуў на сябра здзiўлены позiрк Петэрс.
– Цяпер я – не я, – дастаючы з кiшэнi пашпарт, з адценнем разгубленасцi, нават пагарды, удакладнiў Бусел. – Перад табой уласнай асобай Мiкалай Фёдаравiч Мельнiк, як кажуць, прашу шанаваць i мiлаваць.
Петэрс прамаўчаў. Бусел зразумеў гэтае маўчанне па-свойму i пачаў няспешна, падрабязна расказваць сваю гiсторыю…
Петэрс не зводзiў з сябра ўсхваляваных, прамянiстых вачэй. Ён яшчэ i яшчэ налiваў у фужэры, у нейкiя моманты падскокваў на ногi, сiлiўся пра нешта спытаць, але нi разу не перапынiў сябра, толькi стрымана падтакваў, кiваў галавой, быццам сам быў усяму сведкам.
– I вось я тут, – скончыў Бусел расказ, i нешта падобнае на ўсмешку мiльганула на ягоным засяроджаным твары. – Прабач, што выбраў цябе, але ты сышчык i разумееш, што без дапамогi i надзейнага прыкрыцця я не змагу нiчога зрабiць.
– Ты, Андрэй, зрабiў разумна, што прыехаў да мяне, – напiхваючы пахучым тытунём курыцельную трубку, зазначыў Петэрс. – Па-першае, я забяспечу табе ў Беларусi надзейнае, а галоўнае, афiцыйнае прыкрыццё, а па-другое, у мяне водпуск i тры тыднi буду ў поўным тваiм распараджэннi, сумяшчу прыемнае з карысным. Веранiка з сынам ужо дзесяць дзён у цешчы, у мястэчку Ракаў, што пад Мiнскам, i я туды навастрыў лыжы. Дык нам па дарозе, давязу з шыкам.
Петэрс Зондакс i Андрэй Бусел калiсьцi разам вучылiся ў акадэмii мiлiцыi ў Мiнску. Цяпер Зондакс быў камiсарам палiцыi, узначальваў адзiн са шматлiкiх рыжскiх камiсарыятаў. Менавiта гэтая акалiчнасць у першую чаргу i падштурхнула Бусла прыехаць сюды – Зондакс больш, чым хто, можа дапамагчы.
Нечаканы парыў золкага, халаднаватага ветру моцна штурхануў незачыненую фортку так, што забразгатала шкло, i самаўладна ўварваўся ў пакой, падхапiў блакiтную цюлевую занавеску, што прыкрывала акно, i iмгненна ператварыў яе ў ветразь, сыпануў на твары сяброў калючай вiльгаццю. Петэрс таропка зачынiў фортку, занавеска павольна, быццам незадаволеная тым, што ў яе забралi крылы, вярнулася на сваё месца, i толькi люстра, якую зачапiў Петэрс, яшчэ нейкi час дзынкала растрывожанымi крыштальнымi ледзяшамi.
Сябры заседзелiся дапазна. Спярша абмяркоўвалi падзеi, што адбылiся з Буслам, разважалi, што рабiць далей, потым гаварылi пра жыццё, узгадвалi гады вучобы, сяброў i знаёмых. Леглi спаць далёка за поўнач.
Ранiцай Бусла, якi спаў на канапе ў зале, пабудзiў тэлефонны званок. Бусел, прачнуўшыся, чакаў, калi да тэлефона падыдзе Петэрс. Парывiста-патрабавальны званок раптам сцiх, але праз некалькi хвiлiн зноў ажно зайшоўся нудлiвым пералiвам. Так i не дачакаўшыся гаспадара, Бусел басанож пратэпаў у калiдор, зняў слухаўку.
– Ну ты i любiш надавiць на масу! – адразу пазнаў госць голас Зондакса.
– Не чуў, як ты пайшоў, – здзiвiўся капiтан. – Чаму не пабудзiў?
– Ты так салодка спаў пасля «ляснога санаторыя», – засмяяўся Петэрс i жвава, па-начальнiцку дадаў: – Хвiлiн праз дваццаць выходзь на вулiцу, зоймемся тваiмi, а дакладней, цяпер нашымi справамi… У халадзiльнiку знойдзеш бутэрброды, чай на плiце.
– А кватэра?
– Ключы на кухонным стале.
Слухаўка рэзка запiкала, i Бусел, кладучы яе на месца, незадаволена прабурчаў:
– Распанеў, не можа падняцца на сёмы паверх, я ўсё ж госць…
Хутка Бусел зразумеў, чаму Зондаксу не хацелася заходзiць па яго ў кватэру. Разгадка была ў лiфце, якi не працаваў. Непадалёк ад пад’езда капiтан убачыў Петэрса, якi ўвiшна працiраў шкло ў»жыгулях» жоўтага колеру. Убачыўшы Бусла, Зондакс радасна махнуў рукой i, счакаўшы, пакуль сябра падыдзе, задаволена ўскрыкнуў:
– Буду тваiм асабiстым шафёрам, згода?
– За якую плату? – падтрымаў жарт Бусел.
– Пагодзiмся, – падмiргнуў Петэрс, – толькi май на ўвазе, што я цяпер не толькi шафёр, але i целаахоўнiк.
– Грошы ёсць, мой вайсковы сябрук не паскупiўся, паўгода можна не працаваць, так што будзем трацiць Марозавы грошы.
Па небе неслiся чорныя дажджавыя хмары, няласкавы вецер шкамутаў каржакаватыя, галiнастыя каштаны, iрваў з iх зжаўцелую лiстоту. Хуткацечны, пахмурны восеньскi дзень раскатурхаўся, прачнуўся.
– Надвор’е не песцiць, – завёўшы рухавiк, зябка перасмыкнуў плячыма Петэрс, – хутка лiстапад, а там i матухна-зiма.
– Перазiмуем, – шматзначна ўздыхнуў Бусел i запытальна паглядзеў на Зондакса. – Якiя планы?
– Будзем ствараць легенду, – Петэрс уключыў перадачу i пацiху пачаў вырульваць на дарогу. – Ты павiнен мець рыжскую прапiску, работу i стаяць на вайсковым улiку.
– Мо занадта перастрахоўваемся? Мяне ўсё ж лiчаць нябожчыкам.
– Менавiта таму i трэба ўсё прадугледзець. Ты зачапiў не простых ліхадзеяў i наркаманаў, за плячыма людзей, з якiмi табе давялося сутыкнуцца, – арганiзацыя з наладжанымi сувязямi, з добра пастаўленай аховай, асабiстым унутрыарганiзацыйным «НКУС». Жартачкi строiць яны не будуць i пiсаць скаргi на iмя пракурора таксама. Разбяруцца самi, а як гэта робяць, ты ўжо адчуў на сваёй шкуры. Так што перасцярога не пашкодзiць, з надзейным тылам будзе менш турбот. Раптам, убачыўшы цябе, хто i ўзгадае нябожчыка Бусла, засумняваецца?
– Здаюся, пераканаў, – жартаўлiва ўскiнуў рукi ўгору Бусел.
3
Апошнiм часам Ядзю Купрэйчык па начах мучылi кашмары. Сон заўсёды пачынаўся добра, але ў нейкi момант яе волю, цела паралiзоўваў страх. Яна кожны раз заўчасна адчувала яго прыблiжэнне, ён нейкi час быў побач, цiкаваў за сваёй ахвярай, выбiраў момант, каб знянацку накiнуцца, запаланiць адразу i думкi, i цела. Пачатак заўсёды адзiн: Ядзя спiць i бачыць сябе сярод кветак у полi, маладой i прыгожай, у лёгкай чырвонай сукенцы. Вецер ласкава перабiрае прыгожыя чорныя валасы, здаецца, запрашае танцаваць. На сэрцы робiцца лёгка i радасна, сапраўды хочацца бегчы, кружыцца ў вальсе, хочацца ўзмахнуць рукамi, як крыламi, i паляцець. I Ядзя бяжыць, вольная, вясёлая, i ў нейкi момант адчувае, як гэтая вольнасць шчасцем распiрае грудзi, i ўжо сапраўды рукi ператварылiся ў крылы. Яна, не задумваючыся, узмахвае iмi раз, другi, трэцi i больш не адчувае пад нагамi зямлi. Моцны парыў ветру падхоплiвае i нясе ўвышыню, у сiнi блакiт бясконцага неба, залiтага залатымi сонечнымi промнямi. Ёй добра i ўцешна, мабыць, занадта добра, каб думаць пра нешта iншае. Толькi радасць жыцця, вечнасцi перапаўняе душу i сэрца. Яна птушкай планiруе над лесам, возерам, бачыць, як удалечынi хаваюцца ў аблоках строгiя манументы гор, снежныя вяршынi вабяць, прыцягваюць, i няма ўва ўсiм свеце сiлы, здольнай перасiлiць гэтае шалёнае прыцягненне. А Ядзя i не супрацiўляецца, яна павольна плануе на самую высокую гару, i, калi складае рукi-крылы, каб прызямлiцца, стаць там, дзе яшчэ не ступала нага чалавека, гара раптам знiкае, быццам i не было…
На праклятым месцы чарнее, курыцца злавесным дымам глыбокая бездань. Вецер iмгненна робiцца лютым i халодным, пранiзвае да касцей, круцiць i зацягвае ў чорную халодную пашчу безданi. Ядзя не хоча туды, яна прыгадвае, што можа лётаць, узмахвае рукамi-крыламi i з жахам бачыць, што лёгкiх крылаў больш няма… Пякельны боль працiнае цела, Ядзя iстэрычна крычыць у сваёй бездапаможнасцi, клiча на дапамогу… Але вакол нiводнай жывой душы, толькi чорнае вока безданi глуха i зласлiва рагоча ў адказ, i адразу невядомая сiла крышыць, ламае чалавечае супрацiўленне. Ядзя не ўпарцiцца, бо няма сiлы, разумее, што гэта канец, безвыходнасць паралiзуе. Яна рыхтуецца да найгоршага, пакорлiва складае на грудзях рукi, заплюшчвае вочы i… прачынаецца ад асабiстага крыку…
Ядзя падхапiлася, села ў ложку i некалькi хвiлiн адлучаным, бессэнсоўным позiркам аглядае пакой, быццам упершыню бачыць яго. Пачуццё рэальнасцi вяртаецца павольна, у вачах мiльгае радасны агеньчык – жывая! Ядзя далонню змахвае пот з iлба, па звычцы, не гледзячы, працягнула руку да столiка, на якiм звечара заўсёды пакiдала шклянку апельсiнавага соку. Зрабiла некалькi глыткоў i зноў адкiнулася на падушку, заплюшчыла вочы.
Праз пэўны час сэрца супакоiлася, хваляванне i страх, якiя мучылi ў сне, пачалi саступаць месца спрактыкаванай штодзённай разважлiвасцi. Зноў папiла соку, у думках падзякавала Богу, што ўсё гэта адбылося з ёй у сне, i з сумам падумала: «Гэтыя жахi давядуць да вар’яцтва. Трэба ўсё ж iсцi да дактароў. Толькi цi дапамогуць яны? Вось каб плюнуць на ўсё ды паехаць туды, дзе цябе нiхто не ведае, забыцца на турботы, выкiнуць з галавы гэтых князёў, кузаўковых ды буслоў… Анiякага жыцця не стала, родную дачку начнымi крыкамi перапужала так, што прыйшлося адвезцi ў вёску да бацькоў. Але ж чаму не звонiць будзiльнiк?»
Успамiн пра работу ветрам здзьмуў Ядзю з ложка. Яна мiтуслiва адчынiла шафу i на хвiлiну разгубiлася, не ведаючы, як сёння апрануцца. Жанчына выцягнула некалькi сукенак, выбiраючы, учэпiстым позiркам агледзела iх, кiнула на ложак i ў гэтую хвiлiну раптам узгадала, што сёння нядзеля, выхадны. Нервовай паспешлiвасцi i ранiшняй напругi як i не было, жанчына млява, лянотна пацягнулася, амаль шчаслiва ўсмiхнулася i павесiла сукенкi на месца. Ад адной толькi думкi, што не трэба нiкуды iсцi i цэлы дзень можна займацца хатнiмi справамi, настрой адразу палепшыўся. Нават кашмарны сон здаўся не такiм жудасным, ён сцiшыўся дзесьцi глыбока ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i непрыемным, шчымлiвым халадком нагадваў аб сабе, чакаў свайго часу.
Ядзя накiнула на плечы ружовы халат, падышла да трумо, паспешлiва агледзела сябе ў люстэрку. Яна з непрыхаваным задавальненнем i нават радасцю адзначыла, што i без макiяжу выглядае значна маладзей сваiх трыццацi шасцi гадоў. Вытанчана-прыгожы, без адзiнай зморшчынкi твар з невялiкiм, крыху кiрпатым носам рабiў яе вабнай i непасрэднай. Чорныя, як крыло грака, валасы, нечакана вялiкiя, блакiтныя з зеленаватым адценнем вочы i асаблiва па-дзiцячы капрызныя, пульхныя вусны надавалi ёй крыху наiўны, безабаронна-разгублены выгляд. Праўда, на шыi ўжо з’явiлiся здраднiцкiя зморшчыны, не дапамагаюць нi масаж, нi крэмы, але ж выйсце знайшла, пачала насiць сукенкi з высакаватым каўняром цi чапляць на шыю дарагiя каралi. Ядзя ўсмiхнулася, правяла далонню па шыi, твары, высокiх грудзях, паставiла рукi ў бокi i какетлiва крутнулася ўправа, улева. Задаволеная аглядам, уключыла японскi магнiтафон, што месцiўся тут жа, сярод усялякiх памераў касметычак, i ў добрым, прыўзнятым настроi пайшла на кухню гатаваць сняданак.
Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.
«Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.
– Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!
Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.
– Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.
– Адчынi, гэта я.
Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:
– А я так успалася, што ледзь пачула.
– Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.
Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.
– Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.
– Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.
– Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю i, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску ўсеўся за стол. – Частуй госця, сёння свята, хачу выпiць.
– Кажы, што трэба! – склала на грудзях рукi Ядзя i з выклiкам зiрнула Калеснiку ў вочы. – Ты ж не яечню есцi прыйшоў?
– Частуй каньяком, – робячы выгляд, што не заўважае Ядзiнай злосцi, скалiўся Калеснiк. – Цi ты чакала каго iншага?
– Так, не цябе…
Ядзя не паспела дагаварыць. Калеснiк рыўком ухапiў яе за валасы i балюча тузануў унiз. Жанчына не ўтрымалася на нагах, бразнулася на каленi.
– Не зарывайся, ведай сваё месца, – у твар прасiпеў Калеснiк i правёў вострым вiдэльцам па адной шчацэ, потым па другой. – Можа, крышку папсаваць твой глянец? Не мне – дык нiкому…
Ядзя заплюшчыла вочы, страх працяў цела, бо ведала, што ад гэтага чалавека можна чакаць усяго, ён слоў на вецер не кiдае. Яна заплюшчыла вочы i, стрымлiваючыся, цiха заплакала.
– Не скуголь! – злосна рыкнуў Калеснiк i адштурхнуў Ядзю ад сябе. – Гарэлку давай!
Ядзя таропка падхапiлася на ногi, дастала з шафкi пачатую бутэльку каньяку, паслужлiва, са згаслымi вачыма, налiла ў шклянку, падала Калеснiку i нясмела прагаварыла:
– Ты ж, мабыць, за рулём.
– Не бяда, – рагатнуў Калеснiк i, каўтануўшы каньяк, працягнуў пустую шклянку гаспадынi. – Нох айн маль!
Ядзя зноў налiла i паставiла бутэльку на стол.
– Ты снедай, а я прыбяруся.
– Дзвярэй не зачыняй, – закусваючы, загадаў Калеснiк, – я па справе, трэба пагаварыць.
Ён увайшоў у спальню амаль услед за Ядзяй i адразу абняў за плечы, прытулiўся, балюча сцiснуў грудзi.
– Не трэба, я не магу вось так… – усхлiпнула жанчына, нясцерпны смутак агарнуў душу.
– Затое я магу, – пажадлiва зашаптаў Калеснiк i бесцырымонна пiхнуў Ядзю на ложак…
Пасля яны доўга моўчкi ляжалi. Ядзя была прынiжана, адчувала неўтаймавальную злосць на Калеснiка, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яе турбавала прычына ягонага вiзiту.
– Гэта ўсё цi чаго яшчэ захоча ваша мiласць? – здзеклiва спытала яна.
Калеснiк прыўзняўся i ўважлiва зiрнуў ёй у вочы. Ядзя нiколi не магла вытрымаць гэтага пранізлівага погляду яго чорных вачэй. Яна патупiлася, адкiнула коўдру, хацела ўстаць, але Калеснiк паклаў руку на плячо.
– Сёння ў мяне сустрэча з вельмi патрэбным чалавекам, хачу, каб ты была са мной.
– Сёння не магу, еду да бацькоў, дачка там…
– А я кажу, што ты мне патрэбна! – зласлiва прасiпеў Калеснiк i балюча сцiснуў яе плячо.
– Серж, мне балiць, – умольна ўздыхнула Ядзя.
– Вось бачыш, – Калеснiк нахiлiўся, пацалаваў у шчаку i памякчэлым голасам сумна дадаў: – Ты нагадала iмя, якiм калiсьцi мяне ахрысцiла, значыць, памятаеш i ўсё наша! – ён рэзка падхапiўся, апрануўся i зашпацыраваў па пакоi. – Мне патрэбна не толькi прыгожая жанчына, але i надзейная памочнiца.