Полная версия
Новая Зямля: Куканія
Юргель нацягаў знадворку пурпуровага губкаватага моху на нары, распаліў печ, прыпаліў сьвечы, папаразьвешваў сушыцца адзеньне, а сам выцягнуўся на мяккім моху. Пад патрэскваньне сухіх паленаў навальваліся дрымота і млявасьць, мружыліся вочы.
Калі ён ужо ня мог працівіцца сну, дзьверы расхінуліся і ў хатку ўваліліся пяцёра мурзатых хлопцаў. У руках яны трымалі нажы і сякеры – усе йржавыя і шчарбатыя.
Юргель несхаць прыўзьняўся на локці і пазяхнуў. Ён сам дзівіўся сваёй вытрымцы.
– Хто вы такія і чаму так нахабна турбуеце сон мірнага вандроўцы? Чакаю на вашыя тлумачэньні.
– Мы засячане, і гэтта цябе засячом, – зарагатаў завадатар, сама мурзаты з усіх. Астатнія далучыліся да рогату.
– Ці кожнага ў Засецьці чакае такі несардэчны прыём? У тым Засецьці, якое славіцца нечуванаю гасьцінасьцю ад Вільні да Кернава?
– Кожнага. Кожнага дурня. Калі ты настолькі дурны, што сам залезшы ў пастку і запаліўшы сьвечы, каб палегчыць нам працу, дык павер, мы скарыстаемся з твайго жыцьця лепей за цябе самога. Наш бог парадуецца новай ахвяры.
– Зноўку гэтыя забабоны, – застагнаў Юргель, змагаючыся зь недарэчным пазяханьнем. – Я спадзяваўся, што пакінуў іх у Цёмналесьсі.
– Калі хочаш памерці хутка й бязбольна, раўнаць нас ня сьмей з тымі паганцамі, – завадатар аж пырскаў сьлінай.
– І чым жа вы розьніцеся? – ня маючы іншых варыянтаў дзеяньня дый жаданьня дзеяць, Юргель вырашыў пацягнуць час.
– Чым? Яны вызнаюць да халеры багоў: Тура, Нядзьведзя, Алькіёна, Утропа, Пажаха, не пералічыць – і стоды ім ставяць. У адрозьненьне ад нас, гэтыя ўбогія ў сваёй цямноце ня ведаюць, што ў Цёмным лесе існуе толькі адзін запраўдны бог – Лясное чыпірадла. І ты неўзабаве зь ім сустрэнешся.
Мурзілы насунуліся, бліснулі нажы, і Юргель міжволі схапіўся за кудмень.
Завадатар рэзка спыніўся і падняў руку. Нажы і сякеры паапускаліся.
– А ну пакаж.
Угледзеўшы бафаніт, ён прамовіў зь непрыхаваным расчараваньнем:
– Гэтай ноччу бог застанецца без ахвяры. Ён адзін з нас.
Мурзілы прымхліва прыклалі рукі да грудзёў, дзе, сьцяміў Юргель, віселі такія ж кудмені. Ён зараз жа пасьмялеў:
– Вы прайшлі праверку. Лясное чыпірадла вялікадушна даруе няветласьць да свайго вестуна. Магу закінуць яму за вас слоўца, калі прынесяце мне чаго пад’есьці.
Мурзаты завадатар праігнараваў апошнія словы.
– Можаш паспаць тут да ранку, адно накалі дроваў і не палі да канца сьвечы – нам яшчэ іншых гасьцей сустракаць. І каб на вочы больш не трапляўся.
– Апошняе пытаньне.
– Ну?
– Дзе ляжаць найбліжэйшыя селішчы?
– Зь селішчаў тут, акром Засецьця, адно брыдкае богу Цёмналесьсе недалёк. А за лесам і за Вяпрэяй, – ківок на ўсход, – жывуць яцьвягі. Самыя сябе завуць дайнавамі. Дзікія, што тыя зьвяры.
Калі банда мурзілаў зьнікла ў ночы, Юргель падпёр дзьверы сталом, загасіў сьвечы, а вакно занавесіў кілімам. Пасьля падкінуў у печ дроваў, упаў на мох і адразу заснуў. Ноч праляцела на вокамгненьні.
Прачнуўся ён позна, калі Аксамітная Лілея стаяла высока ў небе.
«Вось заспаўся дык заспаўся».
Паклаў у клунак сьвечы ды мох з крэсівам і выйшаў на халаджавае веснавое паветра. Кіравацца пастанавіў на паўночны захад. Выглядала, што страшных яцьвягаў яму ніяк не абмінуць, а Вільня ў кожным разе ляжала недзе на захадзе. Цёмналесьсе ён вырашыў абысьці падалей, бо меў важкія падставы меркаваць, што даўся ў знакі тамтэйшаму люду.
На той бок Цёмнага лесу пачынаўся скоцісты схіл да ракі, парослы высокай, у чалавечы рост, драпач-травой. Ад яе цягнула вільгацьцю і кіславатым духам.
Юргель угледзеў вялізную дрывотню ля вады, вакол яе – пагоны бярвёнаў у пяць стопаў вышынёй. Драўніна зьдзіўляла шызым колерам. Раней ён такое ня бачыў. Прымружыўшыся, заўважыў двух дужых дзецюкоў, што карылі бярвеньне масіўнымі скоблямі. У паветра пры тым уздымаўся ці то пыл, ці то дым.
Памятаючы пра перасьцярогі цёмналесаўцаў, Юргель не сьпяшаўся трапляцца на вочы меркаваным яцьвягам. Ён уцягнуў пясьці ў кабат, нырнуў у росную драпач-траву і пракраўся бліжэй да дрывотні. Апынуўшыся ў мяжы чутнасьці, замёр і прыслухаўся. Дзецюкі балакалі за працай. Гаворка была яму незразумелая, але ейны тон падаваўся спакойным і, як для страшных зьвяроў, зусім ня дзікім.
«Простыя лесасекі. Наўрад ці маюць што супраць выпадковага падарожніка».
Юргель знарок пашабуршэў травою і бяз рэзкіх рухаў выткнуўся з зарасьніку, усім сваім выглядам выпраменьваючы ўпэўненасць. Уражаньне псавала запэцканая і ўшчэнт прамоклая вопратка.
Дзецюкі заўважылі яго, адклалі скоблі і зь цікаўнасьцю павярнуліся. Зблізу яны нагадвалі братоў.
– Kails, brāterel.
– Дзень добры, паночкі. Ласкава перапрашаю за турботы: я папросту зьбіўся зь сьцежкі і заблукаў у лесе. Маю спадзеў, што дапаможаце мне з кірункам. Дзе тут ёсьць якое места? – Юргелю здалося, што лесасекі яго зразумелі, хоць і скрывіліся, пачуўшы першыя ж словы.
– Kvei tū ēiseika? – павольна запытаўся адзін і, бачачы разгубленасьць на твары суразмоўцы, паказаў рукою ў процілеглых напрамках, гаворачы пры тым:
– Vakarāi? Deināi?
– Быў бы вельмі а вельмі ўдзячны паночкам, каб скіравалі мяне на Вільню.
Браты пераглянуліся, раючыся бяз словаў, і адначасна паказалі пальцамі на поўнач, уверх па плыні.
– Stē, brāterel.
– Дзякуй вялікі, яшчэ раз перапрашаю за турботы.
– Sandeiv.
Юргель пакланіўся да зямлі і схаваў у рукаў кабату рэч, якую раней заўважыў у траве пад нагамі. Пасьля разгледзеў яе ўважлівей: аздоблены каменьнем рагавень з пахкім тытунём унутры.
Лесасекі тымчасам паднялі скоблі і вярнуліся да працы. Перад тым, як аддаліцца ад іх уздоўж адхоннага берагу на поўнач, ён яшчэ пачуў:
– Stavīdas ukajebānaisis maskōvits!
– Jo-jo, vaīda, Ālgimunt.
Да вечару Юргель яшчэ тройчы сустракаў на сваім шляху людзей – бедна апранутых вяскоўцаў, занятых нарыхтоўкаю драўніны.
Веснавая паводка ператварыла абалону ў возера. І на берагі гэтага возера возьнікі-тралёўнікі цягалі зь лесу двухсажнёвыя бярвёны на вялізных памаранчава-чорных яшчарках. Стоячы па калена ў халоднай вадзе, вязальнікі зьвязвалі іх па некалькі штук тонкімі каранямі невядомага дрэва. Юргеля бралі дрыжыкі і з носу цякло ад аднаго толькі відовішча.
Шторазу ён падыходзіў да першага-лепшага вяскоўца і ветліва зьвяртаўся, просячы дапамогі. Двойчы яго не зразумелі альбо зразумець не пажадалі. На трэці раз, абмінаючы лесам лукавіну, ён наскочыў у гушчары на сьлепаватага дзядка з пустым кошыкам. Яго Юргель прынамсі зразумеў.
– Шо то за холера! Чы то зьвір, чы то нычыста сыла, – дзядок аж падскочыў зь перапуду, але, угледзеўшыся ў Юргеля, супакоіўся. – Зовсім мэнэ пэрэлякав. Віт, хлопэць.
– І цябе вітаю, добры чалавек. Прабач, не хацеў напужаць, але…
– Стіj-но! Ны чоловік – jе гідны jiтвjег.
– Вось як. А ў мяне склалася ўражаньне, што яцьвягі – гэта тыя, што валяць лес і таркочуць нейкую тарабаршчыну.
– Ны! Естыцька Jетвызь тут е, пыд Пынськом, – дзядок прытупнуў і хвоснуў сябе кошыкам па назе. – Краjіско одважных кэ воёвнычых людэj. Тылькы тут но. А там, за лысочком, – тьху, Жмудь. Шоб jіх морэчка взяла.
– Добра, годны яцьвяжа, ня буду спрачацца. Дай ты рады, як бы мне…
– А чы знаш нашэ гасло? – рашуча перапыніў дзядок.
– Гм-м-м… Баюся, што падзабыў.
– Jетвызі – одродытыса! Нам, jiтвjегам, – одродытыса! На вікы вічны! На Новоj Зэмлі, ек на Староj.
– Цяпер прыгадваю. Усё гэта, безумоўна, вельмі займальна, але я заблукаў і шукаю шлях дадому. Ці кажуць табе што-небудзь такія назвы, як Вільня і Літва?
– Лытвынь? Ны, нычув про такэ краjіско кэ у Вільновы ныбув. Алэ-ж ты розваж, нашо тобі та Лытвынь? Ідэмо зі мною в Пынськ.
– Не, у Вільні ў мяне няскончаныя справы, – Юргель няўсьведамлена памацаў абпаленую чупрыну і сьціснуў паперчыну зь нечытэльнымі надпісамі ў кішэні кабату.
– Дывысь ты: да в тэбэ, брате, діла. Но ек знаш. В Пынську тобі про Вільно докладнэ ныраскажуть, алэ е тут жмудська твэрдь, Овтыма, – дзядок махнуў рукой на поўнач. – Но ек твэрдь – гімно, а ны твэрдь. Алэ там дэ-хто мо поможэ…
– Дзякую за параду. Даліпан, скарыстаюся зь яе.
– Просю! До судосіньня.
Юргель ужо разьвярнуўся, калі пачуў:
– Постіj, хлопэць. Ты головнэ запам’ятаj: оно товді ногы jдуть туды, куды трэба, колы на плэчух е толкова голова.
З гэтымі словамі дзядок пацюкаў сябе паказальнікам па скроні і зьнік у гушчары. Юргель так і не спытаўся, што ж той зьбіраў у кошык.
Надвячоркам, калі неба над ракою зьмяніла колер з жарага на пурпуровы, а скуру працялі дрыжыкі, Юргель убачыў цяпельца на самым беразе і бязь лішніх развагаў спусьціўся да яго.
На вуглях стаяў чыгунок, вакол вогнішча сядзела тройца жылаватых мужчынаў. На іх былі вылатаныя зрэбныя кашулі навыпуск і даматканыя нагавіцы, што даўно ня бачылі праніку. Дражліва пахла ежай. Ля самага берагу на вадзе гайдаліся некалькі злучаных міжсобку плытоў. Яны былі прывязаныя да ўвагнанае ў зямлю жэрдкі нездалёк.
Юргель сьмела пайшоў на цяпло вагню і панадны пах мяса з чыгунку. У яго ўтаропіліся тры пары вачэй. Утаропіліся не сказаць каб надта прыязна.
«Зычлівасьць і альтруізм тут, відаць, не ў пашане».
Ён прадставіўся і спытаўся, ці далёка да селішча. Словы суправаджаў гэстамі, бо не спадзяваўся, што яго зразумеюць.
Зразумелі.
Адказаў найстарэйшы, зь дзяркатым голасам і сівізною ў лапушыстай барадзе, ударыўшы сябе кулаком у грудзі:
– Яўнут, галоўны плытнік. З слыхам у мяне ўсё добра, можаш так не раўці.
Ён кіўнуў на таварышоў – Юргелевых равесьнікаў, адзін зь якіх быў русявым, а другі – рудаватым.
– Гэтыя пацурбалкі – Барута і Пясьціла. А ты, Юргелю, зусім не падобны да тутэйшага.
– Праўда твая, васпане. Я зь Вільні. Пакручастыя выбрыкі лёсу закінулі мяне ў гэтую глухмень, але найскарэйшым часам я пляную вярнуцца дадому.
Яўнут прыгладзіў бараду без асаблівага выніку, памаўчаў і нетаропка прамовіў:
– Першае, ты йдзеш ня ў той бок. Ніякае Вільні на поўначы няма. Зрэшты, і на поўдні яе можа ня быць. Я, прынамсі, пра такую ня чуў. А вы, хлопцы?
Барута і Пясьціла абыякава паціснулі плячыма.
– Але тубыльцы скіравалі мяне на поўнач не пазьней як зранку. Скіравалі без ваганьняў.
– І размаўляў ты зь імі ў той мове, у якой зараз з намі? – чмыхнуў плытнік.
– Вядома, я ўмею адно па-літоўску.
– То ня дзіва, што скіравалі без ваганьняў, – Яўнут паглядзеў на супольнікаў, і яны нявесела ўсьміхнуліся. – Мова гэтая, дарэчы, завецца нальшчанскай.
Юргель паспрабаваў аспрэчыць абодва цьверджаньні, але Яўнут працягваў як нічога ніякага:
– Другое, найбліжэйшае селішча – Аўціма. Адразу за лукавінай, на той бок бору. Але – і гэта трэцяе – там табе нічым не дапамогуць і дапамагчы не захочуць. Чужынцаў яцьвягі не шануюць. Мы самыя – хоць і гамонім па-іхнаму – вымушаныя спыняцца на начоўку па-за межамі Аўцімы, – ён скасавурыўся на рудаватага, у рабаціньні, Пясьцілу, – пасьля пэўнага здарэньня. Чацьвертае і апошняе, прапаную табе далучыцца да нас. У Скірдзімах мы ссадзілі Руклю – нашага задніка. Зламаў быў нагу: пасьлізнуўся на бервяне. То лішняя пара рук нам не зашкодзіць. Плачу срэбны паўтарак на дзень.
– Куды вы плывяцё?
– Плыве гаўно ў атопку, а мы йдзём у вольны Войстам, што на Альманскіх балотах у дэльце Грыўды. У Войстаме спыняюцца вадаплавы з усіх партоў Герадотавага мора. Купцы, валацугі, вандроўныя артысты, авантурнікі, кантрабандыстыя – хто-небудзь мо й чуў пра Вільню, калі гэта не прыдуманае места. Ці ўпэўнены ты, што яна існуе?
– Чаму васпан думаеш, што Вільня – казка, і чаму б ёй не знайсьціся ў вышнявіне ракі?
Юргель узяўся апісваць набярэжную Вяльлі і Ашкірскае затокі, вежу Гедзіміна, сады Антокаля і Верхніх Панараў, але Яўнута ня ўразіў. Той уздыхнуў, не даслухаўшы, падняў зь зямлі дубчык і ў водсьвету вагню нарысаваў на пяску схэматычную мапу.
– Зірні сюды, пане балбоцьку. Самыя мы з Нальшчанскага краю – ён ляжыць за ракой, на правым беразе. Нальшчанская зямля цягнецца ад Грыўды і непраходных гораў на захадзе да Сьвянцянскіх градаў на ўсходзе. Нямегля – прытока Грыўды, а Зальвея – прытока Нямеглі. Зь ейнае вышнявіны мы і йдзём.
– Горы? На шляху зь Вільні я пралятаў над гарамі.
– Ты хіба недачуў частку пра «непраходныя»? Дык вось, горы непраходныя. З поўначы на поўдзень Нальшчаны цягнуцца ад акіяну аж да Зальвеі, – Яўнут махнуў у бок ракі. – Ніхто ў нас ні пра якую Вільню зроду ня чуў.
Плытнік тлумачыў цярпліва, як малому, зазіраючы Юргелю ў вочы і нібыта спадзеючыся ўбачыць там хоць бы нейкую асэнсаванасьць.
– Гэта правы бераг. Цяпер левы, на якім мы зараз седзімо. Тут у нас Яцьвязь. Зараз мы ў яе паўночнай частцы – Судаве, а на поўдзень ад Вяпрэі ляжыць Дайнава. У Яцьвязі, як ты мог пераканацца, нават мова іншая, і Вільні тваёй быць ну ніяк ня можа. Хіба што яна за Сьвянцянскімі градамі. Але там я ніколі ня быў. І такіх, хто б адтуль вярнуўся, ня ведаю.
Рэчы, якія расказваў Яўнут, мусілі б цалком завалодаць Юргелевай увагай, бо ад іх залежалі ягоныя далейшыя пляны і блізкая будучына, але адзінае, пра што ён мог думаць – густы мясны пах. За ўвесь дзень ён так і не паеў. У яго ледзь атрымвалася глядзець у вочы Яўнуту, а не ў чыгунок. Выдавала Юргеля і бурчаньне ў жываце.
Ён прымусіў сябе засяродзіцца.
– Які ж у вас маршрут?
– Ідзём уніз па Зальвеі празь Сьверыж і Патрымпус, – Яўнут праводзіў дубчыкам па нарысаванай мапе. – За Сьверыжам, дзе ў раку ўпадае Вяпрэя, чакаем яцьвяскія плыты зь Бікшаў. У Патрымпусе перавязваем плыты ў караван і ідзём па Нямеглі да Аталезі на сутоцы з Грыўдай. Адтуль уніз да Герадотавага мора.
– Цікава-цікава, – зважна паківаў Юргель, якому жадная з пачутых назваў нічога не казала.
– У Войстаме зможаш сесьці на карабель або прынамсі даведацца пра сваю Вільню. У кожным разе дабрацца да яе прасьцей адтуль, чым з Судавы.
– І якая адлегласьць аддзяляе нас ад Герадотавага мора?
– Калі прымеркаваць на вока, паўтары тысячы нальшчанскіх міляў, альбо паўдзевятаста яцьвяскіх.
– А літоўскіх?
– Не ўяўляю, пра што ты, – паціснуў плячыма Яўнут.
– Добра, колькі часу зойме падарожжа?
– Глядзі сам: каля шасьцідзесяці дзён да Патрымпусу, адтуль чатыры тыдні да Аталезі і троху больш да вольнага Войстаму. Усяго пяць з паловай месяцаў. Сёньня ў нас які дзень?
– Першы панядзелак кветня.
– То спадзяюся да канца ўрэсьня папіваць маліягранат, седзячы на плывучай тэрасе «Войстамскага лотра» з грашыма ў кішэні. Але дакладна прадказаць не бяруся – на вадзе ўсялякае здараецца.
– Не, такі варыянт мне не пасуе, – скрывіўся Юргель, з намаганьнем адводзячы позірк ад чыгунку. – Паспытаю шчасьця ў Аўціме. Бывайце!
– Не разьвітваюся. Мая прапанова застаецца ў сіле, але на менш выгадных умовах.
Юргель раскланяўся і растаў у прыцемку. Яўнут упэўненым рухам зьняў чыгунок з вуглёў, разьліў мясную поліўку ў тры талеркі, пакінуўшы порцыю на донцы, і ўкапаў чыгунок у прысак бліжэй да вагню. Па вячэры Барута зь Пясьцілам дасталі з будану на заднім плыце посьцілкі і паклаліся спаць вакол вогнішча.
Яўнут узяў сабе першую варту. Каля поўначы ён убачыў запыханага Юргеля ў ненайлепшым настроі. Той бязь сілаў упаў на зямлю побач зь ім.
– Я прымаю прапанову васпана.
Яўнут моўчкі падсунуў да яго чыгунок. Зьдзіўленым ён не выглядаў.
– Аўціма – дзіўнае месца, – пачаў Юргель, пад’еўшы. – Нават, сказаў бы я, дзіўна негасьціннае. Тамтэйшыя жыхары таркочуць нешта няўцямнае і не жадаюць прыкласьці ніякіх намаганьняў, каб зразумець мірнага госьця. Дапраўды, яны паставіліся да мяне зь відавочнаю варожасьцю, хоць бы я не даваў для гэтага жаднае нагоды. Наадварот, каб залагодзіць злосьнікаў, ажно іхны дэвіз прадэклямаваў.
– Гэта які такі? – пацікавіўся галоўны плытнік.
– Етвызі – адрадытыса, нам, йiтвегам… – пачаў Юргель, але яго перарваў сухі Яўнутаў рогат.
– Хто навучыў цябе такой дураце?
– Годны яцьвяг сталага веку, якога я сустрэў па дарозе. На жартаўніка не выглядаў ані.
– Ён яўна з тых, каго судзіны завуць русінамі і ўважаюць за здраднікаў і падробак. Твой дэвіз – ня сама лепшы тактычны разьвязак: яцьвягі і йітвегі – ці не найгоршыя ворагі.
– Баюся, мне цяжка зразумець падобную нелюбоў. І тыя, і другія відавочна ёсьць гедзімінічамі, якія жывуць на адной зямлі, не адрозьніваюцца выглядам і называюць сябе аднолькава.
Яўнут крахтануў:
– Яцьвягі лічаць, быццам выключна яны ёсьць нашчадкамі легендарнага Гедзіміна, і пахваляюцца тым, што паходзяць наўпрост ад самога князя. А русіны тут, маўляў, пятае кола ў возе і жаднага дачыненьня да Гедзіміна ня маюць. Йітвегі, у сваю чаргу, упэўненыя, што яцьвягі – па-іхнаму «жмудзіны» – адно папрымазваліся да князя, а папраўдзе да яго ніякім бокам.
– Пачакай, васпане. Гедзімін – зусім ня князь. Гэта ўсяго-ткі назва касьмічнага карабля, на якім нашыя продкі калісь прыляцелі ў Вільню з-па-за зораў.
– Юргелю, – Яўнут паглядзеў на яго, як на дурненькага, – годзе чаўпсьці лухту. Вернемся лепей да Аўцімы. Што здарылася далей? Мяркую, на тым твае прыгоды ня скончыліся.
– Мне прыйшлося абысьці ўсю вёску, каб пераканацца, што нідзе няма ні чыгункі, ані аэрабарліны, ані якога іншага транспарту. Тады я вырашыў падначаваць у Аўціме – мая памылка, – а справы рабіць з раньня. На беразе якраз знайшоўся заезны двор.
– «Leli krēklai», – уставіў Яўнут.
– Гаспадар недалікатна адмовіў мне ў прыёме і праявіў беспадстаўную агрэсію на пустым месцы.
Яўнут узьняў брыво і выразна паглядзеў на яго.
– Наколькі я ведаю Бутыгейда, трэба добра пастарацца, каб яго ўгнявіць.
– Мажліва, я не разабраўся ва ўсіх звычаях і забабонах і выказаў занадта яўную цікаўнасьць да ягонае дачкі, – несхаць прызнаў Юргель. – Нельга выключаць падобную магчымасьць, хоць вінаваціць мяне ну ніяк не выпадае. Вочы ў дзевухны такога кшталту, што адвесьці позірк проста немагчыма, калі ты мяне разумееш.
– Твая праўда. Прырода запраўды надзяліла Аргелу выбітнымі… гм-м-м… вачыма.
– І бацькам, няздольным сьцяміць, што такі дар няможна замыкаць у чатырох сьценах – ім трэба дзяліцца з кожным, хто прагне дакрануцца да прыгажосьці.
– Брак Бутыгейдавага цяму летась адчуў на сваёй скуры Пясьціла. Гэта і ёсьць здарэньне, па якім мы больш не спыняемся ў Аўціме. Прыпускаю, Бутыгейд разглядае ўласную дачку як прыкметную шыльду, на якую можна заглядацца, але не… гм-м-м… дакранацца да яе, як ты выказаўся.
– Не магу не заўважыць, што васпан зачаста гмыхаеш, як згадваеш жаночыя вабноты. Няўжо гэта сарамлівасьць?
– Глупства, – гыркнуў Яўнут, але ўзяў сябе ў рукі, убачыўшы хітрынку ў Юргелевых вачох. – Як бы там ні было, Пясьцілу пашэньціла больш за тваё: Бутыгейд выштырыў яго адно пад ранак.
– Ага! Дык гэта яму я мушу падзякаваць за ласку, што мне ўчынілі ў «Лелі крэклях». Уцякаў стуль як ад халеры. А пасьля напаткаў цэлы атрад на яшчарках, якія пляваліся полымем. Злосьнікі цюгакалі на мяне як на нядзьведзя і гналі аж да лесу. Жаднае павагі да беднага падарожніка.
– Яшчаркі завуцца жывойтамі. Яцьвягі іх гадуюць: аб’язджаюць і выкарыстоўваюць у гаспадарцы.
Яўнут з Юргелем пэўны час памаўчалі, гледзячы, як вуглі браліся сівізной, і слухаючы смалістае пастрэльваньне вагню.
– Такім парадкам, я схільны прыняць прапанову васпана. Тры срэбранікі на дзень, васпан казаў?
– Я казаў, прапанова дзейнічае аднаразова, – спакойна запярэчыў Яўнут. – Цяпер набываюць моц менш выгадныя ўмовы. Магу прапанаваць табе месца задніка без аплаты, затое з харчаваньнем.
Юргель паціснуў плячыма:
– Я маю небагаты выбар.
Уніз па Зальвеі
Прачнуўся ён ад таго, што яго хвастаў па шчоках русявы маладзён – Барута.
– Паспаць ты здатны, нічога ня скажаш. Ледзь раскатурхаў.
Юргель ня памятаў, як яго змарыў сон напярэдадні. Падымацца не хацелася, ва ўсім целе разьлілася стома. Ён з клункам пад галавою ляжаў на посьцілцы. Перад сабою бачыў вогнішча, над якім кружлялі іскры. Тамсама стаяў чыгунок. Пахла не настолькі смачна, як увечары, але дастаткова смачна для таго, каб прымусіць яго падняцца. Барута разьліў па талерках рэдкую кашу з салам, а Яўнут, пакуль нявыспаны Юргель сьнедаў, расказваў пра плытніцтва на Зальвеі.
– Плыты мы ўжо ня першы год ганяем. Праца ня з простых, але ж якая ёсьць. Дый сьвет паглядзець можна. Ад градаў да мора паўсюль пабывалі. Па-яцьвяску вось няблага навучыліся. У Сьвянцянах, зноўку ж, не апошнія людзі.
Усё гэта мала цікавіла Юргеля, але ён мімаволі даведаўся, што ў вышнявіне Зальвеі, пачынаючы ад самае вытокі, расло попельнае дрэва. Назву яно атрымала ад папераватай, як у старазямельскае бярозы, кары шызага колеру. Кара лёгка адслойвалася і крышылася, разьляталася попелам у паветры. Паліць такое дрэва ніхто не паліў, бо гарэла яно зь вялікаю колькасьцю задушлівага дыму. А вось лёгкая і трывалая попельная драўніна вельмі дарэчы прыдалася ў карабельніцтве, асабліва ў стэпах на морскім узьбярэжжы, дзе востра адчувалася недастача будаўнічых матар’ялаў.
– Найпрасьцейшы спосаб даставы драўніны да карабельняў – сам разумееш, плытніцтва. Сплаў пачынаюць ад вытокі. Адтуль бярвёны пускаюць шарашом. Ага, слушна табе Пясьціла падказвае: россыпам, значыць, па адным. А што ён робіць няслушна – дык гэта мяне перапыняе. Наступным разам зловіць поўху. Далей па плыні, аж за Сьверыж, па берагох стаяць румы. Там вяжуць плыты.
Яўнут расказаў, што добрая частка Судавы і ўсходніх Нальшчанаў жыла нарыхтоўкаю попельнага дрэва. Пераз увесь год лесасекі валілі лес, вязальнікі круцілі вяроўкі з тонкіх каранёў, возьнікі-тралёўнікі перавозілі камлі на тартакі, дзе іх наразалі на штукі, адтуль – у румы на берагох, дзе бярвёны акорвалі і ўкладвалі ў пагоны на прасушку. Штовясны ўсе сьпяшаліся скарыстацца зь вялікае вады. Людзі зараблялі на тым свае срэбранікі. Качаны скочвалі падрыхтаваныя бярвёны ў ваду, зьбіваны зьбівалі плыты, і надыходзіла чарга плытнікаў. Яны таксама карысталіся зь веснавое паводкі, каб учас прамінуць мялізны. За Патрымпусам рака заставалася прахадною і ў ліпцы, па малой вадзе, а вось верхнюю плынь сьпяшаліся пакінуць ззаду як мага раней.
– Ідзём мы, вядома, ня ўлегцы. Вязём з сабой футра, мёд, зацукраваных кузькаў, пылок гальшанскае вячорніцы, іншую драбязу – на поўдні ўсё гэта ў навінку. Дарогай ловім рыбы на пад’едак і правяльваньне. Падыходзім да прыстаняў на абодвух берагох – і да нальшчанскіх, і да яцьвяскіх. Абменьваемся зь мясцовымі. У адных купляем патаньней, іншым прадаём падаражэй – нічога звышскладанага. Назад з Войстаму вяртаемся з караванамі сухім шляхам празь Дзяволтву. У Дайнаве спыняемся ў Пукеіку ды Бікшах, а там і да дому недалёка. Ладна, годзе балакаць, кашы ўжо й няма.
Яўнут падняўся і павабіў Юргеля пальцам да плыту.
– Ці даводзілася табе хадзіць на чымсьці падобным?
Юргель кінуў вока на плыт з трох зьвёнаў, прыцмокнуў языком і прамармытаў нешта няўцямнае, што пры пэўным жаданьні можна было прыняць за станоўчы адказ. Яўнут такога жаданьня ня меў.
– Чаго ты барузьдзіш як боўдзіла дурное? Скажы выразна.
Юргель згадаў, як некалі слугаваў на «Макулінцы», калі пан Анцута выправіўся быў да ўтокі Вяльлі, у віленскі порт. Вандроўка туды і назад цягнулася ня больш за пару гадзінаў. Ён упэўнена прамовіў:
– Мне даводзілася хадзіць да Балтыцкага мора на плывучым доме, дзе я выконваў даручэньні самога вялікалітоўскага падкаморага.
Яўнут уздыхнуў:
– Касьмічныя караблі, плывучыя дамы, казачныя месты і моры – мы яшчэ не на вадзе, а я ўжо сыты па горла тваімі балачкамі. Май наўвеце, цярплівасьць мая даволі абмежаваная. А вось злосьць – не.
Барута зь Пясьцілам сумна паківалі.
Яўнут пацягнуў Юргеля на прывязаны ля берагу плыт. Той, забіраючыся, намачыў ногі ў халоднай вадзе і скрывіўся. Гэта не абмінула Яўнутавае ўвагі:
– Нічога, звыкайся, шчэ ня раз прыйдзецца ўваліцца ў ваду: цэлы дзень скакацьмеш па сьлізкіх бярвёнах. Прамокнуць тут ня сама страшнае. Галоўнае, каб камлі не раздушылі альбо пад сабой не пахавалі. Патануць у такой сьцюдзёнцы – справа няхітрая. Альбо нагу зламаць, як Рукля. Увесь твой спрыт прыдасца. То згадвай, як даваў лататы з заезнага двару – гэта будзе не залішнім.
Юргель распрастаўся на плыце і адчуў, як гуляюць пад ім шэрыя бярвёны – узапраўды патрабавалася пэўная звычка, каб астояцца. Яўнут між тым шырока расставіў ногі, абгладзіў бараду і працягнуў павучаньне:
– Слухай уважліва, паўтараць я не наладжаны. У плыце нічога складанага няма. Гэта папросту камлі, зьвязаныя міжсобку ў зьвёны. Кожнае зьвяно завецца лаўкай. Мацуюцца яны віцамі, – Юргель пазнаў гнуткія карані, якія бачыў у яцьвягаў-вязальнікаў. – Віцы распарваюць на вагні і прывязваюць камлі да пакладзеных упоперак жэрасьцяў. На адную лаўку – па два жэрасьці, сьпераду і ззаду. Усё гэта закнаблёўваецца, каб лаўкі не распаўзаліся. У нашым плыце іх, як бачыш, зараз тры, потым паболее.