bannerbanner
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве

Полная версия

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве

Язык: Русский
Год издания: 2021
Добавлена:
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля
На страницу:
5 из 8

Які далейшы лёс Агары і Ізмаіла? Многія юдэйскія аўтары мяркуюць, што праз шмат гадоў пасьля сьмерці Сарры, яна зноў сустракаецца з Абрагамам і становіцца яго жонкай. Цяпер яе імя Хэтура, пахучая. Гэта ўжо зусім іншая жанчына. Яна шукае любові і нараджае Абрагаму яшчэ многа дзяцей. Хэтура прыносіць духмянасьць хатняга агменю, мір і спакой стомленаму жыцьцём Абрагаму.

Магамет называе Ізмаіла Прарокам (Каран, 19, 55). У якасьці Прарока ён валодаў дарам зьдзяйсьняць цуды, дзякуючы чаму і схіліў многіх язычнікаў да пакланеньня Богу. У Ізмаіла было 12 сыноў, з якіх Кедар лічыцца прамым продкам Магамета. У Мецы да гэтага часу існуе сьвяты камень, пад якім, паводле паданьня, пахаваныя Ізмаіл і Агар.

Гасьціннасьць Абрагама

У Старым Запавеце ёсьць аповед пра тое, як у паўдзённую сьпёку дзевяноста дзевяцігадовы Абрагам сядзеў каля свайго намёту пад зелянінай Мамрыйскай дубровы. Раптам ён убачыў трох змучаных падарожнікаў. Гаспадар запрасіў вандроўнікаў адпачыць і падсілкавацца, а жонцы Сарры загадаў напячы хлеба. Сам гаспадар дома абраў лепшае цяля і загадаў закалоць яго і прыгатаваць пачастунак не чакаючы ніякай аплаты. Аказалася, што частаваў Абрагам Самога Бога.

Гэты ўзрушаючы эпізод стаў тэмай блёку пошты Ватыкану, эмітаванаму ў 1990 годзе з нагоды «40-годзьдзя з дня заснаваньня Карытас (міласэрнасьць) Інтэрнацыяналіс». На блёку чатыры маркі з рэпрадукцыямі дэталей старажытнага малярства з Базылікі Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore).


Зьява Абрагаму трох анёлаў і гасьціннасьць Абрагама. Мазаікі з базілікі Санта Марыя Маджорэ (432—440), Рым, Італія. Аўтар невядомы. Блёк пошты Ватыкану, выдадзены ў 1990 годзе


На першай марцы бачым падарожнікаў і Абрагама, які сьпяшаецца ім насустрач. На другой марцы – трое гасьцей. На трэцяй – Абрагам і Сарра рыхтуюць пачастункі. Чацьвёртая марка прысьвечана спажываньню ежы. Бог у вобразе Тройцы стаў зьместам ікон, найбольш знакамітай зь якіх зьяўляецца «Троіца», напісаная Андрэем Рублёвым і вядомая ва ўсім сьвеце. «Троіца» Рублёва напісана на той самы Біблейскі сюжэт з Старога Запавету, па якому да Абрагаму прыйшлі трое Вандроўнікаў-Анёлаў. Найбольш набліжанай датай стварэньня «Троіцы» Андрэя Рублёва называюць 1411 або 1425—27 гады.


Сьвятая Троіца (1411). Ікона. Андрэй Рублёў (1375/80—1428). Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, Масква. Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1991 годзе


Трое Анёлаў, якія ўвасабляюць трыадзінства Бога (Айца, Сына, Сьвятога Духу), сядзяць вакол стала. У своеасаблівым крузе, які яны ўтвараюць, разьмяшчаецца напоўненая чаша. Традыцыйна круг зьяўляўся сымбалям аб'яднаньня. Сьвятая Чаша, вакол якой сядзяць Анёлы, сымбалізуе пакуты Хрыста – унутры сабрана кроў, што капала зь яго ран, калі ён быў укрыжаваны. Сілуэт дрэва можа азначаць Дрэва пазнаньня з саду Эдэма, адначасова з гэтым – дуб, пад якім адпачываў Абрагам. А будынак – царкву альбо ўваход у Абрагамаў дом. Гара ж, разьмешчаная ў правым верхнім куце, становіцца сымбалям Галгофы. Анёлы апранутыя ў простыя адзеньні, за іх сьпінамі – крылы, у руках – тонкія кіі, вакол галоў – сьвецяцца арэолы.


Троіца (15—16 ст.). Наўгародская школа. Наўгародскі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны і мастацкі музэй-запаведнік, Ноўгарад, Расія. Блёку рошты СССР, выдадзены ў 1988 годзе


Часам з «Троіцай» Рублёва параўноўваюць шагалаўскае палатно «Абрагам і Тры анёла», і гэта справядліва, але толькі ў частцы абраньня аднолькавага сюжэту. Рублёў, наўмысна прыбіраючы з сюжэту Абрагама і Сарру, раскрывае ў сваёй іконе тэму траічнасьці, алегарычна адлюстроўваючы свайго роду партрэт Усявышняга: Бога-Айца, Бога-Сына і Бога-Сьвятога Духа.

Іншымі словамі, Рублёў прысьвяціў сваё палатно Богу, а Шагал – чалавеку, які мае зносіны з Богам. Хоць у карціне «Абрагам і Тры Анёлы» Анёлы займаюць цэнтральнае месца, як і ў іконе Рублёва, але Абрагам і Сарра зьяўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі падзеі. Магчыма, таму Анёлы разгорнутыя мастаком унутр палатна і зьвернутыя тварам да прабацькі. Гасьціннасьці ў старажытных габрэяў надавалася асаблівае значэньне. Яго трэба было аказваць кожнаму чужаземцу і падарожніку, такі быў Закон. У адпаведнасьці з Законам, Абрагам прыняў невядомых яму гасьцей. Шагал адлюстроўвае гэту падзею, падрабязна абстаўляючы яе дэталямі. Тут і накрыты стол, і Сарра, якая сьпяшаецца да гасьцей з стравай у руках, і сам Абрагам, гатовы выконваць жаданьні гасьцей. На ярка пунсовым фоне зьзяюць белыя, жоўтыя, сінія фарбы крылаў і вопраткі Анёлаў, а іх прасьветленыя абліччы быццам працятыя ўнутраным духоўным сьвятлом. Аднак тое, што Абрагама наведалі не простыя падарожныя, ведаюць толькі гледачы карціны, сам Абрагам знаходзіцца яшчэ ў недасьведчанасьці.


Абрагам і тры Анёла (1966). Марк Шагал (1887—1985). Нацыянальны музэй «Біблейскае пасланьне Марка Шагала», Ніца. Блёк пошты Гранады, выдадзены ў 1986 годзе


Будучы ў гасьцях у Абрагама, незвычайныя госьці апошні раз, перад прыняцьцем важнага рашэньня, правяралі яго. Упэўніўшыся, што яны зрабілі правільны выбар і менавіта гэты чалавек варты быць першым Патрыярхам Абранага Богам народу, яны адкрыліся яму. У правай верхняй частцы палатна ў мэдальёне Шагал адлюстраваў гэту галоўную падзею ў жыцьці Абрагама, што адбылася ўсьлед за вячэрай. Гэта падзея зьмяніла жыцьцё Абрагама-Бог заключыў зь ім вечны саюз і абяцаў у валоданьне зямлю Ханаанскаю (Ханаан – «краіна, Палаючая барвяным»; ці не адсюль гэты чырвоны калярыт карціны?). А яшчэ Бог абяцаў Абрагаму, што менавіта ад яго адбудзецца шматлікае нашчадзтва.


Дабравешчаньне Сары (1969). Хасэ Гурвіч (1927—1974). Марка поштаў Ізраілю і Уругваю, выдадзеная ў 2013 годзе


Абрагам зьдзівіўся, бо Абрагаму ў той час было 99 гадоў, а Сары 90 і яна была бясплодная. Каб падкрэсьліць зьмены, якія адбыліся ў Абрагама, Бог зьмяніў яго імя: ён атрымаў імя Абрагам – «айцец мноства». У мэдальёне Шагал як раз і паказаў ператварэньне Абрагама. Са звычайнага чалавека ён ператварыўся ў першага і старэйшага Ізраільскага Патрыярха Абрагама.

«І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра (маці мноства); Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе» (Быцьцё 17:15,16).

Мастак Хасэ Гурвіч менавіта гэтай падзеі аддаў перавагу ў сваім творы, назваўшы яго «Дабравешчаньне Сарры». Хасэ Гурвіч нарадзіўся ў Літве, вырас у Уругваі, памёр у ЗША і пахаваны ў Ізраілі, што робіць яго сапраўды ўнівэрсальным чалавекам.

«Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары» (Быцьцё 18:12).


Зьяўленьне Анёла перад Саррай (1726—1728). Джавані Батыста Тьепола (1696—1770). Фрэска. Арцыбіскупскі палац, Удына, Італія. Марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1996 годзе


Джавані Батыста Т'епола адлюстраваў на твары Сарры зьдзіўленьне, радасьць і ў той жа час – недавер. «І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла? Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын. А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася» (Быцьцё 18:13—15).

Драматычнае выпрабаваньне веры

І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым. (Якава 2:23)

«І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў. Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог; і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак…» (Быцьцё 21:1—3). Абрагам вельмі любіў сына Ісаака і бярог яго, як зрэнку вока, таму што ведаў, што менавіта ён – корань будучага Абранага народу. Але аднойчы, каб праверыць паслухмянасьць Абрагама, Бог запатрабаваў прынесьці Ісаака ў ахвяру. «Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе» (Быцьцё 22:2).

Патрыярх накалоў дроў, пагрузіў іх на асла, узяў нож, двух хлопчыкаў і адправіўся на месца, названае яму Богам.

«Бог спакушаў Абрагама» (Быцьцё 22:1), гэта значыць правяраў. Але самае дзіўнае – гэта тое, што, зьбіраючыся падняцца на гару, дзе Абрагам плянаваў зьдзейсьніць ахвярапрынашэньне Ісаака, ён быў упэўнены, што ўсё будзе добра. Сьвятое Пісаньне абвяшчае: «І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас» (Быцьцё 22:5). Іншымі словамі, Абрагам зьбіраўся вярнуцца разам з сынам.


Ахвярапрынашэньне Ісаака (1716). Джавані Батыста Т'епола (1696—1770). Арцыбіскупскі палац, Удына. Блёк пошты Сэнт Вінсэнт і Грэнадыны, выдадзены ў 1997 годзе


Калі ж Ісаак спытаў Абрагама: «бацька мой! …дзе ж ягня на цэласпаленьне? Абрагам сказаў: «Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў» (Быцьцё 22:7—9).

У 1997 годзе пошта Ізраілю выпусьціла сэрыю марак, прысьвечаных Патрыярхам і Сьвяту Суккот. На марцы бачым Ісаака і Арагама, які прыгатаваўся да выкананьня волі Божай. На што ж спадзяваўся Абрагам у такой страшнай сытуацыі? Ён спадзяваўся на Слова Божае, бо добра памятаў абяцаньне Госпада, што менавіта ад Ісаака адбудзецца вялікі народ. Што адбылося далей, вядома. Анёл адвёў Абрагамаву руку з нажом ад Ісаака і падаў для ахвярапрынашэньня барана.


Ісаак. Невядомы мастак. Мячэць рабіна Эмануэля ў Вэнгрыі (1844—1854). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1997 годзе


Гэты сюжэт папулярны сярод мастакоў, якія разважаюць над тэксамі Бібліі, яшчэ з часоў раньняга хрысьціянства. Традыцыйна Ісаака малявалі зьвязаным, напрыклад, у карціне Караваджа. Каб падкрэсьліць страх маладога чалавека перад будучыняй, твар яго пісалі скажоным ад жаху ці ўвогуле з завязанымі вачыма. У сваю чаргу, твар Абрагама малявалі суровым, як бы пераадольваючым пакуты, ці нават жорсткім перад прыняцьцем рашэньня – пазбавіць жыцьця ўласнае дзіця, якое так цяжка дасталася.

«І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго» (Быцьцё 22:10).


Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам. Фрэска Мікелонскай царквы (2002). Івет Дэтшэвэры. Марка пошты Сен-Пер і Міквэлон, выдадзеная ў 2013 годзе


У Бібліі прама сказана, што Бог не плянаваў забіць Ісаака. І адбываецца цуд.


Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам (1716). Фэдэріко Бэнковіч (1677—1753). Галярэя Даўніх Майстроў, Загрэб. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе


«Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я. Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне» (Быцьцё 22:11,12).

Ахвярны Ісаак з звязанымі рукамі ляжыць там, дзе праз хвіліну павінна загарэцца ахвярнае вогнішча. Рука бацькі закрывае адкінуты твар сына. Гэтым перадаецца адчайная рашучасць Абрагама і яго бязьмерны жаль да сына, які не павінен бачыць рукі, яго забіваючай. Абрагам павярнуўся да Анёла, які спыняе руку бацькі, з якой выпадае кінжал.


Ахвярапрынашэньне Ісаака (1635). Рэмбрандт (1606—1669). Эрмітаж, Петраград. Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1983 годзе


Аднак Абрагам – гэта не фанатык, які сьлепа падпарадкоўваецца лёсу, а глыбока веруючы чалавек. Ён гранічна шчыры і адкрыты сэрцам да Бога, а яго вочы, зьвернутыя да Анёла, шырока расчыненыя і поўныя даверу. Усявышні не памыліўся ў Абрагаме, і таму мастак малюе Абрагама як чалавека, вернага Боскаму запавету да канца. Ён спакойна выконвае тое, аб чым прасіў Бог. Думаецца, што ў гэтым глыбокі сэнс! Абрагам цалкам аддаўся волі Усявышняга, як і Ісаак цалкам аддаў сябе ў рукі свайго бацькі Абрагама.

Абрагам з нажом у руцэ, узьнятым, каб забіць свайго сына Ісаака ў той момант, калі ўмешваецца Анёл. У Біблійным апавяданьні няма намёку на тое, што Абрагам меў сумневу ў тым, каб не паслухацца або чымсьці палегчыць долю любімага сына. Хіба таму твар Абрагама на карціне Паола Веранэзэ не выпраменьвае ні цені пакуты або болю, наадварот, ён здаецца нават некалькі наіўным у сваёй пакоры і адданасьці Богу.


хвярапрынашэньне Ісаака (1588). Паолё Веранэзэ (1528—1588). Музэй Прада. Блёк Манамы, выдадзены ў 1972 годзе


Пасланьне да Габрэяў так тлумачыць веру Абрагама: «Бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці» (Да Габрэяў 11:19). Бяз веры ў уваскрэсеньне немагчыма паслухацца Бога нават у маленькім. Але калі верыць ва ўваскрэсеньне, тады аддаць Богу і жыцьцё няцяжка.

У трактаце на старонцы 17а Вавілонскага Талмуду гаворыцца, што гук шофару – старажытнага інструмэнту з рога – нагадвае пра сілу веры Абрагама, які быў гатовы прынесьці ў ахвяру свайго сына, і міласьць Божую, бо Ён даў барана для Абрагама, каб прынесьці яго ў ахвяру замест сына.

«І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго» (Быцьцё 22:13).

Шчасьлівыя бацька і сын пяшчотна абнімаюць адзін аднаго. Побач прызначаны на ахвяру баран, які заблытаўся рагамі за вецьце.


Марка пошты Ізраілю, прысьвечаная шафару, выдадзеная ў 2010 годзе


Узнагародаю за веру стала канчатковае пацьверджаньне абяцаньня патомства: «Я дабраслаўлю цябе і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе і як пясок пясок на беразе мора» (Быцьцё 22:17). Ілюструе гэтыя словы марка Ізраіля. На карціне, намаляванай мастаком Эфраімам Мошэ Ліліенам, Абрагам заглядзеўся на зоркі – сымбаль мноства яго патомства. На прывесцы цытата з Бібліі на габрэйскай і ангельскай мовах: «…і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе…» (Быцьцё 22:17).


Абрагам. Эфраімам Мошэ Ліліэн (1874—1925). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1997 годзе


Гара, дзе адбылося Зьвязваньне Ісаака, называецца Морыя. На гэтай гары быў пабудаваны царом Саламонам па загаду Божаму Ерусалімскі Храм.


Храм Саламона. Кампутарызаваная мадэль. Блёк пошты Ізраіля, выдадзены ў 1998 годзе


На месцы Храма Саламона паміж 687 і 691 гадамі 9-м халіфам Абд аль-Малікам пабудаваны Купал Скалы – ісламская Сьвятыня ў Ерусаліме. Скала ў цэнтры Купалу лічыцца мусульманамі месцам, зь якога Мухамед узьнёсься праз нябёсы да Бога ў суправаджэньні Анёла Гаўрыіла, а таксама тут стаяў Каўчэг Запавету ў часы першага Храма і зь якога, па габрэйскай традыцыі, пачалося Стварэньне сьвету.


Купал Скалы. Марка пошты Абу Дабі, выдадзеная ў 1972 годзе


Айцы касьцёла бачаць у сюжэце «Ахвярапрынашэньне Ісаака» прароцтва пакут і ўваскрэсеньня Хрыста. У сярэднявечнай «Бібліі бедных» прыводзілася такое параўнаньне: Ісаак гэтак жа, як Ісус Хрыстос, пакорліва ішоў на месца ахвяры. Як Ісус Хрыстос нёс на сабе крыж, так і Ісаак на сабе нёс дровы для ахвярапрынашэньня.

Абрагам і Сарра дажылі да глыбокай старасьці. Сарра памерла ва ўзросьце 127 гадоў у Кірыят-Арбе (Кір'ят-Арбе) каля Хэўрона і была пахаваная Абрагамам у пячоры Махпела («Падвойная пячора») у Хэўроне. Абрагам купіў гэта месца ў Эфрона за 400 шэкеляў срэбра. Абрагам памёр ва ўзросьце 175 гадоў і быў пахаваны ў пячоры Махпела яго сынамі Ісаакам і Ізмаілам.

Пячора Махпела – склеп Патрыярхаў у Хэўроне, у якім, паводле Бібліі, пахаваныя Абрагам, Сарра, Ісаак, Рэбэка, Якаў і яго жонка Лія. Згодна з габрэйскай традыцыяй, тут таксама спачываюць целы Адама і Евы. У юдаізме шануецца як другое па сьвятасьці месца пасьля Храмавай горы, таксама шануецца хрысьціянамі і мусульманамі.


Ахвярапрынашэньня Абрагама. Храм над Пячорай Махпела. Блёк пошты Каралеўства Емен, выдадзены ў 1969 годзе


Магчыма ў цяперашні час да Абрагама адносіліся б, як да грэшніка. Але ацэньваць асобу трэба ва ўсёй паўнаце. Уся 4 глава Пасланьня да Рымлянаў прысьвечана Абрагаму, як прыклад, што чалавек можа стаць праведны перад Богам толькі па веры, а не па справах. «Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць» (Да Рымлянаў 4:2,3). «Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў: «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху»» (Да Рымлянаў 4:6—8).

Спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме

Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дачок яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала, І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх. (Езэкііль 16:49,50)

Прайшло каля 400 гадоў пасьля сусьветнага патопу, калі адбылася катастрофа чатырох гарадоў: Садом, Гамора, Адма і Севаім былі зьнішчаны агнём зь неба. Чалавечае правасудзьдзе ў гэтых гарадах было бясьсільна перад злачыннасьцю і распустай, і, як гэта бывае ў такіх выпадках, у справу ўступіла правасудзьдзе Боскае.

Калі Бог паведаміў Ною пра патоп і загадаў яму будаваць каўчэг, Ной моўчкі выканаў гэта загад. Але не так паступіў Абрагам, калі даведаўся аб маючым адбыцца зьнішчэньні Садомы.

Гэта першы выпадак спору чалавека з Богам, які стаў характэрнай рысай юдаізму.

Глава 19 Кнігі Быцьця апавядае аб двух Анёлах, якія пад выглядам людзей наведваюць Садому. Пляменьнік Абрагама Лот сядзеў каля брамы Садомы. Ён пакланіўся падарожнікам да зямлі і запрасіў іх у дом. Неўзабаве жыхары Садомы атачылі дом Лота і патрабавалі аддаць ім падарожнікаў. Лот прасіў іх не рабіць зла і гатовы быў аддаць натоўпу на гвалтаваньне сваіх дачок. Анёлы ўразілі натоўп сьлепатой і тыя не маглі выканаць свой злочын.


Садамія. Джэймс Цісот (1836—1902). Гуаш на блясе. Пэрсанальная марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2014 годзе


«І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным? магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзесят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў? ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?» (Быцьцё 18:23—25).

Падобна Абрагам бараніў і злачынцаў, бо іначай ён прасіў бы літасьці толькі для добрых людзей. Але ён прасіў зьберагчы ўсіх. Абрагам кажа: даруй усё месца дзеля праведнікаў у ім. Такім чынам, згодна з канцэпцыяй Абрагама, праведнік павінен не проста выратавацца сам; наяўнасьць праведнікаў ратуе горад.

Сьледам за Абрагамам юдаізм лічыць легітымным абмяркоўваць справядлівасьць ці несправядлівасьць дзеяньняў Усявышняга; больш за тое, кніга Ёва спэцыяльна прысьвечана гэтай тэме. Але падобныя пытаньні будуць канструктыўнымі, калі чалавек задае іх, каб умацаваць сваю сувязь з Богам. Наадварот, яны стануць дэструктыўнымі, калі яны выкарыстоўваюцца як падстава для разрыву гэтай сувязі. Габрэі лічаць, што спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме – шлях набліжэньня да Бога, а не аддаленьня.

У Садоме не знайшлося праведнікаў, акрамя Лота, і лёс горада быў вырашаны.

«Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.

І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам» (Быцьцё 19:15,16).


Лот з дочкамі, якія пакідаюць Садому. Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Музэй Рынглінга, Сарасота. Блёк пошты Гвінэі, выдадзены ў 2007 годзе


Анёлы настойліва выводзяць сям’ю Лота далей ад горада, які ўжо палае. І ўжо ў такой сытуацыі, калі горад гіне і выратаваць яго нельга, Анёлы загадваюць: «не азірацца». Гэтая забарона застаецца загадкай. Адна васьмідзесяцігадовая жанчына пры агучваньні гэтай загадкі гідам сказала: «Хіба вам незразумела? Калі вы ўвесь час аглядваецеся назад, вы становіцеся неарганічнымі». «А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам» (Быцьцё 19:26).


Пажар у Садоме. Людавіка Карачы (1555—1619). Нацыянальны музэй выяўленчых мастацтваў, Асунсьон. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1972 годзе


На трагедыю жонкі Лота паэтка Ахматава адгукнулася вершам:

«Праведнік верыў пасланьнікам Бога,

Вялікі і сьветлы, ён мусіў цярпець.

А жонку мацней ахапляла трывога:

Ня позна яшчэ,

можаш хоць паглядзець

На вежы і любыя месцы Садома,

Дзе песьні сьпявала,

да крыніцы хадзіла,

На вокна пустыя сямейнага дома,

Дзе любаму мужу дзяцей нарадзіла.

І глянула.

Тут жа скавана нястрымнай больлю

І вочы ўжо болей глядзець не маглі,

Зрабілася цела празрыстаю сольлю,

А хуткія ногі да скал прырасьлі.

Ці гэту жанчыну аплакваць хто будзе?

Ці большая гэта за тысячы страт?

Хай сэрца маё яе боль не забудзе,

Што жыцьцё аддала

за погляд назад».

Верш Ахматавай «Лотава жонка» (1922—1924). (Пераклаў Л. К.)

Вунь там удалечыні, жонка Лота ўжо стала слупам з солі, таму што азірнулася на родны горад і дом… А Лот і дзьве дачкі, пасьля таго як іх папярэдзілі пасланцы самога Бога, узялі самае неабходнае і сыходзяць. Іх папярэдзілі і таму Дзюрэр намаляваў, што яны не бягуць голыя або напаўголыя, як нярэдка традыцыйна пісалі гэтую сцэну іншыя аўтары.


Уцёкі Лота (1496). Дзюрэр, Альбрэхт (1471—1528). Блёк пошты Каморскіх выспаў, выдадзены ў 1978 годзе


Лотава жонка сымбалізуе чалавека, які ня здолеў своечасова зрабіць правільны духоўны выбар і які вагаецца паміж каштоўнасьцямі зямнога і нябеснага быцьця. Трансфармацыя зла ў дабро – праграма нашага будучага. Самотны салянай слуп каля Мёртвага мора – гэта душа жонкі Лота. Сотні стагодзьдзяў жывёлы прыходзяць і зьлізваюць з гэтай «статуі» соль. У гэтым і складаецца яе выпраўленьне. Ерусалімскі Талмуд піша, што так будзе працягвацца да ўваскрашэньня мёртвых. І тады ажыве і статуя, якая сымбалізавала духоўную сьлепату – стане відушчым і абудзіцца да вечнага жыцьця. Гэта наказ і нам: калі Гасподзь ратуе нас ад граху, трэба ўцякаць ад яго, не азірацца, не затрымлівацца і не шкадаваць пра яго. Аб гэтым напамінае Эвангеліст Лукаш: «Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх: так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад; успамінайце жонку Лотаву» (Паводле Лукаша 17:29—32).

На страницу:
5 из 8